Культурнае жыццё БССР у сярэдзіне 50-х – 80 гг

 АКАДЭМІЯ КІРАВАННЯ ПРЫ ПРЭЗІДЭНЦЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Інстытут  кіруючых кадраў

Факультэт інавацыйнай падрыхтоўкі

Кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права 
 
 
 
 

РЭФЕРАТ

па дысцыпліне: «Гісторыя  Беларусі»

                   па тэме: « Культурнае жыццё БССР у сярэдзіне 50-х – 80 гг. » 
 
 
 

Выканала:                                          Студэнтка 1 курса УІР-3

                                                          Дудко Любоў Валер’еўна 

Праверыў:                                        Кандыдат гістарычных навук

                                                          Цабкала Андрэй Анатольевіч 

                                            Мінск, 2011

                                                            Змест

Уводзіны………………………………………………………………….………3

1. Развiццё вышэйшай i сярэдняй адукацыi ………….………..………………6

2. Лiтаратура i мастацтва……………………………………………….……….9

3. Поспехi беларускай навукi і тэхнiкі……………………………...…...…….17

Заключэнне………………………………………………………………………22

Спіс выкарыстаных крыніц……………………………………………………..23 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

                                                 
 
 

                                                     Уводзіны

  "Культура - гэта спецыфічны  спосаб арганізацыі  чалавечай жыццядзейнасці, прадстаўлены ў  прадуктах матэрыяльнай  і духоўнай працы,  у сістэме сацыяльных  нормаў і ўстаноў,  у духоўных каштоўнасцях, у сукупнасці стаўлення  людзей да прыроды,  паміж сабой і  да сябе, а таксама  да артэфактаў  культуры".

  Культура - адно з фундаментальных паняццяў сацыяльна-гуманітарнага спазнання  і выконвае ў ім такую ж важную ролю, як паняцце масы ў фізіцы ці спадчыннасці ў біялогіі.

  Паняцце культуры характарызуе вельмі складаны і шматгранны фактар чалавечага быцця, які выражаецца і праяўляецца ў мностве самых разнастайных феноменаў сацыяльнага жыцця, званых з'явамі культуры.

  Супярэчлівы характар насіла культурнае жыццё рэспублікі ў перыяд: 50-80 гады ХХ ст. З аднаго боку, ішла дэмакратызацыя, звязаная з  наступленнем “адлігі”, рэабілітацыя дзеячаў навукі і культуры, аслабленне партыйнага ўціску, а з другога, –  русіфікацыя ўсіх сфер жыцця, абгрунтаваная  тэзісам аб пабудове камуністычнага грамадства, дзе будуць зліты мовы і культуры ўсіх савецкіх народаў, ваяўнічы атэізм, шаблоннасць. У адукацыі ў  гэты час праходзіць некалькі рэформ. У 1958 г. адбываецца пераход да ўсеагульнага 8-гадовага навучання і ўвядзенне  ў сярэдняй школе адзінаццацігадовага  тэрміну з вытворчым навучаннем. Дзесяцігадовае навучанне вярнулася  ў 1964-1984 гг., а ў 70-я гг. была ўведзена ўсеагульная сярэдняя адукацыя моладзі. У прафесійна-тэхнічнай адукацыі стваралася адзіная сістэма гарадскіх  і сельскіх прафесійна-тэхнічных  вучылішчаў. У 1950 г. ў БССР працавала больш за сто тэхнікумаў, 29 ВНУ. Але вышэйшая і сярэдняя спецыяльная адукацыя адзначалася экстэнсіўнасцю, калі пры пастаянным павелічэнні колькасці выпускнікоў не заўсёды захоўвалася якасць іх навучання.

  Адной з  адмоўных рыс адукацыі таго часу стала  звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. У БССР не было ніводнай сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай навучальнай  установы з беларускай мовай навучання. Бацькі атрымалі права вызваляць дзяцей ад вывучэння беларускай мовы ў школе. Дапускалася выкладанне беларускай мовы па-руску. У сярэдзіне 80-х гг. усяго каля 19% дзіцячых садкоў і 23% школ працавалі на беларускай мове. У выніку такой моўнай палітыкі стварыліся вельмі неспрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай культуры.

  Навука  гэтага перыяду характарызуецца  станаўленнем фундаментальных даследаванняў. У сістэме АН БССР адкрываюцца  інстытуты фізікі і матэматыкі, генетыкі, цепла- і масаабмену і інш. Ствараюцца цэлыя навуковыя школы (у галіне звычайных дыфференцыяльных ураўненняў — школа Н.П.Яругіна, спектраскапіі і лазераў – Б.І.Сцяпанава, цепла- і масапераносу – А.В.Лыкава, тэарэтычнай фізікі – Ф.І.Фёдарава, антрапагенэзу – Г.І.Гарэцкага, кардыялогіі – Г.І.Сідарэнкі, вылічальнай матэматыкі – У.І.Крылова, геалогіі і тэктонікі – Р.Г.Гарэцкага). Шырока вядомымі ў свеце сталі біёлаг В.Купрэвіч, матэматык У.Платонаў, фізік М.Барысевіч. Пераважнае развіццё ў рэспубліцы атрымалі тэхнічная і фізіка-матэматычная навукі, што звязана з развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу. Аднак толькі нямногія навуковыя распрацоўкі знаходзілі прымяненне на практыцы.

  У беларускім рэчышчы развіваецца літаратура. Узмацняецца яе сувязь з жыццём. Але захоўваецца партыйнае кіраўніцтва, цэнзура, асабліва пашыраныя ў другой палове 60-х гг. У якасці вядучага жанру прозы ўсталёўваецца раман. Галоўнай застаецца тэма мінулай  вайны, але зараз мастакі слова  большую ўвагу надаюць раскрыццю  ўнутранага свету чалавека ў такіх  экстрэмальных умовах (раманы А.Адамовіча, В.Быкава, І.Навуменкі, І.Чыгрынава, дакументалістыка С.Алексіевіч і інш.). Гістарычная праблематыка таксама прыцягвае да сябе пільную ўвагу (раманы Л.Дайнекі, В.Іпатавай, У.Караткевіча, К.Тарасава, п’есы А.Макаёнка, А.Петрашкевіча).

  Шмат твораў прысвячалася праблемам сацыялістычнай рэчаіснасці (Я.Брыль, Г.Далідовіч, К.Крапіва, І.Мележ, І.Шамякін). Паэзія адзначана творамі Р.Барадуліна, П.Броўкі, Н.Гілевіча, П.Глебкі, П.Панчанкі і інш. Беларускія літаратары цесна супрацоўнічалі з кінастудыяй “Беларусьфільм”, якая аднавіла сваю работу ў 1944 г. Кожны год на ёй выпускалася каля 70 фільмаў розных накірункаў. Сярод найбольш вядомых – мастацкія стужкі “Міколка-паравоз”, “Белыя росы”, “Крушэнне імперыі”, “Альпійская балада”.

  З 60-х гг. беларускія тэатры захапляюцца маральна-этычнай праблематыкай. Ставяцца п’есы беларускіх драматургаў (А.Дударава, А.Макаёнка, М.Матукоўскага), рускіх і сусветных класікаў, савецкіх аўтараў. Сусветнае прызнанне атрымлівае балетная трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета пад кіраўніцтвам В.Елізар’ева, свайго роду заснавальніка беларускай школы балета ("Стварэнне свету" А.Пятрова і інш.). К сярэдзіне 80-х гг. у БССР працавалі 2 музычныя, 6 лялечных, 9 драматычных тэатраў, але толькі тры з іх былі беларускамоўныя.

  У музычным мастацтве развіваюцца жанры  сімфоніі і інструментальнай музыкі (кампазітары У.Алоўнікаў, М.Аладаў, А.Багатыроў, І.Лучанок, У.Мулявін, П.Падкавыраў, Я.Цікоцкі). Наладжваецца цеснае супрацоўніцтва з тэатрамі (оперы М.Аладава, Дз.Лукаса, Р.Пукста, Дз.Смольскага, Ю.Семянякі). Кампазітары звяртаюцца да ваенна-патрыятычнай тэматыкі, увасаблення вобразаў рэальных гістарычных асоб. Большасць кампазітараў працуе ў розных жанрах. У 70-80-я гг. з’яўляюцца новыя тыпы музычных і танцавальных калектываў (вакальна-інструментальныя ансамблі “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, фальклорна-харэаграфічны ансамбль “Харошкі”).

  Дзяржава  садзейнічае масаваму развіццю самадзейнай  мастацкай творчасці: многія аматарскія калектывы сталі вядомы далёка за межамі рэспублікі. У 1983-1985 гг. у БССР было створана 652 калектывы мастацкай самадзейнасці, якія аб’ядноўвалі 18 тысяч удзельнікаў. 
 
 
 

                       1.Развiццё вышэйшай i сярэдняй адукацыi

  Важнай  перадумовай развіцця культуры з'яўляецца неабходны адукацыйны ўзровень насельніцтва. У пасляваенны перыяд павялічыліся асігнаванні на патрэбы сістэмы  адукацыі. За 1946-1950 гг. на аднаўленне і  развіццё агульнаадукацыйнай школы  было ддпушчана 3598,7 млн р. Гэта дазволіла толькі за кошт дзяржаўных сродкаў пабудаваць 205 школ на 62,4 тыс. вучнёўскіх месц. У канцы 1950 г. у БССР у асноуным была адноулена даваенная сетка агульна-адукацыйных школ. У 1951-1955 гг. адбылося далейшае пашырэнне сярэдняй адукацыі, якое ішло шляхам арганізацыі новых школ і пераўтварэння сямігодак у сярэднія школы. Іх колькасць за гэтыя гады вырасла амаль у 2 разы. Палепшыўся і склад настаўніцкіх кадраў: калі у 1944/45 навучальным годзе працавала 19,7 % настаўнікаў з вышэйшай і няпоўнай вышэйшай адукацыяй, то у 1950/51 — 30,2, а у 1955/56 - каля 50 %.[2; с. 328]

  Паступоваму павышэнню ўзроўню работы агульнаадукацыйнай школы спрыяла паляпшэнне складу настаўніцкіх кадраў. Калі ў 1944/45 навучальным годзе у школах Беларусі працавала 19,7 % настаўнікаў з вышэйшай і незакончанай вышэйшай адукацыяй, то у 1950/51 навучальным годзе такую адукацыю мелі ужо 30,2 % настаўнікаў, а у 1955/56 навучальным годзе — каля паловы. У гэты час настаўнікаў, якія не мелі сярэдняй адукацыі, засталося не больш 2,5 %, тады як у 1944/45 навучальным годзе яны складалі 23,8 %.[3; с. 401-402]

   У снежні 1958 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў  закон "Аб умацаванні сувязі  школы з жыццём і аб далейшым  развіцці сістэмы народнай адукацыі  у СССР". Адпаведны закон быў  прыняты ў 1959 г. у БССР. Ён  прадугледжваў увядзенне ўсеагульнага 8-гадовага навучання.

   3 мэтай  ажыццяўлення політэхнічнага навучання  і працоўнага выхавання была  праведзена рэарганізацыя сярэдніх  дзесяцігадовых школ у агульнаадукацыйныя  адзінаццацігадовыя з вытворчым  наву-чаннем. Пашыралася матэрыяльная  база працоунага навучання. 3 1959 па 1967 г. ва ўсіх сярэдніх і большасці васьмігадовых школ БССР былі адкрыты майстэрні болып чым на 100 тыс. месц. У 1964 г. адзінаццацігадовыя школы зноў сталі пераўтварацца ў дзесяцігадовыя, а з 1966 г. - прафесійная падрыхтоўка стала неабавязковай.[2; с. 328-329]

   Аднак  у развіцці агульнаадукацыйнай  школы за пасляваеннае дзесяцігоддзе  меліся значныя недахопы. Яшчэ у 1955/56 навучальным годзе 7260 школ размяшчаліся ў прыстасаваных і 2088 — у наёмных будынках, малападыходзячых для заняткаў. Многія школы не мелі спартыўных залаў, пакояў для размяшчэння вучэбных кабінетаў, правядзення пазакласнай працы. Больш 6 тыс. школ працавалі у дзве змены. Значным заставаўся адсеў вучняў, шмат было пераросткаў.

   На  нізкім прафесійным узроўні вялося  выкладанне многіх прадметаў,  дрэнна ўлічваліся на-цыянальныя  асаблівасці ў вучэбна-выхаваўчай  рабоце. Гэтаму спрыялі ўмовы,  звязаныя з ка-мандзіраваннем  у рэспубліку многіх кадраў, якія  не валодалі мовай карэннага  насельніцтва і не жадалі, каб  яе вывучалі іх дзеці. Абыякава  адносіўся да беларускай мовы  русіфікаваны партыйна-дзяржаўны  апарат.[1; с.395]

   Нездавальняюча  вырашаліся пытанні стварэння  неабходнай базы для вытворчай  падрыхтоўкі і забеспячэння свабоднага  выбару прафесіі. Адчуваліся цяжкасці  ў падборы выкладчыцкіх кадраў, адсутнічалі навучальныя праграмы. Больш таго, з 1964 г. адзінаццацігадовыя  школы пачалі пераводзіцца на  дзесяцігадовыя. 3 1966 г. прафесійная  падрыхтоўка стала неабавязковай.  Яна ажыццяўлялася толькі у  тых школах, дзе для гэтага былі адпаведныя ўмовы, і ў асноўным у парадку гуртковай ці іншых форм пазакласных заняткаў. Увогуле, розныя новаўвядзенні ў канцы 50-ых — першай палове 60-ых гадоў не садзейнічалі паляпшэнню работы агульнаадукацыйнай школы. Яна пазбавілася стабільнасці, без чаго немагчыма паспяховая работа.[3; с.402]

   Перабудоўвалася сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Шматлікія навучальныя ўстановы сістэмы працоўных рэзерваў у канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў былі пераўтвораны ў адзіны тып навучальных устаноў — гарадскія і вясковыя прафесійна-тэхнічньц вучылішчы. Іх колькасць у БССР вырасла са 103 у 1961 г. да 233 у 1985 г. (колькасць навучэнцаў - з 33 тыс. да 161 тыс.). У 70-я гады прафтэхвучылішчы перайшлі на падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых з сярэдняй адукацыяй.

   Паспяхова  развівалася вышэйшая адукацыя. У 1944/45 навучальным годзе працавалі  22 вышэйшыя навучальныя установы (з 2І існаваўшых да вайны). У  1945 г. у Мінску аднавіў работу  Беларускi лесатэхнічны інстытут, які з 1930 г. працаваў у Гомелі. У 1961г. ён быў пераўтвораны у Беларускі тэхналагічны інстытут. Адкрыліся новыя вышэйшыя навучальныя установы: у 1945 г. - Беларускi тэатральны інстытут (з 1953 г. - тэатральна-мастацкі), у 1948 г.- Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, у 1950 г - Брэсцкі педагагічны інстытут (створаны на базе настаўніцкага інстытута).

   У 1959 г. было створана Міністэрства  вышэйшай і сярэдняй нацыяльнай  адукацыі БССР.За пасляваенныя гады колькасць сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў павялічылася з 94 у 1946 г. да 139 у 1985 г, вышэйшых навучальных устаноу — з 24 да 33 (колькасць студэнтау адпаведна з 13 тыс. да 182 тыс.). Былі адкрыты: 1951 г. — Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут; 1952 г. — Мазырскі педагагічны інстытут (створаны на базе настаўніцкага інстытута); 1953 г. - Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту у Гомелі; 1954 г. - Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі у Мінску; 1958 г. - Гродзенскі медыцынскі інстытут; 1961 г. - Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут; 1964 г. - Мінскі радыётэхнічны інстытут; 1965 г. - Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці; 1966 г. - Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут; 1975 г. — Мінскі інстытут культуры. У 1969 г. на базе Гомельскага педагагічнага інстытута быў створаны Гомельскі, дзяржаўны універсітэт, а у 1977 г. на базе Гродзенскага педагагічнага інстытута - Гродзенскі дзяржаўныя універсітэты.

   Аднак  у сферы вышэйшай і сярэдняй  спецыяльнай адукацыі бесперапынны  рост выпуску спецыялістаў не  заўсёды суправаджаўся неабходным  паляпшэннем якасці іх падрыхтоўкі. ВНУ недастаткова фінансаваліся, развіццё іх матэрыяльнай базы адставала ад патрабаванняў часу.

   За 1946—1986 гг. вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя  ўстановы падрыхтавалі 1773 тыс. спецыялістаў.

   Нельга  не адзначыць, што адукацыя  у рэспубліцы паступова губляла  нацыянальныя рысы. Напэўна, вытокі  гэтага працэсу трэба шукаць  у мінулым - на працягу стагоддзяу беларуская мова на Беларусі не была афіцыйнай і не магла нармальна развівацца; на Беларусі склаўся рускамоўны горад; беларусізацыя 20-х гадоў была дачасна спынена. Ёсць і аб'ектыўная прычына - гістарычная і марфалагічная блізкасць рускай і беларускай моў, што таксама не пайшло на карысць апошняй. Да таго ж у першыя пасляваенныя гады ў сувязі з недахопам кадраў рознай кваліфікацыі ў рэспубліку прыязджалі (у тым ліку і накіроўваліся) спецыялісты з усяго Саюза. Будаўніцтва новых прадпрыемстваў вяло да росту гарадоў, а у гарадах захоўвалася тэндэнцыя да выкарыстання рускай мовы. Безумоўна, вялікую ролю у гэтым пытанні магла адыграць пазіцыя ЦК Кампартыі Беларусі, партыйных і савецкіх органаў. Аднак яны не зрабілі нічога істотнага, каб змяніць сітуацыю. У выніку ў сярэдзіне 80-х гадоў толькі 23,1 % школ і 19,3 % дашкольных дзіцячых устаноў працавалі на беларускай мове.[2; с.329-330]

   Такім чынам, з сярэдзіны 50-ых гадоў прымаліся даволі актыўныя меры па выпрацоўцы новых падыходаў да развіцця адукацыі. Аднак рэалізаваны яны былі далека не поўнасцю, многія з іх насілі непаслядоўны характар. Гэта нярэдка вяло да абвастрэння школьных праблем.

 

                                     2.Лiтаратура i мастацтва

   Другая  палова 50-ых гадоў і далейшы час  вызначаліся актывізацыяй культурнага, у першую чаргу літаратурнага, жыцця, што было звязана з палітычнай «адлігай», выкрыццём культу асобы  Сталіна. Пачаўся працэс пасмяротнай  рэабілітацыі работнікаў культуры, асабліва літаратараў, якія загінулі ў часы сталінскага тэрору. Разам з рэабілітацыяй грамадскасці вярталася іх творчая спадчына. У канцы 50-ых — пачатку 60-ых гг. зноў пачалі друкавацца некаторыя творы С. Баранавых, Ц. Гартнага, П. Галавача, А. Дудара, М. Зарэцкага, Т. Кляшторнага, Б. Мікуліча, М. Чарота і інш.

    Са  сталінскіх засценкаў да творчай  працы вярнуліся Р. Бярозкін, Ю.  Гаурук, С. Грахоускі, У. Дубоука,  А. Звонак, С. Новік-Пяюн, А. Пальчэўскі, .А. Александровіч, Я. Пушча,  Я. Скрыган, М. Хведаровіч, іншыя  літаратары. Многія чытачы ўпершыню  знаёміліся з іх імёнамі і  творамі, у тым ліку тымі, у  якіх праз прызму перажытага  адлюстроўвалася асабістае бачанне  праблем сталінізму, драматычнага  развіцця грамадства. [3; с.403-404]

    Духоўны  стан грамадства ў значнай  ступені знаходзіць адлюстрнванне  у літаратуры.

    Творы  празаікаў пра вайну, створаныя  у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе  ("Глыбокая плынь" І.Шамякіна, "Векапомныя дні" М.Лынькова, "Мінскі напрамак" І.Мележа і інш.), у цэлым праўдзіва шлюстроўвалі ўсенародную барацьбу з ворагам. У пасляваенныя гады напісаны такія значныя творы, як раман П.Пестрака "Сустрэнемся на барыкадах", трэцяя частка трылогіі Э.Коласа "На ростанях". У творах аб мірным жыцці пісьменшкі імкнуліся па магчымасці ярчэй перадаць аптымістычны настрой свайго сучасніка. Гэты жыццесцвярджальны пачатак з'явіўся асноўным напрамкам апавяданняў Я.Брыля, І.Мележа, І.Грамовіча, А.Стаховіча, М.Паслядовіча, І.Шамякіна. .[5; с.448]

    Прыкладна  з 1953 г. у беларускай літаратуры, як і ва ўсесаюзнай, намеціліся  новыя тэндэнцыі, звязаныя з  актывізацыяй грамадскага жыцця.  Пачаўся працэс пераадолення  апісальнасці, паглыблення ва унутраны  свет герояў, у сутнасць канфліктаў  пасляваеннай эпохі. У пісьменніцкім асяроддзі разгарнулася дыскусія аб месцы пісьменніка у жыцці грамадства, аб неабходнасці перагляду ўсталяваных у літаратуры канцэпцый бесканфліктнасці. На першы план паступова вылучаюцца агульначалавечыя, маральна-этычныя каштоўнасці, барацьба за маральную чысціню. Яскрава гэта праявілася ў аповесці Я.Брыля "На Быстранцы" і ў рамане І.Шамякіна "Крыніцы".

    У  першай палове 60-х гадоў у выніку  ўнутранага ідэйна-мастацкага ўзбагачэння  беларуская проза прыйшла да  значных здабыткаў. Прыкладам  з'яўляюцца раманы: "Людзі на  балоце" І.Мележа, "Птушкі і  гнёзды" Я.Брыля, "Сэрца на далоні" І.Шамякіна, "Сасна пры дарозе" І.Навуменкі, "На парозе будучыні" М.Лобана, "Засценак Малінаўка" А.Чарнышэвіча.

    Цікавай з'явай у беларускай прозе стаў твор У.Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім" (1965), які адкрывае чытачу паэзію і філасофію гісторыі Беларусі. У творах пра сучаснасць (раманы "Нельга забыць" (1962), "Чорны замак Альшанскі" (1979-1980)) У.Караткевіч таксама звяртаўся да гісторыі, каб раскрыць пераемнасць мінулага і сённяшняга.

    У  60-я гады ўслед за "Жураўліным  крыкам" адна за адной выходзяць  аповесці В.Быкава "Здрада", "Трэцяя  ракета", "Альпійская балада", "Пастка". Імя В.Быкава становіцца шырока вядомым у СССР і за яго межамі. Гуманізм 1 антымілітарызм - аснова яго твораў. Тэму вайны ён працягваў і у наступныя гады: "Сотнікаў" (1970), "Абеліск" (1971), "Воўчая зграя" (1974), "Пайсці і не вярнуцца" (1978) і іншыя аповесці.

    Тэма  вайны і лес людзей заставаліся  галоўнымі для многіх выдатных  пісьменнікаў - І.Навуменкі (трылогія "Сасна пры дарозе", "Вецер у соснах", "Сорак трэці" (1962-1973 гг.)), І.Чыгрынава ("Плач перапёлкі" (1970), "Апраўданне крыві" (1976)), А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка ("Я з вогненнай вёскі" (1975)).

    Пiльная  ўвага да маральна-этычных праблем  сучаснасці, узаемаадносін навукова-тэхнічнай  рэвалюцыі і лесу чалавека  асабліва характэрна для творау І.Шамякіна - раманы "Атланты і карыятыды" (1974), "Вазьму твой боль" (1978), І.Пташнікава - "Мсціжы" (1972), В.Адамчыка "Чужая бацькаўшчына" (1977), "Год нулявы" (1982).

    Даволі паспяхова развівалася беларуская паэзія. У росквіце творчых сіл сустрэлі мірны дзень такія вядомыя майстры паэтычнага слова як А.Куляшоў, П.Броўка, П.Панчанка, П.Глебка, М.Лужанін. Творчай сталасці дасягнуў талент В.Віткі, С.Дзяргая, А.Бялевіча, А.Зарыцкага. 3 першымі зборнікамі вершаў выступілі А.Вялюгін, М.Аўрамчык, К.Кірэенка. Бадзёра, з непасрэдным радасным адчуваннем ходу жыцця гучаў у той час голас старэйшай паэтэсы К.Буйло (зборнік "Май", 1965).

    У  канцы 60-х гадоў заявіла пра  сябе новае пакаленне паэтаў: А.Вярцінскі, Р.Барадулін, П.Макаль, Н.Гілевіч, С.Гаўрусёў, Е.Лось, У.Караткевіч, Я.Сіпакоў, Г.Бураўкін, Ю.Свірка, В.Зуёнак, А.Грачанікаў і інш. Яны паспяхова працавалі і у наступныя гады Аднак нягледзячы на некаторую лібералізацыю палітычнага жыцця, заставалася ўмяшанне ў творчы працэс з боку партыйна-дзяржаўных структур. Рэзкаму асуджэнню, у прыватнасці, была падвержана аповесць А. Кулакоўскага «Дабрасельцы» (1958). Аўтара абвінавацілі ў скажэнні жыцця калгаснай вёскі, савецкай рэчаіснасці. Кваліфікавалася гэта «недаравальна ганебным выпадкам» у творчай практыцы. Яго вызвалілі ад пасады галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», у якім убачыла свет аповесць.[3; с.404]

    Развіццё  беларускай драматургii у першае  пасляваеннае дзесяцігоддзе было  запаволенае, толькі у жанры  гераічнай драмы і сатырычнай  камедыі назіраліся пэўныя поспехі. Жывым сведчаннем бесперапыннасці развіцця драматургічных традыцый з'явілася творчасць К.Крапівы. Яго сатырычнай камедыяй "Мілы чалавек" пачынаецца беларуская драматургія пасляваеннага перыяду. Аднак патрыятычная скіраванасць камедыі, яе выкрывальны пафас не былі ў свой час зразуметы. Асобныя недахопы камедыі тлумачыліся як грубыя памылкі ідэалагічнага характару. П'еса была знята з рэпертуару. Аднак яна і сёння не страціла сваёй эстэтычна-мастацкай вартасці.

    Да  мастацкага асэнсавання ваенных  падзей звярнулася болыпасць  беларускіх драматургаў: К.Крапіва  - "3 народам", А.Маўзон -"Канстанцін Заслонаў", А.Кучар - 'Тэта было ў Мінску", К.Губарэвіч -"Брэсцкая крэпасць" і інш.

    У  канцы 40-х гадоу у Беларусі  пачаў ажыўляцца такі драматургічны  жанр, як лірычная камедыя. Адной з найбольш вядомых камедый з'яўляецца п'еса К.Крапівы "Пяюць жаваранкі".

    Пачынаючы  з 1953 г. у беларускай драматургіі,  як і ва ўсім мастацтве, пачынаюць выяўляцца новыя тэндэнцыі ў эстэтычным асэнсаванні падзей сучаснасці. Першым такім творам стала сатырычная камедыя А.Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!" (1953). З'явілася некалькі востраканфліктных п'ес, у якіх рэзка крытыкуюцца сацыяльныя недахопы тагачаснай рэчаіснасці. Найбольш прыкметны з гэтых твораў — камедыя К.Губарэвіча "На крутым павароце" (1954).

    На  тэму вайны напісаны: "Людзі  і д'яблы" К.Крапівы, "Рашэнне"  В.Быкава, "Дзеці аднаго дома" І.Шамякіна, "Грэшная любоў" А.Дзялендзіка.

    Вельмі  цікавыя беларускія драмы аб  сучаснасці - "Выклік багам", "Начное дзяжурства", "Аперацыя "мнагажонец"" А.Дзялендзіка.

    Навогул  намаганні тэатраў Беларусі былі  накіраваны на ўвасабленне героя  са складаным і багатым духоўным  светам. 3 пасляваеннага часу у  рэпертуар уваходзяць творы пра  гераізм савецкіх людзей у гады вайны. I гэта тэма застаецца на працягу наступных дзесяцігоддзяў адной з галоўных. З 60-х гадоў пачынаецца захапленне маральна-этычнай праблематыкай. Тэатры ставяць п'есы беларускіх драматургаў, рускай і сусветнай класікі, савецкіх аўтараў.

    У  музычнай культуры у пасляваенныя  гады інтэнсіўна развіваюцца  жанры сімфоніі і інструментальнай  музыкі. Аб гэтым сведчыць творчасць  М.Аладава, Я.Цікоцкага, А.Багатырова, У.Алоўнікава, П.Падкавырава. Была напісана значная колькасць музычна-сцэнічных твораў пераважна гераічнай і гераічна-легендарнай тэматыкі (оперы "Машэка" і "Марынка" Р.Пукста, "Андрэй Касценя" М.Аладава і іншыя, балет "Князь-возера" В.Залатарова).

    3 другой  паловы 50-х гадоу у развіцці  беларускай музыкі пачаўся новы  этап, характэрны больш глыбокім  засваеннем рэчаіснасці i адыходам  ад ілюстрацыйнасці. У сімфанічным  жанры паспяхова працуюць М.Аладаў, Л.Абеліёвіч, Р.Бутвілоўскі, Я.Глебаў, А.Мдзівані, Дз.Смольскі, Г.Вагнер; у творах канцэртнага жанру — С.Картэс, Г.Вагнер, Дз.Смольскі, В.Раінчык. З'явамі культурнага жыцця сталі балеты "Выбранніца", "Курган", "Альпійская балада", "Тыль Уленшпігель", "Маленькі прынц" Я.Глебава (апошні быў пастаўлены ў Вялікім тэатры СССР у 1983 г.), 'Пасля балю" Г.Вагнера; оперы 'Новая зямля" Ю.Семянякі, 'Сцежкаю жыцця" Г.Вагнера, 'Сівая легенда" Дз.Смольскага, 'Матухна Кураж" С.Картэса. Цікава, што кампазітары звяртаюцца да лесу рэальных гістарычных асоб, напрыклад оперы "Францішак Скарына" Дз.Смольскага, "Зорка Венера" (вобраз М.Багдановіча) Ю.Семянякі.

    У  жанры аперэты актыуна працуюць  Ю.Семяняка, А.Мдзівані, Р.Сурус; у  песенным жанры — У.Алоўнікаў,  Я.Глебаў, Дз.Смольскі, У.Буднік, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, І.Лучанок, Э.Ханок. У іх творчасці прысутнічае і патрыятычная тэматыка, і тэма гераізму, і лірыка. Трэба адзначыць, што большасць кампазітараў працавала у розных жанрах. [3; с.404]

    Развівалася  выяўленчае мастацтва. У першыя  пасляваенныя гады мастакі знаходзіліся пад яркім уражаннем гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху. Таму ўвага звярталася на асобныя эпізоды, ваенныя ўмовы, цяжкасці, радасці, баявыя справы партызанскіх груп і атрадаў. Так падыходзілі да вырашэння тэмы Я.Ціхановіч ("Партызаны ў разведцы", 1948), І.Давідовіч ("Партызаны на прывале", 1948), П.Гаўрыленка ("Пераправа", 1946; "На партызанскім аэрадроме", 1950), Г.Бржазоўскі ("Партызаны", 1961), А.Шыбнеў ("Палонных вядуць", 1947), У.Хрусталёў ("Вяртанне партызан з аперацыі", 1946). Тэме гераізму савецкіх людзей у гады вайны прысвечаны эпічныя палотны Я.Зайцава, В.Волкава, В.Цвіркі, У.Сухаверхава, Н.Воранава.

    У  50-я гады гістарычны жанр як бы зліваўся ў адзіны акорд з тэматыкай Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху. Мастакі працавалі і над беларускай гісторыяй (А.Гугель, Я.Кудрэвіч "Кастусь Каліноўскі", 1958; П.Сергіевіч "Скарына ў друкарні", 1957; А.Кроль "Я. Купала і Цётка ў Пецярбургу ў 1913 годзе", 1954; Я.Ціхановіч, І.Давідовіч "Янка Купала з калгаснікамі", 1961).

    У  60-я гады пачала творчую дзей-насць  новая плеяда таленавітых беларускіх  мастакоў - Л.Шчамялёў, У.Стэльмашонак, А.Кішчанка, М.Данцыг, Г.Вашчанка, М.Савіцкі.  Асабліва яскрава беларускае  мастацтва заявіла пра сябе  ў 1967 г., у час Усесаюзнай выстаўкі ў Маскве.

    Сярод  тых, чый творчы лес адбыуся, - выдатны беларускі жывапісец  М.Савіцкі. Яго творчасць —  шматпланавая. Пачуццём гісторыі, роздумам  пра лес роднай зямлі прасякнута  большасць яго палотнау. Карціны  М.Савіцкага пра партызан Беларусі - значная з'ява ў беларускім  нацыянальным жывапісе. Гэта "Партизанская  мадонна" (1967) - класічны сюжэт,  выражаны у драматичным проціпастаўленні сялянскай жанчыны-маці з рэаліямі вайны, "Партызаны. Блакада" (1967), "Аршанскія партызаны" (1968), "Клятва" (1969) і інш. Бадай, самы буйны твор мастака — "Айчынная вайна. 1944 год" — насценны роспіс для музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску (1970-1971).

    У жанры пейзажа найболып плённа працавалі мастакі старэйшага і сярэдняга пакаленняў, чыё майстэрства праявілася яшчэ ў даваенныя гады: В.Бялыніцкі-Біруля, І-Ахрэмчык, У.Кудрэвіч, М.Дучыц, В.Цвірка, М.Максімцоў, М.Чураба.

Культурнае жыццё БССР у сярэдзіне 50-х – 80 гг