Восстание Костюшки. Итог

УВОДЗІНЫ

     Канец XVIII стагоддзя быў адзначаны трыма падзеямі, якія, безумоўна, змянілі плынь сусветнай гісторыі: вайна Злучаных Штатаў Амерыкі з каралеўскай Англіяй за незалежнасць, Вялікая французская рэвалюцыя і падзелы Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Адказам на II падзел Рэчы Паспалітай стала паўстанне (у сакавіку – лістападзе 1794 г.) на ўцалелай ад двух падзелаў тэрыторыі краіны, якое ўзначаліў выхадзец з Беларусі, генерал Тадэвуш Касцюшка. З красавіка па верасень яно ахоплівала тэрыторыю часткі Цэнтральнай і Заходняй Беларусі.

     Папярэднія  спробы выхаду Рэчы Паспалітай з грамадска-палітычнага  крызісу шляхам рэформаў былі перапынены ўмяшальніцтвам суседніх дзяржаў ва ўнутраныя справы краіны. Першы і  асабліва другі падзелы прывялі  Рэч Паспалітую да становішча дзяржавы, падуладнай інтарэсам краін-суседак.

     Няздольнась улад вырашыць жыццёва неабходныя для  краіны пытанні станавілася ўсё  больш відавочнай. Парушаны былі эканамічныя  сувязі, пустой была дяржаўная казна. Цяжкім грузам клаліся на плечы насельніцтва кантрыбуцыіі, якія павінны былі выплочвацца царскім войскам. Назіраўся рост абурэння і патрыятычных настрояў шырокіх слаёў насельніцтва. Незадавальненне знешняй і ўнутранай палітыкай, якую праводзілі правячыя колы Рэчы Паспалітай, выказвала не толкі шляхта, але і непрывілеяваныя слаі насельніцтва. Да гэтых настрояў далучаўся пратэст супраць феадальных парадкаў, якія перашкаджалі паступальнаму развіццю краіны.

     Канчаткова  абанкруцілася ў часы Таргавіцкай  канфедэрацыі і згодніцка-кансерватыўная палітыка часткі шляхты і магнацтва, мэтай якой было захаваць дзяржаву пад заклікам абароны “залатых шляхецкіх вольнасцяў” у непарушна-дрымотным стане анархіі і бязладдзя. Прагрэсіўная ж частка грамадства, скансалідаваная вакол ідэі развіцця і паглыблення рэформаў, распачатых Чатырохгадовым соймам, схілялася да ідэі падрыхтоўкі ўзброенага паўстання. Ва ўмовах фактычнай акупацыі дзяржавы і рэальнай пагрозы яе ліквідацыі паўстанне выступала адзіным сродкам выратавання. Яно па свайму характару і рухаючых сілах было агульнанацыянальным і сумяшчала розныя плыні ў нацыянальна-вызваленчым руху.

     У дадзенай працы будуць разгледжаны  прычыны паўстання, яго ход як на тэрыторыі Польшчы, так і на землях ВКЛ, а таксама вынікі. Значная  ўвага будзе звернута на разглядзе  біяграфіі кіраўніка паўстання, ураджэнца Беларусі Тадэвуша Касцюшкі.

     Праца складаецца з уводзін, чатырох глаў, заключэння і спісу выкарыстанай літаратуры.

ГЛАВА 1. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ

     Паўстанню 1794 г., а таксама жыццю і дзейнасці  самога Тадэвуша Касцюшкі прысвечана надзвычай многа даследаванняў. Асабліва шмат кніг і артыкулаў выходзіла на польскай, французскай, англійскай, а апошнім часам і на беларускай мовах - менавіта ў тых краінах, дзе слынны военачальнік лічыцца ганаровым грамадзянінам і нацыянальным героем. Пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя перыядычна публікуюцца шматлікія зборнікі дакументальных матэрыялаў, прысвечаных асобе Т. Касцюшкі, ягонаму ўдзелу ў вайне за незалежнасць ЗША і паўстанню 1794 года.

     У шэрагу артыкулаў, якія змешчаны ў шасцітомнай  Энцыклапедыі гісторыі Беларусі Я. Анішчанка, А. Грыцкевіч, У. Емельянчык, С. Таляронак, Я. Юхо даюць кароткую, але тым не менш даволі грунтоўную характарыстыку асноўным падзеям, якія тычацца падзей паўстання 1794 г. Даступна, аднак на вельмі высокім навуковым узроўні, біяграфія Т. Касцюшкі і ход паўстання паказаны ў калектыўнай працы ““Нарадзіўся я ліцьвінам…”: Тадэвуш Касцюшка”. Асобны разддзел у працы К. Тарасава “Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшычыны” прысвечаны біяграфіі Т. Касцюшкі і паўстанню 1794 г, асабліва на беларускіх землях. Грунтоўна паўстанне 1794 г. разгледжана ў трэцім томе шасцітомнай Гісторыі Беларусі (Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII XVIII) / Ю. Бохан, В. Голубеў, У. Емельянчык і інш.; Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. Мн., 2004), а таксама ў першым томе двухтомнай Гісторыі Беларусі (Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1 Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І .П. Крэнь, І. І. Коўкель, С. В. Марозава, С. Я. Сяльвестрава, І. А. Фёдараў. – Мн., 2000).

ГЛАВА 2. ТАДЭВУШ КАСЦЮШКА. ШЛЯХ ДА КІРАЎНІКА  ПАЎСТАННЯ. АПОШНІЯ  СПРОБЫ РЭФОРМАЎ У  РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. II ПАДЗЕЛ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. СКЛАДВАННЕ ПЕРАДУМОЎ ДЛЯ ПАЧАТКУ ПАЎСТАННЯ

     Андрэй  Тадэвуш Банавентура Касцюшка-Сяхновіцкі (так гучыць яго поўнае імя) паходзіў са старажытнага берасцейскага шляхецкага роду, вядомага з часоў Вітаўта. Дакладная дата і месца нараджэння Тадэвуша Касцюшкі невядомы. На думку адных біёграфаў, ён нарадзіўся ў родавым маёнтку Сяхновічы (цяпер у Жабінкаўскім раёне), другія называюць маёнтак Мерачоўшчына каля мястэчка Косава (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Выказана меркаванне, што ён нарадзіўся 4 лютага 1746 года, аднак больш праўдападобна, што адбылося гэта 30 лістапада 1745 года. Дату 4 лютага прапанаваў польскі даследнік Т.Корзан зыходзячы з Метрыкі, адкуль відаць, што яго хрысцілі ў Косаўскім касцёле 12 лютага 1746 года. Аднак ёсць падстава меркаваць, што спачатку яго хрысцілі ў вуніяцкай царкве і назвалі Андрэем у гонар апостала Андрэя Першазванага, свята якога прыпадае на 30 лістапада. Такое меркаванне грунтуецца таксама на тым, што яго маці Фёкла (Тэкля) была з беларускага праваслаўна-вуніяцкага роду Ратамскіх. Вядома, што дзяцей, раней хрышчаных у цэрквах, часта паўторна хрысцілі ў касцёлах. Сам Касцюшка называў сябе ліцьвінам, г.зн. так, як называлі сябе ў тым часе ўсе беларусы.

     У гістарычных дакументах прозвішча Касцюшка сустракаецца з 1458 года. Продкі Тадэвуша займалі сціплае  становішча ў грамадстве. Яго прадзед Аляксандар Іван быў падсудкам, а дзед Амбражэй – пісарам у Берасцейскім земскім судзе. Бацька Людвік ніякіх пасадаў не займаў, а меў толькі ганаровую годнасць мечніка Берасцейскага ваяводства і палкоўніка, хоць у войску ніколі не служыў. У 1755 г. Тадэвуша аддалі ў школу каталіцкага ордэна піяраў у мястэчку Любяшоў (сучасная Валынская вобласць Украіны). Пяць год, праведзеныя там, прынеслі Т. Касцюшку трывалыя веды ў лацінскай, польскай, французскай, нямецкай мовах, матэматыцы1.

     Пра перыяд яго жыцця паміж 1760 і 1765 гадамі, якія юнак правёў у Сяхновіцкім спадчынным маёнтку, захаваліся толькі цьмяныя звесткі. Магчыма, малады Т. Касцюшка быў дарадцам і памочнікам маці, адначасова працягваў хатнюю адукацыю (паколькі з-за раптоўнай смерці бацькі ў 1758 г. не здолеў завершыць поўны курс навучання ў калегіуме).

      Значны  ўплыў на лес Касцюшкі зрабіла  выбранне ў 1764 на каралеўскі прастол  ураджэнца Беларусі Станіслава Аўгуста  Панятоўскага, пляменніка канцлера Вялікага княства Літоўскага Міхала Чартарыйскага. Сям’і Касцюшкі спрыяў прыхільнік Чартарыйскіх пісар польны ВКЛ Юзаф Сасноўскі, пазней ваявода полацкі. З яго дапамогаю ў 1765 г. Касцюшка паступіў у новаствораны (1764 г.) Варшаўскі Кадэцкі корпус Яго Каралеўскай Міласці і Рэчы Паспалітай – вышэйшае афіцэрскае вучылішча, Рыцарскую школу, утвораную каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім, і ў якое прымалі толькі выхадцаў з багатых сем’яў, і дзе ён спецыялізаваўся на ваеннага інжынера. Пры Т. Касцюшку налічвалася 80 кадэтаў (Т. Касцюшка быў у спісе 79-м). Кадэты займаліся страявой падрыхтоўкай, коннай яздой, вывучалі артылерыю, фехтаванне, тактыку, літаратуру і гісторыю, лацінскую, нямецкую, французскую мовы, арыфметыку, фізіку, геаметрыю і вышэйшую матэматыку, палітычную эканомію, маральныя навукі, танцы, маляванне. Упартыя заняткі і выдатныя здольнасці дазволілі Касцюшку стаць адным з лепшых кадэтаў, і 20.12.1766 ён атрымаў афіцэрскі патэнт і званне харунжага. Яшчэ ў час вучобы ён быў прызначаны на пасаду падбрыгадзіра2.

     Біёграфы  Т. Касцюшкі нярэдка прыгадваюць  акрамя Ю. Сасноўскага імя князя  Адама Казіміра Чартарыйскага, шэфа корпуса, які прыняў самы жывы ўдзел у лёсе таленавітага юнака. Па пратэкцыі князя, а таксама пры яго матэрыяльнай падтрымцы, Т. Касцюшка ў чыне харунжага ў канцы 1769 года быў накіраваны для працягу адукацыі ў Францыю У 1774 г. ён скончыў Парыжскую акадэмію, у якой вывучаў матэматыку, артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыю (будаўніцтва абарончых цвердзяў), тактыку, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. Па рэкамендацыі Чартарыйскага вывучаў там будаўніцтва мастоў, шлюзаў, дарог, каналаў, плацін.

     Пяцігадовае знаходжанне ў Францыі па часе супала з рэвалюцыйнай сітуацыяй, што  складвалася там. Велізарны ўплыў  на яго зрабілі працы прагрэсіўных французскіх асветнікаў (Вальтэр, Мантэск’е, Ж. Ж. Русо), у якіх крытыкаваўся феадальны лад. Гэта спрыяла фарміраванню ў Касцюшкі рэспубліканскага светапогляду і засваенню ім новай грамадска-палітычнай думкі, якая абвяшчала найважнейшыя буржуазныя заклікі – свабоду, роўнасць і брацтва.

     Пасля кароткага падарожжа ў Англію, Італію, Швейцарыю і Германію летам 1774 г. у званні артылерыйскага капітана Т. Касцюшка вярнуўся на Радзіму (галоўным чынам з-за недахопу сродкаў). Аднак не атрымаў месца ў войску, моцна скарочаным пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Пасаду ў той час можна было толькі купіць за 18 тыс злотых. Пажыўшы некаторы час у Варшаве і Кракаве ён паехаў у родныя Сяхновічы.

     Цяжкае  матэрыяльнае становішча вымусіла Т. Касцюшку пайсці хатнім настаўнікам да Юзафа  Сасноўскага і вучыць маляванню  і жывапісу яго дочак Людвіку  і Кацярыну. Старэйшая Людвіка, равесніца Касцюшкі, закахалася ў яго, і яны вырашылі пажаніцца. Але Юзаф Сасноўскі быў супраць шлюбу сваей дачкі з бедным шляхіццам. Маладыя вырашылі абвянчацца ўпотай, але іх намер стаў вядомы бацьку і шлюб быў разладжаны.

     Няўдалая  спроба заключыць шлюб з каханай без згоды яе бацькі вымусіла Т. Касцюшку пакінуць радзіму і выехаць у 1776 г. Францыю. Улетку 1776 года ён у складзе групы валанцёраў накіраваўся ў Паўночную Амерыку, каб падтрымаць барацьбу амерыканскіх каланістаў супраць Вялікабрытаніі. У жніўні 1776 ён прыбыў у Амерыку і 18 кастрычніка быў залічаны ў амерыканскую армію ў званні палкоўніка3. У 1776 – 1783 гг. ён служыў у амерыканскай арміі, добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі на баку Паўночных штатаў. Асабліва каштоўнымі былі яго веды як ваеннага інжынера, бо амерыканская армія мела вострую патрэбу ў прафесійных ваенных і ваенных інжынерах.

     Першым  выпрабаваннем яго таленту было будаўніцтва ўмацаванняў на берагах  р. Дэлавер для аховы Філадэльфіі, дзе ў той час было сканцэнтравана кіраўніцтва барацьбой за незалежнасць і якая была сталіцай дзяржавы. Т. Касцюшка выдатна справіўся з заданнем, за што Савет Бяспекі штата Пенсільванія выдаў яму ва ўзнагароду пэўную грашовую суму. Вясной 1777 г. галоўная небяспека для Злучаных Штатаў навісла з поўначы, з Канады і Нью-Йорка, адкуль англічане рыхтаваліся разграміць армію паўстанцаў. У сувязі з гэтым, рашэннем Кангрэса была ўтворана армія поўначы, у якую Т. Касцюшка быў прызначаны галоўным інжынерам. Армія поўначы ў бітве пад Саратогай разбіла буйное злучэнне англійскіх войск. Гэта перамога, у значнай ступені дасягнутая дзякуючы добрым фартыфікацыйным умацаванням, пераадолець якія англічанам не ўдалося. Яна стала пачатковым этапам паражэння Англіі ў вайне, павысіла аўтарытэт амерыканскай арміі у Еўропе і садзейнічала афіцыйнаму прызнанню еўрапейскімі дзяржавамі дзяржаўнай самастойнасці ЗША. У пачатку 1778 г. Кангрэс прыняў рашэнне стварыць крэпасці на ўзбярэжжы р. Гудзон. На пасаду галоўнага інжынера Кангрэсам быў зацверджаны Т. Касцюшка. На працягу 2,5 года ён кіраваў будаўніцтвам самай вялікай крэпасці Злучаных Штатаў Вест Поінт. Пасля паражэння на поўначы англічане наважыліся дамагчыся поспеху на поўдні, куды і былі перанесены галоўныя ваенныя дзеянні. Для арганізацыі аховы паўднёвых штатаў Кангрэс арганізаваў паўднёвую армію, галоўным інжынерам у якую быў прызначаны Т. Касцюшка. У паўднёвай арміі Касцюшка не толькі займаўся інжынернымі работамі (умацаваннямі, мастамі, пераправамі), але і камандаваў баявымі лінейнымі часцямі.

     18 кастрычніка 1776 г. Т. Касцюшка  атрымаў ад Кангрэса званне  палкоўніка. 13 кастрычніка 1783 г. амерыканскі ўрад надаў Т. Касцюшку чарговае званне брыгаднага генерала. За баявыя заслугі ён, у ліку 3 іншаземцаў, атрымаў самую высокую баявую ўзнагароду ЗША – ордэн Цынцынаці і прыняты ў склад таварыства Цынцынатаў, ганаровым членам якога быў Вашынгтон. Т. Касцюшка атрымаў таксама амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел, а ў асабісты падарунак ад Вашынгтона – пару пісталетаў. У Злучаных Штатах Т. Касцюшка актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці, быў блізка знаёмы з многімі ваеннымі і палітычнымі дзеячамі. Ідэі амерыканскай рэвалюцыі поўнасцю супадалі з яго поглядамі4.

     У 1784 г. Т. Касцюшка вярнуўся на радзіму  з намерам служыць у войску ВКЛ. Але месца ў арміі Рэчы Паспалітай яму зноў не знайшлося. Пачынаецца пяцігадовы перыяд жыцця Т. Касцюшкі, які гісторыкі назвалі “сялянкай” (ці “ідыліяй”), калі баявы генерал займаўся звычайнымі клопатамі вясковага жыхара ў сваіх родавых Сяхновічах, якія былі абцяжараны даўгамі.

     Вяртанне  Т. Касцюшкі да нетаропкага старасвецкага  асяродку і паўсядзёнай працы  па гаспадарцы выглядае на першы погляд недарэчна і бессэнсоўна. Але  гады, што былі праведзеныя амерыканскім генералам у вёсцы, наклалі не меншы адбітак на ягоны характар, чым падарожжы па еўрапейскіх краінах і за акіян. Толькі ў кастрычніку 1789 г. у сувязі з рашэннем сойма павялічыць армію прыкладна ў 5 разоў (да 100 тыс. салдат і афіцэраў) ён быў прызначаны генерал-маёрам у польскае войска, камандзірам брыгады, хоць ён жадаў служыць у арміі ВКЛ. Аднак яму не ўдалося перавесціся з польскай арміі ў армію ВКЛ.

     У краіне панавала засілле каталіцкага  духавенства і свавольства магнатаў, а народ знаходзіўся пад цяжкім прыгнётам прыгоннага права. У апошняй чвэрці XVIII cт. у Рэчы Паспалітай узмацніўся працэс разлажэння прыгонніцтва, актывізавалася дзейнасць прыхільнікаў рэформ дзяржаўнага ладу: С.Сташыца, Г.Калантая, К.Нарбута, І.Храптовіча і інш.

     14 ліпеня 1789 г. пачалася Вялікая  французская буржуазная рэвалюцыя, якая аказала рэвалюцыянізуючы ўплыў на многія еўрапейскія народы, у тым ліку і Рэчы Паспалітай. Сойм Рэчы Паспалітай прыняў шэраг важных законаў, накіраваных на ўмацаванне органаў дзяржаўнай улады: у студзені 1791 г. закон аб кардынальных правах, які прадугледжваў прызнанне пануючага становішча за каталіцкай царквою, непарыўнасць саюзу Польшчы і ВКЛ, незалежнасць і суверэннасць Рэчы Паспалітай, свабоду слова і друку, у сакавіку 1791 г. закон аб сойміках, паводле якога беззямельная шляхта была пазбаўлена выбарчых правоў, у красавіку 1791 г. – закон аб гарадах, паводле якога за мяшчанамі прызнана права асабістай недатыкальнасці, права набыцця маёнткаў, пашыраліся і іншыя іх правы. Гэтыя законы сталі пачаткам буржуазных рэформ у Рэчы Паспалітай. Завяршэннем іх стала прынятая 3 мая 1791 г. Канстытуцыя (Закон аб урадзе), паводле якой усталёўваліся новыя асновы арганізацыі вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, пабудаваныя на прынцыпе падзелу ўлад. Дзяржаўны лад вызначаўся як спадчынная канстытуцыйная манархія, але ўлада караля была абмежавана соймам (складаўся з палаты дэпутатаў і сената), якому належала заканадаўчая ўлада. Найбольш важным новаўвядзеннем была адмена "ліберум вета" і стварэнне адзінага ўрада для ўсей Рэчы Паспалітай. Урад складаўся з караля як старшыні ўрада, кіраўніка каталіцкага духавенства – прымаса, як старшыні камісіі асветы і 5 міністраў (паліцыі, пячаткі (унутраных спраў), ваеннага, фінансаў, замежных спраў), якіх прызначаў і здымаў кароль. На пасяджэнні ўрада маглі прысутнічаць з дарадчым голасам нашчадак прастола і старшыня (маршалак) сойма. Прадугледжвалася стварэнне судоў, незалежных ад адміністрацыі, і выданне новых цывільнага і крымінальнага кодэксаў. Звод законаў абвяшчаў свабоду веравызнання, уроўніваў перад законам усе саслоўі, у тым ліку і сялян, шляхце дазваляў гандляваць, мяшчанству – займаць ваенныя і свецкія пасады, у склад сейма ўводзіў прадстаўнікоў гарадоў. Канстытуцыя 3 мая – гэта вынік кампрамісу класа феадалаў з буржуазіяй, якая нараджалася. Прагрэсіўныя дзеячы Рэчы Паспалітай бачылі ў Канстытуцыі толькі пачатак і падрыхтоўку да рэвалюцыйных пераўтварэнняў і цалкам яе падтрымлівалі5.

     Як  перакананы рэспубліканец і праціўнік  усякай манархіі, Т. Касцюшка без ваганняў прыняў прысягу на вернасць Канстытуцыі 3 мая і распарадзіўся, каб яе прынялі і падпарадкаваныя яму афіцэры, нягледзячы на тое, што Канстытуцыя прадугледжвала захаванне манархіі.

     Але на шляху ўвасаблення Канстытуцыі 3 мая ў жыццё паўсталі магутныя перашкоды. Рэакцыйныя і клерыкальныя элементы разглядалі новую Канстытуцыю як здзейсненую рэвалюцыю. Вясной 1792 г. рэакцыйная групоўка магнатаў, у якой трымалі вяршэнства Ксаверы Браніцкі, Шчэнсны Патоцкі і Севярын Ржэвускі, выступіла супраць Канстытуцыі 3 мая, стварыла ўзброеную Таргавіцкую канфедэрацыю6 і звярнулася за дапамогай да расійскай імператрыцы Кацярыны II, учыніўшы тым самым акт дзяржаўнай здрады. Таргавіцкія канфедэрацыі Кароны і Княства аб'ядналіся ў “Найсвятлейшую канфедэрацыю абодвух народаў”. Акт канфедэрацыі, напісаны пад пільным назіраннем расійскай імператрыцы і абвешчаны ў мястэчку Таргавіца Кіеўскай губерні, заклікаў змагацца супраць Канстытуцыі 3 мая за абарону вольнасцяў шляхты і каталіцкай царквы. Рэформы, прынятыя Чатырохгадовым сеймам, і Канстытуцыя 3 мая страцілі сілу.

     Скарыстаўшы такую зачэпку, Расія абвясціла вайну Рэчы Паспалітай. У маі 1792 года рускае войска ў 32 тысячы салдат на чале з генерал-майорам Крачэтнікавым уступіла на Беларусь. Другая руская армія, якую вёў генерал-маёр Кахоўскі, рухалася на Польшчу з Украіны. За імі пасоўваліся таргавіцкія канфедэраты. Фактычна гэта была нічым не прыкрытая агрэсія. У абарону Канстытуцыі 3 мая выступілі слабыя і раз’яднаныя часці войск Рэчы Паспалітай. Вельмі хутка арміі Крачэтнікава і Кахоўскага захапілі Падолле і Валынь, большую частку Беларусі, Гродна і Вільню. Т. Касцюшка ўдзельнічаў у 1792 г. у вайсковых акцыях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі і падтрымліваўшай яе расійскай арміі. Камандаваў дывізіяй на Украіне ў арміі Ю. Панятоўскага, паказаў сябе здольным камандзірам. Вызначыўся ў баях пад Зелянцамі, Уладзімірам-Валынскім. Адна з першых бітваў, у якой вызначылася дывізія пад камандаваннем Т. Касцюшкі, адбылася18 ліпеня 1792 г. каля в. Дубенкі на Заходнім Бугу. У ёй Т. Касцюшка, маючы пад сваім камандаваннем каля 5 тыс салдат і афіцэраў, стрымаў націск 20-тысячнага рускага войска, што дало магчымасць усёй паўднёвай арміі пад камандаваннем князя Ю. Панятоўскага адысці на новыя пазіцыі.

     Аднак лёс гэтай кампаніі быў прадвызначаны. Пасля няўдачных бітваў пад Мірам  і Брэстам войскі ВКЛ перайшлі Буг. Гэта адбылося 23 ліпеня, а 24 ліпеня кароль зразумеў, што вайна прайграна і далучыўся да таргавіцкай канфедэрацыі. Пераходзілі Адначасова з рускімі арміямі супраць Польшчы выступіла прускае войска Фрыдрыха II. Варшаву занялі таргавічане і царскія войскі. І хоць Т. Касцюшка за ваенныя заслугі ў кампаніі 1792 г. быў узнагароджаны ордэнам "Віртуці Мілітары" і атрымаў званне генерал-лейтэнанта, ён 30 ліпеня 1792 г. у знак пратэсту супраць змовы таргавічан з каралём, якая немінуча вяла да другога падзелу Рэчы Паспалітай, у ліку многіх генералаў і афіцэраў падаў у адстаўку і выехаў за мяжу7.

     У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Прусія атрымала Торунь і Гданьск з землямі. Да Расіі адышлі Валынь, Падолле, Менскае ваяводства агульнай плошчай 4550 квадратных міль і з насельніцтвам у тры мільёны чалавек. Каб прылучэнне зямель і ўрачыстыя прысягі набылі характар добраахвотнасці, па загаду Кацярыны сабраўся Гродзенскі сейм, які атрымаў назву “нямога”. Дэпутаты павінны былі ўхваліць другі падзел сваёй радзімы. Тры дні яны маўчалі, ніхто не вымавіў ані слова. Нарэшце хтосьці з адказных назіральнікаў сказаў: “Молчание – знак согласия”. Падзел палічылі ўхваленым. У наступныя два гады пачаўся перавод з уніяцтва ў праваслаўе. Яшчэ з 28 мая 1772 года на беларускіх землях пачала здзяйсняцца русіфікацыя. Паланізацыя праз школьнае навучанне пачала замяняцца русіфікацыяй. Старыя выкладчыкі саступалі месца выпускнікам Пецярбургскай настаўніцкай семінарыі. Адбывалася секвестраванне маёнткаў, раздача зямель і сялян рускаму дваранству, сталася вялізная страта тэрыторый і насельніцтва, была скасавана чужынцамі Канстытуцыя. Натуральна, што перадавыя колы Рэчы Паспалітай, патрыятычныя пачуцці, гістарычная свядомасць большасці жыхарства не маглі змірыцца са здзекамі над краінай, якія ўчынілі манархі Прусіі, Расіі і Аўстрыі.

ГЛАВА 3. ПАДРЫХТОЎКА ПАЎСТАННЯ  І Т. КАСЦЮШКА

     Яшчэ  ў час правядзення II падзелу Рэчы Паспалітай прагрэсіўныя дзеячы краіны пачалі рыхтаваць паўстанне супраць таргавічан і замежных акупантаў. Падрыхтоўкай да паўстання кіравала група патрыётаў, вымушаных пакінуць краіну і выехаць у Лейпцыг і Дрэздэн. Сярод іх былі Г.Калантай, І. Патоцкі і Т. Касцюшка. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай пачалі стварацца тайныя патрыятычныя арганізацыі, таварыствы, саюзы прыхільнікаў паўстання, якія ўзначальвалі І. Дзялынскі, Я. Ясінскі і інш.

     Кіраўнікі эміграцыі рабілі захады для атрымання  падтрымкі з боку рэвалюцыйнай Францыі. Т. Касцюшка, які браў актыўны ўдзел  у падрыхтоўцы паўстання, і кандыдатура  якога вылучалася на пасаду кіраўніка, у студзені – маі 1793 г. быў накіраваны ў Парыж у якасці прадстаўніка лейпцыгскага эміграцыйнага камітэта, каб весці перагаворы аб дапамозе будачаму паўстанню. У спецыяльным мемарандуме абвяшчаліся задачы будучага паўстання, якія былі блізкія да буржуазнай рэвалюцыі. Але разлічваючы, што польскае паўстанне прыцягне да сябе войскі Расіі і Прусіі і гэтым палегчыць становішча Францыі, ні якабінцы, ні жырандысты, не імкнуліся рызыкаваць сваімі сіламі і дзейсна падтрымаць Рэч Паспалітую. У жніўні 1793 г. Т. Касцюшка ў Гародні сустракаўся з генераламі Бышэўскім, Грахоўскім і іншымі вайскоўцамі. Ён разумеў, што пры слабасці гарадской буржуазіі і забітасці сялян да барацьбы неабходна далучыць патрыятычна настроеную шляхту. Аднак гэта адштурхоўвала сялян ад актыўнай барацьбы, бо нават прагрэсіўная шляхта не хацела сацыяльнай рэвалюцыі, а імкнулася толькі да аднаўлення парадкаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй 3-га мая.

     Паступова сфарміраваліся тры цэнтры падрыхтоўкі  будучага паўстання. Эміграцыйны цэнтр  у Лейпцыгу на чале з Г. Калантаем  і І. Патоцкім аб’ядноўваў эмігрантаў – удзельнікаў Чатырохгадовага сойма і прыхільнікаў Канстытуцыі 3 мая. У Варшаве з мая 1793 г. дзейнічаў “таемны камітэт” на чале І. Дзялынскім, Ф. Алоэ, А. Капостасам інш. Віленскі цэнтр з вясны 1793 г. узначаліў палкоўнік корпуса інжынераў ВКЛ, прыхільнік ідэй французскай рэвалюцыі Я. Ясінскі8. Разам з ім над падрыхтоўкай паўстання працавалі К. Ельскі (як прадстаўнік ВКЛ у Варшаве), К. Прозар і інш. Апошнія адносіліся да памяркоўнай плыні, якая выступала толькі за вяртанне Канстытуціі 3 мая. Сярод арганізатараў паўстання, як у самой краіне, так і ў эміграцыі, акрэслілася дзве плыні: памяркоўныя, якія не жадалі сацыяльных пераўтварэнняў і баяліся прыцягнуць да паўстання шырокія народныя масы (Дзялыньскі, Капастас і інш.), і радыкалы, якія імкнуліся вярнуць былыя граніцы Рэчы Паспалітай, пераўтварыць манархію ў рэспубліку і правесці радыкальныя буржуазныя рэформы, далучыць да паўстання гараджан і сялян (Т. Касцюшка, Я. Ясінскі і інш.).Няўзгодненасць мэтаў сярод кіраўнікоў паўстання, якая выявілася ўжо на этапе яго падрыхтоўкі, у далейшым стала адной з прычын няўдачы выступлення.

     У верасні 1793 г. Т. Касцюшка быў абраны правадыром паўстання, якое было першапачаткова прызначана на восень 1793 г. Але да гэтага часу не ўсё яшчэ было падрыхтавана. Паўстанцы меркавалі захапіць Кракаў і адцягнуць туды расійскія войскі, якія былі раскватараваны на тэрыторыі краіны. Пасля – адначасова ў Варшаве, Любліне і Вільні павінны былі ўзняцца паўстанні9.

      Усе, хто быў знаёмы з Т. Касцюшкам, падкрэслівалі яго ваенны талент, высокую адукацыю, энергію і прастату. Успрыняўшы вучэнне французскіх рэвалюцыйных і радыкальных філосафаў і публіцыстаў, амерыканскіх прагрэсіўных дзеячаў, Т. Касцюшка выпрацаваў самастойную дзяржаўна-прававую канцэпцыю палітычнага і грамадскага развіцця Рэчы Паспалітай. Ідэалам ён лічыў грамадства, якое складалася з вольных сялян, уласнікаў зямлі, рамеснікаў, купцоў пры захаванні памешчыцкага землеўладання, заснаванага на свабодным найме рабочай сілы. Лепшую форму дзяржаўнага кіравання бачыў у рэспубліцы, тэарэтычныя асновы якой спрабаваў выкласці ў Паланецкім універсале. Аднак ажыццявіць гэтыя ідэі яму не ўдалося.

ГЛАВА 4. ПАЎСТАННЕ 1794 Г. ПАЧАТАК. ХОД. АСАБЛІВАСЦІ  ПАЎСТАННЯ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ. ПАРАЖЭННЕ  І ЯГО ПРЫЧЫНЫ

     Пад ціскам рускага пасла Ігельстрома, які заўважыў дзеянні тайных таварыстваў  па падрыхтоўцы выступлення, былі праведзены арышты, паскорана расфарміраванне арміі Рэчы Паспалітай (згодна з рашэннямі Гарадзенскага сойма). Паўстанне пачалося 12 сакавіка 1794 г., калі брыгадзір польскага войска А. Мадалінскі адмовіўся выконваць загад Ігельстрома аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і накіраваў войска з Мазовіі, дзе яно стаяла на кватэрах, у бок Кракава, у якім быў прызначаны пачатак паўстання. У адказ на гэта Ігельстром пачаў сцягваць рускія войскі вакол Варшавы, а частку іх накіраваў наўздагон Мадалінскаму. У выніку гэтага Кракаў аказаўся свабодным ад царскай арміі і быў у кароткі тэрмін заняты атрадам Т. Касцюшкі, які ў той час ужо перайшоў мяжу Рэчы Паспалітай. Гэта выклікала выбух патрыятычнага энтузіязму жыхароў горада.

     24 сакавіка 1794 г. на кракаўскім рынку  быў абвешчаны Акт паўстання  грамадзян, жыхароў Кракаўскага ваяводства. Паводле яго Касцюшка атрымліваў найвышэйшую ўладу (з правамі дыктатара) і пасаду галоўнакамандуючага. Т. Касцюшка прысягнуў не выкарыстоўваць давераную яму ўладу ў чыіх-небудзь асабістых інтарэсах, “а толькі для абароны цэласнасці граніц, вяртання самаўладдзя народа і ўстанаўлення ўсеагульнай свабоды”. У “Акце” выкрываліся лжывасць і вераломства царыцы Кацярыны ІІ і прускага караля Фрыдрыха, адзначалася, што галоўнай іх мэтай было жаданне “распаўсюдзіць панаванне тыраніі” і задушэнне свабоды не толькі ў сваіх дзяржавах, але і ў суседніх народаў10.

     Згодна  з Актам паўстання 21 мая 1794 г. ставараўся рэвалюцыйны ўрад – Найвышэйшая нацыянальная рада, якая брала на сябе кіраўніцтва паўстаннем11. У якасці мясцовых органаў прадугледжвалася стварэнне “парадкавых камісій” па ваяводствах і паветах, якія складаліся са шляхты і мяшчан. Яны павінны былі стварыць “дазорныя ўправы”, кожная з якіх ахоплівала 1000-1200 сялянскіх гаспадарак. Ствараліся рэвалюцыйныя суды, якія разглядалі крымінальныя справы аб злачынствах, накіраваных супраць паўстання. Аднак рэвалюцыйныя органы ўлады не скасоўвалі стары дзяржаўны апарат. Не прадугледжвалася і ліквідацыя манархіі.

     Выданне “Акта...” мела выключнае значэнне для мабілізацыі прагрэсіўных сіл  на барацьбу з унутранай рэакцыяй і замежнымі захопнікамі. “Акт...” абавязваў Т. Касцюшку і Найвышэйшую нацыянальную Раду выпускаць як мага часцей пракламацыі і звароты да народа, паведамляць яму пра сапраўднае становішча спраў. У гэтым выяўлялася імкненне прыцягнуць да ўдзелу ў паўстанні самыя шырокія масы народа. У першы ж дзень паўстанняТ. Касцюшка звярнуўся з адозвамі “Да арміі”, “Да грамадзян”, “Да духавенства”, “Да жанчын”. Кожная з іх глыбока эмацыянальна і пераканаўча заклікала стаць на абарону свабоды і айчыны, узяцца за зброю ўсіх жыхароў краіны ва ўзросце ад 18 да 28 гадоў, абвяшчаў ваенны стан усіх гарадоў і вёсак. У адозвах дэкларавалася свабода веравызнанняў.

     Энергічная  ідэалагічная падрыхтоўка і арганізацыйная работа па ўцягненні простых людзей у барацьбу за свабоду напачатку мелі поспех. Каб далучыць сялян да паўстання, Т. Касцюшка лічыў неабходным адмяніць прыгоннае права, таму Канстытуцыя 3-га мая, якая захоўвала саслоўную няроўнасць і прыгонную залежнасць сялян, не была яго ідэалам. Але “Акт...” не закранаў пытання пра аднаўленне Канстытуцыі, а канчатковае вызначэнне дзяржаўна-грамадскага ладу адносіў да заканчэння рэвалюцыйнай вайны.

     На  працягу тыдня да атрада Т. Касцюшкі далучылася каля 6 тыс. чалавек, з іх больш за 2 тыс. сялян, узброеных косамі і пікамі (касінераў). На чале гэтага войска Т. Касцюшка выступіў на Варшаву. Каб абысці сілы генерала Дзянісава ён быў вымушаны збочыць на кружны шлях. Але і тут натрапіў на часткі генерала Тормасава (3 тыс. чалавек). Выкарыстаўшы перавагу ў жывой сіле, 4 красавіка 1794 г. Т. Касцюшка разбіў гэты атрад пад Рацлавіцамі. Тут упершыню ў якасці ўдарнай сілы былі выкарыстаны сяляне-касінеры, якіянанеслі неспадзяваны моцны ўдар, захапілі рускія гарматы і такім чынам пазбавілі Тормасава перавагі ў артылерыі12.

     Паўстанне пашыралася. Яно ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяводствы, Холмскую зямлю. 17-18 красавіка паўсталі гараджане Варшавы. Паўстанцы перамаглі моцны расійскі гарнізон (7,5 тыс. чалавек), размешчаны ў сталіцы, захапілі арсенал. Узяцце Варшавы – найвялікшы поспех паўстання13.

     Пасля перамогі паўстання ў Варшаве  разгарнулася вострая барацьба за ўладу  паміж памяркоўнымі і радыкаламі. Была створана Часовая замяшчальная Рада, якая складалася галоўным чынам  з прадстаўнікоў памяркоўнага крыла  ў нацыянальна-вызваленчым руху. На чале Часовай Рады стаў Закшэўскі. Аднак рэальную ўладу ў сталіцы меў якабінскі клуб, вакол якога групаваліся радыкальныя дзеячы: Т. Марушэўскі, К. Канопка і інш. Пад ціскам жыхароў сталіцы, якія знаходзіліся пад уплывам якабінцаў, Крымінальны суд вынес прыгавор магнатам-здраднікам – кіраўнікам Таргавіцкай канфедэрацыі. У пачатку мая былі пакараны смерцю чатыры канфедэраты-таргавічане: Ажароўскі, Забела, Анквіч і біскуп Касакоўскі14.

     Аб  агульнасці падыходаў да арганізцыі паўстання ў ваяводствах і паветах сведчыла арганізацыя “парадкавых камісій” згодна з Кракаўскім актам. “Парадкавыя камісіі” павінны былі стаць арганізацыйнымі цэнтрамі паўстання на месцах. Як форма мясцовай адміністрацыі яны ўзніклі яшчэ падчас працы Чатырохгадовага сойма. Аднак у перыяд паўстання 1794 г. іх прэрагатывы былі пашыраны і прыстасаваны амаль выключна для яго патрэб. Толькі 30 мая Найвышэйшая Нацыянальная Рада ў Варшаве прыняла палажэнне аб умовах стварэння і парадку працы “парадкавых камісій”. Згодна з ім у склад “камісій” павінен быў увайсці 21 “камісар”. Пры іх фарміраванні захоўваўся саслоўны прынцып: 8 чалавек ад землеўладальнікаў (шляхты), 8 – ад мяшчанства і 5 чалавек – ад святарства. Сяляне былі пазбаўлены прадстаўніцтва ў “парадкавых камісіях”. У склад “камісій” уваходзілі сем аддзелаў: парадку, бяспекі, справядлівасці, скарбу, харчавання, войска і інструкцый. Ваяводскія і павятовыя “парадкавыя камісіі” адначасова выконвалі функцыі органаў мясцовага самакіравання і з’яўляліся прадстаўнікамі цэнтральнай улады15.

Восстание Костюшки. Итог