Биография Зарэцкі Міхась (Зарэцки Михась, Зарэцкий Михаил)

Биография, Зарэцкі  Міхась (Зарэцки Михась, Зарэцкий Михаил). Біяграфія.

 





Зарэцкі Міхась (сапр. Касянкоў Міхаіл), нарадзіўся 20.11.1901 г. у сяле Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і дзяка.

Дзяцінства прайшло  ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам. У 10 год аддадзены ў Аршанскую  духоўную навучальню, а затым - у Магілеўскую духоўную семінарыю, якую пакінуў, калі пачалася рэвалюцыя. Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. З лютага 1919 г. настаўнічаў на Магілеўшчыне, потым прызначаны загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы. У 1920-1926 гг. - палітработнік Чырвонай Арміі. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», з 1927 г. - у аб'яднанне «Полымя». Да лістапада 1936 г. працаваў у АН БССР. 03.10.1936 г. арыштаваны. Прыгавор Ваеннай калегіі ад 28.10.1937 г. адменены Вярхоўным судом БССР 07.12.1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1922 г. у газеце «Савецкая  Беларусь». У 1925 г. выйшлі з друку  два зборнікі апавяданняў «У віры жыцця» і «Пела вясна». Услед за імі - «Пад сонцам» (1926), «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх» (1926), «На чыгунцы» (1928), «Ракавыя жаронцы» (1930, уключаны і п'есы «Віхор на балоце» і «Белыя ружы»), апавяданне «Бацькаў сын» (1932), аповесць «Голы звер» (1926), раманы «Сцежкі-дарожкі» (1928), «Вязьмо» (1932), кніжкі нарысаў «Падарожжа на новую зямлю» (1929), «Лісты ад знаёмага» (1931). Аўтар п'ес «Сымон Карызна» (1935), «Ная» (1936) і інш., а таксама кінасцэнарыя «Пачатак шчасця». У 1975 г. выдадзены зборнік выбраных апавяданняў «Пачатак шчасця», у 1989-1991 гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах. Выступаў і як крытык.

Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмент» Ф.Гладкова (1930), «Прыгода ўдалага ваякі Швейка ў  сусветную вайну» Я.Гашака (ч. 1, 1931).

 

 

 

Міхась ЗАРЭЦКІ, сапр.: Міхаіл Яўхімавіч КАСЯНКОЎ (20 лістапада 1901, в. Высокі Гарадзец Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Талачынскі р-н Віцебскай вобл. — 29 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС), беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык.

Дзяцінства  прайшло ў в. Зарэчча пад Шкловам — адсюль псеўданім. З 10-гадовага ўзросту вучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы і Магілёўскай духоўнай семінарыі (у 1917 пакінуў семінарыю пасля 2 гадоў вучобы). Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. З лютага 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, потым прызначаны загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы. У 1920—1927 палітработнік Чырвонай Арміі. Публікавацца пачаў у 1922. З 1924 член літаб'яднання «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926—1927 рэдагаваў часопіс «Маладняк». У 1927 стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаб'яднання «Полымя». У жніўні — кастрычніку 1927 у складзе дэлегацыі беларускіх літаратараў наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928 (артыкулы «Два экзамены (Да пытання аб тэатральнай крытыцы)», «Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (Да крытыкі тэматычнага плана)»). Выступленні М. Зарэцкага ў друку былі расцэнены як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з А. Александровічам і А. Дударом ён заявіў пра выхад з БДУ (публікацыя ў «Савецкай Беларусі» 4.12.1928). У 1929 выключаны з ВКП(б). Член СП БССР (з 1934). З лістапада 1936 працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва БелАН. Арыштаваны 3.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Абутковая, д. 23, кв. 3. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7.12.1957. Асабовая справа К. № 11069-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей.

Дэбютаваў апавяданнем у 1922 (газета «Савецкая  Беларусь»). Аўтар зборнікаў апавяданняў  «У віры жыцця» (1925), «Пела вясна» (1925), «Пад сонцам» (1926), «42 дакументы і  Двое Жвіроўскіх» (1926), «На чыгунцы» (1928), «Ракавыя жаронцы» (1930, уключаны і  п'есы «Віхор на балоце» і «Белыя ружы»), апавядання «Бацькаў сын» (1932), аповесці «Голы звер» (1926), раманаў  «Сцежкі-дарожкі» (1928), «Вязьмо» (1932), кніжак нарысаў «Падарожжа на новую зямлю» (1929), «Лісты ад знаёмага» (1931). Аўтар  п'ес «Сымон Карызна» (1935), «Ная» (1936) і  інш., а таксама кінасцэнарыя «Пачатак шчасця». У 1975 выдадзены зборнік  выбраных апавяданняў «Пачатак шчасця», у 1989-1991 выйшаў Збор твораў у 4 тамах. Многія рукапісы М. Зарэцкага загінулі, у  прыватнасці, гістарычная драма  «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы». Пераклаў на беларускую мову раман  «Цэмент» Ф.Гладкова (1930), «Прыгода ўдалага  ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я. Гашака (ч. 1, 1931). Выступаў і як крытык.

Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.1. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9 • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.3. Кн.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9 • Зарэцкі Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X • Зарэцкі Міхась // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995. Т.2. • Літ. з даведн. Л.У.Маракова: Мушынскі М. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991; • ЭГБ, т. 3.

 

 

Міхась Зарэцкі адносіцца  да ліку той вялікай плеяды беларускіх пісьменнікаў, чыя творчасць доўгія гады знаходзілася пад забаронай або папросту замоўчвалася. І хоць асобныя творы друкаваліся і ў савецкі час, большасць з таго, што складае стрыжань творчай манеры пісьменніка, не было вядома шырокаму колу чытачоў. А між тым пяру Зарэцкага належаць такія выдатныя аповесці і раманы, як "Голы звер", "Вязьмо", "Сцежкі-дарожкі", незакончаны раман "Крывічы". Росквіт таленту празаіка прыйшоўся на часы так званай беларусізацыі і пачатку сталінскага тэрору. Дзве згаданыя акалічнасці не маглі, безумоўна ж, не паўплываць на тэматыку і дух яго твораў. Аповесць "Голы звер" з'яўляецца спробай стварэння псіхалагічнага твора. У ёй расказваецца пра гісторыю ўзаемаадносін дзяўчыны Лідачкі з пыхлівым, эгаістычным, подлым маладым чалавекам — Віктарам Яроцкім. Для яго, як вынікае з далейшага разгортвання падзей, не існуе нічога святога ў жыцці: ён уладкоўваецца на працу ў якасці памочніка бухгалтара, якога ўводзіць у зман абяцаннямі багатага і бесклапотнага жыцця, а потым ускладвае на яго адказнасць за фінансавыя махінацыі. Лідачка, якая шчыра пакахала Яроцкага, не задумваецца, адкуль ён можа мець столькі грошай. Віктар жа, абяцаючы Лідачцы ажаніцца з ёю, на самой справе хоча толькі пазабавіцца, рэалізаваць свае юрлівыя жаданні. Ён прыводзіць Лідачку ў прытон, дамагаецца свайго і выкідвае бедную дзяўчыну, як непатрэбную анучу. Пасля гэтага выпадку ў Лідачкі адкрываюцца вочы на тое, хто ж такі Яроцкі насамрэч. Апісанні вострых душэўных перажыванняў дзяўчыны і ўнутраныя маналогі Яроцкага з'яўляюцца самымі запамінальнымі старонкамі аповесці. Адным з першых беларускіх раманаў, прысвечаных тэме калектывізацыі, справядліва лічыцца раман М. Зарэцкага "Вязьмо". Гэты раман па сваёй сацыяльнай завостранасці пераўзыходзіць усе творы пра калектывізацыю, якія друкаваліся па-беларуску ў даваенны час. М. Мушынскі нават лічыць, што ў рамане "праведзена ідэя немэтазгоднасці суцэльнай калектывізацыі". Аднак гэтая ідэя праводзіцца ў рамане ў скрытай, завуаляванай форме. Неабходна адзначыць, што, ствараючы свой раман на пачатку 30-х гадоў, М. Зарэцкі ўжо бачыў сацыяльна-палітычныя і эканамічныя вынікі калектывізацыі. Таму ён паказвае сапраўдную сутнасць падзей, па-мастацку адкрыта выказвае сваё стаўленне да іх: паказвае, як руйнуюцца лёсы людзей ва ўгоду палітычным інтарэсам, як духоўна нявечацца людзі, ператвараючіхіся ў ахвяр штучна створанай атмасферы страху, падазронасці і варожасці. У першай частцы рамана паказана беларуская вёска пярэдадня калектывізацыі, чытач знаёміцца амаль з усімі героямі, у тым ліку і з Сымонам Карызнам, якога сумненні наконт правільнасці эканамічнай палітыкі партыі даводзяць да дэпрэсіі. У другой частцы распавядаецца аб спробах стварэння ў Сівалапах з беднякоў і сераднякоў калгаса, які павінен засведчыць перавагі новага ладу гаспадарання. Сымону Карызну ўдаецца дамагчыся разбурэння гэтага калгаса і пераводу старшыні Зеленюка ў другую гаспадарку. Трэцяя частка распавядае аб выніках прымусовай калектывізацыі для сялян і для асабістага лёсу Сымона Карызны. Праз лёс галоўнага героя аўтар ставіць і вырашае праблему ўзаемаадносін дзяржавы і асобы. Вязьмо — гэта вынік адсутнасці свабоды дзеянняў, выбару, немагчымасць рэалізацыі сваіх ідэй. Адным з самых цікавых твораў М. Зарэцкага з'яўляецца раман "Сцежкі-дарожкі". Храналагічна ён ахоплівае Лютаўскую рэвалюцыю, грамадзянскую вайну і барацьбу з бандытызмам. Галоўную ўвагу чытача прыцягвае група выдуманых персанажаў — Васіль Лясніцкі, яго сябра Андрэй, анархіст Халіма, Андрэева сястра Ніна і панская дачка-прыгажуня Раіса. Многія з герояў твора моцна рамантызаваныя, вызначаюцца ўнутранай супярэчлівасцю. Свой твор М. Зарэцкі ствараў у той час, калі з'яўляўся шчырым прыхільнікам афіцыйнай ідэалогіі. І таму не дзіўна, што ў выніку сваіх пакутлівых пошукаў галоўны герой твора Васіль Лясніцкі прыходзіць да высновы аб неабходніасці падпарадкавання "дружнай грамадзе, вялікаму калектыву". "Яшчэ больш заканамерным у рэчышчы тагачаснай афіцыйнай прапаганды выглядае аўтарскае вырашэнне ўзаемаадносін паміж Васілём і паненкай Раісай: аўтар усімі магчымымі сродкамі аддаляе іх збліжэнне (Раіса палае страсцю да ўласнага дзядзькі, і яна мае венерычную хваробу), каб абгрунтаваць тэзіс пра выраджэнне паноў як класа. Раман пабудаваны так, што ўсе сюжэтныя лініі завязваюцца вакол вобраза Лясніцкага, праз узаемадзеянне з іншымі героямі твора высвечваюцца розныя аспекты яго характару. Сваёй стылёвай адметнасцю, канфліктнасцю і дынамізмам дзеяння раман выгадна адрозніваецца ад многіх твораў тае эпохі. Напрыканцы неабходна адзначыць, што з-за палітычных рэпрэсій М. Зарэцкі не змог завяршыць шэраг сваіх цікавых задумак. Сведчаннем таму з'яўляецца незавершаны раман "Крывічы", які меўся быць вытрыманы ў здаровым нацыянальным духу. Але творчым планам пісьменніка не суджана было збыцца. Тым не менш, тое, што захавалася, сведчыць аб высокім майстэрстве Зарэцкага-празаіка, аб яго непаўторнай манеры пісьма, аб імкненні да стварэння высокапсіхалагічнага беларускага рамана. Амаль ва ўсіх творах яму ўдалося пазбегнуць заангажаванасці і палітыканства, праўдзіва адлюстраваць складаны і супярэчлівы твар эпохі.


Адна партыя ў шашкі

Гэта - з таго часу, як у маладой савецкай краіне полымем барацьба бушавала, як у смяротную бойку схапіліся былі паўстаўшыя работнікі з сваімі адвечнымі ворагамі - панамі. Тады кожны куток нашай краіны працяты быў вострай напружнасцю, якая часам прасякалася агнявымі бліскавіцамі бурных уздымаў.

У той час на кожным кроку хаваліся ў цемры падкалодныя гадзіны. Часам выпаўзалі яны на свет і атрутныя джгалы паказвалі. Мужыкі-сярмяжнікі зніштажалі іх сваімі рукамі мазольнымі, карузлымі. І не было тады меры мужычай моцы жалезнай, не было меры і гневу народнаму, бурнаму.

У фальварку Струшні тры дні  паслугачы панскія сядзелі замацаваўшыся. Акружаны былі кальцом непарушным - чырвонаармейскім атрадам на чале з  Асначом - селянінам-героем. Не здаваліся, хоць і бачылі, пэўна, што не будзе ратунку. А мо чакалі адкуль дапамогі?

Аснач наўмысля не браў фальварка з бою: хацеў жыўцом захапіць непакорных бандытаў. Расстанавіў вакол панскага дома людзей сваіх, сам сядзеў у старажоўскай халупцы, што ад дома крокаў на сто ля дарогі стаяла. Пад вусамі густымі вялізнымі хаваў увесь час хітравата-давольную ўсмешку. Пэўна, сам сабе думаў:

«Няхай  пасядзяць сабе троху, адпачнуць  пасля працы. А канец - адзін...»

Ноччу панскі дом хаваўся ў старожкую  цемру. Тады Аснач падыходзіў да дома і хадзіў вакол безупынку. Упаўголаса аклікаў чырвонаармейцаў, бадрыў іх жартам вясёлым. А сам усё хадзіў і ўсё слухаў пільна, уважна, ці не робіцца што там за сцяной, ці не гатуюцца да чаго непрыяцелі.

На  трэцюю ноч, калі ён хадзіў так - бяссонны, настарожаны, - яго чулае вуха злавіла  ледзь чутныя рухі ў пакоях. Умомант  ад чалавека да чалавека перадалася чырвонаармейцам  яго перасцярога. Шчыльней абступілі  дом, ля дзвярэй, ля акон пасталі з  нарыхтаванымі стрэльбамі.

Застыгла  ўсё, быццам самлела наўкола. Так  ціха было, што як з саду над домам праляцела нейкая птушка начная, дык чуцен быў мерны ўзмах яе скрыдлаў.

Часінка, другая...

Раптам  адчыніліся дзверы панскага дома. Уздрыганула  паветра ад стрэлу. Невядома, хто  першы страляў: ці армейцы, што чакалі каля дзвярэй, ці мо бандыты, каб спалох узняць нечакана, палягчыць сабе магчымасць уцячы.

Потым ужо ў пакоях пайшла страляніна. Тлум, замятня... А праз колькі хвілін асвяціўся дом святлом няроўным, дрыжачым; з акон косы віхрыстыя заскакалі па кустах палісадніку.

Гэта  Аснач рабіў вобыск па доме. Замест лямпы з паперы зрабіў нібы факелы і асвятляў імі пакоі.

Доўга не аставаліся ў доме. Аснач хутка сабраў сваіх хлопцаў.

- У вёску, усе... Пільна сачыць за бандытамі... Рукі скруціць... як мае быць... Марш!..

Пасунуліся  няроўнай чарадой па цёмнай дарозе. У невялічкай вёсцы - вярсты тры ад фальварка - спыніліся. Там мусілі начаваць.

Разышліся па хатах, а забраных бандытаў стоўпілі ў адзін з сялянскіх свірнаў. Да іх варту прыставілі. Толькі правадыра іхнага павёў з сабой чамусьці Аснач. Двое чырвонаармейцаў яго вартавалі, трымалі нарыхтаваныя стрэльбы.

Увайшлі ў сялянскую хату. Аснач сеў  адразу за стол, задумаўся, паклаўшы твар на далоні. Усе маўчалі. Толькі гаспадар з гаспадыняй нешта шапталі ўцішку. З цікаўствам паглядалі на гасцей і больш за ўсё на таго, што стаяў паміж двух узброеных салдат.

Яго выгляд прыцягваў да сябе ўвагу. Вопратка нібы панская, але так абшарпалася, што зусім страціла свой калішні выгляд. Калматым шкумаццем недалужна звіслі парваныя полы сурдуту, а скрозь дзіркі на каленках свіцілася брудная бялізна.

Стаяў ён панура, нерухома, у дол апусціўшы сярдзіта прыжмураныя вочы. Твар быццам драўляны, быццам мёртвы. На ім застыгла, закамянела хваравітая напружнасць.

Аснач раптам узняў галаву. Акінуў хату ўраз павесялеўшым, светла-іскрастым паглядам.

- Гаспадыня! А як будзем з  вячэрай, га?..

Замітусілася  баба, забегала па закуцці.

- А бадай яно цямілася. Гэта  ж мне з галавы вон. Такі  праўду кажуць, што сыты галоднаму  не спагадае...

Неяк  ураз змяніўся ўсіхны настрой. Быццам нейкі гулліва-радасны промень  працяў тую напружную цяжкасць, што  гнётам вісела ў хацёнцы. Закулдыячылі дзеці, загаварылі армейцы. Гаспадар падсеў к Асначу, пачаў гаманіць з ім - сперш асцярожна, нясмела. Зазіраў  у яго дабрадушныя вочы з цікаўствам, з павагай, распытваў пра падзеі ў фальварку. Аснач апавядаў, і  ўсе смяяліся давольна, радасна.

Толькі  адзін палонны маўчаў. Быццам не чуў, не ўважаў, што наўкола, углыбіўшыся ў думкі свае асабістыя.

Падалі  вячэру. Аснач разгарнуўся, расшпіліўся, вольна раскапусціўся за сталом, гатуючыся як мае быць узяцца за ежу. Па твары разлілася давольнасць - шырокая, млявая, якая заўсёды бывае ў тых, хто пасля цяжкае працы знаходзіць сабе адпачынак.

У гэты момант пагляд Аснача спаткаўся  з паглядам бандыта. Толькі хвілінку глядзелі яны адзін у вочы другому, але гэтага досыць было, каб Аснач згадаў тое, што перажывае ў гэты момант збянтэжаны пан. Скрозь усю тую варожасць і злосць, якія свіціліся ў прыжмураных вачах, нястрымана прарывалася моцнае жаданне, і гэта жаданне, відаць, панавала цяпер над усім пачуццём, над усёй істотай гэтага чалавека.

- Есці! Есці! - быццам крычалі напружна-бліскучыя  вочы бандыта.

І тады Асначу яшчэ весялей зрабілася. Не было ўжо злосці на недалужнага, бяссільнага ворага. Нават жаль нейкі  з'явіўся. А панская ўпартасць, замкнёнасць  здалася смешнай і недарэчнай. Ён праказаў вясёла з захаваным смяшком:

- Можа, пан не адмовіцца павячэраць?

Злосцю  і пагардай бліснулі панскія вочы. Адвярнуўся, не глядзеў нават у бок Аснача. Але Аснач ведаў, што голад пераможа ўпартасць.

- Хлопцы! Развяжыце пану рукі, няхай падмацуецца троху...

Развязалі. Пан не рушыўся з месца. Відаць, змагаўся з сабой. Але ўрэшце не вытрымаў. Утупіўшы вочы, падышоў да стала. Больш  не чакаў, каб прасілі, накінуўся  на страву, як звер галодны. Мусіць, доўгі час нічога не еў.

Як  скончылі вячэру, як у ціхай сямейнай прытульнасці зацягнуў сваю ветлую песню самавар ля парога, Аснач заўважыў на акне дошку ад шашак.

- А бач! Вось дык знаходка... А  дзе шашкі? Дзядзька! - звярнуўся  ён да гаспадара.

- А ліха іх ведае... Як быў сын у дварэ, гулялі часам хлопцы... А потым, мусіць, параскідаліся, бо гуляць няма каму, так вось бадзяюцца...

- Кепска, кепска. Але нішто, мы наробім...

Узяў  кавалак хлеба і пачаў крышыць  шматкамі маленькімі.

- Ну, сядай, хлопцы, згуляем...

Але з чырвонаармейцаў ніводзін не ўмеў гуляць.

Аснач зірнуў у бок пана. Той сядзеў за сталом, упяўшы пагляд некуды ў пусты працяг. Думаў усё. На твары цяпер спакой быў, ціхамірнасць.

- Ці згуляе, ці не?

Хочацца Асначу ў шашкі пагуляць, дужа хочацца. Шашкі - гэта ж яго ўцеха найпершая... Пэўна, гуляе пан, але ці згодзіцца? А цікава было б з ім...

Ён  абярнуўся да пана, і той, быццам схапянуўшыся, зірнуў на яго чакаючым паглядам.

- Можа, згуляем партыю? - запытаўся  Аснач.

- Давайце.

Узяў  нейкую паперку з акна і пачаў  таксама, як і Аснач, гатаваць шашкі.

Расстанавілі - Аснач хлеб свой пакрышаны, а пан  кавалкі паперы.

Чамусьці  раптам заціхлі ўсе ў хаце. Армейцы  падсунуліся бліжэй, глядзелі з цікавай  усмешкай.

Пачалася  гульня. Напружаная, цягучая ціша агарнула хацінку. Настойным, назоллівым гнётам павісла пытанне: «Хто каго?»

Глядзела  гэта пытанне з цікавых вачэй  армейца, з маўкліва ўпятага ў  шашаніцу пагляду гаспадара. І нават  гаспадыня, сноўдаючыся па хаце, часам  падыходзіла да стала і зазірала на шашкі, хоць і не разумела ў іх нічагутка.

Аснач насупіўся. Упарта глядзеў на дошку, асцярожна, зважна пераставіў кавалачкі  хлеба. І чым далей, тым больш і больш моршчыліся яго бровы, а вусы шавяліліся, як у таракана.

Дзіўная была гульня ў Аснача з панам. Абодва напружыліся, абодвух цалком захапіла адна вострая, палкая думка: каб не прайграць.

У Аснача пад звонку нібы зусім спакойным  выглядам хавалася моцнае абурэнне. Адно звінела, гудзела ў мазгах: ён павінен  абыграць, ён не павінен паддацца. Чаму - невядома, але так трэба, так  павінна быць.

І нешта дзіўнае, незвычайнае рабілася з Асначом. Ніколі ён не гуляў з гэткім запалам. Быццам усёй істотай увайшоў ён у шашкі, у гэтыя цьмяныя кавалачкі хлеба, усю моц сваю, волю ўклаў у іх. І здавалася, што гэта не шашкі ўжо, што не іх справа. Здавалася, што няма ўжо шашак, што счэзлі яны, распаўзліся, разгарнуліся ў нешта вялікае, шырокае, у нешта без форм, без пачатку й канца. І асталіся тут толькі яны ўдвух - адзін проці аднаго - з гэтым панам, што блішчыць варожа вачмі, што ўсміхаецца смешкай саманадзейнай.

Абыграць  яго, перамагчы! Бо йначай - немаведама што...

Гульня  к канцу падыходзіла. Асталося па некалькі шашак у кожнага. Абодва не паддаваліся.

Напружнай чырванню пакрыўся акамянелы твар Аснача, вочы заблішчэлі агнём жорсткім, сталёвым. Упарта глядзеў на дошку. Уваччу ўжо  не хлебныя крошкі, а нейкія вялізныя камлыгі каменныя. Здаецца, заваліў  бы, раструшчыў імі гэтыя заядлыя  белыя паперкі. А разам з імі  гэтага ўпартага, злоснага ворага.

У парозе гаротна, недалужна пішчэў самавар. Усе на яго забыліся, усе абступілі гульцоў, з зацятым дыханнем чакалі, чым скончыцца. Ува ўсіх на твары відаць было шчырае спачуванне Асначу, жаданне, каб выйграў ён, не паддаўся. І разам трывога, напружная, палкая.

- А што, калі ды прайграе?..

Гэтак і выйшла. Зрабіў Аснач ход дрэнны, няўдалы; і твар пана раптам зайграў  давольнай, радаснай усмешкай.

Аснач прайграў. Аснач паддаўся варожаму пану.

Раптам  глыбокая цішыня стала жудаснай, злавеснай. Дзіўна дапасаваў ёй завыўны, жалобны  посвіст самавара.

Узняўся Аснач. Упяў пагляд проста ў твар пану. У гэтым паглядзе нешта гарэла, бушавала шалёнае, лютае.

Пан таксама ўстаў. Смела глядзеў  у твар Асначу, усміхаўся зларадасна.

І вось тады здарылася тое, чаго, пэўна, ніхто не чакаў, што спалохам агнявым усіх агарнула.

Аснач вынуў з кішэні наган і навёў  яго на пана. Стрэл быццам ускалануў, разадраў усю хату.

А пасля - ціха стала, як у магіле. Пан марудна, паволі апусціўся на лаву.

Аснач стаяў нерухома. Не ведаў ён сам, нашто забіў пана, за што. Дый не думаў пра гэта. Нешта падказала  з нутра, што трэба так, што павінен забіць, што вораг гэты кроўны, упарты - узяў і забіў...

Усе моўчкі стаялі, спалоханыя. Усе ўзіраліся  ў недалужна-паніклае панскае цела. І дзіўна, што ні ў каго не мігнула ў гэты жудасны момант думка асуджэння. Быццам усе згодны былі з Асначом, быццам кожны разважаў сваім простым, нямудрым розумам:

- Яму трэ было гэтак зрабіць...

Дык вось якая была адна партыя ў шашкі. Гэта было тады, як у нашай краіне барацьба бушавала, як у смяротную бойку схапіліся былі паўстаўшыя работнікі з сваімі адвечнымі ворагамі - панамі.

Тады  не было меры мужычай моцы жалезнай, не было меры й гневу народнаму, бурнаму...

Бель

1

Ціха, лагодна патрусілася з неба. Потым завіхрылася маладым, жвавым карагодам. У дзівосных, адчайных скоках замітусілася, быццам хацела падражніцца, пашкуматаць трохі счарнеўшую старую зямлю.

І ўрэшце ўзляглася - цяжка, пухка, пластом  ваты; захінула, сціснула ў мякка-ўпартых абнімках.

Бель... Першая бель - прывітанне доўгачаканай гасцюхі-зімы...

Весела, радасна спатыкаць першы снег!

Чаму?

Можа, таму, што смерць прыроды ярка адзначае, быццам падкрэслівае жыццё чалавека? Мо затым і настрой тады ахапляе  чалавека такі, што - жыць, разгарнуцца, упіцца жыццём хочацца? Мо затым гэта смяротнае адзенне, гэты саван прыроды - бель - абуджае душу чалавека, цягне яго некуды ў зачарованы прасцяг, туды, далёка па гэтым бяскрайнім белым дыване, на спатканне чамусь невядомаму, светламу?

Можа, і затым? Але ладна...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Гэта  пачалося яшчэ ўлетку, калі горад купаўся  ў едкім пылу. Тады былі сонечна-светлыя, палкія дні, якія падскварвалі, як на патэльні, праціналі душнаю млявасцю, і вечары халаднаватыя, ціхія.

Данілу  Чаборскаму дні былі - жорсткая праца  ў заводзе, а вечары - або сходкі якія, або нудная сумятня, дробныя  жыццёвыя клапоты.

Ён  любіў, калі сходкі. Збярэцца чалавек  паўсотні камуністых, а часам завод  увесь. Прамовы, спрэчкі...

І адчуваеш сябе тады часткай чагось вялікага, значнага. Расцеш неяк, уздымаешся, адчуваеш сябе не проста работнікам, а  нечым вялікшым і патрэбным. Мо тым  пасам, што спавівае рухавыя колы ў заводзе?

А ў двары інакш. Там жонка, дзеці, там розная драбяза жыццёвая. Абцугі. Сціскаюць яны, і робішся маленькім, нязначным. Стуляешся ў будзённую  шалупу.

А дзе чалавек, там ці тут?

Даніла аб гэтым не думаў. Нашто? Не ўсё роўна, ці гэта так ці так... Жывеш - і добра.

Але вось што прытрапілася...

На  завод паступіла дзяўчына. Даніла даўно не глядзеў на кабет - не цікавілі. А на гэту зірнуў. І штодня ўзіраўся - перш здалёк, потым бліжэй.

Ёй  было гадоў дваццаць. Ганнай звалі. Прозвішча - Матузова. Пекнатой - так  сабе, але вочы - шэрыя, буйныя вочы... Яны хапалі за сэрца. Былі гэткія глыбокія, прамяністыя.

Даніла і не ўгледзеў, як сышоўся з гэтай дзяўчынай. Першы раз загаварылі нешта ўвечары, ідучы ў двор.

Ён  ішоў ззаду вясёлай гурмы дзяўчат-работніц. Дзяўчаты, ідучы, стракаталі, штурхаліся, гарэзвалі. І яна была сярод іх.

А потым звярнула ў тую вулку, куды і яму трэба было ісці.

Ён  дагнаў яе.

- Вы куды ідзіцё?

- Дахаты.

- А дзе ваша хата?

- На Ленінскай.

- Во як? Значыцца - суседзі... Вы ў каго?

- А хто яго ведае! На рагу  жоўценькі домік, там я каморку займаю.

- Вы адна жывіцё?

- Адна, - адказала, нібы здзівіўшыся  гэткаму пытанню. Ускінула на  Данілу дапытлівы погляд шэрых вачэй.

- Далёка да заводу, - буркнуў ён.

- Во гэта горш за ўсё. Я  дык ніколі не хаджу на полудзень,  не справішся. Вось і цяпер... Трэба наспех перакусіць і  зноў бегчы за блізкі свет: сходка ж сёння партыйная.

- Вы камуністка! - здзівіўся ён.

- Ага. А хіба баба камуністкай  не можа быць?

Яна ўсміхнулася. Вясёлая ў яе ўсмешка!..

- Мала, - адказаў Даніла. - У нас  ёсць дзве, але і то з служачых.

- Гэта і дрэнна. Дурныя яшчэ  бабы. Затым і здзекуецца ваш  брат над імі. Верна?

Яна гучна зарагатала. Брызганула вясёлымі іскрачкамі з шэрых глыбокіх вачэй.

Даніла  таксама ўсміхнуўся.

- Можа, й так... Але варта вашаму  брату: неспакойны народ. Ведама - бабы...

- Ну, кажыце вы...

Пакуль  дайшлі да двара, усё гаварылі.

А праз гадзіну Даніла сядзеў у работніцкім клубе і нецярпліва чакаў, ці скора прыйдзе Ганна.

Работнікі сядзелі гурткамі, упаўголаса гутарылі адзін з адным. За сталом «верхаводы»  сядзелі. Разбіралі паперы, аб нечым  паціху спрачаліся.

Даніла ўсё азіраўся. Ляпнуць дзверы - ён і зірк: ці не яна? Пакой напаўняўся новымі людзьмі, а Данілу здавалася, што ён пусцее.

Пачалася  сходка. Даніла не слухаў, аб чым гаварылі. Думкі лёталі ва ўсе бакі, што косы пражэктару. Неяк ураз спыняліся ў абшары і траіліся. Быў непарадак у галаве, і ніяк не ўдавалася сабраць думкі да ладу.

Хацелася  ўсё назад азірнуцца, ды стрымліваўся, быццам саромеўся сам сябе. Але  ўрэшце не вытрымаў - і ўбачыў яе на краю лаўкі.

Шэрая сукенка, шэрыя вочы...

Адразу  настрой змяніўся. Весела стала. І сталі зразумелымі словы прамоўцы.

А як кончылася сходка, як запелі «Інтэрнацыянал», - усё азіраўся Даніла, баяўся, каб не пайшла без яго.

Пайшлі  разам. Ганна спяшалася.

- Заўтра ўставаць раненька-раненька, а сёння яшчэ многа зрабіць  чаго трэба... Нават і пачытаць  некалі. Кніжку цікавую ў бібліятэцы  дастала - проста не адарвацца... А вы ці чытаеце што?

- Некалі...

- Ну, што там некалі... Столькі сама  часу, колькі і ў мяне, калі  не больш.

- У мяне сям'я...

- А!.. Ну, гэта іншая рэч.

Яна ўсё турбавалася, каб хутчэй дабрацца дадому. А яму хацелася памарудзіць. Ён любіў увечары прайсціся па горадзе, падзівавацца на яго кіпучае, бурлівае жыццё. Зірнеш усцяж на вуліцу - агні, свет, людзі, людзі бясконца... Увушшу зліваецца ў дзіўную гутарку-песню: грукат калёс, гвалты хлапцоў, гоман усяго гэтага людскога натоўпу...

Як  праходзілі міма рэстарана, абодва міжвольна  зірнулі ў шырокія вокны, поўныя яркага свету.

- Вунь яны... П'юць, ядуць... Ліха  ім!.. Во каму жывецца!

- Гніллё, - азвалася Ганна. - Мне брыдка  глядзець на іх... І ні крушыначкі  я ім не зайздрошчу.

- А ведаеце што, Гануля, мне часамі  дужа смешна бывае. Я люблю глядзець на спекулянтаў, сачыць за імі, як яны ходзяць, як гамоняць, які часамі важны-важны від робяць, быццам яны не абы-што... І вось часамі яны выдаюць мне нейкай жывёлай, непадобнай да ўсіх людзей. Мне пачынае здавацца, што іх наўмысля разводзяць, як, напрыклад, малпаў якіх або свіней... на паказ... для заводу... І ўзапраўды, яны дужа на свіней на завадскіх падобны...

Гануля  смяялася...

2

Прыйшоўшы ў двор, Даніла доўга думаў пра Ганну. Прыемна было думаць. Як лёг у ложак, выпрастаў змораныя ногі і акунуўся ў салодкую нерухомасць, - шэрыя вочкі зазірнулі аднекуль і працялі нутро ціхаю ласкай.

- Добрая дзяўчына. А разумная якая, відаць...

Снілася нешта. Не помніў што, як прачнуўся. Толькі на душы засталося лёгкае, ружовае  абуджэнне.

На  заводзе ўсё прыглядаўся, шукаў  шэрую сукенку. І не пазнаў, як праходзіла воддаль. Не заўважыў...

Яна азвалася:

- Дзень добры! Як маецеся?

- А, я й не пазнаў вас... Дзякую. Як вы?

- У, я заўсёды добра. Мяне ніякае ліха не бярэць!..

Засмяялася  і пайшла. А Даніла з асаблівай шчырасцю завінуўся каля свайго станка. Па вуснах блукала нейкая ўсмешка. Яго сусед па рабоце не ўтрымаўся:

- Што гэта, дзядзька Даніла, на  дзяўчат заглядацца пачаў? Ой, скажу жонцы, дадушы скажу...

- Ды не. Гэта - суседка.

- Суседка, суседка... Знаем мы вас!

Хітра падміргнуў.

Данілу трохі сорамна стала.

- Ат... выдумаў...

Гудок у гэты дзень быў дужа позна  для Данілы. Прачакаўся, небарака. А як загудзеў - зычна, прарэзліва, - у Данілы сэрца забілася мацней.

Ніколі  не выходзіў ён так раптоўна з завода. Бывала - пакурыць, пагутарыць... А то - ураз.

Выйшаў  на вуліцу, спыніўся каля купы работнікаў, якія аб нечым гутарылі. А сам  усё пазіраў на вароты - ці скора  работніцы выйдуць. Няўважна слухаў, аб чым сябрукі гаманілі.

Вось  і высыпалі пярэстай, сумятлівай гурмай. Вунь і яна. Расчырванелася ад жару, шчочкі рдзяцца, як мак. Уся пыхае  сілай, здароўем.

Даніла  пайшоў услед. На звароце зноў дагнаў, пайшоў разам. Любаваўся на яе. Асвятлёная ружовым водблескам заходзячага  сонца, яна здавалася прыгожай, дужа прыгожай. Быццам уся складалася з  маладосці, сілы, здароўя; быццам была жывая вясна. Зграбная, крамяная...

Яна заўважыла яго погляд. Усміхнулася гарэзліва, узняла на яго іскрыстыя шэрыя вочы.

- Чаго гледзіцё так?

Ён  хацеў адказаць, але яна далей  загаварыла:

- Горача дужа... Там, у заводзе.  Ух... Проста як у пекле.

- Нічога. Вам, маладым, гэта не  шкодзіць.

- У, стары які!.. Падумаеш!..

- Вядома, стары. Я ўжо аджыў сваё. Цяпер толькі так, працяг нейкі...

- Ну, кіньце вы!

- Што кідаць? Вас, маладых, тое цікавіць, другое... А мне што? У мяне ўжо адны клопаты, адны турботы... Гняздо цэлае. Ды ўсе есці просяць. А накарміць не дужа лёгка. Вы ж ведаеце, колькі нам плоцяць.

- Ну, паехала! Нялюба слухаць. Калі  сям'я ёсць, значыцца - усё... лажыся  ды памірай... Глупства. Адно другому не замінае.

- А што ж рабіць?

- Што-хоця. Чытаць, вучыцца. Я дык дужа чытаць люблю.

- А часу дзе ўзяць, а?

- Знойдзецца.

Даніла  задумаўся. Раней ён ніколі не думаў  аб жыцці. Не думаў, бо пагадзіўся з  ім - нічога не парадзіш. Ён і цяпер  загаварыў проста так, каб пагутарыць. Але неўзаметку захапіўся ўсур'ёз гэтай думкай.

Ліха  ведае... І праўда - дрэнь жыццё. Узваліў  сабе ношку на плечы, цягнеш... І немаведама, калі дацягнеш яе, калі адпачнеш. Дый, напэўна, - ніколі. Хіба, як здохнеш...

Калі  ўжо падходзілі к двару, Данілу дужа захацелася спытацца ў яе, але сорамна  неяк было - ні з таго ні з сяго... Урэшце-ткі  адважыўся.

- Вы, Ганна, замужам былі калі?

- Я? А што, гэта вам цікава?

- Ні то што... Калі не хочаце, не кажыце...

- Была.

- А цяпер?

- Цяпер не...

- А дзе ён?

- Хто, мужык? А хто яго ведае...

- Як гэта?

- Ды проста так...

- Вы што... развяліся?

- Як вам сказаць... Мы й не  жаніліся так, як гэта зазвычай  разумеюць. От, проста жылі, дый  годзе...

- Ну?..

- Што ж тут такога? Жылі, пакуль  не надакучыла, а потым разышліся.  Ён, можа б, і жыў яшчэ са  мной, але мне абрыдла...

- Пачакайце... Але ж чалавек прывыкае  да чалавека, зжываецца. Пэўна,  не лёгка й разлучыцца...

- Глупства! Прывыкнуць і адвыкнуць  дваццаць разоў можна. А калі  й пасумуеш часам... Яно, праўда, як разлучышся, дык і мілей чалавек робіцца і нібы зноў любіць яго пачынаеш. Але гэта самападман. Разлюбіў, значыцца - кончана.

- Мм... Гэта, па-мойму, таксама не рахуба... Сёння адзін, заўтра другі...

- Ха-ха-ха! Што так? Гэта, як трапіцца. А можа, спаткаеш такога, з якім век пражывеш і не надакучыць. Хто яго ведае? Гэта загадня не згадаеш... Паспытаць трэба, ха-ха-ха!

- Бывайце!

Яна пабегла ў сваю кватэру.

- Маладосць! - крыкнуў услед Даніла.

3

Праз  тыдзень Даніла быў разам з Ганнай у клубе. Адчыніўся марксісцкі гурток. Было першае пасяджэнне.

Не  пайшоў бы, напэўна, Даніла, бо зазвычай хадзіў толькі туды, куды абавязкова было хадзіць. Але знаў, што Ганна там будзе, затым і прыйшоў.

Цікава было. Даніла наогул не пакаяўся, што пайшоў.

Лектар - з чужых, малады хлопец - прыгожа, складна  апавядаў пра тое, як жылі калісь людзі. Тады, як не было яшчэ ні паноў, ні мужыкоў, як былі ўсе роўныя. Даніла міжвольна пералятаў сваім уяўленнем у тую пару, калі вандравалі яны - дзікія, безабаронныя - гурмамі па непраходных, старадаўных лясах, поўных нявідных ворагаў. Людзі - прабацькі сучаснага чалавека, гаспадара свету. Людзі - жывёлы...

І дзіўна рабілася. Не хацелася верыць...

А пасля лекцыі спрэчкі пайшлі. Гарачыя, заўзятыя. Непрыкметна і тэму пакінулі, перайшлі на сучаснасць.

Даніла не важыўся гаварыць, хоць і меў што якое ў думках. Як гаварыла Ганна, глядзеў на яе з захапленнем, лавіў кожнае слова.

А яна ўмела гаварыць. Гаварыла з  пачуццём, абуджэннем. Натхненне ззяла  з вачэй, і ўся была нейкая дзіўная, новая. Змянялася. Даніла нават не знаў, што яго больш захапляе - словы яе ці сама.

А як пачалася гутарка пра сям'ю, пра  штодзённае жыццё камуністага, тады Ганна стала асяродкам. Адны накідаліся на яе з гарачым, шчырым імпэтам, другія абаранялі. А яна ўся гарэла задорным агнём.

- Трусы вы, во што! Здалелі зрабіць  рэвалюцыю, свет перавярнуць,  усё дыбарам паставіць, а жыццё сваё змяніць баіцёся. Жонак спалохаліся. Не, ужо, па-мойму, рушыць - дык рушыць! Усё... дашчэнту... Нічога старога! Новае будаваць трэба, а не чакаць, пакуль варункі зменяцца, ды абаранкі з неба пасыпяцца, ды бабы вас вучыць возьмуцца... Як ні кажыце, як ні спрачайцеся, а мужчына ў сваім уласным сямейным быцці - сам кансерватар... Во!..

Биография Зарэцкі Міхась (Зарэцки Михась, Зарэцкий Михаил)