Грунвальдская битва

Міністэства адукацыі РБ

УА «Полацкі Джяржаўны Універсітэт»

Кафедра гуманітарна-сацыялагічных дысцыплін

 

 

 

Рэферат

на тэму:

 

 «Грунвальдская бітва»

 

 

 

Выканаў:                                        студэнт 1 курса

групы 10 ЭС 1

                                    Губскі У.А.

Праверыў:                                                   Вашчэнка А.П.                                                       

 

 

 

Наваполацк, 2010г.

Змест

  1. Уводзіны
  2. Перад бітвай
  3. З чаго і каго складаліся войскі і іх узбраенне
  4. Ход бітвы
  5. Вынік бітвы
  6. Дапаўненне
  7. Спіс літаратуры

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

1.Уводзіны

Наша нацыянальная свядомасць з самага дзяцінства будавалася на Другой Сусветнай вайне. Амаль кужную сям’ю закранулі падзеі таго жудаснага  часу. Так, Беларусь прыймала там удзел, і ўдзел вельмі значны, але пад  якімі штандарамі, пад якімі лозунгамі  нашы дзяды ішлі ў бой. “За Родину. За Сталина» . Пад словам Радзіма  многія разумелі не вольную Беларусь, але ўжо СССР. І пра ніякую нацыянальную свядомасць не можы быць і мовы.

Другая значная падзея для беларускай нацыі гэта Грунвальдская  бітва, якая адбылася значна раней. Там  нашыя продкі біліся з ворагам, які  таксама хацеў пазбавіць нашу дзяржаву, ВКЛ, свабоды. І хоць гэта было вельмі даўно (600 год назад), але  адчуванне нацыянальнай свядомасці там было большае.

Як добра вы ведаеце  Грунвальдскую бітву? Паспрабуйце  свае сілы (глядзець Дапаўненне)

Акрамя гэтага у сваім  рэфераце я разглядзеў тэмы : “Перад бітвай”, “З чаго і каго складаліся войскі і іх узбраенне”, “Ход бітвы”, “Вынік бітвы”.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

2.Перад бітвай

На пачатку трынаццатага стагоддзя ў Прыбалтыцы аселі  нямецкія рыцары. Яны былі аб'яднаныя  ў манаскія ордэны - вайсковыя арганізацыі  рыцараў-манахаў. Ордэн крыжаносцаў, або тэўтонцаў, неабачліва запрошаны  мазавецкім (польскім) князем, замацаваўся  між нізавінамі Віслы і Нёмана. А ордэн мечаносцаў, або лівонцаў, на згоду полацкага князя атабарыўся на зямлі сённяшніх Латвіі ды Эстоніі.Мазаўшанам рыцары абяцалі абарону ад паганцаў-прусаў, а палачанам - даніну з паганцаў-ліваў. Акрамя таго, полацкім купцам дакляравалі  выгады ад гандлю з нямецкімі партовымі  гарадамі. На справе ж рыцары не толькі заняволілі не хрысціянскія балцкія  і фінскія народы Прыбалтыкі, але  і пачалі наступ на ўласныя землі  Беларусі і Польшчы.  Гэтым распачалося збройнае супрацьстаянне нашых продкаў з германцамі, якое доўжылася больш за два стагоддзі. Пасля Крэўскай вуніі 1385 года ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе склаўся магутны альянс (гэта значыць хаўрус) дзвюх славянскіх дзяржаў - Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Уладанні гэтага альянсу распасціраліся ад Балтыйскага да Чорнага мора і ад правабярэжных прытокаў Одры на захадзе да вышнявіны Волгі на ўсходзе. Вільня і Кракаў атрымалі магчымасць не толькі ўзгадняць замежную палітыку, але пры патрэбе і аб'ядноўваць свае збройныя намаганні. А патрэба была п.ільная - адпор нямецкаму рыцарству, асабліва крыжаносцам, якім ужо мала было прускай зямлі. Крыжаносцы (або, як іх часта называюць, крыжакі) зразумелі, што гэтае аб'яднанне небяспечнае для іх. I таму ўзяліся гуртаваць сілы для канчатковага ваеннага паквітання. Заклікалі на дапамогу валадароў еўрапейскіх дзяржаў, збіралі за вялікія грошы і абяцаную будучую здабычу наймітаў-авантурыстаў. Назапашвалі зброю, харчы, рыштунак. З свайго боку і хаўруснікі рыхтаваліся да вялікай вайны. Каралю Уладзіславу Ягайлу абяцалі падтрымку чэхі, нашаму вялікаму князю Аляксандру Вітаўту - сын Тахтамыша, былога хана Залатой Арды. Наўзамен той спадзяваўся на дапамогу ў барацьбе за панаванне над волжскімі і данскімі стэпамі. Вялікае Княства ўмацавала свае ўсходнія рубяжы, вымусіўшы Маскву ўвосень 1408 года замірыцца. А тады ўсю ўвагу зноў скіравала на Прыбалтыку. Таму тут, з ініцыятывы Вітаўта, на пачатку 1409 года пачалося антыкрыжацкае паўстанне жамойтаў. Крыжакі, не чакаючы задзіночвання каралеўскіх і вялікакняскіх войскаў, улетку 1409 года напалі на паўночную Польшчу і захапілі вялікія абшары. Іх даўні прыхільнік вугорскі кароль Сігізмунд Люксембургскі не мог збройна ўмяшацца ў канфлікт. Ён спрабаваў пабурыць хаўрус, спакушаючы вялікага князя Вітаўта каралеўскай каронай. Але без поспеху. Да таго ж польскія войскі перайшлі ў наступ і адбілі шэраг гарадоў і замкаў. Праўда, абодва бакі яшчэ не падрыхтаваліся як мае быць да зацяжной вайны. Таму ўвосень было падпісанае замірэнне да наступнага лета. Пры канцы 1409 года Вітаўт з Ягайлам на таемнай нарадзе ў Берасці выпрацавалі дэталёвы план будучых ваенных дзеянняў. Усю зіму і вясну ішла падрыхтоўка. У пушчах ладзіліся паляванні, каб назапасіць мяса дзічыны для шматтысячных войскаў. А ў канцы траўня 1410 года ў Горадню над Нёманам пачалі збірацца палкі-харугвы з усяго Вялікага Княства - з Беларусі, паўночнай Украіны і Летувы. Да іх далучыліся загоны татарскіх вершнікаў, аддзелы іншых хаўруснікаў. 30 чэрвеня, праз шэсць дзён пасля сканчэння замірэння, каля Чэрвінска на Вісле нашыя войскі злучыліся з польскімі. Іх лік тагачасныя летапісцы падаюць па-рознаму. Улічваючы іхную схільнасць да перабольшвання, гісторыкі мяркуюць, што Ягайла і Вітаўт прывялі пад сваімі сцягамі блізу 40-45 тысяч ваяроў. Уранку 6 ліпеня задзіночаныя войскі пераступілі прускую мяжу і пачалі рух углыб варожай тэрыторыі. Каля брадоў на рацэ Дрвенцы шлях ім заступілі крыжакі і нанятае еўрапейскае рыцарства.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

3. З чаго і каго складаліся войскі і іх узбраенне

Тэутонскі ордэн

Камандаванне ажыццяўлялася  вялікім магістрам і падлеглай  яму іерархічнай структурай з  ліку братоў-рыцараў.Структурна складалася з раду кантынгентаў розных спосабаў камплектавання. Так, у перыяд Вялікай  вайны (1409—1411) у войска Ордэна ўваходзілі: уласна члены Ордэну, браты-рыцары і  паўбраты-службовыя; апалчэнне свецкіх  васалаў Ордэна; атрады, выстаўленыя  прускімі епіскапамі і гарадамі; найміты  з-за мяжы; рыцары-"госці"; войскі саюзнікаў Ордэна.Ва ўласнасці Ордэна меліся ўласны флот і сістэма ўмацаваных замкаў.Ідэалогія Ордэна ўзыходзіла да ідэй Бернара Клервоскага, і асноўвалася  на тэзісе аб выключнай місіі Ордэна па распаўсюджанні каталіцтва ўсімі  даступнымі сродкамі. Без такога пастаяннага  акаталічвання паганцаў існаванне  Ордэна траціла сэнс. Пры гэтым  уласна святары і духоўнікі былі ў Ордэне нешматлікімі і мелі там  нязначную ролю. Аднак, найвышэйшым  сюзерэнам Ордэна лічыўся сам  Госпад, што фактычна здымала праблему феадальнага непадпарадкавання.Навука і тэхніка ў войску Ордэна выкарыстоўваліся актыўна, але выключна ў сваіх  прыкладных аспектах, арыентаваных на ваенную і гаспадарчую магутнасць — вайсковым, агратэхнічным і  інш.Да перыяду 14 ст. войска Ордэна папаўнялася  прадстаўнікамі розных нацый, з 14 ст. папаўненні пераважна нямецкія, з сяр. 14 ст. амаль  цалкам нямецкія, найперш з ліку збяднелага дробнага дваранства Швабіі і Франконіі. У 14 ст. ад кандыдатаў пачалі патрабавацца доказы нямецкага і  дваранскага паходжання па абедзвюх лініях да чацвёртага калена.

Войскі тэутонскага ордэна складаліся з:

 

1.1.Кадравае войска

Аснову войска Ордэна і  ўсю яго камандную структуру  складалі браты-рыцары. Гэта былі добра  падрыхтаваныя прафесійныя воіны, прытым адзначаецца высокі ўзровень іх каманднай падрыхтоўкі.Рэшту  кадравага войска складалі паўбраты або службовыя браты, колькасць  якіх устанаўлялася да 8 на кожнага  брата-рыцара. Яны таксама былі членамі  Ордэна, але не складалі зарокаў, і  не маглі займаць кіраўнічыя пасады. Гэта былі пераважна людзі невысакароднага  паходжання, мяшчане, і іншыя свабодныя  людзі, у тым ліку і мясцовыя жыхары Тэўтонскай дзяржавы — прусы і  палякі. У мірны час яны складалі гарнізоны замкаў і ніжэйшую адміністрацыю  Ордэна, у час вайны — паступалі  пад каманду братоў-рыцараў.Узровень баявой падрыхтоўкі кадравых войскаў  Ордэна, служба якіх была пажыццёвай, быў  вельмі высокім, у тым ліку у маштабе  тагачаснай Еўропы. Таксама, існаванне  кадравай арганізацыі давала Ордэну значную перавагу ў часе пры разгортванні ў пачатку вайсковых дзеянняў.Паводле  звестак, якія часам лічацца няпоўнымі, у 1398 войска Ордэна налічвала 426 братоў-рыцараў  і каля 3200 службовых. Колькасць кадравага  войска ў 1410 дакладна невядомая, але прынята лічыць, што братоў было больш за 800, і, адпаведна, больш за 6500 службовых, аб'яднаных у канвенты.

 

1.2.Земская служба

Значнай часткай уласна Ордэнскіх  войскаў было феадальнае апалчэнне, збіранае на васальных землях Ордэна. Гэтаму абавязку падлягалі свецкія  рыцары нямецкага, польскага і прускага паходжанняў, недваране — солтысы  і старасты, і наогул усе, хто валодаў  зямлёй у ордэнскіх землях. Такое  апалчэнне збіралася ў выпадку  пачатку значных ваенных дзеянняў, і, напрыклад, у пач. 15 ст. магло складаць да 1/3 ўсяго ордэнскага войска.Важнай адметнасцю апалчэння была немень у  ім вялікіх атрадаў буйных феадалаў, якія складалі аснову іншых феадальных войскаў таго часу. Гэта тлумачылася  неменню ва ўладаннях Ордэна вялікіх  свецкіх зямельных уладанняў, і  спрычынялася да большай структурнай  аднароднасці і ўмацавання дысцыпліны. Навата служба двараніна на чале кап'я  з некалькіх воінаў (ням.: Rossdienst) была рэдкай, а большасць свецкіх рыцараў  служыла на чале аднаго-двух чалавекаў (ням.: Plattendienst). Дробныя польскія дваране  і прускія вольныя людзі почасту  служылі аднаасобна.Усе свецкія  воіны зводзіліся паводле тэрытарыяльнай прыкметы ў коп'і ад камандаваннем  найбольш аўтарытэтных з іх асяродка. У сваю чаргу такія атрады, таксама  паводле тэрытарыяльнай прыкметы, уключаліся ў склад ордэнскіх харугваў, якімі  камандавалі комтуры. Такім чынам, свецкія рыцары былі заўсёды пад  камандай братоў-рыцараў.Мяркуецца, што  не-нямецкая частка ордэнскага войска (найперш, польская, з Хелмінскай зямлі  і з Памор'я) была цалкам надзейнай, нягледзячы на сваю нацыянальную прыналежнасць, і пэўны паварот у яе настроях здарыўся толькі пасля Грунвальдскай  бітвы, а масавы пераход свецкага рыцарства, і не толькі польскага, у  анты-ордэнскую апазіцыю, адбыўся  ўжо ў часы Трынаццацігаловай  вайны (1454—1466), і быў абумоўлены, найперш, палітычнымі і сацыяльнымі  прычынамі. Тое ж тычылася і лаяльнасці прускіх аднадворцаў.

 

1.3.Біскупскія войскі

Чатыры прускія біскупствы на землях Ордэна неслі абавязак у  выпадку вайны сваім коштам выстаўляць атрады са сваіх падданых, пад камандай уласных войтаў. Склад такіх атрадаў  быў аднолькавым са складам атрадаў  свецкага апалчэння — земская  служба і найміты. З той прычыны, што падданыя біскупстваў не лічыліся непасрэднымі падданымі Ордэна, у  склад гэтых атрадаў не ўваходзілі тэўтонцы.Колькасць у пач. 15 ст. ацэньваецца  ў 1,5 тыс.ч., з іх палова найміты.

 

1.4.Войскі гарадоў

Буйныя гарады Прусіі выстаўлялі сваім коштам атрады, складзеныя пераважна  з прадстаўнікоў цэхаў і гільдый, арганізацыя і забеспячэнне былі такім ж, як і наогул у гарадах Ганзы. Аснову такіх атрадаў складала не пяхота, а конніца ў рыцарскім узбраенні — канстафлеры. Кіраваліся атрады ратманамі або капітанамі, прызначанымі гарадскімі ўладамі.Баявая здольнасць такіх атрадаў лічыцца параўнальна высокай. У гарадах Ганзы ўсе здольныя насіць зброю мяшчане абавязкова праходзілі ваенную падрыхтоўку, існавалі г.зв. стралковыя таварыствы. Былі вядомыя многія імёны праслаўленых воінаў з ліку гарадскіх атрадаў. Як і ў выпадку земскай службы, надзейнасць гарадскіх атрадаў пагоршылася пасля Грунвальда.Колькасць ацэньваецца каля 2 тыс.ч. у 1398, каля 1,5 тыс.ч. у 1410.

 

1.5.Найміты

Багацце Ордэна дазваляла  яму мець, пры патрэбе, і моцнае найманае войска. Толькі ў 1409 на задаткі  найманым атрадам былі выдаткаваныя 30 тысяч грыўняў, а пасля Грунвальда Ордэн уратаваўся ад поўнага разгрому як павелічэннем выплат сваім наймітам, што дапамагло захаваць іх вернасць, так і хуткім вербаваннем новых  найманых сілаў за мяжой. Адметнасцю найму воінскіх атрадаў Тэўтонскім ордэнам было найманне не кожнага салдата паасобку, і не цэлай арміі адразу, а паасобных атрадаў-рот, колькасцю ад некалькіх дзесяткаў да тысячы з гакам салдатаў. Роты дзяліліся на 3-асабовыя коп'і, якія былі адзінкамі выключна фінансавага характару — плата выдавалася на кап'ё цалкам. Плата наймітаў Ордэна ў 1409 складала 11 грыўняў на кап'ё за месяц, з восені 1410, пасля Грунвальда — 12.Адметна, што кантракты з асобнымі найміцкімі ротамі ў Ордэне ўкладаліся не ад асобы вялікага магістра, а з паасобнымі комтурамі, такім чынам, найміты фармальна служылі не Ордэну цалкам, а паасобным канвентам.Роты наймітаў уваходзілі ў харугвы адпаведных комтурстваў, або памяшчаліся гарнізонамі ў замках, і выкарыстоўваліся камандаваннем нароўні з ордэнскім войскам, без тактычных асаблівасцяў. Адметнасцю складу найманых Ордэнам войскаў была вялікая перавага конных стралкоў-арбалетнікаў.Асноўнымі землямі паходжання наймітаў у тэўтонскім войску былі Германія, Сілезія, Чэхія; пасля Грунвальда комтуры вербавалі салдатаў сярод балтыйскіх карсараў — "віталійскіх братоў".Наогул, найміты былі вельмі баяздольным і надзейным кантынгентам, і ў далейшым ходзе 15 ст. арміі Ордэна часта складалася цалкам з найманых, а не з ордэнскіх войскаў. Аднак, у Трынаццацігадовай вайне надзейнасць найманых войскаў выявілася нізкай, нярэдкімі сталіся выпадкі здачы найманых гарнізонаў без бою.Колькасць у 1410 — 5,7 тыс.ч.

 

1.6.Рыцары-госці

Рыцары-госці (ням.: Gastritter) былі тымі еўрапейскімі рыцарамі, якія ўдзельнічалі ў прускіх і літоўскіх войнах Тэўтонскага ордэна дзеля выканання "хрысціянскага абавязку змагання з паганцамі" (ням.: Heidekampf). Асноўнымі  формамі ўдзелу былі паўночныя крыжовыя паходы і "паходы на Літву". Рыцары пры гэтым не былі на службе ў Ордэна, а лічыліся менавіта яго гасцямі, даючы, аднак, абяцанне пражыць у Прусіі год і хоць адзін раз паўдзельнічаць у "паходзе на паганцаў".Адметнасцю паўночных, "балтыйскіх" крыжаносцаў была амаль поўная немень сярод іх не-дваранаў. Рыцары, як ім наказвала традыцыя, прыбывалі ў госці да Ордэна не аднаасобна, а з почтам, часта шматлікім. Многія з рыцараў неаднаразова ўдзельнічалі ў прускіх войнах, і наогул, вайна ў Прусіі лічылася сярод тагачаснага еўрапейскага рыцарства роўнай вайне з туркамі на поўдні.Лічыцца, што рыцары-госці былі самай баяздольнай часткай тэўтонскага войска, пасля самых братоў-рыцараў.Колькасць гасцей была рознай у залежнасці ад гістарычнага перыяду. Свайго піку ўдзел еўрапейскіх рыцараў у "прускай вайне" дасягнуў у 1340-я—1370-я гады, пасля хрышчэння Літвы і Крэўскай уніі іх колькасць пайшла на спад. Пасля Грунвальда прыток рыцараў-гасцей практычна спыніўся. У 1410 у тэўтонскім войску было не меней за 150 гасцей, і іх харугва Святога Георгія была адной з самых шматлікіх.

 

 

 

 

Сімвал Тэўтонскага Ордэн

 

 

 

Войскі ВКЛ  і Каралеўства Польскага

Структура і прынцыпы камплектацыі войска Вялікага княства Літоўскага ў другой палове ХІV–ХV ст. адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах таго часу вельмі цмяна. У прывілеі, вы-дадзеным Ягайлам пасля заключэння Крэўскай уніі, у 1387 г., агаворваецца, што ў выпад-ку ўварвання непрыяцеля ў землі дзяржавы яе насельніцтва прыцягваецца да іх знішчэння. Слынны польскі даследчык Г.Лаўмяньскі атаясамляе згаданую «Пагоню» з паспалітым рушэннем, добра знаным як асноўная форма вайсковай арганізацыі Вялікага княства. Аднак той факт, што ў ёй мусілі браць удзел не толькі ваяры, але і ўсё мужчынскае насельніцтва, здольнае насіць зброю, а таксама надзвычай вузка акрэсленыя функцыі (пераследванне адступаючага ворага) прымушае разглядаць яе не як спосаб камплектавання войска ў сціслым разуменні гэтага слова, а як форму арганізацыі мірнага па сутнасці насельніцтва, закліканага да падтрымання чыста вайсковых фармаванняў на этапе, калі разгром ворага быў, у асноўным, завершаны, альбо, прынамсі, было спынена яго прасоўванне ўглыб тэрыторыі. У іншых выпадках, пры вядзенні баявых дзеянняў на непрыяцельскіх землях, а тым больш у выпадку мабілізацыі ў маштабах усёй дзяржавы, падобная форма арганізацыі вайсковых сілаў наўрад ці была магчымай. Такім чынам, «Пагоня» хутчэй набліжалася не да паспалітага рушэння, а да г. зв. «абароны зямлі», добра вядомай, напрыклад, у Польшчы і сягаючай сваімі каранямі ў вельмі аддаленыя часы.

 

План ваеннай кампаніі 1410 г.

 

Са згаданага прывілея Ягайлы вынікае, што апалчэнцы, якія бралі ўдзел у «Пагоні», узбройваліся за свой кошт. Можна меркаваць, што  тая частка гэтых апалчэнцаў, для  якой ваенная служба з’яўлялася не асноўным заняткам, а, хутчэй, акцыяй надзвычайнай, выкарыстоўвала ўсе падручныя сродкі, прыдатныя ў той ці іншай ступені  для ваенных мэтаў, у тым ліку не толькі зброю, але і адпаведныя прылады працы. Прынамсі ніякіх дакументаў, рэгламентаваўшых узбраенне непрафесійных  удзельнікаў апалчэння, на сённяшні дзень не выяўлена. Можна таксама меркаваць, што большасць такіх імправізаваных ваяроў павінна была складаць пешую частку «Пагоні».

Пэўную глебу для разважанняў  аб магчымасці прыцягнення насельніцтва, змабілізаванага ў рамках «Пагоні», да ўдзелу ў доўгатэрміновых рэйдах даюць звесткі аб грунвальдскай  выправе Вітаўта. Паводле ўскосных дадзеных, у ёй брала ўдзел як кавалерыя, так і пяхота. Так, комтур Рагнеты даносіў 27 лістапада 1409 г. маршалку Тэўтонскага ордэна, што вялікі князь загадаў кожнаму коннаму і пешаму ў рамках падрыхтоўкі да паходу мець свой правіянт; 18 снежня таго самага года комтур Астэродэ інфармаваў маршалка аб на-мерах Вітаўта і Ягайлы сабрацца ў Плоцку з конным і пешым войскамі. Разам з тым, Длугаш, падрабязна апісваючы шыхтаванне вялікакняжацкага войска, характарызуе яго як выключна коннае. Адсюль вынікае, што пяхота, калі яна на самай справе была ў арміі Вітаўта пад Грунвальдам, не складала якой-небудзь асобнай фармацыі, не знаходзілася ў баявых шыхтах, значыць, выконвала толькі дапаможныя функцыі, напрыклад, па ахове абозу альбо па дабіванню і пераследванню ўжо разгромле-нага праціўніка, інакш кажучы, такія, якія ўскладаліся на непрафесійных удзельнікаў «Пагоні». Паводле звестак Длугаша, спецыфічныя задачы выконвала пяхота падчас выправы Вітаўта на Ноўгарад у 1428 г. Каб забяспечыць войску магчымасць перасоўвання па балоцістай мясцовасці, вялікі князь выкарыстоўваў пехацінцаў (храніст называе лічбу 10 000 чалавек) для пабудовы грэблі ў Чорным Лесе. Трэба, аднак, заўважыць, што ў абодвух выпадках узнікаюць вялікія сумненні ў магчымасці татальнай мабілізацыі ўсяго мужчынскага насельніцтва, у выніку якой краіна засталася б не толькі без абаронцаў на выпадак узнікнення пагрозы з іншага боку, але і ўвогуле без працоўных рук. Таму з большай доляй верагоднасці можнa дапусціць зварот да абмежаванай мабілізацыі альбо да прыцягнення ў войска неваеннаабавязанага люду па-за рамкамі «Пагоні» і з вузка акрэсленымі задачамі, якія прадугледжвалі толькі дапаможна-тэхнічныя функцыі.

Як ужо адзначалася, аснову ўзброеных сілаў Вялікага княства  Літоўскага, ці ўласна вой-ска, складала кавалерыя. Нават калі дапусціць, што непрафесійныя ваяры маглі раз-пораз выязджаць у «Пагоню» конна, то ўсё роўна давядзецца канстатаваць, што касцяк рэгуляр-най конніцы дзяржавы фарміраваўся за кошт асоб, для якіх вайсковая служба з’яўлялася прафесійным абавязкам. Апроч згаданых у прывілеі 1387 г. рыцараў-ваяроў, гэта былі і прадстаўнікі некаторых іншых сацыяльных слаёў, валодаўшых зямельнай маёмасцю на рыцарскім праве. У ХVI ст. яны служылі асабіста і выводзілі атрады-почты прапарцыя-нальна колькасці сялянскіх службаў, што меліся ў іх распараджэнні. Умовы адбывання вaйсковай павіннасці ваенна-служылым людам раней, у другой палове ХIV–ХV ст., вы-глядаюць менш акрэсленымі, бо агульнадзяржаўных актаў, якія б яе рэгламентавалі, не было. Хутчэй за ўсё, нормы рыцарскай службы ў кожным канкрэтным выпадку залежалі ад двухбаковага пагаднення паміж сеньёрам і васалам, тады як адзінай нормы ўвогуле не існавала. У большасці зямельных наданняў ХV ст. пытанне асабістага ўдзелу васала ў вай-сковых выправах сеньёра не закранаецца, альбо, што радзей, агаворваецца выключна колькасць выстаўляемых ім ваяроў, хаця ў шэрагу выпадкаў можна здагадацца і аб службе ўласнай персонай. На жаль, недахоп інфармацыі не дазваляе дакладна сказаць, ці існаваў у Вялікім княстве Літоўскім падзел на паспалітае рушэнне, куды ўладальнік зямлі павінен ехаць асабіста, і выправу з маёнткаў, калі патрабавалася толькі выстаўленне адпаведнай колькасці ваяроў, як тое мела месца ў суседняй і саюзнай Польшчы. Уяўляецца, аднак, праўдападобным, што звычайнай была такая форма мабілізацыі, як паспалітае рушэнне, з патрабаваннем асабістай службы, тады як выстаўленне адных толькі почтаў практыкавалася, ізноў жа, у складзе паспалітага рушэння, у досыць рэдкіх, выключных выпадках, напрыклад, у выпадку старасці ці хваробы ваеннаабавязанай асобы, знаходжання маёнткаў у руках удоў альбо духавенства і г.д. Менавіта такая практыка фіксуецца нарматыўнымі актамі ўжо ў першай палове ХVI ст.

Надзвычай рэдка агаворваецца ў зямельных наданнях характар узбраення  падчас вайско-вай службы. Акрамя тых выпадкаў, калі яны абмяжоўваліся патрабаваннем служыць, без ніякіх іншых удакладненняў, тыповымі з’яўляюцца апеляцыі да традыцыі, г.зн. да нормаў службы, якія існавалі перад гэтым, альбо да нормаў, што прымяняліся ў дачыненні іншых землеўладальнікаў. Разам з тым, шэраг згадак аб падставовых прынцыпах рэгламентацыі ўзбраення ўжо ў другой па-лове ХІV–ХV ст. дазваляе заўважыць існаванне ў Вялікім княстве Літоўскім у гэты час дзвюх асноўных катэгорый ваяроў. Так, Длугаш сцвярджае, што Ягайла ў 1383 г. здабываў Драгічын Надбужскі. Паказальным з’яўляецца не толькі перaлічэнне капійнікаў і стральцоў, менавіта арбалетчыкаў, але і іх прапорцыя — 1:2, якая, на думку многіх аўтараў, лічылася на Захадзе стандартнай. У рэальнасці падобная прапорцыя магла вытрымлівацца не заўсёды і ў польскім войску, напрыклад, на аднаго капійніка ў сярэднім прыпадалі тры стральцы.

Суадносіны капійнікаў і  стральцоў у сярэднявечных еўрапейскіх  арміях былі цесна звязаны з камплектацыяй  драбнейшых арганізацыйных адзінак  у выглядзе так званага «кап’я», якое складалася з аднаго цяжэй узброенага рыцара, забяспечанага дрэўкавай зброяй і спецыялізаванага выключна ў рукапашным баі, а таксама некалькіх лягчэйшых стральцоў. Верагодна, такія адзінкі, правобраз почтаў, вядомых у Вялікім княстве Літоўскім у ХVI ст., меў на ўвазе солтыс Жамойцкі, калі пісаў у 1409 г. Сунігайлу, старасце Ковенскаму, што ў яго адсутнасць у Жамойці ліцвіны аб’ездзілі гэты край, на той час падпарадкаваны крыжакам, уздоўж і ўпоперак — адны ў тры, а другія ў чатыры кані.

Нягледзячы на існаванне  пэўных стандартаў у камплектацыі коп’яў, іх рэальны склад залежаў найперш  ад фінансавых магчымасцяў землеўладальнікаў, прычым найменшая ўніфікацыя назіралася ў колькасці стральцоў. Сустракаліся коп’і, складзеныя толькі з капійнікаў без стральцоў альбо нават выключна са стральцоў, прычым у апошнім выпадку стасаванне тэрміна «кап’ё» выглядае вельмі ўмоўным і выступае, фактычна, толькі як даніна традыцыі.

Коп’і-почты арганізоўваліся  ў буйнейшыя атрады — харугвы, якія выступалі ў якасці асноўных арганізацыйна-тактычных адзінак  войска Вялікага княства Літоўскага, таксама, як і войскаў яго галоўнага  саюзніка і галоўнага праціўніка — Польшчы і Тэўтонскага ор-дэна. У Грунвальдскай бітве ўдзельнічала 40 харугваў Княства, з якіх Длугаш дакладна пералічвае 21. Харугвы арганізоўваліся  паводле тэрытарыяльнай прыметы  альбо выстаўляліся буйнейшымі землеўладальнікамі. Колькасны склад харугваў залежаў  най-перш, як можна меркаваць, ад мабілізацыйных магчымасцяў кожнага рэгіёну  ці княжац-кай вотчыны, хаця можна  таксама дапусціць існаванне  пэўнай стандартызацыі ў камплектаванні гэтых адзінак. Пра гэта сведчыць данясенне комтура Рагнеты комтуру  Брандэнбурга і маршалку Ордэна напярэдадні  грунвальдскай выправы (14 чэрвеня 1410 г.), у якім сцвярджаецца, што Вітаўт змабілізаваў на 5 тыдняў у Жамойці  з кожнага краю па 300 чалавек, якія 13 чэрвеня ўжо рушылі ў паход. Не выключана, што падобная коль-касць ваяроў з’яўлялася для харугваў ліцвінскага войска нормай .

Формай баявога шыхтавання кожнай харугвы з’яўлялася звужаная наперадзе калона — клін.

Падобная пабудова войска была добра вядома ў некаторых  краях тагачаснай Еўропы, у прыватнасці, у Германіі і Польшчы. Яе сутнасць заключалася ў размяшчэнні наперадзе калоны, а таксама, верагодна, па яе баках — найбольш баяздольных у рукапашнай сутыч-цы рыцараў — капійнікаў, якія пракладалі шлях у непрыяцельскіх шыхтах і падтрымліваліся стральцамі, страляўшымі з глыбіні калоны навесам, паверх галоў пярэдніх ліній.

Інфармацыя Длугаша аб размешчаных усярэдзіне ліцвінскіх кліноў недастаткова ўзброеных ваярах на горшых канях і атачаўшых іх рыцарах, забяспечаных добрымі канямі і выдатным узбраеннем, а таксама  звесткі, хаця і спарадычныя, аб існаванні  ў Вялікім кня-стве Літоўскім  капійнікаў і стральцоў дазваляюць дапусціць бытаванне тут цяжкай і лёг-кай кавалерыі, якая адрознівалася  не толькі наступальнай зброяй, але  і комплексам ахоўных сродкаў  і якасцю выкарыстоўваемых каней. Эліту войска ў такім разе павінны былі б складаць цяжкаўзброеныя капійнікі на вынослівых канях і ў найбольш надзейным засцерагальным узбраенні, як тое мела месца на Захадзе. Разам з тым, як паказваюць даследаванні апошняга часу, погляд на капійнікаў як на рыцараў, пагалоўна «закаваных у сталь», выглядае занадта спрошчаным; паміж гэтай катэгорыяй ваяроў і менш элітнымі стральцамі не існавала ў той час дакладнай мяжы ў плане выкарыстоўваемага ахоўнага ўзбраення, бо найлепш экіпіраваныя стральцы маглі набліжацца ў гэтым сэнсе да некато-рых не самых заможных капійнікаў, аснову баявога касцюма якіх складалі шлем і кальчу-га, толькі часткова дапоўненыя пласцінавымі элементамі, у тым ліку дэталямі пакрыццяў рук і ног. Калі ж гаварыць пра войска Вялікага княства Літоўскага, то насычанасць яго ўзбраеннем была, як падаецца, яшчэ ніжэйшай, чым у бліжэйшых заходніх суседзяў гэтай дзяржавы, на што звярталі ўвагу сучаснікі. А.Надольскі, імкнучыся рэабілітаваць Княства і абвергнуць сталае ўяўленне аб прымітыўнасці бытаваўшага тут узбраення, прапанаваў тэзіс аб яго «рускім», усходнееўрапейскім характары, за заходнееўрапейскі нічым не горшым, але іншым, прыстасаваным да адметных геастратэгічных умоў.

Паміж іншым, гаворачы аб несумненных  уплывах рускай вайсковай традыцыі на землях Вялікага княства Літоўскага, не варта іх занадта перабольшваць. Уяўляецца, што ў пер-шую чаргу  тут былі пашыраныя тыя элементы ўсходняга ўзбраення, у тым ліку, напэўна, не толькі рускага, якія па баявых якасцях набліжаліся да заходніх аналагаў — колкавыя і пласцінкавыя даспехі, адкрытыя шлемы-шаломы, абухова-ўдарная  зброя і інш. Яны не толькі прыжыліся  на мясцовай глебе, але ў шэрагу выпадкаў трансфармаваліся, з улікам адметных геастратэгічных варункаў, у самабытныя віды зброі. І «рускае», і «літоўскае»  ўзбраенне, такое, як спічастыя шлемы  i, шчыты-павезы альбо кароткія коп’і-суліцы не толькі даказала сваю эфектыўнасць у барацьбе з заходнім праціўнікам, але нават было ў шэрагу выпадкаў ім перанятае. Калі ж закрануць тэзіс аб перавазе ў ліцвінскім войску ў другой палове ХІV — першай палове ХV ст. тых усходніх відаў зброі, якія не мелі аналагаў на Захадзе, то ён уяўляецца, хутчэй, вынікам непаразу-мення. Гэта тычыцца, напрыклад, шабляў, якія і ў другой палове ХVІ ст., калі засваенне падобнай клінковай зброі праходзіла асабліва шпаркімі тэмпамі, прычым не толькі ў Княстве, выразна дамінавалі толькі на поўдні дзяржавы. Прыярытэтнае выкарыстанне ў ліцвінскім войску мячоў, кордаў і цесакоў пацвярджаецца і археалагічнымі крыніцамі.

 

                                     

 

Цяжкаўзбраены

рыцыр   ВКЛ                  Гармата-барбарда часоў              Арбалетнік часоў

                                               Грунвальдскай бітвы                  бітвы Грунвальдскай

                              

Няшмат можна сказаць  аб працэнтных суадносінах у ліцвінскім войску лукаў і арбалетаў. Апошнія, несумненна, ужываліся тут ужо ў другой палове ХІV ст. даволі шырока. Сярод найбольш яскравых прыкладаў іх выкарыстання трэба назваць бітвы на Сініх Водах і на Ворскле, а таксама выправу Ягайлы на Драгічын Надбужскі (1383 г.). Такім чынам, лук не з’яўляўся манапалістам сярод ручных відаў кідальнай зброі, хаця як важны элемент рус-кай вайсковай традыцыі павінен прысутнічаць прынамсі на ўсходніх абшарах Княства. Разам з тым, лук нельга лічыць зброяй выключна ўсходняй. Ён быў добра вядомы, у тым ліку і як кавалерыйская прылада, у розных краях «лацінскай» Еўропы, уключаючы бліжэйшых заходніх суседзяў Вялікага княства Літоўскага, хаця і не заўсёды з’яўляўся там падставовым відам зброі далёкага бою.

З улікам вышэйсказанага, традыцыйны набор узбраення ваяроў Вялікага княства Літоўскага можна трактаваць як дастаткова еўрапейскі, хаця і архаічны з пункту гледжан-ня найноўшых дасягненняў  тагачаснай тэхнічнай думкі Захаду. Дадаўшы да гэтага спецыфічныя арганізацыйна-тактычныя прынцыпы, якія ляжалі ў аснове фарміравання ліцвінскіх збройных сілаў, давядзецца прызнаць іх адметны характар у параўнанні з вой-скам Усходняй Русі. Вельмі паказальнай у гэтым сэнсе з’яўляецца інфармацыя Патрыяр-шага альбо Ніканаўскага летапісу аб прыездзе на службу да вялікага князя маскоўскага ў 1435 г. Івана Бабы, «Дрютских князей, и той изрядив свой полк с копьи по-литовски». Калі б атрад згаданага князя нічым не адрозніваўся ад маскоўскіх вайсковых адзінак, то наўрад ці была б патрэба акцэнтаваць увагу на яго «літоўскасці». Цікава такса-ма, што летапісец падкрэслівае капійнічы характар палка (харугвы?) Бабы, уласцівы, як вядома, і заходнім арміям. Няясна, праўда, што дакладна тут маецца на ўвазе пад коп’ямі: драбнейшыя арганізацыйныя адзінкі ці спецыфічны від дрэўкавай зброі, але, несумненна, гаворка не ідзе пра тыповыя для балтаў кароткія вошчапы-суліцы, для акрэслення якіх на Русі ўжываўся асобны тэрмін.

Гатоўнасць войска Вялікага княства Літоўскага да запазычання  заходніх мадэляў узбраен-ня яскрава  праявілася таксама ў імпарце  вайсковага рыштунку з Польшчы, які  ў шырокіх маштабах разгарнуўся  пасля заключэння Крэўскай уніі і  знайшоў адлюстраванне ў наратыўных крыніцах і рахунках польскага каралеўскага двара. У асобных выпадках польскія майстры імкнуліся дагаджаць  дастаткова спецыфічным, арыентальным густам заказчыкаў, аднак, у сваёй  масе, як падаецца, пастаўлялася тыповае  ўзбраенне, выкананае па заходняму  cтандарту, асабліва ў выпадках высылкі буйных партый зброі. Разам з тым, як сведчаць рахункі, далёка не ва ўсіх выпадках на землі Вялікага княства Літоўскага завозіліся выключна найноўшыя элементы ўзбраення, рэпрэзентаваўшыя апошнія дасягненні заходняй тэхнічнай думкі, такія, напрыклад, як пласцінавыя даспехі ці агняст-рэльная зброя. Сярод амуніцыі трапляліся і дастаткова шэраговыя рэчы — адкрытыя шле-мы-шаломы альбо колкавыя панцыры, якія не былі нечым незвычайным і на ўсходнееўрапейскіх землях, прычым камплект набытага такім чынам асобнымі ліцвінамі ўзбраення мог быць даволі сціплым. Відавочна, што даўзбраенне вялікакняжацкага войска за кошт польскага імпарту мела на мэце не толькі забеспячэнне ваяроў Княства перадавой еўрапейскай зброяй, але і задавальненне вострай патрэбы ва ўзбраенні наогул. Размова пра пастаўку вайсковага рыштунку з Польшчы ў Літву была б няпоўнай без згадкі аб скар-зе крыжакоў на Канстанцкім саборы ў 1416 г., дзе яны жаліліся, што палякі адпраўляюць літоўцам, схізматыкам і ерэтыкам вайсковыя прылады.

Высветліць, з якой інтэнсіўнасцю  ішло насычэнне войска Вялікага княства  Літоўскага за-ходняй зброяй, на сённяшні дзень не ўяўляецца магчымым. Мелі яе, відавочна, прадстаўнікі палітычнай эліты дзяржавы, аб чым сведчаць выявы на пячатках літоўскіх князёў канца ХІV — першай паловы ХV ст., дзе адлюстраваны, між іншым, пласцінавыя даспехі, шаломы-баскінеты, прылбіцы, конскія папоны-«кропежы». Ужо на Грунвальдскім полі ўзбраенне, аналагічнае заходняму не толькі па баявых якасцях, але і па знешнім выглядзе, не з’яўлялася ў харугвах Вітаўта, як падаецца, нечым выключна рэдкім. На гэта ўказвае адзін з эпізодаў бітвы, калі палякі нейкі час прымалі атакуючыя крыжацкія рэзервы за ліцвінаў, якія вярталіся на поле бою, і толькі нападзенне ордэнскага даводца на Дабяслава Алясніцкага, выехаўшага яму насустрач, выявіла памылку [7, с. 59]. На ўзнікненне непаразумення ў дадзеным выпадку ў значнай меры паўплывала наяўнасць у крыжацкіх шыхтах вялікай колькасці лёгкіх коп’яў-суліц, аднак, калі б іншае іх узбраен-не, у тым ліку засцерагальнае, кардынальна адрознівалася ад таго, якое палякі разлічвалі знайсці ў атрадах Вітаўта, блытаніна наўрад ці была б магчымай. Таму можна дапусціць, што прынамсі першыя лініі харугваў Вялікага княства Літоўскага былі ў дастатковай ступені ўкамплектаваны першакласным еўрапейскім узбраеннем, што, між іншым, не су-пярэчыць і ўжо прыведзенаму вышэй апісанню Длугашам ліцвінскіх кліноў, у якіх най-лепш узброеныя рыцары размяшчаліся наперадзе і, верагодна, па флангах.

Адметную частку войска Вялікага княства Літоўскага, прынамсі, пачынаючы  з часоў Вітаўта, складалі татары, без якіх не абыходзілася ніводная сур’ёзная экспедыцыя гэтага славутага  вялікага князя. На жаль, крыніцы не даюць матэрыялу для рэканструкцыі  ўзбраення і вайсковай манеры менавіта літоўскіх татараў, аднак, прымаючы пад увагу той факт, што  яны на мяжы ХІV–ХV ст. толькі з’явіліся на абшарах Княства і наўрад ці паспелі адразу ж адысці ад мілітарных традыцый сваіх качавых супляменнікаў, можна з дастатковай доляй верагоднасці апеляваць да адпаведных залатаардынскіх аналогій. Та-тарскае ўзбраенне ХІV–ХV ст. на сённяшні дзень даволі добра вывучана, прычым даследаванні абвяргаюць погляд на татарскіх ваяроў як на выключна лёгкіх коннікаў. Да-казана, між іншым, што ў залежнасці ад сацыяльнай прыналежнасці і матэрыяльных магчымасцяў татары ўжывалі вельмі шырокі спектр узбраення, у тым ліку засцерагальнае, што дазваляе выдзеліць у іх асяроддзі лёгкую і цяжкую кавалерыю, хаця дакладную мяжу паміж першай і другой правесці цяжка. Да ахоўных сродкаў, вядомых татарам у другой палове ХІV — першай палове ХV ст., можна аднесці кальчугу, лямелярны і лямінарны даспехі, пласцінкі якіх вырабляліся як з жалеза, так і з цвёрдай скуры, камбінаваныя віды баявых пакрыццяў, у тым ліку колкава-пласцінкавыя, мяккія неметалічныя даспехі з лям-цу, скуры ці тканіны, часам падбітыя металічнымі пласцінкамі, што набліжала іх да еўрапейскіх платаў. Бытавалі металічныя пакрыцці канечнасцяў і шчыты акруглай формы. Шлемы пераважна мелі сфераканічныя абрысы, хаця выкарыстоўваліся і нізкія яйкапа-добныя нагалоўі з кальчужнай аховай твару. Практыкавалася таксама пакрыццё даспехам баявых каней.

Грунвальдская битва