Аляксандраў прывілей 1492 г

ЗМЕСТ

 

УВОДЗІНЫ . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

3

ГЛАВА 1.

ХАРАКТАРЫСТЫКА ПЕРШЫХ АГУЛЬНАДЗЯРЖАЎНЫХ ПРЫВІЛЕЯЎ. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

5

 

1.1. Сутнасць агульназемскіх грамат. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

5

 

1.2. Першыя агульнадзяржаўныя прывілеі. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

7

ГЛАВА 2.

ПРЫВІЛЕІ ВКЛ У ПЕРЫД 1413-1447 ГГ.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

11

 

2.1. Характарыстыка Гарадзельскага прывілея 1413 г.. . . . . . . . . . .

11

 

2.2. Сутнасць прывілеяў 1432 г. і 1434 г.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

14

 

2.3. Асноўныя палажэнні прывілея Казіміра 1447 г. . . . . . . . . . . . .

16

ГЛАВА 3.

ПРЫВІЛЕІ АЛЯКСАНДРА І ЖЫГІМОНТА. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

21

 

3.1. Аляксандраў прывілей 1492 г.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

21

 

3.2. Прывілеі 1506 г., 1564 г., 1568 г.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

25

Заключэнне . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

30

Спіс выкарыстанных  крыніц. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

33


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

УВОДЗІНЫ

 

Адной з асаблівасцяў развіцця сярэднявечнай Беларусі з'яўлялася яе цеснае ўзаемадзеянне з Польскай дзяржавай. Усе еўрапейскія дзяржавы, асабліва суседнія, на ўсім працягу  свайго існавання мелі паміж сабой  даволі цесныя сувязі, якія перыядычна перапыняліся войнамі. Такія ж адносіны былі характэрны для Вялікага княства Літоўскага і Польшчы. Аднак толькі ў апошняй чвэрці XIV ст. адносіны паміж гэтымі дзяржавамі перараслі ў больш цесны дзяржаўна-прававы саюз, які заклаў падмурак для іх усё больш устойлівага збліжэння.

Саюз Вялікага княства  Літоўскага з Польшчай пад уладай аднаго манарха ўнёс карэнныя змены  ў дзяржаўнае ўладкаванне абедзвюх дзяржаў і аказаў істотны ўплыў  на развіццё эканамічных, палітычных і  культурных сувязяў народаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы.

Неабходна адзначыць, што  гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага здаўна прыцягвала ўвагу даследчыкаў мінуўшчыны.

Найбольш масавымі крыніцамі  з'яўляюцца акты і граматы сацыяльна-эканамічнага і сацыяльна-палітычнага характару. Яны характарызуюць працэс фарміравання феадальнага землеўладання, стан гаспадаркі, саслоўную структуру насельніцтва і сацыяльную палітыку ўрада. Па іх можна ўявіць грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны, правасвядомасць, мараль і побыт, культуру і мову людзей XV-XVI стст.

Значную цікавасць для  гісторыка ўяўляюць агульназемскія прывілеі Вялікага княства Літоўскага.

Актуальнасць дыпломнай  работы, заключаецца ў тым, што прывілеі гралі важнейшую ролю ў вырашэнні нацыянальных праблем у любой краіне. Ад гэтага ў вялікай меры залежыць стабільнасць яе палітычнага і сацыяльнага развіцця. Таксама адзнычым той момант, што у агульнадзяржаўных граматах (прывілеях) атрымалі адлюстраванне «галоўныя рысы ўдзельназемскога ладу старажытнарускай гісторыі», бо Вялікае княства Літоўскае склалася на «тэрытарыяльнай, этнаграфічнай і культурнай аснове беларускай», а беларускі горад Наваградак быў першай сталіцай дзяржаеы і старажытны полацкі герб «Пагоня» стаў гербам усёй дзяржавы.

Мэтай работы з’яўляецца даследаванне і аналіз агульнадзяджаўных (земскіх) прывілеяў.

Мэта даследавання можа быць дасягнута шляхам вырашэння асноўных задач работы:

1. Разгледзець сутнасць агульназемскіх грамат;

2. Даць агульную характарыстыку першым агульнадзяржаўным прывілеям;

3. Выявіць асноўныя  прадпасылкі і ўмовы Гарадзельскага прывілея 1413 г.;

4. Адзначыць сутнасць прывілеяў 1432 г. і 1434 г.;

5. Прааналізаваць асноўныя палажэнні прывілея Казіміра 1447 г.;

6. Вызначыць характэрныя  рысы  прывілея 1492 г.;

7. Адзначыць роль і  значэнне прывілеяў 1506 г., 1564 г., 1568 г..

Для дасягнення  указанай мэты і вырашэння пастаўленых  задач, былі выкарастаны такія метады як дыалектычны, гістарычны, метад аналіза  і сінтэза, індукцыі і дэдукцыі, а  таксама рэтраспекцыйны метад.

Матэрыялы курсавой работы могуць быць выкарыстаны студэнтамі пры вывучэнні імі курса “Гісторыі дзяржавы і права Беларусі”.

Пры напісанні курсавой работы выкарыстоўваліся матэрыялы розных аўтараў — Т. І. Доўнар, С. Ф. Шымуковiч, Г. П. Пашкоў. Неацэнную дапамогу ў напісанні дыпломнай работы аказалі работы такіх аўтараў як М. У. Сільчанка, І. А. Басюк, І. А. Юхо, I. М. Iгнаценка.

Структура курсавой работы абумоўлена мэтай і задачамі даследавання. Курсавая работа ўключае уводзіны, тры главы, 7 параграфаў, заключэнне, спіс выкарыстанных крыніц.

 

ГЛАВА 1 ХАРАКТАРЫСТЫКА ПЕРШЫХ АГУЛЬНАДЗЯРЖАЎНЫХ ПРЫВІЛЕЯЎ

 

1.1. Сутнасць агульназемскіх грамат

 

У Вялікім княстве Літоўскім  нараўне з пісанымі заканадаўчымі  актамі доўгі час працягвала дзейнічаць старажытнае звычайнае права ў форме няпісаных правілаў паводзін людзей (звычаяў). У новых пісаных законах пастаянна адзначалася захаванне старых няпісаных нормаў права, так званай старасветчыны - «старыны». У сувязі з гэтым нарматыўныя акты, прынятыя ў ХІV-ХV стст., лічыліся дзеючымі і ў наступны перыяд. Асабліва гэта тычылася законаў, якія паступова сталі замацоўваць правы і прывілеі саслоўя шляхты.

Заканадаўчыя акты таго часу насілі розныя найменні; такой  адзінай назвы, адпаведнай сучаснаму  паняццю «нарматыўны прававы акт», не існавала. На працягу стагоддзяў у залежнасці ад зместа актаў і спосабаў іх прыняцця яны зваліся: ухвала, грамата, ліст, прывілей, статут, канстытуцыя, універсал, артыкул і інш. Выразнага размежавання паміж гэтымі тэрмінамі не існавала, але пэўныя сэнсавыя адценні ўтрымліваліся ў кожным найменні. Так, акты, якія прымаліся на сойме, менаваліся ўхваламі, статутамі, пастановамі, а ў XVII-XVIII стст. - канстытуцыямі. Нарматыўныя прававыя акты ў сферы гаспадарчага права - уставамі, у ваеннай сферы і адносна падаткаў на ваенныя патрэбы - універсаламі, акты ваенна-крымінальнага права - артыкуламі. Граматай, лістом, прывілеем зваліся асобныя заканадаўчыя акты, якія замацоўвалі правы кіруючай эліты або саслоўяў, асобных сацыяльных ці этнічна-рэлігійных групаў, а таксама пэўныя правы насельніцтва асобных частак дзяржавы, гарадоў, валасцей або нават пэўных асобаў ці сямействаў. У навуковай літаратуры прынята адзіная ўмоўная назва нарматыўных прававых актаў ХІV-ХV стст. - граматы або прывілеі [12, с. 58].

Нарматыўныя акты, у якіх знайшло адлюстраванне права  Беларусі, па сваім змесце і форме  былі вельмі розныя і ахоплівалі ўсю  разнастайнасць грамадскіх адносінаў. У залежнасці ад зместу, формы і працэдуры прыняцця гэтыя акты можна раздзяліць на наступныя групы:

1) агульназемскія і  мясцовыя (абласныя, валасныя, гарадскія)  граматы (прывілеі);

2) Судзебнік 1468 г.;

3) Статуты1529, І566, І588гг.;

4) соймавыя пастановы і іншыя нарматыўныя акты.

Характарызуючы крыніцы  права Вялікага княства Літоўскага, варта таксама адзначыць Метрыку Вялікага княства Літоўскага. Гэта былі зборы актаў (кнігі) вялікакняжацкай канцылярыі, у якіх утрымліваліся копіі нарматыўных прававых актаў, судовых рашэнняў, іншых дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя, рады, соймаў ВКЛ на працягу ХV-ХVІІІ стст.

У цэлым развіццё заканадаўства  Вялікага княства Літоўскага можна  ўмоўна падзяліць на два перыяды - прывілейны і статутавы. Характэрнай асаблівасцю першага перыяду з'яўляецца прыняцце нарматыўных прававых актаў у форме граматаў (прывілеяў), якія працягвалі выдавацца і пасля ўвядзення ў дзеянне Статута 1529 г. Другі перыяд адрозніваўся высокім узроўнем сістэматызацыі права. Пасля прыняцця Статутаў 1529, 1566, 1588 гг. асобнымі нарматыўнымі актамі ўносіліся змяненні і дапаўненні ў дзеючае заканадаўства, аднак прыярытэтзаўсёды заставаўся за кадыфікаваным законам [12, с. 59].

Такім чынам, у залежнасці ад дзеяння нарматыўных актаў у прасторы і па колу асоб тыя граматы (прывілеі), якія дзейнічалі на ўсёй тэрыторыі дзяржавы і адносіліся да ўсяго насельніцтва, прынята зваць агульназемскімі. За час існавання дзяржавы была прынята значная колькасць гэтых актаў. Некаторыя з іх маюць найболей істотнае значэнне для далейшага развіцця прававой сферы дзяржавы.

 

 

1.2 Першыя агульнадзяржаўныя  прывілеі

 

Першымі агульнадзяржаўнымі (земскімі) прывілеямі лічыліся тры  прывілеі, выдадзеныя ў 1387 годзе вялікім  князем літоўскім Ягайлам, які ў  праваслаўным хрышчэнні называўся  Якавам, а калі стаў польскім каралём  і прыняў каталіцкую веру, то стаў называцца  Уладзіславам.

Яго першы прывілей быў  выдадзены 20 лютага 1387 года і быў  накіраваны на распаўсюджванне каталіцызму  ў Беларусі і Літве. Пачынаўся  прывілей са сцвярджэння, што нібыта людзі жадаюць прыняць каталіцкую веру, а тым, хто ўжо прыняў яе, даруюцца новыя правы і вольнасці; яны будуць мець поўную магчымасць валодаць, карыстацца, прадаваць, мяняць, дараваць згодна са сваёй добрай воляй і жаданнем замкі, воласці, сёлы, дамы і ўсё, чым бы валодалі па наследству ад бацькоў. Далей у прывілеі гаварылася аб тым, што рыцары не павінны будуць выконваць якія-небудзь работы, за выключэннем будавання новых замкаў, калі будзе склікацца насельніцтва «ўсёй зямлі», а таксама для перабудовы і рамонту старых замкаў [17, с. 45].

Згодна са старадаўнім  звычаем, вайсковы паход, які называўся па-народнаму «пагоняй», павінен быў выконвацца не толькі рыцарамі, але кожным мужчынам, якога б ён ні быў паходжання або звання, толькі б ён быў здольным насіць зброю.

У гістарычнай літаратуры распаўсюджана думка, што ўсе  гэтыя правы былі нібыта запазычаны з польскага права. Але такое сцвярджэнне з'яўляецца памылковым, бо права феадалаў рас параджацца маёмасцю, якая належала ім, існавала ўжо ў XI—XIII стагоддзях ва ўсёй Старажытнай Русі (у тым ліку і ў Беларусі) і гарантавалася старажытным правам, аб чым сведчаць шматлікія крыніцы (Руская Праўда, летапісы, граматы, дагаворы і інш.). Пацвярджэнне старажытнасці гэтых правоў змяшчаецца ў Полацкім і Віцебскім прывілеях, у якіх змяшчаліся нормы, што датычацца, як відаць, XI—XIII стагоддзяў, хоць поўны тэкст гэтых прывілеяў быў адрэдагаваны ў канцы XIV стагоддзя.


Другі прывілей, выдадзены 22 лютага 1387 года, адрасаваўся каталіцкаму  духавенству, але закранаў інтарэсы ўсяго народа і фактычна дапаўняў папярэдні прывілей ад 20 лютага. Галоўнае яго прызначэнне заключалася ў прымусовым насаджэнні каталіцкай веры ў Беларусі і надзяленні багатымі дарамі і маёнткамі каталіцкага духавенства і касцёлаў. Па гэтым прывілеі ўсё каталіцкае духавенства, касцёлы, манастыры і феадальна-залежныя ад іх людзі выключаліся з дзяржаўнай юрысдыкцыі. Гэты прывілей абавязваў усіх жыхароў Вялікага княства Літоўскага пераходзіць у каталіцкую веру з усякай іншай веры (секты), а для таго каб новаператвораныя католікі захоўвалі вернасць каталіцкай царкве, забараняліся шлюбы з праваслаўнымі да тае пары, пакуль яны не прымуць каталіцкай веры; у выпадку ўступлення ў шлюб праваслаўнай з католікам шлюб заставаўся ў сіле, але праваслаўны муж або жонка абавязаны былі пераходзіць у каталіцкую веру пад страхам суровых пакаранняў; маёнткі і іншыя даходы, перададзеныя каталіцкаму духавенству, вызваляліся ад усякага роду службаў і павіннасцей у карысць дзяржавы і гасудара [17, с. 45].

Зусім новым было выключэнне з дзяржаўнай юрысдыкцыі ўсіх людзей, залежных ад каталіцкага духавенства. Захоп каталіцкім духавенствам дзяржаўных паўнамоцтваў у адносінах да залежных людзей паслужыў першым крокам да запрыгоньвання сялян, бо яны траплялі пад поўнае панаванне каталіцкіх феадалаў. А сама каталіцкая царква станавілася па-за дзяржаўнай юрысдыкцыяй і паступова захопліваючы ўсё большыя і большыя багацці, набыла велізарную эканамічную сілу і, маючы вялікі штат сваіх агентаў, прапагандыстаў і добраахвотнікаў-фанатыкаў, стала самай уплывовай палітычнай сілай. Але паколькі каталіцкае духавенства ў Вялікім княстве Літоўскім дзейнічала ў інтарэсах рымскай курыі і замежных дзяржаў, то ўся гэтая арганізацыя працавала на шкоду інтарэсам народа і дзяржавы. Таму пры аналізе дзяржаўна-прававых актаў было б недаравальным ігнараваць такі важны дакумент, які паклаў пачатак паслабленню дзяржавы і запрыгоньванню сялян. Замацаванне аналагічных правоў за свецкімі феадаламі ў 1447 годзе было ўжо па сутнасці толькі працягам пачатай работы.

У дзяржаўна-прававым жыцці  Вялікага княства Літоўскага істотнае значэнне меў прывілей, выдадзены князю Скіргайлу (Івану), ад 28 красавіка 1387 года. Гэтым прывілеем пацвярджаліся і замацоўваліся яго правы на кіраванне ўсім Вялікім княствам Літоўскім пасля ўступлення Ягайлы на польскі прастол. Ягайла абяцаў Скіргайлу «крепко блюсти его княженья и державы». Тым самым прывілей юрыдычна замацоўваў надзяленне Скіргайлы велікакняжацкімі паўнамоцтвамі і сведчыў аб захаванні дзяржаўнай адасобленасці Вялікага княства. У гэтым прывілеі Ягайла абяцаў таксама лічыць Скіргайлу вышэй за ўсіх іншых братоў і слухаць яго больш за ўсіх іншых саветнікаў і стаяць за яго «крепко во всем» [17, с. 46].

З мэтай умацавання эканамічнай  базы палітычнай улады Скіргайлы  пацвярджаліся яго непасрэдныя  правы на Полацкае і Трокскае княствы, а таксама перадавалася ў яго  асабістае распараджэнне значная частка дзяржаўных зямель і даходаў.

Дзяржаўна-прававое значэнне гэтага прывілея падкрэслівалася яшчэ тым, што ў самім тэксце ён называецца «праўдай», дзе гаворыцца: «на сем  на всем дал есмь правду крепкую». Тэрмін «Праўда» у сэнсе права ўжываўся ў тых выпадках, калі праву надавалася выключна важнае дзяржаўнае значэнне. Напрыклад, найбольш значныя прававыя помнікі называліся праўдамі — Руская Праўда, Польская Праўда. Назваўшы гра мату 1387 года «Праўдай», тым самым падкрэсліваўся яе агульйадзяржаўны характар, а не толькі як акт прыватна-прававога падаравання. Перадача ўказаных у грамаце зямель і ўладанняў у непасрэднае кіраўніцтва Скіргайлу азначала і ўнясенне змяненняў у адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне дзяржавы, бо ліквідоўвалася дзяленне цэнтра дзяржавы на дзве часткі — Віленскую і Трокскую. Гэта дзяленне было адноўлена пасля 1413 года, калі гэтыя часткі атрымалі назвы ваяводства Віленскага і Трокскага.


Прававая рэгламентацыя  саюзных адносін Вялікага княства  з Польшчай у выглядзе персанальнай уніі і юрыдычнае замацаванне суверэннасці Вялікага княства Літоўскага былі аформлены Востраўскім пагадненнем 1392 года, па якім вялікі князь Скіргайла здымаўся з Вялікага княства і пераводзіўся на княства Кіеўскае, а паўнамоцтвы вялікага князя перадаваліся князю брэсцкаму і гродзенскаму Вітаўту (Юрыю, Аляксандру). Далейшае прававое замацаванне саюзных адносін з Польшчай было ажыццёўлена актамі Віленска-Радомскай уніі 1401 года і Гарадзельскай 1413 года [17, с. 46].

Такім чынам, падводзячы вынік сказаннаму ў першай главе курсавой работы, трэба адзначыць:

1. Прывілей, выдадзены 28 красавіка 1387 г., быў накіраваны на ўмацаванне ўлады Скіргайлы ў дзяржаве. Галоўнае ж прававое значэнне гэтага дакумента — у пацверджанні дзяржаўнай адасобленасці Вялікага княства Літоўскага ад Польшчы.

Ягайла прызнаў і  замацаваў правы Скіргайлы на вялікакняжацкі трон і абяцаў «крепко  блюсти его княженья и державы». Разам з тым, уступіўшы на польскі пасад, Ягайла не склаў з сябе паўнамоцтваў гаспадара Вялікага княства. Ён стаў найвышэйшым князем Вялікага княства Літоўскага і адначасова з'яўляўся галавой дзвюх дзяржаў. Тым самым у гэты перыяд была ўсталявана персанальная унія паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай.

2. Ягайла 20 лютага 1387 г. выдаў грамату, у адпаведнасці з якой літоўскім феадалам дараваліся вялікія маёмасныя прывілеі і асабістыя правы пры ўмове прыняцця каталіцтва. На праваслаўных гэтыя прывілеі не распаўсюджваліся.

3. Другой граматай (ад 22 лютага 1387 г.) была абумоўлена магчымасць заключэння шлюбаў паміж католікамі і праваслаўнымі толькі ў выпадку пераходу алошніх у каталіцтва. Уладанні каталіцкай царквы вызваляліся гэтай граматай ад усіх падаткаў і павіннасцей. Усё гэта спрыяла ўмацаванню становішча літоўскіх феадалаўкатолікаў у палітычным жыцці дзяржавы.

 

ГЛАВА 2 ПРЫВІЛЕІ ВКЛ У ПЕРЫД 1413-1447 ГГ.

 

2.1. Характарыстыка Гарадзельскага прывілея 1413 г.

 

У выніку сумесных нарад  феадалаў Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў 1413 годзе былі выдадзены  тры прывілеі: 1) польскіх феадалаў аб тым, што яны згодны падзяліцца з феадаламі-католікамі Вялікага княства гонарам мець гербы; 2) феадалаў Вялікага княства (усяго 47 чалавек), якія прымалі гербы польскіх феадалаў і тым самым уступалі ў гербавае пабрацімства з імі і за гэта абяцалі ад імя шляхты, баяр, паноў і ўсіх жыхароў Вялікага княства (хоць іх ніхто не ўпаўнаважыў на гэта) ніколі не пакідаць польскіх паноў, прэлатаў і шляхты ва ўсіх іх справах. Далей яны абяцалі захоўваць вернасць Ягайлу, Вітаўту і іх нашчадкам; у выпадку смерці Вітаўта абяцалі не выбіраць сабе князя без згоды Ягайлы і польскіх феадалаў, а ў выпадку смерці Ягайлы польскія феадалы таксама не павінны былі выбіраць сабе караля без ведама і парады Вітаўта і насуперак волі феадалаў Вялікага княства; 3) трэці прывілей быў выдадзены ад імя Ягайлы і Вітаўта і меў сабе на мэце ўмацаванне і пашырэнне каталіцызму. У ім рабілася яўна лжывае сцвярджэнне, што нібыта пасля распаўсюджання каталіцкай веры дзяржавы і землі, злучаныя ў саставе Вялікага княства Літоўскага, былі «прысвоены, уключаны, злучаны, перададзэны» польскаму каралеўству са згоды князёў, паноў, шляхты, службовых асоб і баяр Вялікага княства [21, с. 147].

Далей прывілей абвяшчаў ад імя Ягайлы і Вітаўта, што землі, якія заўсёды да гэтага часу яны  мелі і маюць у поўным валоданні  на аснове права атрымання ў спадчыну як законныя гасудары, са згоды і волі паноў, шляхты, баяр, паўторна інкарпаруюць, далучаюць, укараняюць у Каралеўства Польскае, прысвойваюць яму, злучаюць і аб'ядноўваюць з ім, звязваюць саюзам і назаўсёды замацоўваюць. Ілжывым было і сцвярджэнне аб тым, што яны з'яўляліся ўладальнікамі зямель на падставе атрымання ў спадчыну, бо ў Беларусі і Літве са старажытнейшых часоў панавала ідэя, што ўлада князя ідзе ад выбрання або яго дагавору з насельніцтвам дадзенай зямлі. Адлюстраванне гэтай ідэі знайшло сваё выражэнне нават у артыкуле 11 гэтага ж прывілея, дзе гаварылася, што паны і шляхта пасля смерці Аляксандра, г. зн. Вітаўта, будуць выбіраць вялікага князя.

Прадугледжвалася таксама, што ў выпадку смерці польскага  караля выбранне новага павінна адбывацца са згоды і ведама Вітаўта, паноў і шляхты Вялікага княства. Такім чынам, з тэксту гэтага артыкула выразна відаць, што ўлада гасудара грунтавалася на выбранні і яго паўнамоцтвы разглядаліся не як уласніка ўсёй зямлі, усёй дзяржавы, а толькі як вышэйшай службовай асобы ў дзяржаве. Аднак гэта ідэя супярэчыла тэалагічным дагматам, згодна з якімі ўлада вялікага князя паходзіць ад бога. У той час як духавенства і самі вялікія князі адстойвалі боскасць паходжання ўлады, феадалы абаранялі ідэю выбарнасці князя і абмежаванасці яго ўлады. Гэтая тэарэтычная барацьба атрымала адлюстраванне і ў прывілеі 1413 года. У выніку на практыцы бакі прыйшлі да кампраміснага рашэння — вялікія князі выбіраліся, як правіла, толькі з аднаго ро ду, чым  забяспечваўся і спадчынны   характар улады.


Прывілеем упершыню прадугледжвалася магчымасць склікання сумесных сеймаў дзвюх дзяржаў [21, с. 148].

3 мэтай узвышэння феадалаў-католікаў  над астатнімі феадаламі і  стварэння ім арэолу знатнасці  ўстанаўліваўся парадак надзялення гербамі, атрыманымі ад польскіх феадалаў, што, на думку аўтараў прывілея, павінна было садзейнічаць збліжэнню і зліццю ў адно саслоўе феадалаў Польшчы і Вялікага княства. На самай жа справе гэта павінна было прывесці да варожасці і барацьбы ўнутры Вялікага княства. Усе некатолікі, у асноўкым праваслаўныя, што складалі пераважную болынасць насельніцтва, не павінны былі дапускацца на дзяржаўныя пасады і не маглі быць членамі дзяржаўнай Рады. Такім чынам, скрытай мэтаю Гарадзельскага прывілея было распальванне рэлігійнай варожасці ў дзяржаве, правядзенне ганенняў на ўсіх некатолікаў і тым самым падрыў адзінства народа. Правакацыйны характар гэтага прывілея быў відавочны з першых гадоў яго прыняцця, на што адкрыта ўказвалася пры адмене некаторых норм гэтага прывілея, у выдадзеных прывілеях 1432 і 1434 гадоў.

Спрабуючы адказаць на пытанне, чаму феадалы Вялікага княства згадзіліся з актам 1413 года, у першую чаргу  трэба ўдакладніць, што згоду  давалі не ўсе «паны, шляхта і баяры», як аб гэтым гаворыцца ў прывілеі, а толькі 47 чалавек, якіх, вядома, шляхта і баяры, асабліва праваслаўныя, не ўпаўнаважвалі на вырашэнне гэтых пытанняў. Па-другое, і з гэтых 47 чалавек, як відаць, не ўсе былі згодныя і нават, магчыма, не ўсе ведалі поўны тэкст прывілея, напісанага па латыні. У пацвярджэнне гэтага можна спаслацца на заявы прадстаўнікоў Вялікага княства на польскім сейме ў Любліне ў 1448 годзе, дзе яны заявілі, што вельмі зняважаны граматамі, у якіх змяшчаліся словы аб зліцці і ўключэнні Вялікага княства ў састаў Польшчы. На перагаворах у 1451 годзе ў Парчове прадстаўнікі Вялікага княства зноў патрабавалі выключыць з ранейшых дагавораў аб уніі ўсе зневажальныя і абразлівыя для Вялікага княства Літоўскага выразы, такія, як «далучэнне», «уключэнне» і «інкарпарацыя» Вялікага княства ў састаў Польшчы на той падставе, што іх папярэднікі пацвярджалі гэтыя дагаворы, «не ведаючы аб іх змесце, па адным толькі загадзе вялікага князя». Па-трэцяе, па сваім дзяржаўна-прававым характары прывілей 1413 года не ўносіў карэнных змяненняў і замацоўваў саюзныя адносіны дзвюх адасобленых дзяржаў [27, с. 174].

Гэтыя адносіны мелі ўжо багатую  практыку і былі прымальныя для народаў  абедзвюх дзяржаў. Каталіцкая ж дыскрымінацыя  праваслаўных не выклікала пратэсту ў феадалаў-католікаў, а ў праваслаўных ніхто не пытаўся іх згоды. Магчыма таксама, што Ягайла і Вітаўт згадзіліся з такім ярка выражаным пракаталіцкім тэкстам прывілея з тым, каб крыху задобрыць і супакоіць рымскую курыю пасля нанесенага ёй цяжкага ўдару, выкліканага паражэннем ордэна пад Грунвальдам, баючыся крыжовага паходу злучаных сіл заходнееўрапейскіх дзяржаў сумесна з крыжаносцамі.

Такія апасенні былі зусім абгрунтаванымі. Сам жа Вітаўт згадзіўся з гэтым  прывілеем, імкнучыся набыць прыхільнікаў сярод польскіх епіскапаў і буйных феадалаў у надзеі, што пасля смерці Ягайлы ён можа стаць яго пераемнікам на каралеўскім прастоле ў Польшчы. Пра такія планы Вітаўта піша аўтар «Хронікі Быхаўца», паведамляючы, што пасля перамогі пад Грунвальдам адбылося пагадненне, у сілу якога польскія і літоўскія паны згадзіліся ў выпадку смерці Ягайлы выбраць каралём Вітаўта. Ускосныя доказы гэтага змяшчаюцца і ў самім Гарадзельскім акце 1413 года.

Такім чынам, аналіз тэксту прывілея і прычын, што прымусілі да яго  абвяшчэння, прыводзіць нас да пераканання, што ўся справа зводзілася да існуючага ўжо саюзу дзвюх дзяржаў. Разам з тым ён пашыраў правы каталіцкай царквы і духавенства, а таксама служыў праграмай і заданнем на абмежаванне правоў і дыскрымінацыю ўсіх некатолікаў [27, с. 177].

 

2.2. Сутнасць прывілеяў 1432 г. і 1434 г.

 

Сярод крыніц дзяржаўнага права, якія паслужылі падставай юрыдычнага афармлення правоў саслоўя шляхты, першаступеннае значэнне займалі прывілеі 1432 і 1434 гадоў. Па гэтых прывілеях праваслаўныя феадалы ўраўноўваліся ў правах з католікамі. У прывілеі, выдадзеным у Гародні 15 кастрычніка 1432 года, гаварылася, што ў той час, калі жыхары Вялікага княства Літоўскага былі надзелены прывілеямі і свабодамі, князі, баяры і шляхта праваслаўнай веры, падданыя Вялікага княства, павінны былі быць выключаны з права карыстання падараванымі свабодамі. Зроблена гэта таму, каб у будучым па ўказанай прычыне паміж жыхарамі гэтых зямель не ўзнікалі разлады і варожасць, якія падрывалі б іх сілы, а каб роўнымі карысталіся яны льготамі і правамі і захоўвалі адзінства зброі і тоеснасць жаданняў, больш энергічна і настойліва стараліся аб захаванні ў цэласнасці гэтых зямель і аб падтрыманні іх велічы і сумесна дзейнічалі, а таксама былі пабуджальнымі болыы старанна і верна выконваць загады і распараджэнні Ягайлы і Сігізмунда, вялікага князя літоўскага і рускага. Князі, шляхта і баяры праваслаўнай веры надзяляліся тымі ж падарункамі, свабодамі, прывілеямі і выгадамі, якімі валодаюць і карыстаюцца князі, шляхта і баяры-католікі. Гэтак жа ім прадастаўлялася права насіць гербы і карыстацца імі і іншымі знакамі рыцарскай годнасці.


3 тэксту гэтага прывілея відаць, што ён фактычна пазбаўляў  законнай сілы дыскрымінацыйныя  нормы Гарадзельскага прывілея  і сведчыў аб тым, што феадалы-католікі і каталіцкае духавенства ў інтарэсах класавай салідарнасці гатовы былі крыху аслабіць палітыку прымусовага насаджэння каталіцызму [7, с. 103].

Такім чынам, Гарадзенскі прывілей 1432 года стварыў прававыя перадумовы для згуртавання і выдзялення ўсяго класа феадалаў у прывілеяванае саслоўе шляхты, аб'яднаўшы яго на класавай аснове незалежна ад веравызнання. Ён ліквідаваў прававыя бар'еры, якія перашкаджалі правядзенню сумесных нарад феадалаў пры вырашэнні дзяржаўных спраў, што стварыла перадумовы для развіцця вышэйшых дзяржаўных органаў: сейма і рады. Таму Гарадзенскі прывілей 1432 года і прывілей 1434 года, які дапоўніў яго, з поў най падставай можна лічыць найважнейшымі прававымі актамі ў справе аб'яднання і кансалідацыі саслоўя шляхты, а прывілеі 1387 і 1413 гадоў толькі падрыхтоўчымі актамі. Негрунтоўнасць дыскрымінацыйных норм Гарадзельскага прывілея 1413 года адзначаў М. Н. Пакроўскі. Ён пісаў: «Можна лічыць даказаным, што тэндэнцыі каталіцызму не знайшлі сабе ўвасаблення ў літоўска-рускай рэчаіснасці. Славуты Гарадзельскі прывілей 1413 года, які недапушчаў васалаў некаталіцкага вызнання да вышэйшых пасад у вялікім княстве, у гэтым сваім пункце застаўся мёртвай літарай, а ў 1432 годзе ўсе перавагі, дадзеныя гэтым прывілеем баярам-католікам, былі фармальна распаўсюджаны і на баяр-праваслаўных. Пазнейшыя дакументы, якія змяшчалі абмежаванне гэтага роду, як відаць, проста былі створаны езуітамі ў канцы XVI стагоддзя» [34, с. 37].

Прынцыпы саслоўнага, агульнашляхецкага  права, выкладзенага ў Гарадзенскім прывілеі 1432 года, атрымалі далейшае развіццё і замацаванне ў прывілеі ад 6 мая 1434 года. Гэтым прывілеем пацвярджалася роўнасць правоў феадалаў-праваслаўных з католікамі; узаконьвалася і гарантавалася права валодання маёнткамі і перадача іх па наследству або па іншых законных падставах; сяляне і падданыя, залежныя ад феадалаў, вызваляліся ад некаторых агульнадзяржаўных павіннасцей; пацвярджалася права праваслаўных феадалаў карыстацца гербамі і іншымі знакамі шляхецтва; абвяшчалася захаванне ў сіле на вечныя часы ўсіх раней выдадзеных прывілеяў і грамат. Галоўнае новаўвядзенне гэтага прывілея заключалася ў абяцанні вялікага князя па даносу або па тайнаму абвінавачванню з боку каго-небудзь альбо па неабгрунтаванай падазронасці не караць названых князёў і баяр, перш чым яны не будуць выкрыты ў публічным судзе ў адпаведнасці з законамі. Гэтым артыкулам была замацавана адна з найбольш важных гарантый — асабістая свабода і недатыкальнасць шляхціца. У наступных прывілеях і статутах гэта важнейшая канстытуцыйная норма неаднаразова пацвярджалася і атрымала далейшае развіццё [34, с. 38].

 

2.3. Асноўныя палажэнні прывілейя Казіміра 1447 года

 

Важным этапам у развіцці заканадаўства  на огул і дзяржаўнага права ў прыватнасці паслужыў прывілей Казіміра 1447 года. У ім больш поўна і грунтоўна былі выкладзены правы класа феадалаў і саслоўя шляхты, некаторыя прынцыпы крымінальнага, грамадзянскага і дзяржаўнага права. Так, у артыкуле 3 звяртае на сябе ўвагу пашырэнне кола асоб, якім гарантуецца іх недатыкальнасць. Тут больш поўна пералічаны групы класа феадалаў і саслоўя шляхты, а таксама ўключаны гарадскія жыхары, «месцічы». Яны ўказаны і ў прэамбуле прывілея. Усё гэта дазваляе зрабіць вывад, што прывілей 1447 года быў не толькі саслоўным актам, а меў юрыдычнае значэнне і для простых людзей, асабліва гараджан. У гэтым нас яшчэ больш пераконвае змест артыкулаў 2, 4, 7, 8, 9, 14. Так, у артыкуле 2 гасудар абавязуецца захоўваць усе раней выдадзеныя прывілеі, берагчы і ахоўваць цэрквы, у выпадку царкоўных вакансій прызначаць служыцелямі толькі ўраджэнцаў Вялікага княства Літоўскага. У артыкуле 4 выкладаўся адзін з найбольш важных прынцыпаў крымінальнага права аб прымяненні пакарання толькі да вінаватай асобы і ў адпаведнасці з правам. Гэтая норма затым была ўключана і ў статуты. Дзеянне артыкула 4 прывілея 1447 года распаўсюджвалася як на шляхту, так і на простых людзей без усякага выключэння.


Гэты артыкул цікавы яшчэ і тым, што ў ім упершыню сустракаецца абагульненае паняцце злачынства, якое называецца «проступкой». Акрамя таго, у ім змяшчаецца і паняцце саўдзельніка злачынства — «причастник».

Аляксандраў прывілей 1492 г