Уводзіны. 2

Уводзіны

     Міжэрычы, Міжрэчча, Міжэрыцкая зямля! Слова дарагое і блізкае кожнаму з нас. Тут мы нарадзіліся, жывем, дыхаем чыстым і свежым паветрам, захапляемся прыгажосцю і хараством родных краявідаў. А яшчэ, вёска Міжэрычы мае багатую гістарычную і культурную спадчыну, якая сваімі каранямі ўваходзіць ў сівую даўніну. Аднак усё ж галоўным багаццем вёскі з’яўляюцца яе людзі, якія сваёй самаадданай і пачэснай працай праславілі гэтыя мясціны, зрабілі вядомымі далёка за межамі Рэспублікі Беларусь. Сярод іх можна назваць доктара педагагічных навук – Сідара Сяргея Іванавіча, заслужанага артыста Беларусі – Сяўко Баляслава Іванавіча, майстра спорту міжнароднага класа – Міхуту Уладзіміра Міхайлавіча, народнага ўмельцу Салейка Надзею Пятроўну і многіх іншых. [1,2]

    Багатую гісторыю, слаўныя традыцыі мае Міжэрыцкая  сярэдняя школа. Яе былыя вучні  працуюць у розных галінах  гаспадаркі, прыносяць вялікую карысць  сваёй Радзіме. І вось аб  адным з нашых вядомых землякоў  мы хочам расказаць у сваёй  творчай рабоце. Асноўным аб’ектам і прадметам нашага даследавання з’яўляецца жыццёвы, працоўны і творчы шлях Надзеі Пятроўны Салейка, духоўнае багацце, чысціня і сардэчнасць чалавека. Мы хацелі паказаць той уплыў, які аказала багатая гістарычная і культурная спадчына роднага краю, прыгажосць прыроды Зэльвеншчыны на фарміраванне характару асобы, прафесійны выбар і годнасць чалавека.

     Асновай  для напісання работы з’яўляецца  прынцып аб’ектыўнасці. Паказ  працэсаў, якія адбываліся ў даследуемы  перыяд, павінна быць адэкватна  таму, што мела месца ў жыцці. Менавіта гэтым палажэннем карыстаўся аўтар пры аналізе крыніц і літаратуры. Прынцып гістарызма выяўляе асноўныя гістарычныя сувязі; кожная з’ява развіваецца ў часе і прасторы. Даследаванне базіруецца і на прынцыпе сістэмнага падыхода да вывучаемай з’явы: аб’ект разглядваецца як цэласная сістэма.

    Пры напісанні  работы выкарыстоўваліся розныя  гістарычныя і літаратурныя крыніцы:  кніга “Памяць”, Зэльвенскі раён, “Славуты Зэльвенскі край”; газета  “Праца”, “Слонімскі веснік”,  “Віцебскі рабочы”; матэрыялы Слонімскага краязнаўчага музея, музея “Народнай Славы”, архіўныя дакументы, успаміны самой Надзеі Пятроўны.

   Мэта  і задачы:

  • фарміраванне ў навучэнскай моладзі грамадзянска-патрыятычных пачуццяў і адказнасці за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю;
  • стымуляванне творчага патанцыялу дзяцей і моладзі, далучэнне іх да пошукавай дзейнасці, накіраванай на даследванне жыццёвага і творчага шляху вядомых людзей малой радзімы;
  • папулярызацыя імёнаў славутых землякоў сродкамі даследчай і мастацкай дзейнасці.

1 Біяграфія і творчы шлях Надзеі Салейка

      У Слоніме жыве незвычайная жанчына - народны майстар Надзея Пятроўна Салейка (у дзявоцтве - Сунцова). Родам яна з хутара Лешна. Базавую адукацыю атрымала ў Міжэрыцкай сярэдняй школе. 3 2002 года - член Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь. А ў нашай хроніцы "Памяць. Зэльвенскі раён" пра яе на жаль, няма ніводнага радка. Хіба можна землякам не знаць пра чалавека, якога ведае ўся Беларусь?! (Ды і як упэўніцца чытач, не толькі).

I вось мы ў Слоніме.  Яшчэ не разгледзеўшы нумар  дома на патрэбнай вуліцы, здагадваемся, што трапілі куды трэба. Сам  падворак падказвае гэта. I агароджа, выкананая ў народным стылі,  і адметны калодзеж, і куточак  адпачынку ў глыбіні - усё заклікае  прыпыніцца і прыгледзецца. Адразу адчуваецца, што жывуць тут працавітыя і здольныя людзі з натхнёнай душой.

Гаспадыня запрашае ў  хату... Уражаныя, мы моўчкі пераходзім з пакоя ў пакой гэтага незвычайнага дома-музея. Доўга не можам вымавіць ніводнага слова. Здзіўленне, замілаванне, захапленне - усё пераплялося ў думках. Як? - I гэта ўсё - з гліны? I зроблена ў хатніх умовах? Адным- адзіным майстрам? Ёю, нашай зямлячкай? - Неверагодна! Доўга не парушалі мы цішыню ўзнікшай еднасці. Нарэшце, прагна пачалі распытваць пра ўсё, што цікавіла...

Мастацкія здольнасці Надзеі - ад бацькі, Сунцова Пятра  Іванавіча. Гэта ён, звычайны селянін, заняты бясконцай працай у калгасе  і на асабістай гаспадарцы, не скарыўся пад цяжарам быту і тварыў, тварыў . Кожную вольную хвіліну маляваў, выпільваў, вырэзваў. I, як бы адчуваючы свой кароткі век, вучыў сваю адзіную дачушку бачыць прыгожае навокал, жыць сярод мітусні і не пакарацца ёй. Практычна бацька і быў яе першым мастацкім кіраўніком. Бо ў час вучобы ў Міжэрыцкай школе спецыяліста па выяўленчаму мастацтву не было. I хоць Надзейка ахвотна ўдзельнічала ў розных школьных і раённых конкурсах, спецыяльных ведаў у яе было небагата. Было тое, што перадаецца нябачным, але і самым надзейным шляхам - генетычна. Мабыць, бацькава жаданне бачыць дачку мастаком - было настолькі моцным, што дазволіла пераадолець усе абставіны і выканаць прадпісанае звыш. [6]

Бацьку не суджана было нават парадавацца бліскучаму паступленню дачкі ў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава - вядучай сярэдняй спецыяльнай установы рэспублікі такога кшталту. Надзея лічыць, што ёй пашанцавала. А мне здаецца, што выкладчыкі заўважылі Божы дар дзяўчынкі з правінцыі, атрыманы ёю ў спадчыну. Яна, не маючы ніякага ўяўлення пра кампазіцыі ці светлацені інтуітыўна ўгадавала іх. I выканала ўсе заданні на "выдатна". Прыёмная камісія не памылілася, але Надзеі прыйшлося нясоладка. Усе навучэнцы ўжо прайшлі праз мастацкія школы - ёй трэба было пачынаць з азоў. I паспяваць засвойваць нялёгкую праграму. Жаданне стаць не горшай за іншых, пранікнуць у тайны будучай прафесіі дапамаглі пераадолець усе цяжкасці.

Працаваць прыехала ў Слонім на фабрыку мастацкіх  вырабаў. Восем гадоў аддала цікавай  працы. Аднак чагосьці ёй не хапала. I калі аднойчы на выставе ў Мінску ўбачыла знаёмыя з дзяцінства гліняныя вырабы, убачыла ўнутраным зрокам мастака, зразумела, чаго не хапае яе душы. Яна літаральна захварэла глінай. Куды б ні ішла, што б ні рабіла - перад вачыма яна: такая падатлівая, такая цёплая, такая ўдзячная. Яшчэ нічога не ведаючы пра яе, вось такой уяўляла. I не памылілася. Хоць нямала прапусціла праз пальцы розных па складу глін, пакуль знайшла самую прыдатную для сваёй задумы.

А планы і  эскізы ў галаве мроіліся розныя. Хацелася зрабіць нешта такое, чаго яшчэ да яе ніхто не спарабаваў. Таму ў тэорыю асабліва не ўдавалася: знаёмілася з асаблівасцямі прыроднага матэрыялу, на які багата родная зямля, на практыцы. [6]

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

2 Мастацтва Надзеі - сямейная творчасць

      Муж спачатку крыху іранічна назіраў за яе мучэннямі (чаго не прагне душа мастака?!), а потым, упэўніўшыся ў сур'ёзнасці намераў жонкі, пачаў памагаць. Пойдзе ў лес, убачыць нешта цікавае і нясе дадому. Разам з жонкай абмяркоўваюць, як "упішацца" адзін цуд прыроды з другім, ці атрымаецца нешта вартаснае. Як мастаку Надзеі было лепш бачна, што патрэбна дадаць да асноўнага матэрыялу, што аб'яднаць, а што выдзеліць асобным штрыхом. Яна патрабавала сумяшчаць элементы макрамэ, мярэжку, паперу, скуру. Нават хлебную скарынку ў якасці сарцавіны да кветачкі. Шляхам незлічоных проб і памылак яна выпрацавала свой стыль, сваю тэхніку. Першае пано здалося ёй верхам дасканаласці, хоць зараз яна глядзіць на яго (захавала!) з лёгкай усмешкай. [5]

       У яе не было ніякіх прыстасаванняў. Звычайна керамісты маюць станкі для лепкі, спецыяльныя каркасы для галавы ці тулава. А ў яе звычайны кухонны стол і некалькі простых звычайных прадметаў, выкарыстоўваемых па прынцыпу: бярэ тое, што пад рукою, і не шукай сабе другое.

       3 цягам часу адны прадметы адкідваліся, іншыя - выкарыстоўваюцца пастаянна. Так, звычайная электрычная лямпачка служыць прыстасаваннем для лепкі галавы, невялікая прылада з адтулінай - для выцяжкі валасоў. Нездарма кажуць: усё геніяльнае - простае. [3]

        Майстар лічыць, што яе вырабы  таму і цэняцца, што не маюць аналагаў. Так, арыгінальнасць, вядома ж, адыгрывае немалую ролю. Але ўсё ж асноўнае, безумоўна, у іншым - у высокім мастацкім выкананні і бездакорным гусце. I ў тыктанічнай працы. Мастачка ўпэўнена: толькі 5% поспеху залежыць ад таленту. Астатняе - праца, праца і праца.

      Так, працы з глінай больш чым дастаткова. Стварыць задуманае ў гліне - гэта яшчэ і аддаць твор пад прысуд агню. Абпальванне - не толькі працяглая фізічная праца, гэта - найадказнейшы экзамен. На жаль, бываюць і непрыемнасці. Што адчувае мастак, калі яго тварэнне гіне ў агні? - Ён ужо зжыўся са створанымі вобразамі, ужо ўяўляе, як высветліць іх полымя, як прыдасць цвёрдасць і дадатковую цеплыню... Але і праз гэту пакуту - пякельную - прыходзіцца прайсці. Напэўна, усё таму ж, што без мук не бывае і шчасця. Шчасце, калі атрымалася ўсё: і гліняныя фігуркі як жывыя, і лясная знаходка ўдала дапоўніла кампазіцыю,і агонь зрабіў яшчэ цяплейшымі творы тваіх герояў. Атрымалася тое, у што ты ўдыхнула душу.

       У спецыяльных керамічных печах тэмпература практычна аднолькавая ўсюды. У хатніх умовах гэтага дасягнуць немагчыма. Але і тут Надзея бачыць перавагу. У чым? - У магчымасці з'яўлення розных адценняў. Чым далей ад агню частка вырабу, тым цямнейшай яна будзе. Чым бліжэй - тым святлейшай. Заўважаўшы гэта, Надзея спецыяльна набліжае да агню тое, што павінна быць цяплейшым. Яна і тут верная сябе: у людзях бачыць жывое ў светлым, духоўным, і гэтага дабівацца ад сваіх стварэнняў. Стварае цяплейшую і халаднейшую часткі аднаго цэлага. Як бы падказвае нам: вось глядзіце, тут светлае, жывое, бо бліжэй да духоўнасці, а там далей ад святла - цёмнае, бездухоўнае. Гэта яе светаадчуванне, яе светапогляд. I гэта адбіваецца на якасці яе вырабаў. [3]

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

3 Надзея аб вечным і зямным

        Нездарма пасля серыі работ на жыццёвую ці, як кажа яна сама, фальклорную тэматыку, Надзея ўзялася за тое, што даўно патрабавала выхаду - тэму вечную. Яна зараз так і называе свае выставы: "Пра вечнае і зямное". Цыкл работ на біблейскія сюжэты зарадзіўся тады, калі Надзея зразумела найгалоўнейшую чалавечую загану - гардыню. I, зразумеўшы яе, поўнасцю аддалася Божай волі. I як цвёрда ўпэўнена Надзея толькі тады па-сапраўднаму зразумела сябе, сваё прадвызначэнне. Адышлі ў нябыт хваробы, засталіся праца і натхненне. I матэрыял, у які калісьці Тварэц удыхнуў душу. I ў які яна стараецца ўдыхнуць сваю бессмяротную душу. Радавалася, як дзіця, калі ўпершыню адкрыла гэта для сябе: чалавек мае неўміручую душу. 3 той пары яе не палохаюць ніякія жыццёввыя нягоды. "Ёсць праблема - будзе цуд", - сцвярджае Надзея. I мне падумалася: калі б хоць палова людзей на зямлі разважалі так, наколькі менш было б сярод нас ныцця, незадаволенасці, скаргаў.

       Убачанае намі ў хаце-музеі - толькі невялікая часцінка зробленага чуйнымі пальцамі мастачкі. Колькі вырабаў засталося пасля экспазіцый у фондах розных устаноў, колькі прададзена або проста падорана добрым людзям! Не спытала ў Надзеі, ці вядзе яна ўлік зробленаму. Упэўнена, што каталог проста неабходны. Вось быў зняты дакументальны фільм "Пра Антося і Крысю, якіх прыдумала Надзея". Цэлая серыя пано пра чалавечы лёс: першае спатканне юнака і дзяўчыны, сватанне, вяселле, праца на сенакосе... А засталіся ад серыі толькі некалькі вырабаў. Добра, што захаваліся фотаздымкі. Але ці ўсе? Гэта - толькі адзін прыклад. I ўвогуле шчаслівы, бо фільм дапамог захаваць зробленае. А колькі пано застануцца невядомымі?! Бо, набытыя для асабістых калекцый, для болынасці паклоннікаў яны страчаны. Тым болын, што знаходзяцца ў розных кутках свету: у Іспаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіне, Швейцарыі, ЗША. I цешаць душу адзінак. [7]

      Просты пералік таго, што зроблена гэтай зімой, мала што дасць. I ўсё ж назву некалькі работ. "Несцерка", "Гаспадынька", "3 мельніцы", "Хутаране", "Кавалер" - з фальклорнай серыі; "Маісей", "Дрэва пазнання дабра і зла", "Забаронены плод", "Вялікая міласць", "Меч раздзяляльны" - з біблейскай серыі. Словы і нават фотаздымкі не могуць перадаць усёй прывабнасці і непаўторнасці пано. Іх трэба бачыць. Дзякую Богу, магчымасць такая ёсць амаль у кожнага з нас. Надзея з'яўляецца членам экспазіцый на "Славянском базаре".Двойчы выстаўлялася ў Мінску. У 2003 годзе была арганізавана персанальная выстава ў БНТУ, а ў 2005-м - у Троіцкім прадмесці. Рэзананс ад выстаў заўсёды вялікі. Шкада, што вельмі шмат клопатаў для Надзеі мужа. Уявіце, як гэта непроста ўпакаваць сотні вырабаў у спецыяльныя скрынкі, давезці да месца, там распакаваць і прадумаць размяшчэнне. А пасля выставы - ізноў усё спачатку... Але гэта акупаецца радасцю ад прызнання. Вось праходзіць у Гродна фестываль нацыянальных культур. У першыя гады, калі людзі яшчэ слаба арыентаваліся ў калейдаскопе фестывальных падзей, на "свайго" гледача і пакупніка разлічваць не прыходзілася. Затое зараз Надзею ўжо чакаюць. З'явіўся свой паклоннік, свой знаток, свой пакупнік. Той, хто адчувае высокую энергетыку гліны. Той, хто разумее неацэннасць яе твораў.

      Здаецца, мастак павінен радавацца, калі яго творы запатрабаваны. Яно так. Але як цяжка і адзінока на душы пасля развітання з імі! Здаецца, і дыхаецца не так у хаце з пустымі сценамі. I Надзея ізноў акунаецца у працу...

       Як добра, што ў апошні час Надзеяй усур'ёз зацікавіліся супрацоўнікі кіно і тэлебачання. Нядаўна тэлеканал "Лад" паказваў фільм "Надзея Салейка - у серыі "Найменні і вобразы". Гродзенскае тэлебачанне ўзялося за падрыхтоўку яшчэ аднаго фільма. Надзея вельмі нераўнадушны чалавек. Яна прымае шмат наведальнікаў, вучыць свайму майстэрству пачынаючых мастакоў. А едуць і ідуць да яе многія. Часам ідуць і тыя, хто мае шмат вольнага часу і, не ведаючы, як ім распарадзіцца, цягнецца да спіртнога ці цыгарэт. Надзея дзівіцца з такіх: як можна мець вольны час? У яе яго няма. I гэта пры тым, што муж, якому яна вельмі і вельмі ўдзячна, вызваліў яе амаль ад усіх хатніх спраў. Сам творца па натуры, Віктар Міхайлавіч добра разумее жонку. Ён у Надзеі - неацэнны памочнік. Часцінка яго душы прысутнічае ў многіх вырабах мастачкі. Можа і таму яшчэ так прыцягваюць работы Надзеі, што ў іх сатканы і абпалены агнём самай высокай пробы душы дваіх высакародных любячых людзей?

       Аднойчы ў яе спыталі: "Калі да вас прыходзіць натхненне?" Яна не задумваючыся адказала: "Яно не прыходзіць, яно ў ва мне жыве". Калі б было іначай, сапраўды, ці магла Надзея стварыць столькі шэдэўраў?

        Часта людзі лічаць, што сапраўдны талент можа здзейсніцца толькі ў вялікіх гарадах, што правінцыя яго губіць. Прыклад многіх людзей абвяргае такую думку. I сярод такіх прыкладаў - лёс нашай таленавітай зямлячкі, Вялікай фантазёркі і працаўніцы, катаржніцы ад мастацтва, якой не хапае і 24-х гадзін у суткі. [7]

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

4 Сустрэча ў роднай школе

Перад намі з'яўляецца простая беларуская жанчына, вочы якой зіхацяць прыемнай і чароўнай усмешкай. Вучні школы і госці сустракаюць яе апладысментамі. Яна сардэчна вітаецца з гледачамі і пачынае сваю бяседу. Перад усімі намі ўзнікае цудоўная выстава.

На Беларусі гліна вядома з часоў неаліту, таму людзі здаўна глядзяць на гэты цудоўны матэрыял як на нешта звычайнае. Вядома ж, гліна - не золата... Але тыя рэчы, якія вырабляе з яе народны майстар Надзея Салейка, часам здаюцца болып каштоўнымі за іншае золата.

I гэта сапраўды  так. Перад гурткоўцамі, вучнямі школы, нашымі гасцямі, якія прыехалі сюды, маглі палюбавацца новымі і ўжо знаёмымі творамі Надзеі. Выстава носіць назву "Чароўная гліна", і сапраўды, спачатку цяжка нават зразумець, з чаго і як зроблена гэтая прыгажосць. Майстар быццам бы ўдыхае ў гліну жыццё, песціць яе цяплом сваіх рук, і бясформенны матэрыял робіцца шэдэўрам, нейкім сплавам усіх прыродных элементаў, дзе ў кераміцы, здаецца, прысутнічаюць і лёгкасць дрэва, і вытанчанасць пластмасы, і магнетызм жалеза, і г.д.

Каб пабачыць унікальную выставу, вам не трэба ехаць кудысьці за мяжу: геніяльнае ў простым, і яно - побач. [4]

     Звычайнай сустрэчу не назавеш. Яна была доўгачаканай і для самой Надзеі Пятроўны, і для яе землякоў. Шчыра і эмацыянальна расказвала мастачка пра свой шлях да прызвання. Не была б сабой, калі б не падкрэсліла вялікую, калі не вызначальную ролю ў сваім жыцці веры ў Бога. Менавіта з духоўнасці пачалася яна як мастак. Без веры жыццё не мае сэнсу, упэўнена яна. Толькі глыбока веруючы чалавек здольны пакінуць пасля сябе добрае, прыгожае, вечнае. Калі не атручваеш жыццё адзін аднаму зайздрасцю, папрокамі, дробязямі, - і сам уздымаешся над мітуснёй і дапаможаш зрабіць гэта іншым. Калі ёсць мэта, жыццё становіцца паўнапраўным, цікавым. Ты будзеш выкарыствоўваць кожны адпушчаны табе міг і радавацца яму. Не будзе надуманых праблем, а будзе асалода ад усяго, што цябе акружае. Як часта, працягвала Надзея Пятроўна, мы не задумваемся, у якой цудоўнай краіне мы жывём, якую каштоўнасць маем навокал. Мы палім салому, а з яе можна зрабіць столькі цудаў. У лесе мы падкідваем нагамі сучкі і паленні - а змаглі б пераўтварыць іх у сапраўдныя шэдэўры. А лаза, а лён? - Як выкарыстоўвалі іх нашы продкі і як адносімся да гэтага нацыянальнага багацця мы? [3]

      Смялей ідзіце да пастаўленай мэты, заклікала мастачка дзяцей. Калі вы ўпэўнены ў сваім прадвызначэнні, - у вас абавязкова ўсё атрымаецца. Дзяржава вельмі многае робіць для адораных дзяцей. Але і ж вы не павінны спадзявацца на некага. Працуйце, вучыцеся, не забывайце, што толькі тыктанічная праца дасць належныя вынікі. А калі што атрымалася і вас прызналі людзі, зноў жа, - не заганарыцеся, не лічыце сябе выключнымі і дасканалымі. Памятайце: вы нешта значыце да той пары, пакуль ад вас не адвярнуўся Бог.

      Надзея Пятроўна не абмежавалася толькі расказам пра сваю творчасць. Па- першае, яна прывезла з сабой нямала вырабаў, якія размясціла на выставе. Па-другое, прадставіла мноства фотаздымкаў сваіх работ. А галоўнае, дзеці ўбачылі сам працэс стварэння цуда-вырабаў. Майстар-клас доўжыўся ці не больш, як аповяд пра сябе. Адчувалася, што мастачцы вельмі хочацца знайсці сярод землякоў прадаўжальнікаў сваёй нялёгкай справы. Запрасіла прыехаць да яе ў Слонім. Бо выставы і фотаздымкі - гэта толькі нязначная частка таго, што зроблена майстрам.

Сярод экспанатаў выставы выдзяляліся "рыбныя" - "Ёрш" і "Шчупак". Яны здаваліся зробленымі з металу. Гэта мастачка асвойвае новую тэхніку, у якой раней не працавала. Шукае Надзея Пятроўна і матэрыял для аздаблення сваіх пакояў. Нагледзела пад Сынкавічамі баршчэўнік - і стала выкарыстоўваць для рамак. Проста, прыгожа, нядорага. I арыгінальна.

      Цешылася са сваёй былой вучаніцы біёлаг Алена Фёдараўна Хацян: значыць, недарэмна наведвала калісьці Надзея ўрокі біялогіі. А Надзея Пятроўна згадала, як здзіўлялася заўсёды майстэрству і прафесіяналізму настаўніцы: "Ніводнай зелінкі на школьным агародзе не было, а ўраджай - на зайздрасць усім вяскоўцам", - смяецца мастачка.

      Дзяцей, вядома, цікавіла, як доўга працуе над кожным творам іх зямлячка. Адказваючы на гэта пытанне, Надзея Пятроўна гаварыла пра няспыннасць творчага працэсу. Задума спее спакваля. А калі асноўныя абрысы карціны гатовы - працуе тады без эскізаў, начыста. (Заўважым, што гэта - таксама асаблівасць почырку мастачкі). Бывае, што за суткі - двое пано гатова. Вядома, без уліку часу на абпальванне ў печы, дзе многа сваіх нюансаў і не заўсёды прыемных сюрпрызаў.

(Мастачка нічога  не сказала пра падрыхтоўку  асноўнага матэрыялу - гліны. Але,  напэўна, кожнаму зразумела, што  гэта не хутка і лёгка робіцца.  Ды і апрацоўка спадчынных  матэрыялаў патрабуе шмат цярпення і часу. Так што гатовая карціна - вынік працы многіх дзён і начэй). [3]

      Надзея Пятроўна пазнаёміла землякоў са сваім сынам Пятром, студэнтам Мінскага педагагічнага універсітэта імя М. Танка. Вельмі цёпла гаварыла пра нязменнага памочніка ў сваёй няспыннай крапатлівай працы - мужа. Сціплая і светлая, яна не прысвойвае сабе тое, што дадзена звыш і ў чым дапамагаюць блізкія людзі. Развіваючы Божы дар, яна апантана працуе, забываючы пра яду, сон і хваробы. Ды хваробы і адступаюць, ім няма зараз месца ў жыцці мастачкі.

       Выканаўшы пад гітару некалькі песень, парадавала землякоў цудоўным багатым голасам . ( А мы нагадаем яшчэ пра адзін дар Н.П.Салейкі - паэтычны. Памятаеце яе дэбют на старонках "Працы"?).

       Музей школы стане яшчэ багацейшым: знакамітая мастачка падарыла землякам адну са сваіх работ. Дарэчы, Надзея Пятроўна памятае Уладзіміра Ляха, які вучыўся ў паралельным класе і запомніўся ёй як светлы і абаяльны юнак.

       Сустрэча закончылася, але, думаецца, у адносінах паміж школай і былой выпускніцай ўсё толькі пачынаецца. [3]

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

5 На паэтычнай хвалі

       Папярэднія раздзелы работы дазваляюць нам зразумець, што Надзея Пятроўна з’яўляецца духоўна багатым, сінтэмінтальным чалавекам. Яна цудоўна спявае пад гітару, піша вершы. Успаміны аб сваім дзяцінстве, наведванне роднай Міжэрыцкай школы дазволіла нашай зямлячцы напісаць наступны верш, які мы вам і прапануем.

 

 

Міжэрыцкія  матывы

 

Стаю на горцы  ля дарогі,

Гляджу ў  сівую далячынь,

Навокал шэрыя  аблогі, 
Нябёсаў восеньская сінь.

 

Сумую, моўчкі разважаю

Аб родным доме і быцці,

Што так мне  дорага, кахаю

На гэтым  свеце, ў жыцці.

 

А побач вёсачка  ў далінцы

Ну як на сподачку ляжыць,

Рачулка Мэштаўка ў хвілінцы

Імкліва весела бяжыць.

 

Рачулка – побач  з ёй другая,

Міжрэчча- родная зямля

І гэта назва  дарагая

Прыйшла зпрадведкунам  здалля.

 

Яшчэ ў шаснаццатым  стагоддзі

Тут не бывала не душы.

Хаваў багацці  на прыродзе

Лес непраходны ў цішы.

 

І вось аднойчы  неяк летам

Прыйшла сюды адна сям’я,

Стаміліся блукаць  па свеце

І сталі жыць ля ручая.

 

 

 

Дарогамі вайны  Айчыннай

Прайшлі са славай землякі

І подзвіг, слава  іх павінна

Застацца ў  сэрцах навякі.

 

Мы помнім воінаў афганцаў,

Валодзю Ляха і  сям’ю, 
Усіх Міжэрыцкіх спартанцаў,

Якія згінулі  ў баю.

 

 

Міжрэчча –  родныя прасторы,

Айчына, вёска, ручаёк,

Душы чароўныя ўзоры

Я бачу зблізку  і здалёк.

 

 

Духоўны воблік роднай вёскі

Царква, касцёл, музей пры ім

І тры прыгожыя бярозкі.

Чаруюць воблікам сваім.

 

А побач школа  ля дарогі,

Якой ужо  аж сорак год,

А колькі радасці, трэвогі

І з ёю звязана  прыгод.

 

Хаціну потым  збудавалі

Непадалёку  ад ракі,

Шмат гора, цяжкасцей  спазналі

У гэты момант землякі.

 

Ішлі гады, дзесяцігоддзі

І прыгажэла  тут зямля

І ўжо ў сямнаццатым  стагоддзі 

Узнікла вёсачка  мая.

 

Жылі, у полі працавалі,

Дзяцей расцілі  сваякі,

У храм ішлі, адпачывалі

У свята наша землякі.

 

Вядомы родныя мясціны

Сваёй гісторыяй  штрыхі,

Ішлі ў ваенныя  хвіліны

Ягайлы, Вітаўта  палкі.

 

Касцюшка, Костусь  Каліноўскі

Бывалі тут  у пэўны час,

Сапега сам  і Чарняхоўскі

Сляды пакінулі ў нас.

 

А ў дзевятнаццатым стагоддзі

Спыняўся тут  Баграціён

І згодна з песняю народнай

Праходзіў сам  Напалеён.

 

 

 

І каб адзначыць  гэта свята –

Вялікі школьны  юбілей,

Якой гісторыя багата

У школе створаны музей.

 

Паперы, стэнды, дакументы

Аб мірным часе і вайне

Гісторыі жыцця  фрагменты

Знайшлі адбітак  у цішыне.

 

 

А вось Сяўко  – артыст народны,

Дырэктар школы  – Лізуноў,

Куточак Зэльвенскі свабодны

І бачу гэта зноў і зноў.

 

 А вёска наша прыгажэе,

Растуць будынкі  тут і там,

Усё навокал  харашэе

На радасць  яе жыхарам.

 

Жыве, працуе, расцвітае

Зямелькі роднае куток

І я ў госці  запрашаю

Да нас у  аграгарадок.

 

 


Міжэрычы, Міжрэчча – 

Цудоўная зямля!

З табою мы навечна,

Сягоння  ты і я.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Заключэнне

     Такім  чынам, прааналізаваўшы дадзеную  праблему і пытанні звязаныя  з ёй, можна падвесці вынікі і зрабіць наступныя вывады:

  1. прырода, якая нас акружае, з’яўляецца невычэрпнай крыніцай народных багаццяў, што выкарыстоўваюцца ў жыцці і прафесійнай дзейнасці чалавека, аднак выкарыстоўваць іх трэба рацыянальна і беражліва, клапоцячыся аб будучых пакаленнях;
  2. на прыкладзе жыцця, прафесійнай дзейнасці нашай зямлячкі Надзеі Салейка яскрава праяўляецца самабытнасць беларускага народа, раскрываецца яго духоўны і творчы патэнцыял;
  3. народныя промыслы, рамёствы, прадпрымальніцтва і бізнес з кожным годам адыгрывае ўсё большую ролю ў эканамічным жыцці рэспублікі, садзейнічае павышэнню матэрыяльнага і культурнага дабрабыту жыцця народа;
  4. усім нам трэба памятаць, што народнае багацце, яго дабрабыт ствараецца добрасумленнай і самаадданай працай чалавека.

    А  зараз прааналізуем перспектывы  работы над дадзенай праблемай  у будучым. Нашы планы наступныя:

  1. прадоўжыць вывучэнне развіцця народных рамёстваў і промыслаў у межах тэрыторыі мікрараёна школы, прааналізаваць іх ролю і значэнне ў жыцці мясцовага насельніцтва;
  2. на  базе школьнага музея “Народнай Славы” прадоўжыць пошукавую работу, сабраць, сістэматызаваць і абагуліць матэрыял па тэме “Народныя ўмельцы жывуць сярод нас” – да 01.01.2012 года;
  3. вучням школы да 01.12.2011 года правесці экскурсію ў горад Слонім да нашай зямлячкі Надзеі Пятроўны Салейка, больш падрабязна пазнаёміцца з яе прафесійнай дзейнасцю, жыццёвым шляхам і духоўным патэнцыялам народнага ўмельца;
  4. пры арганізацыі і правядзенні школьных выхаваўчых мерапрыемстваў часцей арганізоўваць сустрэчы з народнымі ўмельцамі, праводзіць выставы іх работ.

    Быць  патрыётам – гэта значыць любіць  сваю Радзіму, захоўваць і памнажаць  гістарычную і культурную спадчыну  свайго народа. І гэта трэба  прывіваць з дзяцінства і пранесці  праз усё сваё жыццё. Думаецца, што наша зямлячка, Надзея Салейка ў гэтым сэнсе з’яўляецца яскравым прыкладам. Аб папулярнасці, жыцці, працы і творчасці гэтага чалавека сведчаць публікацыі ў перыядычным друку, якія змешчаны ў дадатках. Каб бліжэй пазнаёміцца з Надзеяй Пятроўнай, трэба заехаць у госці ў горад Слонім, пачуць яе ўспаміны. Гэта дапамогуць вам зрабіць матэрыялы, змешчаныя на дыску.

 

 

 

 

Літаратура

  1. Кніга “Памяць” – Зэльвенскі раён – Мінск, 2003 год.
  2. Кніга “Славуты Зэльвенскі край” – Ліда, 2004 год.
  3. Газета “Праца” – 2006-2007 год.
  4. Газета “Слонімскі веснік” – 1998 год.
  5. Газета “Віцебскі рабочы” – 1995-1996 год.
  6. Матэрыялы Слонімскага краязнаўчага музея.
  7. Матэрыялы музея “Народнай Славы” – Міжэрыцкая СШ імя У.Ляха.

 

 


Уводзіны. 2