Стылістычныя адметнасці мовы на старонках “Звязды”

ГЛАВА I.

Мова  і маўленне 

     Ідэю  размежавання мовы і маўлення, якую цяпер прызнаюць амаль усе лінгвісты, упершыню развіў вядомы швейцарскі лінгвіст Ф. дэ Сасюр. Ён вызначыў тры аб`екты лінгвістычных даследаванняў: мову як сацыяльную з`яву; маўленне як індывідуальную з`яву; моўную дзейнасць, якая адрознівае чалавека ад астатняга свету.

     Мова  – гэта сукупнасць і сістэма моўных адзінак, якія існуюць як аб`ектыўная рэальнасць. Калі б моўныя адзінкі і катэгорыі не былі аб`ектыўнай рэальнасцю, нельга было б ужываць іх кожны раз для выражэння новага зместу і новай будовы маўлення. Існуюць, напрыклад, так званыя “мёртвыя” мовы – старабеларуская, стараславянская, лацінская і інш., якімі зараз не карыстаюцца, і ўсё ж сістэмы іх ёсць і дагэтуль вывучаюцца як аб`ектыўная рэальнасць, дадзеная нам у абстракцыі. Іншая справа – маўленне. Гэта – ужыванне мовы людзьмі ў працэсе зносін, камунікацыі. Маўленне – арганізаваны па законах мовы паслядоўны ланцуг моўных адзінак, які служыць для выражэння пэўнага зместу.

     Такім чынам, мова – сістэма фанетычных, граматычных, лексічных, стылістычных адзінак у патэнцыі, у іх схаваных магчымасцях, маўленне – тыя ж  элементы мовы ў дзеянні, у дынаміцы, у канкрэтным іх ужытку. Інакш кажучы, мова – гэта сродак зносін, а маўленне – працэс зносін. [2, c.20-21]. 

Асаблівасці мовы газеты 

    Газету  чытаюць людзі рознага культурнага  і адукацыйнага ўзроўню, людзі розных узростаў і прафесій. Таму важнейшай  асаблівасцю публіцыстычнага стылю  газеты з`яўляецца агульнадаступнасць – мова газеты павінна быць яснай і зразумелай кожнаму, камунікатыўна агульназначымай. Так, у лексіцы для мовы газетнай масавай камунікацыі не характэрны, хаця і магчымы, вузкаспецыяльныя словы і выразы, дыялектызмы, аргатызмы, варварызмы, індывідуальныя неалагізмы і інш. Тое ж самае ў марфалогіі, фанетыцы, словаўтварэнні, сінтаксісе. Усё, што можа выклікаць цяжкасці ў разуменні паведамлення, павінна выкрэслівацца з газетнай паласы. У  сувязі з гэтым асаблівае значэнне набываюць у газеце дакладнасць і зразумеласць словаўжывання.

     На  газетнай паласе можна сустрэць моўныя сродкі дзелавога, навуковага, часткова мастацкага стыляў. У наш час адчуваецца  моцны ўплыў на газетную мову гутарковага  стылю. У нетрах газетнай мовы адбываецца своеасаблівая нейтралізацыя гэтых  моўных сродкаў, арганічнае спалучэнне элементаў розных стыляў, якое і  ўтварае новую якасць, своеасаблівы феномен – газетную паласу. Ідэалу газетнай мовы не адпавядаюць усялякія стылістычная “крайнасці”. Так, напрыклад, афіцыйнае паведамленне, дзелавая інфармацыя часта афармляюцца сродкамі афіцыйна-дзелавога  стылю.

     Газетная  мова і публіцыстыка пазбаўлены ўмоўнасці. Спецыфіка газетнай мовы заключаецца  ў прамой, аўтарскай ацэначнасці  – “адкрытасці” і спецыфічным  характары “вобразнасці”. У гэтым  – адно з прынцыповых адрозненнеў  яе ад мастацкай мовы.

     У публіцыстыцы аўтарскае “я” выступае адкрыта (ступень адкрытасці абумоўлена жанрам і тонам апавядання), яно  не аддзелена ад чытача, не аб`ектывавана, як у мастацкай літаратуры, дзе героі павінны жыць незалежным ад аўтара жыццём. Аўтарская пазіцыя, розная роля аўтарскага “я” вызначае прынцыповыя адносіны паміж мовай мастацкай і публіцыстычнай. Публіцыстычная мова суб`ектыўная, ацэначная; яна называе і прама ацэньвае. Мастацкая мова аб`ектываваная, двухпланавая. Адсюль вынікае і розная спецыфіка, і розная роля вобразнасці наогул, вобразнага слова ў прыватнасці, у мастацкай літаратуры і публіцыстыцы.

     Калі  гутарка заходзіць пра вобразнасць  у публіцыстыцы, то вельмі часта  яна атаясамліваецца з вобразнасцю  ў мастацкай літаратуры. Гэтым  самым затушоўваецца прынцыповая розніца паміж відамі літаратурнай творчасці, стылямі мовы. Тэрмін “вобразнасць” набывае неканкрэтнае, універсальнае значэнне. Яго часта збліжаюць з паняццем яркай, выразнай, нетрафарэтнай мовы. Часам вобразнасць атаясамліваюць з тропамі.

     Справа  не ў асобных словах і выразах, якія здзіўляюць незвычайнасцю і  трапнасцю, а ва ўсім ладзе мовы, ва ўсёй сукупнасці моўных сродкаў. У  стварэнні эфекту вобразнасці прымаюць удзел і лексіка, і сінтаксіс, і марфалогія, і нават фанетыка. Асноўная якасць, спецыфіка вобразнай  мовы – гэта імкненне да нагляднасці, зрокавасці апісання; вобразная мова дае канкрэтна-пачуццёвае ўяўленне аб рэчаіснасці. У гэтым – “звышзадача” мастацкай літаратуры. Бачыць, чуць, адчуваць напісанне – гэта і ёсць жывапіс словам. Тут якраз і  праходзіць мяжа паміж мастацкай  мовай і публіцыстычнай.

     У публіцыстыцы аўтар прама і непасрэдна звяртаецца да чытача са сваімі думкамі, вывадамі, ацэнкамі, не аб`ектываванымі, як у белетрыстыцы. Увесь моўны лад падпарадкаваны тут іншай, чым у мастацкай літаратуры, задачы: пераканаць, даказаць, павесці за сабою. Таму ў дачыненні да пабліцыстыкі ў першую чаргу трэба гаварыць не пра вобразнасць, а пра выразнасць яе мовы. Вядома, што публіцыстыка не адмаўляецца зусім ад вобразнай мовы. Некаторыя яе жанры шырока выкарыстоўваюць элементы вобразнай мовы. Але вобразнасць не складае галоўнай, адметнай рысы публіцыстычнага стылю. 

Паняцце функцыянальнага  стылю 

     У кожнай нацыянальнай мове на працягу  яе развіцця афармляюцца і замацоўваюцца  грамадска ўсвядомленыя нормы ўжывання сінанімічных сродкаў мовы з улікам абставін, мэт і зместу выказвання. Гэтыя нормы і з`яўляюцца асновай для вылучэння функцыянальных стыляў мовы.

      Сукупнасць  стылістычна аднародных моўных сродкаў  складае стылістычную сістэму мовы. Нормы выкарыстання гэтых сродкаў  абапіраюцца на знешнія, экстралінгвістычныя  фактары. Такімі фактарамі з`яўляюцца: 1) змест маўлення; 2) форма зносін (вусная ці пісьмовая, дыялагічная ці маналагічная); 3) мэты і задачы выказвання; 4) сацыяльная сфера зносін; 5) умовы і акалічнасці зносін, якія ўключаюць у сябе сацыяльныя і індывідуальныя асаблівасці слухачоў або чытачоў, іх узаемаадносіны з вытворцам маўлення і г. д. Усе гэтыя фактары ў стылістыцы прынята называць камунікатыўнымі функцыянальнымі фактарамі, а стылі – функцыянальнымі стылямі мовы.

      Такім чынам, функцыянальны стыль мовы – гэта грамадска ўсвядомленая, унутрана аб`яднаная спецыфічная сістэма моўных сродкаў, якая абумоўлена мэтамі і прынцыпамі адбору гэтых сродкаў у той ці іншай сферы грамадскай дзейнасці (навуковай, дзелавой, публіцыстычнай і г. д.) і найлепшым чынам абслугоўвае зносіны ў гэтай сферы. [5, c. 243-244]

     Гаворачы  аб сістэмнасці стыляў мовы, трэба  адзначыць, што гэтая сістэмнасць  зусім не азначае адасобленасці, заменёнасці стыляў. Наадварот, розныя функцыянальныя стылі знаходзяцца  ў жывых узаемаадносінах, яны  ўзаемадзейнічаюць і ўзаемапранікаюць. Нельга ўявіць, напрыклад, што пэўныя лексічныя, граматычныя і фанетычныя сродкі могуць належаць толькі да аднаго стылю. Нават самыя спецыфічныя  для якога-небудзь стылю моўныя сродкі могуць ужывацца ў іншых стылях, праўда, пры гэтым, як правіла, змяняецца  іх функцыянальная роля. Так, напрыклад, навуковыя тэрміны і прафесіяналізмы  могуць быць выкарыстаны і ў мастацкім  стылі, але тут яны выконваюць ужо не толькі і не столькі камунікатыўную, як у спецыяльнай літаратуры, але  і эстэтычную функцыю. 
 
 
 

    Стылі беларускай мовы

    Размоўны  стыль 

     Як  лічыць навуковец М. Я. Цікоцкі, вуснае маўленне – гэта з`ява шырэйшая за размоўны стыль. У вуснае маўленне цалкам уваходзяць размоўны (размоўна-бытавы) стыль, таму некаторыя аўтары часта атаясамліваюць катэгорыі вуснага маўлення і размоўнага стылю.

      Паколькі  размоўны стыль часцей функцыянуе ў  вуснай форме, многія асаблівасці гэтага стылю тлумачацца менавіта спецыфікай жывога, вуснага маўлення. Таму ўсё, што вышэй сказана пра асаблівасці  вуснага маўлення, цалкам адносіцца  і да размоўнага стылю.

     У сувязі з тым, што размоўны стыль  абслугоўвае вузкае кола ўдзельнікаў  зносін, ён характарызуецца спецыфічнай  лексікай і своеасаблівым спецыфічным  ладам. Тут шырока ўжываюцца словы  прастамоўныя, дыялектныя, нават жаргонныя  і лаянкавыя. У размоўным стылі, напрыклад, можна сустрэць словы  абрындаць, вобмаль, віжаваць, гадаванец, глюга, дамоўка, жытка; агульнаўжывальнымі для выражэння гэтых жа паняццяў з`яўляюцца словы апэцкаць, мала, сачыць, выхаванец, дзюба, труна, жыццё.[5, с. 250-251]

     Праўда, лексічнае адрозненне размоўнага стылю  беларускай мовы ад кніжных стыляў праяўляецца не так ярка, як у  рускай мове. Найбольш адрозныя гэтыя  стылі ў сінтаксічных адносінах. Размоўнаму стылю ўласцівы, як правіла, простыя, няпоўныя, эліптычныя сказы; са складаных сказаў тут ужываюцца  складаназлучаныя, бяззлучнікавыя, без  адасобленых зваротаў і шматступеннай  залежнасці; рэдка выкарыстоўваюцца дзеепрыметныя і дзеепрыслоўныя словазлучэнні. Усё гэта надае размоўнаму стылю непасрэднасць, эмацыянальнасць  і экспрэсіўнасць.

     Роля  размоўнага стылю для развіцця літаратурнай мовы вельмі вялікая. Пранікненне элементаў  размоўнага стылю ў кніжныя стылі  – гэта адзін з асноўных, агульных працэсаў развіцця літаратурнай мовы. “Можна сказаць, - пісаў Л. У. Шчэрба, - што ўсе змены, якія потым выяўляюцца ў літаратурнай мове, куюцца і збіраюцца ў кузні размоўнага маўлення”[6, с.116]. Гэта асабліва характэрна для беларускай літаратурнай мовы, якая ўзнікла на аснове жывога народнага маўлення і ўвесь час папаўняе свае скарбніцы з гэтых невычэрпных крыніц.

Афіцыйна-дзелавы  стыль 

     Да  афіцыйна-дзелавога стылю ў першую чаргу адносіцца мова афіцыйных  дакументаў – законаў, статутаў, урадавых пастаноў, указаў, паведамленняў урадавых органаў, рэзалюцый, загадаў, міжнародных  дагавораў, пагадненняў, юрыдычных  дакументаў і інш. Афіцыйна-дзелавы  стыль належыць да кніжных стыляў і функцыянуе пераважна ў форме  пісьмовага маўлення. Что датычыцца  вуснай яго разнавіднасці, то яна  набліжаецца да размоўнага стылю  “яго абыходкава-дзелавога вырыянта”  і мае некаторыя асаблівасці. Моўныя асаблівасці афіцыйна-дзелавога  стылю абумоўлены спецыфікай тых  сфер грамадскага жыцця, якія ён абслугоўвае.

      Афіцыйна-дзелавы  стыль выкарыстоўваецца ў строга афіцыйных, надзвычай важных сферах чалавечых зносін, таму тут асабліва важна, каб не было двухсэнсоўных  і расплывістых фармулёвакў мове афіцыйных дакументаў – паслядоўнасць і дакладнасць выкладу фактаў, аб`ектыўнасць ацэнак, дакладнасць у фармулёўцы рашэнняў той ці іншай праблемы. Мове службовых дакументаў і дзелавой перапіскі не ўласціва эмацыянальна афарбаваная лексіка, назоўнікі і прыметнікі з суфіксамі суб`ектыўнай ацэнкі, выклічнікі, экспрэсіўная фразеялогія і г. д. [4, c. 36-37]

      Афіцыйна-дзелавы  стыль скаладаецца перш за ўсё  на лагічнай, інтэлектуальнай аснове. У ім шырока выкарыстоўваецца абстрактная, тэрміналагічная, спецыяльная (у тым ліку і грамадска-публіцыстычныя) лексіка. Словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні. Назвы людзей даюцца часцей па іх спецыяльнасці або пасадзе: майстар фармавальнага цэху, кліент, пацыент, аўтар, наведвальнік, грамадзянін, пакутнік і г. д. Распаўсюджаны дзеяслоўныя назоўнікі на –нне, -ццё, з прэфіксам не (ня) і інш.: выкананне, павелічанне, развіццё, недагляд.[5, с. 256 ]

      У сувязі з тым, што афіцыйна-дзелавы  стыль характарызуецца адсутнасцю экспрэсіўных моўных сродкаў, у ім рэдка  сустракаецца выклад ад першай асобы, зварот да другой асобы. Таму адсутнічаюць формы першай і другой асобы займеннікаў і дзеясловаў. Пануюць безасабовыя канструкцыі.

      Афіцыйна-дзелавы  стыль мае спецыфічныя асаблівасці  ў галіне сінтаксісу. У сувязі з  тым, што тут патрабуецца асаблівая лагічнасць, паслядоўнасць і дакладнасць развіцця думкі, шырока выкарыстоўваюцца складаныя сказы, канструкцыі са складанымі злучнікамі і аднаіменнымі прыназоўнікамі (у выніку таго што, дзякуючы таму што, неглядзячы на то што, разам з тым, з мэтай, па лініі, пры дапамозе, шляхам, дзякуючы, згодна з, у святле). Наогул у афіцыйна-дзелавым стылі з-за яго тэматычнай абмежаванасці ўжываюцца звычайна сродкі моўнага выражэння і спецыфічныя кампазіцыйныя прыёмы будовы маўлення. 

Навуковы  стыль 

     Наш час характарызуецца бурным развіццём  навукі і тэхнікі, павышэннем іх ролі ў жыцці грамадства, таму авалоданне навуковым стылем набывае цяпер  асаблівую актуальнасць.

      Навуковы  стыль – паняцце даволі шырокае. Ён выкарыстоўваецца ў галіне навукі і тэхнікі, аб`ядноўваючы неаднародныя па форме віды літаратуры, разнастайныя па зместу і прызначэнні.

      Найбольш  агульнымі ўласцівасцямі навуковага стылю з`яўляюцца абстрактнасць, лагічнасць, аб`ектыўнасць і дакладнасць выкладу. Гэтым ён адрозніваецца ад мастацкага стылю, характэрная адзнака яго – мастацка-вобразная канкрэтызацыя.

      Функцыя науковага мыслення – пазнанне свету  ў выглядзе лагічнага яго засваення, гэта значыць ператварэння вынікаў  пазнання ў лагічнай катэгорыі, якія называюцца паняццямі. Паняцце – абагульненае адлюстраванне ў нашай свядомасці прадметаў і з`яў навакольнага свету. Паняцце – катэгорыя абстрактна-лагічная. [5, с. 258 ]

      Тэкст навукова-папулярнага нарыса адрозніваецца  ад навуковага большай эмацыянальнасцю  выкладу, больш свабодным ужываннем  эпітэтаў і параўнанняў: каштоўныя  паклады, магутныя сілы прыроды, грозныя  плывуны, запаветныя кладоўкі прыроды  і г. д. Але ў цэлым абодва гэтыя тэксты функцыянальна аднолькавыя і належаць да аднаго стылю – навуковага. Тое ж самае можна сказаць пра навукова-тэхнічныя, матэматычныя і іншыя тэксты. Паміж імі таксама няма прынцыповай функцыянальнай розніцы, ёсць толькі некаторыя адрозненні ў будове вымаўлення, у адборы лексічных і граматычных сродкаў, у выкарыстанні сімвалаў і іншых нямоўных элементаў.

Публіцыстычны стыль 

     Своеасаблівасць публіцыстычнага (газетна-публіцыстычнага) стылю вызначаецца ў першую чаргу  спецыфікай публіцыстычнай формы адлюстравання  рэчаіснасці, якая спалучае сістэму  разгорнутых доказаў, што дзейнічаюць  на розум чытачоў, слухачоў строгай  лагічнасцю думкі і на іх пачуцці  – эмацыянальнасцю выкладу.

      Галоўныя  асаблівасці публіцыстычнага стылю найбольш ярка праяўляюцца ў мове газеты – аднаго з важнейшых сродкаў масавай інфармацыі.

      У адрозненне ад іншых функцыянальных стыляў у газетна-публіцыстычным стылі  ўздзеянне, перакананне выступаюць як галоўная функцыя мовы, прычым уздзеянне мае канцэнтраваны характар. Таму выкарыстанне моўных сродкаў у газеце вызначаецца ў значнай меры іх сацыяльна-ацэначнымі якасцямі і магчымасцямі з пункту гледжання эфектыўнага і мэтанакіраванага ўздзеяння на масавую аўдыторую.

      Адсюль  можна зрабіць вывад аб тым, што сацыяльная ацэначнасць моўных сродкаў выступае як галоўная асаблівасць газетна-публіцыстычнага стылю. Яна праяўляецца на ўсіх узроўнях мовы, але найбольш адкрыта і выразна ў лексіцы.

      Сутнасць  ацэначнасці заключаецца ў выражэнні адносін да прадмета мышлення. На думку мовазнаўца М. Я Цікоцкага, менавіта ў выражэнні адносін вытворцы выказвання да прадметаў выказвання (апасродкавана – і да моўных знакаў, што абазначаюць гэты прадмет або паняцце) выяўляецца важная сацыяльна-прагматычная роля катэгорыі ацэначнасці. Выкарыстанне слоў (асабліва тых, якія звязаны з выражэннем ідэалагічных паняццяў) не можа не адчуваць на сабе ўплыву сацыяльных груп, класаў, якія ўкладваюць розныя ацэнкі, розны змест нярэдка ў адны і тыя ж словы. У выніку рэгулярнасці выжывання ў падобных сітуацыях і кантэкстах за словам трывала замацоўваецца пэўная сацыяльная афарбоўка, пэўнае палітычнае адценне сэнсу.

      З`яўляючыся агульнамоўнай катыгорыяй, ацэначнасць у публіцыстыцы праяўляецца найбольш інтэнсіўна і ўсеабдымна. Гэта праяўляецца не толькі ў палемічнай завостранасці публіцыстыкі да ўсяго рэакцыйнага. Не менш характэрны для публіцыстыкі актыўна-пазітыўныя адносіны да прагрэсіўных з`яў. Рэзкае размежаванне станоўчага і адмоўнага, святла і ценю і адпаведныя дзеянні моўных сродкаў на станоўча-ацэначныя і негатыўна-ацэначныя складаюць адметную рысу газетна-публіцыстычнага стылю. [5, с. 266 ]

      Рэсурсы ацэначных сродкаў публіцыстыкі багатыя і разнастайныя. Акрамя ўласна ацэначнай лексікі і фразеалогіі ў функцыі ацэнкі выкарыстоўваюцца разнастайныя лексічныя разрады: гутарковая лексіка, кніжныя, высокія словы, архаізмы, спецыяльная лексіка ў пераносным значэнні і інш. Актыўна выкарыстоўваюцца ў газетна-публіцыстычным маўленні і разнастайныя словаўтваральныя і граматычныя сродкі з экспрэсіўна-ацэначнай афарбоўкай: гутарковыя канструкцыі (далучальныя, сегментавыя), розныя эмацыянальна-ацэначныя тыпы сказаў, шматлікія сродкі паэтычнага (рытарычнага) сінтаксісу і г. д.

      Важна адзначыць, што прынцып сацыяльнай ацэначнасці моўных сродкаў мае  не столькі індывідуальны, колькі падкрэслена  сацыянальны характар. Гэта падкрэслена сацыяльная функцыя газетнага слова вызначаецца і спецыфікай “адрасата маўлення” – звернутасцю газетнай мовы да неабмежаванай колькасна і разнастайнай якасна аўдыторыі. А гэта, у сваю чаргу, вызначае і такую важную асаблівасць газетнай мовы, як камунікатыўная агульназначымасць, агульнадаступнасць моўных адзінак.

      У тэорыі сродкаў масавай камунікацыі  вылучаюць прынцып публічнасці, сутнасць якога заключаецца ў  тым, што змест, які перадаецца ў  ходзе масавай камунікацыі, павінен  быць даступным усім членам грамадства без якіх-небудзь абмежаванняў. Гэты прынцып у многім вызначае характар адбору моўных сродкаў. Галоўнае –  пазбегнуць ужывання сродкаў, якія знаходзяцца  на перыферыі літаратурнай мовы. З  лексічных сродкаў для мовы газеты не характэрны, хаця і магчымы, вузкаспецыяльныя словы і выразы, дыялектызмы, варварызмы, экзатызмы, аргатызмы, індывідуальныя неалагізмы, запазычаныя словы рэдкага ўжывання і інш. Выключаюцца крайнасці – усё, што можа ўскладніць, абцяжарыць разуменне тэксту.

      Сказанае  не азначае, што газеце наогул не ўласціва ўжыванне вузкаспецыяльных і індывідуальных сродкаў мышлення. У мове газеты дзейнічае таксама тэндэнцыя, выкліканая да жыцця вострай патрэбай прэсы ў экспрэсіўных абазначэннях, што прыводзіць да з`яўлення сродкаў унікальнага, індывідуальнага словаўтварэння. Менавіта дадзеная якасць дазваляе гаварыць пра высокую пранікальнасць, “усяяднасць” газетнай мовы. Ва ўзаемадзеянні гэтых процілеглых тэндэнцый і адбываецца працэс развіцця газетна-публіцыстычнага стылю.

      Адной з характэрных асаблівасцей развіцця сучаснай літаратурнай мовы з`яўляецца актыўнае ўзаемадзеянне стыляў. Прычым у апошні час змены ў суадносінах “вусная мова – пісьмовая мова” характарызуецца прыкметным узмацненнем ролі кніжна-пісьмовых стыляў. Гэта ў значнай меры тлумачыцца ростам культуры шырокіх мас, адукаванасці, а таксама ўздзеяннем на грамадства вынікаў навукова-тэхнічнага развіцця.

      Найбольш  актыўна і рознабакова працэс узаемадзеяння стыляў выяўляецца ў мове масавай камунікацыі – газет, радыё і тэлебачання. Спецыфічныя асаблівасці мовы газеты выклікаюць аб`яднанне розных лексічных сродкаў: эмацыянальна вобразнай і афіцыйна-дзелавой, размоўнай і кніжнай, высока-паэтычнай і зніжанай, грамадска-палітычнай, навукова-тэхнічнай лексікі і г. д. Найбольш часта амаль ва ўсіх газетных жанрах, сустракаецца спалучэнне кніжных (у шырокім сэнсе) і размоўных слоў і выразаў, напрыклад:

“ Можна было б вызначыць  адпаведныя каэфіцыенты  кампенсацыі ўрону, нанесенага асобнымі карупцыянерамі. Гэта дазволіла б, лічыць Генеральны пракурор, хоць неяк аздаравіць атмасферу і даць людзям, якія аступіліся, выправіцца на волі.”[14, с. 1].

У гэтай  кароткай інфармацыйнай заметцы  можна сустрэць аб`яднанне розных лексічных сродкаў, па-першае, гэта словы афіцыйна-дзелавога стылю: “каэфіцыенты”, “кампенсацыя”, “карупцыянеры”; па-другое, гэта метафары: “людзі, якія аступіліся”, “аздаравіць атмасферу”. У гэтым матэрыяле афіцыйна-дзелавы і мастацка-публіцыстычны стылі журналістка аб`яднала і напісала заметку.

      Апраўданай  тэмай, зместам і жанрам публіцыстычнага  выступлення, спалучэнне рознастылявых элементаў мовы дапамагае больш ярка, выразна і дакладна выказваць аўтарскія адносіны да прадмета размовы. Аднак даволі часта сустракаюцца выпадкі неапрўданага “змяшэння стыляў”, пранікненне элементаў афіцыйна-дзелавога і навуковага стыляў у кантэксты, якія вымагаюць публіцыстычнага стылю.

      Такім чынам спалучэнне рознастылёвых сродкаў мовы ў газеце павінна быць апраўдана жанрам і агульнай стылістычнай танальнасцю выступлення.

      Газетнаму матэрыялу, публіцыстыцы наогул уласціва такая адметная рыса, як “адкрытасць”, прамая аўтарская ацэначнасць і спецыфічны характар вобразнасці. У гэтым прынцыповае адрозненне публіцыстычнага стылю ад мастацкага. Публіцыстычнае маўленне суб`ектыўнае, ацэначнае; мастацкае маўленне аб`ектываванае, двухпланавае. Адсюль вынікае розная спецыфіка, розная роля вобразнага слова ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы.

      У публіцыстыцы аўтар прама і непасрэдна звяртаецца да чытача са сваімі думкамі, ацэнкамі, вывадамі.

Мастацкі  стыль 

     Мастацкі  стыль займае ў стылістычнай сістэме  мовы асаблівае месца. Гэта тлумачыцца тым, што ў мастацкім творы  мова выконвае не толькі агульную для  ўсіх стыляў камунікатыўную функцыю, але  і спецыфічную толькі для гэтага стылю – эстэтычную функцыю.

      Эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць і вобразнасць –  найбольш важныя асаблівасці мастацкага стылю. Але эмацыянальнасцю і  вобразнасцю характарызуецца таксама  і публіцыстычны стыль, нават  некаторыя жанры навуковага стылю. Ці ёсць розніца паміж вобразнасцю  мастацкага слова і вобразнасцю  слова ў іншых функцыянальных

мастацкай стылях? Так, розніца ёсць, і вельмі істотная.

      У сістэме мастацкага твора слова  атрымлівае сімвалічны характар, становіцца двухпланавым. З аднаго боку, яно  суадносіцца з агульнай лексічнай  сістэмай мовы, матэрыяльна як бы супадаючы  з яе элементамі; з другога боку, па сваіх унутраных паэтычных  формах, па свайму эстэтычнаму сэнсу  яно суадносіцца з мастацкай  структурай паэтычнага твора, дапамагаючы  раскрыццю эстэтычнай задумы аўтара. У гэтым бачыў аснову мастацкага мышлення выдатны рускі лінгвіст А. А. Патабня, які развіў тэорыю аб знешняй  і ўнутранай форме слова. “У слове  мы адрозніваем: знешнюю форму, або  бліжэйшае этымылагічнае значэнне слова, той сродак, якім выражаны змест” [3, с. 134]. Так, напрыклад, у слове качка знешняя форма - назва птушкі, а ўнутраная форма – вобраз, бліжэйшае этымалагічнае значэнне слова (“качацца на хвалях”). На думку Патабні, унутраная форма, або першапачатковая вобразнасць, слова часта забываецца, але слова ў сваім развіцці здольна ўзнавіць яе, асабліва ў паэтычным маўленні. У гэтым рацыянальнае зерне тэорыі мастацкага слова Патабні. Сапраўды, усякае слова мае патэнцыяльную вобразнасць, г. зн. здольнасць  перадаваць якую-небудзь з`яву ў яе канкрэтнасці, нагляднасці, вобразнасці. Гэта атрымліваецца, відаць, таму, што паняцце, якое выражаецца значэннем слова, змяшчае ў сабе не толькі агульнае, але і канкрэтнае, што і рэалізуецца ў маўленні. Калі б слова не мела гэтай здольнасці, немагчыма было б дасягнуць паэтычнага, вобразнага маўлення і ў мастацкай літаратуры.[4, с. 274-275 ]

Публіцыстычныя  метафары 

     У рамках кожнага стылю метафары трансфармуюцца, відазмяняюцца ў адпаведнасці з  унутрыстылявымі фактарамі і  патрэбамі. Публіцыстычнай метафары характэрна ярка выражаная ацэначнасць, станоўчая  або адмоўная. У газеце шырока метафарызуюцца, як правіла, паняцці, важныя ў ідэалагічных, эканамічных і іншых адносінах, напрыклад: белае золата, чорнае золата, хлеб прамысловасці, блакітныя артэрыі, электрычныя рэкі. Ва ўсіх гэтых  і аналагічных выпадках замена прамых найменняў экспрэсіўнымі мае  пазітыўна-ацэначны характар, падкрэслівае важнасць метафарызуемых паняццяў. Яркі станоўча-ацэначны характар маюць экспрэсіўныя назвы асоб: працаўнікі, дырыжоры, камандзіры, лоцманы, часавыя, разведчыкі.

     Тое, што многія газетныя метафары ўтвараюцца па ўстойлівых, “гатовых” семантыка-сінтаксічных мадэлях (стандартах, клішэ), выклікае незадаволенасць і нават рэзкую крытыку з боку некаторых літаратараў  і даследчыкаў. Яны абвінавачваюць журналістаў у празмернай, штучнай  метафарызацыі. Так, напрыклад, даследчык  мовы М. Я. Цікоцкі сцвярджае, што  ў журналістаў цяпер у высокай  пашане набор слоў прыблізнага сэнсу, якія ўжываюцца дзеля ўяўнай прыгажосці, экспрэсіўнасці маўлення. [5, c. 270-271]

     На  жаль, такія заўвагі робяцца звычайна без уліку спецыфікі газетнай мовы, кантэксту і жанру твора. Мова газеты характарызуецца супярэчлівым адзінствам дзвюх процілеглых тэндэнцый: імкненнем да максімальнай стандартызацыі, з аднаго боку, і імкненнем да максімальнай экспрэсіўнасці – з  другога. 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

ГЛАВА II.

     Стылістычныя  адметнасці мовы

     на  старонках “Звязды” 

     Не  магу яшчэ раз не заўважыць, што газету чытаюць людзі рознага інтэлектуальнага ўзрозню, розных прафесій, розных узростаў, таму мова на старонках газет павінна  быць зразумелай, простай для ўсіх.

     Хачу  разглядзець матэрыял Яўгена Валошына пад назвай “Нелюдзь зарэзаў касірку  Таню на яе працоўным месце”[10, c. 1]. Адразу кідаецца ў вочы доўгі загаловак, які адпавядае тэме заметкі.

     Слова “нелюдзь”  - экспрэсіўнае, паказвае чытачу адносіны самога аўтара да гэтага здарэння. У ходзе заметкі, я сустрэла такі эпітэт як “лютае зверства”, які журналіст увёў у тэкст з мэтай надзяліць заметку экспрэсіяй, паказаць свае адносіны да здарэння. Амаль уся заметка пабудавана са слоў зніжанай лексікі, якія не проста ўведзены ў тэкст, а дзеля таго, каб простаму чытачу намаляваць карціну прыгоды, каб ён сам уявіў, што здарылася. Яўген браў інтэрв`ю ў відавочцаў падзеі, і, як мне здаецца, іх вусную мову поўнасцю перанёс на паперу:

“А  я ранiцай тут долары мяняў, добра ведаў у твар гэту касiрку, маладая дзяўчына, — адводзiць карэспандэнта "Звязды" ўбок яшчэ адзiн наведвальнiк унiверсама Сяргей. — Вечарам мяне павiнны былi ў бальнiцу пакласцi, але не паклалi. I я каля дзесяцi гадзiн падышоў да ўнiверсама, хацелася шклянку вiна пацягнуць. Гляджу — людзей нямерана. Прарываюся да "Кафетэрыя" — мяне i скруцiлi. Давялося пашпарт паказваць, каб адпусцiлi. Там я i даведаўся, што адбылося...”