Партызанскі рух на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

 УА “БЕЛАРУСКІ  ДЗЯРЖАЎНЫ ЭКАНАМІЧНЫ УНІВЕРСІТЭТ”

 

 

 

 

 

Кафедра эканамічнай  гісторыі

 

 

 

 

 

 

РЭФЕРАТ

 

 

па дысцыпліне: Гісторыя Беларусі

на тэму: “Партызанскі рух на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна”

 

 

 

 

 

Студэнтка

ФФБС, 1-ы курс, ДФП-1     ______________________________    М.М.Шырко

 

 

Праверыў______________________________________          - - Чаркасаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

МІНСК 2010


 

 

ЗМЕСТ

Уводзіны……………………………………………………………………………...3

1 Партызанскія атрады і брыгады на Дзятлаўшчыне……………………………..5


2 Партызанскі атрад “Звязда”………………………………………………………7

3 Ліпічанскі Сусанін………………………………………………………………..9

4 “Яўрэйскі доктар, які ваюе…”…………………………………………………..13

Заключэнне………………………………………………………………………….16

Спіс выкарыстанай літаратуры………………………………………………........17

Прыдатак 1 Месцазнаходжанне Дзятлава на карце Рэспублікі Беларусь……....18

Прыдатак 2 Дзятлаўскі раён……………………………………………………….19

 

УВОДЗІНЫ

   Акупацыйны рэжым, што быў устаноўлены гітлераўцамі на захопленай імі тэрыторыі нашай Радзімы ў часы Вялікай Айчыннай вайны, распрацоўваўся загадзя яшчэ да нападу на Савецкі Саюз. Галоўныя яго накірункі былі выкладзены Гітлерам у сакрэтным мемарандуме “Некаторыя думкі пра абыходжанне з насельніцтвам на Усходзе” ад 25 мая 1940 года.

  У ім указвалася, што захопленыя ўсходнія тэрыторыі належыць разглядаць як аб'ект каланізацыі і германізацыі. Акупацыйная палітыка, гаварылася ў гэтым мемарандуме, павінна быць накіравана на тое, каб ператварыць актыўную масу  «іншароднага  насельніцтва» ў напаўпісьменных рабоў.

  Асноўным аб’ектам даследавання ў дадзеным рэфераце з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. А прадмет даследавання – партызанскі рух, усенародная барацьба супраць захопнікаў.

  Так, 30 чэрвеня ўвесь Дзятлаўскі раён быў акупіраваны нямецкімі войскамі. На ўсёй тэрыторыі быў устаноўлены "новы парадак", парадак рабаўніцтва, разбою і масавага знішчэння мірнага насельніцтва.

  Аднак жорсткія ўмовы акупацыйнага рэжыму не запалохалі савецкіх людзей. Усіх іх аб'ядноўвала нястрымнае жаданне зрабіць усё магчымае для перамогі над ворагам. Супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў разгарнулася ўсенародная барацьба. У лясах Дзятлаўшчыны пачалі з'яўляцца асобныя групы з ліку параненых ваеннаслужачых, якія ў час выхаду з акружэння адсталі ад часцей. У лясы пайшлі і жыхары сумежных вёсак і ваеннапалонныя.

  Зараджэнне і развіццё партызанскага руху ў раёне, як і ва ўсіх заходніх абласцях Беларусі, праходзіла ў складанай абстаноўцы і мела свае асаблівасці. Заходняя Беларусь вызвалілася толькі ў 1939 г. І найбольшую цікавасць выклікае той факт, што за паўтара года савецкай улады тут яшчэ не паспелі падрыхтаваць адпаведную структуру, кадры, неабходныя для арганізацыі насельніцтва на барацьбу з ворагам. А наступленне фашыстаў было такім імклівым, што савецкія і партыйныя органы не паспелі арганізаваць і пакінуць людзей для падпольнай работы ў тыле ворага.


  Камуністам, актывістам савецкай улады, былым членам КПЗБ, КСМЗБ давялося на свой страх і рызыку, без адзінага арганізацыйнага цэнтра пачаць работу па разгортванню ўсенароднай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  Такім чынам, арганізатарамі партызанскага руху на Дзятлаўшчыне былі актывісты з мясцовага насельніцтва і ваеннаслужачыя Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў акружэнні. Сплаў ваенных ведаў і веданне мясцовых умоў надалі асаблівую вастрыню барацьбе супраць акупантаў.

  Асноўнай мэтай  даследавання з’яўляецца: як можна больш даведацца пра дзейнасць партызанскіх атрадаў і мясцовага насельніцтва у барацьбе супраць ворага ў дастаткова цяжкіх умовах. І зрабіць гэта ўдалося, дзякуючы выкарыстанню наступных груп літаратуры:

-успаміны ўдзельнікаў або сведкаў падзей, якія былі надрукаваны на старонках раённай газеты “Перамога”;

-друкаваныя выданні  “На зямлі Дзятлаўскай” (выдадзена  ў Гродна ў 1998 годзе) і “Памяць. Дзятлаўскі раён” (выдадзена ў Мінску ў 1997 годзе).

 
1.ПАРТЫЗАНСКІЯ АТРАДЫ І БРЫГАДЫ НА ДЗЯТЛАЎШЧЫНЕ

  Пад час акупацыі на тэрыторыі раёна базіраваліся некалькі партызанскіх атрадаў і спецатрадаў, што дзейнічалі самастойна. У трохвугольніку, створаным шашэйнымі дарогамі Ліда-Навагрудак, Навагрудак-Наваельня і чыгункай Наваельня-Ліда, дзейнічаў атрад "Кастрычніцкі" пад камандаваннем Віктара Ільіча Панчанкава. З Мінскай вобласці здзейсніў рэйд у Ліпічанскую пушчу атрад “Баявы” імя Дунаева пад камандаваннем Я.П.Грыцыневіча.

  З закінутай у Ліпічанскую пушчу групы спецыяльнага прызначэння на чале з І.А.Жолабавым вырас і дзейнічаў у раёне атрад “Дружба”.

  Тэрыторыя Дзятлаўскага раёна была зонай дзеяння іншых брыгад і атрадаў, якія базіраваліся ў суседніх раёнах. У Ліпічанскай пушчы дзейнічаў атрад "Наватары" пад камандаваннем В. М. Літвінскага, створаны са спецгрупы, закінутай на самалёце у верасні 1943г. Жыхары вёсак Гезгалы, Зачэпічы, хутара Глушыца добра помняць партызан атрада “Звязда” пад камандаваннем М. А. Казакова, які базіраваўся ў суседнім Шчучынскім раёне.

  Усяго за гады вайны на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна дзейнічала вялікая колькасць партызанскіх брыгад і атрадаў, сярод якіх можна таксама пералічыць і Ленінскую брыгаду (атрады “Барацьба”, “Непераможны”, “Ленінскі”, “Чырвонагвардзейскі”), брыгаду імя К.Я.Варашылава (атрады імя К.Я.Варашылава, імя Ф.Е.Дзяржынскага, імя М.І.Панамарэнкі, імя П.К.Панамарэнкі), брыгаду “Перамога” (атрады “Перамога”, “1-е Мая”, “Кастрычніцкі”) і іншыя.

  Партызаны нанослі адчувальныя страты гітлераўцам. Яны вялі шматлікія баі па ліквідацыі паліцэйскіх участкаў, валасных упраў і апорных пунктаў праціўніка, устройвалі засады на шашэйных дарогах і чыгунках, знішчалі заводы, масты, жывую сілу праціўніка. Напрыклад, чатыры разы быў разгромлены варожы гарнізон у в. Руда Яварская. Буйныя баі праведзены ў снежні 1942 г., у красавіку 1943 г., супраць карных экспедыцый у Ліпічанскую пушчу, а таксама пад час выхаду з акружэння ў чэрвені 1944 г. У Ліпічанскай пушчы стваралася партызанская зона, куды немцы пранікалі толькі пад час буйных карных экспедыцый.

  Вайна народных мсціўцаў карысталася ўсенароднай падтрымкай. Партызанскія атрады бесперапынна папаўняліся і раслі за кошт мясцовага насельніцтва. У кожным населеным пункце партызаны мелі сваіх сувязных і разведчыкаў. Насельніцтва забяспечвала партызан прадуктамі харчавання, паведамляла ім аб пасоўванні войск праціўніка, дабывала боепрыпасы і зброю, медыкаменты, хавала раненых. Мірныя жыхары аказвалі дапамогу ў разбурэнні чыгуначных ліній, перакопах шашэйных і грунтовых дарог, у арганізацыі завалаў, знішчэнні тэлефоннай сувязі, будауніцтве абарончых умацаванняў.

Партызанскі рух у раёне, як і цалкам у Беларусі, меў ярка выяўлены інтэрнацыянальны характар. Бо на тэрыторыі раёна жылі не толькі беларусы, але і палякі, рускія, яўрэі. У партызанах былі нават немцы, французы, славакі, чэхі, югаславы [1, с.175].

  Хацелася б асобна прыгадаць некаторыя ўспаміны аб дзейнасці асобных атрадаў і дапамозе мясцовага насельніцтва у барацьбе з захопнікамі.

 

2.ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД “ЗВЯЗДА”

  Летам 1943 года ў Беластоцкую вобласць прыбыла з Вялікай зямлі спецгрупа на чале з Міхаілам Аляксеевічам Казаковым. Група была перакінута праз лінію фронта ў тыл ворага. Калі спецгрупа прыбыла ў Ліпічанскую пушчу, яна пачала папаўняцца партызанамі іншых атрадаў. 5 лістапада 1943 года загадам штаба партызанскага злучэння Беластоцкай вобласці яна была аб******’яднана з групай В.А.Аўдоніна ў атрад “Звязда”. Атрад дзейнічаў на тэрыторыях некалькіх раёнаў, у тым ліку і ў Дзятлаўскім. Насельніцтва актыўна дапамагала ў акцыях партызан супраць ворага. Аб адной з такіх дыверсій успамінае былы камісар партызанскага атрада “Звязда” Самуіл Якаўлевіч Шварцман:

- У адзін са студзеньскіх дзён 1944 года ў цэнтры г.п. Дзятлава падняліся ў неба клубы чорнага дыму. Побач з нямецкім гарнізонам гарэў харчова-фуражны склад.

  Сярод гітлераўцаў перапалох. Яны бегаюць да сялян, прымушаюць іх тушыць агонь. Але ўсё дарэмна – агонь разгараецца. Гэты пажар – вынік аперацыі, якая была падрыхтавана камандаваннем партызанскага атрада “Звязда”.

  Выканаць баявое заданне даручылі дзяўчатам-партызанкам Галіне Дайнека, Яўгеніі Мазенінай і Еўдакіі Ляхавай. Гэта былі маладыя камсамолкі, адважныя і рызыкоўныя.

  Раніцай яны выйшлі з атрада. Ішлі па лясному партызанскаму шляху, па якому ўжо не раз хадзілі на дыверсіі і баявыя аперацыі. Мінавалі вёскі Зачэпічы, Каршакі, Карытніцу. Пачало цямнець, калі перасеклі дарогу Дзятлава-Беліца. Вось і вёска Гезгалы, тут яшчэ партызанская зона. У вёсцы накіраваліся да будынку Іосіфа Ігнацьевіча Рудзевіча, былога чыгуначніка. Уся яго сям’я дапамагала ў той час партызанам адзеннем, абуткам, харчам. Вось і цяпер дачка Зіна і жонка былога старшыні сельскага Савета Вера Фёдараўна Хрышчановіч падрыхтавалі для дзяўчат кошыкіз яйкамі і маслам на продаж.

  Раніцай Іван Антонавіч Хрышчановіч запрог каня. У гэты дзень у Дзятлаве быў базар. Сані гаспадара нічым не адрозніваліся ад іншых, якія таксама накіроўваліся ў Дзятлава. Але сэрцы дзяўчат моцна калаціліся. Як паспяхова выканаць заданне?

  І вось партызанкі на базары. Зіна паціху паказвае Галі склад. Ён побач. Праходжваюцца паліцаі – ахоўнікі. Каб адцягнуць іх увагу, Зіна Рудзевіч адкрыла бойкі гандль яйкамі, маслам. Заўзяты звонкі дзявочы голас увесь час прыцягваў увагу аховы. Галя тым часам некалькі разоў абышла вакол склада і заўважыла, што ў адным акне дошка. “Сюды і трэба кінуць пакет”, - мільганула думка. – Але як?

  Каля склада дзяўчына ўбачыла невялікае памяшканне. Шмыгнула туды. Хутка дастала бутэльку з гаручай сумессю. Да склада 15-20 метраў, але яны здаліся ёй бясконцымі. Дацягнулася да акна і кінула “падарунак”.

  Не паспелі яшчэ партызанкі выйсці з горада, як паваліў чорны дым. Сірэна, паніка… Пошук партызан. Але дзяўчатам удалося без прыгод дабрацца да месца, дзе іх чакаў Іван Хрышчановіч. Заданне было выканана [4, c.2].

  Увогуле за час баявых дзеянняў партызаны атрада “Звязда” пусцілі пад адхон 34 воінскія эшалоны ворага, знішчылі 38 паравозаў і 360 вагонаў, шмат ваеннай тэхнікіі амуніцыі. Пад абломкамі вагонаў знайшла магілу не адна сотня нямецкіх салдат. Партызанамі атрада “Звязда” было ўзарвана і знішчана 6 мастоў, спіртзавод, дзесяткі кіламетраў тэлеграфна-тэлефоннай сувязі, склады з абмундзіраваннем і харчаваннем. На дзень злучэння з часцямі Чырвонай Арміі атрад налічваў да 120 партызан.

 

3.ЛІПІЧАНСКІ СУСАНІН

  Іосіф Юр'евіч Філідовіч у час Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным Ленінскай брыгады, што дзейнічала на тэрыторыі Гродзеншчыны. Выратоўваючы партызанскі шпіталь, ён паўтарыў подзвіг вядомага рускага патрыёта XVII стагоддзя 1вана Сусаніна [2, c.3].

  ...Стаяла суровая восень 1942 года. Змрочны, цяжкі час. Агнём і мячом фашысты укаранял1 новы парадак: палілі вёскі, вешалі і расстрэльвалі людзей.

3 кожным днём усё больш разгаралася партызанская вайна. Народныя мсціўцы разграмілі варожыя гарнізоны ў Дзярэчыне, Казлоўшчыне, Накрышках, Жалудку і іншых буйных населеных пунктах. Смелыя, дзёрзкія нападзенні на варожыя аб'екты ўстрывожылі акупантаў. Было зразумела, што фашысты рыхтуюцца правесці буйную карную аперацыю. На бліжэйшых станцыях у тэрміновым парадку разгружаліся войскі, якія рухаліся на фронт, пачасціліся войскі, арышты, допыты, расстрэлы. Гітлераўцы мелі намер у час блакады знішчыць у пушчы усіх да аднаго «бальшавіцкіх бандытаў».

  Партызаны вялі жорсткія баі.. Параненых станавілася усё больш. Ім патрабавалася тэрміновае лячэнне. Што ж рабщь з імі? 3імою ў палатку іх не пакладзеш. Пакінуць на хутары ці ў вёсцы — занадта вялікая рызыка.

Нарада зацягнулася. Розныя былі прапановы. Але камандзіры сышліся на адным: што б там ні было, арганізаваць пастаянны партызанскі шпіталь. Неабходна было тэрмінова адшукаць для гэтага глухое, надзейнае месца. Пушча вялікая, але...

  I ў самую цяжкую хвіліну на дапамогу партызанам прыйшоў сувязны з вёскі Пушча Ліпічанская Іосіф Юр'евіч Філідовіч, які ведаў адзін востраў сярод самага непраходнага балота. Фашысты туды не прабяруцца.

  На востраве абсталявалі шпіталь: выкапалі зямлянкі,   пабудавалі   хлебапякарню, лазню, склады. Усе аб'екты — у выглядзе пячор, каб не прыкмецілі самалёты. Праз некалькі дзён партызанская лячэбніца пачала дзейнічаць. Параненых і хворых транспартавалі на спецыяльных насілках санітары. Колькі было тады ва ўсіх аптымізму і надзеі, цяжка перадаць словами. Да пачатку блакады на востраў паступіла каля пяцідзесяці параненых партызан. Іосіф Юр'евіч, яго сын Іван або ўнук Фёдар прывозілі параненых па толькі ім знаёмай сцяжынцы. Ва ўмоўленым месцы іх чакалі санітары. Сцяжынку пільна засыпалі хвояй, загадзя прыбраўшы кладкі.

  У снежні 1942 г. пачалася першая жорсткая блакада пушчы.  Фашысцкія самалёты бязлітасна   бамбілі   партызанскую   зону. Карнікі, прачэсваючы лясныя масівы, спадзяваліся на лёгкую здабычу, але не ўлічылі  самую «дробязь» — баявыя  і  духоўныя якасці народных мсціўцаў. Партызаны сме ла адбівалі атакі ворага, хаця і мелі страты.   Акружыць,   узяць  народных  мсціўцаў у кольца акупантам так і не ўдалося.

  А вось у шпіталі засталіся некалькі дзесяткаў хворых і параненых. Што рабіць з імі? Камбрыг загадаў лёгкапараненых адправіць у атрады, а астатнім захоўваць найстражэйшую   дысцыпліну,   нічым   сябе   не выдаваць. Так і зрабілі. Размаулялі толькі шэптам, ежу часова не гатавал1, карысталіся сухім пайком.

  Адчуваючы смяротную небяспеку, І.Ю.Філідовіч адправіў старэйшага сына Івана і ўнука Леаніда за Нёман. Два малодшыя сыны Канстанцін і Мікалай як пайшлі сорак першага года на зборы – быццам канулі ў вечнасць, прапалі без вестак. На хутары засталіся дзед, нявестка і дванаццацігадовы ўнук Федзя, якія наглядалі за хворымі.

  Карнікі   жорстка лютавалі   ў   наваколлі, разам   з   жыхарамі спалілі вёскі Дубраўка, Вялікая Воля, Трахімавічы, Гарадкі, шматлікія хутары. На хутары чуліся выбухі, калі фашысты бамбілі пераправы на Нёмане і Шчары [3, c.194].                    Моцны стук ботаў у дзверы прымусіў уздрыгнуць Іосіфа Юр’евіча. У чорных бляскучых плашчах, у стальных касках у хату уварваліся фашысты. Хутар акружылі каля паўсотні карнікаў. Больш як трыста накіраваліся да бліжэйшых хутароў. Усіх трох — старога, жанчыну і хлопчыка — выгналі з дому. Афіцэр загадаў паставіць іх да сценкі. Так і стаялі некалькі хвілін. Было зразумела: Філідовічаў нехта выдаў.

—   Выбірай, стары, або ты пакажаш, дзе шпіталь, або ім смерць, — сказаў перакладчык.

  Філідовіч маўчаў. Тады фашысты накіравалі аўтаматы на нявестку і ўнука. Хлопчык шчыльна прыціснуўся да маці...

  «Білі мяне моцна, — успамінае ўсё да дробязей, быццам гэта было ўчора, дужы, шыракаплечы Фёдар, адзін з лепшых механізатараў мясцовага саўгаса «Парэчча».— Два месяцы на спіну не мог легчы. Затым узялі пятлю, накінулі на шыю і, сагнуўшы бярозу, канец вяроўкі прывязалі да верхавіны. Зноў білі. I так некалькі разоў імітавалі павешанне. I ўсё гэта — на вачах дзеда».

—   3-за цябе, бальшавіцкая сволач, збіваем хлапчука, — падышоў да старога перакладчык, — ратуй, пакуль не позна.

—   Адпусціце іх,— ціха сказаў Іосіф Юр'евіч, — яны ж нічога не ведаюць. Я правяду вас у шпіталь.

  Акінуўшы развітальным позіркам хату, I. Ю. Філідовіч адправіўся разам з атрадам карнікаў — каля 300 чалавек — у лес. Іосіф Юр'евіч ішоў не спяшаючыся, цвёрда і ўпэўнена, як ідуць сапраўдныя людзі на сваёй роднай зямлі, уважліва услухоўваючыся ў зімовую цішыню гэтых махнатых, казачных елак і сосен, такую спакойную і ўрачыстую.

  Праз некалькі гадзін афіцэр занерваваўся. I калі перакладчык (ужо ў каторы раз) спытаў наконт шпіталя, Іосіф Юр’евіч, цяжка пераводзячы дыханне, спакойна, быццам нічога не здарылася, стрымана адказаў:

- Ужо засталося зусім нямнога. Толькі паднімемся вунь на той узгорак.

  Рушылі далей. Неўзабаве некалькі фашыстаў-коннікаў ірвануліся наперад, думаючы, напэўна, самі разведаць дарогу. Але Іосіф Юр’евіч, быццам прадчуваючы гэта ўсёй сваёй істотай, паспеў ужо звярнуць на ўчастак, дзе пачыналася самая страшэнная, небяспечная багна. Коні, не прайшоўшы і сарака метраў, пачалі правальвацца ў дрыгву.

- Стой! – закрычаў на ўсё горла азвярэлы афіцэр і пабег ушчыльную да Філідовіча. – Дзе шпіталь, гавары! – размахнуўшыся, ён з усёй сілай ударыў правадніка па твары.

  У вачах на нейкае імгненне пацямнела, пасыпаліся іскры, але разуменне было яснае. Былы вясковы асілак утрымаўся на нагах.

- У шпіталь дарогі  няма… - пачаў Філідовіч.

 Грымнулі стрэлы. Ён  не дагаварыў.

  Пачало цямнець. Карны атрад доўга блукаў, усё глыбей і глыбей уцягваючыся ў лясны гушчар. Коні і фашысцкія падводы з мінамётамі пачалі правальвацца ў балота. Гітлераўцы зразумелі: Філідовіч завёў іх на немінучую пагібель.

  Сурова шумелі дрэвы, бязлітасна білі сваімі галінамі па тварах карнікаў калючыя кусты, снег замятаў сляды. А выбрацца з балота без правадніка, ды яшчэ ноччу, было немагчыма.

  Слаўнага партызанскага  сувязнога больш ніхто не бачыў.  Гітлераўцы жорстка расправіліся  з Іосіфам Юр’евічам Філідовічам.  Вясной 1943 года, калі сышоў снег, яго цела знайшлі партызаны.  Яно ляжала ў лясных нетрах за дзесяць кіламетраў у супрацьлеглым баку ад шпіталя. У патыліцы – дзве кулявыя раны. Героя пахавалі з усімі воінскімі ўшанаваннямі. Пасмяротна ён быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

  Ліпічанскі Сусанін засланіў сабой дзесяткі параненых партызан, урачоў, абслугоўваючы перосанал. Шпіталь жыў, дзейнічаў да ліпеня 1944 года, да самага прыходу Савецкай Арміі. Праз яго прайшло каля 500 цяжкапараненых партызан.

  Трэба адзначыць, што гераічнае застаецца назаўсёды, і праз дзесяцігоддзі многія былыя партызаны сабраліся ў раённым цэнтры Дзятлава на адкрыццё помніка Іосіфу Юр’евічу Філідовічу. А іх дзеці і ўнукі ўскладалі да манумента букеты жывых цюльпанаў. У іх было ўсё: і святло вялікай радасці, і цень глыбокага смутку. На пастаменце словы: “Іосіф Юр’евіч філідовіч, жыхар вёскі Пушча Ліпічанская. У снежні 1942 года, ратуючы партызанскі шпіталь, паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна” [6, c.3].

 

4.“ЯЎРЭЙСКІ ДОКТАР, ЯКІ ВАЮЕ…”

  Яго імя – Ёскель Атлас. Не знайсці яго ні ў якім даведніку, гістарычнай літаратуры па партызанскаму руху:гэтага імя там няма…

  Ёскель Атлас прыехаў з Варшавы пагасцяваць да родных у Казлоўшчыну напярэдадні вайны, летам 1941 года. Ён атрымаў доктарскую ступень у Францыі і Італіі, яму яшчэ не было і трыццаці. Але вось вайна… Яго бацькі і сястра загінулі ў Казлоўшчынскім гета 24 лістапада 1941 года.

  З паказанняў Баярчука Вацлава Юльянавіча:

- 24 лістапада 1941 года  па загаду нямецкага афіцэра  былі сабраны 40-50 чалавек. У  іх ліку быў і я. Усім сабраным  далі рыдлёўкі і кіркі, загадалі  выйсці з Казлоўшчыны. У трох  кіламетрах ад мястэчка Казлоўшчына загадалі капаць ямы і вельмі падганялі, не давалі адпачываць. Мы выкапалі 4 ямы памерам па 20 метраў у даўжыню, 3 метры ў шырыню і два – глыбінёй. А дзве былі меншыя – па 10 метраў даўжынёй. Пасля гэтага нам загадалі пакінуць рыдлёўкі і ісці ў Казлоўшчыну. Па дарозе нам трапіліся насустрач 4 грузавыя машыны. У дзвюх з іх былі яўрэі, і мы зразумелі, што іх вязуць расстрэльваць.

  Ёскель уцёк з гета, арганізаваў групу маладых людзей. Хаваліся ў лясах Ліпічанскай пушчы, дзе хутка сустрэлі байцоў Чырвонай Арміі, якія таксама хаваліся там. Яны былі ўзброены, але многія пакалечаны ў баях. Доктар Атлас заняўся іх лячэннем і ўсіх паставіў на ногі. Пасля гэтага атрад, які налічваў 120 чалавек, прыступіў да баявых дзеянняў. Ён яшчэ не меў сваёй назвы. Гета ў Дзярэчыне фашысты ліквідавалі 24 ліпеня 1942 года, але яшчэ раней атрад доктара Атласа напаў на Дзярэчынскі гарнізон і вывеў з гета ў лес усіх, хто згадзіўся узяць у рукі зброю для барацьбы з ворагам. 10 жніўня Ёскель Атлас паўтарыў атаку на Дзярэчынскі гарнізон, бо яе акупанты аніяк не чакалі.

  Немцы паводзілі сябе больш, чым нахабна. Нап’юцца шнапсу, наловяць курэй, насцелюць саломы і спяць спакойна ў хаце,выставіўшы для аховы паліцэйскі патруль. Ходзяць сабе па мястэчку парныя дазоры з вінтоўкамі, пакурваюць, а немцы – спяць. Вось і рашыў Атлас бясшумна зняць гэтых патрульных “бобікаў” (так у народзе празвалі паліцаяў), а хаты, у якіх размясціліся нямецкія салдаты, закідаць гранатамі. Начны бой небяспечны тым, што не відаць, дзе свой, дзе вораг, тут неабходна дзейнічаць хутка, падрыхтавана.

  У маладога ўрача ўсё атрымлівалася так, як ён задумаў. Заўсёды яму шанцавала, быццам бы ўсё жыццё ён вывучаў ваенную тактыку. Вартавых бясшумна зняць не ўдалося, але яўрэйскія партызаны загадзя размеркавалі, хто якую хату атакуе. Увесь нямецкі гарнізон практычна знішчылі. Партызаны не страцілі ніводнага чалавека.

  Атлас і яго байцы ўзарвалі цягнік з боепрыпасамі на лініі Гродна-Ліда, спалілі драўляны мост праз Нёман, а а 5 верасня атакавалі гарнізон у Казлоўшчыне. Падчас начнога бою забілі 30 гітлераўцаў.

 Атрад Ёскеля Атласа  апякаў сямейны партызанскі лагер,  у якім жылі яўрэі, уцёкшыя  са шматлікіх мястэчак Прынёмання. Іх забяспечвалі харчаваннем,  вопраткай, ахоўвалі. Пакуль быў  жывы доктар Ёскель Атлас, існаваў  і сямейны лагер…

  6 жніўня доктар паспрабаваў вызваліць яўрэяў Дзятлаўскага гета – удалося. Баявы склад атрада напоўніўся яўрэйскай моладдзю.

  Восенню 1942 года партызанскія групы і атрады, якія дзейнічалі ў раёне Ліпічанскай пушчы, пачалі перафарміроўвацца ў больш буйныя злучэнні, на чале якіх сталі ваенныя спецыялісты. Атрад Атласа ўвайшоў у Ленінскую партызанскую брыгаду, якой кіраваў былы камандзір, танкіст Барыс Булат, які ўцёк з палону. Ён быў цяжка паранены, Атлас ампутаваў яму руку, але зрабіў аперцыю так, што Булат мог трымаць у руках аўтамат. Аб цудах “доктара, які ваюе” ішла слава па ўсім краі. Партызанскія камандзіры пачалі спрачацца, каб зняць доктара з камандавання атрадам, яны хацелі захаваць яго як хірурга. Але Ёскель рваўся на баявыя справы, а яго тактыка заўжды была паспяховая. Пакуль кіраўніцтва брыгады вырашала яго лёс, Ёскель правёў некалькі дыверсій на чыгунцы, разграміў гарнізон у Рудзе Яварскай. У баі ля гэтага мястэчка немцы страцілі 127 салдат і афіцэраў. Трафеі былі захоплены такія, што гэтай зброяй можна было забяспечыць цэлы атрад. Баёў, падобных таму, што правёў Атлас пад Рудой Яварскай, не ўдавалася правесці сіламі ўсёй брыгады. Ваенны талент гэтага чалавека быў неаспрэчны. І яго пакінулі камандзірам баявой групы…

  5 снежня 1942 года, удзельнічаючы ў баі ў мястэчку Вялікая Воля, Ёскель Атлас быў смяротна паранены. Яго вынес з-пад куляў партызан Ілля Ліпшовіч, але выратаваць таленавітага доктара ўжо не мог ніхто. Ён памёр [5, c.3].

  Гэты чалавек назаўсёды застанецца ў памяці мясцовых жыхароў, бо пра такіх людзей немагчыма забыць і подзвігі такіх людзей бессмяротныя.

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

  Як і кожнага жыхара сваёй мясцовасці, нас вельмі цікавіць лёс Дзятлаўскага раёна ў жорсткі і няпросты час Вялікай Айчыннай вайны. Слухаючы або чытаючы ўспаміны ветэранаў, сведкаў і ўдзельнікаў барацьбы, можна з лёгкасцю ўявіць сітуацыю, якая склалася ў той момант і ацаніць дзеянні і ўклад насельніцтва і партызан у перамогу.

  Такім чынам, хацелася б зрабіць наступныя вывады:

-нягледзячы на складаныя  ўмовы і адсутнасць адпаведнай структуры, кадраў, неабходных для арганізацыі насельніцтва на барацьбу з ворагам, усё ж патрыятызм і вера мясцовых людзей адыгралі значную ролю ў перамозе;

-арганізатарамі партызанскага  руху на Дзятлаўшчыне былі  актывісты з мясцовага насельніцтва і ваеннаслужачыя Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў акружэнні;

-сплаў  ваенных  ведаў і веданне мясцовых умоў  надалі асаблівую вастрыню барацьбе  супраць акупантаў;

-дадзены матэрыял  дае магчымасць пазнаёміцца з  дзейнасцю простых жыхароў Дзятлаўскага раёна, з мужнасцю, іх гераічнымі ўчынкамі, і хацелася б падкрэсліць, што гэта не адзіныя вядомыя выпадкі такога праяўлення гераізму на Дзятлаўшчыне.

 
СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

  1. Аляшкевіч, Д.С. На зямлі Дзятлаўскай / Д.С.Аляшкевіч, пад рэд. А.У.Богуш. – Гродна: Гродна, 1998. – 226 с.
  2. Антонаў, І. Іосіф Юр’евіч Філідовіч / І.Антонаў // Перамога. – 1994. – 9 ліпеня. – С.3.
  3. Бараноўскі, П.М., Іванашка, А.М. Памяць. Дзятлаўскі раён / П.М.Бараноўскі, А.М.Іванашка. – Мінск: Універсітэцкае, 1997. – 520 с.
  4. Красюк,Ф. Партызанскі атрад “Звязда” / Ф.Красюк // Перамога. – 1995. – 11 мая. – С.2.
  5. Нагавонская, Ж., Каўкель, І. Партызанскі доктар / Ж.Нагавонская, І.Каўкель // Перамога. – 2008. – 2 лютага. – С.3.
  6. Палховіч, Т. Ліпічанскі Сусанін / Т.Палховіч // Перамога. – 1994. – 9 ліпеня. – С.3.

 

ПРЫДАТАК 1

Месцазнаходжанне  г. Дзятлава на карце Рэспублікі Беларусь

 


 

 

ПРЫДАТАК 2

Дзятлаўскі раён

 


Партызанскі рух на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна