Культура Беларусі XIII – XVI ст.ст

Міністэрства  адукацыі Рэспублікі Беларусь

УА  “Брэсцкі дзяржаўны універсітэт  імя А.С. Пушкіна”

Юрыдычны  факультэт

 

 

 

 

 

 

 

Кантрольная работа

па гісторыі Беларусі на тэму:

“Культура Беларусі XIII – XVI  ст.ст.”

 

 

 

 

 

                                                                                        Выканала студэнтка 1 курса групы “В”

                                                                      спецыяльнасці “ Правазнаўства”

                                                                      завочнай формы навучання ( 4 г. )

                                                                      Ворон Вікторыі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Брэст – 2012г

Змест:

 

  1. Агульная характарыстыка  беларускай культуры  XIII – XVI  ст.ст;
  2. Царква і рэлігія на Беларусі. Рэфармацыя і контррэфармацыя;
  3. Беларускае адраджэнне. Ф.Скарына;
  4. Фарміраванне беларускай народнасці.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  1. Агульная характарыстыка  беларускай культуры  XIII – XVI  ст.ст

   Беларуская культура другой паловы XIII – першай паловы XVI ст. развівалася на аснове засвойвання багатых традыцый высокаразвітых візантыйскай і старажытнарускай культур, пад уздзеяннем мясцовых умоў.

   Беларуская культура мела ў асноўных рысах сярэдневяковы характар, развівалася на феадальна-прыгоннай аснове. Культурныя здабыткі з’яўляліся прывілеяй вышэйшых саслоўяў.

   Паколькі змест і формы культуры ў эпоху сярэднявечча вызначаліся ў першую чаргу інтарэсамі феадалаў і рэлігіі, то царква ўнесла значны ўклад у развіццё асветы, грамадска-палітычнай думкі, літаратуры, дойлідства, жывапісу, музыкі. Калі праваслаўная царква з’яўлялася носьбітам старажытнарускіх традыцый, то каталіцтва прыносіла ў ВКЛ элементы польскай і пераважна заходнееўрапейскай культуры. Кантакты з Заходняй Еўропай прывялі да ўзнікнення новых з’яў у беларускай культуры.

   У другой палове XIII – першай палове XVI ст. паралельна з працэсамі стварэння беларускай арыгінальнай літаратуры ішло развіццё старабеларускай літаратурнай мовы, якая замацоўвала характэрныя асаблівасці гаворкі насельніцтва Беларусі.

   Пісьмовыя помнікі з беларускамоўнай асновай можна падзяліць на тры групы: юрыдычна-дзелавыя, свецка-мастацкія і канфесійныя. Ад часоў Старажытнай Русі захавалася на беларускіх землях сістэма пісьмовага двухмоўя, калі старажытная літаратурная мова задавальняла духоўныя інтарэсы і дзелавыя патрэбы насельніцтва, а царкоўнаславянская выкарыстоўвалася ў набажэнстве і рэлігійнай літаратуры. Паступова царкоўнаславянская мова страчвала на Беларусі свае пазіцыі. З’явілася так званая беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы. Аб гэтым сведчыць мова такіх твораў канфесійнай літаратуры XV ст. як “Жыццё Аляксея, чалавека божага”, “Пакуты Хрыста” і інш.

   Найбольш чутка на гаворку народа рэагавала юрыдычна-дзелавая пісьменнасць. Асноўнымі цэнтрамі яе з’яўляліся дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія і магістрацкія канцылярыі. Вялікакняжацкая канцылярыя мела свой архіў, які называўся метрыкай.

   Прамежкавае становішча паміж юрыдычна-дзелавой пісьменнасцю і канфесійнай займала мова свецкіх мастацка-літаратурных твораў.

   З усіх жанраў беларускай літаратуры перыяду яе станаўлення найбольш дынамічна развіваліся летапісы. У XVI ст. яны набылі новыя рысы, з’явіўшыся яркім адлюстраваннем новага этапа ў жыцці беларускага народа.

   Беларуска-літоўскія летапісы падзяляюцца на 4 групы: “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.”, “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”.

   “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” – адзін з першых твораў уласнабеларускай гістарычна-дакументальнай літаратуры. Ён быў напісаны невядомым аўтарам каля 1430 г. у Смаленску ў форме суцэльнага апавядання без выкарыстання дат. Тут выкладаецца гісторыя ВКЛ з 1341 г. (ад смерці Гедыміна) да канца XIV ст. Асноўную ўвагу храніст надае апісанню барацьбы за ўладу паміж Кейстутам і Ягайлам, шмат расказвае пра дзейнасць Вітаўта. Галоўная ідэя “Летапісца…” – абгрунтаванне цэнтралізатарскай палітыкі літоўскіх князёў.

   “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.” – першы беларуска-літоўскі летапісны звод. Храналагічны звод ахоплівае перыяд ад сярэдзіны XI ст. да 1446 г. У летапісу змешчаны як рускія летапісы, так і творы мясцовага паходжання.

   На пачатку XVI ст. адбыліся некаторыя змены ў летапісным жанры: аўтары сваю ўвагу амаль цалкам сканцэнтравалі на гісторыі ВКЛ. У 20-я гг. XVI ст. створана “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, дзе выкладаецца гісторыя ВКЛ ад легендарнага князя Палемона да Гедыміна. У гэтым творы, напісаным у жанры гістарычнай аповесці, сцвярджаецца паходжанне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў.

   “Хроніка Быхаўца” – яшчэ адзін найбольш поўны агульнадзяржаўны летапісны звод. Сваю назву яна атрымала ад прозвішча пана А. Быхаўца, якому належаў адзіны вядомы рукапісны экзэмпляр. “Хроніка” апісвае падзеі палітычнай гісторыі ВКЛ ад легендарных часоў да пачатку XVI ст. У ім упершыню была створана найбольш поўная сістэматызаваная палітычная гісторыя ВКЛ на працягу значнага прамежку часу. Цэнтральная тэма твора – ваенна-патрыятычная. Шмат увагі храніст надае апісанню паходаў і бітваў, ратных подзвігаў суайчыннікаў.

   У другой палове XVI ст. летапісы сталі паволі адміраць, уступаючы месца іншым гістарычным жанрам.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  1. Царква і рэлігія на Беларусі. Рэфармацыя і контррэфармацыя

   Гістарычна склалася, што Беларусь знаходзіцца на памежжы дзвух хрысціянскіх канфесій – праваслаўя і каталіцтва, гэта адбілася на рэлігійнай гісторыі краіны, культуры і менталітэце народа.

    На працягу XI – XIII стст. тэрыторыя сучаснай Беларусі была выключна праваслаўнай, дзейнасць біскупа Рэйнберга ў Тураве ў 1015 г. і заснаванне манастыра ордэна дамініканцаў у Любчы (зараз Навагрудскі раён) – хутчэй выключэнне, як і прыняцце каталіцтва Міндоўгам у 1251 г. (у 1261 г. ён адрокся ад хрысціянства). Манаполію праваслаўя парушыў Ягайла, калі здзейсніў унію з Польскім каралеўствам. Пашырэнню каталіцтва спрыяла падзенне Канстантынопаля ў 1453 г. і рост канфрантацыі з Масквой. Вялікае княства ўсё болей арыентавалася на каталіцкі Захад. Тым не меньш, на працягу XVI – сярэдзіны XVI стст. праваслаўе заставалася галоўнай рэлігіяй княства, яно задавала тон у жыцці, культуры, ідэалогіі. Адначасова каталіцтва абапіралася на падтрымку кіруючых колаў дзяржавы. Абедзве рэлігіі ўраўнаважвалі адна адну. У княстве працягвалася традыцыя рэлігійнага дуалізму (да хрышчэння ў каталіцтва літоўская і жмудская частка дзяржавы была язычніцкай).

   Праваслаўная царква на беларускіх землях была прадстаўленна Полацкай і Тураўскай (з 1241 г. Пінскай) епархіямі, часткова Смаленскай і Ўладзіміра-Брэсцкай епархіямі. Яны ўваходзілі ў склад Кіеўскай мітраполіі і падпарадкоўваліся Канстантынопальскаму патрыярху. Калі мітрапаліты з Кіева выехалі ў Маскву, вялікія князі пачалі дамагацца асобнага мітрапаліта для ВкЛ. У 1316 г. была створана Наваградска-Літоўская мітраполія з цэнтрам у Наваградку. Яна складалася з Полацкай і Турава-Пінскай епархій. Патрыярхі не жадалі падзелу “рускай” царквы, таму рэдка прызначалі асобных для ВкЛ мітрапалітаў. У 1415 г. Вітаўт без згоды патрыярха загадаў выбраць мітрапаліта – ім быў абраны Грыгоры Цамблак. Галоўныя духоўныя пасады ў праваслаўных часта займалі выхадцы з мяшчанства і дробнай ці сярэдняй шляхты, шмат было выхадцаў з Балгарыі і Візантыі. Гэтыя абставіны мелі вынікам: невялікі ўплыў духавенства на дзяржаўныя справы і значную папулярнасць уніяцкіх настрояў, асабліва сярод святароў-іншаземцаў. Але рашэнні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. не падтрымалі праваслаўныя князі і феадалы ВкЛ, таму часова ідэя ўніі ў княстве была адкладзена.

   У той час каталіцтва пасля Крэўскай уніі 1385 г. стала дзяржаўнай рэлігіяй ВкЛ, хаця свабода веравызнання была пакінута. У 1387 г. была створана Віленская епархія, што першапачаткова складалася з 7 парафій – ніжэйшых адзінак царквы, прыходаў. Спачатку віленскі біскуп падпарадкоўваўся непасрэдна Папе Рымскаму, але з 1415 г. яго перападпарадкавалі прымасу польскай каталіцкай царквы – архіепіскапу гнезненскаму. Як і з праваслаўем, гэта стварыла падставы для ўмяшання палякаў у дзяржаўныя справы княства. Да канца XV ст. было заснавана яшчэ тры біскупствы – Кіеўскае, Луцкае і Жмудскае. Першымі біскупамі былі палякі, але з XVI ст. гэтыя пасады займалі выключна прадстаўнікі знаці ВкЛ. Яшчэ ў 1387 г. каталіцкая царква атрымала поўны імунітэт у сваіх маёнтках, судовых пытаннях і фінансах. Па-сутнасці, царква была непадкантрольна дзяржаве.

    Вялікую дзейнасць па распаўсюджванні каталіцтва праводзілі манастыры – францысканцаў, бернардзінцаў, аўгусцінцаў і інш. Яна прынеслі элементы западнай, пераважна польскай, культуры, спрыялі развіццю асветы.

    У 1563 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст спецыяльнай пастановай аб’явіў аб роўнасці ў правах праваслаўнай і каталіцкай шляхты, чым прызнаў роўны статус дзвух рэлігій. Наогул, XVI ст. вызначаецца значнай ступенню верацярпімасці ва ўнутранай палітыке. Гэта стала добрай глебай для распаўсюджання ідэй Рэфармацыі ў княстве.

   Рэфармацыя – гэта шырокі грамадска-палітычны і ідэалагічны рух, узнік у пачатку XVI ст. у Заходняй Еўропе з мэтай паслабіць уладу каталіцкай царквы і асабіста Папы Рымскага. Ініцыятарам яе была буржуазія – новы клас, што ў працэсе нараджэння пачаў барацьбу з найбольш адыёзнымі праявамі феадалізму. Асноўныя патрабаванні – дэцэнтралізаваць, дэмакратызаваць, зрабіць таннай царкву; ліквідаваць манастыры, культ, абраднасць, духавенства як замкнёную касту, секулярызаваць (канфіскаваць на карысць дзяржавы) царкоўную маёмасць – былі распрацаваныя ў працах Марціна Лютэра, Жана Кальвіна, У.Цвінглі.

    У ВкЛ ідэі рэфармацыі пранікла да 1540 гг., але рэфармацыйны рух меў тут значныя асаблівасці ў развіцці. Развівалася рэфармацыя на феадальнай аснове, галоўнай двіжучай сілай былі буйныя феадалы і шляхта, галоўны рэлігійны накірунак – кальвінізм. Вучэнне Кальвіна адмаўляла іерархічную пабудову царквы і вярхоўную ўладу папы рымскага, патрабавала спрасціць рэлігійны культ; адзінай крыніцай і аўтарытэтам новай царквы прызнавалася свяшчэннае пісанне; уводзілася богаслужэнне на нацыянальнай мове. Некаторыя рысы рэфармацыі наглядаліся і ў праваслаўнай царкве. Шырокае распаўсюджанне атрымаў ерэтычны рух антытрынітарыяў (арыян). Яны адмаўлялі боскую сутнасць Хрыста, суадносна, Троіца так сама імі адмаўлялася, адзіны Бог часта атаясамліваўся з сусветным розумам і прыродай. Праваслаўныя брацтвы актыўна выступалі за ўстанаўленне кантролю над святарамі.

   Рэфармацыя на Беларусі мела тры этапы.

   Першы этап ахопліваў час з 1553 па 1570 гг., да з’яўлення ў ВкЛ езуітаў. Гэта быў перыяд хуткага росту колькасці пратэстантаў, фарміравалася царкоўная арганізацыя. Асноўная маса пратэстантаў – гэта каталіцкая і, галоўным чынам, праваслаўная шляхта. Яны былі не супраць таго, каб падарваць эканамічную моц як праваслаўнай царквы, так і каталіцкай цэркваў. Буйнейшыя феадалы – магнаты – імкнуліся перадухіліць умяшанне Масквы і Кракава ва ўнутраные справы княства праз стварэнне нацыянальнай пратэстанцкай рэлігіі.

   Галоўным дзеячам Рэфармацыі ў ВкЛ быў Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер, самы ўплывовы чалавек у дзяржаве. Ён заснаваў самы першы збор у Бярэсці (у пачатку 1550-х гг.) і першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню (кірылічных кніг не друкавала). Пад яго патранатам у 1557 г. адбыўся першы з’езд пратэстантаў у Вільні. Была заснавана Літоўская правінцыя кальвінскай царквы, кіраваў яе справамі правінцыяльны сінод. У 1560-я гг., пад час найвышэйшага ўздыму Рэфармацыі, на Беларусі дзейнічала каля 90 збораў (культавых устаноў), а так сама школы, друкарні, шпіталі. У кальвінізм перайшла большасць магнатаў і шляхты. Так, з 600 шляхецкіх фамілій Наваградскага ваяводства ў праваслаўі засталося толькі 16.

   Значна актывізавалася духоўнае жыццё, вырасла роля асветы, кнігадрукавання, шырока сталі вядомы рэнесансныя ідэі, наладжваліся міжнародныя кантакты.

   У другі перыяд – з 1570 па 1596 гг. (да Берасцейскай царкоўнай уніі) пачалі ўзмацняцца пазіцыі каталіцкай царквы, узмацнілася контррэфармацыя. Пачала звужацца сацыяльная база Рэфармацыі – шляхта і магнаты, што дасягнулі сваіх мэт, пакідалі рады кальвіністаў. Пасля Люблінскай уніі выгадней было перайсці ў каталіцтва, бо каралі Стэфан Баторы і Жыгімонт ІІІ Ваза шмат клапаціліся пра каталіцтва, нават атрымалі за гэта прозвішчы “каталіцкіх каралёй”. У 1570 г. віленскі біскуп Валер’ян Пратасевіч запрасіў у Вільню езуітаў, якія пачалі праводзіць актыўную палітыку контррэфармацыі. Тым не меньш, у 1573 г. на Варшаўскім сейме быў абвешчаны “рэлігійны мір”, палажэнні аб ім былі ўключаны ў Статут ВкЛ 1588 г.

   На працягу трэцяга этапа Рэфармацыі – з 1596 г. па сярэдзіну XVII ст. яшчэ больш яскрава праявіліся тэндэнцыі, што пачаліся ў папярэднім перыядзе. Магнаты і асноўная частка шляхты пакінулі кальвінскую царкву, але яе структура засталася, роля яе была мізернай. Шляхта і магнаты, што пакідалі Рэфармацыю, не варочаліся назад, у праваслаўе, а пераходзілі ў каталіцтва – гэта давала значныя палітычныя і эканамічныя перавагі, да таго ўзнікла пагроза выбуха сялянскай вайны. Таму пачалося праследванне радыкальных рэлігійных рухаў – арыянства ці антытрынітарыяў.

   Арыяне, дзякуючы шырокай сацыяльнай праграме, мелі шырокую падтрымку сярод гараджан і сялян. У гэтым рухе выразна выдзялялася дзве плыні – левая (плябейска-сялянская) і правая (шляхецка-бюргерская).

   Левыя (Пётр Ганезій, Марцін Чаховіц, Лаўрэнці Крышкоўскі і інш.) крытыкавалі асноўныя прынцыпы феадальнага грамадства, патрабавалі скасавання прыгонніцтва, выступалі супраць дзяржаўнай улады наогул, патрабавалі спыніць войны. Праграма будавалася на прынцыпах прымітыўнага камунізму.

   Правыя (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі) прызнавалі сацыяльныя праблемы, але часткова, яны крытыкавалі свавольства магнатаў, але больш увагі ўдзялялі рэлігійным справам.

    Абодве плыні спрабаваў аб’яднаць Фаўст Соцын, які ў 1580-х гг. распрацаваў новую канцэпцыю арыянства (сацыніянства). Новае вучэнне адкінула сацыяльныя праблемы, але феадалы, напалоханыя магчымасцю выбуха сялянскай вайны, перамятнуліся на бок контррэфармацыі. Радыкальныя прапаведнікі праследваліся на ўсёй тэрыторыі княства. Ерэтычны рух у сваіх актыўных праявах паступова згас.

   Рэфармацыя адыграла важную ролю ў гісторыі Вялікага княства:

  • яна садзейнічала фарміраванню грамадзянскай самасвядомасці;
  • спрыяла пранікненню і распаўсюджванню гуманістычных, рэнесансных ідэй;
  • актывізавала духоўнае жыцце ў княстве, садзейнічала развіццю асветы і кнігадрукавання;
  • пашырыла міжнародныя сувязі княства, садзейнічала больш шырокаму ўключэнню ВкЛ у еўрапейскі гістарычны працэс;
  • садзейнічала культурнай і палітычнай паланізацыі беларускіх магнатаў і шляхты, што неспрыяльна адбілася на развіцці беларускай мовы і культуры.

   Каталіцкая царква не здавалася, яна ініцыявала пачатак контррэфармацыі – рух у каталіцкай царкве з мэтай вярнуць страчаныя пазіцыі. Пасля Трыдэнцкага сабора (1545-1563 гг.) падтрымку папы рымскага атрымалі езуіты (каталіцкі ордэн, створаны Ігнацем Лайолай у 1534 г.), якія паспяхова вярталі страчаныя каталіцтвам пазіцыі. Кантррэфармацыі сапутнічалі такія з’явы, як інквізіцыя, спісы забароненых кніг, але так сама і выдатная сістэма адукацыі.

    У ВкЛ езуіты з’явіліся ў 1570 г. у Вільне па запрашэнню Віленскага біскупа Валер’яна Пратасевіча. Гэта былі Петр Скарга, Франц Сун’ер, Станіслаў Влошак. Адразу быў заснаваны калегіўм – навучальная ўстанова, што давала сярэднюю адукацыю. Вельмі ўдалай дзейнасці езуітаў у княстве спрыяла талерантнасць і верацярпімасць, дзякуючы чаму езуіты раскінулі свае шчупальцы па ўсёй краіне. Была створана адна з 35-ці правінцый у Еўропе – Літоўская езуіцкая правінцыя з цэнтрам у Вільні. Там жа дзейнічала створаная ў 1579 г. на базе калегіўма езуіцкая акадэмія (з правамі ўніверсітэта). Другі горад княства, дзе зацьвердзіліся езуіты – Полацк, калегіўм адкрылі ў 1581г., а да пачатку XVII ст. калегіўмаў стала 10 – у Нясвіжы, Оршы, Бярэсце, Пінске, Наваградке, Гародне, Віцебске, Мінске, Слуцке, і гэта былі лепшыя навучальныя ўстановы ў княстве. Адукацыю там маглі атрымаць як католікі, так і праваслаўныя, уніяты, пратэстанты. Адначасова навучэнцаў паступова схілялі да пераходу ў каталіцтва.

   Езуіты дасканала ведалі беларускую мову і карысталіся ею ў набажэнствах, іх пропаведзі ўзрушвалі. На беларускую мову былі перакладзены святыя кнігі і багаслоўская літаратура, але адначасова езуіты знішчалі забароненыя кнігі (першы раз кнігі гарэлі ў Вільне ў 1579 г. па загаду біскупа Георгія Радзівіла), яны дамагліся закрыцця пратэстанцкіх школ і друкарняў. Для простага народа адчыняліся дабрачынныя ўстановы, у 1687 г. езуіты адчынілі аптэку ў Гродне. Будаваліся велічныя культавыя храмы, мастацкае ўбранне і арганы ўражвалі – насельніцтва пацягнулася ў касцёлы.

   Асноўныя напрамкі дзейнасці езуітаў:

  • наладжванне лепшай адукацыі ў калегіўмах, дзе вярбаваліся прыхільнікі каталіцтва і ордэна езуітаў;
  • адстойванне інтарэсаў ордэна і каталіцтва праз асабістых духоўнікаў і дарадчых пры найбольш уплывовых асобах;
  • стварэнне красаты набажэнства, якая прываблівала просты народ;
  • шырокая дабрачыннасць, якая так сама прываблівала просты народ;
  • шырокая літаратурна-палемічная дзейнасць – жаданне ідэалагічна разграміць пратэстантаў і праваслаўных.

   Акрамя езуітаў на Беларусі дзейнічалі ўстановы (кляштары, калегіўмы, шпіталі і інш.) 17 мужскіх каталіцкіх манаскіх ардзяноў і 7 жаночых. Да таго, каталіцкая царква атрымала моцную падтрымку правячых колаў Рэчы Паспалітай. Абноўленае каталіцтва хутка выцесніла пратэстантызм на тэрыторыі княства і стала планаваць ліквідацыю праваслаўя.

   Асаблівасці контррэфармацыі ў ВкЛ:

  • пачатак контррэфармацыі ў княстве супаў па часе з найвышэйшым уздымам Рэфармацыі, што парадзіла высокую ступень напружанасці ў грамадстве, але праявілася гэта ў ідэалагічнай барацьбе (палемічная літаратура). Жудасных форм супрацьстаяння (напрыклад – Варфаламееўская ноч у Францыі) у ВкЛ не было;
  • пратэстанты не здолелі заснаваць сваю нацыянальную пратэстанцкую царкву (лютэранства ў Германіі, англіканства ў Англіі, кальвінізм у Швейцарыі і Францыі);
  • асноўная частка феадалаў перайшла ў каталіцтва, а Берасцейская ўнія наблізіла да каталіцтва “просты люд”;
  • асаблівая ўвага ВкЛ з боку Рыма, княства разглядалася як плацдарм да акаталічвання Масквы;
  • не ўдалося дасягнуць галоўнай мэты – ліквідаваць поліканфесійнасць у ВкЛ;
  • у перыяд контррэфармацыі зблізіліся пазіцыі пратэстантаў і праваслаўных – у 1599 г. у Вільне дасягнута дамоўленасць аб сумесных дзеяннях супраць праяў ваяўнічага каталіцызма;
  • была скасавана талерантнасць у княстве, у 1658 г. з ВкЛ выганяліся арыяне.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  1. Беларускае адраджэнне. Ф.Скарына

   Беларускую культуру не абмінула такая з’ява як Адраджэнне, або Рэнесанс – эпоха станаўлення і росквіту ранняй буржуазнай культуры. Адраджэнне было абумоўлена якаснымі зменамі ў эканамічным і палітычным жыцці краін: зараджэннем капіталістычных адносін, фарміраваннем нацыянальных дзяржаў і абсалютных манархій, узмацненнем антыфеадальнай і рэлігійнай барацьбы. Вялікія геаграфічныя адкрыцці, з’яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі прывялі да ўзнікнення новай, пераважна свецкай культуры. На гэтай аснове сфарміраваўся новы, гуманістычны светапогляд. Гуманізм – філасофска-светапоглядная пазіцыя, якая сцвярджае высокую годнасць чалавека – творцу зямнога шчасця, прызнае права на свабоднае развіццё яго здольнасцей, абараняе ідэалы справядлівасці, чалавекалюбства, свабоды і дасканаласці асобы.

   У канцы XV – пачатку XVI ст. складаліся перадумовы Рэнесанса на Беларусі: рост гарадоў, фарміраванне беларускай народнасці, ажыўленне грамадска-палітычнай дзейнасці і нацыянальна-класавай барацьбы.

   Прадстаўніком рэнесансавай культуры на Беларусі быў першадрукар, гуманіст і асветнік Францыск Скарына (каля 1490 г. – каля 1551 г.).

   Францішак (Францыск) Скарына (Скарыніч) нарадзіўся ў сям'і полацкага купца Лукі (Лукаша) Скарыны ў Полацку.

   Першапачатковую адукацыю Ф. Скарына атрымаў у Полацку, які меў шматвяковыя кніжна-мовыя традыцыі, славіўся багатымі бібліятэкамі і высокаадукаванымі людзьмі. Азы царкоўна-славянскай граматы Францішак асвойваў, найбольш верагодна, дома або пры адным з полацкіх праваслаўных манастыроў.

   Каб атрымаць вышэйшую адукацыю, летам 1504 Скарына, відаць, разам з купецкім абозам накіраваўся ў Кракаў у Ягелонскі ўніверсітэт. Восенню 1506 Скарына паспяхова завяршыў навучанне на факультэце свабодных навук і 14 снежня атрымаў першую навуковую ступень бакалаўра.

   У 1511 ці 1512 Скарына паступіў на службу ў якасці «сакратара караля Дацыі» (Datiae). У старажытным італьянскім горадзе Падуя перад учонай калегіяй славутага універсітэта ён бліскуча здаў экзамен на годнасць доктара лекарскіх навук.

   У Празе Ф. Скарына пры дапамозе заможных віленскіх і полацкіх мяшчан заснаваў друкарню. 6 жніўня 1517 г. выйшла з друку першая кніга “Псалтыр”. Затым на працягу 1517—19 г. у Празе ён выдаў яшчэ 22 кнігі Бібліі: «Іоў» (датавана 10.9.1517), «Прытчы Саламона» (6.10.1517), «Ісус Сірахаў» (5.12.1517), «Эклезіяст» (2.1.1518), «Песня песняў» (9.1.1518), «Прамудрасць божая» (19.1.1518), 4 кнігі «Царстваў» (10.8.1518), «Ісус Навін» (20.12.1518), «Юдзіф» (9.2.1519), «Суддэі» (15.12.1519), пазначаныя 1519 кнігі «Быцце», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі» і «Прарок Данііл», а таксама не датаваныя кнігі «Выхад», «Левіт», «Лічбы» і «Другі закон». Чатыры кнігі «Царстваў» выпушчаны з суцэльнай нумарацыяй аркушаў і пазначаны адной датай. Таму можна лічыць, што Скарына выдаў у Празе 23 кнігі Бібліі ў 20 выпусках.

   У 1520 г. Скарына пераехаў у Вільню, дзе ў 1522 г. выйшла ў свет “Малая падарожная кніжка” – зборнік рэлігійных і свецкіх твораў, якая складаецца з Псалтыра, Часаслоўца, акафістаў і канонаў, Шасціднеўца і Саборніка. У 1525 з'явілася яго апошняе выданне — Апостал, які ўключае апостальскія дзеі і пасланні.

   Ф. Скарына ўвайшоў у беларускую літаратуру не толькі як выдатны перакладчык, заснавальнік беларускай школы перакладу, але і як таленавіты пісьменнік, аўтар цікавых твораў розных жанраў. Яго пяру належаць першыя ва ўсходнеславянсам свеце вопыты кніжнага вершаскладання: чатырохрадковая эпіграма на тытульным лісце кнігі «Іоў», вершаваны пераказ дзесяці запаведзяў у прадмове да кнігі «Выхад» і кароткі дыдактычны вірш у кнізе «Эсфір», заснаваны на прынцыпе біблейскага паралелізму.  Скарына выступіў у якасці стваральніка новага літаратурнага жанру – прадмоў. Яны змяшчалі ў сабе кароткі змест твора.

   Архітэктура і выяўленчае мастацтва

   На працэс станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва значна паўплывалі старажытнарускія традыцыі, а таксама лепшыя дасягненні архітэктуры і мастацтва заходнееўрапейскіх краін. Шырокае распаўсюджанне на Беларусі набыла готыка – мастацкі стыль, запазычаны ў Заходняй Еўропе. Найбольш тыпавыя гатычныя пабудовы вылучаліся вялікай вышынёй, стронкім сілуэтам і вертыкальнымі лініямі, вузкімі стральчатымі парталамі і вокнамі з каляровымі ветражамі, высокімі вежамі.

Готыка на Беларусі была прадстаўлена шматлікімі абарончымі збудаваннямі – замкамі, якія адначасова з’яўляліся адмістрацыйнымі, палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі. Мураваныя замкі пачалі будавацца ў першай палове XVI ст.

   Абарончая сістэма складалася з замкаў розных тыпаў. Адны з іх будаваліся на ўзвышшах, другія змяшчаліся ў нізіннай балоцістай мясцовасці на штучным насыпу. Гэта быў новы тып замкаў – кастэлі.

   Да тыпу кастэляў належалі: Лідскі замак, пабудаваны ў 30-я гг. XVI ст., замак у Крэве, які спалучаў рысы абарончага збудавання і вялікакняскай рэзідэнцыі.

   Акрамя будаўніцтва кастэляў, перабудоўваліся і старыя драўляныя замкі.

Навагародскі замак існаваў  у X–XVII стст. Ён пэўны час з’яўляўся  рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх. Шмат разоў перабудоўваўся. У пачатку XVI ст. з’явіўся Мірскі замак.

У сувязі з пашырэннем каталіцызму на ўсёй тэрыторыі Беларусі пачалося будаўніцтва касцёлаў. Быў пабудаваны Троіцкі касцёл у вёсцы Ішкалдзь (Баранавіцкі раён), захаваўшыяся да нашых дзён касцёлы ў вёсцы Усулюб (Навагрудскі раён) і ў Іўі.

   У культавай архітэктуры канца XV – першай паловы XVI ст. з’яўляецца новы тып пабудоў – інкастэляваныя храмы, прыстасаваныя да абароны.

У выяўленчым мастацтве Беларусі другой паловы XIII – першай паловы XVI ст. вылучаюцца іконапіс, фрэскі, кніжная мініяцюра, гравюра, арнамент, драўляная разьбяная скульптура.

   З распаўсюджаннем ідэй Адраджэння звязана і развіццё свецкага жывапісу, пераважна партрэтнага жанру. Захаваліся выявы партрэта Ягайлы ў касцёле ў Сандаміры. У Трокскім замку знаходзіцца шэраг фрэсак, прысвечаных Вітаўту.

   У рамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на Беларусі ў другой палове XIII – першай палове XVI ст. развівалася размалёўка па дрэву, чаканка па металу, выраб керамікі. Беларускія майстры добра ведалі тэхналогію металаапрацоўкі, выраблялі металічныя ўпрыгожванні і посуд. Развівалася касцярэзная вытворчасць. Беларускія рамеснікі таксама стваралі розныя рэчы з каменю.

   Разнавіднасцю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з’яўлялася кафлярства.

   Такім чынам, другая палова XIII – першая палова XVI ст. – яркі і самабытны перыяд у развіцці беларускай культуры, перыяд росту палітычнай і патрыятычнай свядомасці беларусаў, сінтэзу рэнесансава-гуманістычных павеваў і сярэдневяковых рэлігійных традыцый ў духоўным жыцці, пашырэння культурных сувязей паміж беларускім і іншымі народамі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  1. Фарміраванне беларускай народнасці

   Народнасць – гістарычна склаўшаяся моўная, тэрытарыяльная, эканамічная і культурная супольнасць людзей, уласціва рабаўладальніцкаму і феадальнаму ладу. Да асноўных прыкмет народнасці таксама адносяцца: этнічная самасвядомасць, саманазва, пэўны псіхічны склад характэру. Беларуская народнасць утваралася паступова на аснове старажытнарускай народнасці. Якія фактары паўплывалі на гэты працэс?

   Узнікненне беларускай народнасці і яе развіццѐ былі перш за ўсѐ звязаны з тэрытарыяльным адзінствам рассялення. Прыродныя ўмовы Беларусі былі ў цэлым досыць спрыяльныя для жыцця і дзейнасці насельніцтва. Умеранакантынентальны клімат, дастатковая колькасць ападкаў, перавага дзярнова-падзолістых глеб – усѐ гэта дазваляла развівацца сельскай гаспадаркі. Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпявядала арэалам рассялення яе старажытным продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў.

   На фарміраванне этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ўплывалі і каланізацыйныя працэсы, што ў пэўнай ступені развіваліся стыхійна, а з часам усѐ больш актыўна выкарыстоўваліся дзяржаўнай адміністрацыяй, феадаламі. Працэс засялення з удзелам беларускага, украінскага, польскага, літоўскага насельніцтва адбываўся ў розных регіѐнах Занѐмання і Падляшша. Акрамя ўсходнеславянскага ў склад беларускага этнасу былі ўліты асобныя групы польскага, балцкага і цюрскага (татарскага) насельніцтва. Яны жылі побач са славянамі і з’явіліся дадатковым кампанентам утварэння беларускай народнасці. Але іх наяўнасць увогуле не парушала цэласнасці этнічнай тэрыторыі беларусаў.

Культура Беларусі XIII – XVI ст.ст