Тыпізаваныя сінтаксічныя гутарковыя канструкцыі



ЗМЕСТ

 

УВОДЗІНЫ              3

РАЗДЗЕЛ І. АСПЕКТЫ ВУСНА-ГУТАРКОВАГА МАЎЛЕННЯ Ў МАСТАЦКІМ ТЭКСЦЕ              6

1.1 Сінтаксічныя асаблівасці гутарковага маўлення              9

РАЗДЗЕЛ ІІ. ГУТАРКОВЫ СІНТАКСІС Ў МАСТАЦКІМ ДЫЯЛОГУ              13

2.1. Гутарковыя сінтаксічныя канструкцыі ў творах М. Зарэцкага              13

2.2. Гутарковыя сінтаксічныя канструкцыі у рамане Дж. Оруэла “1984”              24

2.3 Параўнанне асаблівасцей сінтаксісу твораў М. Зарэцкага і рамана Дж. Оруэла “1984”              33

ЗАКЛЮЧЭННЕ              38

СПІС ЛІТАРАТУРЫ              40

 

 

                             

            

 

 

      

                                              УВОДЗІНЫ

 

      На розных этапах развіцця мова беларускай мастацкай літаратуры вызначалася актыўным узаемадзеяннем, з аднаго боку, з нормамі ўсвядомленай літаратурнай мовы, а з другога—з вуснай мовай народных гаворак. Таму ў мастацкіх творах усіх жанраў побач з кніжнымі адзінкамі заканамерна ўжываюцца моўна-выяўленчыя сродкі як вуснага дыялектнага маўлення, так і вуснага літаратурнага.

      Працэс пранікнення гутарковых маўленчых адзінак у мову беларускай мастацкай літаратуры мае доўгую гісторыю. Яго пачаткам варта лічыць XVI ст., калі мастацкія творы сталі своеасаблівым каталізатарам народных гаворак. Выкарыстанне моўна-выяўленчых сродкаў гутарковага ўжытку па рознаму адбывалася у мастацкай літаратуры беларусаў, таму лінгвістычнае апісанне гэтага працэсу таксама прайшло некалькі этапаў. Праўда, да сённяшняга дня спецыяльнага даследавання беларускай гутарковай мовы ў беларускім мовазнаўстве яшчэ не праводзілася, хоць праблема ўжывання элементаў вусна-гутарковага маўлення знайшла адлюстраванне не толькі ў артыкулах, але і манаграфіях беларускіх лінгвістаў.

      Першая спроба сістэмнага аналізу ўзаемадзеяння элементаў беларускага гутарковага маўлення і мовы мастацкіх твораў на лексічным узроўні належыць М.В. Абабурку. У сваіх працах ён не толькі прасачыў ужыванне лексічных і сінтаксічных адзінак гутарковага маўлення ў рамане І.Мележа “Людзі на балоце”, але і паказаў матываванасць, стылістычную насычанасць такіх моўных сродкаў. М.В. Абабурка шырока і глыбока даследваў пытанні ўзаемадзеяння вусна-гутарковага і кніжна-пісьмовага маўлення беларусаў, уплыву рэгіянальных асаблівасцей не толькі на мову сучаснай беларускай мастацкай літаратуры, але і на ўсю беларускую літаратурную мову.

      Праблему ўжывання сінтаксічных адзінак гутарковага маўлення і мовы мастацкіх твораў закрануў і С.Р. Рачэўскі, які прааналізаваў заканамернасці выкарыстання канструкцый непаўнаты народным пісьменнікам Я.Брылём. Пры гэтым даследчык заўважыў, што празаік творча апрацоўвае гутарковыя адзінкі, ужываючы іх як выразны моўны сродак для стварэння неабходнага стылістычнага эфекту.

      Услед за С.Р. Рачэўскім праблему гутарковага сінтаксісу даследвала        А.Р. Міхалевіч, якая ў сваёй дысертацыі “Канструкцыі гутарковага сінтаксісу ў творах Івана Пташнікавага” звярнула асноўную ўвагу на канструкцыі непаўнаты і канструкцыі з паўторам структурных элементаў у творах І.Пташнікава. Даследчыца прыходзіць да вываду, што ўжываннем такіх канструкцый у творах беларускага пісьменніка дасягаецца не толькі непасрэднасць, натуральнасць апісання, але і яркасць, вобразнасць, выяўленчасць мастацкага тэксту.

      Такім чынам у беларускім мовазнаўстве былі зроблены спробы сістэмнага вывучэння гутарковай мовы, аднак гутарковае маўленне не атрымала грунтоўнага аналізу і да цяперашняга часу. Неабходнасць аналізу абумоўлена наяўнасцю актыўнага літаратурнага працэсу сучаснасці—шырокім ужываннем у беларускіх паэтычных, празаічных і драматургічных творах элементаў гутарковага маўлення.

      У гэтай працы мы звернем увагу на асаблівасці вусна-гутарковага маўлення, перш за ўсё гутарковага сінтаксісу, у творчасці беларускага пісьменніка М. Зарэцкага і на перадачу гутарковага сінтаксісу (ці яго выкарыстанне) у англійскіх мастацкіх творах.

      Актуальнасць тэмы абумоўленна таксама і нераспрацаванасцю праблемы функцыянавання гутарковага сінтаксісу ў мастацкім тэксце. У працы ставіцца мэта—выявіць канструкцыі гутарковага сінтаксісу, раскрыць іх спецыфіку, устанавіць іх функцыю ў кантэксце. Дасягненню пастаўленай мэты садзейнічаюць канкрэтныя задачы:

1.      акрэсліць паняцце “гутарковае маўленне”;

2.      вылучыць тыповыя канструкцыi гутарковай камунiкацыi ў мастацкім дыялогу;

3.      акрэсліць канструкцыі гутарковага маўлення ў мастацкім тэксце і вызначыць іх ролю;

4.      параўнаць асаблівасці перадачы гутарковага сінтаксісу ў творах Міхася Зарэцкага і рамане Дж. Оруэла “1984” і зрабіць адпаведныя вывады.

      Для рэалізацыі пастаўленых задач у працы выкарыстоўваецца пераважна апісальны метад, які спалучаецца з прыёмам лінгвістычнага каменціравання.

      Выкарыстаны таксама прынцыпы аналізу фактычнага матэрыялу, адлюстраваныя ў навуковых працах як айчынных даследчыкаў              (Л.М. Шакун, А.І. Жураўскі, М.Л. Цікоцкі, М.В. Абабурка, І.М. Ячмянёва), так і расійскіх (В.У. Вінаградаў, Т.Р. Вінакур, В.Б. Сіраціна).

 

 

 

 

 

 

 

 

 

РАЗДЗЕЛ І. АСПЕКТЫ ВУСНА-ГУТАРКОВАГА МАЎЛЕННЯ  Ў МАСТАЦКІМ ТЭКСЦЕ

      Сучасная беларуская літаратурная мова выступае ў дзвюх разнавіднасцях—пісьмовай і вуснай. Апошняя выкарыстоўваецца ў афіцыйных і неафіцыйных зносінах. Неафіцыйнае вуснае маўленне звычайна прынята называць гутарковым, паколькі пад ім разумеюць жывую вусную мову народа, якая з’яўляецца сродкам штодзённага абмену думкамі і характарызуецца вялікай варыянтнасцю на кожным узроўні: фанетычным, арфаэпічным, акцэнталагічным, лексічным, марфалагічным, сінтаксічным і г.д.

      У сучасным мовазнаўстве побач з тэрмінам “гутарковая мова” пашыраны раўназначныя тэрміны: “вусна-гутарковая мова”, “дыялагічная мова”, “народна-гутарковая мова”, “штодзённабытавая мова” і інш. Падставай для іх існавання з’яўляецца неакрэсленасць семантыкі гэтай лінгвістычнай з’явы, і перш за ўсё тое, што гутарковая мова мае свае дзве разнавіднасці: вусна-гутарковую (размоўную) і літаратурную (кніжную). Улічваючы шматаспектнасць яе лінгвістычнага зместу, мы будзем разглядаць у нашай працы вусна-гутарковае маўленне як маўленне папярэдне непадрыхтаванае  да размовы і аналізу думкі, непасрэдна звязанае з канкрэтным спосабам мыслення (у пераважнай колькасці з неафіцыйнасцю), з дадатковымі спосабамі перадачы інфармацыі ў вуснай разнавіднасці—інтанацыяй, мімікай, жэстамі. Для нас гэта найперш стылістычная катэгорыя, якая валодае сістэмай гутарковых моўна-выяўленчых сродкаў. Таму гутарковымі (размоўнымі) з’яўляецца рознаўзроўневыя моўныя адзінкі (кадыфікаваныя і некадыфікаваныя), што выдзяляюцца стылістычна пад уплывам пэўных умоў, якія забяспечваюць функцыянаванне іх пераважна ў вуснай форме нацыянальнай мовы. Такімі ўмовамі традыцыйна называюць непадрыхтаванасць, нязмушанасць акта камунікацыі, непасрэдны ўдзел у ім. Аднак гэта бывае ў жывой, вуснай, моўнай стыхіі, а не ў літаратурна-мастацкім творы.

Вусна-гутарковае маўленне знаходзіць сваё адлюстраванне ў розных стылях беларускай літаратурнай мовы, асабліва мастацкім, які вельмі часта выкарыстоўваецца як крыніцца для вывучэння гутарковага стылю беларускай літаратурнай мовы. Некаторыя даследчыкі акцэнтуюць увагу на тое, што гутарковы стыль абслугоўвае шырокую сферу “асобасных, неафіцыйных, пазаслужбовых, ужытковых зносінаў і выяўляецца як у вуснай, так і ў пісьмовай форме (запіскі, прыватныя пісьмы)” [20, c.109].

Доўгі час беларускае гутарковае маўленне вывучалася як гутарковы стыль паводле яго адлюстравання ў беларускай мастацкай літаратуры, асабліва ў дыялогах, пісьмах, дзённіках, інтымных запісках. Пры гэтым даследавалася не толькі само гутарковае маўленне, але і спецыфіка пісьменніка ў адлюстраванні гутарковай мовы, спосабы такой працы, выкарыстанне гутарковай мовы як сродкаў моўнай характарыстыкі, проціпастаўленне і ўзаемаўплыў розных функцыянальных стыляў літаратурнай мовы. Толькі ў 60-я гады XX ст. пачалося вывучэнне беларускай гутарковай мовы паводле магнітафонных запісаў, г.зн. вывучэнне рэальнага вуснага непасрэднага маўлення беларусаў.

Сярод лінгвістаў, якія займаліся даследаваннем праблем сучаснага беларускага вусна-гутарковага маўлення, у першую чаргу можна вылучыць Л.М. Шакуна, Л.І. Бурака, А.С. Жураўскага, М.Л. Цікоцкага, М.В. Абабурку і іншых. Аднак найбольш дакладна ахарактарызаваў вусную і пісьмовую разнавіднасці сучаснай беларускай літаратурнай мовы Л.М. Шакун, які пiсаў: “Паколькі літаратурная мова выкарыстоўваецца як сродак пісьмовых зносін, яна выступае ў пісьмова-кніжнай і вусна-размоўнай формах, або інакш разнавіднасцях. Гэтыя разнавіднасці літаратурнай мовы не маюць прынцыповых адрозненняў у лексіка-фразеалагічным складзе і ў сістэме стылістычных сродкаў. Не дапускаецца парушэнне норм літаратурнай мовы як у яе пісьмова-кніжнай, так і ў вусна-размоўнай форме, хоць у апошняй яны не такія строгія. Вусна-размоўная форма адрозніваецца ад пісьмова-кніжнай галоўным чынам своеасаблівасцю сінтаксічнай канструкцыі, істотнай роллю інтанацыі, мімікі, жэсту і інш” [19, c.7-8].

А.І. Жураўскі падкрэслівае, што ў штодзённа-гутарковым вусным маўленні дапускаюцца разнастайныя адступленні ад афіцыйных норм, у сувязі з чым штодзённа-гутарковая разнавіднасць аказваецца ў большай меры аддаленай ад норм пісьмовай мовы, таму яна займае прамежкавае становішча паміж афіцыйнай формай літаратурнай мовы і беларускім дыялектным маўленнем “з ухілам у той ці іншы бок у залежнасці ад ступені валодання гаворачым нормамі літаратурнай беларускай мовы”.

Варта дадаць, што ўсе сённяшнія адхіленні ад норм, якія пранікаюць у сучасную беларускую літаратурную мову пад уплывам дыялектнай, а таксама сучаснай рускай мовы, А.І. Жураўскі лічыць асаблівасцямі, што адрозніваюць вусную форму беларускай літаратурнай мовы ад пісьмовай [5, c.28].

Больш падрабязна характарызуецца вуснае і пісьмовае маўленне ў працах М.Я. Цікоцкага, у якіх месцамі сасюраўская дыхатамія “мова і маўленне” нават супрацьпастаўляецца састаўнымі кампанентамі, для таго каб былі адметныя стылістычныя адрозненні гэтых найважнейшых форм чалавечай камунікацыі і інфармацыі [15].

Кіруючыся высновамі Л.М. Шакуна, А.І. Жураўскага, М.В. Абабуркі можна вылучыць наступныя разнавіднасці беларускага маўлення:

1.        Уніфікаванае, агульнапрынятае гутарковае маўленне. Яно не мае прынцыповых адрозненняў ад унармаванага пісьмовага маўлення. Гэта чыста літаратурнае маўленне, прыкладам якога могуць быць вусныя выступленні беларускіх лінгвістаў, лепшых дыктараў рэспубліканскага радыё і літаратуры, увогуле ўсіх, хто прытрымліваецца ў строгім парадку дзейных літаратурных норм. Фармальна можна лічыць уніфікаваным  гутарковым маўленнем шматлікія дыялогі ў драматычных і празаічных літаратурна-мастацкіх творах.

2.        Нелітаратурнае гутарковае маўленне. Гэта ў першую чаргу такое маўленне, якое можна назваць дыялектным, беларуска-рускім, руска-беларускім, беларуска-польскім, польска-беларускім, беларуска-ўкраінскім, украінска-беларускім,  беларуска-ўкраінска-польскім, беларуска-руска-ўкраінскім і г.д. Прыклады такога маўлення шырока зафіксаваныя ў хрэстаматыях па беларускай дыялекталогіі, у разнастайных дыялектных слоўніках як ілюстрацыйны матэрыял.

3.        Змешанае, або гібрыднае, гутарковае маўленне. Дакладней яго можна было б назваць літаратурна-дыялектным, дыялектна-літаратурным, дыялектна-прастамоўна-літаратурным і г.д. Прыклады такога маўлення—гэта найперш інтэрв’ю носьбітаў дыялектаў, запісы жывога маўлення пісьмовымі сродкамі з магнітафонных стужак, а таксама мова мастацкіх твораў, пераважна дыялагічная.

 

1.1 Сінтаксічныя асаблівасці гутарковага маўлення

Сінтаксічныя асаблівасці гутарковай мовы даволі спецыфічныя. Гэта звязана з тым, што гутарковае маўленне часта выкарыстоўваецца ў такіх умовах, як непасрэднасць моўных зносін, непадрыхтаванасць да выказвання, таму што вусна-гутарковае маўленне спантаннае, загадзя не абдумваецца, а ствараецца экспромтам. У гутарковых сінтаксічных канструкцыях сустракаюцца рознага плану камбінацыі і кантамінацыі, спрошчанасць, перарывістасць, паўтаральнасць. Гутарковая мова, як адзначыў А.М.Пяшкоўскі, “па прыродзе сваей эліптычная… Мы заўсёды не дагаворваем сваіх думак, прапускаем у мове ўсе, што падказваецца абставінамі або папярэднім вопытам субяседнікаў” [12, с.58].

Нельга не пагадзіцца з гэтым, бо ў гутарковым маўленні назіраецца тэндэнцыя да пашырэння спрошчаных, сціслых, няпоўных сінтаксічных канструкцый, якія выступаюць як рэплікі дыялогаў, сінтаксічна непадзельных сказаў, здольных у лаканічнай форме перадаваць даволі аб’емную інфармацыю і разам з тым выражаць пэўныя адносіны асобы да рэчаіснасці.

Значную ролю ў гутарковым маўленні адыгрывае інтанацыя. Яна нясе вялікую сэнсавую, мадальную і эмацыянальную нагрузку. К.Чорны пісаў: “Мова—жывая істота. Яна жыве, а не існуе. Адным словам можна вельмі шмат выказаць або тым жа самым словам нічога не сказаць. І гэта нават можа быць ад таго, як гэта слова выгаварыць” [18, c.572]. Пры дапамозе інтанацыі можна ў поўнай меры перадаць “усю гаму сэнсавых і эмацынальных адценняў выказвання” [14, с.122], таму ў гутарковай мове вельмі пашыраны клічныя, пытальныя, пабуджальныя канструкцыі, выкарыстоўваецца адваротны парадак слоў, эліпсіс і г.д.

Вядома, што дыялог прадугледжвае адначасовае маўленне і абдумванне, што прыводзіць да частай перабудовы рэплік на хаду: рэплікі то абрываюцца, то тут жа могуць далучацца самыя розныя часткі, нават сказы, і дапаўняюць сэнс выказвання. Парцэляваныя структурныя адзінкі—гэта не столькі саматлумачэнні моўцы, колькі праяўленне асацыятыўнай пабудовы выказвання, характэрнага для гутарковай камунікацыі.

Парцэляваныя канструкцыі—гэта стылёвы прыём, што заключаецца ў такім расчляненні структуры сказа, пры якім яна прадстаўляецца не адной, а некалькамі інтанацыйна-сэнсавымі адзінкамі або фразамі. Парцэляцыя выступае як сродак стварэння і ўзмацнення ў выказванні новага (дадатковага) рэматычнага цэнтра. Другасная рэма ў падобных выпадках набывае першаступеннае значэнне для “расшыфроўкі” зместу выказвання, для перадачы ацэнкавасці, сублімаванай у словах моўцы [8, c.61].

Парцэляваныя канструкцыі садзейнічаюць вылучэнню на першае месца тых момантаў выказвання, якія валодаюць найбольшай экспрэсіўнай выразнасцю і разам з гэтым выступаюць як стылёвы сродак актуалізацыі значнай, з пазіцыі моўцы, інфармацыі.

Не меншую ролю выконвае і такая асаблівасць гутарковага маўлення, як эліптычнасць. “Эліптычнасць,—адзначае В.Б. Сірацініна,—адзін з асноўных прынцыпаў пабудовы гутарковага тэксту. Прапускаецца ўсё, што можа быць прапушчана. Гэты прынцып эканоміі дзейнічае ў гутарковым маўленні на ўсіх ўзроўнях моўнай сістэмы, але асабліва выразна ён праяўляецца ў сінтаксісе” [14, c.101].

Асаблівай увагі заслугоўваюць спецыфічныя камунікатыўныя адзінкі, якія ўтрымліваюць толькі рэакцыю на выказванне (не, так, але і г.д.) або сітуацыю (дзякуй, прывітанне, да пабачэння і інш.) і з’яўляюцца “асобымі маркірамі гутарковага маўлення” [14, c.110]. У мовазнаўчай літаратуры іх называюць нячленнымі або нечлянімымі, а па традыцыі—словы-сказы, ці рэлятывы, або дыскурсіўныя словы, ці словы-камунікатывы. Такія сказы бессастаўныя, яны арганізаваны з марфалагічна нязменных слоў (часціцы, мадальныя словы, выклічнікі, гукапераймальныя словы), і ў сувязі з гэтым у іх саставе нельга вылучыць ні галоўных, ні даданых членаў[8, c.62].

“Камунікатыўная значнасць нячленных сказаў праяўляецца, як правіла, толькі на фоне адпаведных сказаў, што складаюць моўны кантэкст”          [2,c.118]. Гэта азначае, што камунікатывы ў асноўным уласцівы дыялагічнай мове: прысутнасць асоб, якія вядуць гутарку, кантэкст, абставіны, тэмп маўлення (часцей за ўсё хуткі), дынамізм, сама сітуацыя садзейнічаюць з’яўленню і рэалізацыі падобных сінтаксічных адзінак.

Рэлятывы, або словы-камунікатывы, вылучаюцца сваёй лаканічнасцю і экспрэсіўнасцю. Таму, як падкрэслівае Л.І. Бурак,—гэта “асобыя камунікатыўныя адзінкі, якія ўласцівы толькі гутарковаму маўленню і мове мастацкай літаратуры пры перадачы гутарковага маўлення [2, c.121].

Для адлюстравання натуральнага, спантаннага маўлення ў гутарковай мове  выкарыстоўваюцца сказы са звароткам, так званыя вакатывы. Як вядома, вакатывамі называюць інтанацыйна адасобленыя ад саставу сказа словы (пераважна назоўнікі) ці словазлучэнні, што называюць адрасата маўлення і выконваюць апелятыўную функцыю, інакш кажучы, функцыю наладжвання з ім кантакту [11,c.87]. Вакатывы—натуральная з’ява дыялогу: яны называюць асобу, значыць, выконваюць кантактную ролю, і адначасова пабуджаюць гэтую асобу нешта слухаць, рэагаваць на словы, адказваць.

Сярод вакатываў сустракаюцца імёны, прозвішчы, словы ў пераносным значэнні, словы, што абазначаюць роднасныя, суседскія, сяброўскія адносіны, найменш паводле прафесіі і інш. З марфалагічнага боку—назоўнікі назоўнага склону ці клічнага (што характэрна для гутарковага маўлення). Па структуры—простыя вакатывы і даволі часта—складаныя (развітыя), якія валодаюць большай інфарматыўнасцю.

Характэрныя для штодзённа-бытавога маўлення таксама плеанастычныя канструкцыі, паўтор дзеяслова-выказніка для абазначэння працягласці дзеяння, спалучэнне дзеяслова ўзяць і аднолькавай формы іншага дзеяслова (паміж імі стаяць злучнікі ды, дый, ды і, дык) для ўказання на дзеянне як вынік прынятага суб’ектам рашэння, яго асабістага жадання і інш.

Такім чынам, вусна-гутарковае маўленне адлюстроўвае паўсядзённы, разнастайны і зменлівы матэрыяльны і псіхічны свет людзей. Таму і ўплыў гутарковай мовы на мову мастацкай літаратуры вельмі вялікі. У выніку выкарыстання размоўных сродкаў выразнасці мова мастацкага твора ў структурных адносінах уяўляецца як сінтэз кніжных і размоўных элементаў, якія “куюцца і збіраюцца ў кузні размоўнага маўлення” [21, с.116] і “ўвесь час папаўняюць свае скарбніцы з гэтых невычэрпных крыніц” [7, с.45].

Разгляд твораў М. Зарэцкага і рамана Дж. Оруэла “1984” паводле вылучэння і даследавання гутарковага сінтаксісу дазволіць раскрыць асаблівасці гэтага тыпу сінтаксісу ў мастацкім творы, што імкнецца падкрэсліць аўтар пры дапамозе звароту да гутарковага сінтаксісу.

РАЗДЗЕЛ ІІ. АСАБЛІВАСЦІ ПЕРАДАЧЫ ГУТАРКОВАГА СІНТАКСІСУ Ў МАСТАЦКІМ ДЫЯЛОГУ

2.1 Гутарковыя сінтаксічныя канструкцыі ў творах  М. Зарэцкага

М.Зарэцкі ўвайшоў у беларускую мастацкую літаратуру як самабытны пісьменнік, як мастак з яскравым нацыянальным абліччам. Ён быў у ліку празаікаў, якія заклалі першыя цагліны ў падмурак сапраўды нацыянальнай беларускай мастацкай літаратуры. Разам з такімі выдатнымі беларускімі пісьменнікамі, як Я.Колас, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, К.Чорны і інш., М.Зарэцкі ўздымаў беларускую літаратуру на ўзровень сусветнай вартасці, удала карастаючыся нацыянальнымі моўна-выяўленчымі скарбамі і набыткамі. Яго па праву можна лічыць адным з пачынальнікаў новай беларускай фундаментальнай i шырокамаштабнай прозы, таму што творчая дзейнасць пісьменніка зрабіла дабратворны ўплыў на беларускую літаратуру і спрыяла не толькі развіццю мовы беларускай мастацкай літаратуры, але і ўсёй беларускай літаратурнай мовы. М.Зарэцкі напаўняў гутарковую мову беларусаў многiмi сродкамi пiсьмова-кнiжнага ўжытку, дасягнуўшы таго моўна-стылiстычнага адзiнства, выразнасцi, лаканiчнасцi, сцiсласцi, умення ў малым змясцiць вялiкае, што i сёння ў ягоным стылi з’яўляецца адметным, своеасаблiвым i непаўторным.

Пры значнай колькасцi даследаванняў, прысвечаных аналiзу творчасцi М.Зарэцкага з лiтаратуразнаўчага боку, мы знаходзiм адзiнкавыя артыкулы, у якiх разглядаецца мова некаторых твораў пiсьменнiка. Гэтыя працы высвятляюць пераважна асобныя бакi стылю i мовы твораў пiсьменнiцкага майстэрства М.Зарэцкага. Але вельмi часта спецыфіка яго мастацкай мовы падаецца без суадносiн з iншымi сродкамi, без сувязi з канкрэтным вобразам i без улiку эвалюцыi мовы твораў празаiка.

Неабходнасць лінгвастылістычнага аналізу мовы твораў М.Зарэцкага відавочная, бо без ведання спадчыны аднаго з пачынальнікаў нашай фундаментальнай прозы нельга па-сапраўднаму зразумець стан сённяшняй мастацкай літаратуры і яго мовы.

Вельмі важную ролю ў стварэнні яркіх мастацкіх вобразаў як у плане “іх індывідуальнай маўленчай характарыстыкі, так і ў плане раскрыцця іх светапогляду, іх унутранага псіхалагічнага стану” [17, c.169] адыгрывае мова герояў, якая будуецца на жыццёвым, рэалістычным матэрыяле. Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца самыя разнастайныя гутарковыя сінтаксічныя элементы, якія ў мастацкім дыялогу з’ўляюцца важным сродкам узаемасувязі з жыццёвым, бытавым дыялогам і ў той жа час актуалізуюць эстэтычную апрацаванасць як адпаведнасць мастацкай праўдзе характараў, створаных пісьменнікам.

Важнейшыя характэрныя асаблівасці дыялогаў у літаратурна-мастацкіх творах М. Зарэцкага, стылістычныя функцыі мовы персанажаў у структуры мастацкага цэлага разгледжаны ў працах Л.У. Шчэрбы, В,У. Вінаградава, Р.А. Будагава, М.Я. Цікоцкага і іншых даследчыкаў. Гэтыя вучоныя надаюць вялікую ўвагу прызначэнню размоўных элементаў у мастацкім дыялогу—функцыя сігналу гутарковасці, а “дыялагічны стыль становіцца рэалістычным, г.зн. арыентуецца на сапраўднасць, на яе сімвалічнае і тыповае ўяўленне” [4, c.214]. Аднак не менш важным з’яўляецца і другое прызначэнне элементаў вусна-гутарковага маўлення ў літаратурна-мастацкім творы—выконваць функцыю характарыстычную, г.зн. актыўнае выкарыстанне гутарковых элементаў як сродку моўнай характарыстыкі персанажа, на што ўказвае В.Б. Сірацініна. Яна зазначае, што майстэрства пісьменніка заключаецца ў тым, каб “мінімумам сігналаў гутарковасці стварыць уражанне, што людзі кажуць, размаўляюць, вядуць гутарку і адначасова перадаць чытачу патрэбныя звесткі” [13, c.77-78].

Паколькі мастацкія дыялогі з’яўляюцца стылізацыяй пад вусна-гутарковае маўленне і своеасаблівым прыдаткам да аўтарскай мовы, як бы яе працягам, але з удзелам дзейных асоб, яны маюць сваю спецыфіку і ў форме рэплік-стымулаў і рэплік-рэакцый, і ў працэсе непасрэднай камунікацыі, якая праходзіць спантанна. Пытальна-адказавая форма рэплік, што чаргуюцца паміж сабой, не абавязкова павінна заключаць у сабе пытальны сказ (рэпліка-стымул) і сцвярджальны ці адмоўны сказ (рэпліка-рэакцыя). У творах М. Зарэцкага зафіксаваныя разнастайныя тыпы дыялогаў з “адступленнем” ад агульнапрынятага. Напрыклад:  

–Усяго атрада не буду браць. Выберу чалавек пятнаццаць…

–Глядзі, каб мала не было… Гэта ж не злодзей які, банда цэлая…

–Гэта мая справа. Адказнасць бяру на сябе.

–Добра… Я сам таксама паеду.

–Яшчэ лепей. Толькі з умовай: мне не замінаць… Загадаў ніякіх, акрамя маіх… Там ты не начальнік, а падуладны…

–Аб гэтым не турбуйся. Я не маю ніякага намеру памыкацца на тваю вайсковую ўладу. Усе загады твае буду спаўняць няўхільна.

–Ну, я пайшоў…Увечары зайду да цябе, пагамонім.

–Заходзь на кватэру!

–Добра… (“Ворагі”)

 

–Марылька!

–Ну?

–Ці ведаеш ты, што мы з табой абое дурні?..

–Як гэта? (“На маладое”).

Як вынікае з працытаванага, гутарковыя сінтаксічныя канструкцыі ў дыялогах з’яўляюцца неабходным сродкам мастацкай выразнасці. У творах пісьменніка асноўнымі такімі адзінкамі выступаюць наступныя:

1. Важная прымета дыялогаў—гэта элiпсic. Вусна-гутарковая форма камунікацыі цесна звязана з законам эканоміі, які аддае перавагу і найбольш лаканічнаму выражэнню думкі, і афармленню не толькі яе самой, але і састаўных элементаў, нават асобных словаформ. Таму няпоўныя і неразвітыя сказы стылістычна важныя як сродак лаканічнага маўлення. Змест такіх канструкцый вызначаецца зместам папярэдняй або наступнай рэплікі. Непаўната рэплік у дыялагічнай мове тлумачыцца тым, што пры размове няма неабходнасці паўтараць ужо сказанае раней, таму гаворачая асоба часта апускае ў рэпліцы словы з выказвання свайго суразмоўцы і перадае толькі новую інфармацыю. [1,c.97]. Шырокае выкарыстанне няпоўных  канструкцый у прозе М.Зарэцкага звязана і з дынамікай дыялога, у выніку чаго паўтор у рэпліцы аднаго з удзельнікаў гутаркі элементаў папярэдняга выказвання субяседніка становіцца і непатрэбным, і немагчымым, бо паўтор выклікае перагружанасць дыялагічнай мовы. Няпоўныя сказы—норма літаратурнага дыялога, па-за яго межамі іх сэнс становіцца незразумелым, нават абсурдным:

—Ну як, хлопцы?..

—Ляжаць.

—Усе?

—Да аднаго?

—Хто страляў?

—Я…

—Ты, Грышка?

—Я.

—Навошта?

—Не мог саўладаць… здаравенны… ледзь мяне не прыбраў…

—Прыстрэліў?

—Так точна (“Ворагі”);

—Вы куды ідзіцё?

—Дахаты.

—А дзе ваша хата?

—На Ленінскай (“Бель”).

Прыведзеныя дыялогі з’яўляюцца трапнымі замалёўкамі з натуры, амаль што дакладныя копіі бытавых дыялогаў з нешматслоўнымі, лаканічнымі рэплікамі персанажаў і г.д. Неразвітыя і няпоўныя сказы-рэплікі надаюць літаратурна-мастацкаму маўленню непасрэднасць, эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць.

2. Далучальныя і парцэляваныя канструкцыі ў дыялогах М. Зарэцкага з’яўляюцца своеасаблівым экспрэсіўным сродкам, які стварае ўражанне непасрэднасці маўлення, калі фраза складваецца як бы “на хаду”, без папярэдняга абдумвання. Такое экспрэсіўнае падкрэсліванне слоў ці групы слоў, якое далучаецца да ўжо выказанага зместу як дабаўленне дадатковых звестак і тлумачэнняў апраўдана стылістычнымі мэтамі і абумоўлена ў першую чаргу закладзенымі ў іх багатымі магчымасцямі выражэння сэнсавых і эмацыянальных адценняў:

  —І пан там?

—Там… частуе… І пані, і паненка… Прыгожая, каб яе пярун! (“Ворагі”).

3. Зваротак—спецыфічная рыса дыялогу. У складзе рэплік выкарыстоўваюцца агульнараспаўсюджаныя ў літаратурнай мове тыпы звароткаў: развітыя і неразвітыя, адзіночныя, паўторныя, складаныя і групавыя. У дыялогах зваротак служыць галоўным чынам для таго, каб прыцягнуць увагу рэцыпіента да прадмета паведамлення, выканаць загад, просьбу таго, хто гаворыць, адказаць на пытанне, выразіць душэўную спагаду, сардэчнасць, пяшчотнасць, ласку і інш. У гэтых выпадках гаворачая асоба, называючы субяседніка і выражаючы свае адносіны да яго, выкарыстоўвае зваротак для стварэння непасрэднасці маўлення. Найбольш тыповай і ўжывальнай формай выражэння зваротка з’яўляецца форма назоўніка ў назоўным склоне з паясняльнымі словамі або без іх, прыметнікі, стылістычныя разнавіднасці звароткаў-тропаў, формы клічнага склону і інш.:

–Ой, мой сыночак, ці не замысліў ты што? Глядзі, беражыся…

–Не бойся, мама!... Я—круткі, мяне голымі рукамі не возьмеш…(“У віры жыцця”).

4. Пытальныя канструкцыі як тыповы экспрэсіўны сродак. Яны вылучаюцца:

а) прызначэннем—ставіць перад субяседнікам пытанне, на якое ён павінен адказаць, і ў выглядзе чарговага пытання сфармуляваць сцвярджэнне, якому пытальная форма надае эмацыянальную афарбоўку. Тут яскрава выдзяляюцца дзве группы: сказы-пытанні, што патрабуюць адказу (прамое пытанне, пытанне-прапанова, пытанне-меркаванне і інш.); сказы-пытанні, якія змяшчаюць у сабе адказ (пытанні-пярэчанні, клічныя пытанні, пытанні-перакананні і г.д.):

–Што, дзеткі, можа, казку вам збаяць?

–Збай, татачка!—у адзін голас прагукалі (“Бель”).

б) своеасаблівай інтанацыяй:

–Як жа я ў калгас, калі бацькі не йдуць? Што я з імі зраблю?

–Не хочуць—не трэба. Ідзі адна (“Пачатак шчасця”).

5. Пабуджальныя сказы ў дыялагічнай мове перадаюць агульнае значэнне ўздзеяння на субяседніка, пабуджэння яго да дзеяння, выражаюць розныя волевыяўленні гаворачай асобы. У агульным значэнні пабуджэння такіх сказаў выдзяляюцца разнастайныя адценні: загад, патрабаванне, прапанова, заклік, просьба і інш [1, c.95].