Жанравая своеасаблівасць лірыкі Яўгеніі Янішчыц

         Міністэрства  адукацыі Рэспублікі Беларусь

         БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

             Філалагічны факультэт

           Кафедра тэорыі літаратуры 
         
         
         
         
         
         
         

         Жанравая  своеасаблівасць  лірыкі

             Яўгеніі Янішчыц 
         
         
         
         
         
         

                    Курсавая  работа

                па  беларускай літаратуры

                   студэнткі 2 курса 2 групы

          спецыяльнасці “Беларуская філалогія”

            Мяцельскай  Вольгі Уладзіміраўны

              Навуковы  кіраўнік: доктар філ. навук, прафесар Рагойша В.П. 
               
               
               
               

               Мінск

                 2008

            Змест: 

1. Уступ. Непрыручаная  птушка Палесся ............................................................3

2. На пачатку творчага шляху................................................................................4

3. Паэтычнае асэнсаванне жыцця і асабовая праблематыка (патрыятычная і грамадзянская лірыка).............................................................................................9

4. Інтымная лірыка  Яўгеніі Янішчыц..................................................................14

5. Заключнае слова аб зборніках Я. Янішчыц....................................................18

6. У заключэнне.....................................................................................................20

7. Спіс літаратуры.................................................................................................23 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

      Уступ.Непрыручаная птушка Палесся... 

     Творчасць – арэна самасцвярджэння, дыханне, без якога няма жыцця.Менавіта такой паэтэсай з боскай іскрай, якой дадзена было тварыць як дыхаць і чые кнігі – наш мастацкі набытак, была і ёсць для нас Яўгенія Янішчыц.

     Яна распачала літаратурную дзейнасць і актыўна пачала выступаць у друку ў 70-я гг. ХХ стагоддзя разам з Р. Баравіковай, Ю. Голубам, С Законнікавым, В. Коўтун, А. Разанавым і многімі іншымі.

     Беларуская  паэзія знаходзілася ў той час  на пераходзе да новай сваёй якасці – смелага выхаду ў жыццё, свабоднага выяўлення жыццёвай разнастайнасці, да пачуццёвай і мастацкай шматграннасці. Час вымагаў і патрабаваў іншых падыходаў да творчасці, да адлюстравання рэчаіснасці, і літаратура не мела права абмяжоўвацца паўторам ранейшых дасягненняў, неабходна было шукаць нешта новае ў раскрыцці традыцыйных тэм, цікавы матэрыял, абумоўлены сучаснасцю і абставінамі развіцця літаратурнага працэсу.

     Дзеля праяўлення яскравага, своеасаблівага стылю мастака трэба, каб выразна  акрэслілася асоба чалавека, яго светаадчуванне, погляды, духоўны вопыт. А гэта і адбываецца, на мой погляд, у творчасці Яўгеніі Янішчыц праз сінтэз светапогляднага і мастацка-вобразнага ўспрымання, які грунтуецца на адкрытай, шчырай, давернай споведзі душы, на ранімай, безабароннай і абвостранай пачуццёвасці, на жывым, непасрэдным сардэчным водгуку на падзеі часу.

     Сёння, як мне здаецца, амаль кожны ведае  такія цудоўныя па мастацкіх якасцях  і паводле душэўнага ўзлёту вершы  Яўгеніі Янішчыц, як “Ты пакліч мяне. Пазаві...”, “Ля ложка хворай маці”, “У шуме жытняга святла” і многія іншыя, што ўвайшлі ў скарбніцу беларускай літаратуры.

     Асноўныя  задачы і мэты, якія я перад сабой  паставіла – гэта, канешне, раскрыць і паказаць непаўторны талент Яўгеніі  Янішчыц, глыбокі змест яе паэзіі, адметныя рысы стылю і жанраў. Шчырая, акрылёная, натхнёная, паэтэса шукала адпаведнасці сваім перажыванням, думкам у навакольным свеце, прыродзе, людзях – і знойдзеныя падабенствы набывалі вобразнае ўвасабленне ў розных па настрою вершах. Яўгенія Янішчыц сэрцам адгукалася на трагедыі сучаснасці, глыбока перажывала жыццёвыя страты і расчараванні. Трапяткая, тонкая душа паэтэсы імкнулася да вышынь прыгажосці, гармоніі. Талент Я.Янішчыц выступіў свайго роду ўвасабленнем чыстага сумлення ў беларускай паэзіі, узорам шчырай адкрытасці і даверу. Вызначальныя рысы стылю Я. Янішчыц узыходзяць да традыцый нацыянальнага фальклору і беларускай паэтычнай класікі. Вытокі стылёвай неаднастайнасці лірычнага радка Янішчыц у паэзіі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, у беларускай культурнай традыцыі, у лірычнай народнай песні. 

           На  пачатку творчага шляху 

      Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 г. у вёсцы Рудка  на Піншчыне,дзе сям’я жыла да 1966 года.Потым дом у Рудцы маці пакінула старэйшаму сыну ад першага шлюбу. Пераехалі сям’ёй у Велясніцу, што знаходзілася непадалёку ад Рудкі, дзе бацька збудаваў новы дом. Вясковы навакольны свет уваходзіў у свядомасць Жэні Янішчыц нібыта прадказанне яе будучага “палескага” паэтычнага таленту. Назапашваліся назіранні,у хуткім часе з’явілася патрэба перадаць убачанае ў вершаваных радках – так быў напісаны першы твор,які Яўгенія прачытала на школьнай вечарыне,прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа.

      З Рудкі Жэня паехала ў Мінск  на вучобу. Гады, праведзеныя ў вёсцы, сталі вырашальнымі ў паэтычным самавызначэнні Янішчыц. Ціхая беларуская вёска ў глыбі Палесся са сваёй свабодай, прасторавасцю і вялікай гістарычнай памяццю, часткай якой былі і яе бацькі, простыя сяляне (бацька – бондар, цясляр, маці – працаўніца калгаса), спадарожнічала развіццю таленту і самасвядомасці дзяўчыны.

      Ужо ў першых паэтычных спробах яна  імкнецца выказаць сваё захапленне жыццём, сваю любоў да роднай зямлі, што дала ёй магчымасць радавацца, любавацца гэтым светам ( першыя вершы з’явіліся ў раённай газеце “Палеская праўда”, потым у сталічных выданнях, сярод якіх былі газета “ЛіМ”, часопіс “Маладосць”):

                        А неба такое зорнае,

             Навокал – такая ціш.

             Старонка  мая азёрная,

             Хачу  ў тваю сінь ісці.

             Прасторы  і сэрцы – насцеж.

             Іду, нібыта вясна.

             Людзі, бярыце шчасце,

             Для вас я яго нясла. [ ЛіМ, 1965 ]

      Вёска была для Янішчыц падпіткай,адкуль ішло натхненне. “Вясковасць” як духоўная парадыгма паэтычнага таленту Яўгеніі Янішчыц вызначала дух ранніх вершаў, надрукаваных у часопісах “Бярозка”, “Беларусь”, “Маладосць”, газетах “Заря”, “ЛіМ”, “Чырвоная змена”, “Голас Радзімы”, “Настаўніцкая газета”, “Знамя юности” і інш.

      Характэрнай рысай яе вершаў (“Веру ў тое, што на свеце ёсць...”, “Я табе пісала пісьмо...”, “Хутка вернешся”, “Ліст да настаўніцы”, “Мне семнаццаць”) – было жаданне перадаць казачную таямнічасць навакольнай рэчаіснасці.

      З цягам часу, не губляючы роднасці з  казкай, з настроенасцю на цуд, з  непасрэднасцю лірычнага захаплення, светаўспрыманне Янішчыц становіцца больш сталым, сур’ёзным. Так, у вершах “Веру ў тое, што на свеце ёсць...”, “Голас”, “Дзе для мяне пачалася Радзіма” абазначана тэндэнцыя на рамантызацыю будзённага, на стварэнне рамантычнага арэолу вакол вядомых з’яў: “Я іду, і ўсе мае дарогі // За плячыма, нібы два крылы...”, а ў гэтым крылянні – адчуванне высокага неба і незнаёмага лесу. 

     У 1966 г. Жэня паступіла ў Беларускі дзяржаўны універсітэт на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта.

      У першых зборніках Янішчыц – шчодрая  і шчырая сардэчнасць, нязмушанасць і непасрэднасць бачання свету і людзей у ім, адкрытая пульсуючая думка аб людскіх лёсах. Нават назвы паэтычных зборнікаў гавораць, як мне здаецца, аб росце, пашырэнні магчымасцей таленту аўтаркі, назвамі праводзіцца лінія пашырэння яе кругагляду, у іх адлюстроўваюцца змены светапогляду і ацэнак наваколля.

      У назве “Снежныя грамніцы” тоіцца тонкае адчуванне цудоўных пераўтварэнняў свету і знойдзена ёй, Жэняй Янішчыц, гарманічная ўзгодненасць з гэтым незвычайным светам. У дзень грамніц (15 лютага) зіма сустракаецца з вясной і здараецца, што ў небе прагрукоча гром. Тое ж пачынае адбывацца ў душы гераіні: яе таямніцы і загадкавыя перазовы імкнуцца знайсці выйсце і атрымаць другую якасць, другое напаўненне – у вершаваных радках.

      Нечакана  проста пісаліся вершы аб вечным, вялікім, значным, набываючы форму то прысягі, то лірычнай споведзі. У іх паэтэса звяртаецца не да радзімы як абстрактнага паняцця, а да мілай старонкі – месца свайго нараджэння ( патрыятычная лірыка). І словы прызнання ў любові гучаць не як прысяга, а хутчэй як малітва:

                        Прыедзь у край мой ціхі,

                        Тут продкаў галасы,

                        Тут белыя бусліхі

                        І мудрыя лясы.

                   (“Прыедзь у край  мой ціхі...”) [15, с. 14].

      Эпітэты “ціхі”, “белыя”, “мудрыя” перадаюць адухоўленую прыгажосць радзімы. У светлых колерах паўстае Палессе як увасабленне добрай казачнай краіны.

      Да  патрыятычнай лірыкі Я.Янішчыц таксама  належаць і вершы “Там лістапады  выпалі...”, “Пранеслася дзіўная  песня...”, “Славянскае застолле”, “Я хварэю даллю светла-сіняй...”, “Перад сустрэчай”. У іх вёска выступае ўвасабленнем таго вечнага, што з кожным днём адкрываецца ў новых фарбах.

Вёска становіцца крытэрыем спазнання  чалавечага і прыроднага. А ўпарадкаванасць, прадвызначанасць вясковага жыцця  – тая атмасфера, якая патрэбна гераіні  для больш глыбокага спасціжэння свайго ўнутранага свету. Таму ўсё наваколле – прадмет вывучэння, яно і ў вершах адасоблена ад уласнага “я”, падымаецца шырока, маштабна, абагулена.

      Жыццё Янішчыц у канцы 60-х – пач. 70-х гг. ХХ ст. праходзіла ў Мінску. Здавалася б, павінны былі адлюстравацца ў лірыцы новыя ўражанні, мары і спадзяванні, навеяныя жыццём сталічнага горада. Адбываецца ж адваротнае. Горад уражвае, хвалюе, здзіўляе, але не выклікае паэзіі, якую нараджае вёска. “Вёска-горад” – новая антыномія, якая ў паэзіі Янішчыц не выяўляецца адкрыта, а адчуваецца ў супастаўленні “вясковых” і “гарадскіх” вершаў. Лірычнай гераіні цяжка знаходзіцца ў памежным становішчы, а таму яна выбірае знаёмае, роднае вясковае ўлонне і гэтым ратуецца ад гарадской мітусні:

                        Я вырастаю ў зацішшы,

                        Дзе шызы мох, дзе верасок.

                        Як  нераскрытая пупышка,

                        Душа  ўбірае хмельны сок.

                        ...А  потым буйная паводка

                        Мне ў вочы выплесне вясну,

                        І новай думкаю і  верай

                        Нямы  прасветліцца пагляд...

                (“Я  вырастаю ў зацішшы...”) [15, с.51].

      Па  прыездзе ў Мінск пачынаецца новы перыяд, напоўнены актыўнай творчай і грамадскай дзейнасцю. Я. Янішчыц становіцца членам літаб’яднання “Узлёт”, потым удзельніцай паэтычнага семінара пад кіраўніцтвам А. Лойкі.

      Усеабдымнасць у пачуцці – галоўная характарыстыка першага зборніка “Снежныя грамніцы”, першавыснова самараскрыцця паэтэсы. Але нечаканым акордам гора ўрываецца ў бясхмарнасць, бесклапотнасць маладосці (верш “У бабулі Паланеі”), горкая жыццёвая праўда, якая паўстае з апавядання пра лёс бабулі Паланеі:

                        І чаму – пытаць не смею

                        Для бабулі свет не міл  – 

                        У бабулі Паланеі

                        Пяць  сыноў і пяць магіл...

                  [ 15, с. 12].

      Пазней  Я. Янішчыц гэты верш вылучыла для  друку ў “Анталогію беларускай паэзіі”, куды ўвайшлі лепшыя, па яе меркаванні, творы з усіх лірычных зборнікаў. Магчыма, на маю думку, лёс бабулі Паланеі стаў першым імпульсам ў звароце паэтэсы да трагічных аспектаў жыцця. Ад “Снежных грамніц”, з вершаў “Пра атаву напомніць прасіла...”, “Ля ложка хворай маці” пачынаецца фарміраванне арыентацыі новага тыпу –мэтаскіраванасць з унутранага на знешні свет, арганічна ўвабраўшы ў сябе адчуванне болю другога.

      Вершы-апавяданні пра жыццё маці сталі той тэмай, што ідзе ад душы, у якой пачуцці  гераіні раскрыліся найбольш шчыра, усхвалявана, празрыста-светла і чыста. Напрыклад, верш “Ля ложка хворай маці” (у ім з глыбокім разуменнем гаворыцца пра цяжар матчынай долі, за якою праглядвае тыповы лёс вясковай жанчыны ) быў адзначаны крытыкамі Д. Бугаёвым, Р. Бярозкіным, Я. Гарадніцкім як удалы ў сэнсавым вырашэнні: “...прыкметна трывожныя ноты гучаць у цудоўным вершы “Ля ложка хворай маці” з яго скразным, як рэфрэн, паўторам кожны раз крыху перайначанай споведзі, у якой эмацыянальнае напружанне, усё ўзмацняючыся, дасягае к канцу твора вялікай сілы” ( Дз. Бугаёў):

                        Мама!

                        Так мне рукі твае не балелі ніколі.

                        ...Мама!

                        Так ніколі твае не балелі мне ногі.

                        Мама!

                        Так ніколі тваё не шчымела  мне сэрца...

                           [21, с.175].

      Болем адгукаецца ў сэрцы паэтэсы трагізм  лёсу маладых паэтаў М. Багдановіча  і М. Сурначова (вершы-прысвячэнні “Памяці М. Сурначова”, “Смерць Максіма Багдановіча”):

                        Русая Вера!

                        Сляза-Вераніка.

                        Зорка Венера

                        Да  шыбы прынікла.

                        Зорка Венера!

                        Чорны аловак,

                                          аркуш паперы.

                        Зорка Венера

                        Узышла  над магілай.

                  [ 21, с. 114].

      Такім чынам, маладая паэтэса кіравалася “святлом душы” у пошуках найбольш прымальнага і ўласцівага яе натуры кірунку самаразвіцця і самавызначэння. Адухоўленая акрыленасць, узвышаны палёт думкі і пачуцця, непасрэдна-светлае  жаданне з’яднацца з прыродай, а адсюль і з усім навакольным светам – на такіх патрэбах душы і розуму здзяйсняліся першыя паэтычныя адкрыцці Я. Яўгеніі Янішчыц. 

     “Дзень  вечаровы”(1974, у 1978 годзе зборнік адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі) – вобраз-аксюмаран, у якім рамантычная загадкавасць, стрыманая эмацыянальнасць перададзены мілагучнай мовай. Яднанне дня і вечара ў назве нагадвае дзве прыступкі на лесвіцы часу: саступаючы з адной (дня), за якой вера ў шчаслівае наканаванне, паэтэса ўзнімаецца на другую (вечар), якая патрабуе разумення і больш глыбокага асэнсавання праяў свету і чалавека. “Дзень вечаровы” адкрывае новы этап у творчасці Я. Янішчыц. Паэтэса ўпэўнена пазбягае самапаўтораў. У другім зборніку ярка акрэсліваюцца асноўныя напрамкі яе творчага сталення. І Радзіма, якая ў “Снежных грамніцах” выступае ў ролі маці-Беларусі, што “...за руку ўдалячынь павяла”, набывае больш канкрэтнае аблічча ў вобразе Палесся, той зямлі, “што волю мне дала і мову”, умацоўваецца асабістасць у адносінах да свету.

      Заўважу, што спецыфіка паэтычнага самавыражэння Я. Янішчыц у першых зборніках заснавана на лірычным мастацкім грунце. Яе лірычнае, мяккае слова не набыло публіцыстычнага напалу і выкрывальнай энергетыкі, гэтыя якасці аўтарскага самараскрыцця з’явяцца ў апошняй паэме (“Зорная паэма”). А ўшчуванні не набылі палымянага пратэсту супраць несправядлівасці светабудовы і не перараслі ў заклікі да прамога дзеяння. Гэта таленту Янішчыц не патрабуецца, у такой іпастасі яна чужая. Можа, таму і не імкнецца пазбаўляцца паэтэса дэкламацыйнасці і пафаснасці ў шчырых прызнаннях вечнага служэння Радзіме, якраз у ім – грамадзянская веліч паэтэсы, якая і ў паэтычнай палымянасці простая, шчырая, нязмушаная і застаецца сабой:

                        Ёсць  міг такі,

                        Калі  не страх памерці,

                        А страх –

                        Цябе  сабой не засланіць...

      Ёй  не трэба было абжываць ролю вернай дачкі сваёй радзімы, гераіня  Я.Янішчыц ёю была. Радзіма для паэтэсы – усеагульны сімвал праўды, бездакорнасці.

      Жанравая  палітра вершаў зборніка “Дзень вечаровы”  ахоплівае творы рознага ідэйна-тэматычнага выражэння і стылістычнага афармлення. На змену пафаснасці выказаных думак раптам прыходзіць філасофская разважлівасць, узнімаюцца адвечныя пытанні быцця: “Хто я ў лясах тваіх, // Радзіма, // Радзіма, // Хто я ў палях?”Пытанні ўнутранага парадку адыходзяць на другі план, калі ўзнікае філасофская праблема асэнсавання свайго месца сярод іншых людзей. Янішчыц таксама адчувае сябе чужой і ў іншым прыродна-быццёвым асяроддзі, акрамя роднага Палесся. У паэзіі яе радзіма – дамінантны, у адносінах да альтэрнатыўных іншых, кантэкст чалавечага існавання. І прырода – аўра чыстага асяроддзя (вершы “Заві... Ужо цяпер не важна...”, “Зіма. Снягі. Мяцелі...”, “Сані, сані...” і інш.).

     Прыём персаналізацыі ў вершы “ Я вярнуся туды...” надае вобразу песні рысы жывой істоты. Песня – сімвалічная структура душэўнага стану паэтэсы, у якой вылучаюцца свае ўзроўні і семантычная напоўненасць. Удала сказанае слова выклікае геданістычную асалоду. Увогуле, вершы, прысвечаныя тэме паэта і паэзіі, у Я. Янішчыц адрозніваюцца ад твораў іншых аўтараў тым, што яна ўмее перадаць тонкія нюансы свайго настрою: “Прывяла песня на губах // Ці не таму, што знала страты?”. А калі душа радуецца, цвіце: “Ох, вясёлая песня мая празвініць // Серабрынкай-расой над зацішшам імшастым...” Шчасце творчасці адбіваецца ў вобразах песні аўтаркі, якія гавораць.

     Узнікае верш “Рамяство”, што нарадзіўся з  творчага супрацьдзеяння, як нараджаюцца  ўчынкі або пачуцці паэтэсы. Тэхніка  пісьма – складаны і адказны працэс, адваротны бок творчага гарэння:

                       Аддадзеная  доўгу аднаму – 

                       Паспець бы ў ночы выпрасіць  чарніла,

                       Якому легчы на паперу так,

                       Каб стаць на месца  кожнаму шматкроп’ю

                       І даўняя з гартані  немата

                       Пералілася  ў музыку і крокі.

                    [17, с.121]

     Паэтэса не толькі абазначае сутнасць праблемы “паэт-паэзія”, а і імкнецца зафіксаваць трансфармацыю слова з ірэальнага стану ў рэальны, з небыцця – у быццё твора.

     Таксама вельмі істотна адзначыць у “Дні вечаровым” і пэўнае імкненне Янішчыц  да новых для яе творчасці, рэдкіх для беларускай паэзіі ўвогуле жанравых форм лірыкі. Маюцца на ўвазе невялікія рубаі. Яны цікавыя перш за ўсё тым, што ў фармальна-выяўленчых адносінах, гэтая звыклая для літаратур Усходу і запазычаная ад іх жанравая разнавіднасць лірычнай паэзіі можа натуральна гучаць і па-беларуску. Зрэшты асобныя рубаі ўражваюць і сваёй змястоўнасцю, глыбінёй пачуцця:

                       Садралі белую кару

                       З бярозкі юнай не ў  пару.

                       Здаецца мне, што не бяроста,

                       А я у полымі гару. 

     Паэтычнае асэнсаванне жыцця  і асабовая праблематыка

         (патрыятычная  і грамадзянская лірыка) 

     Новае аблічча атрымала муза Яўгеніі Янішчыц  у зборніку “Ясельда”, хаця асноўныя прыхільнасці натхнёнай душы засталіся ранейшыя. Любімай тэмай і тут выступае роднае Палессе (патрыятычная лірыка). Паэтэса звяртаецца да Палесся як да зямлі, што ўзгадавала фізічна, узнясла духоўна і дала талент.

     Напрыклад, верш “Вёска”: лірычная гераіня паходзіць з вёскі і выхавана ёю ж, таму ў ёй вельмі моцная ўнутраная повязь з вясковым укладам жыцця, глыбінная каранёвая сувязь з зямлёю:

                       Да  цябе не з ціхім жалем, вёска,

                       Еду не тады, калі баліць.

                       Да  цябе – той вечнаю бярозкай,

                       Што ніхто не змог перасадзіць.

                         [ 17, с.66].

     Я заўважыла, што эпітэт “вечны” становіцца своеасаблівым рэфрэнам у творчасці Я. Янішчыц: у ім вера ў стабільную мэтазгоднасць, жыццёвую неўміручасць вясковых каштоўнасцей, а галоўнае, у сваю ( і лірычнай гераіні), ад вёскі, выверанасць і правільнасць абранага шляху:

                       Я думаю, лёсам мне  дадзена многа,

                       І многае, праўда, і не лёс падарыў;

                       Вось  гэтую вечную ў  вёску дарогу

                       І тую бярозку як памяць між ніў.

            (“За  дзень пехаты прытаміліся ногі...”)  [17, с. 122].

     Як  бачна, праз мастацкую дэталь робіцца  акцэнт на тых сімвалічна вечных з’явах рэчаіснасці, якія неабходны чалавеку на працягу ўсяго жыцця. Вернымі спадарожнікамі паэтэсы становяцца народна-песенныя сімвалы ракі, перавозу, кладкі,, што традыцыйна абазначаюць нейкі важны рубеж лёсу. Так, рака Ясельда выступае крыніцай духоўнай і душэўнай падтрымкі, у размове з ёю правяраюцца на сапраўднасць каштоўнасці асабістага жыцця. Рака стала ўвасабленнем прыроднай мудрасці, яснасці і праматы, гармоніі і хараства, таму пры сустрэчы з ёю душа напаўняецца вясной, з’яўляецца ўнутраная раўнавага і ўпэўненасць у думках, якія заўсёды ўзнікаюць пры судакрананні з вечным, сапраўдным:

                       Калі  ж душа зліваецца  з ракою – 

                       Няма  тады спадманнага  спакою – 

                       Ёсць  ціхіх думак вольны веснаход.

               (“Вось так –  з адкрытым небам – заначую...”)  [17, с. 5].

     Таму  і назва зборніка мае выразны  сімвалічны сэнс.

     У “Ясельдзе” выразна адлюстравалася тая акалічнасць, што маральна-этычныя каштоўнасці народнага жыцця, роднага свету Палесся з’яўляюцца галоўнымі арыенцірамі паэтэсы і яе лірычнага героя. Так, у вершы “Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён” Я. Янішчыц піша:

                 Мама, сею не жыта я, сею  не лён.

                 Але з лёну і жыта я  словы складаю.

                 І калі углядаюся ў  парасткі дзён – 

                 Чую крокі твае. І свае вямяраю.(патрыятычная лірыка).

                           [ 17, с. 75].

     Жыта, бяроза, сцяжына, зоры выступаюць вечнымі, нязменнымі катэгорыямі быцця і  маюць у творах эстэтычнае значэнне.

Жанравая своеасаблівасць лірыкі Яўгеніі Янішчыц