Змены ў дзяржаўна-палітычным ладзе беларусі пасля ўваходжання яе ў склад расійскай імперыі (канец XVIII ст. – 50-я гг. XIХ ст.)

 

ТЭМА 15. ЗМЕНЫ  Ў ДЗЯРЖАЎНА-ПАЛІТЫЧНЫМ ЛАДЗЕ БЕЛАРУСІ ПАСЛЯ ЎВАХОДЖАННЯ ЯЕ Ў СКЛАД  РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (канец XVIII ст. – 50-я гг. XIХ ст.)

 

ПЛАН

 

1. Вызначце асаблівасці палітыкі расійскага ўрада ў галіне адміністрацыйнага кіравання, судаводства і заканадаўства ў Беларусі на працягу вызначанага перыяду.

 

2. Прааналізуйце канфесійную палітыку расійскага ўрада ў Беларусі. Чым яна была выклікана?

 

3. Ахарактарызуйце  палітычнае  становішча  Беларусі  напярэдадні  і  падчас Айчыннай  вайны 1812  г.  Якія  наступствы  мела  гэтая  вайна  для насельніцтва Беларусі?

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

1. Вызначце  асаблівасці палітыкі расійскага  ўрада ў галіне адміністрацыйнага  кіравання, судаводства і заканадаўства  ў Беларусі на працягу вызначанага  перыяду. 

 

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай беларускія землі ўвайшлі ў склад дзвюх губерняў - Магілёўскай і Пскоўскай, якія ў сваю чаргу былі аб'яднаны ў адно генерал-губернатарства.

Першым актам новай  улады на Беларусі было выданне генерал-губернатарам Чарнышовым ад імя імператрыцы ў верасні 1772 г. "Плаката" на рускай і польскай мовах з мэтай пазнаёміць насельніцтва з задачамі і палітыкай новай улады. "Плакат" павінен быў запэўніць перш за ўсё шляхту, святароў, гараджан, яўрэяў у тым, што новая ўлада не збіраецца ўносіць змены ў прававое становішча асобных саслоўяў. Усім гарантавалася зберажэнне прыватнай маёмасці. Ніяк не ўпаміналася аб магчымых зменах у становішчы прыгоннага сялянства, што павінна было супакоіць шляхту. Усё насельніцтва Усходняй Беларусі заклікалася да прынясення прысягі. Беларуская шляхта, што прыняла прысягу, атрымала ўсе правы і прывілеі, якімі карысталіся расійскія дваране паводле законаў імперыі, у прыватнасці "Даравальнай граматы дваранству" ад 1785 г. Аднак расійскі ўрад рашуча ліквідаваў тыя прывілеі феадалаў, якія падрывалі асновы цэнтралізаванай дзяржавы. Шляхта была пазбаўлена права выбіраць манарха, збірацца на павятовыя сеймікі, выбіраць некаторых суддзяў, трымаць уласнае войска і крэпасці, страціла правы на канфедэрацыі і рокашы. Лагодныя адносіны дэманстравала новая ўлада да непрысягнуўшых: яны мелі магчымасць на працягу трох месяцаў прадаваць сваю маёмасць і бесперашкодна выехаць.

У 1772 г. быў дэклараваны "разбор" шляхты, але яго рэалізацыя праводзілася марудна, непаслядоўна, асабліва з прычыны ўскладненай юрыдычнай сістэмы доказаў дваранскага паходжання.

Дваранству і купецтву беларускіх зямель у 1773 г. было дазволена  выбіраць дэпутатаў для выпрацоўкі праекта новага, агульнадзяржаўнага Улажэння. У 1777 г. на Беларусі адбыліся выбары павятовых і губернскіх прадвадзіцеляў дваранства, створаны павятовыя і губернскія дваранскія сходы.

Разам з афармленнем  новага падданства быў праведзены перапіс  насельніцтва. Урад цікавілі ў першую чаргу падатковыя групы насельніцтва: сяляне, мяшчане, яўрэі. У адносінах да сялян урад імкнуўся да уніфікацыі, прызнаючы толькі два разрады: казённых і прыватнаўласніцкіх сялян. Жорсткую палітыку праводзіў царскі ўрад у адносінах да дробных уласнікаў. Сяляне і мяшчане вымушаны былі штогод выстаўляць рэкрутаў, якія павінны былі служыць 25 гадоў у арміі.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) усе землі, далучаныя да Расійскай імперыі, адміністрацыйна былі падзелены на тры губерні: Мінскую, Ізяслаўскую і Браслаўскую. Дзве губерні былі ўтвораны раней - Магілёўская і Полацкая (да 1776 г. - Пскоўская).

Пасля трэцяга падзелу  Рэчы Паспалітай з'явіліся дзве новыя губерні, Віленская і Слонімская.

Паводле адміністрацыйнай рэформы 1796 г. з Полацкай і Магілёўскай губерняў была створана Беларуская губерня, а ў 1797 г. з Віленскай і Слонімскай губерняў - Літоўская губерня. Аднак у 1801 г. Літоўская губерня ў чарговы раз была падзелена на Віленскую і Гродзенскую. А Беларуская губерня ў 1802 г. - на Магілёўскую і Віцебскую (замест Полацкай). Перадзелы адбываліся і пазней. Але ў цэлым у першай палове XIX ст. тэрыторыі, далучаныя да Расійскай імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, складаліся з двух генерал-губернатарстваў: Беларускага ў складзе Магілёўскай і Віцебскай губерняў і Віленскага ў складзе Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў. Усе губерні разам падзяляліся на 35 паветаў.

Генерал-губернатары  прызначаліся імператарам, непасрэдна яму падпарадкоўваліся і мелі фактычна неабмежаваныя паўнамоцтвы. Выканаўчая ўлада ў губернях належала губернатарам. Яны кіравалі праз канцылярыі, у склад якіх уваходзілі віцэ-губернатар, саветнікі, пракурор, сакратары і іншыя чыноўнікі. Найвышэйшыя пасады ў беларускіх губернях, як правіла, займалі чыноўнікі рускага паходжання. На іншыя чыноўніцкія пасады дапускаліся мясцовыя ўраджэнцы.

Адміністрацыйную палітыку расійскага ўрада адносна далучаных тэрыторый можна падзяліць на некалькі перыядаў, якія пачаргова змяняліся:

1772-1796 гг. (ад першага  падзелу да смерці Кацярыны II) - спроба поўнай уніфікацыі і  нівеліроўкі асаблівасцяў беларускіх  земляў;

1796-1825 гг. (кіраванне Паўла  I і Аляксандра I) - адраджэнне часткі ранейшага адміністрацыйнага ўладкавання і кіравання;

1825-1856 гг. (кіраванне Мікалая I) - новая спроба уніфікацыі.

На беларускія гарады былі распаўсюджаны прынцыпы "Даравальнай граматы гарадам" ад 1785 г. У гарадах скасоўвалася магдэбургскае права, адмяняліся юрыдыкі. Урад выкупіў шматлікія прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі. Кіраванне гарадскім жыццём ажыццяўлялася гарадской Думай. Гэта быў выбарны орган гарадскога самакіравання, які ствараўся на аснове саслоўнага прадстаўніцтва.

На беларускія губерні  распаўсюджвалася і расійская падатковая сістэма. Розныя дзяржаўныя зборы з  насельніцтва былі заменены на падушны падатак і земскі збор. Але з-за слабай плацёжаздольнасці беларускаму насельніцтву на некаторы час даваліся льготы. На два гады яно было наогул вызвалена ад дзяржаўных падаткаў, а на працягу наступных дзесяці гадоў ва ўсіх беларускіх губернях падушны падатак збіраўся ў палавінным памеры.

Калі адміністрацыйнае і фінансавае кіраванне ў беларускіх губернях ажыццяўлялася па нормах расійскага заканадаўства і было строга падсправаздачна цэнтральнай уладзе, то мясцовыя суды яшчэ доўгі час працягвалі сваю дзейнасць па прававых нормах Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Члены судоў у Беларусі выбіраліся шляхтай, чаго былі пазбаўлены дваране вялікарасійскіх губерняў. Польская мова мела статус афіцыйнай у мясцовым справаводстве. Шляхам захавання судовых і прававых парадкаў Рэчы Паспалітай расійскі ўрад меркаваў умацаваць лаяльнасць шматлікай мясцовай шляхты да прастола, не ствараючы пагрозы дзяржаўнай цэласнасці Расійскай імперыі.

Сацыяльная структура  насельніцтва Беларусі мела саслоўны характар. Саслоўі былі прывілеяваныя і падатковыя.

Да прывілеяваных саслоўяў належала дваранства, духавенства, купецтва і нешматлікая група ганаровых грамадзян (з'явілася ў 1832 г.). Прывілеяваныя саслоўі вызваляліся ад рэкрутчыны, цялесных пакаранняў, падушнага падатку і іншых дзяржаўных павіннасцей.

Да падатковых саслоўяў адносіліся сяляне і мяшчане. Па юрыдычнаму стану ў Беларусі вылучаліся тры групы сялян - прыватнаўласніцкія, дзяржаўныя і вольныя. Другім падатковым саслоўем былі мяшчане - асабіста свабоднае насельніцтва гарадоў, якое павінна было плаціць падушны падатак, адбываць рэкрутчыну і іншыя грашовыя і натуральныя павіннасці.

Пэўныя змяненні адбыліся ў прававым і сацыяльна-эканамічным становішчы яўрэяў, што жылі на тэрыторыі ВКЛ пасля яго далучэння да Расійскай імперыі. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай яны былі запісаны ў мяшчане, дзе выдзяляліся ў асобныя падатковыя і саслоўныя групы. Прызнаваўся падзел на кагалы, зручны расійскай адміністрацыі ў якасці судовай установы. Яўрэі, запісаныя ў купецтва, з 1789 г. атрымалі дазвол на ўдзел у гарадскім самакіраванні, у тым ліку быць выбранымі ў кіраўніцтва. Яўрэям дазвалялася жыць толькі ў межах беларускіх губерняў і Таўрычаскай вобласці. У 1792-1794 гг. была ўстаноўлена так званая "рыса яўрэйскай аседласці". Гэта была палітыка, накіраваная на ўтрыманне яўрэйскага насельніцтва ў межах яго рассялення. Правы грамадзянства і мяшчанства ім дазвалялася мець толькі ў губернях: Мінскай, Ізяслаўскай (Валынскай), Брацлаўскай (Падольскай), Полацкай (Віцебскай), Магілёўскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Ноўгарад-Северскай, Екацярынаслаўскай і ў вобласці Таўрычаскай. 3 ліпеня 1794 г. яўрэі-мяшчане і купцы павінны былі плаціць падвойны падушны падатак. У 1795 г. яўрэям-купцам і мяшчанам было забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Пачынаючы з 1795 г., вясковых яўрэяў было загадана прыпісваць да гарадоў. А згодна з «Положением об устройстве евреев», зацвержаным 9 снежня 1804 г. Аляксандрам I, іх трэба было выселіць з сельскай мясцовасці ў гарады да 1808 г. Барацьба з Напалеонам затрымала ажыццяўленне гэтых планаў, але не адмяніла іх.

З 1810 г. па ініцыятыве А. Аракчэева царскім урадам былі ўвядзены ваенныя пасяленні. Мелася на мэце стварыць з сялян ізаляваную ваенную касту (апору ўрада), якая павінна была забяспечваць сябе харчаваннем і фуражом. Аднак вопыт стварэння ваенных пасяленняў у Магілёўскай і Віцебскай губернях аказаўся няўдалым. Яны не здзейснілі ніводнай з пастаўленых задач.

Згодна з імператарскім ўказам ад 11 красавіка 1823 г. яўрэеў павінны былі выселіць з сельскай мясцовасці да 1825 года. Высяленне пачалося адразу. Ніякай дапамогі не аказвалася. 3 1827 г. замест грашовага падатку на яўрэяў была распаўсюджана вайсковая павіннасць. У 30-х гг. XIX ст. значна скарацілася "рыса аседласці", былі ўведзены абмежаванні па прадстаўніцтву ў гарадскіх кіруючых органах. 19 снежня 1844 г. выйшаў указ аб ліквідацыі органаў абшчыннай аўтаноміі кагалаў і падначаленні яўрэяў агульным гарадскім і ўездным уладам.

У пачатку XIX ст. па ініцыятыве Аляксандра I пачала абмяркоўвацца  магчымасць аднаўлення дзяржаўнасці Польшчы. На супрацоўніцтва з расійскімі ўладамі  пайшлі некаторыя дзеячы польскага нацыянальнага руху, у тым ліку А. Чартарыйскі і М. Агінскі. У 1815 г. Каралеўству Польскаму, створанаму паводле пастановы Венскага кангрэса, была падаравана Канстытуцыя ў адпаведнасці з якой у Польшчы фарміравалася мясцовая адміністрацыя.

Аднак выкрыццё ў пачатку 1820-х гг. у Віленскім універсітэце тайных студэнцкіх гурткоў польскай моладзі змяніла ўрадавую палітыку ў Беларусі. Асноўнай яе мэтай стала паслабленне польскага палітычнага і культурнага ўплыву. Менавіта гэтай мэце адпавядала перадача ў 1824 г. з Віленскай навучальнай акругі ў Пецярбургскую 2 беларускіх губерняў - Віцебскай і Магілёўскай.

Улічваючы, што цэнтрамі большасці тайных таварыстваў былі навучальныя ўстановы, у 1824 - 1825 гг. урад прымае меры па наглядзе за навучэнцамі. Чыноўнікі павінны былі даваць падпіску аб непрыналежнасці студэнтаў і настаўнікаў да тайных суполак. Указ Аляксандра I забараняў жыхарам Беларусі і Літвы адпраўляць дзяцей на вучобу ў Гейдэльбергскі, Іенскі, Гесенскі і Вюртэмбергскі ўніверсітэты.

Пасля ўступлення на прастол імператара Мікалая I, які вядомы сваім антыпольскім настроем, пачаліся змяненні ў сістэме асветы. У аснову народнай асветы быў пакладзены прынцып строгай саслоўнасці. Каб ажыццявіць гэты прынцып, быў выдадзены ў 1828 г. "Статут навучальных устаноў". Згодна з ім пачатковая і сярэдняя адукацыя падзялялася на тры катэгорыі: для дзяцей ніжэйшага саслоўя (сялян) прызначаліся аднакласныя прыходскія вучылішчы з элементарнай праграмай навучання; для "сярэдняга" саслоўя - трохкласныя вучылішчы з больш шырокай праграмай пачатковага навучання; для дзяцей дваран і чыноўнікаў уводзіліся сямікласныя гімназіі, заканчэнне якіх давала права для паступлення ва ўніверсітэты. Па новаму палажэнню аб навучальных акругах (1835) апошнія выключаліся з-пад улады універсітэтаў, істотна пашыраліся правы папячыцеляў навучальных акругоў.

У адпаведнасці з палажэннем "Статута" 1828 г. была створана Беларуская навучальная акруга (1829).

Паўстанне 1830-1831 г. падштурхнула царскую адміністрацыю да рашучых дзеянняў. У адпаведнасці з указамі ад 1831, 1847, 1857 гг. асобы, якія не даказалі дакументамі свайго шляхецтва, не былі зацверджаны ў дваранскім званні: яны пазбаўляліся права валодаць маёнткамі і павінны былі прадаць сваю ўласнасць. Арышты, высылка ва ўнутраныя губерні імперыі, сакрэтны нагляд паліцыі, цэнзура асабістай перапіскі сталі традыцыйнымі мерамі "супакойвання" шляхты. Хваля канфіскацый мела месца ў 1830-1831 гг.

Царскі ўрад прыняў меры па далейшым пашырэнні рускага ўплыву на беларускіх землях. 29 лістапада 1830 г. быў выдадзены ўказ аб адмене з 1 студзеня 1831 г. Літоўскага Статута на тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Указам ад 18 лютага 1831 г. на землях Беларусі ўводзілася новае заканадаўчае ўлажэнне аб губернях. На падставе ўказаў ад 30 кастрычніка 1831 г. і 11 студзеня 1832 г. усім дзяржаўным установам і пасадам на Беларусі былі дадзены расійскія назвы.

У 1832 г. створаны "Асабовы камітэт па справах заходніх губерняў", які павінен быў распрацоўваць і ажыццяўляць план пашырэння расійскага дваранскага землеўладання і адпаведныя меры ў галіне кіравання, суда, асветы, культуры. У мясцовыя адміністрацыйныя органы пачалі прызначацца пераважна расійскія чыноўнікі.

У сувязі з закрыццём  Віленскага універсітэта ў маі 1832 г., як небяспечнага ачага вальнадумства, была ліквідавана Віленская навучальная акруга. Выкладанне ва ўсіх тыпах навучальных устаноў Беларускай навучальнай акругі было пераведзена на рускую мову. Польская мова была выключана з адукацыйных праграм. Толькі ў заходніх губернях акругі яна вывучалася як асобны прадмет па скарочанай праграме.

Указамі ад 11 мая і 11 чэрвеня 1832 г. польская мова ў судовай справе заменена на рускую.

У 1840 г. поўнасцю адменена дзеянне Літоўскага Статута. Расійскае заканадаўства распаўсюджвалася на ўсю тэрыторыю Беларусі. Дзяржаўнае справаводства і выкладанне ў вышэйшых навучальных установах павінна было весціся на рускай мове.

Рэформа ў сістэме  феадальнага землеўладання пачалася з дзяржаўнай вёскі. Першай часткай рэформы дзяржаўнай вёскі стала перабудова яе апарату кіравання. З 1 студзеня 1836 г. агульнае кіраванне дзяржаўнай вёскай было сканцэнтравана ў новым Міністэрстве дзяржаўных маёмасцей. П.Д. Кісялёў стаў першым яго міністрам. У снежні 1839 г. пачалося рэфарміраванне адміністрацыйна-гаспадарчага кіравання дзяржаўнай вёскай у Беларусі. Тут устанаўліваліся тры адміністрацыйныя ярусы: губерня - акруга - сельская ўправа. У выніку рэформы павысіўся статус сельскай абшчыны, было ўпарадкавана кіраванне дзяржаўнымі маёнткамі, уведзены жорсткі адміністрацыйны кантроль за часовымі ўладальнікамі. Другой часткай рэформы П.Д. Кісялёва з'яўлялася палітыка "апякунства" над дзяржаўнымі сялянамі. На выпадак неўраджаяў, эпідэмій, падзяжу жывёлы і іншых бедстваў прадугледжвалася арганізацыя дапамогі сялянам. Акрамя гэтага, ставіліся пытанні аб арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзяржаўных сялян, аказанні медыцынскай дапамогі, правядзенні розных агранамічных мерапрыемстваў, актывізацыі гандлю, развіцці сістэмы страхавання, барацьбе з п'янствам. Аднак з-за недахопу дзяржаўных сродкаў усе гэтыя мерапрыемствы планавалася ажыццяўляць за кошт сялян, таму асаблівага поспеху яны не мелі. Трэцяя і галоўная частка рэформы П.Д. Кісялёва была “люстрацыя дзяржаўных маёмасцей”. Гэта мерапрыемства мела тры мэты: дакладны ўлік дзяржаўных маёмасцей, выраўноўванне гаспадарчага ўзроўню сялян шляхам скасавання малазямелля і рэгламентацыі павіннасцей, павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўных сялян. У дзяржаўных маёнтках Беларусі былі ліквідаваны фальваркава-паншчынная сістэма і сістэма часовага ўладання. З фальваркавых зямель дзяржаўныя сяляне атрымалі прырэзкі да сваіх надзелаў і з 1844 г. пачалі пераводзіцца з паншчыны на пазямельны аброк.

Вясной 1840 г. П.Д. Кісялёў  пачаў падрыхтоўку да інвентарнай  рэформы з мэтай падцягнуць узровень памешчыцкай вёскі да дзяржаўнай. У 1844 г. быў створаны Камітэт заходніх губерняў для выпрацоўкі "Правілаў для кіравання маёнткамі па зацверджаных для гэтага інвентарах". Былі складзены інвентары-апісанні памешчыцкіх маёнткаў з дакладнай фіксацыяй сялянскіх надзелаў і агульнай для ўсіх маёнткаў колькасці паншчынных дзён.

Аднак памешчыкі абаранялі  сваю ўласнасць, усяляк перашкаджалі перагляду  старых і складанню новых інвентароў. Уваходзячы ў склад інвентарных  камітэтаў, яны дамагаліся не толькі захавання былых прыгонніцкіх павіннасцяў для многіх маёнткаў, але і ў шэрагу выпадкаў іх павелічэння. Асцерагаючыся абвастрэння адносін з мясцовымі памешчыкамі, урад асабліва не падганяў іх. А ў сувязі з падрыхтоўкай сялянскай рэформы неабходнасць ва ўвядзенні інвентароў зусім адпала.

Рэформы 30-50-х гг. захавалі дваранскую накіраванасць. Прынцыпы рэфармавання дзяржаўнай вёскі былі прызнаны памешчыкамі  празмерна радыкальнымі. Сацыяльна-прававое становішча памешчыцкіх сялян змянілася мала і пасля правядзення рэформ феадальная ўласнасць заставалася пакуль некранутай.

 

Формы і метады палітыкі расійскага ўрада мяняліся ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў рэгіёне. Палітыка расійскага ўрада ў адносінах да шляхты Беларусі ў канцы ХVIIІ ст. вызначалася надзвычайнай асцярожнасцю. Вырашэнне сялянскага пытання праводзілася галоўным чынам у інтарэсах памешчыкаў. Праводзячы такую палітыку, расійскі ўрад меркаваў умацаваць лаяльнасць шляхты да прастола, не ствараючы пагрозы дзяржаўнай цэласнасці Расійскай імперыі, спрабаваў мякка зняць апазіцыйныя настроі. Нягледзячы на гэта ўзмацніўся рост апазіцыйнага грамадска-палітычнага руху, а таксама працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкага ладу, што прывяло да паўстання. Пазіцыя беларускага дваранства ў ходзе падзей 1830-1831 гг. прымусіла ўрад павялічыць свой уплыў на беларускіх землях: прыняць больш жорсткія меры ў адносінах да беларускага дваранства і змяніць адносіны да сялянства, пачаць палітыку дэпаланізацыі Беларусі. Пасля паўстання 1830-1831 гг. урад пачаў глядзець на сялян як на сваіх магчымых саюзнікаў, імкнуўся схіліць іх на свой бок, шляхам правядзення рэформаў.

 

 

2. Прааналізуйце  канфесійную палітыку расійскага  ўрада ў Беларусі. Чым яна была  выклікана? 

 

Насельніцтва былога Вялікага княства Літоўскага было шматканфесіянальным. Асноўнымі рэлігіямі з’яўляліся уніяцтва, праваслаўе, каталіцкі ордэн. Нешматлікімі рэлігіямі былі пратэстанцтва, стараверства, іудаізм.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалiтай на далучанай у 1772 г. да Расiйскай iмперыi тэрыторыi Беларусi царскi ўрад дазволiў дзейнасць усiх канфесiй. Усталёўвалася свабода веравызнання і адпраўлення абрадаў, зямельныя ўладанні манастыроў і касцёлаў захоўваліся, але строга забаранялася схіляць праваслаўных у сваю веру.

Указам ад 14 снежня 1772 г. Кацярына II абвясцiла аб перадачы ў духоўнае кiраванне каталiцкаму епiскапу ўсiх рымска-каталiцкiх кляштараў i касцелаў, як на далучаных тэрыторыях, так i ў Расii. У 1773 г. была зацверджана Беларуская каталiцкая епархiя з цэнтрам у Магiлёве. Узначалiў яе епiскап С.Богуш-Сестранцэвiч.

2 лiпеня 1780 г. быў выдадзены ўказ аб заснаваннi кансiсторыi для кiравання унiяцкiмi цэрквамi ў Полацкiм i Магiлёўскiм намеснiцтвах, быў дадзены дазвол назначаць праваслаўных свяшчэннiкаў на вакантныя пасады ва унiяцкiя цэрквы, калi гэтага жадалi прыхаджане.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалiтай (1793 г.) на далучаных тэрыторыях была створана Мiнская, Iзяслаўская i Брацлаўская праваслаўная епархiя. Узначалiў яе архiепiскап Вiктар (Садкоўскi).

22 красавiка 1794 г. быў прыняты ўказ аб лiквiдацыi ўсялякiх перашкод для вяртання унiятаў у праваслаўную веру. Да яго была дададзена пастарская грамата Мiнскага, Iзяслаўскага i Браслаўскага праваслаўнага архiепiскапа Вiктара (Садкоўскага) да унiятаў.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалiтай (1795 г.) тэрыторыi Мiнскай, Iзяслаўскай i Брацлаўскай праваслаўнай епархii значна павялiчылася.

Указам ад 6 верасня 1795 г. у Вiльнi была заснавана Iнфлянская епархiя на чале з епiскапам Я.Касакоўскiм. 27 кастрычнiка 1795 г. была зацверджана Пiнская епархiя на чале з епiскапам Цецiшэўскiм. У яе склад увайшлi Мiнская i Вiленская губернi.

Указам ад 4 жнiўня 1799 г. было вырашана сумясцiць межы ўсiх епархiй з межамi губерняў. Мiнская епархiя была перайменавана ў Мiнскую i Лiтоўскую.

29 снежня 1800 г. царскiм указам было загадана, каб Каталiцкi дэпартамент юстыц-калегii займаўся духоўнымi справамi не толькi каталiкоў, але i унiятаў. У 1804 г. унiяцкае духавенства атрымала права на прадстаўнiцтва сваiх членаў калегii.

16 лiпеня 1805 г. у калегii было створана два дэпартаменты: рымска-каталiцкi i грэка-унiяцкi. 24 лiпеня 1806 г. Полацкi архiепiскап I.Лiсоўскi быў прызначаны мiтрапалiтам грэка-унiяцкiх цэркваў у Расii. Згодна з указам ад 20 лiпеня 1815 г. засядацелi рымска-каталiцкай калегii, акрамя польскай мовы, павiнны былi ведаць рускую.

У 1810 г. адбылiся далейшыя змены ў структуры унiяцкай царквы. Замест дзвюх былi створаны чатыры епархii: мiтрапалiцкая ў Вiльне, архiепiскапская ў Полацку, епiскапская ў Брэсце i Луцкая ў Жыдзiчыне.

Мiкалай I лiчыў неабходным узмацнiць пазiцыi Расiйскай iмперыi ў заходнiх губернях шляхам павелiчэння колькасцi праваслаўных за кошт скасавання унiяцкай царквы.

Праект далучэння унiятаў да праваслаўя быў складзены ў канцы 1827 г. i падпiсаны мiнiстрам народнай асветы i галоўным кiраўнiком Дэпартамента замежных веравызнанняў А.Шышковым. Асноўная iдэя дакумента заключалася ў тым, каб адарваць унiятаў ад каталiцтва шляхам скасавання часткi базiльянскiх кляштараў, стварэння асобнай ад каталiцкай грэка-унiяцкай калегii, адкрыцця новых навучальных устаноў для падрыхтоўкi юнакоў у традыцыях праваслаўнай веры. Прадугледжвалася таксама лiквiдаваць залежнасць унiяцкага духавенства ад памешчыкаў-каталiкоў, якiя не толькi аказвалi матэрыяльную дапамогу царкве, але i ўплывалi на выбар кандыдатур свяшчэннаслужыцеляў у сваiх маёнтках.

Урад звярнуў увагу i на адукацыю унiяцкага духавенства. Забаранялася накiроўваць юнакоў у Рым i Вiльню, навучэнцы з iх былi адазваны.

Удзел базiльянскiх манахаў у паўстаннi 1830-1831 гг. прывёў да скасавання 2/3 кляштараў. Урад дазволiў манахам скасаваных кляштараў, якiя раней былi каталiкамi, пераходзiць у каталiцтва.

Каталiцкае духавенства i манаства таксама прыняло актыўны ўдзел ў паўстаннi 1830-1831 гг. У касцёлах ксяндзы зачытвалi звароты i iншыя дакументы паўстанцаў, некаторыя з iх актыўна змагалiся ў паўстанцкiх атрадах.

19 лiпеня 1832 г. быў прыняты ўказ аб скасаваннi некаторых кляштараў. Манахаў з зачыненых кляштараў накiроўвалi ў iншыя. Усяго ў 1832 г. у заходнiх губернях было зачынена 199 кляштараў. Гэтая палiтыка, хаця i не так iнтэнсiўна, працягвалася i ў 40-50-я гг.

У пачатку 30-х гг. дзейнасць  царскага ўрада ў адносiнах да унiятаў стала больш мэтанакiраванай. 8 снежня i 3 красавiка 1831 г. было загадана не прызначаць унiяцкiх свяшчэннiкаў у рымска-каталiцкiя касцёлы, i iм было забаронена адпраўляць у iх богаслужэннi.

3 красавiка 1833 г. была  створана новая праваслаўная епархiя - Полацкая, у складзе Вiцебскай i Вiленскай губерняў.

7 лютага 1834 г. на Саборы  унiяцкiх епiскапаў было вырашана ўвесцi ў Беларускай i Лiтоўскай епархiях у карыстанне служэбнiкi маскоўскага выдання 1831 г., малебныя спевы, евангелiе i iнш., а таксама выдзелiць 5 тыс. руб. на ўсталяванне ў цэрквах iканастасаў.

У маi 1835 г. быў заснаваны Сакрэтны камiтэт, пасяджэннi якога адбылiся 22 i 26 снежня 1838 г. На першым пасяджэннi камiтэт зацвердзiў наступныя прапановы:  1) грэка-унiяцкiя епiскапы са старшым духавенствам складуць царкоўны саборны акт, у якiм прызнаюць зноў сваё пачатковае адзiнства з усходняй праваслаўнай царквой; 2) акт будзе падпiсаны ўсiмi, хто прысутнiчаў пры яго складаннi, а астатнiя дадуць сваю пiсьмовую згоду; 3) акт i водгукi будуць накiраваны iмператару разам з прашэннем i ў той жа час будзе выдадзены найвысачэйшы ўказ аб падпарадкаваннi грэка-унiяцкай калегii не Сенату, а Св.Сiноду, i iнш. На другiм пасяджэннi было вырашана ўвесцi войскi ў заходнiя губернi для таго, каб пазбегнуць хваляванняў пры ўз'яднаннi унiятаў.

12 лютага 1839 г. у Полацку  ў прысутнасцi вышэйшага унiяцкага духавенства быў падпiсаны Саборны Акт з просьбай аб далучэннi унiяцкай царквы да праваслаўнай. У сувязi з далучэннем унiяцкай царквы да праваслаўнай царскi ўрад баяўся абвастрэння адносiн памiж канфесiямi. Гэта было звязана з тым, што частка былых унiятаў не жадала пераходзiць у праваслаўе, а самавольна пераходзiла ў каталiцтва.

Царскi ўрад праводзiў  палiтыку нiвелiравання матэрыяльнага  становiшча духавенства розных канфесiй. Згодна з указам 1842 г. была праведзена секулярызацыя духоўных маёмасцяў  у заходнiх губернях. Каталiцкiм  касцёлам дазвалялася мець 33 дзес. зямлi, а кляштарам - 130 дзес. Урад, прыняўшы ў сваё ведамства населеныя маёнткi, адлічыў у казну для рымска-каталiцкага духавенства частку пазыковых абавязацельстваў на такую суму, каб працэнтаў яе хапала на яго ўтрыманне згодна са штатным раскладам.

Загадам ад 20 лiпеня 1842 г. было ўведзена Палажэнне аб забеспячэннi праваслаўнага духавенства Заходняга края.

У 1842 г. Св.Сiнод загадаў духавенству Лiтоўскай, Мiнскай, Полацкай i Магiлёўскай епархiй пачаць вяртанне былых унiятаў у праваслаўе з каталiцтва. Гэта было звязана з тым, што пасля далучэння унiятаў да праваслаўнай царквы некаторая iх частка без дазволу царкоўных улад перайшла ў каталiцтва.

Царскi ўрад iмкнуўся рознымi мерамi абмежаваць уплыў каталiцкага духавенства на мясцовае насельнiцтва. У 1848 г. было забаронена ў касцёлах прамаўляць казаннi на рускай мове. Пасля паўстання 1830-1831 гг. была ўведзена цэнзура на казаннi.

Адной з нешматлiкiх хрысцiянскiх канфесiй на Беларусi было пратэстанцтва. Пратэстанцкая канфесія не аказвала ўплыву на грамадскае i палiтычнае жыццё тэрыторыi i таму не сутыкалася нi з якiмi рэлiгiйнымi забаронамi з боку царскага ўрада.

Другой нешматлiкай  канфесiяй на Беларусi было стараверства, або раскольнiцтва. Ён распаўся на дзве галоўныя часткi: папоўшчыну i беспапоўшчыну.

Урад Мiкалая I пачаў барацьбу як супраць беспапоўцаў, так i папоўцаў. У 1826 г. былi зняты крыжы з усiх стараверскiх малiтоўных будынкаў. Потым былi забаронены iх будаўнiцтва i рамонт. Стараверскiм папам забаранялася пераходзiць з павета ў павет. Яны вымушаны былi рабiць гэта патаемна, па начах.

У далейшым прымалiся i iншыя меры ў данным кiрунку. Царскi ўрад не лiчыў стараверства асобнай канфесiяй. У красавiку 1853 г. быў створаны Асобы сакрэтны камiтэт для перагляду iснуючага заканаўства аб стараверах. Быў распрацаваны шэраг наступных мер: паступовае скасаванне стараверскiх скiтоў, манастыроў i iнш.; забарона стараверскiх сходаў; абранне старавераў на пасады; адмаўленне ад узнагароджання i шэраг iншых абмежаванняў.

Стварала праблемы знаходжанне  ў Расii езуiтаў. Яшчэ ў 1773 г. Папа Клiмент XIV распусцiў ордэн езуiтаў, але яны заставалiся на далучанай да Расiйскай iмперыi тэрыторыi Вiцебшчыны i Магiлёўшчыны.

У 1815 г. езуiты былi высланы з Пецярбурга, iм быў забаронены ўезд i ў Маскву. А ў 1820 г. урадам было прынята рашэнне аб канчатковай высылцы езуiтаў з Расii. У вiну iм паставiлi тое, што яны далучалi да каталiцтва праваслаўных i унiяцкiх дзяцей i юнакоў, i тое, што вельмi цяжкiм было становiшча сялян, якiя належалi ордэну.

 

У Расiйскай iмперыi праваслаўе было пануючай канфесiяй i таму асноўным кiрункам палiтыкi царскага ўрада пасля далучэння тэрыторыi стала ўмацаванне ў ёй праваслаўя за кошт паступовага скасавання унiяцкай царквы. Разам з тым царскi ўрад iмкнуўся рознымi мерамi абмежаваць уплыў каталiцкага духавенства на мясцовае насельніцтва. Таму адной з галоўных задач урад лічыў ліквідацыі ўплыву Рыма на ўнутраныя справы Расіі, асабліва царкоўныя і асветніцкія. Адносiны царскага ўрада з каталiцтвам былi то даволi спакойныя (у час праўлення Кацярыны II i Паўла I), то дрэнныя (пры Мiкалаi I), што было выклiкана ўдзелам каталiцкага духавенства ў паўстаннi 1830-1831 гг. i самавольным пераходам часткi былых унiятаў у каталiцтва. Але трэба адзначыць, што на працягу 1772-1850 гг. каталiцкая канфесiя на тэрыторыi беларуска-лiтоўскiх губерняў, нягледзячы на яе “цярпімае” становiшча, заставалася самай багатай i ўплывовай.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

3. Ахарактарызуйце   палітычнае  становішча  Беларусі  напярэдадні  і  падчас Айчыннай  вайны 1812  г.  Якія  наступствы  мела  гэтая  вайна  для насельніцтва Беларусі?

 

Тэрыторыя Беларусі і  Літвы разглядалася расійскім камандаваннем  у якасці будучага галоўнага тэатра ваенных дзеянняў. У ваенна-стратэгічных планах расійскага камандавання беларускія землі адыгрывалі значную ролю ў  бягучым забеспячэнні палявых рэгулярных войск, якія тут дыслацыраваліся, стварэнні харчова-фуражных запасаў, пастаўцы для арміі коней, транспартных сродкаў і іншых неабходных для арміі рэчаў.

Пачынаючы з сакавіка 1810 г., на тэрыторыі Беларусі разгарнуліся шматлікія рэкагнасцыроўкі і працы па картаграфаванню і ваенна-інжынернаму вывучэнню мясцовасці. У першую чаргу вывучаліся раёны ўздоўж Заходняй Дзвіны, Дняпра і Бярэзіны, дзе планавалася стварыць асноўную лінію абароны. У гэты самы час пачалося будаўніцтва крэпасцей у Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс) і Бабруйску, умацаванняў у Барысаве, Рагачове і інш. Ішло таксама камплектаванне расійскай арміі. Толькі за 1811 г. з пяці беларускіх губерняў у расійскія войскі паступіла 14 750 рэкрутаў, а разам з наборам 1808 - 1810 гг. агульная колькасць рэкрутаў з Беларусі складала некалькі дзесяткаў тысяч чалавек.

Змены ў дзяржаўна-палітычным ладзе беларусі пасля ўваходжання яе ў склад расійскай імперыі (канец XVIII ст. – 50-я гг. XIХ ст.)