Ирина Эланс
Узровень матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва
ЗМЕСТ
1. Каланіяльная палітыка польскіх улад 3
1.1. Нацыянальны прыгнёт 3
2. Стан прамысловасці і сельскай гаспадаркі 7
2.1. Развіццё прамысловасці 7
2.1.1. Грашовая рэформа 8
2.2. Стан сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі 9
2.2.1. “Закон аб ажыцяўленні зямельнай рэформы” 10
2.2.2. Насаджэнне асадніцтва
10
2.2.3. Аграрная рэформа 12
3. Узровень матэрыяльнага
дабрабыту насельніцтва
12
4. Культура Заходняй Беларусі ў 20 – 30-я гады 14
СПІС ВЫКАРЫСТАННАЙ ЛІТАРАТУРЫ 16
- Каланіяльная палітыка польскіх улад
У сакавіку 1921 г. па выніках савецка-польскай вайны было падпісана Рыжскае мірнае пагадненне. Адна з яго ўмоў – далучэнне да Польшчы Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Плошча Заходняй Беларусі складала каля 113 тыс. кв. км (палова сучаснай тэрыторыі Беларусі). На гэтай тэрыторыі быў уведзены польскі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. На беларускай тэрыторыі былі ўтвораны Віленскае, Навагрудскае, Палескае і Беластоцкае ваяводствы («Малапольшча», "Белапольшча", ці «ўсходнія крэсы»). Гэта 24% тэрыторыі і 11% насельніцтва польскай дзяржавы – Другой Рэчы Паспалітай.[2 c.153]
У Заходняй Беларусі пражывала 4,6 млн. чалавек, з iх 85% - у вёсцы i 15% - у горадзе. Пры гэтым беларусы складалi каля 65%, палякi – 15%, яўрэi – 11%, украінцы – 4%, літоўцы – 2,5%, рускія– 2%.[1 c.359]
Аднак польскія ўлады падчас “перапісу” насельніцтва атрымалі свае вынікі – так, доля палякаў згодна перапісу 1931 года складала 49%, беларусаў – 28%. Больш за 700 тыс. палешукоў было запісана “тутэйшымі” – дыялектнай групай польскай нацыянальнасці.[2 c.153]
1.1 Нацыянальны прыгнёт. Адразу пасля завяршэння савецка-польскай вайны ў 1921 годзе была прынята Канстытуцыя польскай дзяржавы дзе былі абвешчаны дэмакратычныя свабоды. Аднак гэта было простай дэкларацыяй, накшталт сталінскай канстытуцыі 1937 года. Па-сутнасці, пачалося праследванне палітычных супраціўнікай польскага ўраду. Ужо да пачатку 1930-х гг. колькасць палітзняволеных на беларускіх землях перавысіла 10 тыс. чалавек. Калі пад час выбараў у сейм 1922 года было абрана 11 дэпутатаў-беларусаў і 3 беларуса-сенатара, то ў 1928 годзе – 10 і 2 суадносна, а па выніках выбараў 1935 і 1938 гадоў у заканадаўчым органе не было ніводнага этнічнага беларуса. Органы мясцовага самакіравання былі падпарадкаваны прадстаўнікам прэзідэнта на месцах.
Палітычная палітра ў Заходняй Беларусі была вельмі разнастайная. Тры групоўкі палітычных партый змагаліся за беларускага выбаршчыка і за ўплыў сярод насельніцтва Заходняй Беларусі. Польскія буржуазныя партыі – нацыянальныя дэмакраты (эндэкі) і хрысціянскія дэмакраты (хадэкі) атрымлівалі падтрымку ад польскіх уладаў на месцах і каталіцкай царквы. Дробнабуржуазны дэмакрытычны лагер складаўся з польскіх рэфармісцкіх партый, якія мелі на Беларусі мясцовыя адгалінаванні, а так сама яўрэйскіх нацыянальных дробнабуржуазных партый і беларускіх нацыянальна-дэмакратычных арганізацый, якія стаялі на пазіцыях парламенцкай барацьбы. Рэвалюцыйна-дэмакратычны лагер складалі радыкальныя народныя арганізацыі. Сацыяльнай базай іх былі каля 700 тыс. вярнуўшыхся з Расіі бежанцаў, якія ў свой час у Расіі прымалі ўдзел у рэвалюцыйных падзеях.
У 1921-1923 гадах значны ўплыў на беларускае насельніцтва мела партыя беларускіх эсэраў (ПБСР, частка былой БСГ), якой кіравалі Ф.Грыб, І.Мамонька, А.Цвікевіч, В.Ластоўскі. Праграма партыі прадугледжвала канфіскацыю памешчыцкіх зямель на карысць сялян, нацыянальнае раўнапраўе, стварэнне беларускай дэмакратычнай дзяржавы, злучанай з Літвой. Асноўнымі лічыліся метады парламенцкай апазіцыйнай барацьбы, але пасля няўдалых выбараў у Сейм у чэрвені 1924 года партыя была самараспушчана, а частка яе актывістаў уступіла ў рады КПЗБ.[2 c.155]
З левага крыла эсэраў вылучылася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя лікам каля 300 чалавек, пад началам І.Лагіновіча і А.Канчэўскага. Праграма – канфіскацыя памешчыцкіх зямель, дэмакратычныя правы, 8-мі гадзінны працоўны дзень, стварэнне рабоча-сялянскага ўрада, аб’яднанне беларускіх зямель у адну рабоча-сялянскую дзяржаву. На прыканцы 1923 года БРА ўступіла ў КПЗБ.[2 c.155]
На згодніцкіх пазіцыях стаяла БСДП – сацыял-дэмакратычная партыя А.Луцкевіча, Б.Тарашкевіча і С.Рак-Міхайлоўскага. Яна абапіралася на нешматлікую інтэлігенцыю і не мела ўплыву сярод сялянства і рабочых. Патрабаванні ўсеагульнага выбарнага права, увядзення падаткаў на памешчыкаў, развіцця беларускай культуры без перашкод не вырашала беларускага пытання, хоць і прадугледжвалася стварэнне беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Партыя зачынілася ў 1924 годзе, бо не знайшла падтрымкі ў большасці насельніцтва Заходняй Беларусі. Абмежаваныя буржуазна-дэмакратычныя патрабаванні выдвігалі Беларускія хрысціянскія дэмакраты (БХД). Яе кіраўнікі каталіцкія ксяндзы А.Станкевіч і В.Гадлеўскі стварылі тэорыю бескласавасці беларускага народа. Значны ўплыў на заходніх тэрыторыях Беларусі мела ППС і польская сялянская партыя “Вызваленне”, якія выдвігалі ў асноўным дэмакратычныя патрабаванні. Сярод яўрэйскага насельніцтва папулярнымі былі Бунд і Паалей-Цыён (сіянісцкая партыя) якія стаялі на пазіцыях антыкамунізму.[2 c.155]
У кастрычніку 1923 года адбылася I канферэнцыя камуністычных арганізацый Заходняй Беларусі, на якой была створана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Яе кіраўнікі С.Дубавік, С.Мертенс, А.Славінскі, П.Корчык развярнулі актыўныя дзеянні па барацьбе з польскімі ўладамі. [2 c.156] КПЗБ змагалася супраць падпарадкавання краю іншаземнаму капіталу, за самавызначэнне Заходней Беларусі і яе ўз`яднанне з БССР, за дэмакратычныя правы і за 8-гадзінны рабочы дзень, канфіскацыю памешчыцкіх зямель і падзел іх без выкупу паміж сялянамі, скасаванне асадніцтва, за школу на роднай мове, устанауленне рабоча – сялянскай улады, супраць нацыянальнога прыгнёту.[3 c.365]
У 1924 годзе быў створаны Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ) на чале з В.Харужай. Камуністы хутка перахапілі з эсэраў ініцыятыву па кіраўніцтву масавым партызанскім рухам, які распачаўся на захопленай палякамі тэрыторыі Беларусі. Да 1925 года тут вялася сапраўдная вайна супраць акупантаў. Буйнымі партызанскімі фарміраваннямі кіравалі В.Корж, К.Арлоўскі, С.Ваўпшасаў і інш. Урад Польшчы накіраваў сюды карныя войскі на чале з генералам Рыдз-Сміглам, які меў неабмежаваныя паўнамоцтвы. Было аб’яўлена асаднае становішча. У выніку рэпрэсій і аб’ектыўнай немагчымасці супрацьстаяць пераўзыходзячым рэгулярным войскам КПЗБ заклікалі партызан спыніць узброенае супраціўленне як несваечасовае і перайсці да рэвалюцыйнай барацьбы.[2 c. 156]
Аднак не толькі КПЗБ была вельмі папулярна сярод насельніцтва Заходняй Беларусі. 24 чэрвеня 1925 года група дэпутатаў (паслоў) Сейма стварылі Беларускую сялянска-рабочую грамаду (БСРГ) – масавая легальная рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя. Да пачатку 1927 г.колькасць яе членау дасягнула 120 тыс. чалавек. Праграма Грамады уключала патрабаванні самавызначэння Заходняй Беларусі, утварэнне сялянска-рабочага урада, перадачы зямлі сялянам без выкупу, ліквідацыі асадніцтва, аддзялення царквы ад дзяржавы, арганізацыі школы на роднай мове. Узначалі яе Б.Тарашкевіч, П.Мятла, П.Валошын, С.Рак-Міхайлоўскі.[3 c.365-366]
Ужо ў студзені 1927 года яна налічвала каля 2 тыс. мясцовых арганізацый і каля 120 тыс. актыўных прыхільнікаў. Праграма партыі прадугледжвала канфіскацыі памешчыцкіх зямель і перадачу яе сялянам, стварэнне рабоча-сялянскага ўрада і ўвядзенне рэальных дэмакратычных свабод, самавызначэнне Заходняй Беларусі, увядзенне 8-мі гадзіннага працоўнага дня, ліквідацыю асадніцтва, адукацыю на роднай мове. Такая папулярнасць напалохала польскі ўрад, і ў 1927 годзе партыя была разгромлена, а каля 800 яе актывістаў і кіраўнікоў асуджана. Працоўныя арганізавалі шмат маніфестацый у падтрымку сваёй партыі, якія бязлітасна разганяліся. У Косава дэманстрацыя 3 лютага 1927 года была растраляна, шэсць чалавек было забіта, некалькі дзесяткаў паранена.[2 c.156]
Яшчэ ў 1922 г. ў польскім сейме пачала сваю працу фракцыя "Беларускі пасольскі клуб", якую стварылі 11 лідэраў розных палітычных сіл Заходняй Беларусі. Яго галоўнай мэтай было адстойванне інтарэсаў беларускага насельніцтва праз парламенцкую дзейнасць. У 1927 г., напярэдадні выбараў у сейм была створана беларуская дэпутацкая фракцыя “Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых” (І.Гаўрылік, Ф.Валынец, Я.Грэцкі, І.Дварчанін, П.Крынчык і інш.). Гэтая грамадска-палітычная арганізацыя была вельмі блізкай да КПЗБ. У 1934 годзе ўлады арыштавалі кіраўнікоў “Змагання”, а арганізацыю разграмілі.
На тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала 19 турмаў і канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. Рэжым санацыі Ю.Пілсудскага, які ўстанавіўся пасля дзяржаўнага перавароту ў маі 1926 года, узмацніў сацыяльны, нацыянальны і рэлігійны прыгнёт, што выклікала актывізацыю нацыянальна-вызваленчага і рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.
Увогуле, сярэдзіна 20-х – пачатак 30-х гг характарызаваліся імкненнем да спалучэння легальных і рэвалюцыйных формаў барацьбы. На выбарах 1928 г. толькі за дэпутатаў ад КПЗБ было аддадзена 26% галасоў. У першай палове 30-х гг. значна зніжаецца колькасць выступленняў з нацыянальна-вызваленчымі лозунгамі. Прычына таму – эканамічны крызіс, які пацягнуў за сабой значнае пагаршэнне стану жыцця працоўных. У рабочым руху адзначаецца паступовы рост забастовачнай барацьбы з перавагай стачак эканамічнага характару.[2 c.157]
Яркай старонкай вызваленчай барацьбы у вёсцы з`явілася ўзброенае выступленне сялян Кобрынскага павета у жніуні 1933 г. Супраць аграрнай і падатковай палітыкі польскіх улад мужна змагаліся сяляне вёсак Заполле Карэліцкай гміны, Асташына Навагрудскага павета, Баранава Гродзенскага, Ляплеука Брэсцкага павета. Усяго за 1931-1933 гг. Адбылося больш як 460 выступленняу сялян, у якіх удзельнічала 140-150 тыс. чалавек.[3 c.366]
Значным праяуленнем сялянскага руху стала забастоўка нарачанскіх рыбакоў. Для тысяч сялян-беднякоу, якія жылі на берагах Нарачы, лоўля рыбы з`яўлялася адзіным сродкам існавання. Але польскі ўрад, устанавіушы высокую арэндную плату, перадаў возера дырэкцыі дзяржаўных лясоў, якая забараніла рабакам свабодную лоўлю рыбы. Забастоўка пачалася вясной 1935 г. У ёй удзельнічала каля 5 тыс. сялян з больш як 40 навакольных вёсак. Сяляне выбралі забастовачны камітэт, стварылі дружыны самаабароны, праганялі варту і не дапускалі на возера штрэйкбрэхераў, якія пагадзіліся з польскімі правіламі лоўлі рыбы. Дзякуючы настойлівасці забастоушчыкаў, улады вымушаны былі пайсці на уступкі. Калі сяляне пачалі лавіць рыбу, яны не адважыліся ўжыць рэпрэсіуныя меры.[3 c.366]
Другая палова 30-х гг. стала цяжкім часам для рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. У Еўропе шырылася фашысцкая пагроза. У 1935 г. быў створаны адзіны антыфашысцкі фронт. Гэта садзейнічала рэвалюцыйнаму ўздыму 1936-1937 гг., які змяніўся спадам. Жорсткая рэпрэсіўная палітыка польскіх улад прыводзіла да шматлікіх арыштаў лідэраў палітычных арганізацый (арыштавана больш за 30 тысяч чалавек) і забароны іх дзейнасці. У 1938 г. Камінтэрнам была распушчана Камуністычная партыя Польшчы і яе адгалінаванне – КПЗБ.[1 c.366]
Яшчэ адным паказчыкам прыгнечанага становішча насельніцтва Заходняй Беларусі стала нацыянальна-рэлігійная палітыка польскага ўрада, якая мела мэтай непрызнанне і далейшае знішчэнне, “апалячванне” беларускай нацыі. Зачыняліся навучальныя ўстановы з беларускай мовай навучання, мясцовыя настаўнікі замяняліся польскімі, скарачалася колькасць беларускіх бібліятэк, клубаў, хат-чытальняў, выдавецтваў, а значыцца і выданняў (з 23 беларускіх газет і часопісаў у 1927 г. праз пяць год засталося толькі 8). Беларускую мову забаранялася ўжываць у дзяржаўных установах. Няведанне польскай мовы прызнавалася непісьменнасцю і вяло да пазбаўлення выбарчых правоў. Зачыняліся ці пераўтвараліся ў каталіцкія праваслаўныя храмы.[2 c.158]
- Стан прамысловасці і сельскай гаспадаркі
2.1 Развіцце прамысловасці. Асаблівасці развіцця прамысловасці ў Заходняй Беларусі зыходзілі з мэтаў польскіх улад – ператварыць Заходнюю Беларусь у аграрна-сыравінны прыдатак прамысловых раёнаў этнічнай Польшчы.
Удзельная вага ў прамысловасці Заходняй Беларусі складала каля 3%, а колькасць занятых рабочых – 4,9%. У Заходняй Беларусі адсутнічала цяжкая прамысловасць. Металаапрацоўка не атрымала развіцця з-за канкурэнцыі з сіндыкатам польскіх металургічных заводаў, таму ў прамысловасці Заходняй Беларусі пераважалі дрэваапрацоўчая, харчовая і лёхкая галіны.[2 c.158]
У 1926 г. у Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах налічвалася 127 фабрык і заводаў з колькасцю рабочых звыш 20 чалавек, а 19 з іх мелі звыш 100 рабочых – гэта шклозавод «Нёман» у Навагрудскім павеце, запалкавая фабрыка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, фабрыка гумавых вырабаў «Ардаль» у Лідзе, тытунёвая фабрыка ў Гродне, фанерныя фабрыкі ў Мікашэвічах і Гарадзішчы. На гэтых 19 прадпрыемствах было занята 7.872 рабочых, але гэта ўдвая менш, чым у 1913 г. У выніку да пачатку другой сусветнай вайны агульны аб’ём прамысловасці не дасягнуў 1913 г.
Эканамічнае жыццё адзначалася цыклічным развіццём, залежнасцю ад сусветных крызісаў. У 1923-1924 гг. наглядаўся пад’ём прамысловай вытворчасці. Ён адбыўся з прычыны павышэння попыту на прамысловыя тавары і пашырэння аб’ёмаў замежнага гандлю. Урад атрымаў магчымасць ажыццявіць палітыку фінансавай стабілізацыі (з пачатку 1924 г.) і правесці грашовую рэформу. У красавіку 1924 года быў заснованы Польскі банк і ўведзена новая грашовая адзінка замест маркі – злоты, якая мела залатое напаўненне.
З канца 1924 г. па 1927 г. польская эканоміка апынулася ў крызісе з прычыны росту ваенных расходаў, знешняй запазычанасці, неўраджаю 1924 г. і мытнай вайны Германіі супраць Польшчы 1925 г. Крызіс меў цяжкія вынікі для прамысловасці беларускага рэгіёну. У Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах у 1925 г. бяздзейнічала шостая частка прадпрыемстваў, знізілася заработная плата, узрасла інфляцыя, налічвалася 21 тыс. беспрацоўных. У 1925-1926 гг. былі закрыты ўсе прыватныя тытунёва-гільзавыя фабрыкі і 32 прыватных лікёра-гарэлачныя прадпрыемствы. [2 c.159]
З другой паловы 1926 г. у некаторых галінах вытворчасці пачаўся прамысловы ўздым. Ён быў вызваны добрым ураджаем, павышэннем сусветных цэн на вугаль, ростам знешняга гандлю, пад’ёму некаторых галін прамысловасці, а так сама вялікімі пазыкамі ад ЗША і Англіі ў 1927 г. (62 млн. долараў і 2 млн. фунтаў стэрлінгаў). У выніку паступовага эканамічнага ўздыму колькасныя і якасныя паказчыкі па прамысловасці Заходняй Беларусі дасягнулі ўзроўню 1913-1914 гг. Аднак гэта складала толькі 2% агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасці і 1,5% колькасці рабочых у польскай дзяржаве на 1928 г.
Перапыніў развіццё і адштурхнуў далёка назад беларускую прамысловасць сусветны эканамічны крызіс 1929-1933 гг. У выніку былі закрытыя 230 прадпрыемстваў, а колькасць рабочых да сярэдзіны 1933 г. скарацілася амаль на палову. Прадукцыя прамысловасці да пачатку 1930 г. паменшылася на 30-40% у параўнанні з 1928 г.
У другой палове 30-х гг. у прамысловасці наглядалася ажыўленне, вызванае дзяржаўнымі капіталаўкладаннямі ў ваенныя аб’екты і ваенную прамысловасць, а так сама з-за роста попыту на сусветных рынках на лесаматэрыялы. У выніку дрэваапрацоўчая вытворчасць становіцца вядучай галіной Заходняй Беларусі замест харчовай. У 1939 г. колькасць прадпрыемстваў і працуючых на іх рабочых у 2 разы перавышала ўзровень 1913 г., але адбыўся ўпадак у запалкавай вытворчасці і вінакуранні з-за ўвядзення дзяржаўнай манаполіі на вытворчасць спірту і канкурэнцыі замежных вытворцаў запалак.[2 c.160]
2.2 Стан сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі. У эканоміцы заходнебеларускіх земляў пераважаў аграрны сектар. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, але пасля войнаў яна знаходзілася ў заняпадзе. Скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйной рагатай жывёлы, коней. У Заходняй Беларусі было адноўлена памешчыцкае землеўладанне. На 1921 г. 3.402 памешчыкаў (1% сельскага насельніцтва) валодалі польшай часткай зямель. Серадняцкія сялянскія гаспадаркі займалі 12,5% зямлі, бядняцкія – 24,15%, кулацкія – 8,14%. Аднаўляліся буйныя латыфундыі, прыклад – Давыд-Гарадоцкі маярат Радзівілаў у 1925 г. дасягаў памеру 155.200 га.
Рознымі шляхамі развівалася сялянская гаспадарка. Заможныя сяляне (кулакі) валодалі ад 18 да 100 га зямлі, мелі 10-15 коней, 15-25 кароў і шырока выкарыстоўвалі наёмную працу. Гэтыя гаспадаркі былі таварнымі. Сераднякі валодалі надзелам ад 8 да 18 га, ўтрымлівалі 2-3 каровы, аднаго – двух коней. Зямлю апрацоўвалі самі. Бядняцкія гаспадаркі мелі 7-8 га зямлі. Вымушаны былі арандаваць зямлю, часта наймаліся да памешчыкаў ці кулакоў.
Сярод сельскагаспадарчых рабочых найменьш правоў мелі ардынарыі – найбольш шматлікая малааплачваемая група батракоў. Зарплату яны атрымлівалі ў выглядзе паліва, зерня, зямлі для пасеваў, правам трымаць карову, жыллём. Пасынкі – дзеці ардынарыеў, іх праца часта не аплочвалася. Сталоўнікі – сяляне-беднякі з маленькай гаспадаркай. За ўзнагароджанне ў выглядзе жылля, права пасвіць жывёлу, часам за арэнду кавалачка зямлі апрацоўвалі гаспадарку памешчыка.[2 c.161]
Відавочна было адраджэнне рэшткаў феадальных адносін у форме дробнай арэнды зямлі за адпрацоўкі або за частку ўраджаю, адпрацоўкі за права карыстання пашай, натуральная плата за працу, наяўнасць сервітутаў, цераспалосіца. Усё гэта тармазіла развіццё вытворчых сіл у аграрным сектары, параджала сацыяльны пратэст часткі сялянства, што несла сур’ёзную небяспеку для дзяржаўнага ладу. Ад урада патрабавалася прыняцце неадкладных мер па рэфармаванню ў сельскай гаспадарцы.
Мэтай рэформы было даць магчымасць сельскай гаспадарцы развівацца па капіталістычнаму шляху, ліквідаваць феадальныя перажыткі. Прадугледжваліся такія мерапрыемствы як парцэляцыя, асадніцтва, камасацыя. У ліпені 1925 г. быў прыняты “Закон аб ажыццяўленні зямельнай рэформы”.[2 c.161]
Згодна з ім ажыццяўляўся продаж дробнымі ўчасткамі (парцэлямі) часткі памешчыцкіх зямель, праводзілася камасацыя (звядзенне у адзін участак дробных сялянскіх палосак з адначасовым высяленнем на хутар) сялянскіх гаспадарак, ліквідаваліся сервітуты (сумесныя землі памешчыкау і сялян), увадзілася асадніцтва, якое было характэрна толькі для Заходняй Беларусі.[1 c.360]
Камасацыя – мерапрыемства, якое прадугледжвала ліквідацыю цераспалосіцы шляхам масавай хутарызацыі. Дзяржава абяцала павялічыць надзелы малазямельных сялян, якія згаджаліся на камасацыю. Аднак сяляне павінны былі плаціць за землеўпарадкаванне кожнага гектара ад 14 да 20 злотых, асобная плата спаганялася за складанне праектаў меліярацыі, утрыманне землеўпарадчыкаў, перанясенне дарог і г.д. Працэс камасацыі меў два этапы – да 1927 г. па дабраахвотнаму прынцыпу, з 1927 г. – прымусовы.
Сервітут – права сялян на сумеснае з памешчыкамі карыстанне зямельнымі ўгоддзямі і лясамі. У 1927 г. сервітутамі карысталася 10% сялянскіх гаспадарак. Пад час правядзення рэформы сервітуты ліквідаваліся, замест іх сяляне атрымлівалі аднаразавую грашовую кампенсацыю.[2 c.162]
З дзяржаўнага фонду атрымлівалі землі асаднікі – польскія ваенныя каланісты, былыя афіцэры і ўнтэрафіцэры польскай арміі. Яны атрымлівалі бясплатна або па невялікім кошце зямельныя ўчасткі з дзяржаўнага фонду па 15-45 га і доўгатэрміновыя крэдыты на ільготных умовах на ўладкаванне гаспадаркі, за кошт дзяржавы будавалі жылыя памяшканні. Землі дзяржаўнага фонду (парцэлі) прадаваліся праз сельскагаспадарчы банк. Памешчыкі, маёнткі якіх падлягалі парцэляцыі, выкарыстоўвалі права выбару пакупніка і рэалізавалі зямлю спекулянтам.[2 c.162]
Вайсковыя асаднікі - гэта ветэраны польскай арміі, якія асабліва адзначыліся пад час Савецка-польскай вайны 1919 − 1921 гг. У знак падзякі вайскоўцам (большасць якіх складалі былыя сяляне і батракі) за праяўленую ў баях з Чырвонай Арміяй мужнасць і храбрасць, а таксама з мэтаю ўздыму сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, забеспячэння харчовай бяспекі дзяржавы, каланізацыі новадалучаных зямель, барацьбы з партызанамі і леварадыкальнымі элементамі, аховы польска-савецкай мяжы, урад Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай) перадаваў асаднікам на ільготных умовах ці навогул бясплатна надзелы зямлі на гэтых тэрыторыях і аказваў ўсялякую дапамогу ў абзавядзенні асабістаю гаспадаркаю.
Насаджэнне вайсковага асадніцтва на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1921 − 1939 гг. распачалося на падставе закона аб вайсковым асадніцтве, прынятым Сеймам Другой Рэчы Паспалітай 17 снежня 1920 г., якім вызначаліся правілы пераходу ў дзяржаўную ўласнасць зямлі шэрагу паветаў адроджанай Польшчы і надзяленні зямлёю польскіх вайскоўцаў, што адзначыліся ў вайне супраць Савецкай Расіі.
Вайсковыя асаднікі вялі ў 1921 − 1939 гг. актыўную і даволі паспяховую культурна-асветніцкую дзейнасць сярод мясцовага насельніцтва з мэтаю распаўсюджвання тут польскага ўплыву і хутчэйшай каланізацыі краю. Неабходна аднак адзначыць, што разам з безумоўным негатывам (асаднікі выступалі перш за ўсё ў ролі каланізатараў), вайсковыя асаднікі ўнеслі ў разглядаемы перыяд значны станоўчы ўклад у павышэнне агульнага культурнага і адукацыйнага ўзроўню заходнебеларускага насельніцтва дзякуючы арганізацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі розных курсаў, і таварыстваў, правядзенню рознага роду выстаў і мерапрыемстваў, стварэнню народных дамоў, школ і бібліятэк. Значнай цяжкасцю і перашкодаю вайсковым асаднікам ў іх культурна-асветніцкай і грамадска-палітычнай дзейнасці ў 1920-1930-я гг. стала малая колькасць літаратуры, якая ў асноўным насіла агранамічны характар, а таксама састарэлыя перыядычныя выданні. Набываць новыя кнігі і перыядычныя выданні вайсковыя асаднікі не мелі магчымасці з-за абмежаваных фінансаў.[4 c.208-209]
Да 1934 г. на тэрыторыы Заходняй Беларусі былі паселены 8742 асаднікі, якія з`яуляліся апорай польскай буржуазіі у краі.
Памешчыкі, кулакі і асаднікі жорстка эксплуатавалі сялян, якія бяднелі і масава разараліся. Многія з сялян выязжалі у пошуках лепшай долі у краіны Заходняй Еуропы, ЗША, Канаду. Толькі з 1925 па 1938г. вымушаны былі эмігрыраваць у іншыя краіны 78 тыс. чалавек.[1 c.360]
У выніку рэформы на Беларусі налічвалася 4.640 ваенных асаднікаў. Пакупку зямлі ажыццявіла частка сярэдніх, бядняцкіх гаспадарак і дробных арандатараў. Да 1935 г. (у параўнанні з 1921 г.) павялічылі свае землеўладанні: бядняцкія гаспадаркі - на 2,1 га, серадняцкія - на 2,7 га, кулацкія - на 3,9 га. Памешчыцкае землеўладанне паменшылася прыкладна на 13%. Прадажа-пакупка зямлі працягвалася да 1939 г. Да 1939 г. на хутары было выселена 43% гаспадарак (каля 50% сялянскай зямлі). Да 1939 г. былі ліквідаваны сервітуты. Большая частка сервітутнай зямлі перайшла памешчыкам, сяляне атрымалі невялікую грашовую кампенсацыю. Ад ліквідацыі сервітутаў больш за ўсіх пацярпелі бядняцкія гаспадаркі. Многія з іх ужо не мелі магчымасці трымаць нават адну карову. Узровень вытворчасці сельскай гаспадаркі 1913 года быў дасягнуты толькі да 1929 года.
Аграрная рэформа мела буржуазны характар. Яна садзейнічала ліквідацыі паўпрыгонніцкіх адносін, канцэнтрацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. У яе выніку ўмацоўваўся стан дробнай сельскай буржуазіі. Але рэформа не знішчыла буйное памешчыцкае землеўладанне, не спыніла збяднення вёскі.
Значнай праблемай была перанаселенасць вёскі. На 1931 г. у заходнебеларускім краі налічвалася прыкладна 700 тыс. чалавек залішняй рабочай сілы. Прамысловасць не развівалася, і немагчымасць рэалізаваць сябе на радзіме вымушала да масавай эміграцыі. З 1925 па 1938 г. эмігрыравала 78,1 тыс. чалавек. Штогод дзесяткі тысяч працоўных выязджалі ў іншыя краіны на сезонныя работы.
Аграрная вытворчасць Заходняй Беларусі знаходзілася ў складаным становішчы. Ствараліся ўмовы для развіцця па капіталістычнаму шляху, але аграрныя рэформы не саправаджаліся аднаўленнем усёй эканомікі краю. Да таго, развіццё капіталістычных адносін у вёсцы ішло па вядомым “прускім шляху”, з захаваннем буйнога памешчыцкага землеўладання і шматлікіх рэшткаў феадалізму.[2 c.163]
- Узровень матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гадах
Роля Заходняй Беларусі як каланіяльнай акраіны Другой Рэчы Паспалітай асуджала значную частку насельніцтва на нізкі жыццёвы ўзровень і беднасць. Агульнай праграмы развіцця сацыяльнай сферы краю не існавала, дабрабыт насельніцтва залежыў ад умоў развіцця гаспадаркі, якая залежыла, ў сваю чаргу, ад перыядычных эканамічных крызісаў.
Вельмі цяжкімі былі ўмовы працы для рабочых прамысловых прадпрыемстваў. Адсутнічала тэхніка бяспекі і аховы працы, наглядаўся рост траўматызму. Працягласць працоўнага тыдня афіцыйна складала 8 гадзін, фактычна – 10-12, у сельскай мясцовасці – 16 гадзін.[2 c.164]
З 1929 г. ва ўмовах крызісу адбываюцца масавыя звальненні, зніжаецца заработная плата, павялічваецца працягласць працоўнага дня, адмяняецца сацыяльнае страхаванне. Законы 1933 г. далі прадпрымальнікам правы павялічваць рабочы дзень, скарачаць водпуск з 8 да 4 дзён, ліквідаваць сістэму сацыяльнага страхавання. Дапамога па хваробе скарачалася з 39 да 26 тыдняў.
У гады крызісаў зніжаўся рэальны заробак рабочых. У 1931 г. ён склаў каля 70%, а ў 1933 г. – каля 40% ад узроўню 1928 г. Адначасова сярэдні заробак беларускага рабочага, а гэта каля 20 злотых у тыдзень, складаў ад 30 да 50% сярэдняга заробку рабочых цэнтральнай Польшчы. Часта яна выдавалася ў выглядзе талонаў у магазін і крамы, дзе рабочыя павінны былі купляць тавары і прадукты па завышаных цэнах. Аплата працы жанчын складала 25-50% ад заробку мужчын. Сельскагаспадарчыя рабочыя атрымлівалі заработную плату пераважна сельскагаспадарчай прадукцыяй.
Афіцыйная колькасць беспрацоўных у Заходняй Беларусі на 1936 г. склала 25,5 тыс. чалавек (улічваліся толькі прамысловыя рабочыя). Рэальнае беспрацоўе было значна большым. Не ўсе афіцыйныя беспрацоўныя атрымлівалі дапамогу, малымі былі яе памеры: у 1936-1937 гг. на аднаго беспрацоўнага ў месяц выдаткавалася 4-5 злотых, для сям’і з 4-5 чалавек – 12-14 злотых, для сям’і з 6 і больш чалавек - 16-20 злотых. Той, хто атрымліваў гэтую дапамогу, павінен быў працаваць на грамадскіх работах. Беспрацоўе –адна з прычын масавай эміграцыі.[2 c.164]
Існавалі дзесяткі розных падаткаў і збораў (пазямельны, царкоўны, капытковы, меліярацыйны, падаходны, дарожны, маставы, канцылярскі, ураўняльны і інш.). Агульная сума падаткаў у 1931 г. было больш у 4 разы за 1913 г. Падатковая стаўка пазямельнага падатку складала з гаспадаркі ад 5 да 15 га – 2,15 злотых з га; з гаспадаркі ад 60 да 100 га - 2,03 злотых з га; з гаспадаркі памерам звыш 2000 га - 1,01 злоты з гектара. За сваечасовым выкананнем сачылі фінансавыя інспектары (секвестратары) і судовыя выканаўцы. Пры невыкананні падатковага абавязку выкарыстоўвалі канфіскацыі маёмасці, экзекуцыі і ліцытацыі (распродаж усёй маёмасці ці яе часткі на публічных таргах).[2 c.165]
Гандлёвая палітыка манаполій адмоўна адбівалася на спажыванні. У 1928 г. для пакупкі аднаго плуга трэба было прадаць 100 кг жыта ці 28 кг свініны, а ў 1935 г. – ужо 270 кг жыта ці 41,5 кг свініны. Нават у заможных сялян з 1930 па 1934 г. спажыванне скарацілася на 70%.
Грамадскія фонды спажывання (выдаткі на адукацыю, культуру, ахову здароўя і інш.) мелі мізерныя памеры. У 1929 г. у заходнебеларускім краі на 3,3 млн. насельніцтва налічвалася 75 бальніц, якія засталіся з часоў Расійскай імперыі. Лячэнне было платным, таму для асноўнай колькасці людзей недаступным.
Насельніцтва заходнебеларускіх земляў у перыяд знаходжання ў складзе Польшчы пакутавалі як ад сацыяльных бедстваў, так і ад нацыяльнага прыгнёту.[2 c.165]
- Культура Заходняй Беларусі ў 20–30-я гады
Зместам нацыянальна-культурнай палітыкі польскіх улад на заходнебеларускіх землях была прымусовая паланізацыя і асіміляцыя мясцовага насельніцтва. Так, да 1938/39 навучальнага года ў заходнебеларускіх ваяводствах не было ніводнай беларускай школы (на 1919 г. іх было каля 400). Насельніцтва, якое валодала беларускай мовай, лічылася непісменным, пазбаўлялася выбарчых правоў. Навучанне вялося ў польскамоўных установах. На 1927/1928 навучальны год было 3,455 школ, дзе вучылася 292,9 тыс. вучняў і 85 гімназій (17,8 тыс. вучняў); на 1937/1938 навучальны год колькасць школ склала лічбу ў 4.421 (гэта 546,6 тыс. вучняў), гімназій – 54 (15,9 тыс. вучняў). Высокая плата за навучанне (220 злотых за год у гімназіі) абмяжоўвала магчымасці асветы.[2 c.166]
Супраць гэтай сітуацыі выступіла Таварыства беларускай школы (ТБШ) – масавая культурна-асветніцкая арганізацыя, створанная у 1921г. У пачатку 1930-х гг. ТБШ налічвала каля 500 гурткоу і за 30 тыс. актывістау. Таварыства змагалася за пісьменнасць насельніцтва, за адкрыцце новых і захаванне існуючых беларускіх школ, стварала клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні, арганізовывала мастацкую самадзейнасць, народныя хары, выдавала падручнікі, спеунікі. Актыуна працавалі сярод насельніцтва драматычныя гурткі, створанныя мясцовымі адзеламі ТБШ.[3 c.369]
Яно дзейнічала на працягу 1921-1937 гг. У розны час яго ўзначальвалі Б.Тарашкевіч, І.Дварчанін, Р.Шырма, П.Пестрак і інш. У канцы 20-х гг. пад націскам грамадскасці было адчынена 18 беларускіх школ. Ідэйным кіраўніком ТБШ стаў вучоны-філолаг, літаратар, аўтар "Беларускай граматыкі для школ" (1918 г.) Браніслаў Тарашкевіч.
Сапраўднымі асяродкамі беларускай мовы і культуры становяцца Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (1926-1936 гг.), беларускія гімназіі ў Вільні (1914-1944), Наваградку, Нясвіжы, Радашковічах, Клецку, Будславе (зачынены ў канцы 20-х – пачатку 30-х гг.). У віленскіх выдавецтвах выходзяць “Хрэстаматыя беларускай літаратуры ХІ век – 1905 год” М.Гарэцкага (1922 г.), “Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)” І.Дварчаніна (1927 г.), падручнікі для беларускіх школ С.Рак-Міхайлоўскага, С.Паўлоўскага, беларускамоўныя часопісы і газеты (“Маланка”, “Шлях моладзі”, “Летапіс ТБШ” (“Беларускі летапіс”), “Беларуская крыніца” і інш.).[2 c.166]