Сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё Ашмянскага раёна ў 1953 – 1985 гг



Міністэрства  адукацыі Рэспублікі Беларусь

УА “Гродзенскі дзяржаўны  універсітэт імя Янкі Купалы”

 

 

 

 

Факультэт гісторыі і сацыялогіі

Кафедра гісторыі Беларусі

 

 

 

Лугін Аляксандр Васільевіч

 

 

 

Сацыяльна-эканамічнае  і культурнае развіццё Ашмянскага раёна  ў 1953 – 1985 гг.

 

 

 

Курсавая праца

Студэнта 4 курса завочнай формы навучання

 

 

 

 

 

 

Навуковы кіраўнік:

кандыдат гістарычных навук,

дацэнт кафедры гісторыі Беларусі

Івашчанка Наталля  Альбертаўна

 

 

 

 

 

Гродна 2009

ЗМЕСТ

 

УВОДЗІНЫ..........................................................................................3-4

 

ГЛАВА 1. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦЫ....................................5-7

 

ГЛАВА 2. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ І КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ АШМЯНСКАГА РАЁНА Ў 1953 – 1985 ГГ...............8-34

    1. Развіццё сельскай гаспадаркі.......................................8-14
    2. Падпрыемствы, арганізацыі і ўстановы Ашмянскага раёна………………………………………….………15-26
    3. З гісторыі самадзейных калектываў, устаноў

адукацыі і культуры Ашмяншчыны..........................27-34

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ...............................................................................35-36

 

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ.................37-39

 

дадаткі………………………………………………………….40-44

 

 

 

 

 

 

 

УВОДЗІНЫ

 

Актуальнасць

     На рацэ Ашмянка, за 220 км на паўночны ўсход ад Гродна знаходзіцца горад Ашмяны. У крыніцах другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў часта сустракаецца меркаванне, што Ашмяны ўжо існавалі ў 1040 годзе (год паходу Яраслава Мудрага на Літву). У “Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай” Ашмяны ўпамінаюцца ў 1341 годзе. Горадам і навакольнымі землямі валодалі вялікія літоўскія князі Гедзімін, Яўнут, Альгерд, Ягайла, пазней – феадалы Я.Юндзіловіч, В.Насілоўская і інш.

     У Ашмянах  на левым беразе ракі Ашмянкі  знаходзіўся замак, быў пабудаваны  парафіяльны касцёл (1391 г.), царква (1840 г.), мураваны касцёл францысканцаў (1882 г.), дамініканскі касцёл Святой Троіцы (1667 г.), кальвінскі збор, гімназія імя Я.Снядэцкага (дзейнічала ў 1918 – 1939 гг.), народны тэатр і інш.

      Ашмяншчына - край шматвекавой багацейшай гісторыі. З ХІV стагоддзя ён адлічвае найбольш цікавыя і летапісныя старонкі свайго існавання, а яны слаўныя і гераічныя, драматычныя і трагічныя. Не абмінулі яе ўсе войны і рэвалюцыі, якія прайшлі праз Беларусь. Яны пакінулі свой след не толькі ў помніках і абелісках, якімі так багата Ашмянская зямля, але ў душах і сэрцах, лёсах тутэйшых людзей, а ўсё гэта прывяло да змяненняў у сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці Ашмяншчыны. Гісторыя Ашмян і раёна ўжо даўным-даўно знаёма археолагам, гісторыкам і проста цікаўным жыхарам гэтай мясцовасці. У раёне працуюць гісторыка-краязнаўчыя музеі, выставы, распрацоўваюцца турыстычныя маршруты. На сённяшні дзень у раёне праходзяць навукова-практычныя гістарычныя канферэнцыі, на якіх навукоўцы з Беларусі, Літвы і ншых краін прадстаўляюць свае працы па вывучэнню гісторыі  Ашмяншчыны. Таксама ў раёне праз пэўны прамежак часу праводзяцца Гальшанскія чытанні (апошнія прайшлі ў красавіку 2009 года). Ініцыятарам правядзення Гальшанскіх чытанняў выступае Валянціна Міхайлаўна Лузіна (настаўніца беларускай мовы і літаратуры, да 2008 года – намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама, з 2008 – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь).

     У апошні  час вельмі актыўна вядзецца  праца не толькі па вывучэнню гісторыі роднага краю, але і па захаванню матэрыяльнай базы музеяў.

     Мне, як  будучаму гісторыку і жыхару  горада Ашмяны, таксама не абыякава гісторыя і культура гэтага краю. Усё вышэй пералічанае дало мне магчымасць выбраць і спыніцца менавіта на гэтай тэме, а самае галоўнае сцвярджаць аб яе актуальнасці на сённяшні дзень.

 Мэтай маёй курсавой працы:

Даследаваць сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё Ашмянскага раёна ў 1953 – 1985 гг.

Для дасягнення дадзенай мэты перад сабой я паставіў наступныя задачы:

1.     Правесці аналіз літаратуры і крыніц па абранай праблеме.

2.     Апісаць  сацыяльна-эканамічнае і культурнае  развіццё Ашмянскага раёна   

        ў 1953 – 1985 гг.

3.     На аснове прааналізаванага і адабранага матэрыялу зрабіць вынікі па  

        дадзенай тэме.

Аб’ектам даследавання з’яўляецца:

Гісторыя Ашмянскага раёна.

Прадмет даследавання:

Сацыяльна-эканамічнае  і культурнае развіццё Ашмянскага раёна  ў 1953 – 1985 гг.

 

 

 

 

 

 

 

ГЛАВА 1

ГІСТАРЫЯГРАФІЯ  І КРЫНІЦЫ

 

     Гісторыя  Ашмяншчыны багатая і цікавая, але не ва ўсіх крыніцах можна знайсці дакладную і поўную інфармацыю пра сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё гэтага рэгіёна. У адных крыніцах большая ўвага надаецца сельскай гаспадарцы, у другіх – прамысловым прадпрыемствам, у трэціх крыніцах змешчаны матэрыял пра культурнае жыццё раёна, у чацвёртых крыніцах апісваюцца помнікі гісторыі і культуры і г.д. Таму прыходзіцца выбіраць, аналізаваць і сістэматызаваць матэрыял, атрыманы з розных крыніц.

     Разнастайны  матэрыял па тэме курсавой працы можна знайсці ў фондах Лідскага архіва Гродзенскай вобласці. У фондзе Р-1149 размешчаны матэрыял рашэнняў, пратаколаў, справак Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў і працоўных. Фонд дастаткова багаты і закранае ўсе сферы жыцця: сельскую гаспадарку, прамысловаць, адукацыю і культуру, дзейнасць розных прадпрыемстваў і устаноў раёна. Фонд Р-1155 змяшчае дакументы аб дзейнасці сельскіх Саветаў, устаноў культуры і аховы здароўя. 

     У некаторых  крыніцах вельмі мала даецца  звестак па тэме курсавой працы [1;2], але карыстаючыся імі мы можам коратка пазнаёміцца з гісторыяй і з сучасным развіццём Ашмянскага раёна. Змяшчаецца інфармацыя пра заснаванне горада Ашмян (паводле “Хронікі Літоўскай і Жамойцкай”).  Увогуле гэтыя крыніцы можна выкарыстоўваць для звычайных чытачоў, якія хочуць атрымаць агульныя звесткі пра іх родны куток.

     У працы  В.В.Шведа і інш. [3] мы сустракаем звесткі пра гісторыю, развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці, культурным жыцці раёна. Змешчана многа фотаздымкаў.

     Лістаючы старонкі некаторых крыніц [30] мы можам пазнаёміцца з усімі гарадамі і раённымі цэнтрамі Беларусі, у тым ліку і з Ашмянамі. Даюцца разнастайныя звесткі: план горада Ашмян, гісторыя і сацыяльна-эканамічнае развіццё, а таксама з інфармацыйных раздзелаў можна атрымаць уяўленне аб найбольш актыўных суб’ектах прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

     У выданні  “Збор помнікаў гісторыі і  культуры Беларусі” [9] змяшчаецца многа матэрыялу пра помнікі гісторыі, археалогіі, архітэктуры і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Значная ўвага надаецца помнікам савецкага перыяду. Кожнаму помніку прысвечаны артукул, у якім дадзена характарыстыка яго гістарычных і мастацкіх каштоўнасцей. Гэтае выданне даволі грунтоўна і поўна апісвае помнікі. Змешчана шмат фотаздымкаў. Дякуючы гэтаму можна пазнаёміцца са знешнім выглядам помніка.

     У працы  У.А. Малішэўскага і П.М. Пабокі [4] змяшчаюцца гістарычныя звесткі пра горад Ашмяны, яго мінулае і сённяшні дзень. Таксама знаходзім звесткі пра колькасць населеных пунктаў у розныя часы, дзейнасць ашчадных касаў і банкаў, некаторых прадпрыемстваў раёна. Затое развіццё сельскай гаспадаркі ў працы апісана недастаткова.

     Пра вызваленне  Ашмянскага раёна ад нямецка-фашысцкіх  захопнікаў і развіццё гаспадаркі ў пасляваенны час можна даведацца з матэрыялаў працы В.Э. Шомадзі [32]. Аўтар коратка, але канкрэтна апісвае вызваленне раёна, дае звесткі аб аднаўленні дзейнасці калгасаў і саўгасаў.

     Звесткі  пра сацыяльна-эканамічнае развіццё  Ашмяншчыны мы знаходзім у  працы І.С. Граблеўскага [6]. Гэтых звестак вельмі мала і ў асноўным яны закранаюць развіццё сельскай гаспадаркі і дзейнасці перадавых прамысловых прадпрыемстваў раёна. Пра культурнае жыццё нашага рэгіёна і дзейнасць устаноў адукацыі і культуры звесткаў на жаль няма.

     Пазнаёміцца з афіцыйнымі дакументамі і матэрыяламі, якія захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці дазваляюць нам некаторыя крыніцы [29], з якіх былі атрыманы звесткі пра занятасць працаздольнага насельніцтва ў Ашмянах у 1968 годзе.

     У некаторых крыніцах [5;25] змешчаны выдатны матэрыял пра сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё Ашмянскага раёна. У зборніках надрукаваны даклады і паведамленні, прачытаныя на навукова-практычных канферэнцыях. Матэрыял даволі рознабаковы, цікавы і храналагічны.

     Грунтоўны  матэрыял аб дзейнасці калгасаў, саўгасаў, заводаў, культурных устаноў  і жыцці раёна ў цэлым можна  знайсці на старонках раённай газеты “Красное знамя”, якая выдавалася тры разы ў нядзелю.

     Вывучэннем  гісторыі Гальшан і прылягаючых  вёсак займаўся Э.С.Корзун. У яго працы [24] мы можам знайсці цікавы матэрыял пра род князеў Гальшанскіх, сацыяльна-эканамічным, культурным развіцці гэтага дзіўнага куточка. У працы Э.С.Корзуна падрабязна апісваецца гісторыя Гальшан ад старажытнасці да сучаснасці (да 80 гг. 20 ст.). Змешчана падрабязная інфармацыя пра дзейнасць калгаса “Гальшанскі”.

     Вывучэнне  гісторыі раёна не магчыма без кнігі “Памяць” [27]. У гэтым выданні даследчыкі гісторыі многа зрабілі для ўсебаковага вывучэння Ашмяншчыны. У дадзенай хроніцы знаходзіцца матэрыял пра дзейнасць калгасаў і саўгасаў, таленавітых працаўнікоў раёна, дзейнасць устаноў адукацыі і культуры, дзейнасць розных самадзейных калектываў і іх прадстаўнікоў, гісторыю населеных пунктаў раёна і г.д.

     З вышэй  пералічанага можна зрабіць вывад, што далека не ва ўсіх крыніцах даецца поўны матэрыял па тэме курсавой працы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ГЛАВА 2

САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ  І КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ АШМЯНСКАГА РАЁНА  Ў 1953 – 1985 ГГ.

 

    1. Развіццё сельскай гаспадаркі

 

     Утварэнне  і развіццё калектыўных гаспадарак – адзін з найбольш складаных этапаў у гісторыі кожнага раёна Беларусі. У свой час яны адыгралі выключна важную ролю ў паляпшэнні дабрабыту хлебаробаў, павелічэнні ўрадлівасці зямель, калгасы і саўгасы далі магчымасць для шырокага ўкаранення ў сельскай гаспадарцы дасягненняў навукі, тэхнікі, перадавога вопыту.

     Складанасць  пытання ў тым, што быў парушаны  прынцып прыватнай уласнасці  на зямлю, сельгасінвентар, некаторыя  гаспадарчыя пабудовы..

     Масавая  калектывізацыя ў заходніх раёнах Беларусі пачалася пасля ХІХ з’езда КП(б)Б, які адбыўся ў лютым 1949 года, але асобныя калгасы і саўгасы ў раёне ўтварыліся раней. Яшчэ працягваліся баявыя дзеянні, да пераможнага мая было далёка, а ў маёнтку Міхайлоўшчына былога Доргішскага сельсавета летам 1944 года сяляне аднавілі калгас “1 мая”. У калгасе налічвалася 400 гектараў зямлі, 10 коней, 15 галоў буйной рагатай жывёлы, шмат іншай жывёлы. На палявых работах вызначыліся Часналовіч, Дабраловіч, каваль Сцефаноўскі. Праўленне калгаса (старшыня Р.І.Калатыла) прыняло рашэнне пабудаваць жывёла- і птушкагадоўчую фермы, вялікую пасеку, пашырыць плошчу саду [27, c. 473].

     Развіццё  калгасаў і саўгасаў аб’ектыўна  спрыяла пераменам у жыцці вёскі, дзе была праведзена тэлефанізацыя, электрафікацыя, вялося жыллёвае і дарожнае будаўніцтва.

     У вытворчым  плане быў узяты курс на  механізацыю, хімізацыю, будаўніцтва фермаў, кантор (праўленняў), мехдвароў, зернесушылак. Аблічча вёсак, асабліва цэнтраў гаспадарак, мянялася ў лепшы бок.

     Агульная колькасць калгасаў у раёне , паводле матэрыялаў 2-й раённай партыйнай канферэнцыі (ліпень 1953) дасягнула 189, а паводле матэрыялаў занальнага архіва ў Лідзе – 192 (без двух саўгасаў). Розніцу патлумачыць цяжка. Магчыма на канферэнцыі ішла размова толькі пра вёску без уліку гарадскога калгаса і саўгаса.

     Работа  праводзілася ў розных кірунках  – ідэалагічным, арганізацыйным, стваралася  неабходная матэрыяльная база. Машынна-трактарныя  станцыі папаўняліся сельгастэхнікай,  адкрываліся навучальныя ўстановы  для падрыхтоўкі спецыялістаў: сельгасшкола у в.Навасёлкі, курсы рахункаводаў пры ёй, школа пчаляроў у Гальшанах (пазней на яе базе створаны заатэхнікум). У 1950 годзе ў Ашмянах адкрылася школа механізацыі (зараз ПТВ-192).

     Характэрная  асаблівасць утварэння калгасаў у раёне – у адным выпадку аб’ядноўваліся сяляне адной вёскі, у другім – некалькі вёсак, хутароў і былых маёнткаў, у трэцім - у  буйных населеных пунктах утвараліся некалькі калектыўных гаспадарак.

     Летам 1950 года ў раёне ўпершыню пайшла  гаворка аб ўзбуйненні калгасаў – была надрукавана “перадавіца” “Правды” ад 25 чэрвеня таго ж года “Узбуйненне дробных калгасаў – шлях да новага росквіту сельскай гаспадаркі” [9, c. 474].

     У артыкуле  падкрэслівалася, што ўзбуйненне  дазволіць падняць на больш высокую ступень узровень механізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, павысіць культуру земляробства, урадлівасць палёў, паспяхова развіваць грамадскую жывёлагадоўлю. Вырашаць задачу аб’яднання калгасаў неабходна было і для спрошчвання кіравання гаспадаркамі – па два і больш калгасы насілі аднолькавыя назвы, а калгасаў “Новае жыццё” налічвалася дзевяць. Фактычна кампанія па  ўзбуйненні ў раёне пачалася. Напрыклад, калгасы імя Маякоўскага і “Свабода” Ашмянскага сельсавета зрабілі гэта вясной 1950 года, новы ўзбуйнены калгас узначаліў П.Смаляк.

     Аб шпаркіх  тэмпах ўзбуйнення гавораць лічбы:  да 4 мая 1952 года ў раёне засталося  толькі 45 калгасаў, да 14 жніўня 1952 года  – 34, да кастрычніка 1953 года  – 33. Можна лічыць, што задача  ўзбуйнення да гэтага часу была выканана (гл. дадатак 1).

     На працягу апошніх месяцаў 1953 года, усяго 1954 года і першай паловы 1955 года раён страціў толькі адну гаспадарку (у ліпені 1955 года скасаваны калгас “Наперад” Мураванаашмянкоўскага сельсавета). У канцы жніўня 1954 года 32 гаспадаркі раёна ўваходзілі ў дзве зоны – зону Ашмянскай МТС (19 гаспадарак) і зону Гальшанскай МТС (13 гаспадарак). Праз пяць гадоў у раёне засталася 21 гаспадарка, у студзені 1961 года – 20 (у перыяд з 15 снежня па 5 студзеня 1961 года ужо не стала калгаса “1 мая”) [5, c. 8-9].

     У 1958 годзе  быў праведзены рамонт дарог  у калгасах імя Чарнышэўскага,  Багушэвіча, Расвет, Чырвоны Сцяг, Суворава  і другіх на агульную сумму  810117 руб. [24, С.2-4].

     Пазней  на базе некалькіх калгасаў  былі ўтвораны саўгасы – “Гальшаны” (1960), “Баруны” (1964) і “Гінеўцы” (1965). На сенняшні дзень застаўся толькі саўгас “Баруны” (эксперыментальная база па вырошчванні бульбы). Да яго ў свой час былі далучаны саўгасы “Гінеўцы” (1978) і “Гарэцкаўшчына” (1987).

     14 снежня 1981 года была праведзена праверка аб ходзе падрыхтоўкі і рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі да вясенне-палявых работ у калгасах “Маяк” і “Гарэцкаўшчына”.

     У калгасе  “Маяк” зацверджаны ўмовы сацыялістычнага  спаборніцтва на перыяд рамонта і падрыхтоўкі сельскагаспадарчай тэхнікі да вясенне-палявых работ, арганізаваны 3 звяны па рамонту сельскагаспадарчых машын, распрацаваны ўмовы аплаты працы за выкананыя работы [17,С.7].

     28 снежня 1972 года ў доме культуры адбыўся вытворчы з’езд працаўнікоў вёскі Астравецкага , Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў. Ад імя ўзнагароджаных са словамі падзякі ўраду выступіла кавалер ордэна "Знак пашаны" калгасніца калгаса "Ясная Паляна" Л.А.Завадская. Працаўнікі калгасу далі слова атрымаць у трэцім годзе пяцігодцы 30 ц збожжавых, 180 ц - бульбы. Ад імя райкамаў партыі і працоўных 3-х раёнаў узнагароджаных цепла прывітаў Першы сакратар Ашмянскага РК КПБ Я.С. Ціханенка [7, c. 7].

    Прааналізаваўшы  дадатак да дакумента № 180 ад 17 студзеня 1969 года “Аб выніках абследавання занятасці працаздольнага насельніцтва ў шэрагу гарадоў, калгасаў і саўгасаў Гродзенскай вобласці” і прааналізаваўшы прыведзеную табліцу (гл. дадатак 2),  можна зрабіць вынікі,  што на 1 студзеня 1968 года  па занятасці працаздольнага насельніцтва Ашмяны займаюць 3-е месца сярод прыведзеных гарадоў [29, c. 161]. 

     Паступова  калгаснікі навучыліся і гаспадарыць. Для параўнання выкарыстаем лічбы за 1965 і 1984 гг. На 1965 год прадугледжвалася атрымаць па 7,8 ц збожжавых і зернебабовых, 100 ц бульбы, 3,5 ц ільновалакна і льнасемя, 100 ц агародніны, надаіць ад каровы 1300 кг малака, вырабіць на 100 га сельгасугоддзяў па 12 ц мяса (толькі свініны).

     У 1984 годзе  гаворка ідзе аб 26 ц збожжавых  (розніца – 18,2 ц), 180 ц бульбы (розніца – 80 ц), 5 ц ільновалакна (розніца – 1,5 ц), 4 ц ільнасемя (розніца – 0,5 ц), 150 ц агародніны (розніца – 50 ц), 2360 кг малака (розніца – 1060 кг), 135 ц мяса (розніца – 123 ц).

     Аднак ёсць  і праблемы. У перадавых гаспадарках  рэспублікі расходы ў структуры  сабекошту малака складае толькі 4 – 4,5%, а ў саўгасах “Перамога” і “Гінеўцы” адпаведна  - 9,1% і 9,9%. Камісія патрабавала знайсці шляхі для памяншэння адміністрацыйна-гаспадарчых расходаў [12,С.3].

     17 жніўня 1965 года была праведзена праверка  аб ходзе ўборкі збожжавых у саўгасе “Гінеўцы”. Пачатак і ход уборкі былі арганізаваны добра. З першых дзен у работу былі ўцягнуты ўсе камбайны і арганізавана сушка зярна. У рабоце ёсць і недахопы: прастой камбайнаў з-за недахопа аўтатранспарта, не арганізавана пасменная работа на конных жатках [12,С.12].   

     З першых  дзён многія калгасы і саўгасы  раёна актыўна вядуць продаж  мясной жывёлы дзяржаве. Так, напрыклад, саўгас “Гальшаны” адгрузіў Лідскаму мясакамбінату каля 50 галоў буйной рагатай жывёлы агульнай масай 18 т [25, c. 287].

    За тры дні  студзеня 1973 года на Ашмянскі мясакамбінат дастаўлены дзесяткі галоў адкормленых быкоў і свіней агульнай масай больш 40 т. У тым ліку 12 т мяса паступіла з калгаса імя Багушэвіча, па 5 т рэалізавалі калгас імя Дзяржынскага, “Іскра”, 6 т – калгас “Чырвоны сцяг”. 5 т свініны залічана калгасу “Свабода” [8, c. 2].

     29 красавіка  1980 года Ашмянскім раённым Саветам  дэпутатаў было зацверджана правядзенне  месячніка-удзелу ў аглядзе “Кожнаму  маладому працаўніку – сярэдняя  адукацыя” з 19 мая па 19 чэрвеня 1980 года ў Ашмянскім раёне. Шымановіч Е.І. адзначыў важнасць гэтага месячніка па падрыхтоўцы вячэрняй і завочнай школы да новага вучэбнага года, аб павышэнні адказнасці дырэктароў школ і РАНА у рашэнні пытанняў арганізацыі дарослага ўсеобуча [16, С.7].

     Ашмянскі  раённы Савет дэпутатаў 25 чэрвеня  1980 года прыняў рашэнне №3-1 “Аб  арганізацыі летняй працы і  адпачынку школьнікаў раёна”  у якім адзначана, што ў раёне  дзейнічаюць 20 лагерэй, з іх 11 – працы і адпачынку з ахопам 750 навучэнцаў, 20 дзіцячых аздараўляльных пляцовак у г.Ашмяны, 5 школьных лясніцтваў і г.д. Усяго ахоплена працай і адпачынкам 4000 навучэнцаў. Ва ўсіх лагерах створаны неабходныя ўмовы, а выяўленыя недахопы былі ліквідаваны [16,С.12-13].

     У студзені 1960 года пачаліся рэформы ў галіне адміністрацыйна-тэрытарыяльнай – было скасавана 15 раёнаў (Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 20 студзеня 1960 года). Ашмянскі раён у згаданы указ не трапіў. Затое 13 лютага 1960 года было прынята рашэнне Гродзенскага аблвыканкама аб перадачы з Іўеўскага раёна ў Ашмянскі Багданаўскага сельскага Савета. 25 снежня 1962 года Багданаўскі сельсавет вернуты Іўеўскаму раёну і гэтым жа ўказам да Ашмянскага раёна далучаны гарадскі пасёлак Астравец, 8 сельскіх Саветаў і 14 населеных пунктаў Чэхскага сельсавета былога Астравецкага раёна. У выніку такога рашэння ў раёне стала 37 гаспадарак, а са студзеня 1964 года ўтварыліся яшчэ тры.

     Прыбыткавая  частка бюджэтаў сельскіх Саветаў  раёна выканана на 96,4%, з 15 сельсаветаў раёна забяспечылі выкананне прыбытковай часткі бюджэта толькі – 4 сельсавета [22,С.2-3].

     Прадпрыемства мясцовай прамысловасці – райпрамкамбінат не забяспечыў выкананне вытворчай праграмы па валавай і таварнай прадукцыі.

     Сельскімі Саветамі раёна перарасход сродкаў па фонду зарплаты дапушчаны ў суме 16,6 тыс рублей. Не эканомна зрасходавалі сродкі  і ўстановы аховы здароўя і асветы.

     Прадугледжаныя  асігнаванні на капітальны рамонт  школ раёна выкананы толькі  на 44,2%. З 28 школ капітальны рамонт праведзены толькі ў 10 школах. Не забяспечаны палівам 55 школ, або – 68,2% [22,С.10].

     У 1962 годзе выйшлі пастановы ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР “Аб перабудове кіраўніцтва сельскай гаспадаркай БССР” і “Аб перабудове кіраўніцтва сельскай гаспадаркай Гродзенскай вобласці”. Паводле апошняй у вобласці ўтварыліся 9 тэрытарыяльных вытворчых калгасна-саўгасных упраўленняў, у тым ліку Ашмянскае для абслугоўвання Ашмянскага і Іўеўскага раёнаў (разам 40 калгасаў і 7 саўгасаў).

     9 студзеня 1965 года скасаваныя раёны аднавіліся – у складзе Ашмянскага засталася 21 гаспадарка (без саўгасаў), а да канца года утварыліся калгасы імя Суворава і “Ударнік”. Такое становішча захавалася да 1975 года, калі з карты раёна знік калгас імя Суворава, а ў наступным годзе – калгас “Расія”. Працэс гэты завяршыўся ў 2-й палове 1980-х гадоў – у 1987 годзе саўгас “Гарэцкаўшчына” быў далучаны да эксперыментальнай базы “Баруны”, а ў лютым 1988 года саўгас “Перамога” – да калгаса “Маяк”. У выніку ў раёне засталося 11 калгасаў і адна эксперыментальная база (саўгас).

    Пры аб’яднанні  частка гаспадарак захавала ранейшыя  назвы ( імя Багушэвіча, імя Крылова,  імя Ільіча, імя Крупскай, імя  Леніна, “Баруны”), астатнія з іх  змянілі (“Свабода” ператварылася ў “Маяк”, “30 гадоў БССР” – у “Кастрычнік”, “Ураджай” – у “Прыгранічны”, “Парыжская камуна” – у “Світанак”) [13, c. 486-487].

     Назва “Гальшаны”  захавалася, аднак памяняўся статус  гаспадаркі – саўгас стаў калгасам.

     29 кастрычніка  1971 года на паседжанні раённага  Савета дэпутатаў было адзначана, што калгасы і саўгасы раёна выканалі работу па нарыхтоўцы кармоў: 19550 т – сенажа і 24 т – на фуражную карову; вітаміннай травяной мукі – 366 т і г.д. Гаспадаркі раёна забяспечылі па кармавому балансу грубымі кармамі на 122%, сакавітымі - 34,5%, канцэнтратамі на 72,8% і г.д. Лепшых паказчыкаў дасягнулі калгасы “Ясная Паляна”, “Свабода”. Калгасы “Шлях да камунізму” і імя Леніна не выканалі ўстаноўку раёна [14,С.11].

     28 чэрвеня  1985 года прааналізаваўшы работу  калгаса “Усход” камісія пастанавіла, што праўленне надае шмат увагі павышэнню эфектыўнасці выкарыстання зямлі, але ў недастатковай ступені вядуцца культурна-тэхнічныя работы, узворванне непрыдатных земляў, дарог, хутароў, а таксама мала ўвагі надзяляецца абслугоўванню асабістых гаспадарак. Такія заўвагі былі і ў другіх калгасах. Абмяркоўвалася пытанне аб падрыхтаванасці калгасаў і саўгасаў да ўборкі ўраджаю зернявых. Большая колькасць заўваг у калгаса імя Крылова і саўгаса “Гальшаны” [20, С.13,25].

     Такім чынам,  да 1970 года пастаўленная задача па стварэнню калгасаў і саўгасаў была выканана. Машынныя двары папаўняліся новай тэхнікай, што дазволіла больш якасна апрацоўваць зямлю. Ураджайнасць з палёў павышаецца, пасяўныя плошчы таксама павялічваліся.

    

      

    

 

 

 

 

    1. Падпрыемствы, арганізацыі і ўстановы Ашмянскага раёна

 

     На тэрыторыі  Ашмяншчыны ў 1953 – 1985 гадах  дзейнічалі розныя ўстановы, арганізацыі  і прадпрыемствы. Сярод іх такія,  як мясакамбінат, маслазовод, лясніцтва,  Гальшанскі крухмальны завод,  аптэка, рэдакцыя раённай газеты, бальніца і многія іншыя [30, c. 367]. 

      З прыведзена  табліцы (гл. дадатак 3) мы бачым,  што колькасць насельніцтва Ашмянскага  раёна з 1970 па 1985 год паступова  павялічваецца (у тым ліку і  гарадское), але колькасць жыхароў,  якія пражываюць ў сельскай мясцовасці памяншаецца [2, c. 2].

     У сувязі з гэтым у пасляваенны час назіраецца буйны рост горада, аб чым сведчыць буйны рост вуліц і завулкаў: 1947 г. – 28,  1957 г. – 30, 1967 г. – 40, 1977 г. – 62 [31, c. 2].

     У канцы  ХІХ стагоддзя ў Ашмянах існавала невялікая прыватная бойня, якая затым у 1903 годзе была закрыта. У сярэдзіне 1920-х гадоў дырэктарам гарадской бойні з’яўляўся ветэрынарны ўрач К.Руткоўскі, у 1936 годзе бойня рэканструявана. У 1940 годзе на бойні працавалі 22 рабочыя. З 1 кастрычніка 1945 годзе бойня працавала як мясакамбінат, але некалькі разоў пераўтваралася ў бойню Маладзечанскага і Мінскага мясакамбінатаў. У 1954 – 1967 гады з’яўлялася птушкакамбінатам, у 1967 – 1991 гады – філіялам Лідскага мясакамбіната. На сённяшні дзень гэта вядучае прадпрыемства раёна.

    Да 1939 года ў раёне было 6 тэлефонаў. У пачатку 1940 года ў Ашмянах працаваў тэлеграф, у студзені 1941 года — гарадская тэлефонная станцыя з дзвюма камутатарамі на 100 нумароў кожны. Было тэлефанізавана 12 сельсаветаў з 21.

     У пасляваенны час электрычная сувязь удасканальвалася, з'явілася правадное радыёвяшчанне. У 1947 годзе ў раёне меліся радыёвузел, тэлеграф, тэлефонная станцыя, былі пабудаваны 57 км тэлефонных ліній, тэлефанізавана 18 сельсаветаў. У сельскай мясцовасці налічвалася 100 радыёкропак. У раёне было 30 тэлефонных апаратаў (10 з іх на сяле). Кабельных ліній яшчэ не было. Ажыццяўлялася міжгародняя сувязь з Астраўцом, Смаргонню, Маладзечнам, Вільнюсам (1 апарат Морзе).

     У 1961 годзе ў Ашмянах была пабудавана цэнтральная АТС, у 1967 годзе мелася 6 аўтаматычных тэлефонных станцый, больш за 730 тэлефонных апаратаў, 10 тэлетайпаў, 110 км кабельных ліній, 6877 радыёкропак. Былі поўнасцю радыёфікаваны ўсе населеныя пункты, якія налічвалі больш за 10 двароў. Апарат Морзе змянілі 4 тэлеграфныя скарасныя апараты.

     Ашмянскае прадпрыемства «Аграпрамтэхніка» было арганізавана 30 студзеня 1940 года. Станцыя знаходзілася ў маёнтку Болтуп Кальчунскага сельсаветата. У 1953 годзе пераўтворана ў рамонтна-тэхнічную станцыю і пераведзена ў в. Будзёнаўка. У 1958 годзе ператворана ў рамонтна-тэхнічную меліярацыйную станцыю, у 1961 — 1962 гадах — аб'яднанне па вытворча-тэхнічным абслугоўванні аграпрамысловага комплексу (раённае аб'яднанне «Сельгастэхніка»), з 1995 г. — адкрытае акцыянернае таварыства. Яго ўзначальвалі В.П.Клешчанка, І.Катовіч, Н.Кавалевіч, А.Бусевіч, і іншыя. Аб'яднанне праводзіла рамонт сельгастэхнікі, перавозку сельскагаспадарчых машын, абслугоўванне жывёлагадоўчых фермаў і г.д. У 1968 годзе ў гаспадарках раёна працавалі 473 трактары, 236 грузавых аўтамашын, 148 зерневых і 37 сіласаўборачных аўтамашын, вялікая колькасць іншай тэхнікі, якія абслугоўвалі аб'яднанне. Асноўныя даходы сельгастэхнікі складалі 770 тыс. руб., працавала больш за 300 чалавек. 3 моманту утварэння аб'яднання і да 1968 года аб'ём выкананых работ павялічыўся з 495 тыс. руб. да 875 тыс. руб  [5, c.56-57].

     3 раённага аб'яднання «Сельгастэхніка» у свой час вылучыліся раённае аб'яднанне «Сельгасхімія» (1969) і гандлёва-забеспячальная база.

     Прадпрыемства «Радыётэхніка» пачало сваю дзейнасць у лістападзе 1970 года як філіял Вільнюскага вытворчага аб'яднання імя 60-годдзя Кастрычніка і спецыялізавалася па выпуску пластмасавых дэталей і алюміневага ліцця для вытворчасці асцылографаў, хваляводнай тэхнікі і медыцынскай апаратуры. Асноўны від дзейнасці мае 3 кірункі: выпуск прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння, выпуск аснасткі, выпуск тавараў народнага прызначэння. Займае плошчу 2,4 га, у вытворчасці было занята 437 чалавек.

     Мела розныя назвы (Вільнюскі завод радыёвымяральных прыбораў; завод пластмас, дакладнага ліцця інструментальнай вытворчасці), з 1991 г. — завод “Радыётэхніка”.

     У 1947 годзе  пачаў працаваць Ашмянскі маслазавод. Першапачаткова яго ўзначальваў І.С.Скапцоў, якога ў 1948 годзе змяніў А.І.Мішунін. Завод лічыўся галоўным, бо ў раёне існавалі больш дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы малочнай прадукцыі. У 1950 – 1960 гадах існаваў невялікі маслазавод у в.Цудзенішкі, сепаратарныя аддзяленні ў Гальшанах, Граўжышках, Палянах, Куцавічах і Казарэзах. Ашмянскі завод знаходзіўся ў цэнтры горада, вытворчыя працэсы былі разлічаны ў асноўным на прымяненне ручной працы. 12 мая 1966 года былі ўведзены ў эксплуатацыю новыя магутнасці, разлічаныя на выпуск 25 т прадукцыі ў змену. Вытворчыя працэсы былі ў асноўным механізаваны. Гэта дазволіла закрыць сепаратарныя аддзяленні на тэрыторыі раёна. У 1975 годзе вытворчасць масла было спынена. У 1966 годзе на прадпрыемстве працавала 86 чалавек, выпушчаны 452 т масла жывёльнага, 102 т сыру расійскага, 668 т натуральна-малочнай прадукцыі, 251 т нятлустай прадукцыі. З 1976 года завод ператвораны ў вытворчую адзінку Гродзенскага абласнога упраўлення малочнай прамысловасці.