История Беларуси. 3
53
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. КАРОТКІ НАРЫС
1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага
перыяду этнічнай гісторыі Беларусі
Храналагічна супадае з каменным векам (40 тыс.г. да н.э. – 3 тыс. да н.э.). Самы працяглы перыяд этнічнай гісторыі. Чалавек упершыню з’явіўся на тэрыторыі Беларусі прыкладна 40 тыс. г. да н. э. Найбольш старажытныя стаянкі чалавека знойдзены каля в.Бердыж (каля р.Сож Гомельскай вобл.) і каля в.Юравічы (каля г.Мазыра). Спачатку была заселена толькі паўднёвая частка Беларусі. Паступова людзі рухаліся на поўнач. Поўнае засяленне тэрыторыі Беларусі адбылося ў сярэднекаменным веку – мезаліце (7–5 тыс. г. да н. э.). Колькасць насельніцтва ў гэты час была невялікай – 4,5–6 тыс.чалавек.
У перыяд неаліту (4–3 тыс. г. да н. э.) насельніцтва Беларусі значна павялічылася. Асноўная частка насельніцтва пражывала на Палессі, у Панямонні і Пасожжы. У Падзвінні колькасць насельніцтва была невялікай. У гаспадарчай дзейнасці людзей адбыліся значныя змены: з’явіліся прадзенне і ткацтва, кераміка, удасканальваліся прылады працы, узніклі творы мастацтва. Адбываецца так званая неалітычная рэвалюцыя – пераход да вытворчых форм гаспадаркі (земляробства і жывёлагадоўлі).
Вызначыць этнічную прыналежнасць старажытнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў палеаліце, мезаліце і на працягу большай часткі неаліту няма магчымасці. Мовы гэтага насельніцтва невядомы. Разам з тым даныя археалогіі і гістарычнага мовазнаўства, у прыватнасці гідраніміі (старажытных назваў рэк, азёр), даюць магчымасць вызначыць этнічную прыналежнасць некаторых груп мясцовага насельніцтва ў канцы каменнага веку. Прыкладна ў 3 тысячагоддзі да н.э. у паўночна-усходніх раёнах Беларусі з’явілася фіна-угорскае насельніцтва. На поўдні жылі невялікія групы індаеўрапейцаў. Іх масавае рассяленне на Беларусі паклала пачатак новаму індаеўрапейскаму перыяду этнічнай гісторыі.
2. Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі,
яго балцкі і славянскі этапы
Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі падзяляецца на 2 этапы:
1. Балцкі этап (3–2 тыс. да н.э. – сярэдзіна 1 тыс. н.э.).
2. Славянскі этап (сярэдзіна 1 тыс. н.э. – сенняшні час).
Хто такія індаеўрапейцы і адкуль яны з’явіліся?
Найбольш верагоднай канцэпцыяй прарадзімы індаеўрапейцаў з’яўляецца “пярэднеазіяцкая” канцэпцыя. Навукоўцы мяркуюць, што да пачатку свайго масавага рассялення індаеўрапейцы жылі на тэрыторыі Пярэдняй Азіі. Прыкладна 4–3 тыс. гадоў да н.э. пачынаецца іх міграцыя з прарадзімы па наступных прычынах:
1. Хуткае развіццё жывёлагадоўлі і земляробства.
2. Скарачэнне смертнасці, павелічэнне працягласці жыцця індаеўрапейцаў, што выклікала перанаселенасць тэрыторыі прарадзімы і неабходнасць асваення новых тэрыторый.
Міграцыя індаеўрапейцаў заняла некалькі тысяч год. У выніку змешвання з карэнным насельніцтвам іншых тэрыторый індаеўрапейцы страцілі сваё першапачатковае адзінства і ўтварылі т.зв. “мазаіку народаў”. Сёння да індаеўрапейскай моўнай групы адносяцца народы, якія гавораць на славянскіх, германскіх, балцкіх, раманскіх, кельцкіх, індаіранскіх, грэчаскай, албанскай і армянскай мовах.
Што адбывалася на тэрыторыі Беларусі ў выніку рассялення індаеўрапейцаў?
У 3–2 тысячагоддзях да н.э. на тэрыторыі, якая ахоплівала басейны рэк Вісла, Нёман, Заходняя Дзвіна і Верхняе Падняпроўе індаеўрапейцы асімілявалі мясцовае неалітычнае насельніцтва і ў выніку ўтварыўся новы этнас – балты. З рассяленнем індаеўрапейцаў змяніўся не толькі этнічны склад насельніцтва, але і змянілася эпаха. Каменны век саступіў месца бронзаваму.
Балты займаліся плужным земляробствам, выкарыстоўваючы больш эфектыўныя бронзавыя прылады працы. Гэта стварала ўмовы для накаплення багаццяў асобнымі сем’ямі. Асноўны тып паселішча балтаў – умацаваныя гарадзішчы.
Этнагенэз славян і рассяленне славян на тэрыторыі Беларусі. Рассяленне славян паклала пачатак новаму славянскаму этапу этнічнай гісторыі Беларусі.
Хто такія славяне і адкуль яны з’явіліся? Найбольш абгрунтаванай з’яўляецца канцэпцыя, якая размяшчае прорадзіму славян на тэрыторыі паміж рэкамі Эльба, Вісла і Нёман. У ІV–VІІ стст. адбываецца значнае пашырэнне славянскага арэала. Міграцыя славян з тэрыторыі прарадзімы была выклікана:
1. Значным павелічэннем колькасці славянскага насельніцтва на тэрыторыі прарадзімы.
2. Зараджэннем маёмаснай нароўнасці сярод славян, якія ўступілі ў перыяд разлажэння першабытнаабшчыннага ладу (перыяд ваеннай дэмакратыі), што садзейнічала росту ваяўнічасці.
3. Націскам на славян з боку суседніх народаў (авараў, хазараў, германцаў).
З тэрыторыі прарадзімы славяне мігрыравалі ў 2 напрамках: на поўдзень і на ўсход. У выніку міграцыі славяне страцілі сваё першапачатковае адзінства і падзяліліся на 3 групы: заходніх, паўднёвых і ўсходніх.
Міграцыйны паток славян, які рушыў на ўсход, прывёў да засялення славянамі тэрыторый Паўночнай Украіны і Паўднёвай Беларусі. Паступова славяне прасоўваліся на поўнач Беларусі. У VІІІ–ІХ стст. пачынаецца масавае рассяленне славян. Большая частка балцкага насельніцтва была асімілявана, другая – адышла на паўночны захад, трэцяя – працягвала жыць на сваіх тэрыторыях побач са славянамі.
У выніку змешвання славян і балтаў узніклі новыя этнічныя супольнасці, якія ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах.
Крывічы займалі поўнач Беларусі і суседнія раёны Падзвіння і Падняпроўя і былі найбольш шматлікім усходнеславянскім насельніцтвам. У іх этнічным абліччы пераважалі славянскія рысы.
Дрыгавічы займалі большую частку Паўднёвай і значную частку сярэдняй Беларусі. Іх мова была славянскай. Аднак у матэрыяльнай культуры зафіксаваны і некаторыя балцкія элементы.
Радзімічы займалі землі паміж Дняпром і Дзясной. Як крывічы і дрыгавічы яны ўтварыліся ў выніку славяна-балцкага сінтэзу.
3. Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь) – агульная феадальная дзяржава ўсходніх славян
Да сярэдзіны ІХ ст. на ўсёй тэрыторыі, заселенай ўсходнімі славянамі, пачалі фарміравацца раннефеадальныя княствы. У канцы ІХ ст. тут узнікла палітычнае ўтварэнне – Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь) з цэнтрам ў Кіеве. Землі крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў увайшлі ў склад Старажытнарускай дзяржавы. Кіеўская Русь з’яўлялася раннефеадальнай дзяржавай, на чале якой стаяў вялікі кіеўскі князь. У склад дзяржавы ўваходзілі асобныя землі на чале са сваімі князямі. Мясцовыя князі знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад вялікага кіеўскага князя. Яны павінны былі з’яўляцца з дружынай па патрабаванні вялікага князя з мэтай ажыццяўлення ваенных паходаў. Падуладнае мясцовым князям насельніцтва плаціла даніну вялікаму кіеўскаму князю. У той жа час мясцовыя князі карысталіся амаль неабмежаванай уладай у сваіх княствах.
Кіеўская Русь з’яўлялася спецыфічнай раннефеадальнай дзяржавай. Яна не была адзіным, цэнтралізаваным, маналітна злітым дзяржаўным утварэннем. Кіеўская Русь сфарміравалася як федэрацыя феадальных княстваў, кожная з якіх захоўвала адносную самастойнасць і самабытнасць. У землях драўлян, вяцічаў, крывічоў і радзімічаў дзейнічалі мясцовыя княжацкія дынастыі. Кіеўскую Русь можна назваць феадальнай федэратыўнай дзяржавай-манархіяй з моцнай ваеннай арганізацыяй, што дазваляла абараняць яе ад спакусаў суседніх дзяржаў і набегаў з боку ваяўнічых вандроўнікаў, рабіць заваявальныя паходы ў суседнія багатыя краіны і трымаць пэўны час у падпарадкаванні мясцовых князёў і баяр, схільных да сепаратызму. Эканамічныя і этнічныя сувязі ў гэтай дзяржаве наўрад ці можна лічыць трывалымі.
4. Полацкае і Тураўскае княствы – першыя раннефеадальныя дзяржавы-манархіі на тэрыторыі Беларусі
На тэрыторыі Беларусі склалася 2 раннефеадальныя княствы – Полацкае і Тураўскае, якія ўваходзілі ў склад Старажытнарускай дзяржавы. Геаграфічнае становішча Полацкага княства стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця эканомікі, перш за ўсё гандлю, а таксама абумовіла значэнне княства як аднаго з ваенных фарпостаў Русі. У Полацку існавала мясцовая княжацкая дынастыя. Сярод полацкіх князёў найбольшую вядомасць набылі князі Брачыслаў і Усяслаў, якія правілі Полацкім княствам на працягу ХІ ст. У гэты час пашырылася тэрыторыя княства і яго палітычнае значэнне. Полацкія князі імкнуліся праводзіць незалежную ад Кіева палітку.
Якім быў палітычны лад Полацкага княства? Заканадаўчая ўлада ў Полацкім княстве належала вечу ці народнаму сходу. Веча запрашала князя на княжанне, выдавала законы, выбірала ўраднікаў (урадцаў, службоўцаў), ухваляла аб’яўленне вайны ці міру. Улада веча распаўсюджвалася не толькі на горад, але і на ўсю воласць, раскіданыя па ўсяму княству весі. У Полацкім княстве веча праіснавала да самага канца ХV ст. (1488 г.), калі гораду было дадзена магдэбургскае права.
Выканаўчая і судовая ўлады ў Полацкім княстве належалі князю. Князі займаліся вайсковай справай, хадзілі ў паходы са сваёй дружынай у іншыя землі. Акрамя таго, яны былі заняты адміністрацыйнай справай, вяршылі суд, ахоўвалі гандлёвыя шляхі і караваны ў сваім княстве.
У пачатку ХІІ ст. Полацкае княства ўступіла ў перыяд феадальнай раздробленасці і распалася на шэраг удзельных княстваў: Полацкае, Мінскае, Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагойскае і інш.
Другое раннефеадальнае княства на Беларусі – Тураўскае – утварылася у канцы ІХ ст. Тураўскае княства належала то Полацку, то Кіеву ў якасці часткі вялікакняскіх уладанняў. У другой палове ХІІ ст. тут усталявалася самастойная княская дынастыя, аднак ужо у канцы ХІІ – пачатку ХІІІ ст. на тэрыторыі Тураўскага княства ўтварыўся шэраг мелкіх феадальных княтсваў: Тураўскае, Пінскае, Слуцкае, Клецкае, Дубровенскае.
Такім чынам, Полацкае і Тураўскае княствы мелі ўсе атрыбуты дзяржаўнай улады – улады заканадаўчай (веча), выканаўчай (князі і дружыны) і судовай (князі і цівуны). Іх можна лічыць першымі раннефеадальнымі дзяржавамі-манархіямі на тэрыторыі Беларусі.
5. Увядзенне хрысціянства.
Культура беларускіх зямель ІХ – першай паловы ХІІІ ст.
Хрысціянства прыйшло на ўсходнеславянскія землі. Даследчыкі мяркуюць, што ўжо ў ІХ ст. у Полацкай зямлі былі хрысціяне. У 988 г. вялікі кіеўскі князь Уладзімір пачаў хрышчэнне Русі. Услед за Кіевам прымусова пападала пад абрад хрышчэння насельніцтва 2 іншых важных цэнтраў – Полацка і Ноўгарада. Язычніцкае насельніцтва хрысцілася прымусова. Забаранялася старая (язычніцкая) абраднасць і ўводзілася новая, падлягалі забыццю імёны старых божастваў, месцы язычніцкіх маленняў разбураліся. Хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй. З прыняццем хрысціянства разумовы, духоўны, рэлігійны стан грамадства зазнаў істотныя змены. Пасля прыняцця хрысціянства ў буйных гарадах і княствах пачалі стварацца епархіі. У 992 г. узнікла епархія ў Полацку. У ХІІ ст. каля Полацка ўзнікаюць манастыры.
Культура старажытных беларускіх зямель мае шмат агульнага з культурай іншых усходнеславянскіх народаў. Аднак пры ўсёй агульнасці культуры Старажытнай Русі на тэрыторыі сучаснай Беларусі яна мела сваю спецыфіку. Найбольш яскрава гэта выявілася ў матэрыяльнай і духоўнай культуры Полацкай зямлі. У ІХ–ХІІІ стст. у Полацку развівалася пісьменства, вялося летапісанне, шырока распаўсюджваліся рамёствы. Полацк уплываў на гаспадарчае і культурнае развіццё суседніх неславянскіх народаў.
З прыняццем хрысціянства ў архітэктуры Беларусі бярэ пачатак узвядзенне манументальных культавых пабудоў. У сярэдзіне ХІ ст. у Полацку ўслед за Ноўгарадам і Кіевам быў пабудаваны Сафійскі сабор. У ХІІ ст. у Віцебску была пабудавана Благавешчанская царква, у Бельчыцах былі ўзведзены 4 мураваныя саборы, у Полацку быў узведзены Спаса-Праабражэнскі сабор. Помнікам манументальнай архітэктуры Гродна з’яўляецца Барысаглебская (Каложская) царква, пабудаваная ў ХІІ ст.
На Беларусі развівалася пісьменства. Разам з перакладнымі літаратурнымі творамі тут з’яўляюцца і арыгінальныя. Маюцца звесткі аб тым, што летапісы складаліся ў Полацку, Тураве, Новагародку. З прадстаўнікоў кніжнай асветы гэтага перыяду трэба адзначыць Клімента Смаляціча, Кірылу Тураўскага, Ефрасінню Полацкую. Клімент Смаляціч напісаў шмат кніг, казанняў (пропаведзяў), пасланняў, тлумачэнняў. Кірыла Тураўскі з’яўляўся епіскапам г.Турава. Ён быў выдатным царкоўным аратарам. Прамовы Кірылы Тураўскага уяўляюць сабой узоры царкоўнага красамоўства. Ефрасіння Полацкая паходзіла з сям’і полацкіх князёў. Прыняўшы манаства, яна пачала працаваць над перапісваннем кніг. Манастыр, у якім знаходзілася Ефрасіння, хутка стаў буйным культурным і рэлігійным цэнтрам. Аб высокім узроўні прыкладнога мастацтва сведчыць крыж, які заказала Ефрасіння таленавітаму мясцоваму майстру Лазару Богшы.
6. Узнікненне Беларусі: розныя падыходы і канцэпцыі
На пытанне: “Як і калі сфарміравалася беларуская народнасць?” адказаць адназначна нельга. У навуцы няма адзінай думкі, а існуе шэраг падыходаў і канцэпцый.
У ХІХ ст. з’явіліся польская і вялікаруская канцэпцыі, якія адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай славянской мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі лічылі беларусаў часткай польскага этнасу, а творцы вялікарускай канцэпцыі сцвярджалі, што Беларусь – частка вялікарускай этнічнай тэрыторыі.
У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя. Яна заснавана на сцвярджэнні аб тым, што продкамі беларусаў з’яўляюцца крывічы. Памылковасць гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі паўночную і цэнтральную частку Беларусі. Яна не дае ўяўлення аб тым, як ўзнікла паўднёвабеларускае насельніцтва.
Пазней была выпрацавана яшчэ адна канцэпцыя – крывіцка-дрыгавіцка-
Існуе таксама балцкая канцэпцыя этнагенэзу беларусаў. Паводле яе, змяшчэнне славян з даславянскім насельніцтвам – балтамі – прывяло до з’яўлення беларускага этнасу. Балты, такім чынам, адыгралі ролю субстрату (падасновы) у этнагенэзе беларусаў. Абгрунтаваннем тэорыі з’яўляецца наяўнасць элементаў балцкай культуры і мовы ў культуры і мове беларусаў. Аднак гэтыя элементы маюць індаеўрапейскае паходжанне, уласцівыя як славянам, так і балтам.
Частка навукоўцаў прытрымліваецца думкі аб тым, што агульным продкам рускіх, беларусаў і ўкраінцаў з’яўлялася старажытнаруская народнасць. Яна сфарміравалася ў выніку змешвання крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, палян, вяцічаў і інш. у ІХ–Х стст. У гэты ж час сфарміравалася Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь). У выніку распаду Старажытнарускай дзяржавы распалася і старажытнаруская народнасць. У якасці доказаў існавання старажытнарускай народнасці навукоўцы прыводзяць наступныя аргументы:
1. Існаванне агульнай мовы ўсходніх славян.
2. Адзінства матэрыяльнай культуры.
3. Наяўнасць этнічнай самасвядомасці насельніцтва Старажытнай Русі. Існаванне этнонімаў “рускія”, “русь”, “русічы” і інш.
4. Наяўнасць агульнай тэрыторыі старажытнарускай народнасці, якая ўспрымалася як “Русь”.
У пачатку 90-х гг. новую канцэпцыю ўзнікнення беларусаў распрацаваў гісторык-этнограф М.Піліпенка. З самага пачатку фарміравання этнічная тэрыторыя “Русь” дзялілася на рэгіёны. Тэрыторыя сучаснай Беларусі паводле мясцовых асаблівасцей мовы і культуры ўваходзіла ў дзве дыялектна-этнаграфічныя зоны – папрыпяцкую і падзвінска-падняпроўскую. У выніку ўзаемадзеяння паміж зонамі сфарміравалася новая этнічная тэрыторыя – “Белая Русь”. Фарміраванне беларускага этнасу завяршылася ў ХVІ ст.
7. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага:
розныя падыходы і канцэпцыі
Для заходніх зямель Русі ХІІ–ХІІІ стст. былі перыядам феадальнай раздробленасці. Паступова фарміруюцца фактары, якія падштурхоўвалі заходнерускія княствы да аб’яднання, кансалідацыі, утварэння адзінай дзяржавы. Сярод іх – размяшчэнне заходнерускіх зямель на гандлёвых шляхах, пагроза ім з боку крыжакоў і мангола-татараў. Але самыя важныя прычыны аб’яднальнай тэндэнцыі на Русі – унутрыпалітычныя. У ХІІІ ст. пачаўся новы этап інтэнсіўнага развіцця феадальных адносін, а гэта непазбежна вяло да абвастрэння класавай барацьбы, што ў феадальным грамадстве заўсёды з’яўлялася фактарам аб’яднальных працэсаў. Такім чынам, сукупнасць унутраных і знешніх фактараў адрадзіла імкненне заходнерускіх княстваў да кансалідацыі (з яго фактычна былі выключаны Паўночна-Усходнія і Паўднёвыя землі Русі, дзе панавалі татара-манголы). Аб’яднальнай сілай заходнерускіх княстваў выступіла ўлада вялікіх князёў літоўскіх.
Працэс аб’яднання ў ВКЛ быў працяглы і складаны. Ён адбываўся больш за стагоддзе – з другой чвэрці ХІІІ па трэцюю чвэрць ХІV ст. Шляхамі: на основе пагадненняў між літоўскімі і славянскімі князямі; дынастычных шлюбаў; пры дапамозе ваеннай сілы.
У гістарычнай літаратуры існуе тры канцэпцыі ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. Першая з іх прадстаўлена ў традыцыйнай гістарыяграфіі, у старой навуковай і вучэбнай літаратуры, сённяшняй літоўскай гістарыяграфіі. Яе ўмоўна называюць “літоўскай” канцэпцыяй. Сутнасць гэтай канцэпцыі ў наступным. Літва гістарычная, Літва ХІ–ХІІІ стст. знаходзілася там жа, дзе і сучасная Літва. У ХІІІ ст. утвараецца адзіная цэнтралізаваная раннефеадальная Літоўская дзяржава (Літва Міндоўга) з моцнай вялікакняжацкай ўладай і такой жа моцнай ваеннай арганізацыяй. Гэтая дзяржава ажыццяўляе сілай зброі захоп рускіх зямель і гвалтоўнае іх далучэнне да Літвы. Утварэнне ВКЛ тут выступае як вынік знешняй літоўскай агрэсіі. Дзяржава ўтворана літоўскімі феадаламі, на базе літоўскага цэнтра (тэрыторыі), пагэтаму яна з’яўляецца толькі літоўскай дзяржавай.
У процілегласць “літоўскай” канцэпцыі існуе “беларуская” канцэпцыя ўтварэння ВКЛ. Найбольш поўна яна выкладзена ў кнізе М.І.Ермаловіча “Па слядах аднаго міфа”. На думку М.І.Ермаловіча, гістарычная (летапісная) Літва размяшчалася не на сучаснай тэрыторыі, а на тэрыторыі Беларусі, паміж Мінскам і Новагародкам (з усходу на захад) і паміж Маладзечнам і Слонімам (з поўначы на поўдзень). Не літоўская знаць захапіла рускія землі, як сцвярджалі дарэвалюцыйныя і савецкія гісторыкі, а заходнерускія княствы (перш-наперш, Новагародскае княства) далучылі да сябе Літву і заснавалі Вялікае княства Літоўскае. Паколькі новая дзяржава была ўтворана беларускімі феадаламі на базе беларускага цэнтра (тэрыторыі), то яна з’яўлялася ні чым іншым, як беларускай дзяржавай.
Прыхільнікі трэцяй па ліку “цэнтрысцкай” канцэпцыі на аснове падбору адпаведнага канкрэтна-гістарычнага матэрыялу, сцвярджаюць, што ў ХІІІ–ХІV стст. рашаючую ролю ва ўтварэнні і развіцці ВКЛ адыгрывалі разам з заходне-рускімі феадаламі літоўскія феадалы, дзяржава гэтага часу была Літоўска-Беларускай дзяржавай. У ХV–ХVІ стст. рашаючую ролю ў жыцці ВКЛ адыгрывалі беларускія феадалы разам з літоўскімі, дзяржава гэтага часу была Беларуска-Літоўскай дзяржавай.
На наш погляд, Вялікае княства Літоўскае не было створана толькі продкамі сучасных беларусаў і літоўцаў, а таму яно не з’яўлялася ні Беларуска-Літоўскай, ні Літоўска-Беларускай дзяржавай. Вялікае княства Літоўскае – гэта поліэтнічная дзяржава чатырох асноўных народаў – беларускага, рускага, украінскага і літоўскага, дзе славяне займалі прыкладна 11/12 тэрыторыі і складалі каля 80% насельніцтва краіны. Літоўцы ў гэтай дзяржаве з’яўляліся этнічнай меншасцю. Таму, на наш погляд, ВКЛ можна называць Руска-Літоўскай ці Літоўска-Рускай дзяржавай, як аб гэтым сцвярджалася ў дарэвалюцыйнай расійскай і савецкай гістарыяграфіі.
Першымі ў склад ВКЛ трапляюць землі Верхняга Панямоння, Чорная Русь, ці Новагародчына (Новагародак быў першай сталіцай ВКЛ). Полацк апынуўся ў складзе ВКЛ у 1307 г., Віцебск – у 1320, Турава-Пінскія землі – у пачатку ХV ст. Асабліва паспяхова аб’яднальны працэс ішоў пры Гедыміне (1316–1341). Ім была перанесена на ўсё Вялікае княства Літоўскае стараруская мадэль дзяржаўнага кіравання. Рускі ўплыў адлюстраваўся і на характары вайсковай справы. Старабеларуская мова стала мовай дзяржаўных дакументаў (літоўцы яшчэ не мелі сваёй пісьменнасці).
8. Палітычная барацьба ў ВКЛ у ХІV–ХV стст. Крэўская унія
Закладзены з самага пачатку існавання ВКЛ вялікі ухіл у бок федэралісцкіх пачаткаў не мог не выклікаць у велікакняжацкай улады ўзнікненне супрацьлеглай тэндэнцыі ў палітыцы – да цэнтралізацыі. Барацьба цэнтралісцкіх і федэралісцкіх пачаткаў пранізвае ўсё ўнутрапалітычнае жыццё ВКЛ у ХІV–ХVІ стст. Вынікам гэтай барацьбы былі крызісы дзяржаўнай улады, што пагражалі распадам дзяржавы. Першы крызіс узнік пасля смерці Гедыміна (1341), калі вялікім князем стаў яго любімы сын Еўнут. Найбольш моцныя з яго братоў, Альгерд і Кейстут, зверглі Еўнута. І хаця на вялікакняжацкі прастол быў узведзены Альгерд, у ВКЛ склаўся своеасаблівы дуалізм вярхоўнай улады, што забяспечвала цэнтралізацыю дзяржавы і стабільнасць палітычнага жыцця. Другі палітычны крызіс узнік у 1377 г. пасля смерці Альгерда. Пры падтрымцы Кейстута на велікакняжацкі прастол быў узведзены Ягайла, сын Альгерда. Аднак яго пазіцыі былі вельмі няўстойлівыя, і ў 1381 г. Кейстут захапіў вярхоўную ўладу. Наступіў новы, трэці палітычны крызіс. Праз год Кейстут быў забіты Ягайлам. Ягайла не змог перамагчы цэнтрабежныя тэндэнцыі і адолець палітычны крызіс сваімі сіламі і зрабіў стаўку на знешнюю сілу – Польшчу. К канцу ХІV ст. складваюцца ўмовы збліжэння ВКЛ і Польшчы (гэтага патрабавала і знешняя небяспека – Тэўтонскі ордэн). У 1385 г. было падпісана пагадненне паміж ВКЛ і Польшчай – Крэўская унія. Ягайла стаў польскім каралём. Па сваіх умовах унія была інкарпарацыяй ВКЛ у Польшчу і вяла да каталіцкай экспансіі на беларуска-літоўскіх землях. Незадаволеныя беларуска-літоўскія феадалы пачынаюць барацьбу супраць уніі. Яе ўзначалілі Андрэй Альгердавіч (Полацкі) – на першым этапе, Вітаўт, сын Кейстута – на другім. Барацьба завяршылася падпісаннем Востраўскага пагаднення (1392) аб падзеле ўлады паміж Ягайлам і Вітаўтам. Яна значна карэкціравала Крэўскую унію: ВКЛ было гарантавана адасобленае дзяржаўнае існаванне, але ў саюзе з Польшчай і пад верхаўладдзем польскага караля. Юрыдычна палітычная самастойнасць ВКЛ была аформлена падпісаннем Гарадзельскай уніі 1413 г., але ўсё роўна пад уладай польскага караля. Супрацьстаянне бакоў прывяло да грамадзянскай вайны (1432–1436), пад уплывам якой былі прыняты прывілеі польскага караля (1432) і вялікага князя (1434), якія пашыралі правы праваслаўных феадалаў (забарона займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады захоўвалася).
Такім чынам, палітычная гісторыя ВКЛ прасякнута барацьбой цэнтрабежных і цэнтраімклівых тэндэнцый, а палітычны рэжым ВКЛ паступова прымаў абрысы парламенцкай манархіі (паны-рада, вальны сейм, абмежаванне вялікакняскай улады, правы шляхты). Больш за 100 гадоў ВКЛ знаходзілася ў стане персанальнай уніі з Польшчай, заставалася пры гэтым суверэннай дзяржавай, дзякуючы намаганням рускіх і літоўскіх феадалаў.
9. Культура Беларусі ХІV–ХVІ стст. Узнікненне кнігадрукавання. Францішак Скарына і Мікола Гусоўскі
Беларуская культура развівалася на аснове засвойвання багатых традыцый высокаразвітых візантыйскай і старажытнарускай культур. У той жа час кантакты з Заходняй Еўропай прывял да ўзнікнення новых з’яў у беларускай культуры. У беларускую мову пранікаюць новыя словы, літаратура ўзбагачаецца перакладнымі творамі, у архітэктуры і мастацтве назіраюцца элементы гатычнага стылю.
У канцы ХV – пачатку ХVІ ст. склаліся эканмічныя, сацыяльныя і палітычныя перадумовы Адраджэння (Рэнесансу) на Беларусі. Агульнаеўрапейскае Адраджэнне – эпоха станаўлення і росквіту ранняй буржуазнай культуры. Вялікія геаграфічныя адкрыцці, з’яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі прывялі да ўзнікнення новай, пераважна свецкай культуры. Сфарміраваўся гуманістычны светапогляд – сцвярджэнне аб высокай годнасці чалавека. Адраджэнне – умоўная назва, звязаная з памкненнем адрадзіць антычную культуру.
Прадстаўнікамі рэнесансавай культуры на Беларусі былі першадрукар, гуманіст і асветнік Францыск Скарына, паэт-гуманіст Мікола Гусоўскі.
У архітэктуры Беларусі шырокае распаўсюджанне набыла готыка, якая панавала па працягу другой паловы ХІІІ–ХV стст. Готыка на Беларусі была прадстаўлена шматлікімі абарончымі збудаваннямі – замкамі, храмамі абарончага тыпу. Абарончую сістэму ВКЛ складалі замкі ў Лідзе, Навагрудку, Крэве, Вільні і Троках. У пачатку ХVІ ст. быў пабудаваны выдатны помнік беларускага дойлідства – Мірскі замак. Да храмаў абарончага тыпу належаў касцёл у в.Ішкалдзь, Сынковіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць. У другой палове ХVІ ст. у архітэктуру Беларусі пранікаюць элементы стылю Рэнесанс.
У рамках выяўленчага мастацтва развіваўся манументальны жывапіс, іконапіс. З распаўсюджаннем ідэй Адраджэння звязана і развіццё свецкага жывапісу, пераважна партрэтнага па жанры. Былі створаны выдатныя ўзоры паліхромнай драўлянай скульптуры.
10. Люблінская унія. Утварэнне Рэчы Паспалітай
Люблінская унія паклала пачатак трагічнай старонкі айчыннай гісторыі. З гэтага часу незалежная краіна ВКЛ страціла сваю самастойнасць, увайшла ў склад новай дзяржавы – Рэчы Паспалітай. Чаму так здарылася? Першая спроба зліць ВКЛ з Польшчай была зроблена Ягайлам пасля заключэння ў 1385 г. Крэўскай уніі. Гэта была здрада Ягайлы. Ён абяцаў Польшчы вярнуць усе землі страчаныя ёй у час войнаў, перавесці сваіх падначаленных з праваслаўных у католікаў, далучыць ВКЛ да Польшчы. Гэта была дынастычная вунія. Амаль два стагоддзі паміж дзяржавамі звязанымі саюзнымі адносінамі ішла барацьба: з боку Польшчы за інкарпарацыю саюзніка, з боку ВКЛ за самастойнасць. Націск з боку Польшчы няспынна пашыраўся і паглыбляўся. К сярэдзіне ХVІ ВКЛ у эканамічным, дзяржаўным, грамадска-палітычным жыцці набліжалася да Польшчы. Пераймаліся польскія звычаі, абрады, з’явіліся ваяводствы, воласці, паветы. Паскорыць працэс інкарпарацыі прымушала польскія ўлады і тое, што Жыгімонт ІІ Аўгуст не меў нашчадкаў.
Важнае значэнне мелі знешнепалітычныя абставіны. На поўдні ВКЛ вымушана было абараняцца і весці неспынныя войны з крымскімі татарамі. З 1500 па 1569 гг. апошнія 45 разоў рабавалі беларускія землі, уводзячы палонных у рабства. У гэты ж час на ўсходзе ўзмацняецца Маскоўская дзяржава. Яна імкнулася да берагоў Балтыйскага мора і вяла вайну з Лівонскім ордэнам, які запрасіў дапамогі ў ВКЛ. Ордэн перайшоў пад працектарат княства. Расія пачала баявыя дзеянні на тэрыторыі ВКЛ. Над княствам навісла смяротная пагроза. Спробы заключыць мір з рускім царом Іванам Грозным не мелі поспеху. Адначасова з боку Польшчы ўзмацняліся дзеянні па ўключэнню ВКЛ у склад адзінай дзяржавы.
У такіх ўмовах 10 студзеня 1569 г. пачаў працаваць Люблінскі сейм. Кароль і яго прыхільнікі імкнуліся шляхам уніі ўключыць ВКЛ у склад Польшчы. Паслы ВКЛ вымушаны былі ісці на саюз з Польшчай, але імкнуліся захаваць незалежнасць сваёй краіны. Яны прапанавалі свае ўмовы аб’яднання: адзін кароль абіраецца роўнай колькасцю паслоў ад Польшчы і ВКЛ, карануецца ў Кракаве і Вільні, княства і карона будуць мець свае асобныя органы ўлады і кіравання, захоўваць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць і інш. Гэтыя прапановы не знайшлі падтрымкі на сейме. Паслы ВКЛ ад’ехалі на месцы. Гэта выклікала абурэнне караля і польскіх паслоў. Пад іх уціскам, гвалтоўна, не маючы права без згоды рады і сейма прымаць рашэнне, Жыгімонт ІІ Аўгуст скасоўвае ўсе папярэднія дадзеныя ВКЛ і шляхце, далучае Падляшша, Валынь і Падолію да Польшчы. Пад пагрозай пазбаўлення маёнткаў, высылкі з краю ён прымушае паслоў гэтых зямель падпісаць унію. У складзе ВКЛ засталіся Літва і Беларусь. Нягледзячы на ўсё іх супрастаянне, яны вымушаны былі таксама падпісаць унію.
1 ліпеня 1569 г. згодна Люблінскай уніі ВКЛ і Польшча злучыліся ў адзіную дзяржаву – Рэч Паспалітую, феадальную Рэспубліку. Быў абраны адзіны гаспадар – кароль польскі і вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, мазавецкі, жамойцкі, кіеўскі, валынскі, падляшскі, ліфляндскі. Спынілася абранне вялікага князя ВКЛ, яго пажыццёвае валоданне княствам. Выбіраўся адзіны сейм, які павінен быў склікацца толькі ў Польшчы. Уводзілася адзіная мытная прастора, грашовая адзінка, агульная знешняя палітыка. Усе жыхары РП мелі права набываць маёнткі і зямлю, уласнасць у любой частцы краіны. Скасоўваліся ўсе пастановы, законы, палажэнні якія супярэчылі уніі, а таксама асобны сейм ВКЛ. Прысягаць можна было аднаму Польскаму каралеўству. Такім чынам, Люблінская унія была гвалтам навязана ВКЛ палякамі на чале з Жыгімонтам ІІ, асабліва пасля анексіі і далучэння большасці тэрыторыі ВКЛ (Падляшша, Валынь, Падолля, Кіеўшчыны).
Унія – гэта анексія і інкарпарацыя ВКЛ у польскае каралеўства, пагроза поўнага акаталічвання і апалячвання, вынік цяжкага і складанага ўнутранага і знешнепалітычнага становішча ВКЛ у сярэдзіне ХVІ ст.: пагаршэння сацыяльна-эканамічнага стану, раскола грамадства па канфесійнай прыкмеце, пашырэння рэлігійнай барацьбы, здрады караля, аслаблення ВКЛ у выніку войнаў з крымскім ханствам і барацьбы ВКЛ за лівонскую спадчыну.

- История Беларусии
- История Беларусии
- История белого движения в России
- История Белого дома
- История Белогорска
- История белорусской журналистики
- История белорусской милиции
- История башкирского танца
- История башкирской нефти
- История Башкортостана
- История баяна
- История бега на средней и длинной дистанции
- История Беларуси
- История Беларуси