Паняцце катайконіма і ктайкаманіміі

     ЧАСТКА 1.

     ПАНЯЦЦЕ КАТАЙКОНІМА І  КАТАЙКАНІМІІ 
 

     1.1. Месца катайканіміі ў лексічнай сістэме мовы і ў тапаніміі 

     Раздзел мовазнаўства, які вывучае ўласныя імёны, называецца анамастыкай. Уласныя імены з`яўляюцца індывідуальнымі найменнямі самага шырокага і разнастайнага кола прадметаў, з`яў, паняццяў. Да іх належаць імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, мянушкі, псеўданімы, андронімы – гэтыя імёны называюцца антрапонімамі (ад грэч. anthropos – “чалавек” і onyma – “імя”), а іх сукупнасць антрапаніміяй. Назвы геаграфічных аб`ектаў (населеных пунктаў, абласцей, краін, вуліц, плошчаў, мораў, рэк і інш.) – тапонімы (topos – “месца” і onyma – “імя”). Яны ўтвараюць тапанімію, якая вывучаецца ў асобным раздзеле анамастыкі [18, 91].

     Лінгвістычная ў сваёй аснове, анамастыка ўключае ў сябе гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, культуралагічны, сацыялагічны, літаратуразнаўчы кампаненты, якія дазваляюць выявіць спецыфіку названых аб`ектаў і традыцыі, якія звязаны з найменнямі, што выводзіць анамастыку за межы лінгвістыкі і робяць аўтаномнай дысцыплінай, якая выкарыстоўвае пераважна лінгвістычныя метады, звязаныя з комплексам гуманітарных навук.

     Сучасная  анамастыка – гэта комплексная навукова-лінгвістычная дысцыпліна, якая валодае сваім колам праблем і метадаў. Анамастычныя даследаванні дапамагаюць вывучаць шляхі міграцыі асобных этнасаў, выяўляюць мясціны іх ранейшага знаходжання[2, 162].

     Адным з напрамкаў сучаснай анамастыкі з`яўляецца вывучэнне асаблівасцей і функцыянавання назваў асоб па месцы жыхарства ці нараджэння. Для абазначэння гэтых лексем выкарыстоўваюць тэрмін катайконімы – “агульныя найменні жыхароў па назве месца жыхарства”, ці іх яшчэ называлі “айчынныя словы”, патронімы[18, с. 91-92].

     Лічыцца, што словы, якія абазначаюць асоб па месцы жыхарства, "актыўна ўжываліся ў XI – XIII стст. не толькі ў агульнаўсходнеславянскай, але і старажытнабалгарскай, старажытнапольскай мовах", а гэта "дае аснову меркаваць, што ў XI ст. назвы жыхароў былі распаўсюджаны ва ўсіх славянскіх мовах[18, с. 92].

     Адзначаючы непасрэднасць сувязей тапонімнай і апелятыўнай лексікі, маецца на ўвазе адзін від яе праяўлення: тапонімы прадвызначылі ўзнікненне назваў жыхароў населеных пунктаў, напрыклад, ад Слуцк   случанін, ад Слонім  слонімцы і інш. Гэта ў сваю чаргу абумовіла наяўнасць агульных прыкмет паміж тапонімамі і катайконімамі. Агульнасць выяўляецца перш за ўсё ў будове, напрыклад, аснова аднаго паўтараецца ў аснове другога (Магілёў   магілёўцы), а таксама ў семантыцы, таму што нельга растлумачыць, устанавіць лексічнае значэнне катайконіма інакш, як праз тапонім (слонімцы ‘жыхары Слоніма’)[16, с. 112].

     Спецыфіка тапоніма, адзначаная паводле А.В. Супяранскай, "перададзена" катайконіму: не ад усіх тапонімаў як назваў населеных пунктаў могуць быць утвораны катайконімы, што залежыць не толькі ад лінгвістычных законаў, але і ад экстралінгвістычных фактараў, напрыклад, ад колькасці насельніцтва, адміністрацыйнага статусу населенага пункта. На гэты факт звярнуў сваю ўвагу яшчэ М.В. Ламаносаў: «Многие места имен отечественных не имеют, а особливо незнатные: Клин, Можайск, Верея и прочие, и для того лучше употребляются оные в родительном единственном с предлогом из: из Клина, из Можайска, из Вереи»[11, с. 47].

     Аднак катайконімы істотна адрозніваюцца ад тапонімаў, што звязана з іх аднесенасцю да агульных апелятываў. Тапонімы – гэта другасныя найменні, якія дапаўняюць і ўдакладняюць першасныя і служаць для адрознення аднаго месца ад другога (напрыклад, гарады Магілёў, Слонім і г.д., вёскі Амбросавічы, Ябланава і інш.), а катайконімы належаць да першасных найменняў паняццяў і няма неабходнасці ім мець і другасныя ці ўласныя назвы, напрыклад, аршане, палачане і інш [18, с. 93].

     Вывучаючы катайканімію таго ці іншага рэгіёна патрэбна ўлічваць не толькі сінхранічныя, але і дыяхранічныя адносіны паміж назвамі жыхароў і назвамі населеных пунктаў. У сучаснай мове катайконімы з`яўляюцца словамі, вытворнымі ад айконімаў. Гістарычна многія назвы жыхароў па мясцовасці былі першаснымі ў адносінах да тапонімаў, гэта значыць назіраліся адваротныя словаўтваральныя сувязі.

     Адметнасць катайконімаў і ўнікальнасць іх у культуралагічных адносінах заключаецца перш за ўсё ў спосабах іх намінацыі[11, с. 47]. 

     1.2. Спосабы намінацыі ў катайканіміі 

     Адным з важных, але, на жаль, малараспрацаваных пытанняў беларускага мовазнаўства з'яўляецца ўтварэнне катайконімаў, ці спосабы намінацыі жыхароў населеных пунктаў. У сучаснай беларускай мове яны ўтвараюцца ад асноў геаграфічных назваў пры дапамозе розных суфіксаў.

     Часцей  за ўсё народ-стваральнік гэтай катэгорыі слоў кіруецца інтуіцыяй, асаблівасцямі спалучальнасці фанем і эстэтычнасці іх успрымання. Гэта і ёсць адна з прычын словаўтваральнай варыянтнасці катайконімаў. Напрыклад, у адных мясцовасцях скажуць гамяльчане, мінчане, пінчане, у другіх – гомельцы, мінчукі, пінчукі і інш.

     Паводле колькасці спосабаў намінацыі ў катайканіміі маюцца розныя меркаванні, што абумоўлена як перыядам даследавання катайконімаў, так і мовай іх ужывання. Даследчык старажытнарускай мовы У.А. Гарпініч адзначае чатыры асноўныя спосабы намінацыі апелятыўных найменняў жыхароў на базе тапонімнай лексікі і яе апелятыўных вытворных: 1) катайконімы, утвораныя ад тапонімаў з дапамогай спецыяльных суфіксаў; 2) канструкцыя “родны тапоніма + прыназоўнік з” са значэннем “пражывае ў...”; 3) канструкцыя “назоўнік, які абазначае асобу + адтапонімны прыметнік” са значэннем “жыхары якога-небудзь горада, мясцовасці”; 4) субстантываваныя адтапонімныя са значэннем “жыхары якога-небудзь горада, мясцовасці”, “родам з...”, “пражывае ў...”, “па паходжанні з...”[18, с. 97].

     У сучасных славянскіх мовах У.А. Гарпініч вылучае тры спосабы намінацыі паняцця “жыхары населеных пунктаў” (катайконімаў): 1) словаўтваральная парадыгматызацыя (дэрывацыя), г.зн. утварэнне спецыяльных назоўнікаў са значэннем ‘асоба па месцы жыхарства’ ад тэдонімаў ці ад'ектонімаў; 2) сінтагматызацыя, г.зн. выражэнне зместу “жыхар” сінтаксічным словазлучэннем, абавязковым кампанентам якога з’яўляецца залежны тапонім; 3) семантызацыя ад’ектонімаў, г.зн. ужыванне адтапонімных прыметнікаў у значэнні паходжання[18, с. 97-98].

     У.М. Генкін, даследчык катайконімаў беларускага Паазер’я, у калектыўным манаграфічным даследаванні вылучае пяць спосабаў, якімі выражаецца значэнне “жыхар мясцовасці” ў жывым размоўным маўленні: 1) словаўтваральная парадыгматызацыя, ці дэрывацыя, г.зн. утварэнне спецыяльных назоўнікаў са значэннем ‘асоба ў адносінах да месца жыхарства ці нараджэння’; 2) сінтагматызацыя, г.зн. выражэнне значэння ‘жыхар’ словаспалучэннем, абавязковым кампанентам якога з’яўляецца залежны тапонім, ужыты ў форме роднага склону з прыназоўнікам; 3) семантызацыя ад’ектонімаў, г.зн. ужыванне ў ролі катайконімаў субстантываваных адтапонімных прыметнікаў; 4) дэанімізацыя тапонімаў, г.зн. выкарыстанне ў ролі катайконіма самой геаграфічнай назвы, якая не падвяргаецца якім-небудзь структурным зменам; 5) апісальны спосаб выражэння значэння ‘жгыхар ці ўраджэнец мясцовасці’, калі асноўную сэнсавую нагрузку нясуць ад’ектонімы, але, у адрозненні ад трэцяга спосабу намінацыі, адтапонімныя прыметнікі не падвяргаюцца субстантывацыі[18, с. 98].

     Назвы жыхароў па мясцовасці як ужо адзначалася, уяўляюць сабой вельмі спецыфічны пласт лексікі. Іх своеасаблівасць адлюстроўваецца ў розных рысах, характэрных для гэтага тыпу адтапанімных утварэнняў.

     Для таго каб перадаць значэнне “жыхар (-ы) ці ўраджэнец (-цы) мясцовасці”, выкарыстоўваюцца наступныя спосабы катайканімічнай намінацыі.

     1. Утварэнне катайконімаў шляхам парадыгматызацыі – гэта далучэнне суфікса да ўтваральнай асновы тапоніма, у большасці выпадкаў айконіма, ці выяўленне парадыгматычных сувязей у словаўтварэнні катайконімаў, якія ўстанаўліваюць, што паміж адзінкамі словаўтварэння маюцца як агульныя, так і адметныя ўласцівасці. Так, ад тапоніма Янава ўтвораны назоўнік янавяне, якія паміж сабой фармальна і семантычна суадносяцца (аснова Янава паўтараецца ў янавяне), што іх аб'ядноўвае, але яны ж фармальна (янавяне ўключае на адну марфему – суфікс -ян-е) і семантычна (янавяне азначае ‘жыхары Янава’) адрозніваюцца[18, с. 99].

     2. Апісальны спосаб намінацыі ў катайканіміі вядомы ўсім славянскім мовам, але сфера яго ўжывання ў сучасных мовах абмежавана дыялектным і размоўным маўленнем. Апісальны спосаб прадстаўляе канструкцыю “назоўнік, які абазначае асобу + адтапонімны прыметнік”, у якой асноўную сэнсавую нагрузку нясе ад’ектонім, але ён не падвяргаецца субстантывацыі, як пры семантызацыі.

     Для наймення асобы выкарыстоўваецца канструкцыя ‘асабовы назоўнік + адтапонімны прыметнік’ са значэннем ‘жыхар пэўнай мясцовасці’, напрыклад: мурмішскія людзі ад Мурмішкі; бучанская дзяўчына ад Бучаны і г.д[18. с. 104].

     3. Сутнасць сінтагматызацыі заключаецца ў выражэнні значэння ‘жыхар населенага пункта’ не аднаслоўна, а спалучэннем слоў, у нашым выпадку словазлучэннем ‘прыназоўнік з + тапонім у форме роднага склону’[18, с. 105]. Напрыклад: родам з Браслава, чалавек з Карнялёва…[10, с. 7]

     4. Дэанімізацыя, ці лексіка-семантычны спосаб утварэння катайконімаў. Асновай для вылучэння дэанімізацыі менавіта як рэгулярнага спосабу словаўтварэння назваў асоб па мясцовасці паслужыў факт выкарыстання ў якасці катайконімаў саміх геаграфічных назваў.

     У ролі ўтваральнай асновы пры дэанімізацыі выступаюць геаграфічныя назвы двух тыпаў: 1) тапонімы ў форме субстантываванага прыметніка множнага ліку з суфіксам -ск- (-цк-): Астраўскія, Пятніцкія і г.д. [Сёння Пятніцкія ўжо касілі], 2) тапонімы ў форме множнага ліку з фармантамі: -цы, -нікі; -аўцы; -оўцы; -еўцы; -енкі; -ёнкі і некаторымі інш.: Запаснікі, Цілеўцы, Крывасельцы. Відавочнай з’яўляецца семантычная сінанімія тапафармантаў другой групы. Усе пералічаныя суфіксы выражаюць значэнне “асобы, якія аб’яднаны агульнай прыметай, адзначанай у аснове”. Літаратурная мова не прымае гэтага спосабу словаўтварэння катайконімаў, таму назвы асоб па мясцовасці “абраслі” дадатковымі афіксамі. Параўн.: запаснікі - запаснікаўцы; крывасельцы - крывасяльчане і г.д. Гутарковая мова тым не менш традыцыйна захоўвае дэанімізаваныя назвы.

     5. Семантызацыя ад'ектонімаў, ці ўтварэнне катайконімаў шляхам субстантывацыі прыметнікаў (данькаўскія касілі – ад назвы населенага пункта Данькі, браслаўскія прыехалі – ад Браслаў; аршанскія перамаглі – ад Орша і г.д.). У гутарковай мове гэта асноўны, найбольш ужывальны спосаб перадачы значэння “жыхар ці ураджэнец мясцовасці”, але ен не адпавядае патрабаванням большасці стыляў літаратурнай мовы. Такія назвы жыхароў лічацца гутарковымі[10, с. 7].

     Катайконімы фарміруюцца і доўгі час функцыянуюць у жывой гутарковай мове, звычайна ў дыялектах. Літаратурная мова прымае толькі тры з пяці пералічаных  спосабаў катайканімічнай намінацыі. За межамі літаратурнай мовы застаюцца  такія спосабы найменавання жыхароў па мясцовасці, як семантызацыя ад’ектонімаў і дэанімізацыя тапонімаў. Пры гэтым словаўтваральная парадыгматызацыя з’яўляецца найбольш перспектыўным спосабам намінацыі[11, с. 49].

     Звернімся да фактараў, якія абумоўліваюць выбар  таго ці іншага спосаба намінаціі. Можна сцвярджаць, што ў ліку гэтых фактараў ёсць як унутрыязыкавыя, так і экстралінгвістычныя.

     Унутрымоўнымі (лінгвістычнымі) фактарамі, якія вызначаюць выбар спосаба катайканімічнай намінацыі, з`яўляюцца: характар асновы тапоніма; дыялектныя асаблівасці рэгіёна; стыль, у якім ужываецца гэта ці іншая форма намінацыі.

     З экстралінгвістычных фактараў, якія робяць уплыў на выбар спосаба  катайканімічнай намінацыі, трэба  вылучыць такія, як 1) адміністрацыйны  статус мясцовасці; 2) працэсы міграцыі насельніцтва і 3) пашырэнне арэала бытавання адтапонімнай лексікі.

     Большасць катайконімаў ужываецца ў вуснай мове мясцовых жыхароў на адносна  малых тэрыторыях і таму не знаёма асноўнай масе жыхароў. З аднаго боку, гэта ўмова забяспечвае вельмі доўгую захаванасць мясцовых формаў намінацыі. З другога – міграцыя насельнецтва, развіццё інфармацыйнага абмену, узрост ролі сродкаў масавай інфармацыі прыводзіць да рэзкага павілічэння колькасці асоб, якія выкарыстоўваюць у сваёй вуснай мове тыя ж лексічныя адзінкі. На гэтым этапе значную ролю пачынаюць адыгрываць эмацыянальна-ацэначныя фактары, якія раней не ўплывалі на выбар мадэлі катайканімічнай намінацыі, так як “правільным” лічыўся катайконім, які гістарычна склаўся і быў прыняты насельніцтвам гэтай мясцовасці.

     Дадатковае  размежаванне катайконімаў, заснавана на прынцыпе “свой-чужы”, які рэалізуецца двума шляхамі: па-першае, праз іншы спосаб катайканімічнай намінацыі; па-другое, шляхам выбара нетыповай ці малахарактэрнай для гэтай мясцовасці словаўтваральнай мадэлі. Найбольш выразна гэтая тэндэнцыя праяўляецца на тых тэрыторыях, дзе кампактна пражывае разнароднае ў нацыянальным, рэлігійным ці канфесіянальным плане насельніцтва[11, с. 50].

     Вывучэнне катайконімаў прадугледжвае не толькі іх збор, але і стылістычную дыферэнцыяцыю, якая дазваляе выбраць варыянт, адпаведны нормам літаратурнай мовы. Нармалізацыя адтапонімнай лексікі па-ранейшаму з’яўляецца актуальным накірункам прыкладной лінгвістыкі.

     Пры размежаванні катайконімаў неабходна  ў першую чаргу кіравацца агульнамоўнымі крытэрыямі вызначэння нарматыўных варыянтаў. Адным з асноўных прынцыпаў такой дыферэнцыяцыі з’яўляецца прынцып гістарычнасці: менавіта тыя формы, якія склаліся гістарычна, маюць першачарговае права лічыцца нарматыўнымі. Але гістарычна правільныя варыянты часам выцясняюцца больш новымі, прычым ненатуральнымі намінацыямі.

     Другі крытэрый прадугледжвае ўлік рэгулярнасці выкарыстання таго ці іншага варыянта. Дадзены крытэрый можа выкарыстоўвацца з пэўнымі агаворкамі. Звычайна разам з крытэрыямі распаўсюджанасці варыянта ўлічваюць аўтарытэтнасць крыніцы, адкуль ён быў узяты. Гэты прынцып эфектыўны пры ўстаноўцы акцэнталагічных норм. Катайконімы тут могуць адсутнічаць. Газетная мова нярэдка апірыруе ненатуральнымі варыянтамі, а ў мастацкай літаратуры сустракаюцца адзіночныя выпадкі выкарыстання катайконімаў[11, с. 58].

     З улікам словаўтваральных і іншых  асаблівасцей катайконімаў адзначаецца  наступнае.

     1. Лічыць найбольш адпаведнымі літаратурнай мове можна толькі тыя адтапонімныя дэрываты, якія ўтвараюцца ад поўнай асновы афіцыйнай назвы мясцовасці.

     2. Выбіраючы з двух ці некалькіх варыянтаў, аддаваць перавагу патрэбна тым дэрыватам, у працэсе ўтварэння якіх не адбываецца глыбокіх марфалагічных зменаў. Іншымі словамі, болей пераважнымі з’яўляюцца аглюцынацыйныя словаўтваральныя мадэлі. Пад аглюцынацыяй (ад лац. аgglutinationпрыклейванне) разумеецца “спосаб слова- і формаўтварэння, пры якім да асновы ці корня <…> далучаюцца стандартныя адназначныя марфемы”. Пры аглюцынацыі слава ўтвараюцца шляхам механічнага далучэння стандартных афіксаў. Аглюцынацыю звычайна супрацьпастаўляюць фузіі (ад лац. fusio – сплаўленне). Фузія – гэта марфалагічна абумоўленнае фармальнае ўзаемапранікненне марфем, пры якім паводзіны марфалагічных граніц робяцца цяжкімі. Такім чынам, аглюцынацыя дазваляе практычна ў поўным выглядзе захаваць ў вытворных аснову матываванага тапоніма і тым самым палегчыць працэс яе рэканструкцыі, гэта значыць зрабіць больш відавочнай сувязь паміж тапонімам і адтапонімнымі дэрыватамі[6, с. 117].

     3. Пры разглядзе дэрыватаў, матываваных  састаўнымі тапонімамі, мэтазгодна  лічыць правільнымі ад’ектонімы і катайконімы, утвораныя складанасуфіксальным спосабам ад абодвух частак геаграфічнай назвы.

     4. Прыстасавана да катайконімаў спецыфічным будзе і крытэрый гістарычнасці: не ўсялякая гістарычна складзеная і гістарычна правільная форма наймення жыхароў можа разглядацца як нарматыўная з пазіцыі сінхраніі[5, с. 36].

     З пункту гледжання сучаснай мовы, катайконімы  ўваходзяць у якасці дэрыватаў у  словаўтваральнае гняздо айконімаў. У навуковай літаратуры існуе два пункты поглядаў, адносна словаўтваральных адносін паміж тапонімамі і назвамі жыхароў па мясцовасці. Згодна з першым пунктам погляду, словаўтварэнне назваў жыхароў па мясцовасці ажыцяўляецца на базе асновы ад’ектоніма, г.зн. ад айконімаў спачатку ўтвараюцца прыметнікі, а ўжо ад іх – катайконімы (А.Г. Лыкава, Г.З. Земкова і інш.).

     Другая  частка даследчыкаў (І.І. Кавалік, В.П. Даніленка, А.В. Суперанская і інш.) лічаць, што  катайконімы ўтвараюцца непасрэдна ад назвы мясцовасці[18,101] . 

     1.3 Класіфікацыя 

     Апісанне  словаўтварэння назваў жыхароў патрабуе выяўлення прадукцыйнасці і асаблівасцей рэалізацыі словаўтваральных тыпаў мадэлі. Словаўтваральны тып – гэта асноўная адзінка класіфікацыі вытворных слоў. У адзін тып аб’ядноўваюцца словы, якія ўтвараюцца аднолькавым спосабам ад адной і той жа часціны мовы. Галоўнай умовай вылучэння словаўтваральнага тыпу з’яўляецца агульнасць фарманта.

     Словаўтваральная  мадэль – гэта больш дробная ў параўнанні з словаўтваральным тыпам адзінка класіфікацыі. У межах аднаго словаўтваральнага тыпу вылучаецца некалькі мадэлей.

     Словаўтваральны тып з суфіксам -ц(ы)

     1. Аснова тапоніма ў форме ніякага роду на -ова, -ава, -ева, -ёва, -эва;

     2. Асновы тапонімаў у форме мужчынскага, жаночага і ніякага роду, а таксама тапонімаў у форме множнага ліку на [н] ці [н`] +ц(ы);

     а) ад тапонімаў у форме мужчынскага  роду;

     б) ад тапонімаў у форме жаночага роду;

     в) ад тапонімаў у форме ніякага  роду;

     г) ад тапонімаў у форме множнага ліку;

     3. Аснова тапоніма ў форме жаночага  роду з тапафармантам -шчын(а) +ц(ы).

     4. Аснова тапоніма ў форме жаночага  роду на -ка +ц(ы).

     5. Аснова тапоніма у форме множнага ліку на -ічы +ц(ы).

     6. Аснова тапоніма ў форме жаночага і мужчынскага роду на [л`] + ц(ы).

     Катайконімы з суфіксамі -оўц-ы, -аўц-ы, -еўц-ы

     1. Тапонімы ў форме мужчынскага  роду з асновай на цвёрды  ці заднеязычны, радзей з асновай  на мяккі зычны.

     2. Тапонімы ў форме ніякага роду  з асновай на цвёрды, заднеязычны  ці мяккі зычны.

     Катайконімы з суфіксамі -анц-ы/-янц-ы, інц- ы, -енц-ы

     1. Катайконімы гэтага тыпу, матываваныя  тапонімамі ў форме жаночага  роду, якія ўтвараюцца ад усечанай  асновы на –ца.

     2. Катайконімы з суфіксамі -анц-ы/-янц-ы, інц- ы, -енц-ы могуць быць матываванымі тапонімамі ў форме ніякага роду з рознымі тыпамі асноў.

     3. Катайконімы, матываваныя назвамі  ад’ектыўнага тыпу.

     4. Катайконімы разглядаемага словаўтваральнага  тыпа могуць быць матываваныя  тапонімамі ў форме множнага  ліку.

     Словаўтваральны тып з суфіксам -ан(е)

     1. Тапонімы ў форме мужчынскага роду.

     2. Тапонімы ў форме жаночага  роду.

     3. Тапонімы ў форме ніякага роду.

     4. Тапонімы ў форме множнага  ліку.

     5. Тапонімы ад’ектыўнага тыпа.

     Катайконімы з суфіксам -чан-е.

     Такім чынам, згодна з прапанаванай класіфікацыяй  можна даследаваць катайконімы  Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

     Частка 2.

     КАТАЙКОНІМЫ БЯРОЗАЎСКАГА РАЁНА  БРЭСЦКАЙ ВОБЛАСЦІ 
 

     2.1 З гісторыі Бярозаўскага раёна 

     У спадчыну ад мінулых пакаленняў нам засталася вялікая колькасць назваў мясцовасцей, рэк і азер, палей, урочышч і іншых аб’ектаў. Усе яны ўзніклі выпадкова. Кожная назва з’яўляецца адлюстраваннем розных характэрных асаблівасцей аб’екта і нясе ў сабе глубокі сэнс. Спробы растлумачыць паходжанне назвы сваёй мясцовасці прывялі да з’яўлення розных паданняў, якія ўвайшлі ў скарбніцу народнай творчасці. Аднак няшмат тых, хто даследуе менавіта паходжанне назвы жыхароў па месцы жыхарства, таму мы паспрабуем разгледзіць гэтае пытанне з дапамогай метадаў катайканіміі.

     Бярозаўскі  раён – гэта адміністрацыйная адзінка  ў цэнтральнай частцы Брэсцкай вобласці. У раёне налічваецца 114 населеных пунктаў, з іх весак – 112. Найбольш буйнымі з’яўляюцца Бяроза, Белаазёрск, Малеч, Першамайская, Спорава, Здзітава, Бронная Гара, Сялец.

     У межах Бярозаўскага раёна знаходзяцца  некалькі населеных пунктаў, якія маюць  аднолькавую назву.

     Па  колькасці насельніцтва Бярозаўскі раён займае другое месца сярод раёнаў Брэсцкай вобласці, у ім налічваецца 68 900 чалавек.

     15 аб’ектаў Бярозаўскага раёна ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Найбольш значныя з іх Чэрнякоўская Свята-Мікалаеўская царква (1725 г.), руіны кляштара картэзіянцаў (17 ст.), Сігневіцкі Рымска-каталіцкі касцёл Святой Дзевы Марыі (1795 г.)[9, с. 23-24]. 

     2.2 Словаўтваральная характарыстыка катайконімаў Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці 

     Самым распаўсюджаным на тэрыторыі Бярозаўскага раёна з’яўляецца словаўтваральны тып з суфіксам -ц(ы). Фармант -ц(ы) здольны спалучацца з самымі рознымі тыпамі вытворных тапанімічных асноў.

     1. Аснова тапоніма ў форме ніякага роду на -ова, -ава, -ева, -ёва эва +ц(ы): Альшэва – альшэўцы; Кашалёва – кашалёўцы; Чарнякова -чарнякоўцы; Марможава – марможаўцы; Парослава – парослаўцы; Здзітава – здзітаўцы (некалькі нас. пунктаў); Постолава – пастолаўцы; Еленова – еленаўцы; Сакалова – сакалоўцы; Мар’янова – мар’яноўцы; Спорава – спараўцы.

     2. Асновы тапонімаў у форме мужчынскага,  жаночага і ніякага роду, а  таксама тапонімаў у форме множнага ліку на [н] ці [н`] +ц(ы):

     а) ад тапонімаў у форме мужчынскага  роду: Дзягелец – дзягельцы; Шылін – шылінцы; Жычын – жычынцы; Вайцяшын – вайцяшынцы; Вінін – вінінцы;

     б) ад тапонімаў у форме жаночага роду: Стрыгінь – стрыгінцы;

     в) ад тапонімаў у форме ніякага роду: Совіна – совінцы;

     г) ад тапонімаў у форме множнага ліку: Нівы – ніўцы; Угляны – углянцы; Утраны – утранцы.

     3. Аснова тапоніма ў форме жаночага роду з тапафармантам -шчын(а) +ц(ы).

     Неабходнасць  адасаблення гэтай словаўтваральнай мадэлі і неўключэння яе ў папярэдні тып абумоўлена тым, што ў большасці выпадкаў ва ўтварэнні ад’ектонімаў прымае ўдзел усечаная (без тапафарманта –шчын(а)) аснова тапоніма[11, с. 64]. Селаўшчына – селаўцы; Пляхаўшчына – пляхаўцы.

     Выпадкі ўтварэння катайконімаў ад поўнай асновы тапонімаў гэтага тыпу рэдкі: Кураўшчына – кураўшчынцы.

     4. Аснова тапоніма ў форме жаночага  роду на -ка +ц(ы): Пясчанка – пясчанцы; Сасноўка – сасноўцы; Вашчанка – вашчанцы; Асека – асеўцы.

     5. Аснова тапонімаў у форме множнага ліку на -ічы +ц(ы): Маневічы – манеўцы; Лясковічы – ляскоўцы; Перасудавічы – перасудаўцы; Машковічы – машкоўцы; Аляхновічы – аляхноўцы; Віснявічы – вісняўцы; Грыцавічы – грыцаўцы; Давыдавічы – давыдаўцы; Паўлавічы – паўлаўцы; Мацвеевічы – мацвееўцы; Судзілавічы – судзілаўцы; Анісавічы – анісаўцы; Міхнавічы – міхнаўцы; Нарутавічы – нарутаўцы; Ярцавічы – ярцаўцы; Сігневічы – сігнеўцы; Панасавічы – панасаўцы; Ясевічы – ясеўцы.

     Адтапонімнае  словаўтварэнне ажыцяўляецца на базе ўсечанай асновы геаграфічных назваў. Так утвараюцца катайконімы толькі тады, калі тапонім заканчваецца на -овічы, -явічы, -эвічы, -евічы. Пры адсутнасці структурнага элемента -ов (-ав-, -эв-,-ев-) ўтварэнне назваў жыхароў можа адбывацца па іншай мадэлі: Хомічы – хоміўцы; Падкраічы – падкраіўцы; Равяцічы – равяціўцы; Свадзьбічы – свадзьбіўцы.

     6. Аснова тапоніма ў форме жаночага і мужчынскага роду на [л`] + ц(ы): Маравіль – маравільцы; Ястрабель – ястрабельцы.

     Катайканімічны  фармант -ц(ы) можа таксама спалучацца з тапанімічнымі асновамі розных тыпаў, якія заканчваюцца на цвёрды зычны (уключая і асновы на цвёрды зычны, які не мае пары па мяккасці)[18, с. 66]: Лукомер – лукомерцы; Карпяшы – карпяшцы; Залужжа – залужцы; Міхалінок – міхалінцы.

     У гэтым выпадку катайканімічны суфікс далучаецца да поўнай асновы тапоніма. Выключэнне складаюць асновы на падвоенны зычны, дзе адзін з падвоенных усечаны: Залужжа – залужцы.

     Гэтую словаўтваральную мадэль нельга аднесці  да ліку станоўчых. Часцей катайконімы  ад асновы тапоніма на цвёрды зычны ўтвараюцца пры дапамозе іншых суфіксаў. Асабліва прадуктыўны тут суфікс -аўц-ы: Лукомер – лукомераўцы; Варажбіты – варажбітаўцы; Крываблоты – крываблотцы.

     Фармант -ц(ы) здольны далучацца і да асноў тапонімаў у множным ліку на -к- (уключая назвы на -онкі, -енкі, ішкі, -ышкі). Пры ўтварэнні катайконімаў тут прымае ўдзел усечаная аснова, тапоніма, усячэнню падпарадкоўваецца тапанімічны суфікс (ці частка тапасуфікса) -к-і: Навасёлкі – навасёлцы.

Паняцце катайконіма і ктайкаманіміі