Жыццё Кастуся Каліноўскага

  Кастусь Каліноўскі (Вікенцій Канстанцін; псеўданім- Яська гаспадар з-пад Вільні, Хамовіч, Вітажэнец і інш.), рэвалюцыянер-дэмакрат, мысліцель, публіцыст і паэт, кіраўнік паўстання 1863-1864гг. у Беларусі і Літве. Нарадзіўся 2 лютага 1838г. ў в. Мастаўляны Гарадзенскага павета (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча). З незаможнага шляхецкага роду. Продкі К. Каліноўскага на працягу амаль ста гадоў валодалі маёнткам Калінава ў Браньскай зямлі на сумежжы Беларусі і Польшчы, але ў 2-й палове 18 ст. маёнтак быў прададзены і Каліноўскія сталі беззямельнай шляхтай. Маці, Вераніка Рыбінская, памерла маладой, калі Кастусю было 5 гадоў. Бацька, Сямён Сцяпанавіч, быў разумным і энергічным чалавекам. У в. Мастаўляны на зямлі памешчыка Радавіцкага ў 1835г. ён заснаваў невялікую ткацкую фабрыку (па сутнасці майстэрню), дзе вырабляліся сурвэткі, абрусы і інш. льняныя вырабы, дамогся добрай якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Потым разам з другой жонкай, Ізабелай Лазарэвіч, набыў невялікі фальварак Якушоўка паблізу мястэчка Свіслач у Ваўкавыскім павеце. Туды ў 1849г. перабралася сям'я, а таксама была пераведзена фабрыка. У 1855г. бацька дамогся зацвярджэння сенатам Каліноўскіх у дваранскіх правах. Але матэрыяльнае становішча сям'і, у якой ад двух шлюбаў было 17 дзяцей, па-ранейшаму заставалася цяжкім. У 1847г. К. Каліноўскі паступіў у першы клас Свіслацкай гімназіі, вядомай не толькі педагагічнымі дасягненнямі, але і багатымі традыцыямі ўдзелу навучэнцаў у вызваленчай барацьбе. Вялікі ўплыў на К. Каліноўскі зрабіў яго старэйшы брат Віктар. Пасля сканчэння навучальні (каля 1852г.) К. Каліноўскі тры гады жыў у Якушоўцы, дапамагаючы бацьку па гаспадарцы і займаючыся самаадукацыяй. Віктар, стаўшы студэнтам Маскоўскага ўніверсітэта, клікаў яго да сябе. Да таго ж у краіне пачалося грамадскае ажыўленне, звязанае з паразай царызму ў Крымскай вайне і смерцю Мікалая I. У такі час цяжка было ўседзець у вёсцы. У канцы 1855г., напярэдадні свайго паўналецця, К. Каліноўскі паехаў у Маскву да брата з намерам паступіць ва ўніверсітэт. Але неўзабаве ў братоў змяніліся планы, і летам 1856г. яны перабраліся ў Пецярбург. К. Каліноўскі паспяхова здаў уступныя экзамены ва ўніверсітэт і стаў студэнтам 1-га курса юрыдычнага факультэта па разрадзе камеральных навук, які рыхтаваў да гаспадарчай або адміністрацыйнай кар'еры і даваў добрую агульную адукацыю. Апрача юрыдычных навук К. Каліноўскі вывучаў расейскую і ўсеагульную гісторыю, палітэканомію, статыстыку, логіку, псіхалогію, заалогію, батаніку, сельскую гаспадарку, тэхналогію, архітэктуру, расейскую і французскую мовы. Студэнцкія гады мелі вырашальнае значэнне для станаўлення рэвалюцыйнага светапогляду К. Каліноўскага. Ён захапляўся публікацыямі ў «Современнике» і «Колоколе», творамі рэвалюцыянераў-дэмакратаў, а магчыма, і асабіста быў знаёмы з правадырамі расейскай рэвалюцыйнай дэмакратыі М.Чарнышэўскім, М.Дабралюбавым і Т.Шаўчэнкам, які таксама жыў тады ў Пецярбургу. У тыя бурныя часы ў студэнцкім жыцці К. Каліноўскі неаднаразова выбіраўся бібліятэкарам-кіраўніком арганізацыі студэнтаў «Огул» - выхадцаў з Польшчы, Беларусі, Летувы і Ўкраіны, узначальваў у «Огуле» найбольш радыкальнае крыло. З утварэннем каля 1858г. у Пецярбургу ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі Серакоўскага-Дамброўскага браты Каліноўскія сталі яе актыўнымі дзеячамі. Жылі яны ў Пецярбургу на заробкі Віктара, які перапісваў гістарычныя дакументы, і невялікую стыпендыю, прызначаную К. Каліноўскаму ў 1858г.

       Каб здабыць дадатковыя сродкі, К. Каліноўскі займаўся рэпетытарствам, а нярэдка быў вымушаны звяртацца за дапамогай у рэктарат. Вядома таксама, што ён цяжка хварэў, асабліва ў кастрычніку 1859г. Тым не менш ён выдатна вучыўся і летам 1860г. паспяхова скончыў універсітэцкі курс, а пасля падачы дысертацыі ў студзені 1861г. зацверджаны папячыцелем Пецярбургскай навучальнай акругі ў ступені кандыдата правоў. Атрымаўшы ў лютым 1861г. дыплом, ён праз 2 тыдні быў ужо ў Вільні, дзе зрабіў безвыніковую спробу ўладкавацца на службу ва ўпраўленне мясцовага генерал-губернатарства. Вяртанне К. Каліноўскага на радзіму супала з моцным уздымам вызваленчага руху ў Беларусі, выкліканага абвяшчэннем сялянскай рэформы і абвастрэннем палітычнай сітуацыі ў Расеі і Польшчы. К. Каліноўскі стаў адным з правадыроў гэтага руху, лідэрам яго дэмакратычнай плыні («чырвоных»). На працягу 1861г. ён стварыў на Гарадзеншчыне з разначыннай інтэлігенцыі нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю, звязаную з такімі ж арганізацыямі ў Вільні. К. Каліноўскі і яго прыхільнікі вялі па вёсках і мястэчках агітацыю сярод сялян, заклікалі іх на барацьбу з памешчыкамі і самаўладствам.Дыплом кандыдата права Канстанцін Каліноўскі атрымаў у 1861 г., якраз калі быў падпісаны закон аб адмене прыгоннага права. Грабежніцкі характар рэформы 1861 г. выклікаў хвалю сялянскіх выступленняў. У такіх умовах Каліноўскі вяртаецца на радзіму, дзе ўключаецца ў падрыхтоўку паўстання.

      Напярэдадні паўстання аформіліся лагеры “белых”,якія прадстаўлялі інтарэсы буйной буржуазіі і заможнага шляхецтва. Яны спадзяваліся дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772г. года пры дапамозе ваеннага і дыпламатычнага націску на Пецярбург заходнееўрапейскіх краін, а так сама праз мірныя працэсіі і калектыўныя заявы на імя цара. “Белыя” не жадалі актыўных ваенных дзеянняў супраць рускіх улад і асабліва не жадалі дапускаць удзелу сялян у паўстанні, калі яно ў ўсеж-такі пачнецца.           

       “Чырвоныя” – гэта прадстаўнікі дробнай і беззямельнай шляхты, інтэлігенцыі, гараджан, студэнцтва і часткова сялянства. Яны былі больш неаднародным блокам, у сваю чаргу падзяляліся на левых і правых. Правыя

у сваіх мэтах  дапускалі  самавызначэнне для беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў у межах адноўленай Рэчы Паспалітай. Для сялян яны  прапанавалі ва ўласнасць іх зямельныя  надзелы з адменай часоваабавязанага  становішча, але свае маёнткавыя землі  аддаваць адмаўляліся. Больш радыкальныя патрабаванні азвучылі левыя – ці рэвалюцыянер-дэмакраты. Яны імкнуліся стварыць дэмакратычную народную дзяржаву, агучылі права на нацыянальнае самавызначэнне беларусаў, украінцаў, літоўцаў. Левыя патрабавалі ліквідаваць памешчыцкае землеўладанне і перадаць усю зямлю сялянам, а сялян актыўна прыцягваць да ўзброенага паўстання, нават пераўтварыць паўстанне ў сялянскую (народную) рэвалюцыю. Залог поспеху паўстання яны бачылі і ў саюзе з рэвалюцыйнымі сіламі Расіі. Вядома, такія супярэчнасці не спрыялі адзінству ў радах паўстанцаў.

        Вясной 1862 г. для кіравання падрыхтоўкай паўстання “чырвоныя”у Варшаве стварылі Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які потым кантралявалі “белыя”, а летам 1862 г. у Вільні ўтварыўся Літоўскі правінцыяльны камітэт(ЛПК) – у які ўваходзілі і “чырвоныя” і “белыя”.

Актыўны ўдзел у яго  арганізацыі прынялі Звяждоўскі, Каліноўскі, Вярыга, Длускі, Чаховіч. 3 пачаткам паўстання ў Польшчы  Літоўскі правінцыяльны камітэт 1 лютага 1863 г. абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і звярнуўся  да насельніцтва з адозвай падтрымаць паўстанне ў Польшчы. 3 першых дзён існавання Часовы ўрад, у якім кіруючая роля належала Каліноўскаму, узяў курс на аграрную рэвалюцыю, што выклікала  процідзеянне "белых", якія ў хуткім часе захапілі кіраўніцтва паўстаннем у свае рукі. Часовы правінцыяльны  ўрад быў распушчаны, а замест яго  ўтвораны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі  Літвы. Няўдачы паўстанцаў, жорсткія ўрадавыя рэпрэсіі, адсутнасць дапамогі з Захаду, на якую разлічвалі кіраўнікі  руху, поўнасцю дэмаралізавалі Аддзел кіраўніцтва, паказалі яго бездапаможнасць. У жніўні 1863 г. яго кіраўнікі былі арыштаваны.На чале паўстання ў другі  раз стаў Кастусь Каліноўскі. Былі зроблены захады ажывіць паўстанне, ператварыць яго ва ўсенародны рух з апорай на сялянства. Аднак дасягнуць гэтай мэты не ўдалося.

        З чэрвеня 1862г. па май 1863 год К.Каліноўскі, В.Урублеўскі і Ф.Ражанскі выдаюць 7 нумароў газеты “Мужыцкая праўда” – агітацыйнага выдання, арыентаванага на сялянства, тым не менш яна ўтрымлівае ў сабе шэраг глыбокіх ідэй і тэарэтычных палажэнняў. Перш за ўсё ў ёй вострая крытыка феадальна-прыгонніцкіх адносін у Расеі сярэдзіны 19 ст.Самой назвай газеты К.Каліноўскага выяўляе яе народнасць, блізасць да народна-гутарковых і іных жанраў літаратуры. З рэвалюцыйна-палітычнай ідэяй “Мужыцкая праўда” сцвяржала наступнае:

1)зямля належыць народу, чалавек свабодны, калі мае кавалак  зямлі;

2)не народ створаны  для урада, а урад – для   народа;

3)народ павінен мець свабоду, навучацца на роднай мове.

        Звяртаючыся да беларускіх сялянаў, “Мужыцкая праўда” ў першым нумары заявіла: “Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам! А калі паны хочуць трымаць з намі, то няхай жа робяць па святой справядлівасці: бо калі іначай – так чорт іх пабяры! Мужык, пакуль здужае трымаць касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе”. Ніхто не дасць вольнасці сялянам. Яны павінны самі заваяваць яе і пабудаваць новы парадак – такі і так, як захочуць – вось лейтматыў “Мужыцкай праўды”. “А для таго, дзецюкі, - папярэджваў Каліноўскі, - каб ніхто вас не мог ашукаць, цяпер ужо талкуйце памеж сабою, якой вам вольнасці патрэбна і якім адно спосабам мужык яе дастаць можа” (№ 3). Як відаць з прыведзеных радкоў, Каліноўскі адназначна зыходзіў з ідэі народнай, сялянскай рэвалюцыі і ўсталявання ў выніку яе народаўладдзя. У гэтых адносінах ён прынцыпова разыходзіўся не толькі з “белымі”, але і з памяркоўнымі “чырвонымі”, якія рабілі стаўку на вядучую ролю шляхты. Ён бліскуча – вельмі лаканічна, але ў той жа час проста і зразумела для кожнага непісьменнага селяніна – сфармуляваў ідэю дэмакратычнай народнай дзяржавы. “І як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, - пісаў Каліноўскі, - так добры ўрад глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіці так як народові лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ўрада, а ўрад для народа”.

           Аднак прамых заклікаў да захопу памешчыцкіх земляў у “Мужыцкай праўдзе” не было. Больш таго, у №7 газета прапагандавала Маніфест Польскага нацыянальнага ўрада ад 22 (10) студзеня 1863 г. і абвешчаную ў ім вельмі абмежаваную праграму. Нацыянальнае пытанне ў “Мужыцкай праўдзе” не ўзнімалася зусім. У поўнай меры свае рэвалюцыйна-дэмакратычныя пазіцыі К.Каліноўскі адстойваў і прапагандаваў на пасяджэннях ЛПК, дзе цвёрда і паслядоўна дамагаўся ўстанаўлення раўнапраўных адносінаў паміж ЛПК і ЦНК, прыняцця радыкальнай праграмы па аграрна-сялянскім пытанні, прызнання права Літвы-Беларусі на ўтварэнне самастойнай дзяржавы. Звесткі аб прынцыповых разыходжаннях яго з польскімі шляхецкімі рэвалюцыянерамі па праграмных і арганізацыйных пытаннях у падпольны друк не трапілі. Тым не менш захаваліся сведчанні пра гэта, якія заслугоўваюць поўнага даверу.

          Развіваючы традыцыі расейскіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў, К. Каліноўскі глыбока раскрыў сутнасць прыгонніцкай эксплуатацыі ва ўсіх яе формах, паказаў паразітызм памешчыкаў, выключна цяжкае становішча прыгонных сялян Беларусі. Аднак, вялікага поспеха газета не мела, часта сяляне нават здавалі тых, хто прывозіў ім гэтыя пракламацыі. Газеты пісаліся на беларускай мове, але друкаваліся лацінкай, на той час больш вядомай беларускаму насельніцтву. У публіцыстыцы К. Каліноўскага адлюстравана цяжкае становішча казённых (дзяржаўных) сялян, якіх бязлітасна эксплуатавалі і прадстаўнікі царскай адміністрацыі, і арандатары маёнткаў. Ён рэзка крытыкаваў дзяржаўную машыну абсалютызму, дзе велізарны бюракратычны апарат кіраўніцтва непадсправаздачны і бескантрольны, у ім працвітае шырокая сістэма ліхвярства і хабарніцтва. Ён настойліва рассейваў царысцкія ілюзіі сялян, пераканаўча даказваў, што ўсе беды народа зыходзяць менавіта ад самога цара. К. Каліноўскі належаў да тых мысліцеляў, якія выступалі таксама з крытыкай капіталізму. У капіталізме ён бачыў толькі новую сістэму эксплуатацыі чалавека чалавекам,так сама быў перакананым праціўнікам эксплуататарскага ладу, прыхільнікам карэннай перабудовы грамадства на новых, справядлівых пачатках. К. Каліноўскі марыў раздаць усю зямлю сялянам, бо яна «ад дзядоў-прадзедаў» з'яўляецца іх уласнасцю. Ён быў шчырым і гарачым прыхільнікам ідэалаў сялянскага абшчыннага сацыялізму. К. Каліноўскі выступаў за рашучую адмену ў будучым грамадстве ўсіх класавых, нацыянальных і рэлігійных прывілеяў і абмежаванняў з тым, каб зрабіць галоўным крытэрыем каштоўнасці чалавечай асобы працу, ацэньваць чалавека па яго рэальных справах і заслугах. Гэтай мерай беларускі сацыяліст-утапіст марыў выкараніць з грамадства марнатраўства і паразітызм прывілеяваных класаў і найперш шляхты. Арганічнай часткай сацыяльнай утопіі К. Каліноўскага з'яўляюцца яго ідэі аб выхаванні. Галоўнай умовай пашырэння асветы ён лічыў карэнную змену існуючых сацыяльна-палітычных адносін. Пакуль народ не будзе свабодны, не будзе ні справядлівасці, ні багацця, ні навукі. К. Каліноўскі выказваўся за ўсеагульную адукацыю і выхаванне, якімі будзе займацца непасрэдна дзяржава, за тое, каб школа фармавала ў дзяцей высокія грамадскія якасці і гуманістычныя ідэалы. Ён лічыў за неабходнае развіваць асвету і навуку на роднай беларускай мове. Вялікую ролю ў жыцці грамадства адводзіў жанчыне і вырашэнне жаночага пытання бачыў у карэнным пераўтварэнні грамадства.

         Значнае месца ў будучым грамадстве К. Каліноўскі адводзіў дэмакратычным формам праўлення. Разумеючы прызначэнне дзяржавы ў тагачасным прыгонніцкім грамадстве, ён звязваў вызваленне сялянства і ўсіх працоўных з пераходам дзяржаўнай улады ў рукі народа. Найлепшай формай дзяржаўнай будовы лічыў дэмакратычную рэспубліку. Ажыццяўленне ўсіх сваіх сацыяльных праектаў і планаў К. Каліноўскі як прыхільнік рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэй Чарнышэўскага і Герцэна звязваў з сялянскай рэвалюцыяй. Ён быў перакананы, што толькі народная рэвалюцыя можа прынесці сялянам жаданую зямлю і свабоду, падкрэсліваў, што свабоду можна заваяваць толькі шляхам узброенай барацьбы.Так сама ён ў поўнай меры асэнсоўваў увесь цяжар гэтай нялёгкай задачы, што стаяла перад народам, але лічыў яе цалкам дасягальнай, бязмежна верыў у сілы народа. Ён бачыў галоўную рэвалюцыйную сілу ў сялянстве і разам з тым лічыў магчымым удзел у народнай рэвалюцыі сумесна з сялянамі гараджан і студэнцтва, імкнуўся да саюзу з імі, падкрэсліваў, што ў іх з сялянамі агульныя інтарэсы. Паколькі паўстанне 1863г. у Беларусі насіла нацыянальна-вызваленчы характар, Каліноўскі не выключаў магчымасці ўдзелу ў ім асобных памешчыкаў, але на такой ідэйнай платформе, якая б не супярэчыла інтарэсам сялян.

        Паўстанне пачалося ў Варшаве ў ноч з 22 на 23 студзеня 1863 года без узгаднення з ЛПК. Але праграмму ЦНК падтрымаў і ЛПК, які выдаў Маніфест Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі. У ім абвяшчалася раўнапраўе ўсіх грамадзян, сялянскія надзелы аб’яўляліся ўласнай маёмасцю сялян, адмяняліся феадальныя павіннасці, беззямельныя сяляне атрымлівалі невялікія надзелы. Але адначасова захоўвалася памешчыцкае землеўладанне і выкупная здзелка не была адменена. Маніфест з’яўляўся буржуазнай рэвалюцыйнай праграмай.

1 лютага 1863г. года ЛПК звярнуўся з адозвай да насельніцтва Беларусі і Літвы прыняць удзел у паўстанні. Калі ў студзені паўстанцкія атрады дзейнічалі дзе-нідзе, то ў сакавіку-красавіку 1863г. года яны былі сфарміраваны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У красавіку нават быў захоплены павятовы горад Горкі (Магілёўская губерня), гэтаму паспрыялі студэнты мясцовага аграрнага інстытута. У атрадах, якімі кіравалі прадстаўнікі левага крыла “чырвоных”, прымалі актыўны ўдзел і сяляне, але ўвогуле іх колькасць сярод паўстанцаў не была вызначальнай – толькі каля 20%. Гэта было вынікам значных уступак сялянам з боку ўрада, а так сама супрацьдзеяннем “белых”. “Белыя” ў сакавіку 1863 года па ўказанні з Варшавы (ЦНК) захапілі ўладу і пераўтварылі ЛПК у “Адзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы”, быў узяты курс на згортванне ваенных дзеянняў. К.Каліноўскі вымушаны быў падпарадкавацца, каб не ўносіць раскол у паўстанцкія рады. Ён узначаліў паўстанцкія атрады ў Гродзенскай губерніі.

         Неабмежаваныя паўнамоцтвы атрымаў новы Віленскі генерал-губернатар М.М.Мураўёў, які меў вопыт падаўлення паўстання  
1830-1831 гадоў. Актыўныя дзеянні Мураўёва, разнагалоссі паміж паўстанцамі паўплывалі на яго вынік. У маі 1863 года Мураўёў прыбыў у Вільню, у маі адбылася буйная, але безвыніковая бітва каля вескі Мілавіды Слонімскага павета, і ў маі паўстанне было задушана на большай частцы Беларусі – ў Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай губернях. Толькі ў Гродзенскай атрады Каліноўскага яшчэ супраціўляліся. Да чэрвеня 1863 года “белае” кіраўніцтва паўстання збегла ў эміграцыю, іх замянілі “чырвоныя”, якія спрабавалі дабіцца пералома на сваю карысць. Але ініцыятыва ўжо даўно перайшла да рускіх войск і адміністрацыі М.М.Мураўёва. Восенню 1863 года на Беларусі паўстанне практычна было падаўлена. У студзені 1864 года ўлады арыштавалі Каліноўскага, а 10 сакавіка 1864 года  асуджаны царскім ваенна-палявым судом, паводле канфірмацыі Мураўёва ён быў публічна павешаны ў Вільні на гандлёвай плошчы Лукішкі. Цела рэвалюцыянера паводле тагачасных правіл закапалі на месцы пакарання. Пазней яго прах тайна перанеслі на тэрыторыю Віленскай цытадэлі. Лічыцца, што рэшткі К.Каліноўскага, як і іншых змагароў 1863, пакараных смерцю ў Вільні, пахаваны на вяршыні гары Гедзіміна, якая знаходзілася ў той час на тэрыторыі цытадэлі.

         У паўстанні 1863 г., якое ў тых умовах амаль не мела шанцаў на перамогу, праявілася мужнасць, рашучасць і самаахвярнасць многіх сыноў Беларусі ў змаганні за волю і лепшую долю народа. Сярод іх як сапраўдны нацыянальны герой вылучыўся К.Каліноўскі. Менавіта з яго дзейнасцю звязанае перарастанне беларускага нацыянальна-культурнага руху ў палітычны, у барацьбу за дзяржаўнасць Беларусі ў форме народаўладдзя, пры якой урад быў бы добрым слугою народа. Упершыню была сфармуляваная рэвалюцыйная праграма, якая зыходзіла з інтарэсаў сялянаў і была разлічаная на ажыццяўленне сіламі арганізаванага сялянства і іншых пластоў працоўнага насельніцтва. Аднак у кіраўніцтве паўстання верх захапілі польскія нацыяналістычна настроеныя шляхецкія рэвалюцыянеры. Прадыктаваная імі абмежаваная праграма паўстання, з аднаго боку, і царысцкія ілюзіі ў вёсцы, з другога, прычыніліся да таго, што большасць сялянаў не падтрымала паўстанцаў, а значная частка выступіла супраць іх. Гэта з’явілася адной з прычынаў паражэння паўстання. Тым не менш, дзякуючы яму, сяляне Беларусі атрымалі ад урада істотныя ўступкі ў ходзе рэалізацыі рэформы 1864 г., якія аблегчылі іх становішча і паскорылі развіццё капіталістычных адносінаў у беларускай вёсцы.

       Пасля падаўлення паўстання ўрад пачаў праводзіць цэлы шэраг адкрытых і патаемных мерапрыемстваў, якія павінны былі прадухіліць у далейшым выступленні супраць расійскага ўрада ў Паўночна-Заходнім крае. Распрацаваны гэты мерапрыемствы былі ў сценах Заходняга камітэта, які дзейнічаў з 2 кастрычніка 1862 па студзень 1865 года ў Пецярбургу.

        Удзельнікі паўстання, якія былі схоплены ўладамі, падвяргаліся рэпрэсіям. 128 паўстанцаў было пакарана смерцю, больш за 10 тысяч саслана на катаргу ці на пасяленне на акраіны імперыі. Маёнткі памешчыкаў-удзельнікаў паўстання канфіскаваліся і прадаваліся выхадцам з цэнтральных расійскіх губерняў па сімвалічных коштах. Землеўладальнікам-каталікам (іх лічылі палякамі) забаранялася пакупаць і арандаваць зямельную маёмасць ў крае, а для сялян-каталікоў уводзілася абмежаванне ў 60 дзесяцін на гаспадарку. Змяняліся ўмовы правядзення сялянскай рэформы, урад пайшоў на значныя ўступкі.

         К.Каліноўскі вядомы не толькі як рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст, палымяны прыхільнік ідэі рэвалюцыйнага саюзу ўсіх народаў у барацьбе з самадзяржаўем, але і як выдатны знаўца беларускай народнай мовы. Шырока і з вялікім майстэрствам ён карыстаўся ёю ў сваёй публіцыстыцы, садзейнічаў яе літаратурнаму развіццю. Пісаў таксама і вершы. Як родапачынальнік беларускай рэвалюцыйнай дэмакратыі. К. Каліноускі зрабіў вялікі ўплыў на ўсю наступную беларускую літаратуру і культуру, садзейнічаў паглыбленню ў літаратуры і мастацтве прынцыпаў рэалізму і народнасці, замацаванню высокіх ідэалаў барацьбы за свабоду. Ідэйныя прынцыпы К. Каліноўскага развівалі пасля ў сваёй творчасці Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас, Цётка і інш.

     Рэвалюцыйная дзейнасць Каліноўскага ацэньваецца, між іншым, як звышрадыкальная.

        Дзякуючы Г.Кісялёву мы маем збор дакументаў “За нашую вольнасць” серыі “Беларускі кнігазбор” (1999г.). Таксама належыць згадаць матэрыялы зборнікаў дакументаў, падрыхтаваных да 100-годдзя паўстання 1863 г. пры актыўным удзеле расійскага даследчыка Анатоля Смірнова.

       Лёс Каліноўскага ў беларускай гістарыяграфіі не быў занадта шчаслівым. Перыядычна распачыналіся дыскусіі наконт яго месца ў беларускай гісторыі. Такія даследчыкі, як С.Агурскі (30-я гг.), у пазнейшыя часы У.Казбярук, І.Новік і г.Марцуль (90-я гг.) спрабавалі занесці Каліноўскага ў спіс “фальшывых маякоў” беларускай гісторыі. Сёння гэтыя спробы набылі больш прадуманы характар, бо за публікацыямі Аляксандра Гронскага, Якава Трашчанка, Анатоля Астапенкі ды некаторых іншых бачная цень ідэолагаў сучаснай беларускай дзяржавы. Кіраўнік паўстання “За вольнасць нашу і вашу” на старонках гэтага выдання ператвараецца ў польскага фанатыка-рэвалюцыянера, які адстойваў польскае панаванне ў Беларусі. Між тым, паводле Трашчанка, “адраджэнне Беларусі як нацыі магчыма толькі ў дзяржаўным саюзе з Расіяй” і г.д.

        Пры ўсёй выразнай палітызаванасці чарговай спробы дэгераізацыі Каліноўскага, сучасная дыскусія вакол ацэнкі яго жыцця і дзейнасці высветліла пэўныя праблемы. Нават павярхоўны агляд гістарыяграфіі прымушае прызнаць, што беларускія даследчыкі так і не здолелі стварыць цэльнага вобраза чалавека, які стаяў на чале паўстання. Вобраз распадаецца на асобныя фрагменты, сярод якіх выразна дамінуе постаць “дыктатара Літвы”. Між тым відавочна, што дзеля разумення, напрыклад, свядомасных арыенціраў Каліноўскага, трэба значна пашырыць нашы веды пра чалавека, які пражыў кароткае, але вельмі насычанае падзеямі жыццё, у якім апроч паўстання былі звычайныя чалавечыя радасці і расчараванні, а мужнасць апошніх дзён і заклікі працягваць змаганне з Імперыяй спалучалася з успамінамі пра нарачоную Марылю Ямант (“Марыська чарнабрэва, галубка мая...”) З царскага астрогу К. Каліноўскі перадаў на волю свой запавет беларускаму народу — «Ліст з-пад шыбеніцы»: Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе, ня будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо ня будзе.

        Па сваёй сутнасці паўстанне 1863 года было дэмакратычнай рэвалюцыяй, накіраванай супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, нацыянальнага прыгнёту і саслоўнай няроўнасці.

     Часткай беларускага грамадства Кастусь Каліноўскі лічыцца нацыянальным героем Беларусі. Агулам жа нацыянальная прыналежнасць Каліноўскага аспрэчваецца ў розных гістарыяграфіях (польскай, беларускай, літоўскай).

        У польскай гістарыяграфіі паўстанне на беларускіх і літоўскіх землях не прыцягвае такой увагі, як падзеі ў Польшчы і сусветны кантэкст паўстання, а асоба Каліноўскага выдзяляецца за незвычайнасць, але яго перакананні ў нацыянальным пытанні звычайна класіфіцыруюцца як польскія або «краёвыя».

         У беларускай гістарыяграфіі, на момант 2000-х гг., ступень навуковай распрацоўкі тэмы паўстання і асобы Каліноўскага па-ранейшаму характарызуюцца слабой апорай на архіўныя крыніцы і моцнай публіцызаванасцю і палітызаванасцю на шкоду навуковасці.

        Як сцвярджаюць сучасныя даследнікі, думкі К. Каліноўскага пра неабходнасць змагання за сваю Бацькаўшчыну, выказаныя ім у «Пісьмах з-пад шыбеніцы», можна лічыць пачатковым афармленнем беларускай нацыянальнай ідэі.

Ушанаванне памяці

-Пліта ў гонар Каліноўскага  на Лукіскім пляцы;

-Мэмарыяльная дошка ў памяць К. Каліноўскага на сцяне касцёла Святога Духа ў Вільні;

-У Вільні на Лукіскім пляцы, дзе быў павешаны К. Каліноўскі, у ягоны гонар усталяваны мэмарыял у выглядзе пліты і драўлянага крыжу;

-У 1926 годзе ў Менску колішнюю Кацярынінскую вуліцу пераіменавалі ў гонар К. Каліноўскага, а ў 1928 годзе ў БССР быў зняты мастацкі фільм «Кастусь Каліноўскі», у якім распавядалася пра кіраўніка паўстання 1863—1864 гадоў.

       У 1963 годзе ў гонар Кастуся Каліноўскага назвалі новую вуліцу ў Менскім мікрараёне Ўсход.

       Ад пачатку 1990-х гг. выказванне К. Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа» змешчана ў якасці эпіграфу на першай старонцы газеты «Рэспубліка».

      У 1993 годзе на сцяне віленскага касцёла Святога Духа, дзе ў былым Дамініканскім манастыры знаходзіўся ў зняволенні Кастусь Каліноўскі, з боку вуліцы Ігнота была ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў памяць Каліноўскага.

        Указам прэзыдэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 годзе № 26 быў зацверджаны Ордэн Кастуся Каліноўскага, палажэнне пра які было прынятае яшчэ ў 1995 годзе. У наш час узнагарода не выкарыстоўваецца, але пры гэтым не выходзіла адпаведнай пастановы пра яе скасаванне.

                                                                              Мэмарыял на пляцы Лукішкі.

          У 2008—2009 годзе Віленскае самакіраванне вырашыла правесці рэканструкцыю цэнтральнага пляцу Лукішкі. Былі вылучаныя 7 фінальных праектаў рэканструкцыі пляцу, але толькі адзін з іх прадугледжвае захаванне помніка змагарам паўстання 1863 годзе. Беларуская дзяржава ня выказала зацікаўленасці ў абароне помніка, таму існуе імавернасць, што помнік будзе зліквідаваны.

       22 сакавіка 2009 годзе на Лукіскім пляцы адбылася акцыя ўшанаванні памяці герояў супраць зносу мэмарыялу.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

    

        

 

 

 

 

 

 


Жыццё Кастуся Каліноўскага