Антоний Тызенгауз

Уводзіны:

     Тое, што ён рабіў і хацеў зрабіць, ацэняць толькі пасля ягонай смерці. А пры жыцці Антоній Тызенгаўз спазнаў несправядлівасць, інтрыгі, нападкі. Жаданне яго было шчырым — падняць эканоміку і культуру дзяржавы і гэтым выратаваць яе ад заняпаду. Яго не разумелі, яго ненавідзелі і ўрэшце загубілі. Сумная гісторыя! Была ў гэтым і яго ўласная немалая віна. Самалюбівы, дэспатычны, часам і несправядлівы, ён выклікаў і нянавісць да сябе і боязь. Але галоўная яго віна была ў тым, што ён нарадзіўся не ў свой час.

     Антоній Тызенгаўз паходзіў са старажытнага лівонскага роду. Яго бацька Бенядзікт  быў шмельцінскі стараста, меў  уладанні ў Беларусі. Пэўна, у родавым  уладанні Паставах і нарадзіўся ў 1733 годзе Антоній. Першапачатковую адукацыю ён атрымаў дома, пасля вучыўся ў езуіцкай школе ў Вільні. Няўрымслівы і дзейсны, Тызенгаўз з цяжкасцю праходзіў вучобу. Не тое, што яна не давалася яму, — быў ён кемлівым, меў добрую памяць, — а проста бурлівая энергія не дазваляла яму засяродзіцца на аднастайным занятку. Кніг чытаць ён не любіў, ганарліва заяўляючы, што ў таго, хто чытае, розум — запазычаны, а ў яго ён — асабісты. 3-за гэтага «асабістага розуму» не цярпеў ён і чужога меркавання. Такая самаўпэўненасць у сваіх здольнасцях і сілах штурхала яго на вялікія справы. 
 
 
 

Асноўная  частка:

    У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай непадзельна панаваў феадалізм. Развіццю краіны замінала ўсемагутнасць магнацкай алігархіі і права liberum veto. Улада манарха была абмежаванай, баяздольная армія адсутнічала, чынавенскі апарат выз-начаўся слабасцю.

     Новы  перыяд у гаспадарчай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага пачаўся ў 1765 годзе, калі Станіслаў Аўгуст пастанавіў прызначыць на пасаду генеральнага адміністратара Антона Тызенгаўза. Атрымоўваючы ў кіраванне неабсяжны комплекс сталовых земляў, пад-скарбі выдатна разумеў рэальны стан гаспадаркі.

  Становішча  пачало мяняцца толькі ў 60-х гадах  XVIII стагоддзя. У 1764 годзе на канвакацыйным сойме было прынята рашэнне аб праверцы актуальнага стану сталовых эканомій у Вялікім Княстве. Гэтыя першыя кволыя крокі не развязвалі ўсіх праблемаў адразу. Таму зусім зразумела, што, узнімаючы пытанне стану землекарыстання ў эканоміях і вяртання фальваркаў і ключоў, якія на думку Тызенгаўза знаходзіліся ў руках шляхты незаконна, ён фактычна асудзіў сябе на доўгую паласу судовых працэсаў.

  Гаспадарчая палітыка Антона Тызенгаўза адрознівалася ад курсу ягоных папярэднікаў радыкальным чынам. У 1765 годзе падскарбі азнаёміўся з праектам аграрных пераўтварэнняў віленскага каморніка Людвіка Кройца, які сцвярджаў, што галоўным стымулам для развіцця сельскай гаспадаркі і павелічэння скарбавых даходаў будзе скасаванне паншчыны і ўвядзенне высокага чыншу. Тызенгаўз палічыў гэтую праграму беспадстаўнай, рашуча выказаўшыся супраць яе палажэнняў.

  Можна толькі здагадвацца, на чым падскарбі грунтаваў сваю думку. Не выклікае сумневу, што чыншавы варыянт з гледзішча Тызенгаўза асацыяваўся з адсутнасцю гаспадарскай рукі і незацікаўленасцю арандатараў у рацыянальным вядзенні гаспадаркі, спусташэннем глебы, не столькі дбаннем часовых карыстальнікаў пра аздараўленне маёнтка, колькі імкненнем іх да як мага хутчэйшага напаўнення сваіх кішэняў.

  Ажыццявіць  свой план падскарбі меркаваў шляхам ліквідацыі сістэмы арэнды эканамійных земляў, аднаўлення фальваркаў і паншчыны, узняцця сялянскіх павіннасцяў (гвалтаў, талокаў, шарваркаў, старажоўшчыны ці дзякла), узмацнення падатковага ціску. Да таго ж павелічэнню даходнасці каралеўскіх эканомій мела паслужыць пашырэнне сельскагаспадарчых плошчаў і правядзенне меліярацыйна-інвестыцыйных работ — асушэнне лугоў і балотаў, ураблянне аблогаў, пустак ці зараснікаў, пасадка садоў, хмельнікаў, будаўніцтва бровараў, цагельняў, а таксама мастоў і грэбляў.

  Намеры  адраджэння фальваркаў і адробкавай рэнты ў другой палове XVIII стагоддзя не вынікалі з дзівацтваў Тызенгаўза, а былі абумоўлены аб'ектыўнымі прычынамі, у прыватнасці тагачасным светаўспрыман-нем шляхты, яе эканамічнымі поглядамі. Вяртанне да старога спосабу вытворчасці было вынікам жывучасці феадальных формаў гаспадаркі, выразнай слабасці таварна-грашовых дачыненняў, натуральнага характару гаспадаркі, яе слабай сувязі з рынкам, нізкага роўню прамысловасці і заняпаду гарадоў.

  Апрача  таго, кіруючыся фізіякратычнымі пастулатамі, Тызенгаўз быў перакананы ў нежыццяздольнасці невялічкіх сялянскіх гаспадарак, якія, на ягоны погляд, характарызуюцца нізкай эфектыўнасці і прадукцыйнасцю працы. У сувязі з гэтым ён падзяляў думку, што толькі вяртанне да буйных аграрных прадпрыемстваў і ўсебаковае развіццё інфраструктуры здольныя забяспечыць высокую ўраджайнасць і даходнасць гаспадаркі.

  Разам з тым аднаўленне фальваркава-паншчыннай сістэмы відавочна супярэчыла панавальным у той час асветніцкім ідэям, накіраваным на неабходнасць разняволення сялян і пераводу іх на чынш. А таму непа-слядоўнасць Станіслава Аўгуста, прыхільніка фізіякратызму і гуманізму, выклікала крытыку і абурэнне ў асяроддзі прагрэсіўных колаў грамадства.

  Раздвоены стан манарха тлумачыцца тым, што эканоміі з'яўляліся ягонай галоўнай фінансавай крыніцай. Таму, кіруючыся не пачуццямі і перакананнямі, а розумам, Станіслаў Аўгуст заплюшчваў вочы на ўвядзенне паншчыны, пашырэнне павіннасцяў ці ўзмацненне падатковага ўціску сялянаў. Варта ўрэшце ўзяць пад увагу адну істотную акалічнасць. Як вядома, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай становішча караля прыкметна ўскладнілася. Ягоны скарб страціў шэраг важных крыніц даходу. Аднак пра змяншэнне і нерэгу-лярнасць паступленняў з сталовых уладанняў, нягледзячы на сур'ёзныя цяжкасці, ён тым часам не хацеў і слухаць. Менавіта сваімі спакуслівымі і своечасовымі абяцаннямі Тызенгаўз купіў давер вялікага князя.

  Тэмпы гаспадарчага развіцця эканомій дазволілі  падскарбію штогод уносіць у скарб  манарха больш за мільён злотых. У 1770—1771 гадах надышоў трохразовы рост даходаў, які склаў 2 015 651 злотых. Лагічным падаецца, што поспеху Тызенгаўза садзейнічалі і іншыя фактары: спрыяльная кан'юнктура на еўрапейскіх рынках, вялізныя інвестыцыі ці спробы ўкаранення найноўшых дасягненняў еўрапейскай агратэхнікі.

  Не  меншую ролю ў працэсе павышэння  даходнасці каралеўскага сталовага скарбу адыграў ціск на беспасярэдняга вытворцу. Праведзеныя Тызенгаўзам пераўтварэнні ў першую чаргу адбіліся на прадпрымальных сялянах і з'яўляліся адыходам ад ранейшых таварна-грашовых дачыненняў. За Сасамі асабіста свабодны селянін прыкладаў усе намаганні, каб удасканаліць сваю гаспадарку. Грашовая рэнта для сялянства не была такой цяжкой параўнальна з новымі нормамі ад-робкавай рэнты. А таму адноўленая паншчына, змяншэнне зямельных надзелаў, узрастанне павіннасцяў успрымаліся ў сялянскай свядомасці адмоўна. Нярэдка здаралася, што занятыя на паншчыне і абцяжараныя шматлікімі павіннасцямі сяляне не мелі часу ўрабляць уласныя кавалкі зямлі. Увядзенне Тызенгаўзавай сістэмы абмежавала магчымасці іншых групаў сялянства, напрыклад кутнікаў ці халупнікаў, якія раней у пошуках працы мелі магчымасць свабодна перамяшчацца па тэрыторыі краіны.

  Палітыка  падскарбія, які не лічыўся з пазіцыяй земляроба, што здолеў за некалькі дзесяцігоддзяў глынуць свабоды, мела даволі прыкрыя наступствы. На двор Станіслава Аўгуста пасыпалася процьма сялянскіх скаргаў. Тым не менш гэтыя звароты, мінуючы адрасата, адсылаліся на Гарадніцу, дзе знаходзілася сядзіба генеральнага адміністратара сталовых эканомій Вялікага Княства. Абыякавае стаўленне да іх Тызенгаўза няцяжка было прадбачыць. Суплікі заставаліся неразгледжанымі ці разглядаліся не на карысць просьбіта. А гэта яшчэ больш падштурхоўвала насельніцтва эканомій выкарыстоўваць кожную нагоду для падачы сваіх патрабаванняў. Якраз так здарылася ў 1777 годзе, калі сяляне, гараджане і дробныя шляхцічы Гарадзенскай эканоміі яшчэ раз спрабавалі давесці сваё, скарыстаўшы прыезд Станіслава Аўгуста ў Горадню.

  Адным з простых наступстваў Тызенгаўзавага курсу быў адток рабочых рук. Здаралася, што абцяжараныя павіннасцямі сяляке не толькі шукалі заробкаў у іншых гаспадарках, але і ўцякалі ў пошуках лепшага жыцця з эканомій. Няраз падобныя спробы мелі сумны фінал. Найбольш непакорныя, закутыя ў кайданы, траплялі ў гарадзенскую турму. Разгневаныя, даведзеныя да роспачы сяляне адказвалі на "навіну" сабатажам, падпаламі, высяканнем лесу, выпальваннем збажыны, нават забойствамі адміністрацыі. Найлепшым сведчаннем памылковай палітыкі Тызенгаўза з'яўляюцца наступныя красамоўныя факты: у выніку ягонага пятнаццацігадовага кіравання ў эканоміях удзельная вага сялянскіх гаспадарак зменшылася на 7,5 %, а насель-ніцтва на 7,7 %.

  Безвыходнае становішча змушала сялянаў дабівацца праўды больш актыўнымі метадамі. Прыкладам, увесну 1768 года іхная незадаволенасць вылілася ў хваляванні ў Мялейчыцкім і Кіявецкім ключах на Берасцейшчыне. Выступленне было выклікана дзеяннямі чыноўнікаў, якія першыя два гады новага кіраўніцтва не толькі мэтанакіравана далучалі да эканамійных маёнткаў сялянскія ляды, але і забіралі ад іх ураджай.

  Куды  большымі памерамі вылучалася Шавельскае паўстанне. Як вядома, у гэтым жмудскім рэгіёне мясцовае сялянства, пераведзенае на грашовую рэнту яшчэ ў 1640 годзе, валодала вялікімі зямельнымі надзеламі і параўнальна з прыгоннымі іншых земляў было больш заможным. Новыя зямельныя перамеры і павелічэнне падаткаў, з якіх фінансавалася будаўніцтва корчмаў, млыноў і бровараў, выклікалі хвалю абурэння. Шавельцы лічылі, што ўведзеныя эканамійнай адміністрацыяй дадатковыя сельскагаспадарчыя, будаўнічыя і рамесныя павіннасці, забарона свабоднага перамяшчэння і гандлю супярэчылі прынцыпу недатыкальнасці даўніны.

  На  пачатку 1766 года разгубленыя сяляне выслалі ў Варшаву першыя суплікі. Трохгадовая адтэрміноўка разгляду скаргаў вынікаў не мела, што ўрэшце вылілася ў збройнае выступленне на Шавельшчыне. Улетку 1769 года местачкоўцы і сяляне Шаўляў, Жагораў і Янішкаў узяліся за зброю. На чале паўстанцаў стаялі мясцовыя войты і настаўнік Шымон Александровіч з Янішак. Раз'юшаныя сяляне нападалі на эканамійныя двары, палілі корчмы і склады, арыштоўвалі эканамійных чыноўнікаў, а янішскі касцёл, у якім схавалася шляхта, быў узяты штурмам.

  На  працягу ўсяго лета сур'ёзна напалоханы манарх пільна сачыў за ходам паўстання. 3 увагі на тое, што гетманскія войскі былі не ў стане супрацьстаяць шавельцам, Станіславу Аўгусту заставалася разлічваць на дапамогу расейскіх войскаў, якія толькі што скончылі душыць паўстанне на Ўкраіне. Аднак крытычнае становішча выратаваў курляндскі князь, міліцыя якога адказвала за бяспеку і спакой у Шавельскай эканоміі. Згаданая гісторыя мела працяг. Значна пазней, у 1780 годзе, курляндскі князь у форме ўзнагароды атрымаў эканомію ў арэнду. Гэткі "жэст удзячнасці" Станіслаў Аўгуст відавочна зрабіў у разліку на тое, што ў арандаванай эканоміі курляндцы не будуць цы-рымоніцца з сялянамі, а гэта забяспечыць каралеўскаму скарбу стабільныя даходы.

  Улады жорстка расправіліся з найбольш актыўнымі паўстанцамі. На пачатку 1770 года ў Янішках былі пакараны смерцю некалькі войтаў. У першую чаргу  калесавалі мясцовага войта Міхала Паўгу. Марцыяна Радвіласа чвартавалі. Такі ж лёс напаткаў яшчэ трох кіраўнікоў паўстання. Дзесяткі актыўных удзельнікаў паўстання трапілі ў гарадзенскую вязніцу.

  Акрамя  земляробства ў жыцці эканамійнай гаспадаркі важнае месца займала жывёлагадоўля. Найперш гэта датычыла гадоўлі коней, якія для падскарбія былі не толькі неабходным элементам гаспадарчага краявіду, але і істотнай каштоўнасцю і аб'ектам захаплення. За конегадоўлю Тызенгаўз узяўся адразу пасля атрымання сталовых эканомій у кіраванне. Упершыню згаданыя ў 1768 годзе конезаводы былі створаныя непадалёку Горадні, у вёсках Гараднянка (пад Саколкай) і Парэчча (ля Крынак). Колькасць эканамійнага статка расла штогод. У 1777 годзе ён складаўся з 147 коней, а праз тры гады дасягнуў ліку 338.

  Спрадвечным багаццем эканамійных уладанняў былі вялізныя пушчы. Паводле падлікаў 1779 года, даход з лясніцтваў складаў каля 200 000 злотых. 3 гэтай прычыны Тызенгаўз выдатна ўсведамляў, што зрэфармаваная лясная гаспадарка будзе значнай крыніцай даходаў. Таму адразу пасля перадачы яму кіравання эканоміямі падскарбі ўвёў новы адміністрацыйны падзел лясной гаспадаркі на 5 лясніцтваў (Котранскае, Бабранскае, Белавежскае, Аліцкае і Шавельскае) з далейшым іх падзелам на кватэры, арганізаваў паляўнічы дагляд на чале з обэр-стражнікамі, абмежаваў злоўжыванні сялян, якія без дазволу вывозілі лес, забараніў арэндныя кантракты на лесанарыхтоўку.

  Палітыка  Тызенгаўза балюча закранула не толькі вёску. Працэсы ўзмацнення падатковага ціску і раптоўнага павелічэння павіннасцяў, якія прычыніліся да збяднення вёскі, звузілі яе пакупніцкую здольнасць, пазбаўляючы тым самым гарадскіх рамеснікаў магчымасці збыту прадукцыі на вясковым рынку краіны.

  Будучы  гарадзенскім гродскім старастам, Антон Тызенгаўз на шляхоцкіх сойміках няраз узнімаў пытанне пра заняпалыя ў гаспадарчым і культурным плане гарады. Пэўна ж, яму належала і аўтарства соймікавых інструкцый, з якімі мясцовая шляхта накіроўвалася на паседжанні соймаў.

  Гарадская праблематыка была грунтоўна распрацаваная ў інструкцыі шляхты Гарадзенскага павета ў 1766 годзе. У ёй была характарыстыка прычын заняпаду гарадоў і прамысловасці, а гэтаксама выкладзены маг-чымыя шляхі выйсця з застойнага становішча. Росквіт гарадоў, на думку аўтараў дакумента, можа надысці толькі ў выніку дзяржаўнага спрыяння прамысловасці, будаўніцтва мануфактур, скарбавых і прыватных інвестыцый, усебаковага стымулявання рамяства і забаро-ны месцічам займацца сельскай гаспадаркай. Апрача таго, укладальнікі інструкцыі адзначалі, што развіццю гаспадаркі краіны шкодзіць марнаванне фінансавых сродкаў, якія ішлі на набыццё замежнай прадукцыі. Каб спыніць гэтую заганную практыку, прапаноўвалі павялічыць мыта на замежныя вырабы і намякалі на неабходнасць забароны імпарту ювелірных вырабаў з каштоўнымі камянямі, парыжскага сукна, брабанцкіх карункаў і фарфору.

  У інструкцыі выразна прагучаў яшчэ адзін пастулат: аб мэтазгоднасці падпарадкавання каралеўскіх гарадоў адміністрацыі сталовых эканомій. Як паказалі пазнейшыя падзеі, вынясенне гэтага пытання на абмеркаванне сходу гарадзенскай шляхты выпадковым не было. Пасля таго як урэшце гэты план быў здзейснены, гарадзенскі стараста ўзяўся за выцісканне з мяшчан падаткаў. 3 часам Тызенгаўз зразумеў, што перамога над гарадамі была ўяўнай - падатковыя паступленні ў вялікакняскі скарб не былі такімі вялізнымі, як ён разлічваў. Траціў сродкі і дзяржаўны скарб.

  У распараджэнні падскарбія застаўся адзіны козыр — пазаэканамічны прымус ці ўвядзенне для жыхароў мястэчак і найбяднейшай групы насельніцтва гарадоў, якія жылі на скарбавых пляцах, уласцівых для прыгоннай сістэмы павіннасцяў — гвалтаў і шарварак. Менавіта ў выніку гэтай палітыкі жыхары замкавай юрыдыкі занёманскага прадмесця Горадні былі змушаныя да адбывання адробкавай рэнты: тыднёвай паншчыны, лесанарыхтоўкі для гарадской цагельні, узворвання агародаў на Гарадніцы, перавозу камянёў у гарадніцкі эканамійны двор і ў Ласосну.

  У намеры Антона Тызенгаўза ўваходзіла гэтаксама спарадкаванне шчыльнай драўлянай забудовы гарадоў і  мястэчак. Тым часам і тут высветлілася, што ён не здолеў прадумаць адзін крок наперад і не ўбачыў наступстваў сваіх дзеянняў. На думку Тызенгаўза, забарона ўзвядзення будынкаў без архітэктурных планаў прывядзе да таго, што на месцы старых дамоў мяшчане будуць ставіць камяніцы. На самой справе ў 70-х гадах ХVIII стагоддзя будаўнічая актыўнасць у Горадні выразна панізілася, што тлумачыцца проста недахопам у людзей сродкаў на рамонт старых драўляных, а тым больш на пабудову новых мураваных дамоў.

  Відавочнай  перашкодай у развіцці мясновых і рэгіянальных рынкаў, а таксама ў правядзенні гандлёвых аперацый былі дрэнныя шляхі змосін. Трактаў з цвёрдым пакрыццём тады не існавала. Тагачасныя дарогі, якія цягнуліся праз лясны гушчар, пераправы і аб'езды, сваім выглядам часта нагадвалі вузкія сцежкі, на якіх тырчэлі пні і карэнне дрэваў. Увесну, калі раставаў снег, каляіны напаўняліся граззю і вадою, у якіх танулі колы экіпажаў ці фурманак. Не лепш было і ўлетку, калі дарогу "гасцям" засланялі хмары пылу, якія ўздымаліся з-пад колаў і конскіх капытоў.

  3 праблемай занядбанай і слабаразвітой дарожнай сеткі таксама давялося сутыкнуцца падскарбію. Безумоўна, Тызенгаўз як адміністратар сталовых эканомій меў асаблівую зацікаўленасць у паляпшэнні інфраструктуры на іх тэрыторыі.

  3 часам стан дарожнай сеткі пачаў прыкметна змяняцца. На тэрыторыі эканомій засыпалі дарожныя каляіны і рвы, выраўноўвалі незлічоныя тракты, абапал якіх рабілі прысады. Ля дарог ставілі корчмы і аўстэрыі, узводзілі паштовыя дамы, дзе вандроўнік мог затрымацца і адпачыць. Падарожнік Георг Форстэр, які ў 1784 годзе наведаў Вялікае Княства, з задавальненнем падкрэсліваў, што "Тызенгаўз пачаў насыпаць дарогі, якія сапраўды вельмі добрыя", а Фрыдрых Шульц праз дзевяць гадоў так распавёў пра адну з пракладзеных тады дарог: "Гасцінец сыпаны, шырокі. Даволі стнаранна даглядаецца, паабапал — ірвы і высокія прысады" .

  Але тады не сухаземныя шляхі зносінаў, а рэкі былі галоўнымі транспартнымі  артэрыямі краіны. Здаўна па Бугу і  Нёмане на віцінах, шкутах і стругах перавозілі ў балтыйскія парты сотні лаштаў жыта, пшаніцы, ільняное насенне, воск, скураныя і ганчарныя вырабы, бочкі паташу і драўніну. Таму ў другой паловс XVIII стагоддзя ажыўленне суднаходства па густой рачной сетцы, дрэнны стан якой замінаў навігацыі, заставалася адной з найважнейшых патрэбаў. Планы спарад-кавання рэчышчаў і пабудовы штучных водных артэрыяў зыходзілі не толькі ад урадавых колаў (як вядома, праект ачышчэння рэк у Вялікім Княстве фінансаваўся з дзяржаўнага бюджэту). Іх ініцыятарам нярэдка было мясцовае насельніцтва, у першую чаргу шляхта.

  На  Гарадзеншчыне заслугі Тызенгаўза ў гэтай галіне былі бясспрэчнымі. Падскарбі прычыніўся да ачышчэння рачных артэрый ад мноства затораў і перакатаў, злучыў каналам вытокі Нарава і Нараўкі, пад гарадзенскімі Азёрамі спарадкаваў вытокі рэчкі Пыры, паглы-біўшы яе рэчышча і пракапаўшы канал, які звязаў Белае возера з Котрай і Нёманам. Акрамя каналаў, якія будавалі дзеля стварэння лепшых умоваў для суднаходства і сплаву драўніны, на тэрыторыі Берасцейска-Кобрынскай эканоміі былі пракладзены меліярацыйныя каналы, што выконвалі функцыю водапрымальнікаў пад час паводак.

  Вялізныя  сумы былі выдаткаваныя з дзяржаўнага  бюджэту на ачышчэнне рэчышча  Нёмана. Знішчэнне там затораў  пачалося ў 1767 годзе. Галоўная водная артэрыя  рэгіёна паступова вызвалялася ад завалаў дрэваў і камянёў. Тым не менш ні кіраўніку праекта капітану Францішку Фларыяну Чакі, ні Францішку Ксаверу Нарвайшу з прычыны нястачы фінансавых сродкаў і непрафесійных метадаў вядзення работ не пашчасціла да канца ажыццявіць гэтыя грандыёзныя задумы.

  Паралельна  з працамі, накіраванымі на паляпшэнне суднаходства, Тызенгаўз засяродзіў пільную ўвагу на арганізацыі рачнога гандлю. Створаны ім Сплаўны дэпартамент эксплуатаваў транспартныя сродкі, якія, можна меркаваць, будавалі на месцы, на рачных берагах і прыстанях у эканоміях. На чале дэпартамента стаяў "сплаўны камісар" Ян Бенкін і нехта Качынскі, у падпарадкаванні якіх знаходзілася больш як сотня шкіпераў, шафараў, рахункаводаў ды іншых спецыялістаў.

  На  вялікі жаль, на выдатна наладжанай працы Сплаўнага дэпартамепта адмоўна  адбілася складанае ўнутрыпалітычнае і дыпламатычнас становішча Рэчы Паспалітай. На пачатку 70-х гадоў XVIII стагоддзя развіццё рэгулярных перавозак было стрыманае па-дзеямі Барскай канфедэрацыі. Таму, каб пазбегнуць рабункаў эканамійных тавараў, Тызенгаўз змушаны быў ісці на дадатковыя выдаткі, наймаючы ахоўныя канвоі суднаў. 
 
 
 
 

Заключэнне: 

  У выніку рэформы сяляне эканомій пазбавіліся злоўжыванняў з боку арандатараў і трымальнікаў, набылі магчымасць пашыраць сваё землекарыстанне за кошт прыёмнай зямлі, са згоды адміністрацыі мелі права на перадачу зямлі па спадчыне. Зварот афіцыйнай эканамічнай палітыкі да практыкі фальваркава-паншчыннай сістэмы дазволіў скарбу ВКЛ на некаторы час павялічыць даходы ад сваіх уладанняў з 900 тыс. злотых у 1765 да 2016 тыс. злотых у 1770/71. Але павышэнне прыбыткаў было вынікам не толькі ўдасканалення гаспадаркі, але і новага, дадатковага абцяжарання сельскага насельніцтва, якое не прыняло рэформу. Эканамічныя пераўтварэнні ў вёсцы, паводле разлікаў Тызенгаўза, у першую чаргу павінны былі забяспечыць інвестыцыі ў мануфактурную вытворчасць і дармавую рабочую сілу. На думку В.Кулі, рэформа Тызенгауза была адзіна магчымай у тагачасных умовах, але распрацоўшчыкамі не было ўзята пад увагу магчымае супраціўленне сялян пераводу іх на паншчыну. Пратэсты сялян былі разнастайнымі — ад скаргаў і адмовы хадзіць на паншчыну да ўзброеннага супраціўлення (Шавельская эканомія, 1769). Узмацненне павіннаснага абкладання сялян у выніку прывяло да пагаршэння эканамічнага становішча феадальназалежнага насельніцтва каралеўскіх сталовых эканомій. Рэформа не была канчаткова рэалізавана ў сувязі з унутрыпалітычнымі (адхіленне Тызенгауза ад пасады і інш.) і

Антоний Тызенгауз