История Сморгонского края

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўная установа адукацыі

      «Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь»

Кафедра сацыяльна-гуманітарных дысцыплін

 

 

 

 

Рэферат

 

Гісторыя Смаргонскага краю

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Квяткевіча  Яўгенія Аляксандравіча

курсанта 1 курса

114 вучэбнай  групы

факультэта  №1

навуковы  кіраўнік

Аляксандровіч Наталля Альбертаўна

выкладчык кафедры

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Мінск 2013   

 

Змест

Уводзіны 3

Храналогія гісторыі Смаргоні 4

Гісторыя Смаргонскага раёна 6

1. Археалагічнае мінулае Смаргоншчыны 6

2. Смаргонскія землі ў складзе ВКЛ (ХІІІ – ХVІІІ стст.) 11

2.1. Крэўскае княства 12

2.2. Смаргонь і яе ўладары 14

3. У складзе Расійскай імперыі (1794-1918гг.) 20

3.1. Смаргоншчына ў 1905-1907гг. 23

3.2. Першая сусветная вайна і Смаргонскі край 25

4.  Смаргоншчына ў міжваенны перыяд (1918-1941гг.) 28

4.1.У складзе Польскай дяржавы (1921 – 1939гг.) 28

4.2. Смаргоншчына ў перадваенныя гады (1939-1941гг.) 31

5. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны і наш край з 1941 па 1944гг. 32

5.1.Акупацыйны рэжым 33

5.2. Падпольны, партызанскі рух і польскі Рух Супраціўлення 35

5.3. Вызваленне Смаргонскага раёна 37

6. Пасляваеннае развіццё Смаргонскага раёна (1944-2007гг.) 39

Заключэнне 42

Спіс выкарыстанай літаратуры 43

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Уводзіны

Смаргонскі  край. Смаргоншчына любая мая… Бог  не абдзяліў цябе адвечным прыродным хараством. Твае ціхія і адначасова велічна-задуменныя лясы непрыкметна пераходзяць у маляўнічыя ўзгоркі, а неабсяжныя, як кінуць вокам, раўніны арганічна суседнічаюць з празрыста-гаманлівай Віліяй і яе прытокам Ашмянкай. А недзе там, каля Залесся, нясе свае няспешныя воды рэчачка Драйка, расказваючы наваколлю жыццёвую адысею кампазітара і дыпламата, культурнага і палітычнага  дзеяча Рэчы Паспалітай, князя Міхала Клеафаса Агінскага, пра яго светлую любоў да роднага краю, да слаўнай Айчыны.

На скрыжыванні  бойкіх шляхоў і дарог аблюбаваў гэты край сваё месца. І колькі не стараліся шматлікія ворагі знішчыць і растаптаць яго, ім не гэта не ўдалося зрабіць. Стаіць ён старажытны і малады на вечную радасць наступным пакаленням смаргонцаў.

І тым  не менш многае давялося пабачыць Смаргоншчыне за сваю шматвяковую гісторыю. Тут, на гэтых землях, і ў першую чаргу ў Крэве, адбывалася станаўленне Вялікага Княства Літоўскага, менавіта тут у старажытныя часы пісаліся розныя дамовы і пагадненні, абмяркоўвалася будучыня нашай краіны. Не абмінулі Смаргоншчыну і спусташальныя паходы шведскіх заваёўнікаў, якія вырашалі спрадвечныя спрэчкі з Масквой, ды і руска-французская вайна 1812 года таксама закранула яе сваім чорным крылом.

Менавіта  адсюль, з гэтых узгорыстых абшараў старажытнай Віленшчыны, падаў у канцы ХІХ стагоддзя свой чысты і непаўторны голас прарок нацыянальнага адраджэння Францішак Багушэвіч, які прамовіў словы, якія пачула ўся Беларусь: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”. Тыя словы, сказаныя ў спрыяльны час, пачулі і падхапілі тысячы яго прыхільнікаў і паслядоўнікаў. Гэта яны потым пісалі ў “Нашу Ніву”, адчынялі беларускія прыватныя школы, стваралі беларускі тэатр, закладвалі падмурак беларускай дзяржаўнасці.

Цяжкія  выпрабаванні выпалі на долю смаргонскага краю і ў ХХ стагоддзі. Якраз Смаргоншчыне прыйшлося найбольш пацярпець у часы Першай сусветнай вайны, стаўшы на даволі працяглы час эпіцэнтрам супрацьстаяння дзьвюх найвялікшых армій свету. Драпежны Рыжскі падзел 1921 года крывавай ранай адгукнуўся у сэрцы беларускага селяніна. І на гэты раз Смаргоншчына не стала на калені. Зыркімі агеньчыкамі веры і абуджэння свяціліся сярод суцэльнай ночы хлусні і няпраўды тыя нешматлікія беларускія гурткі і суполкі, якія былі хутка раскіданыя па ўсёй зямлі смаргонскай. Арляняты і Біцяняты, Данюшава і Спягліца, Зарудзічы і Вётхава, Шутавічы і Войстам, Жодзішкі і Залессе сталіся цэнтрамі супраціву і прыкладамі нацыянальнага змагання за свае правы ў былой Заходняй Беларусі. Гэта яны – Шутовічы і Станкевічы, Шыманоўскі і Мурашка, Цікота і Чарняўскія, Зяновіч і Дудка – сталі сімваламі новай Беларусі.

Не скарылася  смаргонская зямля жорсткаму  і падступнаму ворагу і ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тут, на яе тэрыторыі, дзенічалі партызанскія брыгады імя Варашылава, імя Гастэлы, 1-я Віцебская (2-га складу) і многія іншыя. Гэта яны – легендарныя лясныя мсціўцы – падрывалі нямецкія эшалоны, знішчалі варожыя гарнізоны, вызвалялі людзей з няволі, інфармавалі мясцовы люд пра перамогі на франтах, усялялі веру ў канчатковую перамогу дабра над злом. А потым аднаўлялі разбураныя і спаленыя дамы і паселішчы, будавалі школы, расцілі дзяцей, жылі надзеяй у лепшы заўтрашні дзень.

І не толькі гэтымі слаўнымі і гераічнымі справамі славіцца і ганарыцца смаргонская зямля. Не меншую вядомасць яна займела дзякуючы сваім славутым мастакам, музыкантам, пісьменнікам. Рэдкая мясціна Беларусі можа пахваліцца такой незлічонай колькасцю выдатных і таленавітых паэтаў, празаікаў, драматургаў і мемуарыстаў.

Смаргоншчына… Край прыгожых і высакародных людзей і вядомых на ўсю краіну помнікаў сівой даўніны, край неабсяжных лясоў і дзівосных па сваёй маляўнічасці палеткаў, край, самы дарагі ў свеце, бо гэта наша радзіма, зямля, якая дадзена нам лёсам. 

 

Храналогія гісторыі Смаргоні

 

Кастрычнік 1503 г. Першае пісьмовае ўпамінанне аб Смаргоні ў дакументах па гісторыі Віленскай  епархіі (Юрыем Зяновічам быў  пабудаваны касцёл св. Мікалая). 

 

1553 – 1555 гг. У Смаргоні пабудаваны мураваны Кальвінскі збор. 
1590 г. Мікалай Багуслаў (Крыштоф) Зяновіч заснаваў у Смаргоні папяровую мануфактуру, якая вырабляла паперу для Віленскіх друкарняў.

Жнівень 1609 г. У Смаргоні спыніўся кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Сігізмунд III падчас яго паходу на Маскву. 
1621 г.  Кальвінскі збор перададзены католікам і атрымаў назву Троіцкага касцёла. 
Чэрвень 1655 г. У Смаргоні знаходзілася стаўка рускага цара Аляксея Міхайлавіча, бацькі Пятра I, падчас яго паходу на Вільню. 
1628 г. Смаргонь пераходзіць ва ўладанне князёў Радзівілаў (Ганна Соф’я Зяновіч выйшла замуж за Альбрэхта Уладзіслава Радзівіла). 
11 лютага – 17 сакавіка 1708 г. У Смаргоні размяшчаецца галоўная кватэра шведскага караля Карла XII падчас Паўночнай вайны (1700 – 1721 гг.).

1762 – 1790 гг. Уладаром Смаргоні быў Караль Станіслаў Радзівіл, “Пане Каханку”, з дзейнасцю якога звязаны росквіт школы дрэсіроўкі мядзведзяў – “Смаргонскай акадэміі” (існавала з 17 да пачатку 19 ст.). 
XVII-XIX стст. У Смаргоні атрымала вялікае распаўсюджванне вытворчасць “абваранак” (абаранак), радзімай якіх яна лічыцца. 
1795  г. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Смаргонь увайшла ў склад Расійскай імперыі.

1805 г. Князь Багдан Агінскі купіў Смаргонь за 65000 злотых. 
1808 г. Уладаром Смаргоні становіцца граф Караль Пшаздзецкі. 
5 снежня 1812 г. Імператар Напалеон пакінуў сваю армію ў Смаргоні, перадаўшы камандаванне маршалу Мюрату. 
1832 г. На мястэчка Смаргонь, як уладанне К. Пшаздзецкага (за яго ўдзел у 

паўстанні 1830–1831 гг.), накладзены секвестр і яно здаецца ў арэнду. 
1842 г. Смаргонь перайшла ў склад дзяржаўнай маёмасці. 
1873 г. Праз горад пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, будаўніцтва якой зрабіла вялікі ўплыў на прамысловае развіццё Смаргоні.  
1879 – 1904 гг. Смаргонь – казённае фабрычнае мястэчка, цэнтр  аднайменнай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. 
1893 г.  У Ашмянскім павеце ўзнікла першая рабочая арганізацыя – “Саюз рабочых Смаргоні” пад кіраўніцтвам С. С. Трусевіча, І. Ф. Сініцкага, П. А. Гільмана. 
1901 г. Смаргонская стачка – найбольш значнае выступленне пралетарыяту Беларусі напачатку XX ст. Яна ахапіла да 1300 рабочых 26 гарбарных заводаў і майстэрняў і працягвалася каля 4 -х  тыдняў. 
1901-1904 гг. У Смаргоні былі праведзены 31 эканамічная і 3 палітычныя стачкі, 2  дэманстрацыі, 13 масовак, адбыліся дзве сутычкі рабочых з паліцыяй. 
6 чэрвеня 1904 г. Імператар Мікалай ІІ зацвердзіў рашэнне Кабінета Міністраў аб узвядзенні мястэчка Смаргонь у статус безуезднага горада. 
1905 – 1907 гг. Пралетарыят Смаргоні прымае актыўны ўдзел у першай расійскай рэвалюцыі. 
1914 г. Горад Смаргонь Ашмянскага павета Віленскай губерні налічвае 16228 жыхароў. 
Верасень 1915 г. – лістапад 1917 г. Гераічная абарона Смаргоні падчас першай сусветнай вайны. Часопіс “Огонёк” у 1916  г. называе Смаргонь “мёртвым горадам”. 
18 сакавіка 1921 г. Згодна з Рыжскім мірным пагадненнем Смаргонь  увайшла ў склад Польскай дзяржавы. У горадзе налічвалася 154 жыхары. 
17 верасня 1939 г. Смаргонь уваходзіць у склад БССР. 
15 студзеня 1940 г. Смаргонь – цэнтр Смаргонскага раёна Віленскай вобласці. 
25 чэрвеня 1941 г. – 4 ліпеня 1944 г. Смаргонь акупіравана нямецка- фашысцкімі захопнікамі. 
Верасень 1944 г. Смаргонь – цэнтр Смаргонскага раёна Маладзечанскай вобласці. 
20 студзеня 1960 г. Смаргонскі раён пераходзіць у склад Гродзенскай вобласці. 

1972 – 1976 гг. Уведзены ў строй заводы аптычнага станкабудавання, сухога абястлушчанага малака, камбікормавы, ільнозавод. 

4 красавіка 1983 г. Пастановай ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР у Смаргоні пачынаецца будаўніцтва філіяла Мінскага трактарнага завода імя У. І. Леніна. 
1985 г. Смаргонь выдзелена ў асобную адміністрацыйную адзінку абласнога падпарадкавання. 
Лістапад 1996 г. Згодна з  Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 

Смаргонскі раён і г. Смаргонь аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку – Смаргонскі раён. 
2003 г .  Смаргонь адзначыла 500-годдзе. 
2006 – 2007 гг. За дасягненне лепшых вынікаў у выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Смаргонскі раён занесены на Рэспубліканскую Дошку гонару.

 

Гісторыя Смаргонскага раёна

1. Археалагічнае мінулае Смаргоншчыны

Цікавым і  змястоўным аказваецца старажытнае  мінулае роднага краю. Сляды жыцця  людзей тут вядомы з мезаліту (сярэдняга  каменнага веку), які працягваўся  з VIII па V тыс. да н.э. Мезаліт падзяляецца на ранні і позні. У раннім мезаліце працягвалася паляпшэнне клімату, а ў выніку перамяшчаліся межы лясных зон і падзон на поўнач і ўся тэрыторыя Беларусі пакрылася бярозава-сасновымі лясамі. Змяніўся і жывёльны свет. Сустракаліся ў лясах такія віды, як мядзведзь, воўк, ліса, лось, алень, дзік, конь-тарпан і паўночны алень.

Шэраг знаходак са Смаргонскага месцазнаходжання адносяцца  да мезаліту. Так за 6 км на паўднёвы ўсход ад Смаргоні, каля вёсак Міхневічы і Сукневічы, каля ўпадзення ў раку Вілію, яе левабярэжнага прытоку ракі Драй, знаходзіцца вялікі кар’ер. Пры здабычы жвіру з пойменнай глыбіні даставалі самыя розныя прадметы. Шмат вырабаў было з рогу, фрагменты рагоў са слядамі апрацоўкі (вядома каля 50 знаходак). Магчыма, яны з’яўляюцца вырабамі з паселішча, якое размяшчалася на левабярэжнай тэрасы р.Вілія. Сярод прылад працы адростак рога паўночнага аленя. Рысункі прылад працы з рога знойдзеныя каля Смаргоні, вы бачыце ніжэй:

Найбольш  выразную групу сярод знаходак складаюць  прылады працы з прасвідраванай адтулінай. Гэта рубячыя прылады, муфты, а таксама арнаментаваны “жазло шамана”. Амаль усе яны зроблены з рога, высакароднага аленя. Сякеры мелі асіметрычнае лязо. Былі сякеры, вырабленыя з адростка рога. Яны доўгія, злёгку выгнутыя і маюць вузкае лязо. Круглая адтуліна прасвідравана ў верхняй частцы вырабу.

Цікавасць прадстаўляюць  матыкі. Яны мелі выраўненую паверхню вырабу, папярочнае лязо.

Выдатнай  знаходкай з’яўляецца выраб з  рога, які названы “жазло шамана”. Ён зроблены са ствала рога і мае  выцягнутую форму.

Па знойдзеных прыладах працы можна прасачыць  тэхніку апрацоўкі. Тоўстыя часткі рога падсякалі па перыметру, а потым  падламлівалі.

Усе асноўныя знаходкі са Смаргонскага месцазнаходжання адносяцца да позняга мезаліту. У  канцы  V тыс. на тэрыторыю раёна на змену мезаліту прыйшоў новы каменны век, які працягваўся да канца III тыс. да н.э.

Вялікім адкрыццём  гэтага часу з’яўляецца вынаходства  глінянага посуду. Вучоныя лічаць гэтую акалічнасць  пачаткам новага каменнага веку.  У глінянае цеста  старажытныя майстры дабаўлялі  расліннай дамешкі каб расла  трываласць. Вылеплены посуд добра  апрацоўваўся, асабліва яго вонкавая паверхня. На тэрыторыі Смаргонскага раёна былі выяўлены рэчы з керамікі і крамянёвыя вырабы старажытнасці  паабапал ракі Віліі. Аднак раскопкі не былі праведзены, а таму цяжка  сцвярджаць пра культурную прыналежнасць  гэтых месцазнаходжанняў. Тэрыторыя  Смаргонскага раёна размяшчалася на мяжы нёманскай і нарвенскай (крывінскі  варыянт) археалагічных культур. Тут  знаходяцца  рэшткі прадметаў  культуры тыповай грабенчата-ямкавай керамікі. У канцы  III тыс. да н.э. пачаўся пераход да вытворчай гаспадаркі, а ў II тыс. да н.э. на Беларусі пачаўся бронзавы век і першабытныя людзі пачалі ўдасканальваць апрацоўку каменю. Яны карысталіся такімі спосабамі, як шліфаванне, пілаванне, паліроўка, свідраванне і нанясенне пільчатай рэтушы. І на тэрыторыі Смаргонскага раёна, па дадзеных 1976 года, у пяці месцах былі знойдзены шліфаваныя сякеры – клінападобныя з свідраванымі адтулінамі. Некалькі свідраваных сякер выло вяўлена археолагамі ў кар’еры бліз Смаргоні. 

На тэрыторыі  Смаргоншчыны не знойдзены паселішчы  бронзавага веку з магутным культурным пластом, што звязана з гаспадарчымі заняткамі насельніцтва таго часу. Невялікія групы людзей займаліся  падсечным земляробствам і жывёлагадоўляй. Нізкі ўзровень агратэхнікі і  каменныя прылады працы патрабавалі  частай змены месца паселішчаў, і  таму культурны слой не дасягаў вялікай  магутнасці. Вучоныя сцвярджаюць, што  ў канцы неаліту ў Павіленне  пранікаюць носьбіты культуры шнураванай керамікі – старажытныя індаеўрапейцы, магчыма, балты. Так да гэтай культуры адносяцца рэшткі пахавання каля вёскі Куранец Вілейскага раёна  Мінскай вобласці, што недалёка ад Смаргоні. Насельніцтва выкарыстоўвала ў побыце гаршкі, знешняя паверхня якіх аздаблялася крэскамі-штрыхамі. Яе носьбітаў звязваюць са старажытнымі ўсходнімі балтамі.

Да гэтай  культуры адносіцца большая частка гарадзішчаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі  Смаргонскага раёна: Гарані, Няхведы, Войстам, Суцькава, Монтацішкі. Найбольш дасканала  даследавана гарадзішча каля вёскі  Гарані. Старажытныя людзі жылі тут  працяглы час. Тут знойдзена шмат рэшткаў жытлаў (вогнішчаў), што дазваляе характарызаваць побыт насельніцтва на працягу больш чым тысячагоддзя. Паселішча размяшчалася на пагорку  паблізу возера Свір. Пляцоўка гарадзішча старажытных людзей нагадвае форму  роўнабаковага трохвугольніка памерамі: поўнач-поўдзень – 75м, усход-захад – 60м. Над наваколлем яна ўзвышалася на 7-12м. З трох бакоў гарадзішча было абаронена схіламі пагорка, з чацвёртага – верагодна, былі абарончыя збудаванні ў выглядзе простай драўлянай сцяны (зараз разбураны).          

Культурны пласт  – глеба чорнага колеру, насычаная  абпаленымі камянямі, попелам, вугалем, дасягае да 2-2,5м (у цэнтры пляцоўкі). У яе розных месцах знойдзена больш  за 20 вогнішчаў у форме кола.

Археолагі знайшлі  шмат рэчаў, якія характарызуюць заняткі  жыхароў. Гэта прылады працы, упрыгожванні, зброя, гліняны посуд. Яны вырабляліся  з каменю, рога, косці, бронзы, жалеза і гліны. Вучоныя мяркуюць, што  людзі таго часу ведалі апрацоўку  бронзы, аб чым сведчаць знаходкі на гарадзішчах гэтай культуры. На гарадзішчы Гарані гэтыя працэсы адбываліся на працягу амаль усяго I тыс. да н.э.   

Жалезны век  пачынаецца на Беларусі ў  VIII - VII стст. да н.э., нягледзячы на шырокае распаўсюджванне жалезных руд (у багне і пераўвільготных месцах), жалеза не адразу ўвайшло ў жыццё людзей. Жалеза стане больш вядома з IV ст. да н.э., і толькі на мяжы новай эры яно шырока ўвайшло ў побыт насельніцтва Беларусі.

Сярод вырабаў  з каменю асаблівую цікавасць  прадстаўляюць свідраваныя і  клінападобныя сякеры. Наяўнасць  высвідроўвання сведчыць, што сякеры выраблялі на гарадзішчы. Яны сустракаюцца вельмі шырока, у тым ліку на паселішчы  вёскі Засвір, таксама на беразе возера Свір. Выраб і выкарыстанне каменных сякер было характэрна для  археалагічных культур значнай  часткі Беларусі, Прыбалтыкі і ўсёй лясной паласы Усходняй Еўропы ў  I тыс. да н.э.

У той далёкі час клімат быў больш сухі ў  параўнанні з цяперашнім, і тады вялося ляднае земляробства з дапамогай  каменных сякер.  Падсякалі толькі хмызняк, кустоўе і невялікія  дрэвы, а з вялікіх дрэў здымалі  кару, каб яны высыхалі. Потым  ляда выпальвалі і засейвалі зернем. Праз некалькі гадоў ляда пакідалі і расчышчалі новае. На старым полі пасвілі жывёлу. Для гаспадаркі такога тыпу і выкарыстоўвалі сякеры з каменю. Таму насельніцтва дасягнула даволі высокага развіцця гаспадаркі яшчэ ў  I тыс. да н.э.

Ужо на працягу  I тыс. да н.э. косць і рог шырока выкарыстоўвалі для вырабу прылад працы: вастрыё, долаты, скрабкі, качадыкі для пляцення сетак, шылы, рукаяці, шпількі і падвескі для ўпрыгожванняў, наканечнікі стрэл і дзідаў для зброі.

За кароткі  час металічныя вырабы поўнасцю замяняюць  прадметы з каменю, косці і рога. Жалеза здабывалася прымітыўным  спосабам у гліняных печах – домніцах звонападобнай формы. Каля падэшвы  рабілася адтуліна для паддувала, а  верх яе быў адкрыты . Праз верх ў  домніцу закладвалі вугаль ці дровы  слаямі і  перамытую ачышчаную  руду. Печ запальвалі праз паддувала, а затым, каб павялічыць тэмпературу  ў ёй,  спецыяльнымі прыстасаваннямі  ў выглядзе мяхоў, удзімалі паветра. Пры высокай тэмпературы кропелькі жалеза сцякалі на дно печы і стваралі крыцы лінзападобнай формы. Пасля астывання домніцы яе разбіралі і даставалі шлакі і крыцу. Часцей археолагі знаходзяць адыходы-шлакі. Верагодна, выплаўкай жалеза займаліся не ў паселішчах, а ў майстэрнях, якія размяшчаліся каля крыніц сыравіны. На Смаргоншчыне шмат такіх  гарадзішчаў, дзе старажытныя людзі маглі б здабываць руду. Старажытныя металургі былі адначасова і кавалямі. Яны бралі крыцу (кавалкі жалеза), некалькі разоў іх прагравалі і пракоўвалі, каб ачысціць ад уключэнняў шлаку. Такая апрацоўка магла весціся і на гарадзішчы Кашчэлічы Валожынскага раёна Мінскай вобласці, дзе знойдзена такая кузня ў выглядзе заглыбленай пабудовы. Жалеза кавалі на вялікім камені-валуне. У якасці молатаў служылі каменныя і жалезныя вырабы. З атрыманага жалеза выкоўвалі патрэбныя рэчы: прылады працы, упрыгожванні, зброю. Сярод іх сярпы, сякеры, шылы, праколкі, іголкі, долаты, нажы, упрыгожванні.

Адным з заняткаў жыхароў было ткацтва. Пра гэта сведчаць знаходкі розных гузікаў, грузіл і праселак, якія выкарыстоўваліся ў якасці падвесаў на вертыкальным ткацкім станку і  як дэталі прымітыўных гарызантальных кроснаў. Знаходка такога гузіка вядома і з разведак на гарадзішчы каля в.Суцькава.

Большую частку знаходак складаюць фрагменты глінянага  посуду з чатырма тыпамі керамікі па спосабу апрацоўкі знешняй  паверхні, пераважна штрыхаваная  гладкасценная, шурпатая і глянцавая. Падобны посуд знойдзены падчас разведак і на гарадзішчы каля вёскі  Монтацішкі. Посуд з гладкасценнай  і глянцавай паверхняй вырабляўся больш якасным. Яго выраблялі  з гліны ў якую дадавалі жарству і добра вымешвалі. Паверхня перад абпальваннем добра загладжвалася з дапамогай каменнага ці касцянога лашчыла. Пасля абпальвання знешняя паверхня набывала бліскучы выгляд. Посуд служыў у якасці кухоннага для захавання запасаў ежы. Посуд з глянцавай паверхняй выкарыстоўвалі як сталовы і нават парадны.

Жалезныя  прылады працы павысілі прадукцыйнасць яе, асабліва ў земляробстве. Жалезныя сякеры і серп аблегчылі чалавеку распрацоўку лядаў і збор ураджаю, а выкарыстанне сярпа і касы дазволіла  назапашваць сена на зіму для ўтрымання  свойскай жывёлы. З пачатку I тыс.  н.э. стала шырока распаўсюджвацца жыта – культура найбольш прыдатная да ўмоў Беларусі, якая давала добры ўраджай. Гэта прывяло да павелічэння колькасці прадуктаў і росту колькасці жыхароў. Арэал культуры паступова пашыраўся на суседнія тэрыторыі.

У другой чвэрці I тыс. н.э. назіраюцца новыя змены ў гаспадарцы  і засяленні ў арэале культуры штрыхаванай керамікі, у тым ліку і на Смаргоншчыне. На змену ляднаму прыйшло перакладна-ляднае і нават пашавае земляробства. Змена клімату і адсутнасць знешняй пагрозы прывялі да пераходу насельніцтва на неўмацаваныя паселішчы – селішчы. Так, каля вёскі Гарані  і Хведзевічы размышчаліся селішчы. 

Значныя змены  ў жыцці насельніцтва адбыліся падчас эпохі вялікага перасялення народаў. Назіраецца знікненне паселішчаў старога  тыпу, а з’яўляюцца курганы ўсходнеславянскага тыпу, а культура атрымала назву  культуры ўсходнеславянскіх курганоў. Носьбіты гэтай культуры хавалі спаленых нябожчыкаў у курганах з пяску і мелі паўсферычную форму. Насып быў абкладзены камянямі. Такога тыпу курганныя могільнікі знойдзены каля вёсак Монтацішкі, Скірдзімы, Выгаліненты. З каменю нават былі зроблены скрыні для попелу спаленага нябожчыка. Большасць пахаванняў належыць мужчынам-воінам, бо знойдзены рэшткі жалезных сякер, наканечнікі дзідаў, баявы нож, нават рэшткі шчыта (умбон). Носьбіты гэтай культуры прыйшлі з захаду  і мелі сувязі з культурамі Цэнтральнай Еўропы.                                     

Тэрыторыі Павілення: Смаргонскі, Ашмянскі, Астравецкі раёны, частка Мядзельскага і Валожынскага раёнаў склалася ў гістарычную вобласць Нальшаны, насельніцтва якога мела кантакты з захадам, аб чым сведчаць знаходкі. Да XII ст. курганы пачалі знікаць і замест іх з’явіліся грунтавыя могільнікі з каменнымі абкладкамі. Такі могільнік знаходзіцца каля вёсак Монтацішкі і Гамзічы.     

У X-XIII стст. на тэрыторыі Нальшанскага княства існавалі тры гарады: Свір, Гальшаны, Крэва. Да XII-XIII стст. адносяць гарадзішча ў в. Крэва, якое знаходзіцца на адлегласці каля 2,5км на поўночны захад ускраіны вёскі, бліз шашы на Смаргонь. Гарадзішча мае пляцоўку авальнай формы памерамі 40х20м, якая была ўмацавана высокімі магутнымі землянымі валамі. Абарончую ролю адыгрывала гара, размешчаная побач з каменным замкам, якая сёння носіць імя хрысціянскага святога Юрыя (Георгія). Не выключана, што ў язычніцкія часы яна называлася Ярылавай (святы Юрый ўзяў на сябе функцыі Ярылы) і тут знаходзілася язычніцкае копішча.

Да помнікаў археалогіі Смаргоншчыны адносяць Войстамскае  гарадзішча, Выгаліненты – курганнае  пахаванне, Гарані – гарадзішча, Завозерцы  Сольскага сельсавета - стаянка, гарадзішча каля вёскі Крэва, Медрыкі – курган, Монтацішкі – гарадзішча, Няхфеды  – гарадзішча, Скірдзімы – курганны могільнік, Суцькава – гарадзішча, Хведзевічы – селішча.

Дахрысціянскімі сакральнымі помнікамі на Смаргоншчыне з’яўляюцца каменныя ідалы. Яшчэ К.П.Тышкевіч у апісанні падарожжа па р.Вілія  згадваў пра гарадзішча каля вёскі  Войстам, сакральныя камяні каля вёскі  Ашмянец Сыраваткаўскага сельсавета, буйны камень каля вёскі Ашмянец, на якім, паводле яго думкі, у язычніцкія часы гарэў нязгасны агонь.

Цікава адзначыць, што на Смаргоншчыне знойдзены і  манетныя скарбы: у в.Белевічы ў 1958 годзе  – манеты (паўгрошы, двайныя дэнарыі), у в. Войстам ў 1934г. (прыватны збор) і ў в.Ракаўцы у 1971г. – сярэбраныя дырхемы IX-X стст. з Арабскага Халіфата, у в.Русакі-Пятровічы ў 1884г. - манеты XVII ст. з Рэчы Паспалітай, талер Аб’яднаных Нідэрландскіх Правінцый XVII ст. і інш., у в.Свірыдавічы у 1958г. манеты – двайны дэнарый XVI ст. ВКЛ, у г.Смаргоні ў 1955г. - манеты XVI-XVII стст. ВКЛ, Польшчы, Шведскай Прыбалтыкі, у в.Сыраваткі ў 1962г. - манеты XV-XVI стст. ВКЛ і грош XVI ст. Прусіі, на хутары Тупальшчына ў 1961г. - манеты Вялікага княства Літоўскага, грош XVI ст. Польшчы і Прусіі.

 

         2. Смаргонскія землі ў складзе ВКЛ (ХІІІ – ХVІІІ стст.)

 

У першай палове XIII ст. тэрыторыя сучаснага Смаргонскага раёна ўваходзіла ў склад гістарычных Нальшан і летапіснай Літвы. Адна з нямецкіх хронік называе Крэва сталіцай Нальшан. Вядома, што ў сярэдзіне XIII ст. наваградскім князем пачынаецца збіранне зямель левабярэжнага Нёмана ў новую дзяржаву - Вялікае княства Літоўскае, у межах якога існавалі этнічныя супольнасці балтаў і славян. На Смаргоншчыне сустракаюцца назвы з балцкім і славянскім паходжаннем (Базары, Крэва, Карані, Падбярозы, Стасіна).

Заваяваўшы  Нальшаны, князь Войшалк уключыў  іх у склад ВКЛ і ўжо ў  XIVст. тэрыторыя сучаснага Смаргонскага раёна ўваходзіла ў склад Віленскага і Крэўскага ўдзельнага княстваў.

Пагроза агрэсіі  нямецкага Тэўтонскага ордэна прымусіла  Вялікае княства Літоўскае ў 1385г. заключыць унію (саюз) з Польшчай – Крэўскую унію, якая адыграла вялікую  ролю ў падрыхтоўцы і разгроме крыжаносцаў у час Грунвальдскай  бітвы 1410 года.

З 1566г. тэрыторыя  Смаргоншчыны знаходзілася ў складзе  Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, а пасля Люблінскай уніі 1569г. –  у складзе Рэчы Паспалітай.

      

   2.1. Крэўскае княства

 

Цікавая і  багатая гісторыя старажытнага Крэва  губляецца ў глыбокай мінуўшчыне, прасвятляецца ў дакументальных фактах,  мае шмат таямніц. Старонкі гісторыі Крэва, магчыма, яшчэ раскрыюць  новыя пакаленні людзей. Звесткі  пра Крэва, як сталіцу Нальшанскай  зямлі, патрабуюць даследванняў. Беларускі  даследчык Мікола Ермаловіч і  група вучоных-прыхільнікаў яго  прытрымліваюцца думкі, што гэта тэрыторыя ляжала на  паўночным  захадзе Беларусі, дзе князем Нальшанскай  зямлі быў Даўмонт. Карэнным насельніцтвам  Нальшан былі балты. Сюды рана праніклі славяне – крывічы, аб чым гавораць мясцовыя назвы-тапонімы – Крэва, Крыўе, Закрэўе, Крыўлянка, Крыўск. Такім чынам, Крэўская зямля была месцам супольнага пражывання балтаў і славян. Да часоў  Нальшанскага княства  адносіцца  і Крэўскае гарадзішча з землянымі  валамі, якія захаваліся да нашых дзён. Яны дапоўненны драўлянымі ўмацаваннямі. У гэты час яшчэ каменнага замка  не было, а гарадзішча, магчыма, выконвала  функцыю рэзідэнцыі нальшанскага князя, а ў час набегаў ворагаў  тут хавалася мясцовае насельніцтва. Унутры гарадзішча меўся глыбокі  калодзеж, рэшткі якога можна назіраць было яшчэ ў XIX ст.

Усё зведала  Крэўская зямля, у тым ліку кроў міжусобных войн. У час зараджэння новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага абвастрыліся адносіны паміж нальшанскім князем Даўмонтам і ўладарамі суседніх літоўскіх зямель. Пачатак новаму дзяржаўнаму ўтварэнню паклаў князь Міндоўг, далучыўшы Наваградскую зямлю. Наваградак быў далучаны да Літвы мірным шляхам, а іншыя суседзі не жадалі падпарадкоўвацца, у тым ліку і насельніцтва Нальшанскага княства на чале з Даўмонтам, хаця  і быў ён саюзнікам князя Міндоўга. Але жорсткія набегі мангола-татараў ў 1258г. на гэтыя землі спустошылі іх, аслабілі Нальшанскае княства. У 1263г. Даўмонт забіў Міндоўга і двух яго малодшых сыноў. Месца Міндоўга заняў Транята – адзін са змоўшчыкаў, але праз год і яго забіваюць прыхільнікі былога літоўскага ўладара. Правіць стаў сын Міндоўга Войшалк. Помсцячы за бацьку і братоў, ён напаў на Нальшаны і захапіў іх, перадаўшы полацкаму князю Гердзеню.

           

Даўмонт пакінуў  Нальшаны, прыняў у Пскове праваслаўе, стаў князем пскоўскім і ажыццявіў  некалькі паходаў на Полацк: у 1266 і 1267 гг. Памер  ён  у 1299г.

Сын Даўмонта Давыд Гарадзенскі пасля смерці бацькі перайшоў у Гродна палкаводцам  да Гедыміна, зяцем якога ён быў. Давыд праславіўся як патрыярх Вялікага княства Літоўскага.

З гадамі Нальшанскае  княства страціла самастойнасць, нават  знікла яго назва. Цяпер гэта было Крэўскае княства, як вотчына, якая перадавалася дынастычна. З 1388г. ім валодаў Альгерд  – сын вялікага князя Гедыміна.

Важнай падзеяй  у гісторыі ВКЛ была Крэўская унія 14 жніўня 1385г. – саюз паміж Вялікім  княствам Літоўскім і Польскай дзяржавай, замацаваная шлюбам паміж літоўскім  каралём Ягайлам і непаўнагадовай польскай каралевай Ядвігай. Ягайла 12 лютага 1386г. прыехаў у Кракаў, а 15 лютага ён перайшоў з праваслаўя ў  каталіцызм пад імем Уладзіслаў, 18 лютага ажаніўся з Ядвігай і  4 сакавіка адбылося каранаванне. Вынікі уніі сцвярджалі, што абедзве дзяржавы спыняюць барацьбу паміж сабой і аб’ядналіся  дзеля сумеснай барацьбы супраць  нямецкай агрэсіі. Унія спрыяла ўсталяванню  трывалых сувязей у рэгіёне, а  яшчэ больш пашыралася развіццё каталіцызму. У лютым 1387г. Ягайла падпісаў грамату  аб заснаванні сямі парафіяльных касцёлаў ў Віленскай дыяцэзіі, у тым  ліку і Крэўскага касцёла, і надзяліў іх зямлёй.

Цікава ведаць пра лёс Ядвігі і Ягайлы. “Каралева  Янка”, так любоўна называлі яе ў  Польшчы,  была высокаадукаванай асобай, ведала пяць моў, выхаваная, паважаная, дабрачынная, падаравала аднаму беднаму  муляру грошы, каб ён накарміў сваіх  дзяцей, паставіўшы пры гэтым нагу на камень, ад якога застаўся след, які  муляр паглыбіў і ўмураваў у сцяну  ў Кракаве. Да сённяшніх дзён бачны  ў Кракаве след “каралевы Ядвігі”. Памерла яна ў 1399г., пражыўшы 28 год.

Ягайла са стрыечным братам Вітаўтам у 1410г. пад  Грунвальдам нанеслі сакрушальны  разгром крыжакам. Тым самым была канчаткова спынена агрэсія нямецкіх рыцараў супраць Польшчы і  ВКЛ. Пад Грунвальдам была і Крэўская харугва, сфарміраваная з мужчын вялікай акругі, атрымаўшая святое благаславенне пад сценамі старажытнага храма ў в.Суцькава, руіны якога мы бачым і сёння. Гэта гістарычная падзея апісана  ў гістарычнай аповесці Кастуся Тарасава “Пагоня на Грунвальд”.

Ягайла пасля  смерці Ядвігі яшчэ два разы жаніўся, але не меў дзяцей. Чацвёртая жонка, Соф’я Гальшанская, нарадзіла яму  двух сыноў – Уладзіслава –  караля цюркскага і польскага  і Казіміра – караля Польшчы і  ВКЛ. Памёр Ягайла ў 1434г. Ходзяць  легенды, што пры каралеўскім  двары ў Кракаве ўсе размаўлялі на беларускай мове, а сярод прыдворных былі нават людзі з в.Крэва.

История Сморгонского края