БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЯ
АКАДЭМІЯ
КАФЕДРА РУСКАЙ І БЕЛАРУСКАЙ
МОЎ
РЭФЕРАТ
ПА БЕЛАРУСКАЙ
МОВЕ
на тэму:
Дзейнасць
хрысцiянскiх асветнiкаў XII ст.
Выканала
студэнтка 1 курса
факультэта
Эканомiкi и Права
Мяшкова Ганна
Горкі 2012
Змест
1.Дзейнасць хрысцiянскiх асветнiкаў
XII ст.
2.Ефрасіння Полацкая
3.Кірыла Тураўскі
4.Вынік
5.Спіс выкарыстаных крыніц
Дзейнасць хрысцiянскiх
асветнiкаў XII ст.
Беларуская літаратура –
адна з найважнейшых галін мастацкай культуры
беларускага народа, своеасаблівае люстра
яго багатага духоўнага жыцця, яго дум,
імкненняў і перажыванняў, гуманістычных
ідэалаў, магутны сродак нацыянальнага
самавыяўлення.Яе шматвяковая гісторыя
– праўдзівы летапіс гісторыі нашага
народа, яго складанага лёсу.
Развіццё культуры кожнага
народа сацыяльна абумоўлена, дыктуецца
галоўнымi патрэбамі і густамі часу, культурна-гістарычнымі
ўмовамі жыцця грамадства. Яно абапіраецца
таксама на духоўны вопыт папярэдніх
пакаленняў, культурныя традыцыі мінулага,
якія з'яўляюцца неабходным сродкам сувязі
эпох, захавання пераемнасці і адначасова
служаць жыватворным фактарам культурнага
прагрэсу. Лепшыя традыцыі мінулага актыўна
ўдзельнічаюць у стварэнні новага.
Узнікненне ўсходнеславянскага
пісьменства было звязана з утварэннем
ва Усходняй Еўропе, куды перасяліліся
славянскія плямёны з агульнай прарадзімы,
першых дзяржаўных фарміраванняў. Вызначальную
ролю ў зараджэнні літаратуры адыграла
далучэнне ўсходнеславянскага грамадства
да высокай культуры Візантыі шляхам
прыняцця хрысціянства. Пісьменства
таго часу мела пераважна царкоўна-службовы,
гістарычны і юрыдычна-прававы характар,
калі вартасці твора вызначаліся
не эстэтычнымі крытэрыямі, не займальнасцю
апавядання, а яго карыснасцю ў
справе зацвярджэння хрысціянскага
веравызнання і ўмацавання дзяржавы.
Але з самага пачатку мастацкасць
у падачы матэрыялу стала абавязковым
элементам многіх жанраў пісьменства.
На гэтай глебе пачалося ўзаемадзеянне
з вусным слоўным мастацтвам, што
прывяло як да развіцця выяўленчых
магчымасцяў літаратуры, так і
да пашырэння яе сацыяльных функцый.
Багатая на ідэі
і вобразы, жанры і стылістычныя
плыні, літаратура старажытнай
Русі была цесна звязанай з
працэсамі этна-, соцыя- і культурагенезу
і адлюстроўвала ў сваім пачатку не столькі
ўплыў імперскай візантыйскай ідэалогіі
ці кіеўскіх “вялікадзяржаўных” памкненняў
(хоць, вядома, літаратура не была пазбаўлена
і гэтага), колькі апошнюю фазу глабальнага
працэсу разгалінавання славянства на
ўсходняе, паўднёвае і заходняе (кіева-наўгародскі
этап зараджэння пісьменства, XI ст.), росквіт
самога ўсходняга славянства і яго культуры,
які супадаў з пачаткам дыферэнцыяцыі
(XII – першая палова XIII ст.), яго распад,
новую этна-культурную кансалідацыю і
пачатак новай феадальнай цэнтралізацыі
(этап «літаратурнай кансервацыі», другая
палова XIII – першая палова XIV ст.). Аднак
варта памятаць, што на двух апошніх этапах,
як і ў XIV ст., складаліся, у выніку пачатку
паступовага адасаблення літаратуры ад
дыктату дзяржавы і царквы, творы агульнага
ўсходнеславянскага зместу і значэння.
Так, у рэтраспектыўным плане “Жыціе Аляксандра
Неўскага”, “Маленне Данііла Заточніка”
адзначаюць пачатак уласна рускай літаратуры,
Галіцка-Валынскі летапіс – літаратуры
ўкраінскай, “Жыціе Еўфрасінні Полацкай”
і творы Кірылы Тураўскага – беларускай.
Але ўсе гэтыя творы яшчэ захоўваюць агульную
значнасць для ўсіх усходнеславянскіх
народаў, між тым як “Аповесць пра Шаўкала”,
“Казанне пра Даўмонта” значныя толькі
ў кантэксце рускай літаратуры, а “Летапісец
вялікіх князёў літоўскіх” – толькі ў
кантэксце беларускай і г.д. Абапіраючыся
на высока-развітыя візантыйскую і балгарскую
літаратуры, яна, тым не менш, складалася
як з'ява арыгінальная і высокаідэйная,
а ў лепшых узорах – і як з'ява глыбока
народная. Найбольш важным пры гэтым было
тое, што літаратура ў цэлым не стала на
службу якой-небудзь асобнай сацыяльнай
карпарацыі (клірыкаў або феадалаў), а
выпрацавала агульназначны маральны ідэал
і з вышыні гэтага ідэалу звярталася да
ўсяго грамадства, брала на сябе важнейшыя
функцыі выхавання гістарычнай самасвядомасці,
усталявання міру і справядлівасці, сцверджання
агульначалавечых нормаў жыцця і паводзін,
а ў шырокім плане – выхавання чалавека
і грамадства, у тым ліку і выхавання эстэтычнага.
Гэты працэс супаў са станаўленнем арыгінальнай
жанравай сістэмы літаратуры, што абумоўлівала
ўстойлівасць сярэднявечных жанраў у
далейшым. 3 іншага боку, гэта давала пісьменніку
права выказваць свае непасрэдныя адносіны
да апісанага, ацэньваць навакольнае жыццё
і асоб. Таму і станаўленне арыгінальнай
беларускай літаратуры як з'явы нацыянальнай
адбывалася на моцнай глебе літаратуры
старажытнай Русі, якая прадстае перад
намі як развітая, спелая, высокаідэйная
і высокадухоўная па змесце і высокамастацкая
па форме.
Ефрасіння Полацкая
Сярод жанчын-асветніц
Ефрасіння (Еўфрасіння) Полацкая
з'яўляецца найбольш яркай постаццю.
Аднак жыццё і дзейнасць гэтай
падзвіжніцы кніжнай справы ў
Беларусі, фундатаркі і педагога
немагчыма апісаць грунтоўна
з-за адсутнасці дакументальных
крыніц. Пра яе жыццё і дабрачыннасць
распавядае толькі адна аповесць:
“Жыціе і смерць святой і
блажэннай і найпадобнейшай Ефрасінні,
ігуменні манастыра Святога Спаса
і Найсвяцейшай Ягонай Маці, што
ў горадзе Полацку”. Гэты твор,
часам перанасычаны “біяграфічнымі
гіпотэзамі”, значна большую
ўвагу надае перадачы ўнутранага
стану персанажа пры поўнай
упэўненасці, што чалавек павінен
быў паводзіць сябе толькі
належным чынам. Таму на падставе
“Жыція...” цяжка падаць рэальную
біяграфію Ефрасінні.
У дзяцінстве яна
мела імя Прадслава і, як
лічаць даследчыкі, паходзіла з
княжацкага роду. Яе дзедам быў
полацкі князь Усяслаў Брачыславіч,
а бацькам – малодшы з яго
сыноў Святаслаў-Георгій. Бяздоказнай,
хоць і прыгожай з'яўляецца
гіпотэза, што маці паходзіла
з сям'і, якая была ў сваяцтве
з домам візантыйскіх імператараў
Комнінаў. Год нараджэння Прадславы
дакладна не ўстаноўлены, а
прыблізна акрэсліваецца 1101-1105 гг.
Пра дзяцінства Прадславы ў
“Жыціі...” сказана вельмі мала,
але паведамляецца, што “была
дзяўчына вельмі здольная да
кніжнай навукі, нават не дасягнуўшы
яшчэ паўналецця, і было гэта
плёнам малітвы. Так любіла
вучэнне яна, што дзівіўся бацька
яе з любові такой да навук.
І па ўсіх гарадах разышлася
слава пра яе мудрасць, і добрыя
здольнасці да навук, і красу
цялесную, бо была яна прыгожа
надта абліччам”.
Прывабныя рысы, душэўная
чысціня дзяўчыны рана выклікалі
цікавасць да яе, і Прадславу
сталі наведваць шматлікія сваты,
каб парадніцца з вядомым полацкім
княжацкім домам. Бацька Прадславы
меў намер умацаваць сваё палітычнае
становішча дынастычным шлюбам
дачкі з сынам уплывовага князя,
які вылучаўся сярод іншых сваім княжаннем
і багаццем. Аднак Святаслава-Георгія
чакала роспач: пад уздзеяннем духоўнай
літаратуры дачка ўжо вырашыла прысвяціць
сябе служэнню людзям і Хрысту. Яшчэ зусім
маладая Прадслава разважала: “Што ж зрабілі
нашы роды, якія былі да нас? Жаніліся і
выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна
жылі; жыццё іх міма праляцела і загінула
іх слава, быццам прах і горш за павуцінне.
Затое жанчыны, якія жылі раней, і, узяўшы
мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім
Жаніхом і целы свае аддалі на пакуты,
і склалі галовы пад меч, а іншыя хоць і
не схілілі шыі свае пад жалеза, але духоўным
мячом адсеклі ад сябе плоцкія асалоды,
аддаўшы цела сваё на пост і надбанне,
і каленныя пакланенні, і зямельныя ляжанні,-
тыя памятныя на зямлі, іх імёны напісаны
на нябёсах, і яны там з анёламі Бога ўслаўляюць.
А слава гэтая – пыл і попел, быццам дым
разыходзіцца і нібы пара водная гіне”.
Аднойчы князёўна пакідае бацькоўскі
палац і ідзе ў манастыр. Даведаўшыся пра
гэта, бацька рваў на галаве валасы, а маці
плакала, як па нябожчыцы. Ды і ігумення
манастыра родная цётка Ефрасінні, жонка
Рамана Усяславіча, спрабавала адгаварыць
Прадславу: “Яшчэ ж маладая ты векам, каб
вынесці цяжар манаскага жыцця; як зможаш
пакінуць княжанне і славу гэтага свету?!”
Аднак не па гадах цвёрдая ў сваіх перакананнях
Прадслава яшчэ больш настойвае на сваім
рашэнні і нарэшце дабіваецца прыняцця
ў манастыр, нарачоная цудоўным імем Ефрасіння
(па-грэчаску – радасць).
Трэба адзначыць, што
манастыры ў ХІ-ХІІ стст. на
землях Беларусі адыгрывалі важную
ролю ў збіранні інтэлектуальнага
патэнцыялу грамадства. Яны з'яўляліся
цэнтрамі духоўнага жыцця. Тут
падзвіжнікі спасцігалі навуку,
набывалі мастацкі густ, а галоўнае,
вучыліся хрысціянскай дабрачыннасці.
Маладыя таленавітыя людзі маглі
раскрыць свае здольнасці літаратара,
мастака, кампазітара. Манахі
не парывалі духоўных сувязяў
са знешнім светам, а шчодра
дзяліліся з насельніцтвам набытымі
ў манастыры ведамі. Ефрасіння,
каб служыць свайму народу, самааддана
ўключылася ў вучэбны працэс і яшчэ
больш рупліваю стала, “збіраючы дабрачынныя
думкі ў сэрцы сваім, як пчала мёд у соты”.
Праз некаторы час,
прыкладна каля 1120 г., Ефрасіння,
адчуваючы пасіўнасць свайго
служэння і схільная да большага
падзвіжніцтва, атрымлівае дазвол
епіскапа Іллі і засяляецца
ў келлі, прыбудаванай да сцяны
полацкага Сафійскага сабора. Пры
саборнай бібліятэцы Ефрасіння
пачала перапісваць кнігі, а
грошы ад іх продажу аддавала
бедным людзям. Можна лічыць, што
была створана майстэрня-скрыпторый,
дзе працавалі апантаныя высокай
ідэяй людзі: перапісчыкі, пераплётчыкі,
мініяцюрысты і іншыя, адным
словам – майстры кніжнай справы,
галоўным клопатам якіх былі
не фінансавыя прыбыткі, а імкненне
данесці да людскіх сэрцаў
хрысціянскае слова. Верагодна,
Ефрасіння не толькі займалася
перапіскай кніг, але і сама
пісала літаратурныя творы, якія
не захаваліся. Існуе паданне,
што яна мела дачыненне да
стварэння летапісу Полацкага
княства, які да нас не дайшоў.
У канцы 1120-х гадоў
яна заснавала жаночы манастыр
пры Спаскай царкве ў мястэчку
Сяльцо непадалёку ад Полацка.
Пры падтрымцы епіскапа, які ў
прысутнасці сведак – Святаслава-Георгія
і яго старэйшага брата Барыса
Усяславіча – аддае Ефрасінні
патрэбны ўчастак і прароцкі
абвяшчае: “працай тваёй узвялічыцца
гэтае месца”. Манастыр святога
Спаса хутка набыў шырокую
вядомасць. Па просьбе Ефрасінні
бацька адпусціў у манастыр
яе малодшую сястру Гардзіславу
(у манастве Еўдакію) для навучання
грамаце. Прыкладна ў 1129 г. ў
манастыр прыходзіць і стрыечная
сястра Звеніслава (у манастве
Еўпраксія), ахвяруючы яму залатыя
рэчы і каштоўныя рызы. Сваю
вялікую справу Ефрасіння распачала
не маючы нічога, акрамя хлеба
і кніг, аднак неўзабаве ахвяраванні
манастыру ўзраслі і гэта дало
магчымасць пачаць будаўніцтва
новай царквы святога Спаса.
Работы ўзначаліў дойлід Іаан.
Будаўніцтва прайшло ў сціслы
тэрмін – усяго за 30 тыдняў. Царква
з'яўляецца дасканалым узорам
полацкай архітэктурнай школы.
Асветніцтва спрыяла ўпрыгожванню
храма унікальнымі фрэскавымі
размалеўкамі. Пазней яна падаравала
Спаскай царкве дарагі крыж, выкананы
па асабістым заказе і эскізам Ефрасінні
майстрам-ювелірам Лазарам Богшам у 1161
г.
Крыж Ефрасiннi
Полацкай
Крыж мае шасціканцовую
форму, велічынёю 51 см і выкананы
са срэбра, золата і дарагіх
каменняў. Па баках крыжа на
сярэбраных пазлачаных бляшках
знаходзiцца надпic на царкоўнаславянскай
мове, якi ёсць вельмi вартасным
i рэдкiм дакумантам тых часоў.
Напic у перакладзе: “Улета 6669 (гэта
зн. 1161) пакладае Еўфрасiння чэсны
крыж у cвaiм манастыры ў царкве
святога Спаса. Чэснае дрэва
бязвартаснае ёсць, а акаванне
яго: золата i срэбра i камене i перлы
100 грывен, а да... (тут напic пашкоджаны)
40 грывен. Каб нiколi не выносiўся
з манастыра, не аддаваўся,
не прадаваўся. Калi ж хто не
паслухаецца i вынесе з манастыра,
каб яму не ўспамагаў чэсны
крыж нi ў гэтым жыццi, нi ў
будучым, i хай будзе пракляты
святою i жыватворчаю Тройцаю i святымi
318 айцамi i сямю саборамi святых
айцоў, i хай яго спаткае доля
Юды, якi прадаў Хрыста. Хто адважыцца
зрабiць гэта... (зноў пашкоджана)
вяльможа, цi князь, цi бicкуп,
цi iгумення, цi любы iншы чалавек,
хай на iм збудзецца гэтае пракляцце.
Еўфрасiння ж раба Хрыстова, зладзiўшая
гэты крыж, прыме вечнае жыццё
з yciмi святымi”.
Выклiканы гэты напic
тым, што даўней грабленне цэркваў
не было рэдкiм з'явiшчам, нават
у спакойны час. Нават caмi
архiрэi, асаблiва грэкi, не раз
забiралi з цэркваў вартасныя
рэчы. У Полацку якраз займаў
епicкапскi пасад грэк Козма
(1143-1156), магчыма, ён прычынiўся
да тагo, што ў надпicе не забылiся
ўпамянуць i "бicкупа".
Пры канцы ручкi на
крыжы ёсць надпiс майстра:
“Госпадзе, памажы рабу свайму
Лазару, званаму Богшам, зрабiўшаму
гэты крыж для царквы святога
Спаса i Еўфрасiннi”. Пачатак гэтага
надпicу зусiм тaкi самы, якi сустракаецца
на Барысавых камянях.
На крыжы знаходзяцца
выкананыя ў перагарадчатай Biзантыйскай
эмалi абразы Хрыста, Багародзiцы i святых,
акаля ix адпаведныя надпicы. З надпicаў
таксама даведваемся аб тых мошчах, якiя
знаходзяцца ў крыжу:
1) частка дрэва, акропленая
крывёю Icyca Хрыста,
2) крыху большая частка
дрэва св. Крыжа,
3) камень ад гроба Багародзiцы,
4) частка мошчаў першамучанiка
Сцяпана,
5) кроў св. Дзмiтра,
6) частка мошчаў св. Панцялеймана.
На вялiкi жаль, невядома,
дзе гэты крыж знаходзiцца сёння,
якая яго спаткала доля. Каля 1930
г. з’явiлicя звeсткi ў газетах,
што яго прадалi ў Швецыю.
Разнастайная дзейнасць
Ефрасінні ўражвае багаццем ініцыятыў
і паслядоўнасцю іх рэалізацыі ў жыццё.
Але найбольшую ўвагу асветніца надавала
духоўнаму самаўдасканаленню і вучыла
добраму і вечнаму сваіх слухачоў і вучняў.
Кожны дзень яна павучала манашак цярплівасці
і духоўнай чысціні, павазе да старэйшых,
любові да тых, хто побач. Яна рыхтавала
іх да магчымых у будучым жорсткіх выпрабаванняў
у адвечнай барацьбе Дабра і Зла. “Вось
я сабрала вас, нібы квактуха птушанятаў,
пад крылы свае і на пашы, быццам авечак,
каб вы пасвіліся ў запаведзях Божых. І
я вясёлым сэрцам стараюся вучыць вас,
бачачы плён вашай працы, і гэтакі дождж
праліваю да вас вучэннем. А нівы вашы
ў той жа меры стаяць, не ўзрастаючы, не
ўзыходзячы ўгору”. З палымянымі словамі
Ефрасіння звярталася да людзей не толькі
ў манастыры, але і за яго сценамі. Яна
выступала з міратворчымі пропаведзямі
перад усімі, хто імкнуўся паслухаць яе
парады, знайсці дапамогу і заступніцтва.
“Была яна памочніца пакрыўджаным, зажураным
суцяшэннем, распранутым адзеннем, хворым
наведваннем ці, проста кажучы, – для ўсіх
была ўсім. Ефрасіння сэрца сваё ўспойвала
Божаю мудрасцю. Ефрасіння – незвядальная
кветка райскага саду, арол, што, лунаючы
ў небе, праляцеў ад захаду на ўсход, як
прамень сонечны, прасвятліўшы зямлю Полацкую”,
– вось сціслая характарыстыка агіёграфа,
якую ён занатаваў у “Жыціі...” хрысціянкі-асветніцы.
“Яна не хацела бачыць, каб хто варагаваў:
ні князь з князем, ні баярын з баярынам,
ні з простых хто са сваім сябрам, але ўсіх
жадала бачыць адзінадушнымі”.
На схіле дзён Ефрасіння
адважылася на духоўны ўчынак.
У сярэдзіне зімы 1167 г. яна разам
з малодшым братам Давыдам,
стрыечнай сястрой Еўпраксіяй
і іншымі спадарожнікамі накіравалася
ў Святую зямлю. Пасля непрацяглага
наведання Канстанцінопаля Ефрасіння
нарэшце дасягае мэты свайго
падарожжа. Аслабелая жанчына
цяжка захварэла і 23 (24) мая
1167 г. памерла. У літаратуры
смерць Ефрасінні датуецца 1173 г.,
што вымагае далейшых даследаванняў.
Цела памерлай Давід і Еўпраксія
з адпаведнымі ўшанаваннямі паклалі
ў Феадосіевым манастыры непадалёку
ад Іерусаліма. Пасля заваявання
Палесціны Салах-ад-Дзінам у 1187
г. рэшткі цела (мошчы) Ефрасінні
былі вывезены і змешчаны ў
дальніх пячэрах Кіева-Пячэрскай
лаўры. І толькі ў 1910 г. цела
асветніцы вярнулася з трыумфам
на радзіму ў Полацк.
Здаецца, звычайная
жанчына-палачанка, а які яркі
след пакінула ў гісторыі і
памяці беларускага народа! Ефрасіння
разумна распарадзілася сваім
жыццём і поўнасцю аддала яго
на служэнне Богу і людзям.
У гэтай высакароднай жанчыне
спалучаліся і палітычная дальнабачнасць,
і невычарпальная душэўная энергія,
супакаенне і пылкасць, і разважлівасць,
і шчырая вера, але перш за
ўсё – любоў.
Дзякуючы дзейнасці
Ефрасінні полацкая Сафія стала
важным цэнтрам духоўнай культуры
Беларусі, а сабраная асветніцай
культуры Беларусі, а сабраная
асветніцай бібліятэка дала магчымасць
атрымаць добрую адукацыю многім
пакаленням палачан і далучыцца
да духоўных скарбаў чалавецтва.
Ефрасіння Полацкая
– адна з першых жанчын сярод
усходніх славян, якую праваслаўная
царква абвясціла святой, яна
прылічана да Сабора Беларускіх
Святых (1984). Ефрасіння прызнана святой
і ў каталіцкай царкве. Вернікі
лічаць найпадобную Ефрасінню
Полацкую нябеснай заступніцай
беларускай зямлі. Яе імя носяць
цэрквы ў г. Саўт-Рывер (ЗША)
і Таронта (Канада).
Кірыла Тураўскі
Кірыла Тураўскі (каля
1130 – пасля 1190), пісьменнік, царкоўны
дзеяч, багаслоў. Звестак пра яго
жыццё няшмат. У рукапісных пралогах
захавалася яго “Жыціе” –
кананічная царкоўная біяграфія:
“Гэты шчасны Кірыла, – гаворыцца
ў ёй, – нарадзіўся і выхаваўся
ў горадзе Тураве. Сын заможных
бацькоў, ён не любіў, аднак
жа, Багацця і тленнай славы
гэтага свету; але найперш стараўся
спасцігнуць вучэнне боскіх кніг
і добра напрактыкаваўся ў
святых пісаннях”. Атрымаў добрае
хатняе выхаванне, пазней спасціг
вышэйшыя навукі і мастацтвы
ад грэчаскіх настаўнікаў. Па-майстэрску
валодаў народнай вобразнай і
стараславянскай мовамі, глыбока
ведаў візантыйскую культуру, асабліва
паэзію і красамоўства. Рана стаў
паслушнікам аднаго з тураўскіх
манастыроў. Кірыла Тураўскі быў
першым вядомым на Русі «стоўпнікам»
(зачыніўся ў манастырскай вежы,
каб поўнасцю аддацца роздуму
і малітвам). Там ён не толькі сузіраў
свет Божы і маліўся: у затвор малады паслушнік
перанёс багатую на той час бібліятэку
і напісаў там свае першыя творы.
Каля 1169 князь Юрый
Яраславіч з тураўскімі старэйшынамі
ўпрасілі Кірылу-мніха прыняць
епіскапства. У першы год свайго
служэння тураўскі епіскап набыў
вядомасць удзелам у так званай
«справе Феадорца». Нейкі Фёдар
з Уладзіміра-Суздальскага княства,
выкарыстаўшы славалюбівыя планы
князя Андрэя Багалюбскага, пачаў
раскол да гэтага часу адзінай
праваслаўнай царквы на Русі.
Кірыла Тураўскі дасціпна выкрыў
ерась Феадорца і пракляў яго,
а да Андрэя Багалюбскага напісаў
шмат пасланняў па гэтай справе,
якія, аднак, не захаваліся. На
думку даследчыка спадчыны Кірылы
епіскапа Яўгенія, сваімі пасланнямі
да Андрэя Багалюбскага асветнік
імкнуўся па-хрысціянску паўплываць
на князя ўсходняй Русі.
На думку даследчыкаў
(І.Яроміна, В.Чамярыцкага), да літаратурнай
спадчыны Кірылы Тураўскага належаць
8 слоў-казанняў, 2 прытчы пра душу
і цела, альбо пра сляпога і
кульгавага (кароткая і поўная рэдакцыі),
2 казанні пра манаскі чын і ангельскі
вобраз, 2 пасланні да Васіля ігумена Пячорскага,
2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў,
дзе з найбольшай глыбінёй выявіліся асоба
пісьменніка, яго духоўныя перажыванні.
Апошнія творы Кірыла Тураўскі напісаў,
верагодна, ужо пасля таго, як зноў адышоў
ад грамадска-царкоўнай дзейнасці, жыў
у келлі пры царкве св. Міколы ў Тураве,
засяродзіўшыся на малітвах і багаслоўскай
творчасці. Памёр асветнік у апошняе дзесяцігоддзе
ХІІ ст. Яго памяць царква шануе 28 красавіка
па старому стылю.
Творы Кірылы Тураўскага
набылі вялікую папулярнасць
на Русі і распаўсюджваліся
ў спісах ХІІ-ХVІІ стст. Яго
малітвы друкаваліся ў Беларусі
ў «Евангелии учительном» (Заблудаў,
1569) І.Фёдарава і П.Мсціслаўца, у
«Молитвах повседневных» (Еўе, 1615;
Вільня, 1635) і інш. выданнях. У 1821
К.Калайдовіч выдаў 15 твораў Кірылы
ў «Помніках расейскай славеснасці
XII ст.». Пазней епіскап менскі
і тураўскі Яўгеній выдаў зборнік
яго твораў у перакладзе на
расейскую мову (Кіеў, 1880). Акадэмічнае
выданне літаратурнай спадчыны
беларускага асветніка ажыццявіў
І.Яромін у 1956-1958. Ю.Лабынцаў перавыдаў
факсімільным спосабам (1992) малітоўныя
творы Кірылы з віленскага
выдання «Молитвы повседневные»
(1956).
Казанні, альбо «Словы»,
св. Кірылы ахопліваюць велікодны
цыкл нядзельных і святочных
дзён ад Вербніцы («нядзелі Ваій»)
да Ушэсця. Кожнае з іх, з'яўляючыся
класічным творам красамоўніцкага
мастацтва, адлюстроўвае пэўную
грань багаслоўска-філасофскіх і
грамадска-этычных поглядаў пісьменніка.
Калі тэалагічныя ідэі Кірылы
Тураўскага адлюстраваны відавочна
і не заўсёды ўзгадняюцца з
артадаксальным праваслаўным багаслоўем,
то сацыяльна-філасофскае вучэнне
прысутнічае ў яго творах у
скрытых формах прытчаў, мастацкіх
вобразах і сімвалах. Ён нідзе
не сцвярджае, што Бог стварыў
сусвет з “нічога”, з нейкай
пустаты, як гэта прыпісваецца
яму даследчыкамі хрысціянскай
філасофскай анталогіі. Услед
за ўсходнімі айцамі царквы
ён упадабляе Бога-Дэміурга мастаку
і дойліду, які стварыў дасканалы твор
– космас, зямлю і неба, расліны і жывёлы,
урэшце чалавека – вянец гэтага тварэння.
Распавядаючы пра цэнтральную падзею
вербнага тыдня – трыумфальны ўезд Хрыста
ў Ерусалім за тыдзень да яго смяротных
пакут і ўваскрэсення, пісьменнік усклікае:
“Ныне шествует в Ерусалім – измеривый
небо пядію и Землю дланію”. Таму і паслядоўнікаў
Хрыста, духоўных кіраўнікоў хрысціянства
– патрыярхаў, архірэяў, ігуменаў, іерэяў
“і ўсіх царкоўных вучыцеляў” ён называе
“ўмелымі будаўнікамі слаўнага і вельмі
чэснага дому” (“Слова ў нядзелю Ваій”).
У “Слове на антыпасху”
пісьменнік кідкімі жывапіснымі
метафарамі малюе веснавое абнаўленне
прыроды як урачысты гімн прыгожага
тварэння свайму Творцу: “Ныне
солнце красуяся к высоте восходить
и, радуяся, землю ограваеть:
взиде бо нам от гроба праведное
солнце Хрыстос и вся верующая
Ему спасаеть. (...) Днесь весна
красуеться, оживляюши земное естьство,
и бурніи ветри, тихо повевающе,
плоды гобозують (спеляць) і
земля семена питающе зеленую
траву рождаеть. Весна убо красная
вера есть Христосова, якоже крещеніем
поражаеть человеческое паки
естьство; бурніи же ветры –
грехотворніи помыслы, иже покоянием
претворившеся на добродетель
– душеполезныя плоды гобозують.
Земля же естьства нашаго, акы
семя Слово Божіе пріимши (...),
дух спасенія рождаеть”. У
“Слове пра паралізаванага”
аўтар ад імя гэтага пакутніка
выказвае думку пра асноўную
прыкмету боскай прыроды Хрыста:
ён не чарадзей, нават не анёл,
але сам Бог, таму што “слова
яго сталася справай”. Бог жа
адносна створанай ім прыроды
выступае як вярхоўны заканадаўца,
які ўтрымлівае быццё ў стане
дынамічнай, рухомай гармоніі (“Слова
пра сляпога”).
Законы прыроды, паводле
Кірылы Тураўскага, ёсць тое, што
на метафарычнай мове багаслоўя
называецца “страхам боскім”,
ім “движется земля, расседается
каменіе, животная трепещють,
горы куряться, светила раболепно
служать, облаци и воздушная
тварь повеленіе творять” (“Прытча
пра чалавечую душу і цела”).
Вось чаму ўваскрэсенню Хрыстоваму
радуецца ўся зямля, неба ўпрыгожваецца
светачамі-зоркамі, і ўся прырода красуецца,
прасветленая Збавіцелем Хрыстом, які,
учалавечыўшыся, прыйшоў у свет зямнога
жыцця, каб абнавіць яго, прасвятліць боскім
святлом. У пакаяльных малітвах паэт бачыць
прамудрасць, дабрату і красу Бога-Стваральніка
паводле дасканаласці яго тварэння –
Сусвету, падпарадкаванага законам боскай
гармоніі. Боскай воляю зямля трымаецца
ні на чым, мора абмежавана пяском, ёю праведзеныя
рэчышчы вялікіх і малых рэк, вада хмараў
трымаецца ў паветры, сонца гарыць няспынна,
месяц свеціць са страхам і зорка здзяйсняе
свой мудры дух.
Кірыла Тураўскі развівае
багаслоўскую традыцыю ўсходніх айцоў
хрысціянскай царквы, паводле якой
Бог ёсць непазнавальны ў паняццях,
трансцэндэнтны (па-за межамі людскога
вопыту) Дух як абсалютны суб'ект,
які сімвалічна пазнаецца праз пазнанне
і ўмілаванне створанага ім дасканалага
сусвету, праз веру і любоў да Яго
адзінароднага і аднаіснага з
ім Сына Ісуса Хрыста, праз якога
адбылася тайна спалучэння Духа і
цела, Бога і чалавека, трансцэндэнтнага
і іманентнага светаў. А праз гэту
тайну стала магчымым выратаванне
чалавека і ўсёй «плоці» прыроды,
іх далучэнне да трэцяй іпастасі Святой
Тройцы – да Святога Духа, стала
рэальнай перамога жыцця над смерцю,
святасці над грахом. Багаслоўская
канцэпцыя Кірылы Тураўскага грунтуецца
на гэтых асноўных пастулатах хрысціянскага
светапогляду.
Дарэчы, у творах асветніка
ёсць шмат красамоўных вобразных
думак пра ўчалавечанне Сына
Божага, які жыў з людзьмі і
самаахвяраваўся для іх духоўнага
абнаўлення.
Хрысталагічная праблема
надае разнастайным жанрам спадчыны
беларускага асветніка светапоглядную
цэласнасць, аб'ядноўвае яго філасофскія,
сацыяльна-палітычныя, этычныя, эстэтычныя
погляды, злучае яго аксіялогію
з хрысціянскай тэалогіяй. Ён
жыў у эпоху, калі хрысціянства
на Русі яшчэ сутыкалася з
жывой язычніцкай плынню ў
народнай культуры, а ўсяленская
царква яшчэ не закончыла барацьбу
з уплывамі праціўнікаў Хрыста
– так званымі “старазапаветнікамі”,
з разнастайнымі рэлігійна-філасофскімі
школамі гнастыцызму, прыхільнікі якога
спалучалі хрысціянскія догматы з эліністычнымі
філасофскімі сістэмамі.
У царкоўным асяроддзі
сярэдневяковай Русі склалася
негатывісцкая канцэпцыя язычніцкай
культуры, паводле якой паганскія
багі ёсць “бесы” альбо іхнія
слугі, іх неабходна выкрываць,
па магчымасці не ўпамінаць
іх імён. На гэтым ідэалагічным
фоне асветніцтва Кірылы Тураўскага
вызначаецца сваёй памяркоўнасцю,
цярпімасцю да народнай культуры.
Паганская міфалогія ўяўлялася
яму верай у створаную прыроду,
а не ў самога Творцу.
Абвяржэнню арыянства,
прыхільнікі якога адмаўлялі
саму найглыбейшую існасць хрысціянства
– боскую прыроду Хрыста і
яго богачалавечую місію на
зямлі, Кірыла Тураўскі прысвяціў
твор “Слова на пахвалу 318-ці
айцоў Нікейскага сабору”. Гэты
першы ўсяленскі сабор асудзіў
антытрынітарызм арыянства і
зацвердзіў асновы хрысціянскага
Сімвала веры – траістасць
Бога і аднасутнасць Сына з
Айцом. Нягледзячы на свой пафас
нецярпімасці да арыянскай ерасі,
асветнік дакладна вызначыў сутнасць
вучэння “папы Александрыйскай
царквы” Арыя (не толькі Хрыстос,
але і ўсё створанае Богам
– людзі і прырода
– іншасказальна могуць
называцца “сынамі Божымі”, адмаўленне
спрадвечнасці Хрыста і Яго аднасутнасці
з Айцом) і нават прызнаў філасофскую
“злохітрасць” ератыка. Аднак у
адпаведнасці з жанрам урачыстага і
разам з тым выкрывальніцкага
твора, звернутага да народа, Кірыла Тураўскі
рэдка карыстаўся лагічнымі довадамі
ці хоць бы спасылкамі на аўтарытэты, спадзяваўся
на сугестыўнасць (унушальнасць) вытанчаных
сродкаў паэзіі і аратарскага
мастацтва.
Спавядальныя малітвы
Кірылы Тураўскага – шчырае
лірычнае самараскрыццё душы
чалавека перад сваімі нябеснымі
бацькамі – Богам Айцом, Сынам
Божым, Маці Боскай і заступнікамі
людзей перад Богам, яго святымі:
“Знаю, – кажа спавядальнік
словамі паэта, – што Ты
прывёў мяне з небыцця ў
быццё і ўпрыгожыў падабенства
Свайго вобраза, даўшы ў дар
мне слова і розум. Ты ўзнёс
мяне вышэй за жывёлу і паставіў валадаром
усяго тварэння. І вось я, як дзіця, падмануты
ворагам маім, і падпаў пад уладу крайняй
пагібелі (...) Хоць я ўвесь нячысты і апаганены,
але спадзяюся на Тваю літасцівасць, бо
Ты не адхіліў дзве лепты ўдавы, але пахваліў
яе пераважна перад іншымі, а таксама і
мытара, што маліўся са скрухаю, апраўдаў”.
Бог, кажа Кірыла Тураўскі ў сваіх малітвах,
стварыў чалавека самаўладным, а ён падпарадкаваўся
граху і нячысціку, зацямніўшы сваю першаствораную
красу. І вось чалавек просіць Хрыста ўкрыжаваць
цела яго страхам боскім, вызваліць думкі
ад усяго зямнога і далучыць да нябеснага,
а Багародзіцу моліць заступіцца за яго
перад нябесным Царом. Цыкл малітваў завяршае
“Канон малітоўны” – своеасаблівы паэтычны
“магістрал”, які падсумоўвае страсны
самааналіз чалавека, самавыкрыццё яго
неспакойнай душы, якая імкнецца да неба,
але крылы яе абцяжараныя зямнымі страсцямі
– самалюбствам, зайздрасцю, злосцю, варожасцю,
непрымірымасцю ды іншымі грахамі душы
і цела.
Праблему чалавека
ў яго грамадскім быцці Кірыла
Тураўскі сімвалічна выявіў у
дзвюх прытчах (кароткай і падрабязнай)
пра сляпога і кульгавага, альбо
пра чалавечую душу і цела.
Як і ў іншых сваіх творах,
пісьменнік выкарыстаў як сюжэтную
аснову евангельскае апавяданне
пра “дамавітага” гаспадара,
які насадзіў вінаград і паставіў
варту ля яго варотаў. Але
развіў гэты сюжэт у складаны
красамоўніцкі твор дыдактычна-філасофскага
і сацыяльна-этычнага зместу. Дамавіты
гаспадар тут сімвалізуе Бога,
стваральніка сусвету, сад-вінаград
(вертаград) – зямля і “свет
гэты”, кульгавы – цела чалавека,
а сляпы – яго душа, агароджа
вакол саду – законы і запаведзі
Божыя, а незачыненыя вароты, якія
вядуць у сад, – шлях да
пазнання Творцы і створанага
ім сусвету. Сляпы і кульгавы,
аб'яднаўшы свае сілы (сляпы нёс
кульгавага, а кульгавы паказваў
дарогу), самавольна трапілі ў
сад, каб паспрабаваць забароненых
пладоў. “Сляпая” душа і “кульгавае”
цела сімвалізуюць недасканаласць
чалавечага грамадства, якое “кантрабандай”
авалодала тайнамі боскага тварэння,
не ў стане (па сваёй грахоўнасці
і маральнай недасканаласці) выкарыстаць
іх для дабра.
У апошніх творах
красамоўніцкага жанру (пасланнях
да ігумена Кіева-Пячорскага манастыра
Васіля), арыгінальных прытчах Кірыла
Тураўскі раскрыў глыбокі сацыяльна-этычны
сэнс манаскага жыцця і ўскосна
выкрыў недасканаласць дзяржаўнага
ладу, зямной улады наогул, якая
служыць грахоўнай прыродзе чалавека,
а не яго духоўнаму ўдасканаленню.
Тут, сярод чалавечай улады,
выяўляецца духоўная місія “манаскага
чына” – даць чалавеку і
грамадству ўзоры быцця з Богам
і для боскага промыслу, жыцця
паводле вядомай малітвы: ціхага
і мірнага, у чысціні і ў
адпаведнасці з боскай праўдай.
Для хрысціянскай культуры
таго часу багаслоўская паэтычная,
красамоўніцкая і асветніцкая
творчасць Кірылы Тураўскага
была сапраўдным адкрыццём красы
і мастацкай выяўленчай сілы
роднай мовы. Пісьменнік добра
ведаў класічную візантыйскую
рыторыку і паэтыку, творча
выкарыстаў гэту багатую эстэтычную
традыцыю, узбагаціўшы культуру
і мову свайго народа. З пазнейшых
беларускіх асветнікаў бадай
што адзіны Сімяон Полацкі
дасканала валодаў красамоўніцкім
майстэрствам, хоць і ўступаў
свайму выдатнаму папярэдніку
ў сіле і прыгажосці лірычнага
самавыяўлення.

