Палітыка ВКЛ з 1380 па 1401 гг

Змест

Уводзіны…………………………………………………………………3

  1. Палітыка ВКЛ  з 1380 па 1401 гг…………………………………6
  2. Віленска-Радамскі дагаворы 1401 г………………………………10
  3. Віленская унія. Ад збліжэння да канфрантацыі…………………13

Заключэнне……………………………………………………………..17

Спіс літаратуры…………………………………………………………18

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Уводзіны

Адной з асаблівасцяў развіцця сярэднявечнай Беларусі з’яўлялася яе цеснае ўзаемадзеянне з Польскай дзяржавай. Усе еўрапейскія дзяржавы, асабліва суседнія, на ўсім працягу  свайго існавання мелі паміж сабой  даволі цесныя сувязі, якія перыядычна перапыняліся войнамі. Такія ж адносіны былі характэрны для Вялікага княства  Літоўскага і Польшчы. Аднак толькі ў апошняй чвэрці 14 ст. адносіны паміж  гэтымі дзяржавамі перараслі ў больш  цесны дзяржаўна – прававы  саюз, які заклаў падмурак для іх ўсе больш устойлівага збліжэння.

Саюз Вялікага княства  Літоўскага з Польшчай пад уладай аднаго манарха ўнес карэнныя змены  ў дзяржаўнае ўладкаванне абедзвюх дзяржаў і аказаў істотны ўплыў  на развіцце эканамічных, палітычных, культурных сувязяў народаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы.

Вялікае княства Літоўскае  з першых дзен свайго існавання вымушана было прымаць на сябе разбуральные набегі нямецка-каталіцкіх ордэнаў. Натхніцелямі і арганізатарамі гэтых нападаў  былі германскія імператары і кіраўнікі  каталіцкага духавенства, якія паставілі  сваей мэтай усталяваць панаванне  над народамі Усходняй Еўропы. Па іх ініцыятыве арганізоўваліся рабаўніцкія  крыжовыя паходы, у тым ліку і  для заняволення народаў Беларусі, Прыбалтыкі і Украіны. Галоўная роля ў гэтых планах адводзілася нямецкім рыцарам, якія складалі асноўную ваенную  ўдарную сілу.

Пасля заключэння Крэўскай уніі ў Вялікім княсте Літоўскім  пачалося прымусовае  насаджэнне каталіцызму, а таксама праявілася тэндэнцыя  парушэння суверэнітэту дзяржавы. Усе  гэта, а таксама ўвядзенне польскіх войскаў на тэрыторыю княства  абвастрыла ўнутрыпалітычную сітуацыю, вызвала рэзкую незадаволеннасць насельніцтва. Узніклі шматлікія народныя хваляванні і пачаліся паўстанні. На працягу  некалькі гадоў урадавыя сілы змагаліся  супраць паўстанных.

Меры па ўмацаванні аўтарытэту абедзвюх дзяржаў, распачатыя Ягайлам, а таксама надання істотных ільгот кіруючай эліце далі магчымасць кіраўніцтву  Польшчы і Вялікага княства Літоўскага прыцягнуць на своўй бок шэраг  удзельных князеў. З мэтай умацавання саюза  дзвюх дзяржаў 18 студзеня 1401 г. у Вільні былі сабраны найболей уплывовыя магнаты Княства, якія прынялі каталіцкую веру і пацвердзілі  спецыяльнай граматай саюз з Польшчай. У гэтага ж года аналагічнае ўзаемнае абавязацельства пацвердзіла польская кіруючая эліта, якая сабралася ў  г. Радаме. Такім чынам, саюз дзвюх  дзяржаў, заснаваны на персанальнай уніі, атрымаў юрыдычнае замацаванне  ў Віленска-Радамскай уніі.

Віленска-Радамская унія пацвердзіла адасобленасць і  суверэнітэт Вялікага княства Літоўскага, а таксама правы вялікага князя  Вітаўта як самастойнага гаспадара  дзяржавы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

    1. Палітыка ВКЛ  з 1380 па 1401 гг.

Вялікае княства Літоўскае  з першых дзен свайго існавання вымушана было прыняць на сябе ўдары нямецка-каталіцкіх захопнікаў.  У другой палове 14 ст. найбольш сур’ёзным ворагам княства  стаў Тэўтонскі ордэн, які вёў  захопніцкія войны пад лозунгамі  хрысціянізацыі літоўцаў-паганцаў. Знешнепалітычнае становішча ВКЛ ускладнялася і ў  сувязі з узрастаннем магутнасці Маскоўскай Русі, якая імкнулася далучыць заходнярускія, беларускія і ўкранскія землі. Складаныя адносіны ў княстве былі і з Польскім каралеўствам. Ваенныя сутычкі адбываліся пастаянна – тым больш што ў другой палове 14 ст. ВКЛ было значна мацнейшым за Польшчу.

У той час адносіны паміж  Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім  характарызаваліся  не толькі сутычкамі, але і імкненнем да саюзу, асабліва ў пытанні процідзеяння тэўтонскай агрэсіі. Збліжэнню дзвюх краін  садзейнічаў шчаслівы выпадак. У 1380 г., пасля смерці Казіміра 3, карона Польшчы  перайшла да Анжуйскай дынастыі, якая кіравала ў Венгрыі. Аднак у 1381 г. кароль Людвіг Анжуйскі памер і на польскі трон была прызначана яго дачка Ядзвіга, якой у той час было 15 гадоў. Па ініцыятыве польскіх магнатаў і каталіцкага духавенства Ядзвізе пачалі шукаць мужа, а Польшчы караля. Паколькі польскія феадалы былі зацікаўлены ва ўстанаўленні цесных сувязяў з ВКЛ, вялікаму князю Ягайле было прапанавана на пэўных умовах стаць мужам Ядзвігі і каралем Польшчы.

Зацікаўленнасць ва ўмацаванні адносін з Польшчай была і ў  Ягайлы. Саюз дазваляў умацаваць як знешнія, так і ўнутраныя пазіцыі  пануючага класа Літоўскага княства. Па ініцыятыве Польшчы 14 жніўня 1385 г. у  замак Крэва – рэзідэнцыю вялікага князя – прыехалі польскія паслы. Пачаліся перамовы з Ягайлам. У выніку перамоў былі выпрацаваны ўмовы дзяржаўна-прававога саюза Польшчы і ВКЛ, што знайшло ўвасабленне ў спецыяльным акце. У адпаведнасці з гэтым дакументам Ягайла абавязваўся далучыць усе землі ВКЛ да Польшчы;адпусціць усіх палонных палякаў; прыняць каталіцкую веру і распаўсюдзіць яе ва ўсім княстве; заплаціць 200 тыс. Флорынаў былому жаніху Ядзвігі, аўстрыйскаму прынцу Вільгельму як кампенсацыю за парушэнне дамоўленасцей. Пасля гэтага Ягайла быў абвешчаны каралем Польшчы.

Умовы саюзу выклікаюць здзіўленне, бо тэкст гэтага дагавора нагадвае акт безагаворачнай капітуляцыі  мацнейшай дзяржавы (ВКЛ) перад слабейшай (Польшчай) [4].

У лютым 1386 г. Ягайла  ажаніўся з Ядзвігай і пераехаў у Польшчу, прызначыўшы намеснікам у Вялікім  княстве свайго брата Скіргайлу (Івана). Такім чынам, Крэўскае пагадненне не пашкодзіла незалежнасці княства, не прывяло да яго ліквідацыі, а толькі устанавіла яго саюзныя адносіны з Польшчай пад вяршэнствам Ягайлы. Адасобленнасць княства падкрэслівалась і тым, что адразу пасля ўступлення Ягайлы на польскі прастол і прызначэння вялікім князем літоўскім Скіргайлы Ягайла не зняў з сябе паўнамоцтваў главы Вялікага княства, а ўзначаліў адначасова дзве дзяржавы.

Гісторыя даказала, што  саюз паміж ВКЛ і Польшчай быў  выгадны абедзвюм дзяржавам і  ўсім народам Усходняй Еўропы, бо дазваляў аб’яднаць сілы супраць нямецкай і татарскай агрэсій. Ён быў карысны  і для развіцця вытворчых сіл, гандлёвых сувязяў.

Ягайла, увесь час клапоцячыся  аб прызнанні яго вярхоўных правоў у Вялікім княстве, разам з  тым імкнуўся ўмацоўваць цэластнасць  і дзяржаўную адасобленнасць яго. На працягу амаль 50 гадоў свайго праўлення  ў Польшчы ён пастаянна быў у курсе ўсіх падзей у абедзвюх дзяржавах і актыўна ўплываў на ўнутранную і знешнюю палітыку княства, і не было за ім ніводнага дзеяння, якое можна было брастлумачыць жаданнем ліквідаваць самастойнасць Вялікага княства.

Польскія феадалы і  каталіцкае духавенства ўжо тады ўсімі сіламі стараліся ліквідаваць  Вялікае княства. У працэсе прымусовага  акаталічвання насельніцтва Беларусі, Літвы, Украіны былі створаны каталіцкія біскупскія кафедры і касцелы, а духавенства атрымала багатыя ахвяраванні і шмат ільгот.

Характэрна, што рымская  курыя, падтрымліваючы агрэсіўные планы  польскіх феадалаў і духавенства, не вылучыла новаўтвораныя біскупствы ў самастойную царкоўную правінцыю з непасрэдным падпарадкаваннем Рыму, а ўключыла іх у склад польскай Гнезненскай царкоўнай правінцыі з падпарадкаваннем новых біскупаў польскаму духавенству. Такім чынам яшчэ раз падкрэслівалася варожае стаўленне рымскай курыі і ўсяго каталіцкага духавенства да насельніцтва Беларусі. Гэтая палітыка каталіцкага духавенства асабліва праявілася ў яго імкненні апалячыць усе насельніцтва Вялікага княства, ліквідаваць нацыянальныя культуры яго народаў, пазбавіть іх нацыянальнай самасвядомасці.

Прымусовае акаталічванне, узмацненне феадальнай эксплуатацыі, а таксама парушэнне суверэннасці дзяржавы ўвядзеннем польскіх войскаў  абвастрылі незадавальненне насельніцтва і яно са зброяй у руках выступіла  супраць урада.

Выконваючы сваі абяцанні, Ягайла пад націскам польскай шляхты і каталіцкага духавенства 20 лютага 1387 г. выдаў першую грамату. Другая грамата  была выдадзена Ягайлам 22 лютага 1387 г. і адрасавалася каталіцкаму духавенству, але закранала інтарэсы ўсяго  народа і фактычна дапаўняла грамату  ад 20 лютага.

Натуральна, што дыскрымінацыйныя для знаці законы выклікалі ў  яе асяроддзі незадавальненне палітыкай вярхоўнай улады Вялікага княства.

Нездарма ўжо ў 1388 г. урад Скіргайлы вымушаны быў выкарыстаць  дапамогу польскіх сіл супраць абуранага  насельніцтва Віцебскай і Полацкай зямель.

Незадавальненне праваслаўнай знаці першым скарыстаў Вітаўт, які  выступіў з праграмай стварэння самастойнага «Руска-Літоўскага каралеўства, якое супраць стала б з аднаго боку Польшчы, а з другога Масквы» [6]. Для яе ажыццяўлення Вітаўт узяў у саюзнікі праваслаўную знаць, апазіцыйную каталіцкай Польшчы, што вымусіла Ягайлу пайсці на кампраміс.

Востраўскае пагадненне 1392 г.і Віленска-Радамская унія 1401 г. зафіксавалі ўступкі Ягайлы. Так, у выніку перагавораў у Востраве 5 жніўня 1392 г. было заключанна пагадненне, паводле якога аслабілася прымусовае акаталічванне, не дазвалялася ўтрымліваць  польскіх ваяроў у беларускіх і літоўскіх  гарадах. Замест Скіргайлы вялікім князем літоўскім быў прызначаны Вітаўт, але і ен прызнаў верхаводства Ягайлы.

Востраўскае пагадненне спыніла ўнутранную барацьбу ВКЛ і ўмацавала яго саюз з Польшчай на аснове персанальнай уніі. Пагадненне юрыдычна аформіла тыя фактычныя ўзаемаадносіны, якія склаліся паміж дзвюма дзяржавмі пасля ўступлення Ягайлы на польскі прастол [1, стр. 86-90].

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

    1. Віленска-Радамскі дагаворы 1401 г.

Адасобленасць Вялікага княства  ад Польшчы падтрымлівалась яшчэ і тым, што само княства не было дзяржавай унітарнай, а ўяўляла  сабой своеасаблівую феадальную федэрацыю, у якой да цэнтральнай  часткі дзяржавы прымыкалі землі-княствы  са значнымі аўтаномнымі правамі. Феадалы  гэтых земляў не ўдзельнічалі ў вырашэнні пытання аб уніі і таму не лічылі сябе звязанымі ўмовамі гэтага дагавору.

Уступленне Ягайлы на польскі  прастол вельмі змяніла знешнюю  і ўнутранную палітыку польскай дзяржавы, Ягайла, які вырас і выхоўваўся на Беларусі, прыбыў у Кракаў з вялікай  світай сваіх прыдворных і асабістай аховай – каморным атрадам – набранай у асноўным з яго ўладанняў на Беларусі, і паколькі ні  ен сам, ні яго прыдворныя і ахова не размаўлялі ні на лацінскай, ні на нямецкай мове, то і польскія феадалы былі вымушаны пакінуць нямецкую і пераходзіць на беларускую або польскую мову. Такім чынам пры каралеўскім двары быў зроблены пачатак адраджэння славянскай мовы і абмежаванне нямецкай. Апіраючыся на свае ўзброеныя атрады, Ягайла ўмацаваў каралеўскую ўладу ў Польшчы і тым самым часткова абмежаваў самавольства буйных феадалаў і ўплыў вярхоў каталіцкага духавенства на дзяржаўныя справы.

Каб мабілізаваць сілы абедзвюх дзяржаў нп разгром крыжаносцаў, Ягайла перш за ўсе хацеў заручыцца  падтрымкай шырокіх мас польскага народа і патрыятычна настроенай шляхты. Дзеля гэтага ў 1388 г. быў выдадзены Петрыкаўскі прывілей, які пашырыў правы польскай шляхты, арганізаваны паход супраць венгерскага ўладарання ў Галіцкай зямлі. З гэтай жа мэтай Ягайла выступіў супраць апольскага князя Уладзіслава,які, уступіўшы ў саюз з крыжаносцамі, перадаў ім Дабжынскую зямлю і прапанаваў план падзелу Польшчы паміж ордэнамі, Брандэнбургскай Маркай і сілезскімі князямі. Пасля гэтага выступлення сілезскія князі вымушаны былі пайсці на пагадненне з Ягайлам. Каб нейтралізаваць або нават прыцягнуць на свій  бок хоць частку каталіцкага духавенства, якое падтрымлівала патрыятычныя сілы ў краіне, і ізаляваць Ордэн крыжаносцаў, пазбавіўшы яго падтрымкі заходнееўрапейскіх дзяржаў, Ягайла пачаў шырока прапагандаваць свае захады па акаталічванні насельніцтва Беларусі і Літвы.

Прынятые Ягайлам меры па ўмацаванні аўтарытэту абедзвюх дзяржаў  дазволілі ўрадам Польшчы і Вялікага княства дабіцца замацавання  саюзу.

18 студзеня 1401 г. ў Вільні  найбольш уплывовыя феадалы-католікі  пацвердзілі саюз з Польшчай, а ў сакавіку таго ж года  ў Радаме польскія феадалы  прынялі аналагічную пастанову. Такім чынам, саюз, заснаваны на персанальнай уніі, быў зноў юрыдычна замацаваны ў Віленска-Радамскім дагаворы. Феадалы ВКЛ абяцалі выступаць супраць ворагаў і ахоўваць  польскія інтарэсы як свае ўласныя, а польскія феадалы абяцалі бараніць інтарэсы літоўскай знаці.

Віленска-Радамская унія пацвердзіла адасобленнасць і самастойнасць Вялікага княства, а таксама правы Вітаўта як самастойнага кіраўніка дзяржавы. Акт Віленска-Радамскай уніі вызначыў сутнасць дзяржаўна-прававой сувязі княства з Польшчай як персанальную унію дзвюх дзяржаў пад верхаводствам аднаго гасудара [1, стр.60-61].

Умовы уніі:

  • дзяржавы павінны дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў;
  • палякі абавязваліся не выбіраць караля без згоды феадалаў ВКЛ;
  • пацвярджаліся правы Вітаўта на самастойнае кіраванне ў ВКЛ, але прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы (захоўваў тытул найвышэйшага літоўскага князя) ці яго нашчадкаў на Вялікае княства Літоўскае.

Унія юрыдычна замацавала саюз раўнапраўных дзяржаў, галоўная мэта саюза – барацьба з нямецкай агрэсіяй.

Пацвердіўшы саюз абедзвюх дзяржаў, Віленска-Радамская унія з’явілася  зыходным момантам арганізацый і  аб’яднання сіл усходнееўрапейскіх народаў у іх барацьбе з крыжаносцамі [2].

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

    1. Віленская унія. Ад збліжэння да канфрантацыі.

Пасля падпісання 11 сакавіка 1401 г. уніі ў Вільні ўзаемадачыненні  ВКЛ і Ордэна набывалі іншы характар. На з’ездзе ў сталіцы былі скаладзены 3 дакументы – ад літоўскага баярства, ад Вітаўта і акт польскіх магнатаў, прывезены з Радамля. Ягайла афіцыйна перадаў Вітаўту «supremum prinsipatum» над землямі Русі і Літвы, хоць па смерці вялікага князя вярхоўная ўлада над ВКЛ павінна была вярнуцца да польскага караля. Фактычна гэта прызнанне раўназначнасці ВКЛ з Каронай і наданне Вітаўту пажыцевага тытула вялікага князя.

Ордэн устрывожана паставіўся да новай уніі, успрыняўшы яе як скрыты антынямецкі саюз. З Мальбарка  ў еўрапейскія дзяржавы, у тым  ліку ў Апостальскую сталіцу, паехалі  пасланцы, якія гаварылі, што польскі  кароль аб’яднаўся з русінамі і  нават з маскоўскім князем. Вялікі магістр скардзіўся на Вітаўта і  Ягайлу, сцвярджаў, што яго вайна  з імі цалкам легітымная, бо, маўляў, Польшча падтрымлівае паганцаў у  Літве і дапамагае сзізматыкам-русінам. Наогул, Віленская унія характарызавалася  як небяспечная для хрысціянства, бо да яе належаць ерэтыкі.

Адразу пасля уніі Вітаўт радыкальна змяніў свае дачыненні з  немцамі. Калі ў тым жа 1401 г. пачаліся хваляванні на ордэнскіх уладаннях  Жамойці, сам вялікі князь, які год  назад дапамагаў немцам утаймоўваць  жамойтаў, на гэты раз падтрымаў бунтаўнікоў і рэзкас парваў з рыцарамі. Жамойцкае паўстанне стала прычынай аднаўлення вайны з Ордэнам і новых серый знішчальных рэйдаў на ВКЛ. У тым жа годзе экспедыцыю на ВКЛ арганізавалі інфлянцкія рыцары, а прускае войска ўварвалася непасрэдна ў Беларусь.

Тэўтонцы дзейнічалі па старым сцэнарыі, кіруючыся прынцыпам «vide et impera». На гэты раз яны паспрабавалі выкарыстаць Вітаўтавага саперніка Свідрыгайлу. Свідрыгайла ж, за якім стаяла ўся Русь, літаральна звязаў рукі Вітаўту: ужо восенню 1401 г. узбунтаваліся адразу Падолле і Смаленск, так што Вітаўту давялося ў тым жа годзе тэрмінова арганізоўваць паход на смалян. На пачатку 1402 г. ордэнскі маршал некалькі дзен пустошыў ваколіцы Гародні.

Свідрыгайла адважыўся паўтарыць  шлях Вітаўта. У сакавіку 1402 г. ён з’явіўся ў Мальбарку і падпісаў умову  аб васальнай залежнасці ад Ордэна – на ўзор Салінскага дагавора. Тэўтонцы дапамагалі яму грашіма, накіроўвалі паслоў ва ўзбунтаваны Смаленск і на Падолле, арганізоўвалі ваенные акціі. Летам таго ж года з поўначы по Немане іх кантынгент рушыў на Вільню, але Вітаўт пашкодзіў рачные шляхі, і акцыя сарвалася. Дзеянні ВКЛ у адказ праводзіліся крайне рэдка.

Па ініцыятыве Свідрыгайлы  ўжо ў студзені 1403 г. прускі маршал Венер фон Тэтынг супольна з інфляцкім  магістрам Конрадам фон Вітынговэнам правеў двухтыдневы паход у ВКЛ, падчас якога захапіў 4 тыс. палонных. Помсцячы, Вітаўт ў красавіку ўдарыў па Інфлянтах спяшаўся ў Смаленск і адтуль назад. Аднак ужо 2 ліпеня паміж Вітаўтам і маршалам Ордэна быў падпісаны дагавор аб спыненні ваенных дзеянняў да асабістай сустрэчы з вялікім магістрам і абменне палоннымі. Сустрэча Конрада фон Юнгінгена і Вітаўта адбылася 8 верасня 1403 г. на Дубісе, праўда. Завяршылася яна безвынікова. У якасці прычыны гэтага фігуравалі падтрымка немцамі бунтоўнага Свідрыгайлы ды складаная сітуацыя ў Смаленску. З польскімі дапаможнымі фарміраваннямі Вітаўт у наступным годзе мусіў сілай падпарадкоўваць гэты горад.

Але прынцыповасць пазіцый  Ордэна хутка змякчылася. Усяго за дзень пазней за дубінскую сустрэчу датуецца була рымскага папы Баніфацыя 9, які ўрэшце пагадзіўся з рэальным фактам хрысціянізацыі Літвы і забараніў  рыцарам ваенныя экспедыцыі супраць  ВКЛ. Пасланне з Апостальскай сталіцы, поўнае папрокаў у адрас крыжаносцаў, зрабіла моцнае ўражанне ў Ордэне, улады якога звярнуліся да папы з  апеляцыяй. Праўда, і ў самім Мальбарку  ўжо не працівіліся замірэнню  з Вітаўтам, бо якраз тады рыцары вялі барацьбу з Даніяй за Готланд. Асцярагаючыся экспансіі Кальмарскай уніі, рыцарская дзяржава імкнулася пашырыць свой тэрытарыяльны плацдарм у Балтыйскім рэгіене і яшчэ ў 1398 г. арганізавала вялікі паход сваіх сухапутных і марскіх сіл на Готланд. У 1403 і 1404 г. выправы паўтарыліся. Гэтыя паходы сталі самымі маштабнымі акцыямі Ордэна перад Грунвальдам. У выніку ўвесь Готланд – найважнейшы апорны пункт балтыйскага гандлю – быў заняты немцамі.

Для вырашэння канфлікту, што даволі – такі стаміў усіх, 18 мая 1404 г. у Раценж з’ехаліся першыя асобы ВКЛ, Кароны і Ордэна. Ягайла і Вітаўт паспелі паразумецца  са Свідрыгайлам, і той удзельнічаў на перамовах на іх баку. Раценжскі дагавор, падпісаны 22-23 мая 1404 г., пацвердзіў папярэднія ўмовы міру з Ордэнам і тыя ж межы: Вітаўт «навечна» саступаў немцам Жамойць да Невяжы і частку Судавіі. Карона шляхам выкупу вярнула сабе Добжынскую зямлю, але пацвердзіла ўмовы Калішскага трактата 1343 г., падпісанага яшчэ Казімірам 3. Саюз Свідрыгайлы з Ордэнам быў скасаваны.

Спачатку мірны дагавор  здаваўся трывалым. Калі летам 1404 г. узнялі паўстанне жамойты, падаўляць яго  маршалу Ордэна дапамагала літоўска-беларускае войска на чале з Вітаўтам.

У 1406 г., беручы ўдзел у  паходзе Вітаўста супраць вялікага князя маскоўскага, рагнецкі комтур прывеў пад Бранск на дапамогу Кейстутавічу цэлы аддзел нямецкіх рыцараў. У верасні 1408 г. двухтысячны ордэнскі кантынгент зноў дапамагаў вялікаму князю ў  акцыі супраць Масквы. А яшчэ раней  у лютым таго ж года, харугвы  ВКЛ удзельнічалі ў паходзе інфлянцкага  ландмайстра на Пскоўшчыну.

Аднак хутка канфлікт саюзнікаў  стаў набываць новую вастрыню, асабліва пасля прыходу да ўлады вялікага магістра Ульдрыха фон Юнгінгена. Летам 1409 г. у анексаванай Ордэнам Жамойці пачалося чарговае паўстанне, якое падтрымаў Вітаўт. Пасля таго як Ягайла запэўніў, што зойме бок Вітаўта Ў яго барацьбе за Жамойць, вялікі магістр Ульдрыха фон Юнгінген абвясціў першаму вайну. Так пачаласа «Вялікая вайна», што прывяла да рыдыкальнага вырашэння канфлікту даўніх антаганістаў Цэнтральна – Усходней Еўропы – Нямецкага Ордэна і славяна – балцкага блока [3, стр.122-124].

Вітаўт спадзяваўся ўмацаваць  свае пазіцыі ў Вялікім княстве  Літоўскім з дапамогай цэнтралізацыі  дзяржавы. Галоўную стаўку пры гэтым  ён зрабіў на літоўскіх феадалаў. Каб  зняць апазіцыю цэнтралізатарскай  палітыцы, Вітаўт рэкрутаваў ядро шляхецкага саслоўя, на якое думаў абапірацца пасля  скасавання сістэмы спадчыннага  надзельнага княжання. Інстытут княжання быў заменены інстытутам намесніцтва. Намеснікамі ў заходнерускія  княствы прызначаліся прадстаўнікі цэнтральнай улады, пераважна літоўскага паходжання. Але ж поўнай цэнтралізацыі  Вітаўту дасягнуць не ўдалося. Некаторыя  надзельныя княствы працягвалі адстойваць сваю незалежнасць, атрымалі абласныя прывілеі ў якасці гаранта сваіх  правоў. Асабліва доўгі час супраціўлялася Смаленская зямля. Тым не менш Вітаўту  ўдалося дасягнуць пэўных поспехаў ва ўмацаванні свайго становішча. А  перамога ў Грунвальдскай бітве 1410 г., дзе войскі Вялікага княства  Літоўскага адыгралі вызначальную ролю, узняла палітычны прэстыж дзяржавы і адлюстравалася на асабістым статусе  Вітаўта. Выкарыстоўваючы гэтыя  поспехі, Вітаўт робіць спробы перапыніць васальныя адносіны з Каронай  Польскай, дасягнуць поўнага суверэнітэту, ажно да стварэння асобнага каралеўства.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Заключэнне

Віленска-Радамская унія пацвердзіла адасобленасць і  суверэнітэт Вялікага Княства Літоўскага, а таксама правы вялікага князя  Вітаўта як самастойнага гаспадара  дзяржавы. Гэты дагавор ясна вызначыў сутнасць дзяржаўна – прававога  саюза Вялікага княства Літоўскага з Польшчай як персанальную унію дзвюх  дзяржаў над верхавенствам аднаго манарха.  У дагаворы рабілася спроба юрыдычна абгрунтаваць спадчынны характар вялікакняжацкай улады ў адносінах  да Ягайлы і яго спадчыннікаў, хоць феадалы, якія складалі кіруючыя вярхі  Вялікага княства Літоўскага, выступалі  за захаванне  старажытнай практыкі абрання вялікага князя. У сувязі з гэтым залежнасць вялікага князя Вітаўта ад караля Ягайлы пачала насіць у большай ступені намінальны характар і не мела вырашальнага значэння ў адносінах паміж абндзвюма дзяржавамі. Ва ўсіх унутраных справах Вітаў т Ягайла выступалі самастойнымі гаспадарамі сваіх дзяржаў.

Умовы уніі:

  • дзяржавы павінны дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў;
  • палякі абавязваліся не выбіраць караля без згоды феадалаў ВКЛ;
  • пацвярджаліся правы Вітаўта на самастойнае кіраванне ў ВКЛ, але прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы (захоўваў тытул найвышэйшага літоўскага князя) ці яго нашчадкаў на Вялікае княства Літоўскае.

Унія юрыдычна замацавала саюз раўнапраўных дзяржаў, галоўная мэта саюза – барацьба з нямецкай агрэсіяй.

 

 

 

 

 

 

 

Cпіс літаратуры

1. Т.І. Доўнар. / Гісторыя  дзяржавы і права Беларусі. –  Мінск: Амалфея, 2007. – 400 с.

2. С. Ф. Шымуковіч. / Гісторыя Беларусі Курс лекцыйі У дзвюх частках Частка 1 4-е выданне, стэрэатыпнае. – Мiнск, 2007. – 68 с.

3. Ю. Бохан; рэд.кал.:М.  Касцюк (гал. рэд.) / Гісторыя Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беларусь у перыяд  ВКЛ. – Мінск: Экоперспектива, 2008. – 688 с.; іл.

4. Я.А. Юхно. / Кароткі нарыс  гісторыі дзяржавы і права  Беларусі. – Мінск, 1991. – 84-85.

5. А.Ф. Вішнеўскі. / Гісторыя  дзяржавы і права Беларусі. –  Мінск: ВП «Экаперспектыва», 2000. –  59-61 с.

6. И. В. Греков. /Очерки по истории международных отношений Восточной Европы 14-16 вв. – М., 1963. – 74 с.

 

 

 


Палітыка ВКЛ з 1380 па 1401 гг