Жыццё і дзейнасць Мітрафана Віктаравіча Даўнара-Запольскага (1867 - 1934) гісторыка, архівіста

 

 

 

 

 

 

Кантрольная работа

па  тэме

“Жыццё і дзейнасць Мітрафана Віктаравіча

Даўнара-Запольскага (1867 - 1934) гісторыка, архівіста”

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Жыццё і дзейнасць Мітрафана Віктаравіча  Даўнара-Запольскага (1867 - 1934) гісторыка, архівіста

   Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі – выдатны прадстаўнік беларускай гістарыяграфіі канца 19 – пачатку 20 ст. Яго неардынарная асоба і творчая спадчына не аднаразова станавіліся зачэпкай для выяўлення палярных гістарыяграфічных і палітычных ацэнак і версій. М.В. Доўнар-Запольскі таленавіты вучоны, грамадскі, дзяржаўны і палітычны дзеяч, арганізатар навукі і адукацыі, педагог, эканаміст, этнограф. Ён належыць да таго пакалення дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, якому выпаў вельмі не просты, можна сказать нават трагічны лёс.

  З маладых  гадоў далучыўся ён да збірання  скарбаў гісторыі і культуры  свайго народа. Атрымаў прызнанне,  стаў прафесарам, прайшоў праз  віхуры грамадзянскай вайны, некалькі  разоў быў літаральна ў адным  кроку ад пагібелі, шчыра верыў,  што новы грамадскі лад прынясе шчасце народу, і згасаваў пад злосныя недарэчныя абвінавачванні “партыйных гісторыкаў”, сярод якіх і былі яго вучні. І гэта мабыць было самае трагічнае у жыцці М.В. Даўнара-Запольскага.

   Нарадзіўся  Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі 2 (14) чэрвеня 1867 г. у г. Рэчыца Мінскай губерні. З.Яцкевіч, даследчык радаводу М. Доўнара-Запольскага, адзначае, што з усіх родаў Доўнар-Запольскі толькі адзін з іх, нашсадкам якога быў Мітрафан Віктаравіч, быў занесены ў шостую частку радаводнай кнігі як старажытная спадчыннная шляхта. Гэты род карыстаўся гербам “Побаг” – сярэбраная падкова з залатым чатырохканцовым крыжам уверсе ў блакітным полі. У кляйноце пад шлемам і шляхецкай каронай палова паляўнічага сабакі. Гербам “Побаг” карысталіся больш за паўтары сотні шляхецкіх родаў.

   З гэтай  галіны Доўнар-Запольскіх паходзіла  у асноўным служывая, вайсковая  шляхта. Па гэтаму шляху меркаваў ісці і Віктар Марцінавіч Доўнар-Запольскі. Ён атрымаў хатнюю адукацыю, на вайсковую службу не трапіў, а 6 кастрычніка 1850 г. быў прызначаны Мінскім губернскім праўленнем у Рэчыцкі павятовы суд на пасаду пісца сярэдняга разраду. У гэты час ён узяў шлюб з Аляксандрай Станіславаўнай Лінхандэр, жанчынай праваслаўнага вервызначэння. У 1852 г. у іх нараджаецца першая дачка, Соф’я, затым у 1854 г. – пётр, у 1857 г. – Марыя, праз 10 гадоў – Мітрафан і ў 1870 г. самая малодшая дачка Серафіма. Усе дзеці былі ахрышчаны ў рэчыцкай саборнай Васкрасенскай царкве. Выхаваннем іх займалася сама Аляксандра станіславаўна. У праваслаўнае веравызначэнне перайшоў і сам Віктар Марцінавіч.

   Служба  ў Віктара Марцінавіча Доўнара-Запольскага  не надта ладзілася, зямлі сваёй сям’я не мела, і яны ў пошуку лепшай долі вымушаны былі пераяджаць з месца на месца. Мітрафан спачатку вучыўся дома, а затым у народным вучылішчы у Баранавічах, дзе жыла сястра Соф’я.

    У  канцы 1870-х сям’я пераяджае  ў г. Плоўдзіў (Балгарыя) да старэйшага  сына, Пятра. Але сямейныя адносіны  не заладзіліся. Бацька пасварыўся  з сынам і жонкай, забраў з  сабой Мітрафана і вярнуўся ў Мазыр. Аляксандра Станіславаўна з Серафімай засталіся ў Балгарыі. В.М. Доўнар – Запольскі працаваў пісарам у мазырскага міравога суддзі, а Мітрафан пачынае вучыцца ў Мінскай гімназіі, а затым пераводзіцца ў Мазырскую 6 – класную прагімназію, у якой вучыцца з 1880 па 1885 г.

    Вучоба  ў прагімназіі не прыцягвае  Мітрафана. У характарыстыцы на  вучня  шостага класа Мазырскай  прагімназіі Мітрафана Доўнара-Запольскага  адзначалася, што асаблівых здольнасцей у яго не заўважана. Адзінай выдатнай адзнакай была адзнака па закону Божаму, хоць Мітрафан часам адмаўляўся прысутнічаць на царкоўных службах, за што аднойчы нават быў пасаджаны пад гімназічны арышт. Разам з тым адзначалася, што ён вельмі саманадзейны і мае ўпарты нораў.

   Варта  заўважыць, што для М. Доўнар-Запольскага, як і для многіх з гімназічнай і асабліва студэнцкай моладзі апошняй трэці XIX стагоддзя, якая ўсведамляла сябе “тутэйшымі”, было характэрным імкненне быць карысным Беларусі сваімі практычнымі справамі. Пасля забойства Аляксандра III яна ўжо інтуітыўна разумела, што трэба ісці не шляхам тэрору, а шляхам карпатлівага збіральніцтва таго, што стагоддзямі назапашваў і захоўваў народ, што з’яўляецца асновай яго менталітэту.

  У 1883 г. гімназіст, які меў толькі 16 гадоў, дасылае ў газету “Заря” сваю першую нататку “Из Мозыря”. У 1884-1885гг. «Еженедельное обозрение» друкуе ўжо 7 яго нататак: «Из Мозыря», «Книги для народа», «О первом поколении», «С берегов Припяти» і інш. Дзве з іх падпісаны крыптанімам “М.Д.”, адна псеўданіма “Провинциал”. Гэта была ўжо сур’ёзная заяўка на глыбокае даследаванне гісторыі роднага краю.

  Тым часам  вучоба па-ранейшаму не ладзіцца. Восенню 1885 года Мітрафан Доўнар-Запольскі  не здае іспыты за 6-ты клас  па грэчаскай мове і пакідае  Мазырскую прагімназію па свайму  жаданню. Ён пераяджае ў Кіеў, дз жылі яго сваякі, і паступае ізноў у 6-ы клас Кіеўскай першай мужчынскай гімназіі.

Летам 1886 г. Мітрафан наведвае маці і сваю родных ў Балгарыі, дзе набывае некаторыя выданні, якія былі забароненны ў Расійскай  імперыі. Сярод іх – паэма Т.Шаўчэнкі “Марыя” з прадмовай і заўвагамі М.Драгаманава, зборнік “Грамада”, які выдаваў М.Драгаманаў у Жэневе; літаратурны даведнік “Основа”; ліст М.Кастамарава да А.Герцэна і некаторыя іншыя. У канцы лютага 1888 г. інспектар гімназіі знаўшоў іх сярод кніг М.Доўнара-Запольскага, што мела для яго далёка ідучыя наступствы.

Безумоўна, такая  антыдзяржаўная “бібліятэчка” не магла падабацца кіраўніцтву  гімназіі. І хоць М.Доўнар-Запольскі  ў тлумачальнай запісцы на імя  дырэктара гімназіі пісаў, што набыў  гэтую літаратурупадчас знаходжання ў Балгарыі, а прачытаўшы, зразумеў злачыннасць гэтых кніг, напужаўся, але  не ведаў, што з імі рабіць. Гэта не дапамагло, і з 4 сакавіка ён быў выключаны з гімназіі.

1 красавіка  1888 г. апякун Кіеўскай вучэбнай  акругі выдаў сакрэтны загад, у якім адзначалася, што вучань VIII класа 1-й Кіеўскай мужчынскай гімназіі М.Доўнар-Запольскі “за заганныя і шкодныя паводзіны, якія праявіліся ў чытанні знойдзенных у яго кніг злачыннага зместу па рашэнню педсвавета зволены з гімназіі”. Забаранялася не толькі прымаць яго ізноў, але і прымаць у яго экзамены экстэрнам. Восенню 1888 г., калі М.Доўнар-Запольскі падаў прашэнне пра аднаўленне ў гімназіі, дырэктар у лісце на імя апекуна Кіеўскай вучэбнай акругі пісаў, што вырашыць станоўча пытанне М.Доўнар-Запольскага няма падстаў, бо ўжо ў бытнасць яго Мазырскай прагімназіі “паспеў заразіцца шкоднымі настроямі, і, як бачна, застаўся ў Кіеўскай гімназіі ў такім жа настроі, бо інакш ён не адважыўся б, нягледзячы на сваю беднасць, набываць кнігі такога шкоднага зместу у Балгарыі”. Адзначалася , што няма ўпэўненнасці, што М.Доўнар-Запольскі не будзе займацца забароненнай дзейнасцю і будзе цяжка прадухіліць яго дрэнны ўплыў на вучняў. Менавіта ў гэты час Мітрафан трапляе ў поле зроку паліцыі і жандараў, як “неблаганадзейная асоба” і за ім сочаць аж да Лютаўскай рэвалюцыі 1917г.

Можна толькі здзіўляцца, наколькі хутка наступае навуковае  сталенне маладога краязнаўцы. У 1886г. часопіс  “Русская мысль” друкуе яго даследаванне “Крестьянское хозяйство в Тверской губернии”, у 1888г. у Кіеве асобным выданнем выходзіць яго першая праца - “Белорусская свадьба и свадебные песни (этнографический этюд)”. У гэтым жа годзе ў сямі нумарах газеты “Минский листок” М.Доўнар-Запольскі друкуе свае нататкі «Белорусское прошлое: (По поводу статьи А.Пынина, напечатанной в «Вестнике Европы» 1887 года)», дзе ўжо даволт выразна вызначаюцца контуры яго канцэпцыі нацыянальнай гісторыіі беларусаў, іх этнічай і нацыянальнай самабытнасці. І хоць піша ён свае працы на рускай мове, высновы, якія робіць М.Доўнар-Запольскі, мелі беларускую накіраванасць і надзвычайную палітычную вастрыню. “Народ. Пазбаўленны палітычнага жыцця, - пісаў малады даследчык, - задушаны ўнутраным прыгнётам, часам на цэлыя стагоддзі зыходзячы з палітычнай арэны, як бы заміраючы, такі народ, калі ён не страціў сваёй мовы, этнаграфічных асаблівасцей і іншага, зноў выходзіць на арэну, калі не палітычнага, то па меншай меры разумовага сацыяльнага жыцця”. Гэта быў адказ зацятым русіфікатарам, ліберальным “заходнеросам” , якія лічылі, што беларусы – гэта адгалінаванне рускага народа, сапсаванае “паланізацыяй”, а таксама польскім палітыкам і навукоўцам, прыхільнікам “ягелонскай ідэі” адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772г., сярод якіх панавалі перакананні, што беларусы – гэта адгалінаванне польскага народа і неабходна не дапусціць іх русіфікацыі. «Виленский вестник» у 14 нумарах за подпісам М.Запольскі друкуе яго “Статистические очерки Северо-Заподного края”, якія сведчылі пра бядотны стан беларускага насельніцтва.

У 1888г. “Минском листке” друкуюцца першая рэцэнзія М.Даўнара-Запольскага на кнігу П.Уладзімірава“Доктор Франциск Скорина: его переводы, печатные издания и язык”, а таксама “Северо-Западный календарь на 1888 год”.

У 1888 г. М.Доўнар-Запольскі, ужо даволі вядомы краязнаўца, атрымаў дазвол і здаў экстэрнам экзамены за курс гімназіі. Ён выпашыў паступіць на гісторыка-філалагічны факультэт Кіеўскага універсітэта імя Св.Уладзіміра. Калі бацька, Віктар Марцінавіч, даведаўся пра гэта, ён даслаў сыну ліст, у якім раіў “не перціся ва універсітэт, не маючы сродкаў капітальных”, а  паступіць на службу. У канцы ліста бацька дадаў, што ён н6е мае нічога супраць яго вучобы ва універсітэце, але на яго дапамогу Мітрафан не павінен спадзявацца. Так канчаткова вызначыліся адносіны паміж бацькам і сынам, ён мог разлічваць толькі на свае сілы.

Мітрафан паспяхова  здае экзамены і становіцца “казённакоштным” студэнтам. Гэта азначала, што ён вучыўся  бясплатна, аднак пасля заканчэння універсітэта павінен быў адпрацаваць 6 гадоў па накіраванні Міністэрства народнай асветы. М.Доўнар-Запольскаму прызначаецца стыпендыя імя Святых Кірыла і Мяфодзія.

Кіеўскі універсітэт  быў адным з буйнейшых навуковых  і педагагічных цэнтраў Расійскай  імперыі. У ім працавалі такія  вядомыя гісторыкі, як У.Антановіч, П.Галубоўскі, У.Іконнікаў, Т.Фларынскі,. М.Доўнар-Запольскі запісаўся на спецкурс У.Антановіча, які ўзначальваў кафедру русскай гісторыі. Менавіта У.Антановіч аказаў вырашальны ўплыў на фарміраванне поглядаў М.Доўнар-Запольскага. Прыцягнуў яго да глыбокана даследавання гісторыі «Северо-Западного края»,якой займаўся сам. Гэта адпавядала жаданням самого М.Доўнар-Запольскага, і ён актыўна ўключыўся ў навуковую працу кафедры.

Студэнцкія  гады былі вельмі плённыя для М.Доўнар-Запольскага. Ён актыўна займаецца этнагрыафічнымі даследаваннямі, супрацоўнічае з часопісамі «Этнографическое обозрение», «Живая старина», “Киевская старина”, друкуе свае матэрыялы ў газетах “Виленский вестник”, “Гроденские губернские ведомости”, “Минские губернские ведомости”, “Минский листок” і ншых.

Дзякуючы вялікай  арганізацыйнай працы пад рэдакцыяй  М.Доўнар-Запольскага выйшлі “Календарь Северо-Западного края на 1889 год” і “Календарь Северо-Западного края на 1890 год”. У апошнім выданні М.Доўнар-Запольскі змяшчае свае даследаванні «Белорусское наречие», «Владимир Святой и его время», «Краткий географический очерк древней Белоруссии (в IX – XII веках)», «Гапон»: повесть в стихах на белорусском языке В.Дунина-Марцинкевича (Из истории белоусской этнографии)”. Ён, студэнт першага курса, прыцягва да выдання календароў такіх вядомых даследчыкаў, як У.Завітневіч і М.Шахаў.

Планавалася выдаць і каляндар на 1891 год. Аднак не было грошай, усё цяжэй сіанавілася  прабівацца праз цэнзурныя рагаткі, да таго ж і сам М.Доўнар-Запольскі  быў надзвычай загружаны вучобай і навуковай працай, не меў часу на арганізацыйную работу і рэдагаванне.

Выданне календароў стала прыкметнай з’явай у навуковым і грамадскім жыцці. У двух яго кнігах быў змешчаны шэраг артыкулаў па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, статыстычныя звесткі, беларускія вершы і песні. У іх Беларусь паказвалася як самабытны край са сваёй гісторыяй,культурай, беларускі народ са сваім менталітэтам, моцным духоўным патэнцыялам.

Вялікую ролю ў станаўленні М.Доўнар-Запольскага як даследчыка беларускай народнай культуры і побыту адыграў Аляксандр Вікенцій Ельскі. У маі 1891 г. ён, ужо вядомы краязнаўцаю аўтар шматлікіх нататак і артыкулаў для польскіх і расійскіх выданняў на старонках часопіса “Kraj” (“Край”), адгукаецца на грунтоўную працу студэнта II курса Кіеўскага універсітэта М.Доўнар-Запольскага «Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия». А.Ельски адзначае багацце сабранага матэрыялу, яго глыбоки анализ, патрыятызм маладога даследчыка. Разам з тым А.Ельскі робіць заўвагі, што аўтар “не дакладны ва ўжыванні слова “Русь”, “рускае племя” і г.д., калі прыстасоўвае іх да славяншчыны, яшчэ не заваяванай аврагарусамі, бо назва “Русь”, уяўляючы дзяржаўна-палітычны, а не этнаграфічны тэрмін, адзначала краіну, а не народ”. А Ельскі выказвае меркаванне , што “малады працаўнік на ніве гістарыязнаўства зойме выдатнае становішча, калі пачатак ужо вызначаецца так сур’ёзна і сімпатычна”. Яго прарочаныя словы спраўдзіліся.

У 1892 г. А.Ельскі на старонках “Краю” адклікаецца  на працу М.Доўнар-Запольскага “Женская доля в песнях Пинчуков”. Ён адзначае. Што даследчык “раскрывае досыць сумную долю палескай сялянкі, цнатлівасць якой часта бывае асуджана на крыўду і сіроцтва”. У гэтым годзе М.Доўнар-Запольскі пад час экспедыцый  па Гродзенскай і Мінскай губернях наведаў Музей старажытнасцей у Замосці і асабіста пазнаёміўся з А.Ельскім. Паміж імі ўсталёўваюцца добрыя адносіны. У нататцы для “Краю” ад 29 ліпеня 1892 г. А.Ельскі адзначае : “П(ан) Запольскі, вядомы ўжо некалькімі сур’ёзнымі этнаграфічна-гістарычнымі працамі, заглянуў цяпер у нашу старонку, здабыў цікавы этнаграфічны матэрыял з вуснаў вясковых казачнікаў, лірнікаў і спявачак. Такія рэчы сапраўды цяпер трэба хапаць талентам.ю бо старажытная традыцыя знікае, і ніхто яе разумна не ахоўвае, ніхто не заахвочваае берагчы тое, што цэлыя вякі шанавалі…”

А.Ельскі ўважліва сочыць не толькі за даследчай працай, але і асаблівым жыццём М.Доўнара-Запольскага. У сваіх лістах да выдаўца Я.Карловіча  ад 18(30) студзеня і 1(13) лютага 1893г. ён рэкамендуе яму да друку адну з прац з М.Доўнар-Запольскага і просіць выплаціць аўтару авансам некаторую суму , бо сам ён “здатнай і амбітнай рукі не працяне, а знаходзіцца ў страшэннай бядзе і слабы”.

У артыкуле “Беларуская  літаратура і бібліяграфія”, які  быў надрукаваны ў 1892г. у 7-м томе “Вялікай усеагульнай энцыклапедыі ілістраванай”, А Ельскі выказаў меркаванне, што аўтарам паэмы “Тарас на Парнасе” з’яўляецца В.Дунін-Марцінкевіч.

У 1890 – 1894 гг. М.Доўнар-Запольскі  друкуе такія гісторыка-этнаграфічныя  даследаванні , як “Чародейство в Северо-Заподном крае в XVII – XVIIIст.”, “Очерки по истории Белоруссии : От начала до смерти Владимира Мономаха (1125г.)”, “Статистические сведения о Северо-Заподном крае”, “Заметки из путешествия по Белоруссии”, “Погребальные обряды белоруссов”, “Крестьянские игры в Минской губернии”, “Сватовство и дружина жениха в белорусской свадьбе”, “Современное дело в знахарстве”, “Юридическое значение брака в Белоруссии”, “Белорусская свадьба в культурно-религиозных пережитках”, “Заметки по этинографии белоруссов”, “Отношение белоруса к земле” і інш.. Усяго ў гэты час М.Доўнар-Запольскі надрукаваў больш за 40 артыкулаў, нататак рэцэнзій. Многія з іх ў наступныя гады дапрацоўваліся аўтарам і неаднаразова перавыдаваліся. Яны маюць вялікае крыніцазнаўчае значэнне і цяпер.

У 1894 М.Доўнар-Запольскі  заканчвае Кіеўскі універсітэт. Старшыня экзаменацыйнай камісіі прафесар Ф.Зялінскі адзначыў, што выпускнік  Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі  “валодае рэдкасным для яго ўзросту  аб’ёмам ведаў, выключнай працаздольнасцю і выключнымі прыроднымі здольнасцямі”.

Такім чынам , можна  зрабіць высновы, што пачынаючы  з першых публікацый у 1883г. і да заканчэння універсітэта ў навуковых пошуках  М.Доўнара-Запольскага асноўнае месца  займала краязнаўчая, у асноўным этнаграфічная тэматыка. Працы гэтага перыяду розныя па свайму навуковаму ўзроўню, але іх ядане імкненне аўтара да глыбокага спасціжэння духоўнасці і менталітэту беларускага народа як народа этнічна і культурна самабытнага, духоўна багатага, культура якога з’яўляецца неад’емнай часткай культуры еўрапейскай цывілізацыі.

Вялікую ролю ў  вызначэнні далейшага лёсу М.Доўнар-Запольскага  адыграў яго настаўнік Уладзімір  Баніфатавіч Антановіч, ураджэнец  г.Чарнобыль. Ён прыклаў значныя  намаганні, каб яго таленавіты, але  “палітычна неблаганадзейны” вучань быў пакінуты ва універсітэце як прафесарскі стыпендыят з умовай накіравання яго са стыпендыяй 600 руб. У год для далейшай навуковай падрыхтоўкі ў Маскву.

У 1895г. М.Доўнар-Запольскі  стаў пазаштатным, а з 1898 г. штатным памочнікам архіварыуса ў Маскоўскім архіве Міністэрства юстыцыі, дзе працаваў па 1901г. Менавіта тут захоўваліся шматлікія дакументы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, у тым ліку важнейшы з іх – Літоўская метрыка. На вывучэнні гэтых дакументаў і канцэнтруе сваю ўвагу М.Доўнар-Запольскі. Адначасова, каб здабыць сродкі для жыцця, ён працуе ў прыватнай жаночай гімназіі Ржэўскай, дае прыватныя ўрокі.

Паступова наладжваецца і  асабістае жыццё. Ёсць звесткі, што  М.Доўнар-Запольскі меў першы  шлюб, які быў вельмі нядоўгі. Дакладна невядома, ці быў ён афіцыйны і хто была яго прешая жонка. У 1896г. М.Доўнар-Запольскі вянчаецца з Надзеяй Ільінічнай Зейферт, і ў 1898г. у іх гнараджаеццасын Усевалод, 1900г. сын Вячаслаў, а ў 1902г. дачка Ірына. У гэты час ён быў шчаслівы сем’янін, але, на жаль, шчаслівае жыццё працягваецца нядоўга.

З другой паловы 1890-х гадоў канчаткоав вызначаецца  галоўны напрамак навуковых даследаванняў  вучонага – эканамічная гісторыя. Аднак М.Доўнар-Запольскі не парывае  з этнаграфічнай праблематыкай, піша артыкулы , рэцэнзіі. Адначасова рыхтуе магістэрскую дысертацыю. З таго часу пачынаецца дзейнасць М.Доўнара-Запольскага як археографа і крыніцазнаўцы. У 1897г. выходзяць у свет два тамы “Документов Московского архива Министерства юстиции”, затым працы “Литовские упоминки татарским ордам : Скарбовая книга Метрики Литовской 1502 -1509 гг.” (1899), шэраг артыкулаў. У 1898г. ён упершыню надрукаваў поўны тэкст “Баркулабаўскага летапісу”, гэтага ўнікальнага помніка беларускага сярэдневякоўя.

М.Доўнар-Запольскі быў  адным з ініцыятараў стварэння Археаграфічнай камісіі пря Маскоўскім археалагічным таварыстве, яе сакратаром і на працягу 5 гадоў фактычна кіраваў работай камісіі. М.Доўнар-Запольскі плённа працуе і над сваёй магістэрскай  дысертацыяй “Финансовое хозяйство Литовско-Русского государства”, аднак абараняе яе ў Кіеве восенню 1901г. пад зусім іншай назвай – “Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах”. Яна была выдадзена асобнай кнігай (Кіеў, 1901). Прафесарамі Кіеўскага універсітэта У.Антановічам і П.Галубоўскім праца ацэнена як “вельмі каштоўны ўклад у навуку”, аўтару прысуджана прэмія імя П.Бацюшкава.

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі  становіцца ўсё больш вядомым  у навуковых колах Масквы, і  ў 1899г. яго запрашаюць на выкладацкую  працу ў Маскоўскі універсітэт у якасці прыватдацэнта на кафедру расійскай гісторыі, якую ўзначальваў бадай што самы знакаміты гісторык таго часу В.В.Ключэўскі. Мітрафан Віктаравіч чытае спецкурс пра рэформы Аляксандара I, лекцыі па гісторыі дзекабрыстаў, вядзе практычныя заняткі па гісторыі народнай гаспадаркі Расіі ў XVII ст., якая да гэтага зусім не вывучалася. Расце яго аўтарытэт сярод выкладчыкаў і студэнтаў.

На таленавітага вучонага звятае ўвагу і Леў Талстой, які  ў гэты час працаваў над раманам  пра дзекабрыстаў. Ён прапанаваў маладому прыват-дацэнту супрацоўнічаць у падрыхтоўцы выдання часопіса “Утро” і стаць яго рэдактарам. Аднак Леў Талстой быў ужо ў царскай апале, і цэнзура не дазволтла выданне часопіса.

Нягледзячы  на добрыя ўмовы для навуковай  працы, на прызнанне яго аўтарытэту як даследчыка і педагога ў Маскоўскім універсітэце, Мітрафана Віктаравіча цягне ў сцены роднай alma mater. Верагодна, па яго просьбе У.Антановіч і М.Грушэўскі настойліва хадайнічаюць перад Міністэрствам народнай асветы аб пераводзе М.Доўнар-Запольскага з Маскоўскага ў Кіеўскі універсітэт. Дазвол быў атрыманы, і ў 1901г. ён вяртаецца ў Кіеў.

Дваццацігадовы  кіеўскі перыяд дзейнасці стаў перыядам сапраўднага трыумфу М.В.Доўнар-Запольскага як вучонага, арганізатара навукі і педагога. Ён займае пасаду прыват-дацэнта Кіеўскага універсітэта, у 1902 становіцца ардынарным  прафесарам, затым узначальвае кафедру расійскай гісторыі.

Яшчэ ў студэнцкія гады Мітрафан Віктаравіч пазнаёміўся  з марксізмам, прызнаваў яго вялікае значэнне для арганізацыі барацьбы пралетарыяту, але , як і многія з універсітэцкіх прафесараў, падзяляў погляды “легальных марксістаў”, лічыў, што рэальнае жыццё высоўвае на першы план пытанні эканаммічнага развіцця. М.Доўнар-Запольскі быў прыхільнікам эканамічнага матэрыялізму і пазітывісцкай канцэпцыі У.Антановіча, паводле якой на развіццё грамадства ўздзейнічае не толькі класавая барацьба, але і разнастайныя эканамічныя, палітычныя, ідэалагічныя, культурныя і іншыя фактары.

Як сведчыць грамадская і навуковая дзейнасць М.Доўнар-Запольскага, палітычная канцэпцыя марксізму калі і была ім ў некаторай ступені ўспрынята, то не аказала асаблівага ўплыву. Хутчэй за ўсё ён падзяляў погляды канстытуцыйных дэмакратаў (кадэтаў), але з вельмі істотнай арыентацыяй на беларускі адражэнскі рух.

З вялікай ахвотай  наведвалі студэнты і стыпендыяты  Кіеўскага універсітэта і іншых  навучальных устаноў гістарычна-этнаграфічны-гурток, які быў створаны М.Доўнар-Запольскім у 1903г.

Гістарычна-этнаграфічны гурток пад кіраўніцтвам Мітрафана Віктаравіча працаваў амаль 11 гадоў, яго наведвалі каля 100 чалавек, было надрукавана больш за 30 навуковых прац па гісторыі розных тэрыторый Расійскай імперыі. Ён стаў асновай фарміравання самастойнай навуковай гістарычнай і гістарыяграфічнай школы Мітрафана Віктаравіча Доўнар-Запольскага. Сярод выхаванцаў гуртка варта назваць такіх вядомых не толькі ў Расійскай імперыі, а затым СССР, але і ў іншых краінах навукоўцаў, як А.П.Аглоблін, В.М.Базілевіч, А.М.Гневушаў, Д.І.Дарашэнка, Ф.В.Кліменка, Б.Г.Курц, Г.А.Максімовіч, Н.Д.Палонская-Васіленка, В.А.Пархоменка, В.А.Раманоўскі, П.П.Смірноў, Я.Д.Сташэўскі, П.К.Федарэнка, Ф.Э.Эрнст, Ф.М.Яніцкі. Большасць з іх у гады Савекай улады спасціг трагічны лёс.

На жаль, некаторыя  з яго вучняў, напрыклад, А.Аглоблін і Я.Сташэўскі, забыліся, што зрабіў М.Доўнар-Запольскі для іх навуковага і грамадскага станаўлення. Падчас рэвалюцыі, грамаддзянскай вайны і ў гады Савецкай улады яны актыўна ўдельнічалі ў шальмаванні імя свайго настаўніка.

У 1904г. у Маскве пад рэдакцыяй Доўнара-Запольскага выходзіць “Книга для чтения по русской истории”, т.1, дзе змешчаны такія яго цікавыя і актуальныя артыкулы, як “Вече”, “Дружина и боярство”, “Князь и княжеское управление”, “Колонизация славянами Восточно-Европейской долины до половины XVII в.” (у сааўтарстве з Ю.Гацье), “Скифские могилы”, “Холопы”, “Церковь и духавенство”, “Карта Древней Руси в XI – XIII веках”.

Як і раней. М.Доўнар-Запоольскі надае вялікую  ўвагу вывучэнню гісторыіі роднай Беларусі. У 1905г. у Санкт-Пецярбургу пад рэдакцыяй В.П.Сямёнава выходзіць дзевяты том грунтоўнай працы “Россия: Полное географическое описание нашего отечества. Настольная и дорожная книга для русских людей ”.  змешчаны два вялікія артыкулы М.Доўнара-Запольскага і Д.З.Шэндрыка “Исторические судьбы Верхнего Поднепровья и Белоруссии и укльтурные их успехи” і “Распеределение населения Верхнего Поднепровья и Белоруссии по территории, его этнический состав, быт и культура”. У тым жа годзе ў Маскве выходзяць два тамы «Русской истории в очерках и статьях» пад рэдакцыяй М.Доўнара-Запольскага, а ў Кіеве зборнік артыкулаў “Из истории общественных течений в России”, дзе змешчаны яго працы “Зарождение министерства в России и указ о правах Сената 8-го сентября 1872 года”, “Исторический процесс русского народа в русской историографии”, “Политические идеалы М.М.Сперанского”, “Реформа общеобразовательной школы при императрице Екатерине II”, “Тимофей Николаевич Грановский (1813 - 1855)”. “Университетские Известия” ў 8 нумарах за 1903-1910гг. змяшчаюць грунтоўнейшае даследаванне М.Доўнара-Запольскага пад агульнай назвай “Материалы для истории вотчинного управления в России”.

У 1905 г. М.Доўнар-Запольскі абараняе доктарскую дысертацыю “Очерки по истории западно-русского крестьянства в XVI веке”, якая непасрэдна звязана з гісторыяй Беларусі. Яна выходзіць асобным выданнем. Прафесар М.К.Любаўскі ў сваёй рэцэнзіі дае працы М.Доўнар-Запольскага высокую ацэнку, а яе аўтару прысуджаецца прэмія імя П.М.Бацюшкава, які таксама ўнёс пэўны ўклад у вывучэнні гісторыі Беларусі. У тым жа годзе ў нумарах 3 і 4 “Журнала Министерства народного просвещения” друкуецца праца “Крестьянская реформа в Литовско-русском государстве во второй половине XVI в.” – першае ў беларускай гістарыяграфіі даследаванне, прысвечанае волачнай памеры – важнейшай зямельнай рэформе ў гісторыі феадальнай Беларусі.

М.Доўнар-Запольскі  прымаў актыўны ўдзел у рабоце з’ездаў археолагаў, губернскіх археалагічных  камісій, з’яўляўся адным з аўтараў  “Проекта оснований архивной реформы в России”. Менавита М.Доўнар-Запольскі паклаў асновы навуковага архівазнаўства археаграфіі. Гэты кірунак яго дзейнасці вывучаюць К.Козак і М.Шумейка.

Адметным для  М.Доўнар-Запольскага як навукоўца  стаў 1909г. Дзякуючы фінансавай падтрымцы  выдаўца А.П.Сапунова ў Кіеве выходзіць зборнік навуковых прац “Исследования и статьи. Т.1: Этнография и социология, обычное право, статистика, белорусская письменность”, куды ўвайшлі практычна ўсе найбольш значныя яго працы, падрыхтаваныя да таго часу. У тым жа годзе пабачыла свет 2-е выданне кнігі “Из истории общественных течений в России”. У 1910 – 1912гг. Пад рэдакцыяй М.Доўнара-Запольскага выходзіць другое выданне трохтомнай “Русской истории в очерках и статьях”. Сярод яго прац, надрукаваных у гэтых зборніках, варта адзначыць такія, як “Время царя Ивана Грозного”, “Политические партии первой половины XVI века и власть московского царя”. Асобным выданнем выходзіць яго праца “Торговля и промышленность Москвы XVI века” былі змешчаны ў другім томе “Москва в её прошлом и настоящем” (1910).

У 1910 г. прафесар-гісторык удзельнічае ў Пецярбургскім  з’ездзе пісьменнікаў, у шматлікіх  з’ездах археолагаў, прадпрымальнікаў, кааператараў, абіраецца старшынёй  Паўднёва-Заходняга аддзялення экспертнай палаты, членам Кіеўскай гарадской  думы.

У 1915 і 1916 гг. у ліку вядомых універсітэцкіх прафесараў М.Доўнар-Запольскі запрашаўся на імператарскія прыёмы і дзяржаўныя нарады па пытаннях адукацыі. Указам імператара ад 12 красавіка 1916 г. ён адзначаны ордэнам св.Уладзіміра 4-й ступені.

Аднак побач  з відавочнымі поспехамі і прызнаннем яго навуковай і педагагічнай дзейнасці ўзнікае шэрах складанных праблем.

У 1917г. разгараецца  і канфлікт паміж М.Доўнар-Запольскім і яго вучнем – прафесарам Я.Сташэўскім. Яшчэ ў 1910 – 1912гг. Я.Сташэўскі, у той  час прыват-дацэнт Кіеўскага універсітэта, украў у Маскоўскім галоўным архіве Міністэрства замежных спраў 19 дакументаў перыяду 1622 – 1639гг. М.Доўнар-Запольскі спачатку не паверыў у гэта і актыўна абараняў Я.Сташэўскага, але калі даведаўся, што абвінавачванні маюць рэальную падставу, публічна асудзіў яго. Паколькі зайздроснікі ў таленавітага вучонага, чалавека з моцным і самабытным, узрыўным характарам былі заўсёды, да таго ж некаторыя з іх самі хацелі заняць пасаду дырэктара такога прэстыжнага і эканамічна моцнага інстытута, то Я.Сташэўскі скарыстаў гэта, а таксама палітычную сітуацыю і абвінаваціў М.Доўнар-Запольскага ў многіх грахах, а таксама ў сувязях з паліцыяй. Гэта быў яўны наклёп, аднак разгарнулася цкаванне знакамітага вучонага з боку прафесуры, кіраўніцтва органамі адукацыі і пакрыўджаных, на іх погляд, студэнтаў, асабліва яўрэяў. Адвярнуліся ад яго і многія прадпрымальнікі.

Ва ўмовах рэвалюцыйнай анархіі гэта магло прывесці да арышту і нават турэмнага зняволення. У гэты перыяд яго актыўна абараняе і маральна падтрымлівае фактычна толькі Н.Палонская-Васіленка, хоць спагаду выказваюць і некаторыя вучні.

Жыццё і дзейнасць Мітрафана Віктаравіча Даўнара-Запольскага (1867 - 1934) гісторыка, архівіста