Палітычная сістэма БССР у 1940-1950 гг

Міністэрства  адукацыі Рэспублікі Беларусь

Беларускі дзяржаўны  універсітэт

Юрыдычны каледж БДУ

 

Кафедра агульнаправавых  і

грамадзянска-прававых дысцыплін

 

 

Курсавая работа

 

Палітычная сістэма  БССР у 1940-1950 гг

 

 

 

Выканала:

навучэнка 2 курса 199 групы Юрыдычнага каледжа БДУ аддзялення на аснове агульнай базавай адукацыі

дзённай формы навучання                             Дзерман Вікторыя Васільеўна


 

(подпіс навучэнкі)

 

Кіраўнік:  

Доўнар Тамара Іванаўна

старэйшы выкладчык

 

 

Мінск                                                                                                                                2011

 

Змест

УВОДЗІНЫ……………………………………………………………………2

ГЛАВА 1. ДЗЕЙНАСЦЬ ВЫШЭЙШЫХ ОРГАНАЎ

ДЗЯРЖАЎНАЙ УЛАДЫ І  КІРАВАННЯ БССР

У 1940-1950 гг………………………………………………….....5

Раздзел 1.1. Дзейнасць Вярхоўнага Савета БССР…………………………5

Раздзел 1.2. Дзейнасць Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР…………..8

Раздзел 1.3. Дзейнасць Савета Народных Камісараў (Урада) БССР…….12

ГЛАВА 2. ДЗЕЙНАСЦЬ МЯСЦОВЫХ ОРГАНАЎ

ДЗЯРЖАЎНАЙ УЛАДЫ І  КІРАВАННЯ БССР

У 1940-1950 гг……………………………………………………..19

 ГЛАВА 3. БЕЛАРУСКАЯ ССР НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ………….23

ЗАКЛЮЧЭННЕ………………………………………………………………..27

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ  КРЫНІЦ………………………………………..29

 

УВОДЗІНЫ

Палітычны курс БССР, дзейнасць  органаў улады і кіравання, грамадскі  лад жыцця – усё змянілася, было пакалечана ў час вайны. Тэма аднаўлення жыця беларускага народа заўсёды будзе актуальна для  нас, таму што веданне нашай гісторыі, таго, як нашы дзяды і прадзеды выйшлі з таго цяжкага становішча, якое склалася пад час вайны і пасля  яе, можа быць для нас добрым прыкладам мужнасці і моцнага духу. Таму я выбрала тэму “Палітычная сістэма БССР у 1940-1950 гг.”, з мэтай даследаваць, якім было палітычнае становішча краіны ў 1940-1950 гг., паставіўшы перад сабой наступныя задачы:

  1. Вызначыць парадак фарміравання і дзейнасці вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіраваня;
  2. Вызначыць парадак фарміравання і дзейнасці мясцовых органаў улады і кіравання;
  3. Прасачыць за дзейнасцю БССР на міжнароднай арэне.

Аб’ектам даследавання была абрана, у асноўным, дзейнасць органаў  дзяржаўнай улады і кіравання, бо менавіта праз іх ажыццяўляецца дзяржаўная палітыка. Менавіта яны ў ходзе сваёй дзейнасці адбудоўвалі жыццё знясіленага вайной народа.

У ходзе працы з матэрыялам былі выкарыстаны крыніцы беларускіх навукоўцаў, такіх як Доўнар Т. І., Юхо  Я. А., Круталевіч В. А. і інш. Выбар  крыніц менавіта беларускага выдання  дапамог мне ўбачыць палітычную сістэму БССР менавіта поглядам беларусаў, а не, напрыклад, расіян, якія, у большасці сваёй, заўсёды лічылі Беларусь часткай Расіі.

У ходзе працы быў састаўлены план, на аснове якога будавалася далейшая работа з пошукам неабходных крыніц і інфармацыяй. На працягу работы ўзнікала для больш поўнага аналізу  патрэба ў вывучэнні ўказаў, законаў, якія выдаваліся органамі ўлады таго часу, Канстытуцыі, на аснове якой яны  былі пабудаваны. План пастаянна дапаўняўся, змяняўся, каб праца давала больш поўнае ўяўленне аб падзеях таго часу.

Для працы з інфармацыяй, атрыманай з крыніц, мною выкарыстоўваліся метады сістэмнага аналізу, абагульнення, назірання, якія дапамаглі мне яскрава ўявіць усе асаблівасці палітычнага жыцця нашай краіны ў той час і зрабіць для сябе некаторыя вынікі.

 

ГЛАВА 1. ДЗЕЙНАСЦЬ  ВЫШЭЙШЫХ ОРГАНАЎ ДЗЯРЖАЎНАЙ УЛАДЫ  І КІРАВАННЯ БССР У 1940-1950 гг.

Раздзел 1.1. Дзейнасць  Вярхоўнага Савета БССР

Згодна з Канстытуцыяй БССР 1937 г. Вышэйшым органам дзяржаўнай улады БССР з'яўляўся Вярхоўны Савет БССР (арт. 20). Вярхоўны Савет БССР абіраўся грамадзянамі БССР па выбарчых акругах тэрмінам на 4 гады па норме: адзін дэпутат на 20 тысяч насельніцтва. Вярхоўны Савет БССР ажыццяўляў усе правы, прысвоеныя БССР, паводле артыкулаў 13 і 19 Канстытуцыі БССР, паколькі яны не ўваходзяць, у сілу Канстытуцыі, у кампетэнцыю падсправаздачных яму органаў БССР: Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР, Савета Народных Камісараў БССР і Народных Камісарыятаў БССР. Вярхоўны Савет БССР з'яўляўся адзіным заканадаўчым органам БССР. [16]

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны паставіў перад вышэйшымі органамі ўлады і кіравання Беларускай ССР новыя складаныя задачы, у першую чаргу кіраўніцтва працэсам супраціўлення фашысцкім захопнікам і эвакуацыяй матэрыяльных сродкаў і насельніцтва ў савецкі тыл.

У чэрвені 1942 г. скончыўся  тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання. З улікам ваенных абставінаў яго паўнамоцтвы  былі прадоўжаны на перыяд вайны да 1945 г. Але ўжо 14 лютага 1944 г. быў выдадзены ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета аб скліканні шостай сесіі Вярхоўнага Савета БССР – першай ад часу пачатку вайны, якая праходзіла 21-24 сакавіка 1944 года ў Гомелі. На сесіі абмяркоўвалася пытанне аб вызваленні беларускіх зямель, далейшых задачах барацьбы беларускага народа супраць нямецкіх захопнікаў і бліжэйшых задачах адбудовы народнай гаспадаркі. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў бюджэт рэспублікі на 1944г., справаздачу аб выкананні бюджэта за 1940-1941 гг. Было прынята рашэнне аб утварэнні двух наркаматаў БССР: замежных спраў і абароны, зацверджаны ўказы Прэзідыума Вярхоўнага Савета, якія былі прыняты паміж пятай і шостай сесіямі. [11, с. 217]

24 сакавіка 1944 г. Вярхоўны  Савет БССР прыняў закон “Аб утварэнні Народнага камісарыята замежных спраў”, на падставе чаго быў унесены шэраг дапаўненняў у Канстытуцыю БССР 1937г. Быў уключаны артыкул наступнага зместу: “Беларуская Савецкая СацыялістычнаяРэспубліка мае права ўступаць у непасрэдныя адносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі дамовы і абменьвацца дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўніцтвамі”. Тады ж быў прызначаны і народны камісар замежных спраў. Ім стаў намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР Кузьма Венядзіктавіч Кісялёў. [ 20, с. 203 ].

 Утварэнне дадзенага  наркамата было звязана з тым,  што ў канцы вайны актывізавалася  міжнародная дзейнасць вышэйшых  органаў улады СССР. Так, 1 лютага 1944 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў  закон “Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у вобласці знешніх зносінаў і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі”. Наркамат замежных спраў БССР адразу пачаў актыўна ўдзельнічаць у міжнародных зносінах. Напрыклад, увосень 1944 г. адбываліся беларуска-польскія перамовы па пытаннях змянення дзяржаўнай мяжы. [12, с. 176]

3 ліпеня 1945 г. у Мінску  праходзіла сёмая сесія Вярхоўнага  Савета БССР першага склікання.  Яна вырашыла шэраг пытанняў, у тым ліку прыняла закон “Аб азнаменаванні Перамогі і ўвекавечанні памяці воінаў Чырвонай Арміі і партызан, загінуўшых у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза”. У адпаведнасці з гэтым законам дзень 3 ліпеня станавіўся ўсенародным святам вызвалення Беларусі ад фашысцкіх акупантаў.

У верасні 1946 г. Вярхоўны Савет  БССР зацвердзіў першы пасляваенны  пяцігадовы план узнаўлення і развіцця народнай гаспадаркі на 1946-1950 гг., які  быў распрацаваны на падставе агульнасаюзнага  плана. Зацвердзіў указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб пераўтварэнні Савета Народных камісараў БССР у Савет Міністраў БССР”, аб утварэнні новых саюзна-рэспубліканскіх міністэрстваў і інш.

Першыя выбары Вярхоўнага Савета БССР пасля вайны адбыліся 9 лютага 1947 года. Яны праводзіліся гэтак  жа, як і перад вайной, калі па сутнасці, ніякага выбару не было: у кожнай выбарчай акрузе быў толькі адзін  кандыдат, і ўсе грамадзяне вымушаны былі з’яўляцца на выбары і галасаваць за гэтага кандыдата сваёй акругі. У гэтых выбарах, як і раней, прынялі ўдзел 99,97% выбаршчыкаў, за вылучаных кандыдатаў прагаласавала 99, 57%.

На першай сесіі Вярхоўнага Савета БССР другога склікання, якая адбылася 12-14 сакавіка 1947 г., былі выбраны Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР ў складзе 19 чалавек і зацверджаны склад Урада БССР. Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета быў выбраны Н. Наталевіч (старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у 1948-1967 гадах быў В. Казлоў), а старшынёй Урада – П. Панамарэнка (да жніўня 1948 года). Усе яны фактычна прызначаліся, а не выбіраліся, бо ўвесь дзяржаўны апарат БССР быў падпарадкаваны Цэнтральнаму Камітэту Кампартыі Беларусі і яго прешым сакратарам, якія прызначаліся Масквой. У пасляваенны перыяд гэту пасадую займалі П. Панамарэнка – з 1938-га па 1947 г., М. Гусараў – з 1947-га па 1950 г., М. Патолічаў – з 1950-га па 1956 г., К. Мазураў – з 1956-га па 1965 г. [20, с. 189-190 ]

Ужо ў ліпені 1947 г. адбылася другая сесія Вярхоўнага Савета БССР, на якой быў прыняты закон “Аб змяненні і дапаўненні тэксту Канстытуцыі (Асноўнага закона) Беларускай ССР”. У адпаведнасці з законам за вышэйшымі органамі дзяржаўнай улады рэспублікі было замацавана права на прыняцце заканадаўства аб шлюбе і сям’і, на зацвярджэнне справаздачаў аб выкананні дзяржаўнага бюджэта БССР. Уносіліся ўдасканаленні ў гарантыі правоў грамадзян на адпачынак і адукацыю. Норма аб раўнапраўі мужчыны і жанчыны была дапоўнена палажэннем аб дзяржаўнай дапамозе шматдзетным і адзінокім маці.

У 1957 г. у сувязі з прыняццем  агульнасаюзных законаў былі ўнесены  змяненні ў арт. 13 Канстытуцыі БССР. Да кампетэнцыі рэспублікі было аднесена ўсталяванне абласнога дзялення ў БССР, кіраўніцтва дарожным будаўніцтвам, транспартам і прадпрыемствамі сувязі рэспубліканскага значэння, а таксама прыняцце заканадаўства аб судаўладкаванні і судаводстве, грамадзянскага і крымінальнага заканадаўства.

Развіваецца кантрольна-наглядная  і распарадчая дзейнасць Вярхоўнага Савет БССР, з’яўляюцца новыя камісіі. Апроч бюджэтнай, заканадаўчых прапаноў, па замежных справах і мандатнай  камісій, у 1957г. былі створаны камісіі: па народнай адукацыі і культурна-асветніцкай  рабоце, ахове здароўя і сацыяльнаму  забеспячэнню, жыллёваму будаўніцтву, камунальнай гаспадарцы і добраўпарадкаванню, сельскай гаспадарцы.

Але, трэба адзначыць, што  сесіі Вярхоўнага Савета БССР праходзілі фармальна. Усе дэпутаты дружна і  аднагалосна галасавалі за тыя законапраекты, якія ім прапаноўваліся. За ўвесь пасляваенны  перыяд не было ніводнага выпадку, каб  які-небудзь дэпутат прагаласаваў супраць прапанаванага законапраекта. Кампетэнцыя Вярхоўнага Савета БССР была даволі абмежаванай: ён не вызначаў ні ўнутранай, ні знешняй палітыкі рэспублікі. Ён нават (да 1957 г.) не меў права прымаць  Грамадзянскі, Крымінальны і Працэсуальны кодэксы рэспублікі. Як правіла, Вярхоўны Савет БССР прымаў законы, якія ўдакладнялі  і развівалі законы, прынятыя Вярхоўным  Саветам СССР: аб бюджэце рэспублікі, плане эканамічнага і сацыяльнага  развіцця на бягучы год або на пяцігодку, аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю, выбары службовых асоб, аднесеных  да яго кампетэнцыі. [15, с. 403]

 

Раздзел 1.2. Дзейнасць  Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР

Згодна з артыкулам 29 Канстытуцыі БССР 1937 г. Вярхоўны Савет БССР абіраў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР у складзе: старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, двух яго намеснікаў, сакратара Прэзідыума і 15 членаў Прэзідыума. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР падсправаздачны Вярхоўнаму Савету БССР ва ўсёй сваёй дзейнасці. У перапынках паміж сесіямі Вярхоўнага Савета БССР Прэзідыум лічыўся вышэйшым органам улады.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй 1937 г. Прэзідыўм Вярхоўнага Савета БССР:

  1. склікае сесіі Вярхоўнага Савета БССР;
  2. дае тлумачэнне законаў БССР, выдае ўказы;
  3. праводзіць усенароднае апытанне (рэферэндум);
  4. адмяняе пастановы і распараджэнні Савета Народных Камісараў БССР у выпадку іх неадпаведнасці закону;
  5. у перыяд паміж сесіямі Вярхоўнага Савета БССР, па прадстаўленню старшыні Савета Народных Камісараў БССР, звальняе з пасады і прызначае асобных Народных Камісараў БССР з наступным занясеннем на сцвярджэнне Вярхоўнага Савета БССР;
  6. прысвойвае ганаровыя званні БССР;
  7. ажыццяўляе права памілаванні грамадзян, асуджаных судовымі органамі БССР.[16]

На пачатку Вялікай  Айчыннай вайны дзейнасць Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у асноўным арыентавалася на дзейнасць вышэйшых органаў улады і кіравання  СССР. Так, 4 сакавіка 1941 года Прэзідыўм Вярхоўнага Савета БССР у выкананне Указу Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР прыняў рашэнне падзяліць НКУС БССР на НКУС і НКДБ. У НКУС засталося кіраванне міліцыі, гэта значыць камісарыят унутраных спраў (пасля міністэрства), якое займалася толькі барацьбой з крымінальнай злачыннасцю і забеспячэннем грамадскай бяспекі. Самым цяжкім выпрабаваннем для міліцыі Міншчыны, як і для ўсяго народа, з'явіліся суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны і ўзнаўленне парадку і законнасці ў першыя гады пасля вызвалення ад варожых акупантаў. [19]

25 чэрвеня 1941 г., калі фашысцкія  войскі набліжаліся да Мінска, вышэйшы орган дзяржаўнай улады  – Прэзідыум Вярхоўнага Савета  БССР – пераехаў у Магілёў, а потым у Гомель. Калі ўся тэрыторыя Беларусі была акупіравана немцамі, ён пераехаў у раён горада Арла, а затым ў Маскву.

Ва ўмовах эвакуацыі Прэзідыум  Вярхоўнага Савета БССР працягваў ажыццяўляць  функцыі вышэйшага органа дзяржаўнай улады Беларускай ССР: выдаваў указы аб аб’яднанні наркаматаў, прадаўжэнні паўнамоцтваў органаў улады і г. д.

У гады вайны Прэзідыум  Вярхоўнага Савета БССР прыняў шэраг  указаў, напрыклад ад 6 лютага 1945 г.,якім вызначаўся парадак набыцця савецкага грамадзянства асобамі, якія перасяліліся ў Беларускую ССР з Польшчы на падставе пагаднення ад 9 верасня 1944 г. паміж урадам Беларусі і Польскім Камітэтам Нацыянальнага Вызвалення. Згодна з гэтым нарматыўна-прававым актам усе асобы, якія перасяліліся з Польшчы ў БССР, з моманту іх прыбыцця на тэрыторыю Беларусі набывалі грамадзянства БССР. [3, с.257 ]

З восені 1943 г. пачалося вызваленне тэрыторыі Беларусі, і органы дзржаўнай  улады БССР узнаўляюць сваю дзейнасць  непасрэдна ў рэспубліцы. Пасля вызвалення Гомеля Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР пераехаў з Масквы ў гэты абласны  цэнтр.

Як было ўжо сказана  раней, 14 лютага 1944 г. быў выдадзены  ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета аб скліканні шостай сесіі Вярхоўнага Савета БССР – першай ад часу пачатку вайны. Пасля заканчэння работы шостай сесіі Вярхоўнага Савета дзейнасць Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР істотна актывізавалася. У яго склад уваходзілі аддзелы: інфармацыйна-статыстычны, юрыдычны, па ўліку і рэгістрацыі ўзнагароджаных, па падрыхтоўцы да разгляду хадатайніцтваў аб памілаванні, фінансава-гаспадарчы, а таксама канцылярыя Прэзідыума і прыёмная Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі.

26 сакавіка 1946 г. указам  Прэзідыума Вярхоўнага Савета  БССР у адпаведнасці з нарматыўным  актам СССР Савет Народных  Камісараў БССР быў пераўтвораны  ў Савет Міністраў БССР, а наркаматы  – у міністэрствы. Адначасова быў утвораны шэраг новых саюзна-рэспубліканскіх міністэрстваў. [7]

З 1947 г. па 1956 г. Прэзідыум  Вярхоўнага Савета БССР кіруе арганізацыйна-масавай  працай мясцовых Саветаў і іх выканкамаў, зацвярджае палажэнні аб выбарах, прымае ўказы аб парадку правядзення  выбараў, вырашае пытанні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага  падзелу ў рэспубліцы, здзяйсняе  нарматворчую дзейнасць, ратыфікуе  розныя міжнародныя дагаворы.

25 снежня 1951 г. Прэзідыум  Вярхоўнага Савета БССР прымае Указ “Аб Дзяржаўным сцягу БССР”, у якім быў апісаны яго знешні выгляд, памеры, а таксама будынкі, сродкі руху, на якіх можа быць усталяваны сцяг; мерапрыемствы і тыя дні, у якія сцяг падымаецца на ўсіх будынках:

“Государственный флаг Белорусской ССР поднимается на зданиях всех государственных и общественных учреждений, организаций и предприятий, а также на жилых домах — 8 марта, 22 апреля, 1 и 2 мая, 9 мая, 7 и 8 ноября и 5 декабря. [2]

24 верасня 1955 г. – Указ “Аб Дзяржаўным гімне БССР”

Згодна з указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 30 мая 1959 г. быў вызначаны парадак апублікавання і уступлення ў дзеянне законаў БССР, пастаноў Вярхоўнага Савета БССР, указаў і пастаноў Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У сувязі з гэтым страціла сілу пастанова ЦВК і СНК БССР ад 14 мая 1927 г. “Аб апублікаванні і часе ўступлення ў сілу законаў і распараджэнняў Урада БССР, а таксама распараджэнняў Народных Камісарыятаў БССР”.

У мэтах належнага ўладкавання  справы апублікавання законаў БССР і ўказаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і ўдакладнення тэрмінаў уваходжання  іх у сілу Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР указам ад 30 мая 1959 г. пастанавіў, што ўсе нарматыўныя акты БССР належаць апублікаванню ў “Собрании законов, указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР, постановлений и распоряжений Совета Министров БелорусскойССР” не пазней двухтыднёвага тэрміну пасля іх прыняцця. Важнейшыя з іх належылі таксама шырокаму і тэрміноваму абнародаванню шляхам публікацыі ў газетах “Звязда”, “Советская Белоруссия”. У неабходных выпадках нарматыўныя акты маглі быць абнародаваны па радыё або тэлеграфе. Указы і пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, якія не мелі агульнага значэння або не насілі нарматыўнага характару, па рашэнні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР маглі не публікавацца.

Законы БССР, пастановы і іншыя акты Вярхоўнага Савета БССР, указы і пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР агульнанарматыўнага характару ўваходзілі ў сілу на ўсёй тэрыторыі рэспублікі адначасова па сканчэнні дзесяці дзён пасля іх апублікавання, калі ў саміх актах не быў указаны іншы тэрмін. Усе іншыя акты, якія не мелі агульнанарматыўнага характару, уваходзілі ў сілу адразу з моманту іх прыняцця, калі ў саміх актах не быў указаны іншы тэрмін увядзення ў дзеянне.

Ужо пасля ХХ з’езда КПСС, які адбыўся 14-25 лютага 1956 г. у Маскве, актывізуецца дзейнасць вышэйшых органаў  дзяржаўнай ўлады БССР. Прэзідыум  Вярхоўнага Савета БССР стаў склікаць сесіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі – не радзей за 2 разы ў год.

 

Раздзел 1.3. Дзейнасць Савета Народных Камісараў (Урада) БССР

Згодна з артыкулам 38 Канстытуцыі  БССР 1937 г. Вярхоўны Савет БССР утварае Урад БССР – Савет Народных Камісараў БССР, які з’яўляўся Вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам дзяржаўнай улады БССР. Савет Народных Камісараў БССР адказны перад Вярхоўным Саветам БССР і яму падсправаздачны, а ў перыяд паміж сесіямі Вярхоўнага Савета БССР – перад Прэзідыўмам Вярхоўнага Савета БССР.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй 1937 г. Савет Народных Камісараў БССР:

1) аб'ядноўвае і накіроўвае працу рэспубліканскіх і саюзна-рэспубліканскіх Народных Камісарыятаў БССР і іншых падпарадкаваных яму, гаспадарчых, адміністрацыйных і культурных устаноў, аб’ядноўвае і правярае працу ўпаўнаважаных агульнасаюзных Народных Камісарыятаў;

2) складае народнагаспадарчы план БССР, уносіць яго на зацвярджэнне Вярхоўнага Савета БССР і прымае меры па ажыццяўленні народнагаспадарчага плану;

3) складае дзяржаўны бюджэт БССР і збор мясцовых бюджэтаў БССР, уносіць дзяржаўны бюджэт на зацвярджэнне Вярхоўнага Савета БССР і прымае меры па ажыццяўленні дзяржаўнага і мясцовых бюджэтаў;

4) прымае меры па забеспячэнні грамадскага парадку, абароне інтэрасаў дзяржавы і ахове правоў грамадзян;

5) кіруе і правярае працу выканаўчых камітэтаў акруговых, раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў працоўных;

6) утварае, у выпадку неабходнасці, спецыяльныя камітэты і Галоўныя Кіраванні пры Савеце Народных Камісараў БССР па справах гаспадарчага і культурнага будаўніцтва.

Савет Народных Камісараў БССР выдаваў пастановы і распараджэнні на аснове і ў выкананне дзейсных законаў СССР і БССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Народных Камісараў СССР і правяраў іх выкананне.

У пачатку вайны дзейнасць  Урада вызначалася арганізацыйна-гаспадарчымі задачамі, звязанымі з перабудовай работы прамысловасці і транспарту з улікам ваеннага становішча, эвакуацыяй матэрыяльных сродкаў і насельіцтва ў савецкі тыл. Дзейнасць СНК не перапынялася і пасля яго эвакуацыі, хаця члены наркаматаў лічыліся адкамандзіраванымі ў адпаведныя наркаматы СССР, дзе і працягвалі сваю работу.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 чэрвеня 1940 года быў  устаноўлены жорсткі рэжым працы. Рабочым і служачым дзяржаўных устаноў, заводаў і фабрык забаранялася звальняцца з працы па ўласным жаданні. Усталёўвалася  крымінальная адказнасць за самавольнае  пакіданне працы, за прагул і каралася як крымінальнае злачынства. Пастановай СНК БССР ад 19 верасня 1940 года дзеянне  гэтага Указа распаўсюджвалася і  на рабочых і служачых Белкаапсаюза. У канцы 1939 і ў 1940 гадах, згодна з Дэкларацыямі Народнага сходу Заходняй Беларусі аб нацыяналізацыі зямлі, банкаў і буйной прамысловасці ў заходніх абласцях, Савет Народных Камісараў БССР выдаў шэраг пастаноў аб нацыяналізацыі прадпрыемстваў розных галін прамысловасці, гандлёвых устаноў і жылых дамоў, калі яны перавышалі памер 113 м2. [20, с. 176]

 У мэтах наладжвання  і ўмацавання сувязі з эвакуіраванымі  ў глыбокі тыл грамадзянамі  БССР і паляпшэння сярод іх ідэялагічнай работы Урад БССР у красавіку 1942 г. арганізаваў аддзел па рабоце сярод эвакуіраванага з тэрыторыі Беларусі насельніцтва.

З цягам часу, калі фашысцкія  войскі пачалі здаваць пазіцыі, СНК  БССР у вызваленых ад акупацыі раёнах адразу пачаў разгортваць работу па належнай арганізацыі дзейнасці органаў мясцовага кіравання і ўзнаўленні парушанай вайной народнай гаспадаркі. Для гэтага пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад акупацыі ў маі 1942 г. была створана аператыўная група Дзяржплана пры СНК. Праводзіцца пералік і пошук службовых асоб партыйнага і савецкага апарата БССР. Яны адзываюцца з дзеючай арміі, месцаў эвакуацыі, партызанскіх атрадаў і г. д. На працягу 1943-1945 гг. беларускі Урад вырашыў шматлікія пытанні адносна аднаўлення дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і кіравання, гаспадарчых і культурных устаноў у тых ці іншых вызваленых ад акупацыі раёнах і шляхоў хутчэйшай ліквідацыі наступстваў акупацыі. Так, калі ў 1943 г. па розных пытаннях СНК прыняў 276 пастаноў і распараджэнняў, у 1944 г. – 990, то ў 1945 г. іх было прынята ўжо каля 2 тысяч. [9, с. 255]

 Урад накіроўваў і  пастаянна кантраляваў не толькі  дзейнасць наркаматаў, але і ўсіх іншых органаў рэспублікі, у тым ліку і выканкамаў мясцовых саветаў.

У лістападзе 1943 г. СНК БССР упершыню за ваенныя гады пачаў займацца планам развіцця народнай гаспадаркі рэспублікі. Быў складзены план дзяржаўнага бюджэта на 1944 г. У 1943-1945 гг. пры СНК БССР ствараецца шэраг упраўленняў, камітэтаў, бюро: Упраўленне па дзяржаўнаму забеспячэнню і бытавому ўладкаванню сем’яў ваеннаслужачых і партызан; Галоўнае ўпраўленне лесахімічнай прамысловасці; Камітэт па справах культурна-асветніцкіх устаноў; Упраўленне па транспартнаму асваенню малых рэк; Галоўнае энергетычнае ўпраўленне; Бюро па ўліку і размеркаванню рабочай сілы і інш.

26 чэрвеня 1945 г. старшыня  СНК БССР , які з’яўляўся сакратаром  ЦК КП(б) Беларусі П. К. Панамарэнка  на ХІІ сесіі Вярхоўнага Савета  СССР першага склікання выступіў  з прамовай, ў якой падвёў вынікі вайны:

“…Советская Белоруссия за три года гитлеровской оккупации подверглась огромному разорению. Разрушены промышленность, сельское хозяйство, учреждения культуры, науки, искусства, погибло более половины национальных богатств, уничтожены плоды многолетнего труда белорусского народа. Захватчики разорили колхозы, разграбили или уничтожили их имущество…

Захватчики разрушили  и сожгли тысячи сел и деревень, превратили районы Белоруссии в пустыню. Только в сельской местности гитлеровцы сожгли или разрушили свыше 1200 тыс. жилых домов, хозяйственных построек и культурных учреждений. Многие районы уничтожены целиком. Жизненный уровень  населения в результате немецко-фашистской оккупации резко понизился…

Немецко-фашистскими захватчиками замучены сотни тысяч сынов и дочерей белорусского народа. Память о них взывает о возмездии, о суровом наказании гитлеровских палачей и преступников войны” [8, с.420 ]

З 1946 г.Вышэйшым дзяржаўным органам з'яўляўся Савет Міністраў БССР, ранейшы СНК БССР, які Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 26 сакавіка 1946 г. быў рэарганізаваны. Склад Саўміна фармаваўся зноўку на кожнай першай сесіі Вярхоўнага Савета БССР новага склікання. Аднак на самай справе, ён прызначаўся Бюро ЦК КП(б) Беларусі, а старшыня Савета Міністраў рэспублікі зацвярджаўся ў ЦК ВКП(б) (з 1952 г. ЦК КПСС). У склад Савета Міністраў БССР уваходзілі: старшыня Савета Міністраў, яго намеснікі, старшыня дзяржаўнай планавай камісіі, ад 5 да 35 міністраў, упаўнаважаныя агульнасаюзных міністэрстваў. [5, с. 189-190] Лік членаў Савета Міністраў пастаянна павялічваўся (з 35 да 50 чалавек),і толькі ў сувязі з прынятым ад 23 мая 1957 г. Законам аб стварэнні аднаго адміністрацыйна-эканамічнага раёна на тэрыторыі БССР, у выніку якога было скасавана дзевяць міністэрстваў, склад Савета Міністраў паменшыўся. [14, с. 134]

У пасляваенны час большасць  у Савеце Міністраў БССР складалі не беларусы, а ўраджэнцы іншых  савецкіх рэспублік. Напрыклад, у 1951 годзе ва Урадзе БССР беларусы складалі толькі трэць усіх міністраў. Такая ж прыкладна сітуацыя была ў абласных і гарадскіх партыйных і савецкіх органах. Усё гэта ў рэшце рэшт і прывяло да таго, што ў пасляваенны час беларуская мова была пазбаўлена рэальнага дзяржаўнага статуса, а ўсе дзяржаўныя і партыйныя ўстановы сталі фактычна галоўнымі русіфікатарамі на Беларусі.

Выканаўча-распарадчая дзейнасць  Савета Міністраў ажыццяўлялася  праз агульнанарматыўныя прававыя акты (пастановы), а канкрэтныя пытанні, якія тычыліся асобных прадпрыемстваў і  арганізацый, рэгуляваліся распараджэннямі.

Задачы па аднаўленню і  далейшаму развіццю народнай гаспадаркі рэспублікі абомоўлівалі вялікую арганізацыйную і нарматыўна-прававую дзейнасць  урада. Гэта знайшло адлюстраванне  ў пастановах Савета Міністраў БССР, колькасць якіх у 1946 г. дасягнула 2300, а ў наступныя 12 гадоў – 1500-1600.

У адпаведнасці з пастановай ДКА ад 27 жніўня 1944 г. у апараце  Савета Міністраў БССР 29 жніўня 1944 г. быў створаны аддзел па прыёме і  працаўладкаванні савецкіх грамадзян, якія вяртаюцца з нямецкага зняволення.

Са студзеня 1946 г. аддзел павінен быў кіраваць эвакуацыяй, рассяленнем і гаспадарчым уладкаваннем беларускага насельніцтва, якое перасялялася з Польшчы ў БССР, эвакуацыяй польскага і яўрэйскага насельніцтва з БССР у Польшчу, рэпатрыяцыяй і працоўным уладкаваннем савецкіх грамадзян, якія вяртаюцца з нямецкага рабства, рээвакуацыяй і ўладкаваннем грамадзян, якія вяртаюцца з усходніх абласцей СССР.

У выніку правядзення рада мерапрыемстваў да канца 1945 г. было ўстаноўлена, што з рэспублікі было ўведзена савецкіх грамадзян 399 374 чалавека, у тым ліку дзяцей – 33 244 чалавека. У Рэспубліку вярнулася 214 971 чалавек. [10, с. 596]

У сувязі з перабудовай  кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам і стварэннем сістэмы саўнаргасаў  замест сістэмы міністэрстваў, арганізаваных  па галіноваму прынцыпу ў БССР, як было ўжо сказана раней, было скасавана дзевяць міністэрстваў.

У сувязі з прыняццем закона СССР ад 10 мая 1957 г. “Аб далейшым удасканаленні арганізацыі кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам ” у БССР быў створаны адзіны Саўнаргас, які выступаў як агульны орган дзяржаўнага кіравання народнай гаспадаркай, надзелены пэўнымі выканаўча-распарадчымі паўнамоцтвамі. У прыватнасці ён ажыццяўляў кіраўніцтва даручанымі яму галінамі гаспадарчага жыцця і перададзенымі яму ў падначаленне прадпрыемствамі і рознымі арганізацыямі. У межах сваёй кампетэнцыі, на падставе і ў кантэксце выканання законаў СССР і БССР, а таксама пастаноў Саветаў Міністраў СССР і БССР Саўнаргас рэспублікі выдаваў пастановы і распараджэнні, якія станавіліся абавязковымі для выканання ўсімі падначаленымі яму прадпрыемствамі і арганізацыямі на тэрыторыі БССР. Пастановы і распараджэнні Саўнаргаса БССР маглі быць змененыя, скасаваныя або дапоўненыя Саветам Міністраў БССР. Саўнаргас БССР з’яўляўся калегіяльным органам, а яго структурныя падраздяленні (упраўленні і аддзелы) вырашалі ўсе пытанні на аснове адзінаначалля.

У 1958 г. у Беларускай ССР  на падставе агульнасаюзных нарматыўных  актаў быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне дзейнасці  калгасаў і рэарганізацыю машынна-трактарных станцый (МТС).

Палітычная сістэма БССР у 1940-1950 гг