Літаратурны музей Максіма Багдановіча

Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры

Факультэт інфармацыйна-дакументных  камунікацый 
 
 
 
 
 

Рэферат на тэму:

“Літаратурны  музей Максіма  Багдановіча” 
 
 
 
 
 

                                                      Сцяпанаў  Алесь

                                                150 гр. 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Менск 2004

      Максім  Багдановіч – любімы паэт беларусаў, амаль усё сваё нядоўгае жыццё ён пражыў удалечыні ад Бацькаўшчыны і памёр на чужыне. Пры жыцці паэта выйшаў адзіны зборнік вершаў ”Вянок”.

      Постаць Максіма Багдановіча надзвычай  прыцягальная, у ёй шмат загадкавага. “Госцем з высокага неба” назваў Багдановіча Аркадзь Смоліч, палітычны і культурны дзеяч, вучоны-географ.

      У 1981 годзе была прынята пастанова  аб стварэнні музея Максіма Багдановіча  у Менску. Музей адчыніўся ў 1991 годзе, да 100-х угодкаў з дня  нараджэння паэта. Ён знаходзіцца ў двухпавярховым мураваным будынку на Траецкім прадмесці. Траецкае прадмесце – старажытны куток на левым беразе Свіслачы. З матэрыялаў раскопак вядома, што культурнае жыццё існавала тут з канца ХІІ ст. На Траецкай гары ў ХІУ ст. існаваў Узнясенскі манастыр і царква, у ХУІІ ст. – цэлыя кварталы забудоў.

      Галоўнай  вуліцай прадмесця была Траецкая, у ХІХ ст. перайменаваная у Аляксандраўскую (цяпер вуліца М. Багдановіча). На гэтай  вуліцы у доме Карказовіча, у канцы  ХІХ ст. месцілася І Менская  прыходзкая вучэльня, у якой працаваў настаўнікам бацька паэта – Адам Багдановіч. Першы паверх дома з вучэльняй быў мураваны. Настаўніцкая кватэра Адама Багдановіча на другім, драўляным, паверсе. Тут і нарадзіўся Максім Багдановіч.

      Дом не захаваўся. Верхні паверх яго згарэў пад час Другой сусветнай вайны, мураваная частка будынка разбурана пасля вайны.

      Літаратурны музей Максіма Багдановіча знаходзіцца  непадалёк ад таго месца, дзе нарадзіўся паэт. З вялікай спадчыны Максіма  Багдановіча ўласна мемарыяльных прадметаў  засталося няшмат: чатыры асобніка зборніка “Вянок”, арыгінальныя здымкі, рукапісны зборнік вершаў “Зеленя”, некалькі аўтографаў. Гэта каштоўныя здабыткі музея. Вялікі архіў паэта страчаны пад час Другой сусветнай вайны. Верагодна, ён апынуўся за мяжой. Зборы музея – гэта здымкі, дакументы, рукапісы, кнігі, рэчы, якія належылі сваякам і знаёмым Максіма Багдановіча, яго сябрам, экспанаты, перададзеныя іх нашчадкамі. 

      Ладная  частка экспанатаў сабрана дзякуючы руплівым пошукам і ахвярнай даследчыцкай працы бібліёграфа Ніны Барысаўны Ватацы. Музейныя калекцыі дапаўняюць тыпалагічныя прадметы часу, матэрыялы па багдановічазнаўстве і ўшанаванні памяці паэта.

      Выпадковы жылы дом, пазбаўлены мемарыяльнай абаяльнасці, напоўніўся новым зместам, у ім  створаны музей паэта. Музей сінтэзаваў жыццяпіс Максіма Багдановіча і яго мастацкі свет – адметны і непаўторны. “Хараство паэзіі Багдановіча ня ў сіле, не ў магутным творчым размаху, які выяўляецца, напрыклад, у Купалы, ня ў красачнасьці, сакавітасьці абразоў прыроды, чым так чаруе нас Колас. Багдановіч – паэт паўтонаў. Свае фарбы ён бярэ з паблеклых старадаўніх тканін, з малюнкаў сьветлых кніг, пісаных многа сот лет таму назад на пэргаменце, з засохшых красак родных палёў… Паўтоны ў фарбах, у гуках, у перажываньнях – вось асноўная рыса творчасьці Максіма Багдановіча. Яго ролю ў беларускай паэзіі прыраўнаваць да ролі таго, хто ўвёў у музыку паўтоны, хто на іх збудаваў новую гармонію”. Так пісаў пра паэзію Максіма Багдановіча крытык Антон Навіна (Антон Луцкевіч). 

      Мастацкі  свет паэта, увасоблены ў творчасці з дапамогай экспанатаў і мастацкіх сродкаў, адлюстраваны ў экспазіцыі. Краса і хараство даміныюць у аздабленні, стылізаваным пад “мадэрн” – кірунак у мастацтве канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Характэрныя рысы “мадэрну” – багатая арнаментыка, шырокае ўжыванне хваліста-ламанай лініі ў дэкоры.

      “Вянок” зяго паслядоўнай расстаноўкай цыклаў і тэм вызначыў пабудову экспазіцыі. У паэзіі Багдановіча кожная нізка  вершаў адлюстроўвае пэўнае кола тэм  і вобразаў. Так нізка “Узачараваным  царстве” – акно ў свет вобразаў і ўяўленняў беларускай міфалогіі, “Старая Беларусь” – люстэрка гістарычнага мінулага Беларусі з вобразамі Летапісца, Перапісчыка, Францішка Скарыны. Даследчык Іван Замоцін назваў паэзію Багдановіча “асяроддзем зачараваных люстраў”.

      Паспрабуем  зазірнуць у свет паэта, прачытаць  ягоны “Вянок” – кнігу адзінства  паэзіі і лёсу – праз вакно экспазіцыі.

      Нешырокая лесвіца з каванымі металічнымі  парэнчамі, упрыгожанымі раслінным  арнаментам, вядзе на другі паверх. На вокнах уздоўж лесвіцы вітражы  з сілуэтамі старога Менска. У цэнтры столі, зіхаціць у праменях зыркаа святла вялікая жырандоля у выглядзе пераплеценых вянкоў, струменяў і кропель дажджу.

      У першай зале музея адлюстраванв дзяцінства паэта, вытокі таленту, цыклы “Згукі Бацькаўшчыны” і “У зачараваным царстве”.

      Знаёмства з залай пачынаецца з маленства  на Беларусі. Экспазіцыю адкрывае мастацкая  рабрта Пятра Драчова “Менск 1891 года”, якая ўяўляе сабой рэканструкцыю  старажытнага цэнтра Менска – верхняга горада. Выгляд з Траецкай гары непадалёк ад месца нараджэння Максіма Багдановіча.

      Над панарамай  - герб Менска, які быў  нададзены гораду ў 1591 годзе. Асноўныя помнікі: Дамініканскі касцёл (ХУІІ ст.); касцёлы Бернардынаў і Бернардынак (ХУІІ ст.); катэдральны (езуіцкі, фарны) касцёл; святадухаўская (уніяцкая) царква (ХУІІ ст.), якая была перайменаваная ў 1799 г. у Петрапаўлаўскі сабор. У гэтым саборы хрысцілі Вадзіма Багдановіча – старэйшага брата Максіма. Ён нарадзіўся 19 сакаівка 1890 года, а 19 снежня – Максім. Маці выхоўвала дзяцей па спецыяльнай сістэме Фрыдрыха Фрэбеля, моднага у ХІХ ст. нямецкага педагога. У гэтай сістэме галоўным было самараскрыццё закладзеных у чалавеку сіл і здольнасцяў.

      Летам сям’я Багдановічаў пераехала ў  Гародню, дзе Адам Багдановіч атрымаў  новую працу ў Сялянскім пазямельным банку. Ён мусіў пакінуць працу настаўніка па стане здароўя.

        З жыцця ў Менску засталіся  літаральна адзінкі мемарыяльных  рэчаў. Да іх належаць кавярнік  бацькоў Максіма, якія былі  аматарамі кавы. Таксама попельніца, партманэт (гамэтка), кій Адама Багдановіча.

      У Горадні, як і ў Менску, у Багдановічаў збіралася шмат людзей, пераважна  інтэлігенцыя. Гучалі дэкламацыі літаратурных твораў, спевы, вяліся дыскусіі.

      Першая  катастрофа ў сям’і – у кастрычніку 1986 года у 27-гадовым узросце ад сухотаў памірае маці. Апошні здымак Марыі Апанасаўны з кароткай стрыжкай, пасведчанне аб смерці, выдадзенае Гарадзенскім Сафійскім Саборам, - памяткі сямейнай трагедыі.

      У 1991 годзе на магіле маці паэта у  Гародні ўстаноўлены помнік.

      Страта  маці стала для Максіма Багдановіча стратай радзімы: у лістапале 1896 года сям’я пераехала ў Ніжні Ноўгарад.

      Дамінанта І залі – стэнд з матэрыяламі  беларускіх фалькларыстаў (Я. Чачота, Е. Раманава, П. Шэйна), якія перадаюць  настрой першых цыклаў “Вянка”. У  цэнтры стэнда кніга – этнаграфічны нарыс Адама Багдановіча “Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов”. Гэта адна з настольных кніг Максіма. Кніга адкрывала паэту таямнічы і багаты свет уяўленняў і сузіранняў беларусаў.

      Кніга бацькі ў комплексе з вышываным  Марыяй Мякотай ручніком змешчана ў густоўна аздобленай скураной рамцы. Гэта экспанаты-сімвалы. Мастацкае афармленне залі: гіпсавая лепка на столі часткова паўтарае арнамент ручніка. Ручнік маці сімвалізуе памяць аб Бацькаўшчыне, шляхі Беларусі.

      У ніжнім Адам Багдановіч пазнаёміўся з Максімам Горкім. На працягу жыцця іх звязвала сяброўства. На пачатку 1899 года Адам Багдановіч ажаніўся з сястрой жонкі горкага Аляксандрай Волжынай. Але шлюб быў кароткі – пры канцы гэтага года Аляксандра памірае пры родах. Нарадзіўся сын, якога ў памяць аб маці назвалі Аляксандрам.

      Першым  настаўнікам Максіма быў бацька. У яго была вялізная бібліятэка, якой зайздросціў нават М. Горкі. Нажаль яна згарэла ў ліпені 1918 года падчас белагвардзейскага мецяжа ў Яраслаўлі. Невялікую частку збераглі і перадалі ў музей нашчадкі.

      Падчас  рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. Максім разам  са старэйшым братам Вадзімам спрычыніліся да гімназічных хваляванняў. Максім часова захапляўся анархізмам.

      Яшчэ  на пачатку вучобы ў гімназіі Максім напісаў свае першыя вершы па-беларуску і паказаў іх хроснай – Вользе Сёмавай. Пасведчанні бацькі, вершы былі чыста вучнёўскія. Цэнтрам увагі Максіма Багдановіча было нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі і яе маладая літаратура.

      У другой залі распавядаецца пра станаўленне творчай індывідуальнасці.

      Нізкі вершаў “Старая Беларусь” і “Места”. Яна адлюстроўвае літаратурны дэбют  у “Нашай ніве”, паездкі ў Вільню і Ракуцёўшчыну (філіял Літаратурнага  музея Максіма Багдановіча) летам 1911года, тэму нацыянальнага Адраджэння ў спадчыне паэта.

      Кампазіцыйным ядром экспазіцыі з’яўляецца своеасаблівы іканастас – графічны рад з 12 постацей рэлігійных і культурных дзеячоў  старажытнай Беларусі. Другі –  фатаграфічныя выявы беларускіх дзеячоў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Экспанаты-сімвалы – слуцкі пояс і Статут Вялікага княства Літоўскага (рэдакцыя 1588 года). Дарэчы, гэтая зала з пастаяннай экспазіцыі ўразіла мяне больш за ўсё. Сярод дзеячоў беларускай культуры, сучаснікаў Максіма, няма яго самога. Але, калі паглядзець у цэнтр, вышэй пояса і Статута – мы бачым Максіма. Такое выканнане экспаната вельмі захапіла мяне.

      У 1907 годзе ў газеце “Наша ніва” (№24) з’явіўся першы друкаваны твор Максіма Багдановіча “Музыка”. Апавяданне – своеасаблівы творчы маніфест паэта. У хуткім часе былі надрукаваны творы “Прыйдзе вясна”, “Ноч”, “На чужыне”, “Над магілай”. На першы твор “Музыка” звярнуў увагу украінскі літаратуразнаўца Іларыён Свянціцкі, вытрымкаю з апавядання ён пачаў раздзел у кнізе “Відроджэння білоруського пісьменства”.

      Максім  Багдановіч меў намер паступаць у Пецярбургскі універсітэт. Там пад кіраўніцтвам акадэміка А. Шахматава Максім мог цалкам прысвяціць сябе вывучэнню беларускай мовы, этнаграфіі, гісторыі. Але Адам Багдановіч не палічыў магчымым адпусціць сына ў Пецярбург па стане здароўя. Адыграла ролю і тое, што бацька не меў сродкаў вучыць адначасова двух сыноў у розных гарадах (Леў збіраўся паступаць у Маскоўскі універсітэт).

      Максім  мусіў паступаць у Дзямідаўскі  юрыдычны ліцэй у Яраслаўлі. А  летам 1911 года, перад пачаткам вучобы ў ліцэі ён наведвў Беларусь – Вільню і Ракуцёўшчыну. Яго запрасілі супрацоўнікі “Нашай нівы” – Іван і Антон Луцкевічы. Вацлаў Ластоўскі пісаў: “Максім Багдановіч прыехаў ў Вільню ўжо як актыўны свядомы прадстаўнік беларускага адраджэння, глыбей сягаючы думкай у будучыню нашага народу, чым мы, працаўнікі, згрупаваныя ў цэнтры”.

      Непрацяглы  час знаходзіўся Максім Багдановіч у Вільні – па дарозе ў Ракуцёўшчыну і назад. Вільня ўразіла паэта, ён захапіўся і касцёлам св. Ганны, і  вуліцамі Вільні, пра якія сказаў не ў адным сваім вершы з нізкі “Места”, і Вострай Брамай. Ні Яраслаўль, ні Ніжні, нават ні Менск і Гародня, а Вільня – старая беларуская сталіца – першы і адзіны урбаністычны матыў у паэзіі М Багдановіча.

      З Вільні ў Ракуцёўшчыну паэта суправаджалі Антон і Іван Луцкевічы (альбо адзін з іх). Фальварак належыў збяднеламу шляхціцу Вацлаву Лычкоўскаму – роднаму дзядзьку братоў Луцкевічаў. Там паэт слухаў родную мову – сакавітую маладэчанскую гаворку, жніўныя песні, байкі, жарты, хадзіў палявымі і ляснымі дарогамі, фіксаваў кожнае трапнае слова, кожную фактурную рысу побыту,адзення і характару землякоў. На ціхай ракуцёўскай вуліцы ён сустрэў дзяўчынку – “упэцканую і хілую і худую”, у абліччы якой адчуў “штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі стараўся выявіць праз Маці Божай лікі”. “Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця” – так назваў паэт гэты час. Ракуцёўскі творчы “даробак” – гэта цыклы вершаў “Старая Беларусь” і “Места”, а таксама дзве паэмы “Вераніка” і “У вёсцы” (нізка “Мадонны”).

      У трэцяй зале выстава апавялае пра  росквіт творчага таленту Максіама Багдановіча. Дзве асноўныя дамінанты – зборнік “Вянок” на асобным стэндзе і стэнд-ніша з экспанатамі, у якіх увасоблена творчае крэда “песняра чыстае красы”.

      Паэзія  Максіма Багдановіча была нетрадыцыйнай  для маладой беларускай літаратуры. Першыя вершы, якія ён дасылаў у “Нашу ніву”, не былі прыняты пісьменнікам Ядвігіным Ш., ён ахрысціў іх “дэкадэншчынай”, а Аляксандр Уласаў, выдывец “Нашай нівы”, спісаў у архіў. Толькі дзякуючы Янку Купалу былі надрукаваны вершы “Над магілай” і “Прыйдзе вясна”.

      Вершы, адпраўленыя ў архіў, “выцягнуў  на свет” таленавіты публіцыст Сяргей Палуян. У хуткім часе вершы Багдановіча  пачалі друкаваць, і праз некаторы час  усе супрацўнікі “Нашай нівы”, апроч  Ядвігіна Ш., прызналі паэтычны талент Багдановіча. У Сяргея Палуяна з Максімам Багдановічам завязалася ліставанне і завочнае сяброўства. Адзіны прыжыццёвы зборнік Багдановіча “Вянок” мае прысвячэнне “На магілу С. Е. Палуяну”. Апрача таго паэт прысвяціў Палуяну два вершы – “Ты быў як месяц адзінокі” і “Глянь, як зорка ў небе ляціць”.

      Характарызуючы  жыццё свайго сына ў студэнцкія гады, Адам Багдановіч казаў, што Максім вёў  жыццё сіратлівае, адданае літаратуры і навуцы. У цэнтры гэтага ціхага кабінетнага жыцця – кнігі. Той  літаратурны вобраз Максіма-Кніжніка, якому паэт прыпісвае свой “Апокрыф”, сімвалізуе захапленне кнігамі. Ён, вядома, сам быў гэтым Максімам-Кніжнікам. Па сведчанні гімназіста сябра Дыядора Дзябольскга, на стале знаходзіўся “нязменны беларускі слоўнік Насовіча”.

      Зварот  Багдановіча да Беларушчыны і рыцарскае слугаванне ёй лічаць той загадкай , якая не разгадана. Атмасфера тыпавой інтэлігенцкай сям’і, дзе панавала расейская культура, расейскамоўнае асяродде – акалялі паэта.

      Пробліскі разгадкі  - дзяцінства ў вёсцы  Вяззе, дзе вясной і летам 1895 года жыла са сваімі сынамі Вадзімам, Максімам і Лёвам – Марыя Багдановіч, дзе ўпершыню Максім судакрануўся з жывым беларускім словам. У той беларускай атмасферы, якую Максім адчуў у Ніжнім Ноўгарадзе ў сем’ях цётак Марыі і Магдалены. У кніжных крыніцах і ўплывах бацькі,  а таксама асобаш звязаных з Бацькаўшчынай.

      Нетрадыцыйная, і ў той жа час блізкая кожнаму, паэзія Багдановіча – няўлоўная  і кранальная. Яна нікога не пакідае  безуважным.

      Наватарства Максіма Багдановіча праявілася ў тым, што ён актыўна распрацоўваў такія складаныя, вядомыя ў еўрапейскай паэзіі, формы вершаў, як трыялет, ронда, санет, нават, класічныя японскія пяцірадковыя вершы – танку. Стэнд-ніша, у якім увасоблена творчае крэда “песняра чыстае красы”, вельмі актыўная па сваім уздзеянням дзякуючы насычанасці і эстэтычнаму паказу экспанатаў. Здымак Максіма Багдановіча 1911 года – цэнтры нішы, з двух бакоў ад яго “Наша ніва” з “Апавяданнем аб іконніку і залатару” і “Калядная пісанка” з апавяданнем “Апокрыф”. “Евангеллем мастацтва” назваў “Апокрыф” Багдановіча крытык Антон Луцкевіч (Навіна). Рэпрадукцыя гравюры “Хрыстос, які пастукаўся” (ХІХ ст.), што належыла самаму блізкаму сядру паэта – Дыядору Дзябольскаму, становіцца экспанатам-сімвалам. Гэта ілюстрацыя да “Апокрыфа” – стылізаванага апавядання, напісанага у форме евангельскіх прыповесцяў. У “Апокрыфе” кананізавана думка Багдановіча аб найвышэйшай каштоўнасці хараства ў жыцці.

      Зала  пятая – Мадонны – адрозніваецца  ад папярэдніх не толькі сваёй тэматыкай, але і ўвядзеннем двух інтэр’ерных вузлоў з асабістымі рэчамі Ганны Гапановіч і Ганны Какуевай.

      Промні  дзённага святла трапляюць у залу праз поліхромныя (светлых колераў) вітражы з выявамі каласоў  і васількоў. Крыжовая кампазіцыя, утвораная  лепкай на столі (цёмна-малінавы) крыж), падзяляе залу на тры ўмоўныя часткі і яднае дамінанты залі і гравюру “Сікстынская Мадонна”; рукапісны зборнік “Зеленя”, првсвечаны Нюце Гапановіч (у авальнай з пазалотай нішы); партрэт Ганны Какуевай. Крыж на столі злучае гравюру са зборнікам “Вянок” у трэцяй зале, яны знаходзяцца на адной экспазіцыйнай лініі.

      Мадонна – адзін з цэнтральных вобразаў у творчасці М. Багдановіча, ён адлюстраваны ў паэмах “У вёсцы”, “Вераніка” у  цыкле “Каханне і смерць” ды іншых. Мадонна для Багдановіча  – гэта Маці-Беларусь, крыніца натхнення. “Маці-краіна” Беларусь і родная маці паэта былі непарыўна звязаны  ў свядомасці паэта. Любоў да маці, якую Багдановіч так рана страціў, памяць пра яе прыцягвалі яго ўвагу да зямлі продкаў, да Радзімы. Пад гравюрай “Сікстынская Мадонна” сімвалічна змешчаны здымак Марыі Багдановіч з Максімам (1892 – 1893).

      У паэзіі Максіма Багдановіча вылучаецца цыкл “Каханне і смерць”, які не ўвайшоўу зборнік “Вянок”. Тэму гэтага цыкла, паводле І Замоціна, можна  акрэсліць формулай “маці і дзіця”.

      Пачуццё кахання ў паэта рэдка межавалася з радасцю і ўзнёслым настроем, хутчэй яму спадарожнічаў сум, боль часам – меланхолія.

      Цыкл  Мадонны прысвечаны Ганне Какуевай. Сярод мемарыяльных рэчаў вылучаецца вялікі партрэт Ані ў маленстве.

      Адна  з паэм Максіма Багдановіча мае  назву “Вераніка” – па імені маленькай дзяўчынкі Веранікі Залатаровай, пляменніцы Дыядора Дзябольскага. Паэт веджаў яе з моманту нараджэння (1909 г.), гуляў з ёй, прыносіў падарункі, прысвяціў некалькі вершаў.

      Сярод здымкаў, дакументаў, асабістых рэчаў  Ганны Гапановіч цэнтральнае месца належыць рукапіснаму зборніку “Зеленя”. У хуткім часе пасля выхаду ў свет зборніка “Вянок” Максім Багдановіч падараваў адзін з асобнікаў сваёй стрыечнай сястры. Паэтычную вартасць зборніка Нюта ацаніць не магла, бо не ведала беларускай мовы. Максім выбраў з “Вянка”, з рукапісаў, з твораў, апублікаваных у перыёдыцы, 22 вершы іх на расейскую мову, а сшытак перакладаў назваў “Зеленя”.

      На  століку каля кутняга стэнда са здымкамі цёткі Марыі ў беларускім народным адзенні і маленькай Наташай Кунцэвіч экспануецца дзіцячая цацка – мядзьведзь Васенька. Гэтага мядзьведзіка 22-гадовы Максім Багдановіч падараваў Наташы – унучцы цёткі Магдалены.

      З 1912 года Максім Багдановіч пачаў працаваць  над беларускім лемантаром для дзяцей. А падчас жыцця ў Менску (кастрычнік 1916 – люты 1917) разам з Аркадзем Смолічам і Людвікай Сівіцкай рыхтаваў чытанку для падрыхтоўчай школы. Максім вельмі любіў дзяцей. Дарэчы, дом Змітрака Бядулі, дзе жыў у Менску Багдановіч, з’яўляецца , як і ўзгаданая вышэй Ракуцёўшчына, філіялам Літаратурнага музея М. Багдановіча “Беларуская хатка”, адметнай рысай якой з’яўляецца “Батлейка”, якая захавалася з тых часоў.

      Апошняя зала прысвечана смерці паэта, яго не здзейсненым задумам. Атмасфера  трагізму апошніх месяцаў жыцця  паэта, нязбытнасць мар і жаданняў у пятай зале перадаюцца праз сімволіку экспанатаў і складанае мастацкае вырашэнне. У параўнанні з папярэднімі, гэтая зала меньш насычана экспанатамі. Лепка і металічная аздоба на столі і сценах праз ідэю і вобраз Страціма-Лебедзя адлюстроўваюць тэму няздзейсненых задум.

      Паміраў Багдановіч, як і жыў, адзінока, на чужыне, ноччу 25 траўня.

      Засталася кніга “Вянок” – сімвал недарэмна  пражытага жыцця – з кароткім вершам-развітаннем.

                  У краіне светлай, дзе  я ўміраю,

                  У белым доме ля сіняй бухты,

                  Я не самотны, я кнігу  маю

                  З друкарні пана Марціна  Кухты.

      Памінальную службу адправілі ў саборы Аляксандра Неўскага. На магіле паставілі белы крыж. Адам Багдановіч, прыехаўшы ў  Ялту па тэлеграме, наведаў магілу, забраў архіў сына.

      Гадзіннік паэта, які адлічыў апошнія хвіліны  ягонага жыцця, падараваны Максіму  бацькам пасля заканчэння гімназіі, экспануецца пад партрэтам.

                  Пралятайце  вы, дні,

                  Залатымі  агнямі.

                  Скончу  век малады – 

                  Аблятайце цвятамі.

                                    1917 г.

      Сумны лёс маладога паэта не мог мяне не ўразіць. На мой погляд, Літаратурны музей Максіма Багдановіча - самы прыгожы ў Менску. У дадатак да, апісанай вышэй каплічкі, якая найбольш мне спадабалася, хачу адзначыць прыгажэнныя жырандолі, якія былі зроблены Э. К. Агуновіча.

      Да  недахопаў магу аднесці толькі тое, што часовая экспазіцыя выстаўляецца вельмі рэдка, з якой-небудзь нагоды, а таксама, што нам не была паказана “Батлейка” ў “Беларускай хатцы”.  

Літаратурны музей Максіма Багдановіча