Судовая рэформа 1864 г. на Беларусі
Тэма № 7 Судовая рэформа 1864 г. на Беларусі
1 Крыніцы
судовай рэформы і яе
2 Мясцовыя і агульныя суды
3 Параўнаць судовыя сістэмы да рэформы і пасля рэформы 1864 г.
1 Крыніцы судовай рэформы і яе асаблівасці на Беларусі
Развіццё капіталістычных адносін, адмена прыгоннага права выклікалі патрэбу змены ўсёй судовай сістэмы краіны, яе дэмакратызацыі. Судовая рэформа рыхтавалася больш за 5 гадоў і пачала праводзіцца ў жыццё ў 1864 г. Яна замацавала новыя асновы судовага ладу і судаводства, паслядоўна і поўна ўвасобіўшы прынцыпы буржуазнага права, што было значным крокам наперад у параўнанні з дарэформеннай судова – працэсуальнай сістэмай.
Расійская судовая сістэма ў дарэформенны перыяд была архаічнай, вельмі складанай i даволі заблытанай. Яна мела саслоўны характар, i для кожнага саслоўя (дваран, гараджан, сялян) дзейнічалі свае судовыя органы. Апроч таго, icнaвaлi спецыяльныя суды - камерцыйныя, совесныя, межавыя i інш. Судовыя функцыі здзяйснялі і адміністрацыйныя органы - губернскія ўпраўленні, органы паліцыі, што гаворыць аб неаддзяленні судовай улады ад адміністрацыйнай. Вядзенне следства i выкананне прысуду належыла органам паліцыі, якія, апроч таго, маглі прымаць на сябе i судовыя функцыі па так званых «малаважных» справах. Адсутнічалі галоснасць i спаборнасць судовага працэсу. Разгляд спраў ва ўcix судовых інстанцыях адбываўся на зачыненых пасяджэннях. У судовым працэсе пaнaвaлi інквізіцыйны пачатак i тэорыя фармальных доказаў. У судах былі распаўсюджаны самаўпраўнасць, хабарніцтва i надзвычайная валакіта (справаводства магло цягнуцца гадамі). Зразумела, што ўсё гэта выклікала ўсеагульную незадаволенасць i патрабаванне рэфармавання існаваўшай судовай сістэмы.
Здзяйсненню судовай рэформы папярэднічала сур'ёзная работа па распрацоўцы неабходных нарматыўных прававых актаў. Тэарэтычна абгрунтоўвалі неабходнасць правядзення рэформы вядомыя расійскія юрысты - навукоўцы i практыкі, у тым ліку i выхадцы з Беларусі (напрыклад, У.Д. Спасовіч), якiя потым прымалі актыўны ўдзел у распрацоўцы праектаў законаў.
З 1857 па 1861 гг. на разгляд Дзяржаўнай думы было прадстаўлена 14 законапраектаў, якія прапаноўвалі розныя змянeннi ў судовым ладзе i судаводстве дзяржавы. У верасні 1862 г. былі зацверджаны “Основные положения судебного строя”, што стала асновай для распрацоўкі наступных нарматыўных актаў, якія канкрэтна вызначалi парадак правядзення судовай рэформы.
Пачаткам судовай рэформы стала падпісанне 20 лістапада 1864 г. Аляксандрам II чатырох законаў:
-“Учреждение судебных установлений”;
-“Устав уголовного судопроизводства”;
-“Устав гражданского судопроизводства”;
-“Устав о наказаниях, налагаемых мировыми судьями”.
“Учреждение судебных установлений” абвясціла аддзяленне судовай улады ад заканадаўчай і выканаўчай. У законе падкрэслівалася, што ў судовым працэсе ўлада абвінаваўчая адлучаецца ад судовай. Аддзяленне суда ад адміністрацыі забяспечвалася нязменнасцю суддзяў і судовых следчых. Закон рэгламентаваў стварэнне ўсесаслоўных судовых органаў і суда прысяжных.
Судовыя ўставы замацавалі галоснасць, вуснасць i спаборнасць судовага працэсу, удзел прысяжных засядацеляў у судовай дзейнасць. Адмянялася ранейшая сістэма фармальных доказаў i нарматыўнае палажэнне аб “пакіданні асобы ў падазрэнні”, уводзіўся ў судаводства прынцып ацэнкі доказаў па ўнутранаму судзейскаму перакананню. Абвяшчалсія прынцыпы роўнасці ўcix перад судом i законам, выбарнасці міравых суддзяў i прысяжных засядацеляў, пракурорскага нагляду за законнасцю судовага працэсу i іншыя дэмакратычныя прынцыпы. Важным было тое, што ўпершыню ў Pacii засноўваўся інстытут адвакатуры. У кастрычніку 1865 г. уступіла ў сілу “Положение о введении в действие судебных уставов”. Судовая рэформа адзначыла сабою новы этап развіцця расійскай судовай сістэмы. Былі створаны пазаслоўныя судовыя ўстановы двух тыпаў (сістэмаў судоў) – мясцовыя (міравыя) і агульныя (каронныя) суды. Да мясцовых судоў адносіліся міравыя суды i з'езды міравых суддзяў, да агульных - акруговыя суды, якія засноўваліся для некалькіх паветаў; судовыя палаты (па грамадзянскіх i крымінальных справах), якія пашыралі сваю дзейнасць на некалькі губерняў або абласцей; касацыйныя дэпартаменты Сената (па грамадзянскіх i крымінальным справах).
Вельмі павольна, з істотнымі абмежаваннямі i выняткамі адбывалася судовая рэформа ў Беларусі. Гэта было абумоўлена палтыкай цэнтральнай расійскай улады, якая асцерагалася росту нацыянальнага руху.
Міравыя суды на тэрыторыі Беларусі пачалі ўтварацца ў 1871 г. у адпаведнасці з “Временными правилами об устройстве мировых судебных установлений в губерниях: Виленской, Ковенской, Гродненской, Киевской, Волынской, Подольской, Минской, Витебской и Могилёвской” ад 23 чэрвеня 1871 г.
Акруговыя суды, судовыя палаты i інстытут прысяжных павераных пачалі ўтварацца толькі ў 1882 г. Акруговыя суды Віленскай, Гродзенскай i Мінскай губерняў знаходзіліся ў падпарадкаванні Віленскай судовай палаты, Магілёўскі акруговы суд - Kieўскай судовай палаты, а Віцебскі - Пецярбургскай судовай палаты.
Для міравых суддзяў былі ўсталяваны маёмасны, адукацыйны, службовы, узроставы i іншыя цэнзы. Аднак нават гэты ілюзорны прынцып выбарнасці міравых суддзяў, які меў для свайго часу пэўнае прагрэсіўнае значэнне, не быў рэалізаваны на практыцы ў міравых судах Беларусі. Міравыя суддзі ў заходніх губернях, да якіх адносіліся i беларускія землі, не абіраліся (патрэбна адзначыць адсутнасць у заходніх губернях да 1911г. земскіх органаў, якія абіралі міравых суддзяў у іншых губернях Pacii), а прызначаліся міністрам юстыцыі тэрмінам на тры гады. Гэтым забяспечваўся строгі кантроль за камплектаваннем мясцовай юстыцыі на тэрыторыі Беларусі i аказваўся непасрэдны ўплыў цэнтральнай улады на дзейнасць судовай сістэмы.
Свае асаблівасці ў Беларусі меў i парадак фарміравання лавы прысяжных засядацеляў. Так, у агульныя спісы прысяжных засядацеляў маглі быць занесены толькі асобы, якія валодалі на праве ўласнасці зямлёй у памеры не меней дваццаці дзесяці або нерухомай маёмасцю коштам у гарадах не меней 1000 рублёў, а ў іншых мясцовасцях - не меней 500 рублёў, або мелі прыбытак ад службы ці з якіх-небудзь іншых крыніцаў прыбыткаў у гарадах не меней 600 рублёў, а ў іншых мясцовасцях - не меней 400 рублёў у год, або належылі да купцоў першай ці другой гільдыі.
Спісы прысяжных засядацеляў складаліся органамі адміністрацыйнай улады: павятовай або гарадской камісіяй пад старшынствам прадвадзіцеля дваранства. У камісію ўваходзілі прадстаўнікі земства або гарадской думы, пракуратуры i паліцыі. У Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай i некаторых іншых губернях спісы прысяжных засядацеляў прад'яўляліся для прагляду губернатарам. Апошнія мелі права выключыць са спісаў без указання прычын асобаў, якіх яны не прызнавалі магчымым дапусціць да здзяйснення абавязкаў прысяжнага засядацеля. У складанні спіcaў прысяжных засядацеляў, дзейнасці міравых i акруговых судоў абмяжоўваўся ўдзел мясцовага дваранства польскай нацыянальнасці, а таксама асобаў іўдзейскага веравызнання.
Фактычна правядзенне судовай рэформы ў Беларусі пачалося адначасова з пачаткам у 80-90-я гг. XIX ст. контррэформаў у Расійскай імперыі. Так, “Положение о мерах к охране государственного порядка и общественного спокойствия” 1881 г., “Положение о земских участковых начальниках” 1884 г. напрамую закраналі судовую рэформу i iстотнa абмяжоўвалі ўведзеныя ў судовы працэс прагрэсіўныя палажэнні i прынцыпы судовага ладу i судаводства.
Акрамя таго, нягледзячы на імкненне заканадаўцы стварыць у ходзе судовай рэформы сістэму бессаслоўных судоў, да канца яно так i не было рэалізавана. Былі захаваны i некаторыя чыста саслоўныя суды – духоўныя (яны, апроч спраў духавенства, разглядалі i некаторыя справы свецкіх асобаў), а таксама вайсковыя i сялянскія валасныя суды, судаводства ў якіх здзяйснялася зусім па іншых, чым у мipaвых i агульных судах, прынцыпах.
У 1903 г. у Pacii было прынята “Уголовное уложение”, якое, аднак, у поўным аб'ёме так i не ўстушла ў дзеянне. На тэрыторыі Польшчы i Заходняй Беларусі гэты крымінальны закон быў уведзены ў поўным аб'ёме распараджэннем нямецкіх акупацыйных уладаў у 1915 г., а затым яго дзеянне было пацверджана польскімі ўладамі ў 1919г. Гэты крымінальны закон дзейнічаў аж да прыняцця польскага Крымінальнага кодэкса 1932 г.
2 Мясцовыя і агульныя суды
Тэрытарыяльнай адзінкай для міравых судоў была міравая акруга, якая ўключала, як правіла, павет i ўваходзячыя ў яго гарады. Акруга дзялілася на мipaвыя ўчасткі (як правіла, 3 - 4 у адным павеце), у межах якіх ажыццяўлялася дзейнасць міравых суддзяў. Такім чынам, у склад мipaвых судоў ніжэйшага ўзроўню ўваходзілі толькі мipaвыя суддзі, якія разглядалі справы аднаасобна.
Міравыя суддзі дзяліліся на ўчастковых i ганаровых. Першыя з ix дзейнічалі пастаянна i aжыццяўлялi судовыя функцьі ў межах замацаванага за iмi ўчастку (адгэтуль i ix назва). Пасады ўчастковых мipaвых суддзяў з'яўляліся выбарнымі. Да кандыдатаў прад'яўляліся высокія патрабаванні. Права ўдзелу ў выбарах у якасці кандыдата на пасаду мipaвога суддзі атрымлівалі мясцовыя павятовыя жыха-ры, якія дасягнулі 25 гадоў, мелі вышэйшую або сярэднюю адукацыю або вопыт у судаводстве i якія вытрымалі адпаведны icпыт. Прэтэндэнт павінен быў адпавядаць патрабаванням маёмаснага цэнзу першай курыі галосных павятовых земскіх сходаў. Міравыя суддзі абіраліся на 3 гады павятовымі земскімі сходамі i гарадскімі думамі, а ў сталічных гарадах - на пасяджэннях гарадской думы з наступным ix зацвярджэннем Сенатам. Досыць высокі маёмасны i адукацыйны цэнзы практычна зaчынялi доступ на гэтую пасаду прадстаўнікам ніжэйшых класаў.
Ганаровыя міравыя суддзі
У кампетэнцыю міравых судоў уваходзіў разгляд дробных крымінальных i грамадзянскіх спраў. Miравым суддзям былі падсудныя справы “о менее важных преступлениях и проступках”, за якія прадугледжваліся такія меры пакарання, як кароткатэрміновы арышт (да трох месяцаў), зняволенне ў работным доме на тэрмін да аднаго года. Яны разглядалі таксама гpaмaдзянcкiя справы - грашовыя спагнанні па асабовых абавязацельствах i дагаворах на суму да 300 рублёў; справы, звязаныя з пакрыццём шкоды на суму не звыш 500 рублёў, а таксама бытавыя злачынствы, пpэтэнзіі за абразы i крыўды асобаў i г.д. Міравыя суддзі разглядалі большасць спраў, падсудных раней шматлікім саслоўным судам.
Судовы icк падаваўся міравому суддзі ў пісьмовай або вуснай форме, адказчык выклікаўся ў суд позвай. У судовым пасяджэнні бакi давалі славесныя паказанні. Таксама маглі быць прадстаўлены пісьмовыя i рэчавыя доказы. Бакі мелі права прыцягваць да ўдзелу ў працэсе адвакатаў. Рашэнне па справе прымалася міравым суддзёй аднаасобна ў парадку спрошчанага судаводства. Ісцу выдаваўся выканаўчы ліст, які перадаваўся ім у органы паліцыі, валасную ўправу або судоваму прыставу пры міравым судзе на выпадак, калі адказчык адмовіцца добраахвотна выконваць судовую пастанову.
Прыгавор або рашэнне міравога суддзі можна было абскардзіць у апеляцыйным парадку ў павятовы з'езд міравых суддзяў i ў касацыйным парадку -у Сенат.
Павятовы з'езд міравых суддзяў з'яўляўся калегіяльным органам на чале са старшынёй. Гэты орган уяўляў сабою збор ycix участковых i выбарачна ганаровых міравых суддзяў дадзенай міравой акpyгi, а таксама абавязковага члена, прызначаемага міністрам юстыцыі. Пры з'ездзе міравых суддзяў знаходзіліся канцылярыя, судовыя прыставы i прыватныя павераныя.
Галоўнай задачай міравой юстыцыі з'яўлялася вызволенне агульных судоў ад вялікай колькасці дробных спраў, таму i ўсталёўваўся спрошчаны парадак судаводства. Адметнай асаблівасцю міравых судоў з'яўляўся разгляд спраў у прымірэнчым парадку. Практыка дзейнасці міравых судоў у Расійскай імперыі паказала, што міравыя суддзі імкнуліся вырашаць справы на падставе прынцыпаў бессаслоўнасці, аб'ектыўнасці, прымірэння бакоў, а таксама без залішняй валакіты i судовых выдаткаў. У сувязі з гэтым міравая юстыцыя хутка заваявала давер у насельніцтва.
Да агульных (каронных) судоў адносіліся акруговыя суды (першая інстанцыя) i судовыя палаты (другая інстанцыя).
Акруговыя суды засноўваліся па аднаму на некалькі паветаў i складаліся са старшыні i членаў суда, якія зацвярджаліся iмператарам. У Pacii было заснавана 106 акруговых судоў.
Каронныя суддзі прызначаліся на пасаду на падставе прынцыпа нязменнасці. Яны займалі пасаду да асабістай падачы ў адстаўку або да адхілення ад пасады ў сувязі з прыцягненнем да суда за крымінальнае злачынства.
Судовы працэс у акруговым судзе i судовай палаце ўскладняўся. Ісцец падаваў іскавую заяву па дакладна ўсталяванай форме i пры папярэдняй плаце судовай пошліны. Ісцец i адказчык абменьваліся дакументамі - адказчык даваў адказ на іскавую заяву, ісцец высоўваў на гэта свае пярэчанні або аспрэчанні. Дакументы афармляліся адвакатамі, арыгіналы дакументаў заставаліся ў судзе.
Акруговыя суды дзейнічалі ў якасці судоў першай інстанцыі па больш значных справах, якія перавышалі падсуднасць міравых судоў. Яны складаліся са старшыні i членаў, якія размяркоўваліся па крымінальнаму i грамадзянскаму аддзяленням. Грамадзянскія i крымінальныя справы меншай цяжкасці разглядаліся ў складзе трох пастаянных членаў суда (адзін з якіх быў старшынёй). Kpымiнaльныя справы, па якіх падсудным пагражалі пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем волі, з абмежаваннем у грамадзянскіх правах, акруговы суд разглядаў у складзе трох членаў суда i дванаццаці прысяжных засядацеляў.
Увядзенне суда прысяжных было знакавай з'явай, бо нараўне з суддзямі- службоўцамі да судовай дзейнасці прыцягваліся асобы, якія не з'яўляліся суддзямі-прафесіяналамі. Функцыі прысяжных засядацеляў заключаліся ў аб'ектыўным разглядзе i ацэнцы фактаў i акалічнасцяў справы, на падставе якіх i выносіўся вердыкт аб вінаватасці альбо невінаватасці падсуднай асобы.
Законам усталёўваліся сур'ёзныя патрабаванні да кандыдатаў у прысяжныя засядацелі. Прысяжныя засядацелі маглі абірацца з мясцовых жыхароў ва ўзросце ад 25 да 70 гадоў, якія адпавядалі маёмаснаму цэнзу, што быў досыць высокі. Вырашальную ролю ў падборы прысяжных адыгрывалі прадвадзіцелі дваранства i старшыні судоу, гэта значыць прадстаўнікі дваранскага саслоўя. Спецыяльныя камicii ў паветах пад старшынствам павятовых прадвадзіцеляў дваранства складалі спісы асобаў, якія валодалі правам быць прысяжнымі засядацелямі. Гэтыя спісы перадаваліся старшыням акруговых судоў, якія ў сваю чаргу складалі гадавыя, месячныя спісы прысяжных, а таксама спісы на канкрэтныя судовыя пасяджэнні.
Закон вызначаў таксама, што прысяжнымі засядацелямі не маглі быць зацікаўленыя асобы (служачыя ў судзе, органах пракурорскага нагляду, паліцьі), святары, вайскоўцы, нacтaўнікі, прыслуга i наёмныя рабочыя. За тры тыдні да судовага пасяджэння старшыня суда па жэpaбі адбіраў трыццаць чарговых i шэсць запасных прысяжных засядацеляў, з якіх падсудны меў права з матывацыяй або нематывавана адвесці дванаццаць засядацеляў. Шэсць засядацеляў мог адвесці пракурор. 3 ліку пакінутых старшыня суда па жэрабі адбіраў для ўдзелу ў разглядзе канкрэтнай судовай справы 12 прысяжных i двух запасных засядацеляў.
У працэсе падрыхтоўкі судовай рэформы ў Pacii актыўна абмяркоўвалася праблема адносна ўвядзення мадэлі суда прысяжных - кантынентальнай (з яго формулай; “Ці вінаваты падсудны?”) або ангельскай (з пытаннем: “Ці здзейсніў падсудны дадзенае дзеянне?”). Абраная кантынентальная мадэль інстытута прысяжных засядацеляў вызначыла арганізацыю i парадак яго функцыяніравання. Перад пачаткам кожнага судовага разгляду суд фармаваў склад прысяжных засядацеляў, прызначаў абаронцу (калі яго не было ў абвшавачанага), вызначаў тэрміны i месца судовага пасяджэння.
Судовы разгляд справы пачынаўся з судовага следства (знаёмства суда з акалічнасцямі справы, праверкі доказаў). Затым праходзілі судовыя спрэчкі (“прения”) бакоў: абвінаваўцам выступаў прадстаўнік пракуратуры, абаронцам абвінавачанага - адвакат. Судовым пасяджэннем кіраваў старшыня, які па заканчэнні судагаворання (разгляду справы па сутнасці i заканчэння судовых спрэчак) paбiў заключэнне i ставіў пытанні перад прысяжнымі. Адначасова ён тлумачыў прысяжным правілы аб моцы прыведзеных доказаў, прававыя нормы адносна спецыфікі разгледжанага злачынства, папярэджваў ix супраць “усякага захаплення” ў абвінавачанні або апраўданні падсуднага, што магло выступаць, пры пэўных акалічнасцях, сродкам уплыву на прысяжных. Затым старшыня суда ўручаў прысяжным пісьмовыя пытанні аб факце злачынства i віне падсуднага, якія апавяшчалюя ў судзе.
У дарадчым пакоі прысяжныя самастойна, незалежна ад каронных суддзяў, выносілі вердыкт - вінаваты або невінаваты падсудны, калі вінаваты, то ці заслугоўвае ён спагады. Гэтыя пытанні вырашаліся прысяжнымі большасцю галасоў. Адмена вердыкта прысяжных была магчымай толькі ў выпадку, калі суд аднагалосна прызнаваў, што рашэннем прысяжных асуджаны бязвінны чалавек. У гэтым выпадку суд выносіў пастанову аб перадачы справы на разгляд новага складу суда прысяжных, рашэнне якіх было канчатковым. Закон падкрэсліваў, што прыгавор, вынесены судом з удзелам прысяжных засядацеляў, лічыцца канчатковым. Вынясенне вердыкта аб невінаватасці падсуднага служыла падставай яго апраўдання i вызвалення з-пад варты. Прыгаворы суда, вынесеныя з удзелам прысяжных засядацеляў, не падлягалі апеляцыі, але маглі быць абскарджаны ў Сенат у касацыйным парадку на падставе фармальнага парушэння працэсу-альнага закона.
Другой інстанцыяй для акруговых судоў па ўcix крымінальных і грамадзянскіх справах (за выключэннем крымінальных спраў, разгледжаных з удзелам прысяжных засядацеляў) выступалі судовыя палаты. У Pacii было заснавана 14 судовых палат, кожная з якіх накіроўвала дзейнасць 8-10 акруговых судоў.
Судовая палата складалася з дэпартаментаў па крымінальных i грамадзянскіх справах. Выступаючы апеляцыйнай інстанцыяй, судовая палата магла зноўку i ў поўным аб'ёме разглядаць справы, рашэнні па якіх не ўступілі ў законную сілу. Апроч таго, судовая палата разглядала ў якасці першай інстанцыі справы па абвінавачанні ў дзяржаўных, службовых i некаторых іншых злачынствах. Гэтыя справы разглядаліся з удзелам саслоўных прадстаўнікоў: губернскага i аднаго з павятовых прадвадзіцеляў дваранства, гарадскога галавы губернскага горада i аднога з валасных старшынаў (па жэрабі). Вар-та адзначыць, што саслоўныя прадстаўнікі засядалі ў адной калегіі з кароннымі суддзямі (службоўцамі), што адмоўна ўплывала на самастойнасць прынятых імі рашэнняў.
3 Параўнаць судовыя сістэмы да рэформы і пасля рэформы 1864 г.
Змяненні ў выніку правядзення судовай рэформы закранулі i папярэдняе следства, якое ў дарэформенны перыяд знаходзілася ў руках паліцыі. Папярэдняе следства было аддзелена ад судовага расследавання. Пры акруговых судах быў заснаваны прафесійны інстытут судовых следчых, якія карысталіся правам нязменнасці i здзяйснялі папярэдняе следства пад наглядам пракуратуры i пры садзейнічанні паліцыі. Пры прызначэнні на пасаду судовыя следчыя павінны былі мець вопыт судовай практыкі не меней чатырох гадоў.
Судовыя следчыя атрымлівалі права ўзбуджаць i праводзіць дасудовае расследаванне, якое выключалася з ведання паліцыі, маглі самастойна або па судовым рашэнні ўзбуджаць i спыняць крымінальныя справы, праводзіць дазнанне, вобыскі, адабранне карэспандэнцыі, мелі права ўжываць меры стрымання пры ўхіленні ад следства, арышт маёмасці, псіхіятрычны агляд i iнш.
Змяняліся i функцыі пракуратуры, сістэма якой у адпаведнасці з новым заканадаўствам будавалася на прынцыпах адзінаначалля i незалежнасці ад мясцовай адміністрацыі i судовых органаў. Усе пракуроры прызначаліся імператарам па прадстаўленні міністра юстыцыі. Узначальваў пракуратуру генерал-пракурор, якім быў міністр юстыцыі. У Сенаце ўводзіліся пасады двух обер-пракурораў i ix таварышаў, у акруговых судах i судовых палатах – пасады пракурораў i ix таварышаў. Галоўнай задачай пракуратуры стала падтрыманне дзяржаўнага абвінавачання ў судзе i нагляд за дзейнасцю судовых следчых, паліцыі, судоў i месцаў зняволення.
У кантэксце судовай рэформы асаблівая ўвага надавалася падбору судовых i пракурорскіх кадраў. Для прызначэння членам суда, судовым следчым або на пракурорскую пасаду кандыдату неабходна было мець вышэйшую юрыдычную адукацыю, стаж працы ў праваахоўчых органах i вызначацца добрапрыстойнымі паводзінамі. Выпускнікі юрыдычных факультэтаў універсітэтаў звычайна стажыраваліся пры судах не меней 5 гадоў у якасці кандыдатаў на судовыя пасады.
3 мэтай рэалізацыі прынцыпа спаборнасці судовага працэса Судовымі ўставамі 1864 г. упершыню ў Pacii засноўваўся інстытут адвакатуры (прысяжных павераных), які быў незалежны ад суда i пракуратуры. Прысяжным павераным магла стаць асоба з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй, якая мела пяцігадовы практычны вопыт i здала іспыт на права самастойнага вядзення спраў. У сувязі з недахопам прысяжных павераных у 1874 г. быў уведзены інстытут прыватных, павераных, якія мелі права выступаць толькі ў міравых судах. Прыватныя павераныя маглі ўдзельнічаць у судовым працэсе з дазволу суда i па даверанасці боку. Адвакаты (прысяжныя i прыватныя) аб'ядноўваліся ў калегіі пры судах. Калегіі абіралі Савет прысяжных павераных.
З мэтай засведчання дакументаў, афармлення здзелак i здзяйснення іншых юрыдычна значымых актаў у Pacii засноўваўся натарыят. Адпаведна Судовым уставам 1864 г. натарыяльныя канторы дазвалялася адчыняць у Маскве, Санкт-Пецярбурзе, у губернскіх цэнтрах i павятовых гарадах. Сваю дзейнасць яны здзяйснялі пад наглядам судовых устаноу.
Дзякуючы судовай рэформе, якая з'яўлялася найболей радыкальнай i паслядоўнай сярод іншых рэформаў XIX ст., расійская юстыцыя выйшла на якасна новы ўзровень. Тым не менш судовая рэформа з самага пачатку несла ў сабе нямала перажыткаў мінулага i мела недахопы. Нягледзячы на тое, што новая судовая сістэма была значна прасцей i эфектыўней за папярэднюю, праводзілася яна не паўсюдна i з пэўнымі абмежаваннямі. Да ўскраінаў Pacii Судовыя ўставы 1864 г. Даходзілі значна пазней i з шэрагам выключэнняў. Да канца 1870-х гг. рэформа была распаўсюджана толькі на 44 губерні.
Разглядаючы найважнейшыя змяненні, якія адбыліся ў прававой сферы ў Pacii ў другой палове - канцы XIX ст., варта ўказаць на шэраг вельмі важных нарматыўных прававых актаў, прынятых у сферы розных галінаў права.
У выніку правядзення судовай рэформы значнай мадэрнізацыі падвергнуўся Звод законаў Расійскай іммперыі. Грамадзянскія праваадносіны рэгуляваліся яго шматлікімі нормамі, якія ўдакладняліся касацыйнай практыкай i растлумачэннямі Сената.
У сферы працоўнага заканадаўства значныя змяненні адбыліся ў 1886 i 1896 гг., калі ўрад, змушаны ісці на некаторыя ўступкі працоўным, унёс змяненні ў фабрычна-завадское заканадаўства аб штрафах, правілах унутранага распарадку, працягласці працоўнага дня i г.д.
У крыміналъна-прававой сферы змяненні былі звязаны з развіццём ваеннага крымінальнага права. Крымшальная адказнасць вайскоўцаў рэгламентавалася Воінскім уставам аб пакараннях 1875 г. i Baенна-марскім уставам аб пакараннях 1886 г.
“Устав о наказаниях, налагаемых мировыми судьями” у рэдакцьі 1885 г., прынятай у развіццё судовай рэформы 1864 г., вылучыў з “Уложения о наказаниях уголовных и исправительных” нормы аб злачынствах, за якія прадугледжвалася максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да двух гадоў. Taкім чынам, нормы аб так званых крымінальных праступках былі вылучаны ў асобны нарматыўны акт.
На пачатку XX ст. змяненні ў заканадаўстве Расійскай iмперыіi непасрэдна былі звязаны з актывізацыяй грамадска-палітычнага руху, першай сусветнай вайной i рэвалюцыйнымі падзеямі.
Судовая рэформа 1864г. была значным крокам наперад. Былі ўведзены ў жыццё важнейшыя прынцыпы : галоснасці, свабоднай ацэнкі доказаў, незалежнасці суддзяў, удзелу адвакатаў у працэсе.
Літаратура :
- Доўнар Т. І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі / Т. І. Доўнар.-2-е выд.-Мінск, 2008г.-С. 170
- Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Баларусі /
Я.А. Юхо.-Мінск, 1992г.-С.258
3. Вішнеўскі А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі / А. Ф. Вішнеўскі.-
Мінск, 2003г.-С.157