Способы управления суда в городах с Магдебурским правом

УВОДЗІНЫ

 

Самакіраванне было зыходным момантам развіцця сацыяльна-палітычнага жыцця гарадоў ва ўсіх без выключэння краінах феадальнай Еўропы – у адных раней, у другіх пазней. Як адзначыў З.Ю. Капыскі, гарадское самакіраванне ва ўсходнееўрапейскіх гарадах склалася яшчэ задоўга да з’яўлення магдэбургскага права. «Когда магдебургские патриции только собирались выкраивать из феодального права – «Саксонского зерцала» – юридические одежды своему городу, на берегах Западной Двины и Днепра – в Полоцке и Киеве – давно уже шумело древнерусское вече, правили городами «мужи», старшины, тысяцкие, сотники, десятники, а в их судебных решениях звучал суровый голос «Русской правды»» [32, с. 73]. Можна згадзіцца з гэтай думкай, удакладніўшы яе наступным чынам: калі магдэбургскае права прыйшло на беларускія землі, там ужо былі элементы свайго мясцовага самакіравання. Магдэбургскае права з’явілася новым штуршком для дальнейшага развіцця і канкрэтызацыі гэтага інстытута ў дачыненні да беларускіх гарадоў.

Развіццё рамяства і гандлю ў гарадах пераўтварала іх у цэнтры гаспадарчай дзейнасці. У гарадах працавалі рамеснікі, вёўся гандаль, праводзіліся ярмаркі, на якія прыязджалі жыхары іншых мясцовасцей, а таксама купцы ўсёй дзяржавы і па-за мяжы. Павелічэнне гаспадарчага значэння насельніцтва гарадоў выклікала выдзяленне купцоў і рамеснікаў у асобную сацыяльную групу мяшчан. У сярэдзіне XV ст. такая сацыяльная група ўжо склалася і ішоў хуткі працэс яе прававога афармлення, і ў першую чаргу, шляхам атрымання гарадамі прывілеяў на магдэбургскае права.

Зразумела, што чым больш прыкметнай станавілася роля гарадоў у эканамічным жыцці дзяржавы, тым настойлівей гараджане выступалі з патрабаваннем палітычных гарантый у грамадстве. Умовы феадальнай эпохі дыктавалі прадастаўленне такога роду гарантый у форме саслоўных прывілеяў, якія складалі базу сацыяльна-палітычнага быту пануючага класа.

Сваю назву «магдэбургскае права» атрымала ад горада Магдэбурга. Магдэбург – гэта адзін са старажытнейшых гарадоў Германіі. У 805 г. ён ужо быў у ліку найбольш важных гандлёвых пунктаў. Магдэбургскае права развівалася пад уплывам умоў, якія садзейнічалі выдзяленню асобай галіны гарадскога права, у аснове якой ляжала ідэя свабоднай гарадской абшчыны.

Першай мэтай, якой дабіваліся гараджане ва ўсіх дзяржавах феадальнай эпохі, было права арганізацыі гарадскога жыцця на аснове самакіравання. Самакіраванне гарадскіх абшчын узнікала і развівалася на аснове прывілеяў, выдаваемых вялікім кзязем ці ўласніку горада, ці гараджанам. Права гарадоў паступова пашыралася і за горадам было прызнана права ўнутранай заканадаўчай дзейнасці. У канцы ХІІІ ст. з’явіўся горад у юрыдычным сэнсе, як абшчына свабодных людзей з правам уласнай юрысдыкцыі і самакіравання, ярмарачным правам і правам свабоднага гандлю і іншых цэхавых рамёстваў. Што тычыцца норм грамадзянскага, крымінальнага і іншых галін права, то тут дзейнічалі нормы звычаёвага права. Важным паказчыкам гарадскога права была і судовая практыка. Такім шляхам развівалася і складалася права свабодных абшчын. Развіццё гэта насіла партыкулярны характар, бо не было агульнага ўзору, абавязковага для прымянення ўсімі гарадамі. Аднак такая адасобленасць гарадоў, па сцвярджэнні Ф.В. Тараноўскага, паралізавалася існуючым звычаем, згодна якому гарады, якія ўпершыню набывалі права на самакіраванне, атрымлівалі ад уласніка прывілеі на карыстанне правам аднаго са старых гарадоў. У такіх выпадках новы горад ці яго ўласнік звяртаўся да аднаго са старых гарадоў з просьбай даслаць яму сваё права [45, с. 26].

Такім чынам, распаўсюджванне гарадскога права ўяўляла сабой доўгі шлях запазычанняў: адзін горад атрымлівае права ад другога і ў сваю чаргу перадае трэцяму і г.д. Паступова вылучыліся два найбольш старажытныя асяроддзі распаўсюджвання гарадскога права – Любэк і Магдэбург. Апошні быў найбольш вядомым, і гарадское самакіраванне ўвайшло ў гісторыю пад назвай «магдэбургскага права».

Высвятленне пытанняў аб арганізацыі і дзейнасці органаў кіравання, іх месца ў агульнаграмадскай палітычнай і сацыяльнай структуры дзяржавы перыяду ВКЛ з’яўляецца праблемай мала вывучанай ў сучаснай навуковай літаратуры. Тыя спробы асобных даследчыкаў, якія звярталіся да гэтай тэмы, не могуць нас задаволіць у сучасны момант па прычыне таго, што, па-першае, такія даследаванні праводзіліся ў асноўным у XIX-першай палове XX стагоддзя, па-другое, у апошнія гады ўведзены ў навуковы ўжытак новыя матэрыялы па гэтых пытаннях, па-трэцяе, сучасная прававая навука ўсё часцей звяртаецца да гістарычных каранёў адпаведнай з'явы ў мэтах стварэння найлепшых умоў для рэарганізацыі і функцыянавання таго ці іншага інстытута ўлады.

Усё вышэйпералічанае і абумовіла актуальнасць абранай тэмы дыпломнай працы.

Мэтай дыпломнай працы з'яўляецца сістэмнае і комплекснае даследаванне прававога статусу органаў кiраваня і суда ў гарадах з Магдэбургскiм правам на Беларусi.

У адпаведнасці з дадзенай мэтай у дыпломнай працы пастаўлены наступныя задачы:

1. Ахарактырызаваць прававы статус войта;

2. Прааналізаваць прававы статус магістрата і ахарактарызаваць паўнамоцтвы службовых асоб магістрата;

3. Прааналізаваць склад і кампетэнцыю войтаўска-лаўніцкаго суда;

4. Ахарактырызаваць склад і кампетэнцыю бурмістраўска-радзецкага суда;

5. Прааналізаваць асаблівасці структуры і дзейнасці органаў гарадскога кіравання ў прыватна-уласнiцкiх гарадах з Магдэбургскiм правам;

6. Ахарактырызаваць асаблівасці дзейнасці судовых органаў ў прыватна-уласнiцкiх гарадах з Магдэбургскiм правам.

Структура дыпломнай працы ўключае ўводзіны, тры раздзелы, заключэнне, спіс выкарыстаных крыніц.

Метадалагічную аснову дыпломнага даследавання склаў усеагульны дыялектычны метад спазнання грамадскіх працэсаў і сацыяльна-прававых з'яў. У якасці прыватных метадаў ужываліся статыстычны, гістарычны, лагічны і параўнальна-прававы, дакументальны метады.

Шматлікія навукоўцы ў сваіх працах надавалі вялікую ўвагу гэтаму пытанню, сярод іх найболей яркімі прадстаўнікамі з'яўляюцца: Місарэвіч Н.В, Сільчанка М.У., Юхо І.А., Доўнар Т.І., Капыскі З.Ю. і некаторыя іншыя.

 

 

 

 

 

 

ГЛАВА 1

ОРГАНЫ КІРАВАННЯ Ў ГАРАДАХ З МАГДЭБУРГСКІМ ПРАВАМ

 

 

1.1 Прававы статус войта

 

Часцей за ўсе даследчыкі пры аналізе пытання аб арганізацыі і дзейнасці органаў кіравання і суда гарадоў з магдэбургскім правам звярталіся да прававога становішча і паўнамоцтваў цэнтральнай фігуры магістрата – войта.

Ва ўводзінах да тома I Архіва паўднева-заходняй Расіі часткі 5 «Акты аб гарадах» У.Б. Антановіч прыводзіць некалькі агульных меркаванняў адносна пасады войта [45, с. 66].

Хаця гэта даследаванне выходзіць за межы Беларусі, але, калі мець на ўвазе агульнае дзяржаўнае жыццё Украіны і Беларусі ў межах ВКЛ, а таксама і тое, што ў арганізацыі органаў кіравання гарадоў Беларусі і Літвы было многа агульнага, уяўляецца слушным прывесці разважанні У.Б. Антановіча.

Пры разглядзе поглядаў У.Б. Антановіча трэба памятаць яго агульную думку аб тым, што арганізацыя органаў кіравання па магдэбургскаму праву разбурыла ўжо існуючае самакіраванне. Па У.Б. Антановічу, гэтая страта грамадскага самакіравання адбылася падвойным шляхам: «1) прызначэннем князскім урадам «мескіх» войтаў, з правам перадаваць сваю ўладу па спадчыне і перадачай на іх карысць, спецыяльнымі прывілеямі, права суда над мяшчанамі і 2) фактычным пашырэннем улады стараст» [45, с. 66].

У.Б. Антановіч звяртае ўвагу на супярэчнасць прывілеяў, якія даюцца войтам, і прывілеяў, якія даруюцца непасрэдна гарадам (месцам). У той час, калі гарадскія прывілеі даруюць права на стварэнне органаў кіравання, вызначаюць іх судовыя правы і, такім чынам, гарантуюць месцам, да пэўнай ступені, самакіраванне, прывілеі, выдадзеныя непасрэдна войтам, перадаюць апошняе права князя на суд над мясцовымі жыхарамі, якія яшчэ не падлягалі суду старасты: разам з тым, войту выдзяляецца значная частка гарадскіх зямель і прыбыткаў. На аснове гэтага У.Б. Антановіч прыходзіць да высновы, што пасада войта сумяшчала ў сабе два розныя значэнні: на падставе аднаго з іх войт набываў зямельную ўласнасць і станавіўся ў шэрагі служылага стану – земян, палажэнне выгаднае само па сабе пры паступовым развіцці ваеннага стану і яшчэ па гэтай прычыне, што з функцыямі яго былі звязаны важныя прыбытковыя крыніцы: на падставе другога значэння войт быў як бы прадстаўніком мяшчанскага стану і яго суддзею ў справах крымінальных «важных і малых» [45, с. 67]. Але гэта патрабавала сталай прысутнасці войта ў горадзе. Пры паступовым пашырэнні магдэбургскага права судовая ўлада войта перайшла да магістрата. Вывучаючы становішча войта ў ХV-ХVII стагоддзях, У.Б. Антановіч робіць такое абагульненне: спроба перадаць мескія грамады ў судовых адносінах у кампетэнцыю войтаў не адбывалася: яна прывяла або да таго, што войты, адмовіўшыся ад судовай ўлады, атрымалі толькі ў якасці персанальнай уласнасці мескія землі і «угодья», перадаўшы сваё права суда сваім намеснікам – лентвойтам, якія пры пашырэнні магдэбургскага права, сталі абірацца: або месты лентвойтаў скупалі ў войтаў гэтыя пасады і зрабілі іх абіральнымі, або, урэшце, каралі падаравалі непасрэдна местам прывілеі, якімі надаваўся магдэбургскі мескі лад, права абіраць войта з ліку мяшчан і абавязвалася не выдаваць прывілеяў шляхецтву на войтаўства таго ці іншага месца, а выдаденныя знішчыць [45, с. 67].

Вывады У.Б. Антановіча, зробленыя на падставе архіўных матэрыялаў, цікавыя для нас у тым кантэксце, што яны ўстанаўліваюць рознабаковасць становішча войта ў гарадах і неаднолькавасць адносін паміж гарадамі і войтам у розныя часы.

Менавіта з пункту гледжання, на нашу думку, як асаблівасцей розных гарадоў у арганізацыі сістэмы ўлады, так і асаблівасцей улады войта асобных гарадоў патрэбна падыходзіць і да вывучэння гісторыі гарадоў Беларусі. Атрымліваючы магдэбургскае права, якое, здавалася б, павінна было ўводзіць аднолькавую арганізацыю ўлады ў беларускіх гарадах, гарады па-рознаму падыходзілі да гэтага інстытута.

Пытанням арганізацыі ўлады ў гарадах, якія атрымалі прывілеі на магдэбургскае права, прысвечаны дзве працы В. Дружчыца: «Магістрат у беларускіх местах з магдэбургскім правам у XV-XVII сталецьцях» [19, с. 12] і «Войты і іх улада ў беларускіх гаспадарскіх местах з майдэборгскім правам» [18, c. 27]. Каштоўнасць гэтых матэрыялаў праяўляецца ў тым, што ў іх даецца аналіз арганізацыі і дзейнасці органаў кіравання менавіта беларускіх гарадоў.

З.Ю. Капыскі пры характарыстыцы сацыяльна-палітычнага развіцця гарадоў Беларусі ў XVI-першай палове XVII стагоддзя таксама звяртаецца да пытанняў гарадскога самакіравання на аснове магдэбургскага права [32, с. 78].

Беларускія гарады ў працэсе свайго росту і вылучэння ў гандлёва-прамысловыя цэнтры атрымлівалі пэўную арганізацыю ўлады па ўзору заходнееўрапейскіх месцаў на аснове «нямецкага права» [18, с. 7]. Прывілеі на магдэбургскае права замацоўваюць перш за ўсе палажэнне, якое можна аднесці да адной з галоўных мэт акта, – вызваленне горада ад падсуднасці і ўлады «гаспадарскім урадаўцам» і вызначаюць тую ўладу, якая павінна кіраваць горадам.

У прывілеях змяшчаліся ўказанні на вызваленне гараджан ад улады суда ваявод, стараст і іншых службовых асоб агульнага кіравання і аб перадачы ўладных паўнамоцтваў у рукі гарадскога войта, лентвойта, бурмістраў, радцаў і лаўнікаў. Прычым такія нормы ўтрымліваліся не толькі ў першапачатковых прывілеях, але і ў пацвярджальных.

У прывілеях на магдэбургскае права неаднаразова падкрэсліваецца, што горад расце, развіваецца і таму прадметам пастаяннай увагі гарадскога кіравання з'яўляецца распаўсюджванне гарадской юрысдыкцыі на ўсіх жыхароў горада.

Больш таго, пад юрысдыкцыю магістрата адыходзяць і тыя мяшчане, якія жывуць у дамах, што належаць шляхце і духавенству. Гэта значыць, што акты прызнаюць прыватную юрысдыку права ўладання, але не прызнаюць за ёй юрысдыкцыю, г.зн. права ўлады і суда ўласніка.

Разглядаючы войтаўства з погляду таго парадку, якім войты прызначаліся на пасаду, можна заўважыць, што ўрад лічыў сваім неадменным правам распараджэнне войтаўскаю пасадаю як сваёй масмасцю, і заўсёды падкрэсліваў гэта сваё права гаспадарскае як прэрыгатыву вярхоўнай ўлады [18, с. 38].

Войты ў беларускіх гарадах звычайна прызначаліліся на розны час. Большаю часткаю ўрадам войты прызначаліся «до живота», часамі «до двух животов», радзей «до воли и ласки господарское». Катэгорыя «до двух животов» азначае, што бацька перадае ў спадчыну сыну сваю пасаду.

М.К. Ермаловіч таксама звяртае ўвагу на факт перадачы гэтай пасады па спадчыне: войты, атрымаўшы войтаўства ў часовае ўладанне, маюць права «передавать свою должность по наследству и отчуждать ее за деньги в чужие руки» [20, с. 140]. Але з цягам часу гарады «перекупали наследственныя войтовства» [45, с. 41]. У прывілеі Пінску 1581 года сустракаецца норма аб тым, што войт займае пасаду пажыццёва або «до воли нашое господарское» [22, с. 262].

Другою характэрнаю рысаю з’яўляецца той факт, што на войтаўскія пасады большаю часткаю прызначаліся асобы кіруючых саслоўяў – панскага і шляхецкага. У некаторых прывілеях Полацку агаворваецца, што на пасаду войта можа быць абраны толькі ваявода дадзенага горада, «теперешній і напотомь будучіе» [26, с. 256]. Па прывілею Магілёву 1577 года на пасаду войта прызначаецца пісар Вялікага княства Літоўскага «до конца живота», г.зн. пажыццёва [24, с. 204]. Войт таксама мог сумяшчаць і пасаду старасты. Тады ён быў постаццю намінальнай, а яго функцыі выконваў намеснік, які пастаянна пражываў у гэтым месцы [11, с. 165].

Прызначэнне на пасаду войта асоб, якія займалі такія высокія дзяржаўныя пасады, як ваяводы, каштэляны, пісары і інш., сведчыць аб тым, што гэта пасада, даволі прыбытковая, раздавалася асобам як узнагарода за іх службу на іншых пасадах. У гэтых адносінах войтаўскія пасады ў поўнай меры падобны на пасады намеснікаў-дзяржаўцаў, якія ўрад разглядаў галоўным чынам як крыніцы прыбыткаў гаспадара і яго ўрадаўцаў [31, с. 86]. Фактычна, войт быў вылучаны з пасады намесніка-дзяржаўца як у тэрытарыяльных адносінах, так і ў адносінах прыбыткаў войтаўскай пасады; зусім зразумела, што і вялікі князь, і цэнтральны дзяржаўны ўрад пераносяць свае погляды, якія склаліся на дзяржаўцаў гаспадарскіх двароў і валасцей, і на новаўтвораныя пасады ў гарадах – войтаў, тым больш, што і самыя гарады лічыліся дзяржаўнай маёмасцю, як і ўсялякія іншыя маёмасці [18, с. 39].

У адпаведнасці з нормамі прывілеяў войт стаяў на чале гарадской улады. Устанаўліваліся патрабаванні да кандыдата на пасаду войта. Часцей за ўсё гэта павінен быць чалавек «набожны» [11, с. 165].

Прыступаючы да выканання сваіх абавязкаў, войт даваў прысягу, у якой абязаўся пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў кіравацца выдадзеным прывілеем на магдэбургскае права і імкнуцца да паляпшэння становішча (уяўляецца, што ў першую чаргу мелася на ўвазе маёмаснае становішча) мяшчан.

Пасада войта была вельмі прыбытковая. У прывілеях беларускім гарадам, якія атрымалі магдэбургскае права, войт за выкананне сваіх абавязкаў атрымліваў «третій пенязъ отъ всихъ судовъ и винъ судовыхъ, и поплатков и иныхъ судовыхъ речей» [23, с. 187]. Акрамя таго, кожны горад дадаткова ўстанаўліваў плацяжы, даходы і льготы войту. Войт Мінска па прывілею 1552 года атрымліваў «две клети мясныхъ съ платомъ ихъ, две корчме вольныхъ съ платомъ инхъ съ четырма копами грошей» [34, с. 136].

Прывілей Мінску 1592 года адводзіў войту «волокъ двадцать отъ всякихъ платовъ» [29, с. 242]. За выкананне сваіх абавязкаў войт Магілёва атрымліваў дом, дзве валокі зямлі, «лежачіе у стене Дубенецкой отъ всякого податку вольные вечными часы» [24, с. 204]. А за ўсё гэта войт павінен быў «не только отправлять свою войтовскую должность, но и нести военную службу вмете съ боярами, шляхтою или земянами» [35, с. 140].

Войт займаўся пытаннямі агульнага кіравання справамі, сачыў за падтрымкай парадку ў горадзе, зборам падаткаў у дзяржаўную казну і на «мескія» патрэбы, ажыццяўляў судовыя функцыі. Але сваю дзейнасць войт павінен быў ажыццяўляць, кіруючыся нормамі магдэбургскага права (аб гэтым асобна агаворвалася ў тэкстах прывілеяў). Напрыклад, «водлуг звычаю права Майдеборского» [24, с. 204], «правомъ Маитборскимъ судити и радити» [32, с. 136], «водле выступку и бегу права Майдеборгского» [21, с. 262].

За ўсе злачынствы жыхары горада павінны былі адказваць «перед судомъ войтовскимъ» [24, с. 203-204]. Прычым у прывілеях вызначаецца спецыяльная катэгорыя спраў, якія разглядаў войт.

Па нормах прывілея Пінску 1581 года войт разглядаў справы «о речи доткливые и кровавые, яко о злодейство, пожогу и иные всиелякіе речи и выступы злостливые» [22, с. 262]. Да кампетэнцыі войта належаў таксама разгляд спраў «криминальныхь, то есть, кровавыхь ... водлугъ описанья права Майдеборского» [22, с. 263]. Але часцей за ўсе войт не разглядаў аднаасобна крымінальныя справы, а старшынстваваў у лаўніцкім судзе.

Трэба заўважыць, што ўлада войта ў беларускіх гарадах не была пэўна акрэслена і не было канкрэтнага ўяўлення аб тых правах і абавязках, якія павінен мець войт. Нягледзячы на тое, што магдэбургскае права было «чужым» правам, пры сваім практычным ажыццяўленні яно прыстасоўвалася да мясцовых умоў. I гэта прыстасаванне выявілася ў значнай меры ў арганізацыі войтаўскай улады, якая набыла на Беларусі свае прыкметы, знайшла свае пэўныя формы, на якіх адбілася асаблівасць палітычнага і сацыяльнага жыцця ўсёй краіны і яе асобных мясцовасцей [18, с. 40].

Ужо адзначалася, што часта на пасаду войта прызначалася асоба, якая займала яшчэ і дзяржаўную пасаду. Пры адсутнасці войта ўсімі справамі ў горадзе кіраваў лентвойт. А калі войт сумяшчаў яшчэ і пасаду старасты ці знаходзіўся на іншай дзяржаўнай службе, то ён быў постаццю намінальнай. Яго функцыі выконваў намеснік – лентвойт, які пастаянна пражываў у гэтым горадзе. Лентвойт таксама прыносіў прысягу у першапачатковых граматах на магдэбургскае права – войту, а ў XVI-першай палове XVII стагоддзя – ужо прысяга прыносіцца і гораду.

У прывілеях утрымліваюцца нормы, якія замацоўваюць працэс выбрання лентвойта. Па-першае, на пасаду лентвойта можа быць выбрана асоба, якая «въ тамошнемъ месте осела» [10, с. 49], гэта значыць, пражывае ў гэтым горадзе (так званы «цэнз аседласці»). Па-другое, кандыдатуры на гэту пасаду павінны былі адпавядаць наступным патрабаванням: «сталой веры» (прывілей Магілёву 1577 года) [24, c. 204], «люди добрые», «бачные и росторопные» (прывілей Дзісне 1569 года) [11, c. 165].

Прывілей на магдэбургскае права Дзісне 1569 года прадугледжвае наступны парадак выбараў лентвойта: мяшчане горада выбіралі чатыры кандыдатуры, а войт з іх прызначаў лентвойта. Прычым выбраны такім чынам лентвойт павінен быў выконваць свае абавязкі на працягу года, пакуль не будзе абрана новая асоба [11, с. 165-166]. Яшчэ лентвойт павінен быў зрабіць справаздачу аб сваёй дзейнасці перад войтам, калі тэрмін яго паўнамоцтваў скончыўся.

Прывілей Магілёву 1577 года падыходзіць да нормы аб выбранні лентвойта некалькі інакш: да чатырох кандыдатур, якія былі выбраны жыхарамі горада, войт яшчэ дадае сваю, пятую, і ўжо з пяці кандыдатаў абірае лентвойта, які і прыносіць прысягу перад войтам [24, с. 204]. Прывілей Полацку 1580 года толькі ўказвае, што лентвойта прызначае войт [27, с. 256].

Як бачым, пасля абрання на пасаду ўсе асобы – бурмістр, войт, радцы і лаўнікі – у прысутнасці войта, а таксама мяшчан на ратушы давалі прысягу. Пасля гэтай урачыстай працэдуры яны лічыліся дапушчанымі да выканання сваіх абавязкаў і «ўрад мескі» пачынаў поўнавартасна функцыянаваць.

Падводзячы вынік, неабходна адзначыць, што на чале гарадской улады ў гарадах з Магдэбурскім правам стаяў войт, які прыступаючы да выканання сваіх абавязкаў даваў прысягу, згодна з якой абавязаўся пры выкананні сваіх паўнамоцтваў кіравацца дадзенымі прывілеямі на магдэбургскае права і імкнуцца да паляпшэння становішча мяшчан. Таксама неабходна адзначыць, што асноўнымі абавязкамі войта былі: падтрымка парадку ў горадзе, збор падаткаў як у дзяржаўную казну, так і на гарадскія патрэбы, судзейскія функцыі. Існавала абмежаванне дзейнасці войта, так сваю дзейнасць войт павінен быў ажыццяўляць, кіруючыся нормамі магдэбургскага права (аб гэтым асобна агаворвалася ў тэкстах прывілеяў).

 

1.2. Магістрат. Службовыя  асобы магістрата

 

З увядзеннем у горадзе магдэбургскага права ўлада пераходзіла ў рукі адміністрацыйнага і судовага органа гарадскога самакіравання – магістрата, які падзяляўся на дзве калегіі, што складаліся з выбарных членаў:

- бурмістраўска-радзецкая калегія (ці рада), у якой старшынстваваў бурмістр, разглядала справы па грамадзянскіх ісках, ведала паліцыяй, маёмасцю, наглядала за гандлём.

- войтаўска-лаўніцкая калегія (ці лава), якая складалася з прысяжных (лаўнікаў), пад старшынствам войта – надзялялася вузкасудовымі функцыямі і займалася судом за крымінальныя ўчынкі.

Будынак, дзе размяшчаўся магістрат, называўся «ратуша» ці «ратуш». Прывілеі на самакіраванне прадугледжваюць «ратушу справіць на месце годном» [26, с. 77], або «повинни мещане ратушу порадный збудовати» [11, с. 166]. У некаторых дакументах гэта норма гучыць так: «мають они накладомъ, своимъ ратушъ местскій збудовати» [26, с. 256]. Прывілей 1577 года дазваляе магілёўскім мяшчанам адначасова з ратушам «школу хрысціянскую збудовати и фундовати» [27, с. 205].

Як адзначае В. Дружчыц, катэгорыя «магістрат» пачала ўжывацца спачатку ў тых актах, якія пісаліся на лацінскай мове [19, с. 3]. Тэрмін «магістрат» як выраз для азначэння гарадской улады з'явіўся даволі позна, прыкладна ў XVI стагоддзі. Спачатку гэта была назва «бурмістры і радцы», а затым – «урад местскі».

Як жа адбываліся выбары ў магістрат? Згодна з прывілеем Полацку на магдэбургскае права 1498 года, войт выбіраў «двадцаць радец, половину закону римского, а другую половину грецкого». Затым радцы сумесна з войтам «посполито мають обирати промежду себе, на каждый годъ, два бурмистры, одного закону римского, а другого грецкого, которых же руками, обапольно посполито мает быти ряжено» [25, с. 264].

Як ужо адзначалася, у пацвярджальных прывілеях нормы першапачатковых актаў канкрэтызаваліся і пашыраліся. Полацк па прывілею 1510 года меў «двадцать и чотыры рядских, которых мают обирати войт и бурмистры...» [26, с. 76]. А ўжо ў прывілеі Полацку 1580 года запісана, што «до справованья справъ, местскихъ» мяшчане выбіраюць чатыры бурмістры, а ваявода полацкі (які з'яўляецца войтам) прызначае двух, «которые зъ лавниками и присяжниками местскими, справы местскіе водлуг звычаю, права и бегу Майдебурского, подъ владностью и зверхностью войта тамошнего отправовати мають» [27, с. 256].

Колькасць членаў магістрата не была аднолькавая ў розных месцах. Найбольш буйныя гарады мелі і адпаведна большую колькасць членаў. Лічба членаў магістрата магла залежыць і ад таго, ці знаходзіўся гэты горад ва ўласнасці якога-небудзь магната, ці быў дзяржаўным.

У старажытным Мінску па нормах прывілея 1499 года павінна было быць «дванадцаць радских, который ж радцы з войтом посполито мають обирати промежду себе на кождый год» [23, с. 187]. Некалькі па-іншаму выглядалі справы ў Дзісне. Як сказана ў прывілеі 1569 года, што «се дотычет бурмистров и радец годовых, тых лентвойт з мещанами тамошними, на кожную особу по чотыре человеки годных подавши, оповедати будут старосте нашому, як войту головному, а староста з места войтовского межы того лічбою только колько будет надобе бурмистров и радец обрати, и прысегу от них прынявши, справу местскую им злецати маеть» [11, с. 166].

На гэтым звесткі з гарадскіх актаў вычэрпваюцца. Яны не даюць поўнага ўяўлення аб усёй сістэме выбараў. Але па тых дадзеных, якія ёсць у прывілеях, можна вылучыць прыкладна такую схему выбараў. Перш за ўсё, рада выбіралася з заможнай часткі мяшчан, вярхоў гарадскога грамадства, пераважна купецтва, у колькасці «водлуг потребы того места». Заможная частка мяшчан на агульным сходзе выбірала склад рады. Члены рады пасля прыняцця прысягі войту кіравалі горадам на працягу аднаго года. Пры перадачы кіравання службовыя асобы рады трымалі справаздачу перад агульным сходам аб сваёй дзейнасці за год. Рада, якая прымала гарадскія справы, называлася новай радай, радай бягучага года, а тая, што змяніла іх, – старой радай. Службовыя асобы апошняй не пазбаўляліся права ўдзелу ў рабоце магістрата [2, с. 30].

У сувязі з тым, што колькасць выбаршчыкаў была абмежаванай, то склад магістрата з году ў год складаўся амаль з адных і тых жа асоб, што было адной з прычын злоўжыванняў з іх боку. Гэта прыводзіла да незадавальнення і рэзкіх пратэстаў асноўнай масы мяшчан. Яны дабіваліся права ўдзелу ў выбарах магістрата. Так, напрыклад, барацьба гэта ўжо ў першыя гады ўвядзення самакіравання ў Магілёве ўвянчалася некаторымі поспехамі. У 1580 годзе гарадскім масам удалося стварыць пры магістраце кантрольна-дарадчы орган, які складаўся з 12 чалавек «посполитых», што выбіраліся кожны год у асноўным з сярэдніх слаёў гараджан, якія знаходзіліся пад юрысдыкцыяй магістрата. У абавязкі «посполитых» уваходзіла: сачыць за правільным выкарыстаннем гарадскіх сродкаў, разам з радамі прымаць рашэнні па розных пытаннях гарадскога жыццяи

У 1588 годзе яны дабіліся змянення парадку выбараў членаў гарадской рады, пашырэння паўнамоцтваў кантрольна-дарадчага органа пры магістраце і выбараў дадатковых службовых асоб. З таго часу выбары павінны былі праводзіцца наступным чынам. Перш за ўсё гарадская абшчына выбірала са свайго асяроддзя 12 чалавек «посполитых». Яны, у сваю чаргу, пасля прыняцця прысягі разам з радай выбіралі новы склад дадзенай калегіі магістрата. Цяпер усе рашэнні прымаліся магістратам і «посполитыми» сумесна [45, c. 82].

У больш позніх прывілеях на магдэбургскае права гэта палажэнне атрымала далейшае адлюстраванне. Так, у прывілеі Пінску 1581 года даецца як бы абагульненае ўяўленне аб ролі гарадскога сходу. Мяшчане, гаворыцца ў гэтым акце, павінны са свайго асяроддзя, як гэта звычайна адбываецца ў іншых гарадах ВКЛ, выбіраць у адпаведнасці з магдэбургскім правам бурмістраў. Далей ідзе ўдакладненне: мяшчане выбіраюць чатырох кандыдатаў («четырех особ посполитого человека выбранных»), якіх у пасадзе зацвердзіць стараста [22, с. 262-263].

У склад войтаўска-лаўніцкай калегіі ўваходзілі лаўнікі. Іх пасада была выбарнай. Яны прымалі ўдзел толькі ў судовых пасяджэннях. Колькасць іх магла быць рознай, прычым пасяджэнне адбывалася ў прысутнасці не менш паловы ўсіх лаўнікаў. Галоўная роля пры выбранні належала магістрату, а ў некаторых выпадках і войту. Прывілей Магілёву 1577 года ўстанаўлівае, што лаўнікі выбіраюцца «порядкомъ и звычаемъ права Майдеборского, такожъ водлугъ потребы того места» і «черезъ войта нашого мають быти постановлены» [24, с. 204]. Крытэрыямі для выбрання на гэту пасаду былі тэрмін пражывання ў горадзе і грамадская карысць гораду, прынесеная кандыдатам у лаўнікі [32, с. 97-98].

Акрамя войта, лентвойта, бурмістраў, лаўнікаў, у «штатным раскладзе» магістрату былі і іншыя пасады.

Пісар, які таксама прыносіў прысягу разам з іншымі членамі гарадскога самакіравання, павінен быць чалавекам высокаадукаваным, які ведаў беларускую мову і пісьмо, польскую, лацінскую мовы [62, с. 18]. Ён прысутнічаў на пасяджэннях абедзвюх калегій, запісваў і ўносіў у «мескія» магістрацкія кнігі (актавыя, паточныя, дэкрэтавыя) справы. Пісар выдаваў выпісы з рашэнняў, копіі іншых дакументаў, якія падпісваў разам з войтам ці бурмістрам. У некаторых выпадках пісар меў на сваім захаванні адзін з трох «ключоў ад скрыні, дзе захоўвалася меская пячатка» [62, с. 19]. У прывілеях на магдэбургскае права асобе пісара адводзіцца нязначнае месца. У прывілеі Полацку 1597 года ёсць толькі запіс аб тым, што пісар разам з бурмістрам, радцамі і лаўнікамі складаюць гарадскую раду [25, с. 268]. Магчыма, на момант выдачы прывілеяў на магдэбургскае права прававое становішча гэтай службовай асобы ўжо было вызначана нормамі мясцовага звычаёвага права і вялікі князь не лічыў патрэбным яшчэ раз гэта фіксаваць.

«Поліцаі» назіралі за парадкам у горадзе і былі адказныя за выкананне правілаў гандлю, збіралі падатак на карысць горада. У іх функцыі ўваходзіла сачыць, каб у горадзе не пуставалі пляцы, а былі заселены мяшчанамі. «Полецаемъ такжъ войту и бурмистромъ все местца пустые въ месте и округъ места и поля наши ку осаженью, размноженью людей...» [34, с. 136]. Такая ж норма замацавана і ў канфідацыйным прывілеі Полацку 1510 года [26, с 78].

Для праверкі правільнасці даходаў і выдаткаў «мескай скарбонкі» выбіралася група шафараў. Аб гэтых службовых асобах таксама мала звестак. Прывілей Дзісне 1569 года толькі гаворыць, што калі заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў «мескага ўраду», то на апошнім пасяджэнні пры «слуханні лічбы» прысутнічаюць шафары [11, с. 166].

Прывілеі ўстанаўліваюць тэрмін знаходжання службовых асоб на пасадзе. Напрыклад, знаходжанне на пасадзе бурмістра было не больш аднаго года, пасля чаго на яе заступала новаабраная асоба [11, с. 166]. Тэрмін паўнамоцтваў лаўнікаў, радцаў, як правіла, таксама быў адзін год.

Способы управления суда в городах с Магдебурским правом