Нацыянальныя рэлигии

3. НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ  РЭЛІГІІ

Нацыянальныя рэлігіі  – гэта рэлігіі таго ці іншага народа. Чалавек робіцца паслядоўнікам  гэтых рэлігій ужо ў сілу свайго нараджэння. У нацыянальных рэлігіях існуе моцная сувязь паміж нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасцю: лічыцца, што ўсе члены народа з’яўляюцца адначасова і прыхільнікамі “яго рэлігіі”. Адмаўленне ад гэтай рэлігіі фактычна азначае разрыў са сваім народам. Нацыянальныя рэлігіі зараз існуюць ў шэрагу краін, прыхільнікі ўспрымаюць іх перш за ўсё як  неад’емную частку нацыянальнай культуры.

3.1 РЭЛІГІІ  ІНДЫІ

Індыя дае прыклад  багатай і складанай рэлігійнай традыцыі, якая налічвае амаль 4 тысячагоддзя. Трэба адзначыць, што індыйская  культура вельмі своеасаблівая і  істотна адрозніваецца ад еўрапейскай. Сутнасная яе характарыстака – містыцызм і сузіральнасць. Асноўнымі нацыянальнымі рэлігіямі сучаснай Індыі з’яўляюцца індуізм, джайнізм і сікхізм. Але каб зразумець іх спецыфіку, як і спецыфіку духоўнай культуры Індыі ў цэлым, трэба разледзець тыя рэлігіі, якія існавалі ў старажытнай Індыі, а менавіта, ведызм і брахманізм.

3.1.1 ВЕДЫЗМ  І БРАХМАНІЗМ

Ведызм, альбо рэлігія Вед узнік у другой палове ІІ тыс. да н.э. у выніку ўзаемадзеяння вераванняў і абрадаў мясцовых плямён і рэлігіі арыяў, якія ў сярэдзіне П тыс. да н.э. заваявалі Індыю. Сваю назву ён атрымаў ад чатырох зборнікаў рэлігійных гімнаў і заклінанняў, -- Ведаў (Рыгведа, Самаведа,  Яджурведа, Атхарваведа). У ведызме налічвалася 3399 багоў, у якіх увасабляліся сілы прыроды. Устойлівай іерархіі, а таксама дакладнага раздзялення функцый паміж багамі спачатку не існавала. Найбольш часта ў Ведах   узгадваюцца: Індра -- бог буры, Сур'я -- бог сонца, Агні -- бог агню і інш. Узаемадзеянне з багамі адбывалася шляхам ахвярапрынашэнняў раслін і жывел, якія ажыццяўлялі жрацы ад імя ўсяго грамадства. Найбольш каштоўнай ахвярай лічыўся чалавек, далей ішлі конь, бык, баран, казёл. Ахвяры кідаліся ў агонь, лічылася, што разам з дымам яны ўзнімаюцца на неба, дзе знаходзяцца багі. У перыяд ведызму храмаў яшчэ не існавала. Для ахвярапрынашэнняў будаваліся капішчы.

У VШ ст. да н.э. на грунце ведызму ў Індыі ўзнікае брахманізм. У гэты перыяд індыйскае грамадства канчаткова падзяляецца на чатыры класы людзей -- варны (слова "варна" азначае “колер”.  Справа ў тым, што заваёўнікі -- арыі і мясцовае насельніцтва належалі да розных рас: першыя -- да еўрапеоіднай, другія – да негроіднай). Існавала варна брахманаў (вучоныя, жрацы, настаўнікі) кшатрыяў (воіны, правіцелі, знаць), вайш'яў (земляробы, рамеснікі, гандляры) і шудр (рабоў і слуг). Былі таксама людзі, якія знаходзіліся па-за межамі варн – недатыкальныя. Яны выконвалі самую брудную работу, і адзін толькі дотык да іх мог апаганіць. Варны былі замкнутымі ўтварэннямі. Забараняліся шлюбы і сумеснае прыняцце ежы паміж прадстаўнікамі розных варн, кантактаваць можна было толькі х межах сваёй варны. Годнасць чалавека цалкам вызначалася яго варнавай прыналежнасцю, унутраны свет альбо асабістыя якасці не ўлічваліся. У далейшым варны падзяляліся на больш дробныя ўтварэнні -- касты (ад парт.- род, від, парода). Зараз у Індыі каля трох тысяч каст.        

Варна брахманаў займала  ў старажытнаіндыйскім грамадстве вядучыя пазіцыі. Толькі брахманы маглі ажыццяўляць ахвярапрынашэнні, служылі дарадцамі ў цароў, тлумачылі Веды, валодалі манаполіяй у галіне адукацыі. Менавіта ад назвы гэтай варны, а таксама ад каменарыяў да Вед, якія называліся Брахманы, пайшоў тэрмін "брахманізм".              

У гэты перыяд значна ўскладняюцца рытуалы, пачынаецца будаўніцтва храмаў, у якіх адбывалася богаслужэнне. Ахвярапрынашэнні жывёл і раслін паступова замяняюцца больш сімвалічнымі формамі шанавання багоў: вешаннем на іх выявы гірляндаў з кветак, курэннем духмяных рэчываў, запальваннем свяцільнікаў і ўзліваннем вады. Гэтыя дзеянні часта суправаджаліся танцамі, музыкай, спяваннем эпічных паэм.

У веравучэнні адбываецца паслядоўнае ўзвядзенне шматлікасці  з'яў бачнага свету да нейкай адзінай  сутнасці, а таксама ўпарадкаванне  касімагоніі і тэалогіі. У пантэоне на першы план выходзіць бог Праджрапаці, які ў Ведах займаў другараднае месца. Ён робіцца галоўным богам і айцом усіх багоў, першаасновай усяго існага, стваральнікам Сусвету і захавальнікам яго.

У брахманізме канчаткова фарміруюцца палажэнні, якія акажуць  істотны ўплыў не толькі на рэлігіі Індыі, але і на індыйскую культуру ў цэлым.

У аснове веравучэння  брахманізму ляжыць уяўленне аб дхарме (ад санскр. "трымаць") – безасабовым усеагульным і вечным парадку, які ўтрымлівае і захоўвае Сусвет як адзінае цэлае. Усё падпарадкоўваецца дхарме: багі, прырода, людзі. Дзякуючы ей устанаўліваецца месца кожнай з'явы, кожнай часткі Сусвета ў цэлым.

У ведызме вучэнне  аб дхарме мела касмалагічны характар -- яна разумелася як парадак Сусвету. У брахманізме гэтае вучэнне набывае этычнае гучанне. Дхарма разумеецца як абавязак чалавека і саслоўя, да якога апошні належыць. А паколькі ў кожнага саслоўя і чалавека сваё прызначэнне  і абавязак, то гэты абавязак рэалізуецца ў розных, нават супрацьлеглых адзін аднаму  ўчынках: што для аднаго з'яўляецца добрым, тое для іншага -- грэх. Напрыклад, кшатрыі павінны ваяваць, брахманы -- вучыць, шудры -- падпарадкоўвацца.

Важнае месца ў брахманізме  займае вучэнне аб перасяленні душ (сансара). Згодна  яму пасля смерці душа чалавека не знікае, але перасяляецца ў іншую істоту альбо прадмет. Такім чынам, душа з'яўляецца бессмяротнай, існуе кругазварот яе перараджэнняў, які падпарадкоўваецца закону кармы. Пад кармай разумеецца агульная сукупнасць учынкаў кожнай жывой істоты і іх вынікаў, якія вызначаюць характар яе новага нараджэння і існавання. Добрая карма (калі, пераважаюць станоўчыя ўчынкі) гарантуе ўдалае далейшае перараджэнне: у новым жыцці чалавек будзе брахманам альбо князем. Сярэдняя карма (калі колькасць добрых і злых учынкаў аднолькавая) дае магчымасць адрадзіцца прыкладна ў той жа якасці.  Кепская карма (пераважаюць злыя ўчынкі) прыводзіць да таго, што чалавек адраджаецца ў больш нізкай варне альбо, нават, жывёлай. Лічылася, што за крадзёж зерня чалавек рабіўся пацуком, малака -- варонай, мёду – камаром. За свае дрэнныя ўчынкі чалавек у будучым жыцці мог перацярпець тыя ж пакуты, якія ён прычыняў іншым людзям. Напрыклад, калі ён крыўдзіў свою жонку, дык мог стаць жанчынай, у якой будзе вельмі злы муж, калі кагосьці забіў -- можа быць сам забіты і г.д.

Лічылася, што ёсць людзі, якія не падпарадкаваны закону кармы. Гэта тыя нешматлікія, хто адмовіўся ад мірскога жыцця і зрабіўся аскетам-пустэльнікам. Аскетычны рух набывае ў перыяд брахманізму шырокае распаўсюджванне. Менавіта ў асяроддзі аскетаў у VII – VI стст. да н.э. былі сфармаваны Ўпанішады -- філасофскія тэксты, палажэнні якіх аказалі вялізны ўплыў на далейшае духоўнае жыццё Індыі. Сам тэрмін “упа-ні-шад” аначае "сядзець каля", гэта значыць быць каля ног настаўніка і ўважліва слухаць ягоныя словы.  Лічылася, што вучэнне Ўпанішад з'яўляецца тайным і даступным толькі абраным.

Ва Ўпанішадах бог-стваральнік  Праджапаці трасфарміруецца ў Брахмана -- вышэйшую абсалютную рэчаіснасць, ілюзорным адлюстраваннем якой з'яўляецца наш бачны свет. Мэтай рэлігійнага жыцця лічылася зліццё індывідуальнай душы, якая называлася Атман, з Брахманам. Дасягаецца гэта праз аскетычную практыку, а тааксама праз асэнсаванне ілюзорнасці бачнага свету і дасягненне мокшы (“збаўлення”, “вызвалення”), якая азначае выхад з кола перараджэнняў, пазбаўленне ад усякай зменлівасці.

Філасофскія сістэмы брахманізму стварылі ў сярэдзіне І тысячагоддзя да н.э. трывалую падставу для з'яўлення шырокага кола людзей, якія шукалі выратавання і збаўлення (мокшы) у аддаленні ад людзей, адмаўленні ад усяго матэрыяльнага і канцэтрацыі ўвагі і намаганняў на вызваленні ўнутранага духоўнага "Я". Сярод іх было шмат выхадцаў з небрахманскіх слаёў насельніцтва, але сам факт  паходжання рабіў гэтых людзей як бы непаўнавартаснымі паслядоўнікамі таго ці іншага вучэння, бо ўсе вышэйшыя веды былі сканцэнтраваны ў руках  брахманаў. Вынікам гэтага з'явілася імкненне выпрацаваць новае вучэнне, альтэрнатыўнае мудрасці брахманаў, прызначанай толькі для нямногіх. Гэта з’явілася з’яўлення ў Індыі такіх рэлігій як джайнізм і будызм.

3.1.2 ДЖАЙНІЗМ

Рэлігія Індыі, узнікненне якой адносіцца да 6 ст. да н.э., Колькасць прыхільнікаў зараз складае прыкладна 5 млн. чалавек.

Заснавальніка джайнізму  быў выхадзец з сям’і кшатрыяў Вардхамана, які з’яўляецца гістарычнай  асобай. Спачатку ён вёў звычайнае  жыццё. Ва ўзросце 30 гадой заняўся  духоўнымі пошукамі, праз дванаццаць год “дасягнуў вышэйшых ведаў” і стаў выдомы пад імём Джына (Пераможца) альбо Махавіра (вялікі герой).  Яго лічаць апошнім з 24 ціртханкараў (“тых, хто знайшоў брод” – гэта значыць, тых, хто здолеў выйсці з кола сансары і тым самым дасягнуць абсалютнага выратавання).

Джайнізм з’явіўся як вынік саперніцтва паміж брахманамі і кшатрыямі за духоўнае кіраўніцтва  ў грамадстве.Менавіта ў касце  кшатрыяў з’явілася незадаволенасць  панаваннем варны брахманаў, якія прысвоілі  сабе выключнае права прадпісваць формы паводзін усім астаннім варнам, права рэгуляваць духоўнае жыццё краіны. Адчуваючы сябе абыйдзенымі, кшатрыі пачалі праяўляць усё большую цікавасць да праблемам пабудовы свету, сэнсу і мэты жыцця чалавека.

Ад брахманізму джайнізм успрыныў канцэпцыю сансары, кармы і мокшы. Ён з’яўляецца палітыістычнай рэлігіяй, у джайнізме прызнаецца існаванне шматлікіх багоў і сцьвярджаецца, што свет не з’яўляецца боскім творам, ён вечны і незнішчальны. Яму ўласцівы пастаянныя цыклы развіцця, з перыядамі ўзнікнення, роста і заняпаду. Багі не валодаюць якой-небудзь рэальнай уладай над прыродай і людзьмі. Самі яны адрозніваюцца толькі вельмі доўгім жыццём, але таксама як і людзі падпарадкаваны сансары і карме.

У джайнізме няма супрацьпастаўлення матэрыяльнага і духоўнага. Адно з яго асноўных паняццяў – джыва (душа). Яна ўласціва людзям, жывёлам, раслінам, камяням. Лічыцца, што джыва ёсць ва ўсім. З гэтага вучэння ў джайнізме ўзнікае прынцып ахімсы – не прычынненне зла жывому ў любой форме. Джайны – не проста вегетарыянцы, яны нават не ўжываюць у ежу плады, дзе шмат сямян, бо апошнія – носьбіты новага жыцця.

Джыве супраць стаіць аджыва (нежывое, неадушаўлённае, матэрыяльны  пачатак).  Згодна з вучэннем джайнізму, увесь свет складаецца з джывы  і аджывы. Праз карму душа аб’ядноўваецца з матэрыяй і праяўляеца ў форме жывых істот: раслін, жывёл, чалавека, бостваў. Прычым, у гэтым шэрагу чалавек – ключавое звяно, бо толькі ён можа спыніць дзейнасць закона кармы і дасягнуць вызвалення.

Тытул “джына” ў гэтай  рэлігіі, ад якога яна і атрымала сваю назву, прысвойваецца тым настаўнікам веры, якія здолелі перамагчы свае слабасці, страсці, дрэнныя ўчынкі, зямныя прывязанасці і дасягнуць вызвалення ад сансары.

Шлях вызвалення ўключае, згодна з вучэннем джайнізму, “тры скарбы”:  Першае – гэта “дасканалы погляд” – здольнасць бачыць свет такім, якім ён прадстаўлены ў вучэнні Джыны, поўнае перакананасць у ісціннасці вучэння, сапраўдная вера ў кожнае слова дактрыны. Адэпт павінен адкінуць усе сумненні і накіраваць сваю свядомасць на выкананне палажэнняў  веравучэння, яшчэ да таго, як ён іх асэнсаваў, выходзячы з таго, што “так трэба”. Другое – “дасканалае пазнанне” – спасціжэнне сапраўднай сутнасці душы і навакольнага свету, пераадоленне няведання, якое з’яўляецца асноўнай прычынай “зямных страсцей і жаданняў”, вывучэнне джайнсцкай карціны свету, а таксама тэорый аб джыве, карме, ціртханткарах і г.д. Лічыцца, што неабходнай умовай гэтага з’яўляецца адмаўленне ад канцэнтрацыі свядомасці на сваім “Я”  Трэццяе – “дасканалыя паводзіны”-- прадугледжваецца выкананне пяці асноўных абавязкаў: не рабіць шкоды жывому (ахімса), не красці (асцья), не блудзіць (брахмачар’я) не сцяжаць (апарігракха), быць шчырым і стрыманым у размовах (сацья). Строгасць гэтых абетаў прывяла да таго, што ў першапачатковым джайнізме лічылася, што дасягнуць вызваленне могуць толькі манахі-пустэльнікі, якія цалкам парвалі сувязь са звычайным жыццём. Пасля склад суполкі джайнаў пачаў павялічвацца за кошт тых міран, якія спачувалі аскетам і падтрымлівалі іх матэрыяльна, а таксама жрацоў, якія кіравалі міранамі.

Сярод джайнісцкіх аскетаў  ёсць дзве асноўныя групоўкі: дзігамбараў (“апранутыя ў паветра”) і шветамбараў (“апранутыя ў белае”). Першыя прапаведуюць скрайні аскетызм. Яны адмовіліся ад адзення наогул, адкуль і пайшла іх назва. Ежу яны прымаюць адзін раз у дзень, праз дзень і нават радзей. Лічаць, што жанчына не можа дасягнуць прасвятлення, бо ў яе для гэтага няма сілаў. Шветамбары  не падзяляюць такія скрайнія погляды Яны носяць белае адзенне. Жанчыны ў іх таксама “маюць права на нірвану”. Паступова склаўся вобраз джайна – аголены ў марлевай павязкай, якая закрывае рот і з невялікай мяцелкай, якой ён мяце дарогу перад сабой, -- каб раптам не праглынуць альбо не раздавіць якую-небудзь жывую істоту. Ноччу манах не можа разводзіць вогнішча, як бы ні было халодна, бо ў агні могуць загінуць матылі. І наогул яму забаронена хадзіць альбо што-небудзь рабіць ноччу, таму што ў цемры ён можа выпадкова зрабіць шкоду якойсці жывой істоце.

Джайны, якія не разарвалі  са светам, жывуць суполкамі, у якіх вядуць строга аскетычны вобраз жыцця. Пастаянна займаюцца самаўдасканальваннем пад жорсткім самакантролем, упэўненыя ў тым, што гэта дапаможа ім дасягнуць стану мокшы. Сябры суполкі прытрымліваюцца строгай манагаміі, самі суполкі эндагамныя – шлюбы ажыццяўляюцца толькі ў іх межах. Сацыяльны склад суполкі джайнаў вызначаецца вучэннем гэтай рэлігіі, таму сярод іх няма сялян, праца якіх звязана з нанясеннем шкоды жывому. Джайны спрадвеку жылі ў гарадах, іх заняткамі былі рамяство, гандаль,  ліхвярства. Сумленнасць джайнаў, дакладнасць іх працы, дазвалялі ім займаць такія сацыяльныя пазіцыі, як зборшчыкі падаткаў і г.д. Усё гэта прывяло да ўзнікнення фінансавага капіталу джайнаў, не маленькага і вельмі ўплывовага  сацыяльна.Зараз джайны займаюць вядучыя пазіцыі ў фінансава –эканамічным жыцці Індыі. Заможныя джайны таксама вядуць вельмі сціплае асабістае жыццё, і таму яны трацяць сваі грошы на падтрымку мастацтва і навукі, выданне кніг, у першую чаргу – джайнісцкіх, на дапамогу студэнтам, будаўніцтва храмаў, школ, прытулкаў для бедных і г.д.

3.1.3 ІНДУІЗМ

Індуізм – трэцця па колькасці  паслядоўнікаў рэлігія ў свеце  пасля хрысціянства і ісламу. Зараз  яго вызнаюць больш 1 млрд. чалавек, з якіх больш  950 млн. жывуць у Індыі  і Непале. Таксама індуізм распаўсюджаны ў Бангладэш, Шры-Ланцы, Пакістане, Інданейзіі, Малайзіі, Сінгапуры. Шмат прыхільнікаў гэтай рэлігіі жывуць у Велікабрытаніі, Канадзе і ЗША.

Індуізм узнік як вынік  трансфармацыі брахманізму ва ўмовах распаўсюджвання джайнізму і  будызму. Імкнучыся ўтрымаць свае пазіцыі, брахманы прыстасоўваліся да новых умоў, уключаючы ў свае вераванні палажэнні, якія раней былі для іх чужымі. Вучэнне ведызму і брахманізму былі пераапрацаваны пад уздзеяннем як даарыйскіх уяўленняў, так і джайнізму і будызму. Такам чынам у канцы І тысячагоддзя да н.э. склаўся комплекс разнародных рэлігійных уяўленняў. Якія не ўступалі ў яўную супярэчнасць з Ведамі, але больш адпавядалі новым умовам жыцця. Так паступова ўтварылася тая сукупнасць вераванняў і абрадаў, якую пазней сталі называць індуізмам. У пачатку нашай эры індуізм і будызм развіваліся ў Індыі паралельна, і іх палеміка была галоўным рахавіком гэтага развіцця.У IV--VI стстс. індуізм зрабіўся пануючай рэлігіяй у краіне, выіграўшы саперніцтва ў будызму і джайнізму. Будызм быў амаль цалкам выціснуты за межы краіны. Што тычыцца джайнізму, то ён у сілу сваёй патрабавальнасці – рэлігія нешматлікіх, прыкладна 0,5 % насельніцтва Індыі.

Сама назва “індуізм”  узнікла прыкладна ў пачатку 13 ст н.э. у сувязі з імкненнем мусульманскіх заваёўнікаў вызначыць розніцу паміж верай індыйцаў і ісламам. “Індуізм” – персіцкі эквівалент слова “індыец”. Самі прыхільнікі называюць сваю рэлігію “санатана дхарма” – “вечны закон” альбо “вечнае вучэнне”, падкрэсліваючы па-за зямное паходжанне іх вераванняў, узнікшых ў выніку боскіх адкрыццёў.

У індуізме існуе вялікая  колькасць свяшчэнных тэкстаў, якія ствараліся на працягу тысячагоддзяў. Найбольшым аўтарытэтам карыстаюцца  Веды і Ўпанішады. Да іншых тэкстаў  адносяцца Пураны (“старажытныя паданні”) – тэксты, якія ўтрымліваюць уласна індуісцкую міфалогію, і старажытнаіндыйскія паэмы “Махабхарата” і “Рамаяна”.

У індуізма няма заснавальніка  і няма прарока. Таксама няма духоўнай іерархіі і абавязковага набору палажэнняў веравучэння. Значэнне надаецца хутчэй вобразу жыцця, а не вобразу думак. Індуізм – аснова традыцыйнага спосабу жыцця большасці індыйцаў. Зараз у Індыі не ўсе, хто нарадзіўся індусам, вызнае індуізм, але лічыцца, што яны індусы, таму, што нарадзіліся індусамі.

Даць азначэнне індуізму вельмі цяжка па прычыне вялікай разнастайнасці тых традыцый і вераванняў, якія ў яго ўваходзяць. Насельніцтва Індыі – не аднанароднае. Па-першае, кожны індыец належыць да той ці іншай касты, якая ажыццяўляе абрады ў адпаведнасці са сваім палажэннем у грамадстве. Па-другое Індыя – шматнацыянальная краіна. Зараз у ёй налічваецца больш за 500 народнасцяў і плямёнаў Апроч таго, кожная мясцовасць мае сваю мову і традыцыі, і, адпаведна, рэлігійныя вераванні і абрады.

Як правіла, тэрмінам “індуізм” абазначаюць сукупнасць рэлігійных кірункаў, якія грунтуюцца на Ведах. Але гэта не абавязкова – некаторыя кірункі, якія адносяцца да індуізму, не прызнаюць свяшчэнны характар Вед, але прызнаюць тых жа багоў, якія ўзгадваюцца ў Ведах, і прытрымліваюцца асноўных маральных прынцыпаў, што і іншыя кірункі ў індуізме.  Такім чынам індуізм больш адэкватна абазначыць не як адзіную рэлігію, а як сукупнасць рэлігій і традыцый. У індуізме адсутнічая адзіная сістэма вераванняў і агульная дактрына.  Немя ў ім таксама цэнтралізаванага органа кіравання.

Нягледзячы на гэта, індуізм  мае сваю ўласную спецыфіку, якая вылучае яго сярод іншых рэлігій. 

Да агульных падажэнняў індуізму адносяцца:

  • Прызнанне існавання Брахмана  як Абсалюта, які арганізуе сусвет;
  • Прызнанне Атмана – часціцы Брахмана, якая заключаная ў плоцкую абалонку індывіда
  • Вучэнне аб сансары і карме. Спыненне дзейнасці кармы, выхад з сансары і дасягненне мокшы – канчатковая мэта жыцця індуса. Дасягнуць гэтай мэты магчыма рознымі спосабамі. У індуізме кожны можа выбіраць свій шлях да Бога, які яму бліжэй, і не адзін з гэтых шляхоў не будзе лічыцца лепш альбо горш за астатнія. Філосаф можа аддавацца глыбокім разважанням, брахман – рэлігійным спрэчкам, аскет – практыкам жорсткага абмежавання сваіх цялесных патрэб, просты чалавек – паўтараць мантру (малітву-заклінанне). Усе гэтыя спосабы ў роўнай ступені прыймальныя ў індуізме.

Індуізм грунтуецца на веры ў непарыўнасць касмічнага і індывідуальнага  быцця. Ёсць  тры асноўныя шляхі, якія вядуць да вызвалення:

  • Шлях дзеянняў  – выкананне абавязку, ажыццяўленне рытуалаў, шанаванне продкаў.  Яго аснова – следаванне сваёй дхарме. Трэба бескарысліва выконваць свой абавязак, з поўным унутранным адрачэннем і  не разважаючы аб выніках сваіх дзеянняў ;
  • Шлях ведаў – пошук ісціны, спасьціжэнне адзінства Атмана і Брахмана. На гэтым шляху трэба развіваць інтэлект і звышпачуццёвую інтуіцыю, разважаць над свяшчэннымі  тэкстамі, спасцігаць вышэйшую мудрасць, якая ў іх заключаная;
  • Шлях адданасці – любоў да багоў, адданнасць ім Гарачая любоў і паслядоўная  адданасць ачышчаюць сэрца і накіроўваюць думкі да вышэйшых ведаў. Усякае дзеянне, той хто ідзе гэтым шляхам, робіць дзеля свайго боства і ўспрымае любое дзеянне як ахвяру, якую прыносіць.

Можна сказаць, што індуізм  папулярызаваў брахманізм, надаў  яму міфалагічную форму і стварыў новы пантэон, у якім ведысцкія багі выціснуты на перыферыю. На першы план выйшлі тры багі: Брахма, Вішну і Шыва. Кожны з іх увасабляе адну з касмічных сілаў: Брахма – створца свету, Вішну – яго захавальнік, Шыва – разбуральнік у канцы кожнага з касмічных цыклаў. Усе тры багі часта ўяўляліся разам : яны альбо стаялі побач, альбо іх целы быццам бы вырасталі адно з другога.

Брахма – бог стваральнік. Ён усходзіць да брахманістскага  Брахмана-Абсалюту і з’яўляецца больш  зразумелай для простых людзей яго мадыфікацыяй. Стварэнне ім свету разумеецца як трансфармацыя першапачатковага Адзінства Вышэйшай рэчаіснасці і Вечнасці ў шматлікасць і часовасць усяго, што адбываецца. Ягонае паходжанне ад абстрактнага Брахмана аказала ўплыў і на стаўленне да яго з боку асноўнай колькасці простых вернікаў. З пункту погляду індуізму, гэта – “далекі” бог, не прыстасаваны да патрэб штодзённага жыцця. Ва ўсёй Індыі яму прысвечана толькі два храмы.  Выявы Брахмы сустракаюцца ў храмах іншых багоў, але яго самастойнага культу практычна не існуе. У асноўным шануюцца Вішну і Шыва, таму індуізм распадаецца на два асноўныя кірункі: вішнуізм і шываізм.

Вішну – цэнтральны бог  індуісцкай трыады. Як бог – захавальнік  свету, Вішна мае мяккі і міралюбівы характар, ён блізкі да людзей. З культам Вішну звязана канцэпцыя аватараў (“нісходжанняў”) – перыядычным з’яўленні Вішну ў свеце ў розных абліччах, каб дапамагчы людзям. Такіх аватар дзесяць. Найбольш вядомымі з іх з’яўляюцца восьмая і дзевятая – гэта, адпаведна, Крышна і Буда. Апошняя, дзесятая аватара Вішну – Кандзі (Вершнік на Белым Кані) –прыдзе ў канцы нашага свету і ўстановіць залаты век.

У шываізме ўсе тры функцыі багоў (стварэнне свету, яго захаванне  і далейшае разбурэнне) прыпісваюцца аднаму Шыве. Ён шануецца і як стваральнік, і як захавальнік, і як разбуральнік. З аб’яднання гэтых супрацьлеглых функцый узнікае супярэчлівы вобраз Шывы яго шматаблічча.  Шыва часта ўяўляецца ў позе ёга, які знаходзіцца ў стане глыбокай медытацыі. Ён сядзіць на скуры тыгра на адной з вяршынь Гімалаеў і моцай сваёй думкі падтрымлівае існаванне сусвету. У центры лба ў яго знаходзіцца трэцця вока, якое дазваляе Шыве ўбачыць тое, што звычайна схавана.

Але Шыва таксама -- агрэсіўны і  дэманічны бог, які  валодае надзвычайнай энергіяй.  Выражэннем апошняй з’яўляецца вобраз Шывы, які танчыць. Танец Шывы ў розных формах сімвалізуе ўсе тры віда ягонай дзейнасці: стварэнне свету, захаванне яго з дапамогай моцнага рытму і разбурэнне.

Лічыцца, што ўся сіла і моц  Шывы знаходзіцца не столькі ў  ім самім, колькі колькі ў яго дахоўнай энергіі шакці. Шакці звязана ў Шыве з яго мужчынскай жыццястваральнай патэнцыяй. Лічылася, што ў момант аб’яднання Шывы з яго жаночай палавінай гэтая энергія шматразова ўзмацняецца. Звычайна Шыва шануецца ў выглядзе лінгама, які сімвалізуе мужчынскі палавы орган. Каменны слуп лінгама ў храмах заўсёды спалучаецца с аснаваннем у выглядзе кальца, якое сімвалізуе жаночы пачатак, ёні.

З цягам часу паняцце шакці стала  разумецца не столькі як духоўная сіла і мужчынскіч патэнцыі самога Шывы, колькі як яго жаночы пачатак, увасоблены ў жонках Шывы, найбольш вядомымі з якіх з’яўляюцца Дурга і Калі.

Апроч вышэйназваных  у індуізме існуе незлічоная колькасць іншых  багоў. Індыйская паданне сцвярджае, што іх роўна 3 333 333, але гэта – умоўная лічба. У кожнай мясцовасці маюцца свае галоўныя і другарадныя багі. Увесь іх пантэон немагчыма не толькі апісаць, але і нават пералічыць: ён неабсяжны.  Апроч багоў у яго ўваходзяць поўбогі, святыя, апякуны радоў, каст, сем’яў, дэманы, духі, прывіды.

Таксама для індуізму характэрна шанаванне жывёл, напрыклад, каровы, кобры, бычка, малпы. Гэта звязана, па-першае, з верай у перараджэнне і па-другое, з прыпісваннем гэтым жывёлам звышнатуральных якасцей.

Зараз індуізм ахоплівае 87% насельніцтва Індыі. Усе моманты жыцця большасці індыйцаў – нараджэнне, сталенне, уступленне ў шлюб, смерць -- звязаны з індуіскімі абрадамі. Важным элементам рэлігійнага жыцця з’яўляецца паломніцтва да храмаў і а таксама да свяшчэнных рэк Інда і Гангі.

3.1.4 СІКХІЗМ

 Сікхізм -- самая маладая нацыянальная рэлігія Індыі. Яе назва паходзіць ад санскрытскага «шыш’я» -- вучань. Узнік у ХV ст. у Пенджабе – рэгіёне на паўночным захадзе Індыі. Сікхізм – рэлігія не Індыі ў цэлым, а перад усім пенджабцаў. Колькасць яго паслядоўнікаў – прыкладана 2 % насельніцтва краіны. Гэта больш, чым колькасць паслядоўнікаў джайнізму, але, у адрозненні ад апошняга, сікхізм распаўсюджаны перад усім у сельскай мясцовасці. У гарадах гэта рэлігія дробных і сярэдніх прадпрыймальнікаў, гандляроў, рамеснікаў і г.д.

Сікхізм узнік як вынік сінтэзу элементаў індуізму і ісламу.  У ХІІ ст. пачалося заваеванне Індыі мусульманамі.  У паўночнай частцы  краіны стварыўся спачатку Дэлійскі султанат (у пачатку ХІІІ ст.) а потым (у пачатку ХVІ ст.) – імперыя Вялікіх Маголаў. Дзяржаўнай рэлігіяй у гэтых краінах зрабіўся іслам, які ўступіў ва ўзаемадзеянне з індуізмам.

Кіруючыя вярхі імперыі Вялікіх  Маголаў складалася з паслядоўнікаў  суфізму – містычнага руху ў ісламе, дзе прапаведвалася бязмежная любоў  да Алаха, роўнасць усіх людзей перад богам і аўтарытэт духоўных настаўнікаў. Простае ж насельніцтва прытрымлівалася бхакцізму – кірунку ў індуізме, дзе прапаведвалася экстатычная любоў да бога, у якой усе роўныя. Сікхізм узнік як своеасаблівае аб’яднанне суфізму і бхакцізму.

Яго заснавальнікам быў гуру Нанак (1469-1538). Ён прапанаваў новае веравучэнне, цэнтрам якога  стаў адзіны Бог, які не мае ніякага аблічча, фіксаванага імя, не валодае ніякімі якасцямі, але прабывае ўсюды і ва ўсім. З суфізму Нанак запазычыў ідэю аб тым, што Бог – гэта дабро і любоў і што трэба імкнуцца да зліцця з баством пад кіраўніцтвам настаўніка-гуру.  Менавіта такім гуру для яго паслядоўнікаў і зрабіўся Нанак. Сікхі (сам гэты тэрмін перакладаецца як “вучні”, г.з. паслядоўнікі гуру Нанака) перш за ўсё падкрэслівалі роўнасць людзей перад Богам. У сікхізме адмаўляецца такая важная кампанента індыйскага грамадства як падзел на касты. Выступаючы супрацы каст і рытуалізму брахманаў, супраць аскетызму, за шырокі ўдзел мужчын і жанчын у актыўным жыцці, Нанак ў якасці сімвала адзінства вернікаў ўвёў практыку сумаснага прымання ежы прадстаўнікамі розных каст ў храмах, якія для мясцовага насельніцтва зрабіліся своеасаблівымі грамадскімі цэнтрамі, падобна мусульманскім мячэцям.

Мэтай жыцця ў сікхізме абвяшчалася зліццё з Богам пасля ланцуга перараджэнняў, пры якім боская і чалавечая сутнасць робяцца адзіным цэлым. Шлях дасягнення гэтага – любоў да Бога, але не за межамі звычайнага жыцця (праз манаства, аскетызм і г.д.) а менавіта ў ім: праз дом, сям’ю, дабрасумленную працоўную дзейнасць, напоўненыя любоўю да Бога. Такім чынам, сікхізм прапанаваў людзям новую сістэму каштоўнасцей – актыўнае жыццё, упартая праца, узаемадапамога, прынцып роўнасці ўсіх людзей. Веравучэнне сікхізму зафіксавана ў кнізе “Аді Грантх” (“Спрадвечная кніга”). Яна лічыцца свяшчэннай і яе першы асобнік знаходзіцца ў горадзе Амрытсар, у знакамітым Залатым Храме – асноўным месцы паломніцтва сікхаў.

Пропаведзь гуру Нанака і ягоных пераемнікаў (усяго сікхі  прызнаюць дзесяць настаўнікаў-гуру, якія паслядоўня змянялі адзін аднога) трапіла на падрыхтаваную глебу  і выклікала энтузіазм сярод насельніцтва Пенджабу. Узнікла рэлігійная арганізацыя сікхаў, уплыў якой хутка ўзрастаў, тым больш, што спачатку магольскія імператары яе падтрымлівалі. Сікхі ўтварылі вялізную суполку, сябры якой падпарадкоўваліся асаблівым правілам і нават знешне адрозніваліся ад мусульман і індусаў.

З другой паловы ХVІ ст. узмацнілася супрацьстаянне пенджабскага сялянства, большую частку якога складалі сікхі, і мусульманскіх уладараў Індыі. На мяжы ХVІІ--ХVІІІ стстс. у Пенджабе адбылося антымусульманскае паўстанне пад сцягам сікхізму. Тады ж дзесяты гуру, Гавінд Сінгх, унёс шэраг зменаў у вучэнне сікхізму і арганізацыю суполкі. Было абвешчана, што вышэйшая духоўная ўлада пераходзіць ад гуру да суполкі найбольш адданых веры, гатовых загінуць за ея ў любую хвіліну – хальсе (“ордэну чыстых”). Тады ж было прынята рашэнне перарваць лінію жывых гуру, з гэтага часу іх ролю стаў выконваць містычны саюз свяшчэннай кнігі “Адзі Грантх” і хальсы. Рашэнні сходу сікхаў у прысутнасці “Адзі Грантх” былі абвешчаны аналагічнымі рашэнню гуру. З гэтага часу да імені сікха сталі дадаваць воінскі тытул “сінгх” (леў), а да імені жанчыны – “каур” (львіца). Такім чынам, быў узаконены ваеннізаваны характар суполкі сікхаў.

Тады ж быў выпрацаваны  і асаблівы кодэкс  паводзін сікхаў. Галоўнымі  атрыбутамі  сікхаў, якія і зараз  вызначаюць іх знешні воблік з’яўляюцца так званыя “пяць К”. Яны абавязаны не стрыгчы валасы, вусы і бараду (кеш), валасы пад цюрбанам трэба абавязкова замацоўваць грэбнем (кангха), пры сабе трэба заўсёды мець меч альбо кінжал (кірпан), на правым запясці абавязкова павінен быць стальны альбо жалезны браслет (кара), усе сікхі павінны насіць кароткія скураныя шаравары (качха). Апроч таго, сікхі не павінны курыць, ужываць алкаголь і наркотыкі. Узмацненне сікхаў, ператварэнне іх у моцную і ваяўнічую рэлігійна-палітычную супольнасць прывяло да іх жорсткіх пераследаў.

На працягу ўсёй гісторыі свайго існавання прыхільнікі сікхізму змагаліся за незалежнасць Пенджабу  – спачатку з маголамі, потым  з аўганцамі і англічанамі, а пачынаючы з другой паловы ХХ ст., з цэнтральным урадам Індыі. У 1966 дзякуючы іх намаганням быў створаны штат Пенджаб. З гэтага часу сікхі сталі змагацца за стварэнне незалежнай сіксхай дзяржавы Халістан. Зараз праблема стварэння незалежнага сікскай  дзяржавы ў Індыі не самая актуальная. На першы план выйшла праблема ўзаемаадносін паміж індусамі і мусульманамі.

Сікхізм – адна самых  маладых рэлігій свету. На працягу  стагоддзяў яна аказвала ўплыў на палітычныя працэсы не толькі ў Пенджабе але і ва ўсёй Індыі. Зараз гэты ўплыў працягвае ўзмацняцца.

3.2 РЭЛІГІІ  КІТАЯ

Кітай уяўляе сабой старажытную  і своеасаблівую культуру. Вельмі вялікую ролю тут іграла сацыяльная этыка і адміністратыўная практыка і мала надавалася ўвагі метафізічнам разважанням і індывідуалістычнам пошукам выратавання. Рэлігіі Кітая вучаць годна жыць менавіта ў гэтым свеце.

Нацыянальныя рэлигии