Сацыяльна - эканамiчнае развiцце Беларусi у першай палове XIXст.ст.

 

САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ  РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСІ У ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XIXст.ст.

    1. Развіцце гандлю і прамысловасті.
    2. Крызіс феадельна-прігонніцкай сістэмы у сельскай гаспадарцы.

 1.1 Развіццё прамысловасці. У канцы XVIII — першай палове XIX ст. галоўнымі ўласнікамі капіталаў у Беларусі — з я м л і, лясных і выкапнёвых багаццяў, а таксама прыгонных сялян і грошай з'яўляліся дваране-памешчыкі. Імкненне да павышэння даходаў штурхала іх да стварэння ў сваіх маёнтках розных прамысловых прадпрыемстваў.

Вотчынная прамысловасць  выкарыстоўвала практычна бясплатную сыравіну і дармавую рабочую сілу прыгонных сялян і ў гэтых адносінах мела велізарныя перавагі над прамысловымі прадпрыемствамі, што належалі купцам і мяшчанам. Апошнія павінны былі аплачваць і зямельныя ўчасткі, і сыравіну, і рабочую сілу. 3 гэтай прычыны канкурыраваць з вотчыннікамі на рынку ім было вельмі цяжка, а часта і немагчыма.

3-за недахопу капіталаў гарадская, купецка-мяшчанская прамысловасць Беларусі ў першай палове XIX ст. была прадстаўлена выключна ручной вытворчасцю ў форме рамяства, дробнакапіталістычных прадпрыемстваў і адзінкавых мануфактур.

Да прадпрыемстваў рамеснага тыпу прынята адносіць невялікія майстэрні, у якіх гаспадар-майстар працаваў адзін (ці з дапамогай членаў сям'і) або выкарыстоўваў працу не больш чым 5 работнікаў (чаляднікаў і вучняў). Пры такой іх колькасці даход гаспадара быў нязначны, што прымушала яго працаваць разам з памочнікамі і вучнямі. Дарэчы, яны разам і харчаваліся за сталом майстра. Вучні, акрамя прафесійных, выконвалі і абавязкі хатняй прыслугі.

Да пачатку 50-х гг. болынасць  гарадскіх рамеснікаў уваходзіла ў  адпаведныя прафесійныя цэхі (кавалёў, сталяроў і г. д.), дзейнасць якіх паранейшаму рэгулявалася спецыяльнымі статутамі. Справамі цэха кіраваў выбарны цэхмістр. Цэхі падпарадкоўваліся гарадской рамеснай управе. У 1852 г. цэхавая арганізацыя ў гарадах і мястэчках з невялікай колькасцю рамеснікаў была ліквідавана. Прадстаўнікі некаторых прафесій і заняткаў (цесляры, вознікі, чорнарабочыя і інш.) вызваляліся ад запісу ў цэхі. Адмянялася выключнае права цэхаў на вытворчасць пэўнай прадукцыі. Членам цэха дазвалялася наймацца на фабрыкі і заводы.

На аснове рамяства ўзнікала дробнакапіталістычная вытворчасць, да якой вучоныя адносяць прамысловыя прадпрыемствы з колькасцю рабочых ад 6 да 15. Усе яны, як і ў рамястве, выконвалі аднолькавую працу — выраблялі пэўны тавар ад пачатку да канца, але разам забяспечвалі гаспадару такі прыбытак, пры якім ён мог фізічна не працаваць, а займацца арганізацыяй вытворчасці і збыту прадукцыі. Эксплуатацыя наёмнай працы на гэтай ступені набывала больш выразныя формы, чым у рамястве.

Далейшае павышэнне колькасці  рабочых дазваляла правесці паміж  імі падзел працы па асобных вытворчых  аперацыях і такім чынам прыкметна  павысіць яе прадукцыйнасць. Вы ведаеце, што такія прамысловыя прадпрыемствы, заснаваныя на ручной вытворчасці з  падзелам (спецыялізацыяй) працы, называюцца мануфактурамі. Да іх адносяць прадпрыемствы з 16 і больш рабочымі. Мануфактурная стадыя ў развіцці прамысловасці з'яўлялася важным этапам фарміравання буржуазіі і рабочага класа. На буйных мануфактурах сотні рабочых траплялі ў аднолькавыя ўмовы працы, што садзейнічала ўсведамленню імі агульнасці сваіх інтарэсаў.

Працэс станаўлення капіталістычнай прамысловасці завяршыўся ў выніку пераходу ад мануфактуры да машыннай вытворчасці, заснаванай на выкарыстанні паравых рухавікоў і рабочых машын. Прамысловая рэвалюцыя з цягам часу забяспечыла нябачаныя раней тэмпы і маштабы развіцця вытворчых сіл, павышэння прадукцыйнасці працы, з'яўленне новых відаў энергіі, галін прамысловасці, тэхнікі і тэхналогій, відаў транспарту і сродкаў сувязі. У ходзе прамысловай рэвалюцыі завяршылася фарміраванне новых грамадскіх класаў — буржуазіі і пралетарыяту.

Машынная, або фабрычна-заводская, вытворчасць патрабавала высокакваліфікаваных майстроў і спецыяльна падрыхтаваных рабочых. Непісьменныя прыгонныя сяляне не маглі працаваць на складаных машынах. Іх праца выкарыстоўвалася толькі на розных дапаможных работах (нарыхтоўка і падвоз паліва, сыравіны і г. д.). Пераход да фабрычнай вытворчасці прымушаў і прадпрымальнікаў-вотчыннікаў пашыраць выкарыстанне вольнанаёмнай рабочай сілы.

Першыя прадпрыемствы  з паравымі рухавікамі і рабочымі машынамі з'явіліся ў Беларусі ў 20-я гг. XIX ст. Гэта былі суконныя фабрыкі ў мястэчках Хомск Кобрынскага павета і Косава Слонімскага павета. Абедзве яны належалі буйному землеўладальніку-прадпрымальніку В. Пуслоўскаму, які меў 15 тыс. прыгонных. У 1860 г. колькасць фабрык і заводаў вырасла да 76. У той жа час налічвалася 140 мануфактур і каля 28 тыс. дробных прадпрыемстваў. Суадносіны іх па кошту прадукцыі паказаны ў дыяграме.

Паказальна, што купцам і  мяшчанам у 1860 г. належалі толькі 3 мануфактуры  і 2 фабрыкі. Усе астатнія з'яўляліся ўласнасцю памешчыкаў-прыгоннікаў. На вотчынных прадпрыемствах, найперш фабрыках і заводах, паступова пашыралася выкарыстанне вольнанаёмнай працы. Аднак большасць іх дзейнічала на аснове прымусовага найму прыгонных сялян. Гарадская, купецка-мяшчанская прамысловасць выкарыстоўвала выключна вольнанаёмную рабочую сілу. У выніку ў прамысловасці Беларусі ў першай палове XIX ст. перапляталіся два сацыяльна-эканамічныя ўклады — феа-дальны і капіталістычны. Суадносіны паміж імі ў канцы 50-х гг. паказаны ў дыяграме.

 

 

Наступная дыяграма паказвае, якія галіны вытворчасці існавалі ў  прамысловасці Беларусі ў канцы  XVIII — 50-х гг. XIX ст. і як змяняліся суадносіны паміж імі ў гэты час (па кошту прадукцыі).

                        

                             1796г. 1860г.

 

Галіновая структура прамысловасці  Бепарусі. 1796—1860 гг. (па кошту прадукцыі).

 

1.2 Гандаль. У канцы XVIII — першай палове XIX ст. Беларусь стала часткай агульнарасійскага рынку. Для развіцця рьнкавых адносін важнае значэнне мела паляпшэнне шляхоў зносін. Паскорылася будаўніцтва паштовых трактаў. Агульная іх працягласць у Беларусі ў 40-я гг. дасягала 4 тыс. вёрст. Праз Смаленскую, Магілёўскую, Мінскую і Гродзенскую губерні пралягла магістральная шаша Масква — Брэст — Варшава. Былі пабудаваны ці рэканструяваны каналы, якія злучалі басейны Дняпра і Заходняй Дзвіны (Бярэзінскі), Дняпра і Віслы (Днепра-Бугскі), Нёмана і Віслы (Аўгустоўскі), Дняпра і Нёмана (канал Агінскага). На ўсіх суднаходных рэках значна павялічылася колькасць прыстаней. (Пакажыце на карце названыя рачныя шляхі зносін.)

 Галоўным пастаўшчыком тавараў на ўнутраны і знешні рынкі з'яўлялася памешчыцкая гаспадарка. Гэта была прадукцыя земляробства, лесанарыхтовак, жывёлагадоўлі і вотчынных прамысловых тавараў: зерне, лён, пянька, ільняное і канаплянае семя, воўна, сала і мяса, мука, алей, лесаматэрыялы, палатно, сукно, скуры і да т. п. Каля паловы даходу памешчыкі атрымлівалі ад продажу гарэлкі. Прадукты харчавання, сукно, фураж у вялікай колькасці пастаўляліся ў мясцовыя вайсковыя гарнізоны, якія ў першай палове XIX ст. павялічыліся ў некалькі разоў. У 30—50-я гг. попыт на сельскагаспадарчую прадукцыю павялічваўся ў сувязі з хуткім ростам гарадскога насельніцтва. Увозіліся ў Беларусь соль, металы, паравыя рухавікі і машыны, баваўняныя і шаўковыя тканіны, фарфоравы і фаянсавы посуд, тытунь, рыба, чай, кава і г. д.

У арганізацыі гандлю павялічвалася  роля купцоў. Яны скуплялі на местачковых  кірмашах і ў памешчыцкіх маёнт-ках  сельскагаспадарчую і прамысловую  прадукцыю, лясныя тавары, дастаўлялі іх на рачныя прыстані і ў гарады, вывозілі ў іншыя краіны. Купцы арандавалі памешчыцкія прамыс-ловыя прадпрыемствы, заключалі падрады на будаўніцтва дарог і каналаў, пастаўку войску прадуктаў, фуражу, сукна, дроў. У 40—50-я гг. у Беларусі назіраўся пэўны рост купецкіх капіталаў. Аднак у сярэднім на аднаго купца прыходзілася зусім невялікая сума — каля 3 тыс. руб.

Да сярэдзіны XIX ст. істотную ролю ў таварна-грашовым абарачэнні адыгрывалі кірмашы.

На ўсю Беларусь і далёка за яе межамі ў той час былі вядомыя  такія з іх, як Зэльвенскі і Свіслацкі ў Гродзенскай, Асвейскі ,і Бешанковіцкі ў Віцебскай, Любавіцкі ў Магілёўскай, Кантрактавы ў Мінску, Троіцкі ў Гомелі. У сярэдзіне XIX ст. у Беларусі дзейнічала каля 270 кірмашоў. Праводзіліся яны ў мястэчках і гарадах у пэўныя дні, звязаныя з тымі ці іншымі царкоўнымі святамі. Доўжыліся, як правіла, адзін дзень, а буйнейшыя — тыдзень і болей. Збіраліся на іх людзі з больш-менш далёкай акругі, па-святочнаму прыбраныя, з адпаведным настроем, і не толькі з мэтай што-небудзь купіць ці прадаць. Адбываліся на кірмашах розныя народныя гульні, тэатральныя і цыркавыя прадстаўленні. На буйныя кірмашы з'язджаліся купцы, прамыслоўцы, памешчыкі не толькі з Беларусі, але і з розных гарадоў Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі, Прусіі.

3 цягам часу роля кірмашоў у гандлі зніжалася, абароты скарачаліся. Затое ўстойлівым і даволі хуткім ростам вызначаўся пастаянны гандаль у крамах і магазінах, якія ўсё шырэй распаўсюджваліся ў гарадах і больш значных мястэчках.

Знешні гандаль, на які  пераважна арыентаваліся мясцовыя памешчыкі-прадпрымальнікі, ажыццяўляўся ў асноўным па рачных шляхах. У 1844—1860 гг. грузаабарот па галоўных рэках Беларусі павялічыўся больщ чым у 2 разы (з 8,8 млн да 18 млн руб.).

1.3 Эканамічнае становішча гарадоў. Эканамічнаму росту беларускіх гарадоў перашкаджала падатковая палітыка ўрада. Агульная колькасць падаткаў і павіннасцей, якія спаганяліся з гараджан на карысць дзяржавы, дасягала 40. У выніку ў казну забіралася вельмі вялікая доля даходаў ад вытворчай і гандлёвай дзейнасці. Гэта адмоўна адбівалася на працэсе накаплення капіталаў, неабходных для развіцця прамысловасці і гандлю, звужала пакупныя магчымасці насельніцтва. У выніку даходы гарадоў Беларусі былі незвычайна нізкія. Гарадскія ўлады імкнуліся папоўніць гарадскую казну зборамі за арэнду гарадской зямлі, прамысловую і гандлёвую дзейнасць. Сума гэтых збораў для многіх гараджан была непасільнай.

Асноўныя расходы гарадоў  у першай палове XIX ст. былі звязаны з утрыманнем царскіх чыноўнікаў, паліцыі і вайсковых гарнізонаў. На гэтыя мэты выдаткоўвалася ад 50 да 80 % гарадскога бюджэту. На адукацыю і ахову здароўя выдзялялася ад 1 да 5 % даходаў. Аб беднасці беларускіх гарадоў таго часу сведчыць і тое, што цагляных будынкаў у іх у пачатку XIX ст. было ўсяго 2 %, а ў 50-я гг.—5,5 %.

1.4. Насельніцтва гарадоў. У канцы XVIII — пачатку XIX ст. у Беларусі (у сучасных межах) налічвалася 40 гарадоў, пераважна павятовых цэнтраў. Пражывала ў іх у той час усяго 93 тыс. чалавек — менш, чым у сярэдзіне XVII ст.

Хуткі рост гарадскога насельніцтва Беларусі ў наступныя дзесяцігоддзі  тлумачыўся, аднак, не развіццём прамысловасці і гандлю, якія знаходзіліся на вельмі нізкім узроўні, а палітычнымі прычынамі: існаваннем «мяжы яўрэйскай аселасці» і прымусовым ссяленнем яўрэяў з вёсак і памешчыцкіх маёнткаў у гарады і мястэчкі, а таксама значным павелічэннем вайсковых гарнізонаў і колькасці чыноўнікаў.

 

Жыхары гарадоў належалі да розных саслоўяў. Гэта паказвае дыяграма.

          Саслоўны склад гарадскога насельніцтва. 50-я гг. XIX ст.

 

Насельніцтва гарадоў  Беларусі з часоў сярэднявечча было шматэтнічным і шматканфесійным. У  іх жылі беларусы, рускія, палякі, яўрэі, а таксама (у зусім невялікай колькасці) — татары, немцы і інш.

Нацыянальнасць ці родная мова людзей у гістарычных дакументах таго часу не адзначаліся. У некаторых  крыніцах сустракаюцца няпоўныя звесткі  за асобныя гады па асобных губернях і канфесіях аб колькасці гараджан — праваслаўных, уніятаў (да канца 30-х  гг.), католікаў, іудзеяў, мусульман, пратэстантаў і г. д. Па веравызнанні ў пэўных выпадках можна ўстанавіць і нацыянальнасць. За рэдкімі выключэннямі уніяты ў  Беларусі былі беларусамі, лютэране і пратэстанты — немцамі, іудзеі — яўрэямі, мусульмане — татарамі. Гэтае правіла, аднак, не датычыць праваслаўных і католікаў, паколькі сярод іх у беларускіх гарадах, акрамя беларусаў, была нейкая колькасць рускіх і палякаў.

Канфесійны склад гарадскога насельніцтва Віцебскай губерні ў 30-я гг. XIX ст. (у сучасных межах Беларусі) паказаны ў дыяграме.

         

 

Канфесійны склад гарадскога насельніцтва Віцебскай губерні (у  сучасных межах Беларусі) у 30-я гг. XIX ст.

 

У мястэчках, як правіла, размяшчаліся вотчынныя мануфактуры і фабрыкі, праводзіліся кірмашы. Таму ўзровень развіцця прамысловасці і гандлю ў некаторых з іх быў вышэйшы, чым у гарадах. У мястэчках, як і ў гарадах, засяроджвалася яўрэйскае насельніцтва, якое займалася рамяством і дробным гандлем, арандавала памешчыцкія прамысловыя прадпрыемствы і корчмы. Сяляне, што пражывалі ў мястэчках, займаліся земляробствам.

 

 

   2. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы у сельскай гаспадарцы.

 

2.1 Рэформы Кісялёва. Заняпад дзяржаўных маёнткаў у беларуска-літоўскіх губернях, які яскрава выявіўся ў 30-я гг., прымусіў урад прыняць пэўныя захады дзеля выпраўлення становішча. Ініцыятарам рэформаў выступіў граф П.Кісялёў, міністр дзяржаўных маёмасцей. Мэтай рэформы з'яўлялася павышэнне дзяржаўных даходаў. Гэтага нельга было дабіцца без спынення збяднення сялянства, ліквідацыі свавольства арандатараў маёнткаў і павелічэння колькасці цяглых сялянскіх двароў, здольных выконваць павіннасці і плаціць падаткі на карысць дзяржавы. У 1839 г. Мікалай I падпісаў «Палажэнне аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў заходніх губернях і Беластоцкай вобласці». Яно прадугледжвала падрабязнае апісанне (люстрацыю) усіх дзяржаўных маёнткаў і строгае вызначэнне павіннасцей сялян у залежнасці ад іх гаспадарчага становішча.

Ставілася задача перавесці па магчымасці ўсіх агароднікаў і бабылёў-кутнікаў у разрад цяглых ці паўцяглых сялян, г. зн. надзялення іх палявым надзелам і сенакосам, а таксама рабочай жывёлай і неабходным інвентаром. Вызначалася сярэдняя норма надзелаў — 3 дзесяціны ворнай зямлі і 1 дзе-сяціна сенакосу на адну рэвізскую (мужчынскую) душу. Для цяглых двароў, якія мелі поўны надзел і не менш за дзве галавы рабочай жывёлы, устанаўлівалася 6-дзённая паншчына (3 дні з канём і 3 дні без каня ў тыдзень). Для паўцяглых норма змяншалася напалавіну. Прадугледжвалася спыненне здачы казённых маёнткаў у арэнду і замена паншчыны чыншам.

У красавіку 1844 г. Мікалай  I зацвердзіў прапановы Кісялёва аб ліквідацыі фальваркаў і пераводзе дзяржаўных сялян з паншчыны на чынш у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай губернях, а ў чэрвені 1845 г.— у Віцебскай і Магілёўскай губернях. Замена паншчыны чыншам ажыццяўлялася паступова на працягу наступных 6 гадоў. Адмяняліся даніны і дадатковыя павіннасці. У маёнтках, дзе часова захоўвалася паншчына, забаранялася адбіраць сялянскія надзелы, павялічваць павіннасці і прымушаць сялян працаваць на ўласнай зямлі арандатара.

Вынікі рэформаў П. Кісялёва ў дзяржаўнай вёсцы Беларусі паказаны ў табліцы (звесткі на 1854 г.).

 

 

2.2 Няўдача рэформы ў памешчыцкай вёсцы. 3 канца 30-х гг. усё большую трывогу ва ўрадзе выклікала пытанне аб узаемаадносінах памешчыкаў і іх прыгонных. У 1839 г. шэф жандараў Бенкендорф дакладваў цару, што «прыгоннае становішча ёсць парахавы склеп пад дзяржавай», і раіў прыняць меры з мэтай аслаблення супярэчнасцей паміж сялянамі і памешчыкамі. Мікалай I усведамляў, што «прыгоннае права ёсць зло», але баяўся адмяніць яго. У красавіку 1844 г. ён падпісаў дакумент, на аснове якога палажэнні рэформы Кісялёва аб унармаванні павіннасцей дзяржаўных сялян і дадатковым надзяленні іх зямлёю распаўсюджваліся на памешчыцкія маёнткі заходніх губерняў. Дзеля гэтага ўводзіліся абавязковыя інвентары. У губернях былі створаны дваранскія інвентарныя камітэты. Рэформа не прадугледжвала ліквідацыі прыгоннага права і замены паншчыны чыншам.

Аднак памешчыкі аказалі  масавае супраціўленне спробам  умяшання ўрада ў іх узаемаадносіны з уласнымі прыгоннымі, пратэставалі супраць парушэння сваіх правоў. Мікалай I вагаўся і не рашаўся выкарыстаць сваю неабмежаваную ўладу для таго, каб прымусіць памешчыкаў падпарадкавацца закону. Ішоў год за годам. Інвентарныя правілы неаднаразова мяняліся, а рэформа з месца не рухалася.

 

2.3 Сялянскі рух. Узмацненне феадальна-прыгонніцкага ўціску выклікала адпор з боку сялян. У першай трэці XIX ст. найбольш актыўна выступалі раней вольныя сяляне і местачкоўцы, якіх расійскі ўрад далучыў да разраду памешчыцкіх прыгонных. Яны дамагаліся аднаўлення волі і адмаўляліся выконваць павіннасці. Гэтая барацьба нярэдка працягвалася гадамі. На падаўленне хваляванняў пасылаліся войскі. Ад узмацнення прыгону сяляне часта ратаваліся ўцёкамі, спрабавалі абараніцца скаргамі на імя цара, міністраў і г. д.

У 40—50-я гг. абурэнне супраць сваволу памешчыкаў ахапіла больш шырокія масы сялян. Нярэдка рух пачынаўся пад уплывам розных чутак аб царскіх маніфестах і ўказах, якія быццам бы хавала мясцовае начальства.

Яшчэ большы размах набылі сялянскія хваляванні ў Віцебскай губерні, выкліканыя чуткамі аб вызваленні ад прыгону ўсіх, хто адпрацуе тры гады на будаўніцтве чыгункі Пецярбург — Масква. У красавіку — маі 1847 г. яны ахапілі Себежскі, Дрысенскі, Полацкі і Невельскі паветы Віцебскай губерні — усяго каля 10 тыс. сялян, якія нярэдка ўступалі ва ўзброеныя сутычкі з паліцыяй і салдатамі. На ўгаворы вярнуцца дамоў сяляне адказвалі: «Іншыя ідуць, і мы ідзём; свабода нам даражэй за ўсё. Хай лепш усіх нас заб'юць, чым вяртацца да памешчыкаў».

Сярод сялян заходнебеларускіх  губерняў у канцы 40-х гг. панавалі такія ж настроі. У гэтых губернях пашыраліся звесткі аб паўстанні  ўкраінскіх сялян у Галіцыі ў 1846 г., у ходзе якога былі разгромлены  сотні маёнткаў і забіты каля 1000 памешчыкаў. Беларускія сяляне абмяркоўвалі гэтыя падзеі і рыхтаваліся зрабіць  нешта падобнае. У сакавіку 1848 г. віленскі генерал-губернатар паведамляў ваеннаму міністру: «Сяляне перакананы, што наступіў рашучы час вызвалення іх з прыгоннага стану... Галіцыйскія 1846 года падзеі вядомы там кожнаму  селяніну, і можна думаць, што  яны гатовы пераняць гэты жудасны  прыклад».

Антыпрыгонніцкі сялянскі рух  працягваў нарастаць. У 1856—1857 гг. масавыя  выступленні адбыліся ў 24 маёнтках. Сярод сялян усё шырэй распаўсюджваліся чуткі аб хуткім вызваленні ад прыгону. Гэтыя чуткі, па словах віцебскага губернатара, нараджалі сярод іх «дух непакоры». Сяляне адмаўляліся выконваць павіннасці, пратэставалі су праць абеззямельвання, якое ўзмацнілі памешчыкі з сярэдзіны 40-х гг. у сувязі з інвентарнай рэформай і асабліва ў канцы 50-х гг., калі пачалася падрыхтоўка адмены прыгоннага права. За 1858—1860 гг. у Беларусі ўлічаны 42 сялянскія выступленні. 11 з іх былі падаўлены войскам і паліцыяй.

У такіх умовах памешчыкі  ўсё часцей пачалі выказвацца за неабходнасць вызвалення сялян ад прыгону, але без надзялення іх зямлёю. У верасні 1857 г. такія прапановы на імя цара накіравалі праз віленскага генерал-губернатара В. Назімава памешчыкі Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў. Пры гэтым Назімаў адзначыў, што «сяляне заходніх губерняў чакаюць свайго вызвалення з напружаным нецярпеннем». 20 лістапада таго ж года быў апублікаваны рэскрыпт (ліст) Аляксандра II, якім дазвалялася стварыць у названых губернях дваранскія камітэты для падрыхтоўкі праектаў адмены прыгоннага права. Цар прыйшоў да пераканання, што лепш вызваліць сялян «зверху», не чакаючы, пакуль яны пачнуць вызваляцца «знізу», шляхам рэвалюцыі.

2.4 Грамадска-палітычны рух. У 30—50-я гг. сярод моладзі Літвы-Беларусі працягвалася дзейнасць тайных таварыстваў і гурткоў, звязаных, як правіла, з польскім вызваленчым рухам. У 1836—1839 гг. у Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі дзейнічала «Дэмакратычнае таварыства» на чале з Францам Савічам. Яно выступала за ўстанаўленне роўнасці паміж людзьмі, вызваленне сялян і надзяленне іх зямлёю, за перадачу ўлады народу.

У пачатку 40-х гг. у дзейнасці  тайных студэнцкіх гурткоў у Вільні ўдзельнічаў Юльян Бакшанскі, за што быў высланы ў Казанскую  губерню. У 1846 г. ён вярнуўся на радзіму. Пад уплывам сялянскага паўстання  ў Галіцыі спрабаваў стварыць у Ашмянскім павеце сялянскую  арганізацыю. Напісаў і распаўсюджваў лістоўку, у якой заклікаў дзейнічаць па прыкладу галіцыйскіх сялян. Быў арыштаваны і высланы на 15 гадоў у Сібір. Вярнуўся адтуль у 1862 г. Загінуў у радах паўстанцаў 1863 г.

У другой палове 40-х гг. у  Літве-Беларусі дзейнічаў тайны «Саюз свабодных братоў». Мэтай яго з'яўлялася падрыхтоўка паўстання дзеля вызвалення Польшчы. Частка членаў «Саюза» падзяляла погляды шляхецкіх рэвалюцыянераў, але былі і такія, хто кіраваўся ідэяй аб неабходнасці разгортвання шырокага сялянскага руху, прыцягнення да паўстання вайскоўцаў.

У час рэвалюцыі 1848—1849 гг. у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе беларускія губерні былі перапоўнены  войскамі. Частка з іх прызначалася для падаўлення рэвалюцыйнага руху ў Венгрыі. Група вайскоўцаў на чале з капітанам А. Гусевым вяла агітацыю ў адной з часцей у Мінску з  мэтай дамагчыся ад яе адмовы ад удзелу ў карнай экспедыцыі. У жніўні 1849 г. Гусеў і шэсць яго бліжэйшых таварышаў былі пакараны смерцю.

Паражэнне царскай Расіі  ў Крымскай вайне ў сярэдзіне 50-х гг. садзейнічала ажыўленню грамадска-палітычнага руху. Небывалую папулярнасць набылі газета «Колокол», якая выдавалася А. Герцэнам у Лондане, і пецярбургскі ча-сопіс «Современннк», дзе супрацоўнічалі М. Чарнышэўскі і М. Дабралюбаў. 3 іх імёнамі звязана распрацоўка рэвалюцыйнай тэорыі, вядомай пад назвай «рускага сялянскага сацыялізму». Прыхільнікі гэтай тэорыі выступалі за звяржэнне самадзяржаўя, перадачу ўсёй зямлі сялянам і ўстанаўленне ўлады народа шляхам усерасійскай сялянскай рэвалюцыі. Пры гэтым лічылі, што адсталая Расія можа праз сялянскую абшчыну перайсці адразу да сацыялізму, абмінуўшы капіталізм. Іх праграма прадугледжвала таксама прадастаўленне прыгнечаным народам Расіі права на самавызначэнне свайго лёсу. 3 мэтай ажыццяўлення гэтай праграмы была створана арганізацыя «Зямля і воля». «Колокол» і «Современнік» аказалі ўплыў і на рэвалюцыйную думку Беларусі.

 

 

 

 

 


Сацыяльна - эканамiчнае развiцце Беларусi у першай палове XIXст.ст.