Творчество М. Танка



10

 

Змест

 

 

Уводзіны…………………………………………………………… – с. 2

 

 

1 Услаўленне справядлівасці і барацьбы за свабоду ў казцы “Сказ пра Вяля”……………………………………………………………….. – с. 3

 

 

2 Ідэя жыватворнай сілы мастацтва ў казцы “Казка пра Музыку” – с. 5

 

 

3 Маральныя праблемы і прыемы іх увасаблення ў казках “Мухамор”, “Жук і слімак”, “Казка пра мядзведзя і інш……………………….. – с. 6

 

 

Заключэнне…………………………………………………………... – с. 10

 

 

Літаратура…………………………………………………………….. – с. 10

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Уводзіны

 

 

М. Танк нарадзіўся  ў цудоўным нарачанскім краі на Міншчыне 17 верасня 1912 года ў весцы Пількаўшчына. Прызнаны класік беларускай літаратуры выявіў свой талент не толькі ў творах для дарослых, але і ў творах для дзяцей, моладзі.

Першыя спробы пяра юнага паэта адносяцца да часу вучобы ў Віленскай рускай і Радашковіцкай беларускай гімназіях.

М. Танк з самага пачатку творчага шляху адчуў душэўную патрэбу пісаць для дзяцей. Такі напрамак у творчасці стаў грамадзянскім абавязкам пісьменніка. У часы  суровага змагання на заходнебеларускіх барыкадах паэт-рэвалюцыянер стварыў мноства цудоўных казак, што захапляюць юных чытачоў і сення. Першыя яго творы для дзяцей з’явіліся ў 1937 г., але і да гэтага ў некаторых вершах паэта ўжо гучала тэма дзяцінства. (Песня кулікоў, 1936 г.).

У 1930-я г.г. у перыядычным друку Заходняй Беларусі з’явіўся шэраг казак і вершаў М. Танка, адрасаванных моладзі. Яны друкаваліся ў часопісах “Беларускі летапіс”, “Снапок” і “Калоссе”. М.Танк нездарма звярнуўся да жанру літаратурнай казкі, выкарыстоўваючы пры гэтым фальклорны сюжэт. Казкі, легенды, паданні, у большасці пачутыя ім яшчэ ў дзяцінстве ад матулі, ад дзеда, які быў цудоўным апавядальнікам, пазней сталі найважнейшым падмуркам развіцця літаратурных здольнасцей паэта, яго самабытнага творчага голасу. У 1939 г. М. Танк у дзенніках адзначаў, што беларуская народная казка можа служыць багатай крыніцай цікавых тэм для оперы і балета.

Разнастайныя па тэматыцы і мастацкіх асаблівасцях творы М. Танка для юных чытачоў цесна звязаны з фальклорам. Паэт творча перапрацоўваў народныя сюжэты, а таксама ствараў свае арыгінальныя палотны, у якіх зноў жа выкарыстоўваў традыцыі фальклору ў фабуле, мове, абмалеўцы вобразаў [2, c.267-269].

 

 

1        Услаўленне справядлівасці і барацьбы за свабоду ў казцы “Сказ пра Вяля”

 

 

Вершаваная казка “Сказ пра Вяля” напісана ў 1937 г. паводле народных паданняў і легенд. Гэта была першая спроба паэта-рэвалюцыянера выкарыстаць багаты народны эпас для прапаганды ідэй народнай рэвалюцыі.

Галоўны герой казкі Вяль. Нараджэнне, сіла і смерць Вяля – гэта свет фантастыкі. Але М. Танк умеў цесна спалучаць фантастычнае, казачнае з сапраўдным, рэальным і тым самым больш дзейсна ўздзейнічаць на розум і сэрца дзіцяці. Спалучэнне рэальнага і фантастычнага дазволіла М. Танку стварыць уласную мастацка-філасофскую мадэль света, у цэнтры якой знаходзіцца ў мірным жыцці селянін-працаўнік, у часы ліхалецця – воін, абаронца пакрыўджаных.

У “Сказе пра Вяля” М. Танк казачную гісторыю напоўніў значным сацыяльным зместам.

У “Сказе пра Вяля” адчуваецца сапраўднае рэалістычнае жыцце. Аўтар паказвае, што селянін Скіба чатыры дні да істомы араў сахой князева поле, а калі ад каня засталіся толькі грыва ды хвост, ен мучыцца на сваім камяністым загоне.

Вяль з’явіўся на свет незвычайным чынам: селянін Скіба выараў яго з баразны: “вывернуў у баразну дупляватае дрэва старое, а ў дупле, у траве, на сухім палыну – дзіце жаласна плача малое” [4, c.148]. Гэтая істотна важная дэталь падкрэслівает крэўную роднасць асілка са сваей зямелькай-маці. Рос Вяль таксама незвычайна і за некалькі гадоў перарос каноплі ў агародзе. Выключная фізічная сіла героя здзіўляла свет, яна і ў працы, і ў бітве прыносіла карысць народу. На працягу ўсяго твора казачны асілак умешваецца ў жыцце сялян. У малым узросце Вяль дапамагаў бацькам па гаспадарцы, а калі падрос пайшоў змагацца са злом. У адрозненне ад гераічных казак ці былін, у М. Танка зло персаніфікуецца, чно выступае ў абліччы спрадвечных крыўдзіцеляў народа – паноў і іх памагатых.Ад злога князя сяляне гатовы хоць на край зямлі сысці. Вяль паказвае ім правільны шлях: трэба жыцце перарабіць. З гэтай мэтай Вяль арганізуе народнае войска на барацьбу з князем. Барацьба Вяля і яго войска з князем – гэта таксама і змаганне працоўнага народа за справядлівасць і годнае жыцце: “Усе радзяць, калі князя яны зломяць, // Калі межы-абручы з зямлі сарвуць, - // Колькі будзе ў іх пшаніцы і саломы, // Як яны свабодна зажывуць!” [4, c.152].

Услаўленнем слаўнай перамогі Вялевага войска гучаць радкі другой часткі паэмы, якія вельмі нагадваюць апісанне бітвы ў “Слове аб палку Ігаравым”:  “Як зайгралі косы юрачку стальныя,// Узнялі коні капытамі крыжачок, // Як лявоніха пад сосны баравыя // Лапцем шэрым узмяцеліла пясок! – // Адступаць пачала князева дружына // Ў даль вячэрную палеў, назад.” [4, c.154].

Князь з дружынай не адолеў у чэснай бітве войска волата Вяля. Але хітрыя князевы слугі багатымі дарамі і абяцанкамі здолелі раз’яднаць Вялеву дружыну. Дружыннікі пачалі спрачацца, забыліся на свій боль і разышліся хто куды. Не скарыўся толькі адзін Вяль. Не паквапіўся асілак нават на вялікія грошы, не адмовіўся ад пачатае справы і назаўседы застаўся ў памяці народнай як сімвал нязломнага барацьбіта за праўду.

Князева дружына шукае Вяля і, знашоўшы яго ў час сну, губіць героя. Смерць героя пад цяжарам дрэў, што былі падсечаны, каб калі вецер-ліха прачнецца, яны ўпалі на Вяля і загубілі яго (“наваліўся бор на волата гарой”), паказвае, што не так легка знішчыць народнага заступніка.

Пра мужнага Вяля песняры спяваюць песні. Паслухаў песню пра Вяля стары Скіба і сказаў: “Нам пара зноў сілы новыя збіраць, // Тапары і косы адвастрыць ізноў нам, // Каб з зямлі гаротнай путы пазрываць!” [4, c.155]

Гэта быў заклік да дзеяння, зразумелы тагачаснаму чытачу. Казка выхоўвае нянавісць да прыгнятальнікаў, любоў да людзей працы, жаданне змагацца за народнае шчасце [2, c.258-259].

У “Сказе пра Вяля” паэт услаўляе самаахвярнасць і неўміручасць барацьбіта за народ: “Яго сэрца крыгі часу не сатруць;// Ен у шуме ветру, у калоссях жыта, // Як жывы гавора перазвонам струн…” [4, c.156].

 

 

2        Ідэя жыватворнай сілы мастацтва ў казцы “Казка пра Музыку”

 

 

“Казка пра Музыку” была напісана М. Танкам у 1938 г. на аснове шырока распаўсюджанай у народзе легенды пра музыку.

Праблемы, закранутыя аўтарам у “Казцы пра Музыку”, з’яўляюцца для чалавека спрадвечнымі актуальнымі філасофскімі пытаннямі пра сэнс чалавечага быцця. Лёс галоўнага героя Музыкі – гэта не толькі прыклад сапраўды патрыятычнага, альтруістычнага служэння народу і Бацькаўшчыне, але і пошук духоўных асноў, якія дазваляюць людзям выжыць у самых складаных сітуацыях, рэалізаваць свае здольнасці і талент.

Галоўны герой казкі – сірата Музыка: “У лапціках лазовых хлопчык невялікі”. Калі Музыка грае, здаецца, што грае сама зямля, радзіма працавітых, мужных людзей, якія камяністую ніву засяваюць потам. Песня гэтага мастака-чарадзея “Сілы шмат давала, // Шмат будзіла ў сэрцы надзей, // Беднякоў і сірот сагравала…” [5, c.89].

Цар, які пачуў пра Музыку, захацеў, каб цудоўныя напевы жалейкі былі толькі яго ўласнасцю, каб Музыка са сваёй жалейкай служылі толькі яму. Цар загадаў слугам прывесці Музыку ў палац. На іх прапанову “адкупіць жалейкі чары разам з песнямі жывымі” Музыка катэгарычна адказаў: “Я жалейкі не прадам ні цару, ні вам ніколі” [5, c.90]. Хлопчык-сірата не прадае сваю музыку ні за якія грошы. Гэта духоўна ўзвышае героя, надае яму якасць высокага маральнага эталона. Музыка становіцца сімвалам жыццястойкасці, прыкладам моцы духу [1, c.273-274].

У “Казцы пра Музыку” М. Танк асэнсоўвае важную для кожнага творцы праблему мастака і мастацтва, вырашэнне якой дазваляе яму вызначыць сваё творчае крэда. Без музыкава грання “не чуваць ніякіх песняў, не смяюцца людзі”, таму вяртанне хлопцу жалейкі становіцца агульнанароднай задачай.

Супраць несправядлівасці, якую твораць цар і яго слугі, узняліся магутныя Волат, Асілак, Араты і Вяль, былінныя героі, якія ўвасабляюць сілу, магутнасць, справядлівасць народа. Да гэтага кожны з былінных герояў займаўся сваёй звычайнай справай: Вяль разганяў дратаванай пугай статак цемных хмар, Волат крышыў горы, раўняў іх з далінамі, Асілак віў пяньковыя аборы, каб нарабіць пецель для знішчэння пералетных птушак, што апусташаюць калоссе, вырашчанае Аратым. Яны пераадольваюць усе перашкоды, шукаючы і вызваляючы ўкрадзеную царскімі пасламі жалейку. Цар і яго войска выпраўляюцца ў дарогу і гінуць у бітве з быліннымі героямі. Дапамаглі адшукаць жалейку дзікія гусі.

Фальклорная аснова твора паглыбляе ідэйна-мастацкую задачу ўслаўлення непадкупнасці сапраўднага мастацтва і непераможную сілу народнага духу [2, c.259-261].

 

 

3        Маральныя праблемы і прыемы іх увасаблення ў казках “Мухамор”, “Жук і слімак”, “Казка пра мядзведзя і інш.

 

 

У сваіх казках М. Танк закранаў розныя маральна-этычныя праблемы (“Мухамор”, “Казка пра Мядзведзя”, “Жук і слімак”, “Конь і Леў”, “Галінка і верабей”, “Ехаў бай і інш.)

Уменне адкрываць дзецям новае выявілася у казцы “Мухамор”. Узяўшы за аснову матывы казак жывельнага эпасу, М. Танк стварыў арыгінальны твор.

У казцы “Мухамор” (1937) высмейваецца хвалько Мухамор, які лічыў, што “мог бы смела быць паслом, або нават і царом”. Упэўнены, што роўнага па прыгажосці яму ў лесе няма, ён выхваляўся: “Боты, гузікі гараць, - // Яму пары не дабраць// Пад ялінай, пад сасной// Ні багаццем, ні красой” [5, c.5].

Ганарлівы, самаўпэўненны франт-мухамор здзівіў жыхароў леса сваім самахвальствам і тым настроіў усіх супраць сябе. Ён так заганарыўся сваім пышным адзеннем і ўяўным розумам, што гатоў адрачыся ад сяброў, ад калектыву.

Аднак калі ў лес прыйшлі дзеці, усё стала на сваё месца: яны пазбіралі добрыя грыбы, а мухамор – “дзяцюк на цэлы свет” – нікому не спатрэбіўся [1, c.270]. Адзінокі Мухамор засумаваў, яму няма з кім у бары нават пагаварыць. Авадні ж і камары звоняць на ўвесь бор, “Што ёсць грыб – такі дурны // Мухамор, эх Мухамор!..”

Казка без надакучлівага маралізавання выхоўвае ў малых пачуццё таварыскасці, калектывізму, сціпласці, вучыць юных чытачоў рэальна ацэньваць сябе і не выхваляцца перад іншымі [2, c.262].

У  “Казцы пра Мядзведзя” (1937) багатая сістэма вобразаў. Сярод дзеючых асоб твора ёсць не толькі мядзведзь, але і такія драпежнікі, як воўк і ліса, прысутнічае і сімвал Беларусі – зубр, а таксама паказаны казёл, зайцы, вавёрка, варона, сарока, певень, цецерукі, дзятлы, нават шэршні ды асвянкі. Твор напісаны ў традыцыях беларускіх народных казак, у якіх жывелы і птушкі з’яўляюцца алегарычнымі вобразамі. Яны хоць жывуць і дзейнічаюць па законах свайго свету, але маленькія чытачы ўспрынімаюць стасункі лясных істот як падобныя да складаных адносін людзей у грамадстве. У традыцыйна фальклорном плане паказаны і галоўны герой казкі Мядзведзь. З гумарам асуджаецца ў казцы гультайства, прыстасавальніцтва Мядзведзя. Ён паўстае перад чытачом хітрым прайдзісветам, які вырашыў знайсці жонку працавітую і з добрым пасагам, каб і надалей гультаваць і быць сытым зімой: “Эх, важныя дзеўкі,// Былі б гаспадыні, // Каб мелі каўбасаў, // Курэй, саланіны. // Нашто і шукаць бы // што недзе другое, -// Было б у Мядзведзя // Жыццё залатое” [5, c.10].

Мядзведзевы сваты воўк і ліса змаглі знайсці выгадную нявесту – нястомную ў працы вавёрачку.

Такі мезальянс выклікае не толькі смех: вялізны і дужы Мядзведзь, які толькі ўмее добра скакаць пад гукі лясных музыкаў, хоча жыць за кошт маленькай вавёрачкі. Канфлікт казкі вырашаецца ў традыцыях народнай маралі: хітрасць пакарана. Калі касалапы з’еў вавёрчыны запасы і занудзіўся, дык знайшоўся цыган, які змог яго вылечыць ад ляноты і гультайства. “Лячыў цыган// Брагай-сівухай да рана;// Яшчэ паіў зеллем// Салодкім, як мёдам, // Спаіўшы, Мядзведзя // Прыкуў да калоды. // Пазней яму ўсыпаў// Бярозавай кашы, // Павёў яго цешыць// Людзей на кірмашах.» [5, c.15-16].

Мядзведзь цудоўна асвоіў працу скамароха, цешыў людзей на кірмашах, за што атрымліваў жаданыя ласункі. У казцы паказана, што праца здольная змяніць характар чалавека. Аўтар таксама акцэнтуе ўвагу на пэўных заганах, ухваляе працавітасць, жаданне жыць з плёну сваёй працы, гатоўнасць да ўзаемадапамогі. Аўтар паэтызуе свет, але разам з тым даводзіць дзецям, што ў паўсядзённым жыці прысутнічаюць не толькі дабрыня, любоў і пяшчота, але і сум, зайздрасць, гультайства, зласлівасць – усё тое, чаго неабходна асцерагацца [1, c.271-272].

У казцы “Жук і слімак” (1980) умоўна-казачная форма цесна спалучана з рэалістычна-праўдзівым адлюстраваннем рэчаіснасці. Аўіар, звяртаючы швагу на няўдзячнасць жука, засцерагае і всаіх чытачоў ад падобнай рысы характара. “Забыўся пра нягоды,// І не на ўме жуку,// Што абяцаў паднесці// Ён хатку слімаку” [5, c.56].

Паказ рэальнага канфлікту канцэнтруе ўвагу на станоўчым жыццёвым вопыце чалавецтва, для якога характэрны ўзаемадапамога, удзячнасць, падтрымка і выручка ў складаных сітуацыях [1, c.276].

Талент М. Танка як дасканалага майстра літаратурнай апрацоўкі выявіўся і ў чго творы “Конь і Леў” (1953). Перапрацаваўшы фальклорны сюжэт, пісьменнік, па сутнасці, стварыў невялічкую п’есу, казку-дыялог па сваёй будове. Добра ведаючы звычкі дзеючых асоб казкі, паэт здолеў стварыць іх запамінальныя характары праз учынкі, праз моўную характырыстыку.

Буланы конь пастарэш, спрацавашся, стаў нядужы. Гаспадар перастаў яго карміць і праганяе з двара. Падкаваны напаследак на чатыры нагі Буланы апынуўся на папасе, дзе сустрэў Льва. Ганарлівы цар звяроў накідваецца на Каня з лаянкай і папрокамі, жадаючы паказаць сваю ўладу і сілу: “Глыбу з крушні  ён схапіў// У кіпцюры свае// І так сціснуў, што вада// Пырснула з яе” [5, c.69]. Конь здзівіўся, але заўважыў, што большым дзівам было б, каб усемагутны цар высек з граніту агонь. Леў, які лічыць, што ён можа ўсё, бярэцца гэта зрабіць, але вынік дрэнны: агню – няма.

Фанабэрысты зазнайка Леў уладарна загадвае Каню: “Ну, цяпер твая чарга!”. Аўтар абмаляваў Каня, як разважлівага, з уменнем трымацца перад фанабэрыстым Львом, падкрэсліў, што ў Каня падковы на ўсіх нагах: “Тут у глыбу ўдарыў Конь// З чатырох падкоў,-// Пад абломкі іскраў сноп// З громам паляцеў.// Аж не знаў, як уцякаць,// З перапуду Леў.” [5, c.70].

Нястрымны ў сваім самахвальстве, Леў на справе аказваецца бездапаможным баязліўцам. Эпізод з Ваўком канчаткова пераконвае чытача, што пустое зазнайства, самаўзвышэнне выклікае асуджэнне, смех [2, c.263].

Мастак сувяржае на прыкладзе такіх дужых жывёл, як воўк, леў і конь, што любая грубая сіла можа быць пераможана дасціпным розумам і кемлівасцю. Аўтарская ідэя падпарадкавана жыццёвай ісціне, паводле якой дабро заўседы ўзнагароджваецца: гаспадар хоць і выгнаў каня, але потым зноў вярнуў яго дадому: “Ён буланага вярнуш// Зноў у стайню – ў дом// І весь ве яго карміў// Сенам ды аўсом” [5, c.5]. Такое вырашэнне канфлікту вельмі падабаецца дзецям, бо жывуць яны найперш па законах справядлівасці [2, c.277].

Заключэнне

 

 

Адметнасцю многіх казак М. Танка з’яўляецца тое, што мастак удала падпарадкоўвае здабыткі народнай творчасці ідэйна-эстэтычным задачам сучаснасці. Творы паэта з’яўляюцца ўзорам жыццёвай мудрасці, народнай маралі і этыкі. Клопат паэта аб лёсе, шчасці падрастаючага пакалення выяўляецца ва ўсёй яго творчасці, якая дапамагае чытачу стаць чыстым, сумленным. У казках гэтага мастака слова выяўляецца сваеасаблівая сістэма педагагічных поглядаў, якая можа дапамагчы юнаму пакаленню знайсці адказы на пытанні пра дабро і зло, пра сяброўства і здраду, пра высакароднае і нікчэмнае. У гэтым вялікая заслуга паэта перад народам, перад дзецьмі – надзеяй і будучыняй краіны.

 

 

Літаратура

 

 

1.      Беларуская дзіцячая літаратура: вучэб. дапам./ пад агул. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б.  Яфімавай. – Мінск: Выш. шк., 2008. – 688 с.

2.      Беларуская дзіцячая літаратура: вучэб. дапам. для высшіх навучальных устаноў/ пад агул. рэд.  М.Б.  Яфімавай, М.М. Барсток. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Мн.: Выш. шк., 1979. – 352 с.

3.      Беларуская дзіцячая літаратура: вучэб. дапам. для пед. вузаў/ Склад. М.Б. Яфімава, В.М. Ляшук. – 2-е выд., перапрац. – Мн.: Выш. шк., 2003. – 637 с.

4.      Танк М. Збор твораў: у 6 т. – Мінск, 1978. – Т. 1. – С. 148-156

5.      Танк М. Блікі сонца: Вершы, казкі. – Мінск, 1997. – С. 5- 97



Творчество М. Танка