Асаблівасці фантастычных і прыгодніцкіх твораў А. Федарэнкі
Змест
Уводзіны......................
Глава 1. Філасофская
і псіхалагічная проза Андрэя Федарэнкі.....................
1.1 Раман “Рэвізія”.....................
1.2 Аповесць “Вёска” ..............................
1.3 Апавяданні Андрэя Федарэнкі.....................
Глава 2. Асаблівасці фантастычных і прыгодніцкіх твораў А. Федарэнкі… 27
2.1 Аповесць “Шчарбаты талер”........................
2.2 Аповесць “Афганская шкатулка”.
Глава 3. Мастацкая
індывідуальнасць Андрэя Федарэнкі.....................
Заключэнне....................
Спіс выкарыстаных
крыніц........................
Уводзіны
Актуальнасць. Сучасная беларуская літаратура перажывае перыяд істотнага абнаўлення. Шырокім фронтам выступаюць у ёй ужо не толькі пісьменнікі-мадэрністы, але і постмадэрністы, якія, здаецца, усё падвяргаюць крытычнаму сумневу і высмейванню. На фоне іх “суперсучасных” тэкстаў творы прадстаўнікоў псіхалагічнай плыні могуць камусьці падацца занадта традыцыйнымі. Але менавіта ў іх жывуць сапраўдны боль, спачуванне і любоў да чалавека, што спакон вякоў несла мастацтва слова. У беларускай літаратуры канца XX ст. да псіхалагічнай плыні ў прозе належаць творы Алеся Асташонка, Галіны Багданавай, Алеся Наварыча, Адама Глобуса, Андрэя Федарэнкі і іншых.
“Андрэй Федарэнка з’яўляецца, відаць, самым беларускім празаікам маладзейшага пакалення, – з захапленнем піша С. Андраюк. – У беларускую прозу прыйшла арыгінальная творчая асоба – са сваім бачаннем свету і чалавека ў ім, са сваім моцным вясковым характарам” [13, с. 35].
Расійскі крытык Л. Турбіна ў часопісе “Литературная учёба” (Масква), прадстаўляючы чытачам апавяданне “Мыла”, называе А. Федарэнку “адным з самых значных сучасных беларускіх пісьменнікаў” [21, с. 52].
Проза Андрэя Федарэнкі разнажанравая, тэматычна і праблемна шматстайная, яна адначасова традыцыйная і наватарская. Пісьменніка цікавіць сучаснасць і мінуўшчына, горад і вёска, жыццё студэнта і жыццё салдата. Многія яго творы выводзяць на сур’ёзны роздум пра чалавека, пра складанасць і неадназначнасць яго ўнутранага “я”, пра пошукі ім, хісткім, недасканалым, слабым, шляхоў да Святла, Праўды і Справядлівасці.
У прозе Андрэя Федарэнкі дастаткова поўна адбіваюцца асноўныя накірункі творчага працэсу ў сучаснай прозе, яе шматфарбнасць і паліфанічнасць стыляў, заўважаецца цяга да праблем сацыяльнага і духоўнага плана, адчуваецца выразная скіраванасць да ўнутранага свету героя, імкненне перадаць адценні яго думак і перажыванняў, самыя глыбокія і тонкія рухі душы.
Андрэй Федарэнка – адзін з нямногіх беларускіх аўтараў, якія і сёння, калі літаратурная мода дыктуе лёгкае эсэістычнае насмешліва-іранічнае пісьмо, спрабуюць зразумець глыбіні чалавечай псіхікі. Хоць, як і кожны пісьменнік эпохі постмадэрну, ён “асуджаны” на выяўленне катастрафізму, які стаў галоўнай прыкметай сучаснага мыслення, яго творы бліжэй да рэалізму, які засноўваецца на “нязрушнай іерархіі” матэрыялістычнага дэтэрмінізму традыцыйнай для Новага часу маралі. Больш таго, Андрэй Федарэнка – аўтар, добра абазначаны ў найноўшых філасофскіх плынях і мастацкіх павевах (пра што сведчаць некаторыя яго публіцыстычныя выказванні), як і многія яго калегі-сучаснікі, прынцыпова паўстае супраць постмадэрнісцкай канцэпцыі аўтара як старонняга, незацікаўленага фіксатара хаосу.
Творчасць Андрэя Федарэнкі не абыдзена ўвагай крытыкаў. Напісанае пра яго творы, бадай, ці не пераўзыходзіць тэкставую прастору іх саміх, аднак феномен Федарэнкі да канца не разгаданы.
Мэта работы: прааналізаваць праблематыку і паэтыку твораў Андрэя Федарэнкі.
Зыходзячы з пастаўленай мэты вырашаюцца наступныя задачы:
1) разгледзець праблематыку філасофскай і псіхалагічнай прозы Андрэя Федарэнкі (раман “Рэвізія”, аповесць “Вёска”, апавяданні);
2) даследаваць своеасаблівасць прыгодніцкіх твораў Андрэя Федарэнкі для дзяцей (“Шчарбаты талер”, “Афганская шкатулка”);
3) вызначыць асаблівасці паэтыкі Андрэя Федарэнкі: адметнасці творчага метаду, галоўныя катэгорыі мастацкага свету.
Аб’ект даследавання: проза Андрэя Федарэнкі.
Прадмет даследавання: праблематыка і паэтыка твораў Андрэя Федарэнкі.
Метады даследавання: аналітычны, сістэмны, моўны аналіз.
Крыніцы. Трэба сказаць, што творчасць пісьменніка даследавана яшчэ не ў поўным аб’ёме. Такім чынам, літаратуразнаўчыя крыніцы, акрамя дысертацыйнага даследавання Н.В. Кузьміч, прадастаўлены нешматлікімі крытычнымі артыкуламі, у якіх даследуецца проза А. Федарэнкі. Увагу творчасці пісьменніка ўдзялялі такія вядомыя літаратуразнаўцы, як А. Бельскі, І. Ф. Штэйнер, Л. Галубовіч, Т. Грамадчанка, І. Запрудскі, І.М. Шаладонаў. Л. Алейнік даследуе раман “Рэвізія”. Філасофію існавання ў апавяданнях Андрэя Федарэнкі аналізуе Г.М. Кісліцына. М. Аммон разглядае праблему фантастычнага ў творах А. Федарэнкі. Некалькі прац, распрацовак урокаў В.У. Верціхоўскай і М.І. Верціхоўскай прысвечана дзіцячым творам Андрэя Федарэнкі “Шчарбаты талер” і “Афганская шкатулка”, а таксама аповесці “Вёска”. А. Дубасава разглядае творчы метад Андрэя Федарэнкі, які яна вызначае як “казачны рэалізм”.
Глава 1. Філасофская і псіхалагічная проза Андрэя Федарэнкі
1.1 Раман “Рэвізія”
Выбітны крытык і тонкі знавец літаратуры Л. Галубовіч (доўгі час ён загадваў аддзелам крытыкі і публіцыстыкі “ЛіМа”, вёў рубрыку “Кулуары”) згадвае: “Калі я распавёў Андрэя Федарэнку сваё ўражанне і ўласнае разуменне яго рамана “Рэвізія”, то напершапачатку ён знервавана запярэчыў мне, заявіўшы, што я ўвогуле нічога не ўцяміў з таго, што ён хацеў сказаць у сваім творы...” [11, с. 34].
Надзвычай складанымі ўспрымаюцца сэнсавыя і структурныя слаі і глыбіні рамана “Рэвізія”, над якім аўтар працаваў шмат гадоў (у канцы твора стаяць даты 1987, 1999, 2003). Гэта творчая адметнасць пісьменніка, які, па ўласнаму прызнанню, апавяданні і нават гумарэскі выконвае месяцамі: выключэнне – апавяданне “Пеля”, якое напісаў за дзве гадзіны. Складаная канструкцыя рамана абумоўлена як значнасцю праблем, якія вырашаюцца ў творы, так і наватарскім разуменнем ролі літаратуры як асноўнага віду мастацтва ў чалавечным грамадстве. Надзвычай смелыя выказванні, якія парушаюць звыклае ўспрыняцце мастацкага слова, укладзены ў вусны арыгінальнага паэта Ведрыча, прататыпам якому стаўся, несумненна, яшчэ адзін наш зямляк Анатоль Сыс. Спалучэнне розных часавых пластоў, сэнсавых глыбінь дазваляе пісьменніку пагаварыць аб жыцці і смерці, народзе і ягоных лідэрах, ролі асобы ў грамадстве, функцыі літаратуры ў эпоху глабалізму. [4 , с. 118 ].
Герой рамана “Рэвізія” (2004) піша (ці думае напісаць) твор, у якім наш сучаснік перамяшчаецца ў часе і жыве нейчым чужым жыццём, ведаючы, што пільная ўсёмагутная “чразвычайка” знойдзе прычыну яго арыштаваць і знішчыць. Узноўленая ўмоўная сітуацыя дала магчымасць аўтару рамана заглыбіцца ў своеасаблівы свет рэфлексій, адчуванняў, перажыванняў чалавека з раздвоенай ці, лепш сказаць, з падвойнай свядомасцю.
У рамане прысутнічае даволі распаўсюджаны для сучаснай прозы матыў вандравання ў часе. Да адпаведнага прыёму звярталіся таксама В. Адамчык (“Падарожжа на Буцафале”), А. Асіпенка (“Святыя грэшнікі”), Л. Рублеўская (“Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію”, “Сутарэнні Ромула”). Аднак выкарыстанне Андрэем Федарэнкам характэрнага для белетрыстыкі фантастычнага дапушчэння толькі намінальнае: галоўнае месца ў творы займае не авантурна-прыгодніцкі, а філасофска-інтэлектуальны складнік.
У цэнтры мастацкага аналізу дзейнасць літаратурнага аб’яднання “Тутэйшыя”, а таксама заканамернасці развіцця айчыннай літаратуры ў цэлым. Для найбольш аб’ектыўнага асэнсавання акрэсленых пытанняў празаік, па словах Л. Алейнік, паўстае “ў трыадзінай іпастасі “аўтар – герой – рэвізор” [3, с. 139]. Увядзенне ж у тэкст экстрэмальных, неверагодных падзей (перамяшчэнне галоўнага героя ў 20-я гг. і ў апошнія дзесяцігоддзі XX ст.), фантастычных, сімвалічных або ўмоўных персанажаў (Трухан – Трухановіч, Анатоль Ведрыч і інш.) спрыяе ўзмацненню мастацкай вобразнасці, іншаказальнасці, парабалічнасці сюжэта. Пры гэтым адмысловая фантастычная падвоенасць быцця (героі-двайнікі, паралельнае разгортванне дзеяння ў некалькіх часавых адрэзках і інш.) дапамагае пісьменніку рэпрэзентаваць фундаментальныя моманты беларускай гісторыі не лінейна, а сінхронна, тым самым дэманструючы яе спіральную цыклічнасць. I, як слушна заўважае Л. Галубовіч, “адзінае, што непарыўна звязвае гэтыя часткі на сіметрычным згібе – зямная пространь Айчыны” [12, с. 16].
У адной з эсэістычных мініяцюр Андрэй Федарэнка напісаў, што “...на першым месцы ў пісьменніка заўсёды павінна быць элементарная павага да чытача. Каб чытач верыў яму, як самому сабе. Бо, падмануўшыся раз, ён кнігу такога аўтара больш і ў рукі не возьме...” [Цыт. па: 3, с. 130]. Думаецца, гэтая пазіцыя пісьменніка цалкам рэалізавана ў рамане “Рэвізія”, дзе чытач, вандруючы з героем твора ў часе, у шматмернай мастацкай прасторы, паступова перапаўняецца ўражаннямі і своеасаблівым даверам. Гэты давер вымушае абстрагавацца ад рэальнаспі, стварае адчуванне верагоднасці містычнага, далучае да светаасэнсавання і філасофіі героя, да суіснавання з ім, а галоўнае, прыцягвае ўвагу да той жа праблемы, якую вырашае сам пісьменнік. Азнаямленне з сюжэтам твора стварае ўражанне “прысутнасці” ў творчай лабараторыі, дзе аўтар, нібыта на вачах, разрозненую масу фактаў, падзей, эпізодаў зводзіць у адзінае цэлае, у мастацкі твор, “кожным новым рухам надаючы яму ўсё больш дасканалы выгляд, форму...” [3, с. 130]. Чарговы штрых – і выяўляецца галоўнае: задума, ідэя, ажывае той змест і тая сутнасць, што ў першапачатковым матэрыяле не мог разгледзець ніхто, бачыў і адчуваў толькі сам майстар.
Шлях галоўнага героя ў рамане “Рэвізія” – ланцужок эпізодаў, дзе кожны новы факт – штрых да выяўлення духоўнай сутнасці персанажа. Герой выступае ў творы ў дзвюх іпастасях і аддаць перавагу адной з іх не ўяўляецца магчымым. Сучаснасць, якую сузірае і асэнсоўвае, па драбніцы аналізуе Трухан, шукаючы гармонію паміж сабой і светам, – успрымаецца як роздум не столькі пра “абстрактныя” агульначалавечыя праблемы накшталт “праклятых пытанняў”, а хутчэй, як погляд на адну канкрэтную сферу чалавечага жыцця і дзейнасці – літаратуру, літаратурную творчасць. Таму мінуўшчына, у якую пераносішся разам з alter ego героя, увасобленага ў містычным Трухановічы, – не меней рэальная і верагодная, падпарадкаваная ў вялікай ступені ідэі аналітычнага даследавання шляхоў “тварэння” літаратуры, выяўлення погляду на літаратуру самога аўтара твора.
Знаёмства з Алесем Труханам адбываецца ў “доме пісьменнікаў”, куды ён патрапіў, на першы позірк, выпадкова. (Думаецца, тут закладзена аўтарскае перакананне: калі ты сапраўды пісьменнік, то так ці інакш, а твой шлях (як ні круці) усё роўна – да літаратуры). Персанаж “прэзентуецца” аўтарам адначасова праз раскрыццё ўласных уражанняў і адчуванняў героя і праз ацэнкі яго іншымі героямі. Тут, дарэчы, назіраецца своеасаблівая поліфункцыянальнасць “характарыстычных” каментарыяў: выяўляючы стаўленне да Трухана, героі адкрываюць чытачу і сваю сутнасць або даюць удзячную нагоду аўтару адрэкамендаваць іх як найлепш.
Так, Нэлі, паплечніца Трухана па вучобе, адзываецца пра яго больш чым лаканічна: “Ды так, <...> з маёй групы адзін...” [28, с. 21]. Вось тут аўтар і “бярэ слова”: ён адначасова вытлумачвае адносіны Нэлі да Трухана, характарызуе саму дзяўчыну і дае сціслую “біяграфічную даведку” героя: “Ён [Трухан] ніколі не цікавіў яе, бо не мог быць ёй ні патэнцыяльным мужам, ні палюбоўнікам “на час” (як Церашкоў), а іншых крытэрыяў ацэнкі мужчын яна проста не ведала. У гэтым плане Трухан быў для яе практычна бясполым. Ведала, што ён сірата, што прынялі яго ва універсітэт ледзь не без экзаменаў – па нейкім “мэтавым накіраванні” ад нейкага калгаса ці саўгаса, куды пасля вучобы ён і вернецца. <...> У арміі не служыў. Нездаровы, маўклівы, вось іменна, як Ведрыч заўважыў, барсукаваты, вечна чымсьці прыгнечаны, у сябе ўнураны...” [28, с. 21].
Нечаканы каментарый у адрас Алеся Трухана прагучаў ад грубаватага, нават экзальтаванага (і вельмі пазнавальнага) паэта Ведрыча: “Вось гэта, можа, адзіная сапраўдная беларуская жывая душа сярод нас. Калі не іграе, вядома. Ні злосці, як у вас, ні зайздрасці, сарамлівы, тактоўны... Усё ў яго цудоўна, усё магутна...” [28, с. 23]. “Так, уніфікуючы ў адзінае кола заўвагі другарадных герояў, унутраныя перажыванні самога Трухана, дадаўшы інтрыгі эпізодам пра хваравітую мрою героя з напаўрэальным відовішчам ці то ўяўнага, ці то сапраўднага мінулага, пісьменнік бярэ чытача ў палон сваёй мастацкай праўды. I паступова разгортваецца менавіта той мастацкі свет, што быў ахарактарызаваны Хэмінгуэем як “штосьці сапраўды праўдзівае, а іншы раз і больш праўдзівае, чым сама праўда” [3, с. 131].
Мастак і мастацтва, прызначэнне пісьменніка і яго творчасці, роля самой літаратуры ў жыцці грамадства і жыцці асобнага чалавека – гэткай бачыцца дамінуючая тэма рамана. Гэтая тэма аб’ядноўвае цэлы шэраг праблем, якія маюць да яе непасрэднае дачыненне і арыгінальна вырашаюцца ў кантэксце твора. Кола пытанняў, на якія шукае адказы і сам аўтар, і яго героі, даволі шырокае, але пяць асноўных можна акрэсліць падрабязна.
Першае – як пісаць? Сюжэт твора спакваля даводзіць, што малады, вельмі няўпэўнены ў сабе пісьменнік Алесь Трухан піша, як, бывае, кажуць, “для сябе”, занатоўвае ўласныя думкі, пачуцці, уражанні, “дзеліцца з папераю” сваімі дзіўнымі ўспамінамі-згадкамі пра жыццё, якое аднойчы яму нібыта давялося спазнаць. На самай справе ён піша пра тое, чым жыве і дыхае, што з’яўляецца для яго натуральным быццём, своеасаблівай, нябачнай іншым, рэальнасцю.
Алесь Трухан не адчувае сябе пісьменнікам, яго “запісы”, сабраныя ў “шэрай кардоннай папцы”, – ёсць не менш і не больш, чым сама ягоная існасць. I хоць сціпласць, спецыфічная няёмкасць маладога аўтара, “занатоўкі” якога ўпершыню вынесены на “публічнае” абмеркаванне, вельмі дакладна перададзена Андрэем Федарэнкам у эпізодзе гутаркі Трухана з Ведрычам, найперш тут адчуваецца шчырасць героя. Ён характарызуе сваю творчасць вельмі няпэўна, бо яна для яго – рэальнае жыццё: “Я сам не ведаю, што пішу. Ці гэта фантазіі, ці гэта сны, ці рэалізм... Абы-што карацей” [28, с. 38]. Такім чынам, навідавоку перакананне аўтара рамана, што мастацтва – гэта не змушанае, а натуральнае і, для сапраўды прыроджанага пісьменніка непазбежнае, духоўна-творчае асэнсаванне рэчаіснасці. “Так, Трухановіч не зусім тоесны аб’екту ўзнаўлення, але ў яго вобразе непарыўна спалучаны аб’ектыўны і суб’ектыўны пачаткі, якія дапаўняюць, удакладняюць, а часам і абсалютна дакладна вызначаюць духоўныя прыярытэты Трухана, сучаснага пісьменніка, акрэсліваюць яго “рахункі” з літаратурнай творчасцю, урэшце, з самім сабою” [3, с. 131].
Другое – ці ёсць у героя паплечнікі-аднадумцы, тыя, хто, як і ён, па-максімалісцку атаясамліваюць творчасць і само жыццё? Так, бачыцца, што Алесь Трухан не адзінокі ў пошуку “высокага сэнсу” літаратурнай творчасці. Яго дыялогі-дыскусіі з Ведрычам, дзе кожны нібьгга адстойвае свой уласны пункт гледжання, адрозныя ад пазіцыі апанента, выяўляюць, што на самай справе абодва – менавіта аднадумцы. Толькі адзін – філосаф, інтравертыўна заглыблены ва ўласнае светаасэнсаванне, у пошук кампрамісу паміж былым і будучым, паміж умоўным і рэальным, а другі – бунтар, у пэўнай ступені нават рэвалюцыянер, свабодны і рызыкоўны, а адпаведна і больш безабаронны, падвергнуты “ўплывам” эпохі. Трухан, нягледзячы на ўсю сваю хваравітасць, вонкавую слабасць, даволі рацыянальна і аб’ектыўна ацэньвае ўласныя духоўныя сілы. Пазней, супастаўляючы сваю асобу з асобамі некаторых сваіх знаёмцаў, ён адзначыць: “Ды і куды Ігару выпрабаванні! Зломіцца ад драбязы, на якую прывыклы, трэніраваны, закалёны Трухан увагі не звярнуў бы, сап’ецца, звар’яцее, самагубствам, чаго добрага, скончыць...” [28, с. 58]. Ведрыч жа, па справядлівым вызначэнні Трухана, “сваяк ці прамы нашчадак усім гэтым Пёцефі, Каліноўскім, д’Арк, Касцюшкам <...>, з тых шалапутных, непаседлівых, вечна няўрымслівых галоў, якія ёсць у кожным народзе, якія, калі ўгадаюць нарадзіцца ў патрэбны час, гэта значыць, калі бываюць запатрабаванымі сваім народам – тады робяцца нацыянальнымі героямі...” [28, с. 38].
Але Ведрыч – прадстаўнік іншай эпохі, чыя “звышэнергія расходуецца на абы-што, у лепшым выпадку на словы”. Вось так, у некаторай ступені хітруючы, ведучы своеасаблівую “двайную гульню”, аўтар рамана правакуе чытача спрачацца з ім, не пагаджацца, сцвярджаць, што літаратура, тыя самыя словы – ёсць разам і высокі сэнс, і прызначэнне, і наканаванне, і Божы дар. Але ж несумненна, што гэта і перакананне самога пісьменніка.
Трэцяе – пра што пісаць? Менавіта ў асэнсаванні гэтага пытання асобы двух герояў асабліва моцна знітоўваюцца ў адным “я”, далучаючыся, дарэчы, да асобы самога аўтара твора. Пісьменнік найперш выяўляе ўласнае эмацыянальнае асэнсаванне “тэматыкі літаратурнай творчасці”: паглядзі наўкола – якое багацце, якія “глыбы і слаі”. Пішы пра тое, чым ты сам захапляешся, што ёсць каштоўнае і цікавае для цябе, але пішы шчыра і сумленна. Абавязкова знойдзецца той, хто будзе ўдзячны табе за твой “эгаізм, узяты ў рамку стылю” [28, с. 40], які называецца літаратурай. Назірай, занатоўвай, бо наперадзе яшчэ прадугледжваецца будучыня, і, магчыма, калісьці нехта са скрухай, з запозненым шкадаваннем падумае, як многа да сучаснасці “не даехала, растрэслася па дарозе, пагублялася, стала экзотыкай...” [28, с. 40].
Трухановічу пашчасціла дыхаць “тым” паветрам, увачавідкі бачыць “тое” жыццё, якое і праз восемдзесят год так моцна трымае Трухана, дзе “кожная хата – клубок лёсаў, процьма гісторый, цэлыя сагі – з нараджэннямі, смерцямі, радасцямі і бедамі, геаграфічнымі перамяшчэннямі і вяртаннямі... Дык гэта ж усяго толькі макаўка, вяршок, тое, што ён ведае павярхоўна. А каб хоць трохі капнуць глыбей, каб распытаць старэйшых каго?..” [28, с. 38].
Спакваля вымалёўваецца асэнсаванне пісьменнікам сапраўднай сутнасці літаратуры, персаніфікаванай у выглядзе своеасаблівай “кнігі “Памяці”, дзе, на першы погляд, нібыта і няма “нерушу”, “вольнага лапіка не засталося”. Вось тут аўтару выпадае нагода паразважаць пра літаратурныя набыткі папярэднікаў, пра “Палескія хронікі” ды “Камароўскія хронікі”, якія паспрабуй пераплюнь, паміж якімі як уплішчыцца?” [28, с. 40]. I зноў жа адказ на рытарычнае пытанне вяртае да таго самага “эгаізму”, а насамрэч да “творчай індывідуальнасці”, да духоўнасці, да душы. Бо “не тым цікавая палянка, што яна Данілава ці Мікіцішына, а тым, хто на яе ў дадзены момант пазірае, праз чые вочы, розум і душу яна перадаецца” [28, с. 40]. Больш дакладна, мабыць, і не скажаш.
Андрэй Федарэнка прызнаваўся, што ў нейкай меры “іранізуе” ў рамане над пэўнымі літаратурна-творчымі дасягненнямі майстроў слова. Безумоўна, зрэдку гэтая іронія адчуваецца. Напрыклад тады, калі Трухановіча запрашае на сходку прадстаўнік мясцовай улады бальшавік Яшка Калачонак. “...Часам не грэблю будаваць? – іранічна спытаў Трухановіч, маючы на ўвазе мастацкія творы пра дваццатыя – трыццатыя гады. Усе без выключэння раманы і аповесці заканчваліся там сходамі, пасля якіх шляхам сумеснай працы адбывалася зліццё індывідуумаў у адзіны арганізм. 3 пятнаццаці прачытаных ім кніг у дзесяці разам будавалі дарогу, мост і гацілі грэблю <...>, у чатырох калектыўна асушалі балота, у апошнім <...> – усё гэта разам плюс будаўніцтва торфазавода” [28, с. 49].
Аднак іранічнасць не стала галоўнай рысай рамана. Найперш таму, што ўласнае стаўленне Андрэя Федарэнкі да літаратуры – “вельмі сур’ёзнае, нейкае спецыфічна балючае і нават знерваванае, вельмі тонкае, датклівае. А яшчэ таму, што за кожным радком – адчувальная любоў да роднага – да мінуўшчыны з яе “драбніцамі сялянскіх хат” і адзінкавых чалавечых лёсаў, да беларускасці ўвогуле і да літаратуры ў прыватнасці” [3, с. 132]. Паводле гэтай сваёй любові (ці, дакладней сказаць, паводле светаасэнсавання) Андрэй Федарэнка адчувальна блізкі да У. Караткевіча. Хаця сам аўтар рамана гэтае супастаўленне (каго б то ні было з Караткевічам) сатырычна абыгрывае яшчэ ў пачатку рамана: “...найвышэйшай пахвалой у яго было – “амаль як у Караткевіча” [28, с. 17]. Але пры чытанні роздумаў аўтара рамана пра літаратуру, пра яе “праўду”, пра яе прызначэнне, міжволі згадваецца і “Зямля пад белымі крыламі” з урачыстым замілаваннем да ўсяго родна-беларускага, і “Каласы...”, і шматлікія паэтычныя ўзоры творчасці Караткевіча, дзе “чулася” вельмі сугучнае высокае пачуццё.
Чацвёртае – пісьменнік і соцыум. Гэтыя адносіны амаль заўсёды складаныя. У рамане “Рэвізія” яны адлюстраваны даволі рознабакова: спачатку – праз “кантактаванне” Трухановіча з “суседзямі па койках” у бальніцы, праз яго становішча ў “роднай” хаце, пазней – праз зносіны Трухана з сябрамі па вучобе і інтэрнаце, праз яго пачуцці да Нэлі. Дарэчы, стаўленне героя да жанчыны выглядае ў творы вельмі сімвалічна, яно нібыта праектуе адносіны творцы і матэрыяльнага свету: “Чаму ўсё, што для іншых звычайнае, нармальнае, даступнае, для яго – недасяжнае? <...> Любому нармальнаму хлопцу якія б на яго месцы адкрываліся перспектывы! Хоць бы ў меркантыльным плане: мінская кватэра, добрыя і багатыя цесць з цешчаю, разумная і прыгожая дзяўчына... <...> У тым і справа, што трэба ж было Нэлі наляцець акурат на яго – ненармальнага, незвычайнага” [28, с. 27]. Так званы соцыум жыве ў вялікай ступені іншымі клопатамі, якія ў сапраўднага мастака далёка не на першым плане. Мастак не ўмее гуляць у модныя гульні, не ведае іх правіл, ён – наўзбоч.
Пятае, непазбежнае, пісьменнік і мова, – абыграна Андрэем Федарэнкам праз дыскусію паэта Ведрыча і Ільі Ільіча, юрыста. Сатыра, іронія, гумар – усе смехавыя адценні бруяцца ў лаканічных рэпліках гэтага дыялога, высвятляючы абсурдную сутнасць абвінавачванняў юрыста, які не можа зразумець: чаму беларусы гавораць па-беларуску? Стаўленне Ведрыча да свайго апанента відавочна грэблівае, па сутнасці, ён нават не ўспрымае яго ўсур’ёз. Ведрыч пачуваецца ў гэтай спрэчцы не толькі ўпэўнена і годна, але, адчуваючы сваю безумоўную перавагу, дэманструе, што не лічыць патрэбным нешта тлумачыць такім асобам. Яго меркаванні з’едлівыя, часам, нават абразлівыя: “Не ведаю, які з цябе юрыст, але нясеш ты ахінею...”, “Табе паможа толькі клініка...” [28, с. 22]. У Трухана стаўленне да прадмета дыскусіі супрацьлегла іншае па эмоцыях – балючае, нервова-абвостранае: “Перад кім мы сыплем бісер, на што трацім энергію, чаму самі сябе не беражэм? Навошта самахоць узвалілі на сябе гэтую няўдзячную місію – агулам, паўсюдна, без разбору агітаваць за беларушчыну абы-каго? Да беларускай мовы трэба яшчэ права допуску мець, трэба заслужыць гонар быць да яе далучаным” [28, с. 22]. Зноў жа – дакладна, узнёсла, і, самае цікавае, сутнасць даведзена менавіта шляхам эмацыянальнага ўздзеяння. Пісьменнік вымушае “ўзяць” у дыскусіі чыйсьці бок, – таго, хто выклікае і найбольшую сімпатыю і мае справядлівую рацыю. А гэта відавочна.
Прынамсі, “Рэвізія” ўспрымаецца, як своеасаблівая скразная споведзь – шчырая, сакральная, інтымная” [3, с. 133]. Міжволі згадваецца меркаванне французскага крытыка Цібодэ, які, гаворачы пра сапраўдны талент, заўважыў: “Творца рамана ажыўляе магчымае, а не ўзнаўляе рэальнае” [Цыт. па: 3, с. 130]. Так і ў рамане Андрэя Федарэнкі – мары, мроі цесна знітаваны з рэальнасцю, уяўнае і магчымае пераплецена з былым і сапраўдным. А ўсё разам – неардынарны мастацкі твор – шчыры па эмоцыі, непасрэдны па думках, глыбокі па філасофіі.
Пасля прачытання твора з’яўляецца пачуццё, што даўся ён аўтару з вялікай цяжкасцю. У тэксце рамана акрамя непасрэдных эмоцый, якія маюць дачыненне да падзей, адчуваецца яшчэ іншая эмоцыя – індывідуальна-аўтарская – своеасаблівая напружанасць думкі, пачуцця, спецыфічна-вострая патрабавальнасць да самога сябе, да свайго героя, а разам – да ўласнай творчасці, да літаратуры. Яна асабліва выразна гучыць у фінале рамана: “Столькі ўжо было патрачана сілы, энергіі, духоўнага запасу, што ён цяпер проста не ведаў, дзе браць дадатковыя рэзервы? Як гэтую дыстанцыю адужаць?” [28, с. 67].
Такім чынам, сюжэт рамана “Рэвізія” будуецца на матыве вандравання ў часе. Гэтая фантастычная сітуацыя дала магчымасць аўтару рамана заглыбіцца ў свет адчуванняў, перажыванняў чалавека, мастака. Галоўнае месца ў творы займае не авантурна-прыгодніцкі, а філасофска-інтэлектуальны складнік. Дамінуючая тэма рамана – мастак і мастацтва, прызначэнне пісьменніка і яго творчасці, роля самой літаратуры ў жыцці грамадства і жыцці асобнага чалавека. Гэтая тэма аб’ядноўвае цэлы шэраг філасофскіх праблем: пісьменнік і соцыум, пісьменнік і мова, сэнс мастацкай творчасці і інш.
1.2 Аповесць “Вёска”
Часам прозу Андрэя Федарэнкі вызначаюць як “жорсткі рэалізм”. Увогуле зварот да непрывабных бакоў сучаснасці і мінуўшчыны ўласцівы многім прадстаўнікам так званай маладой і маладзейшай літаратуры. “Маладыя прапанавалі свой прынцып адлюстравання жыцця, рэчаіснасці – гранічная праўда, няхай нават жорсткая, бязлітасная, бязрадасная”, – слушна заўважае А. Бельскі [6, с. 55].
Аповесць Андрэя Федарэнкі “Вёска” (1995) поўніцца бязрадаснай праўдай. “У такім жа вялікім, як і бібліятэка, памяшканні з двух ранейшых класаў у адным кутку, абсеўшы лаўкі, гулялі ў “храпа” – Пеця, Ручка, нейкія малыя, нейкі чорны, калматы, як цыган, з доўгімі бруднымі пазногцямі, якому ішла карта, і ён увесь час крычаў: “Са мной!”, “Верталёт!”, “Тры ўзяткі!”; побач, проста на падлозе, – літровы слоік самагонкі – хто хоча падыходзь, налівай, пі... Усе, у тым ліку і малыя, курылі бесперапынна. У другім кутку, дзе таксама стаялі лаўкі, дзявочая кампанія слухала магнітафон. Была там маленькая, худая і гадкая дзяўчынка, якая пстрыкала клавішам, пераганяючы касету, і лаялася матам. Была баба гадоў пад трыццаць з грудным дзіцём, танцавала, прыціскаючы гэтае дзіцё да сябе. Час ад часу дзіцё заходзілася плакаць, тады з кутка карцёжнікаў крычалі: “Глушы байстручаня!”, а баба спакойна адказвала: “Уйди, скройся!” [24, с. 71–72].
Вёскі, што дзесяцігоддзі паказвалася нашай літаратурай як захавальніца духоўнасці, маральнасці, спадчынных народных традыцый, мовы, у аповесці Андрэя Федарэнкі няма. Балюча чуць Антону Васкевічу ад самага блізкага чалавека, ад маці: “Г...о ў нас, а не язык! У адной дзярэўні так скажуць, у нашай – яшчэ інакш, а выходзіць ні па-польску, ні па-конску...” [24, с. 93]. Пісьменнік канца XX ст. вяртаецца да той “праўды”, якую з вялікім душэўным болем узнаўляў на пачатку стагоддзя Максім Гарэцкі.
Бязрадасная праўда і ў тым, што малады, разумны, нацыянальна свядомы Антон, які вымушаны быў вярнуцца ў вёску пасля адлічэння за “беларушчыну” з ВНУ, не можа знайсці сябе ў родным асяродку, не можа супрацьстаяць наступу бездухоўнасці. Ен шмат у чым расчароўваецца і пакрысе пачынае співацца. Можна сказаць, што Антона ад далейшай духоўнай дэградацыі ратуе аднаўленне ў інстытуце і вяртанне ў сталіцу.
Унутраны свет герояў прозы Андрэя Федарэнкі часцей за ўсё выяўляецца ў сувязях і дачыненнях іх з роднымі і блізкімі людзьмі, у пакутлівым роздуме і самаацэнцы; яны заўсёды ў пошуках каштоўнасцей, якія даюць апірышча ў паўсядзённым жыцці. Заканамерна, што Антон Васкевіч, герой аповесці “Вёска”, выключаны са сталічнага інстытута, прыехаў у матчыну сялянскую хату, каб тут перажыць цяжкую часіну, адагрэцца душой, якую выстудзілі несправядлівасць і адчай.
“У прозе А. Федарэнкі няма герояў, для якіх ў жыцці ўсё было б ясным і зразумелым. Яны стаяць на раздарожжы, у глыбокім роздуме перад выбарам. Можна казаць пра тое, што пісьменнік стварае зборны персанаж, надзелены рысамі і якасцямі, якія выяўляюцца ў станоўчых героях. Так, маці з аповесці “Вёска” – узор таго, як у народзе ўспрымаюць дабро і зло, як умеюць трываць і спадзявацца” [18, с. 11].
Эвалюцыю герояў прозы Андрэя Федарэнкі, найперш у сэнсе іх духоўнага ўзбагачэння, сталення поглядаў на жыццё і сваё месца ў ім, можна акрэсліць як пошук маральнага ідэалу.
Л. Турбіна лічыць, што апавяданне “Мыла” можна параўнаць з аўтапартрэтам Андрэя Федарэнкі: “за немудрагелістым сюжэтам выразна паўстае прастадушны вобраз самога пісьменніка – дапытлівага і ранімага, дасведчанага і няхітрага, добрага і хітраватага” [21, с. 51].
Аднак з аўтапартрэтам пісьменніка можна параўнаць не толькі апавяданне “Мыла”. Яго вобраз выразна паўстае ў многіх створаных ім мастацкіх творах: таго ж Трухана-Трухановіча (“Рэвізія”), Антона Васкевіча (“Вёска”). Апошні – своеасаблівы аўтапартрэт празаіка “ў славутым раёне 23–25 гадоў”.
Пісьменнік у свой час не быў выключаны з інстытута, як яго герой Антон Васкевіч. Аднак бясспрэчна іншае: аўтар надзяліў свайго героя ўласным светаўспрыманнем і светаразуменнем – «удыхнуў» у яго сваю душу: пакутную і чулую, самотную і светлую... [10, с. 49].
I пісьменніку, як і яго герою ў засведчаны час, давялося “шукаць сваё месца ў паўцёмным вагоне” жыцця-цягніка.
Філасофскіх пластоў і сэнсавых узроўняў у аповесці “Вёска” не менш, чым у рамане “Рэвізія”. Андрэй Федарэнка неаднойчы дэманстраваў, што па-майстэрску валодае як вясковым, так і гарадскім топасам. Аднак літаратура – не статыстыка, каб на падставе выяўленай большасці прапаноўваць абагульненні.
“Менавіта вясковы топас забяспечыў такому майстру, як Андрэй Федарэнка, найвышэйшы ўзровень абагульнення ў выяўленні нацыянальнага. Такім узроўнем, бы скразняком, зрушваюцца рэчы з іх звыклых месцаў і ствараюцца новыя сэнсавыя зоны” [10, с. 51].
Акрэсліць хранатоп аповесці нескладана: ён дакладна пазначаны аўтарам. Да таго ж у самым першым радку заяўлены і герой, і калізія: “Антона Васкевіча выгналі з інстытута ў канцы 1990 года, перад самай зімовай сесіяй” [24, с. 5].
Выгналі нібыта за “п’янства”. “Усе кажуць! Што ты п’янставаў, кажуць!” – як адсек вар’ят Пульс, “шыракаплечы дзяцюк гадоў пад сорак” [24, с. 19]. Яго першага ўбачыў блізу станцыі выгнаннік, вярнуўшыся ў родную вёску, што на Мазыршчыне. Тут Васкевіч і “пражыў амаль год чужаком, сам у сабе”, да восені 1991 года.
Топас пашыраецца: VIII раздзел прысвячаецца этнаграфічным “адметнасцям свайго рэгіёна” – Палессю, якое “абступілі, ціснуць з усіх бакоў” Чарнігаўшчына, Кіеўшчына, Жытоміршчына. Антон успомніў, як дзед Пятро хваліўся: “Я ў Кіеў за суткі канём заязджаў!”. Не ў Мінск, а ў Кіеў...

- Асбестоцементная промышленность
- Асвета і адукацыя беларусі 10-15ст
- Асель курстык жумыс
- Асимметричная информация
- Асимметричная информация и её последствия на механизмы рыночной экономики
- Асимметричная информация и неблагоприятный отбор. Рынок "лимонов" Дж. Акерлофа
- Асимметричная информация как причины государственного микроэкономического регулирования
- Архітектура громадських будівель
- Архітектура давнього Китаю. Велика Китайська стіна. «Заборонене місто» у Пекіні
- Архітектура комп’ютерних систем
- Архітэктура палаца-паркавага ансамбля Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі
- Арық жағдайындағы еңбек ақы төлеуді ұйымдастырудың теориялық негіздері Еңбек ақы төлеуді ұйымдастырудың функциялары
- Асаблівасці раскрыцця вечных тэм у найноўшай плыні беларускай паэзіі
- Асаблівасці сатырычнай паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай вайны