Дзейнасць злучэнняў Віленска-Навагрудскай акругі Арміі Краёвай ў Заходняй Беларусі ў ліпені 1944 – студзені 1945 гг

УДК 947,6

Дзейнасць злучэнняў  Віленска-Навагрудскай акругі Арміі  Краёвай ў Заходняй Беларусі ў  ліпені 1944 – студзені 1945 гг.

Ярмац А.A., Yarmats A.A.

Аспірант гістарычнага факультэта БДУ, магістр гістарычных  навук

Уводзіны. Вызваленне Беларусі ад нямецкіх захопнікаў не стала для жыхароў краіны заканчэннем вайны. У заходняй яе частцы разгарнулася барацьба паміж Чырвонай Арміяй, органамі бяспекі савецкай улады і прадстаўнікамі польскага нацыянальнага падполля. Паступовае пашырэнне кола даступных крыніц дае магчымасць больш глыбокага вывучэння гэтай маладаследаванай старонкі навейшай гісторыі Беларусі.

У сувязі з набліжэннем  савецкіх войск, 12 ліпеня 1944 г. кіраўніцтва  АК выдала да сваіх удзельнікаў адмысловую інструкцыю з правіламі паводзін у адносінах да Чырвонай Арміі "Адносіны да Саветаў". Так як савецкае кіраўніцтва не вызнавала польскі эмігранцкі ўрад, СССР называўся праціўнікам Арміі Краёвай. Камандзірам злучэнняў АК рэкамендавалася без вайсковай неабходнасці не ўступаць у кантакты з савецкім вайсковым камандаваннем, а салдатам забаранялася весці палітычныя размовы з савецкімі байцамі. Галоўная ўвага ў дакуменце звярталася на тое, што ў выпадку прымусовага уключэння атрадаў АК у склад Чырвонай Арміі ці арміі Берлінга, рэкамендавалася пратэставаць, нават распускаць атрады і хаваць зброю. Ні ў якім разе не дазвалялася фарміраванням АК першымі уступаць у сутычкі з партызанамі і атрадамі савецкай арміі [1, с. 72].

Асноўная частка. Адделы Віленска-Навагрудскай акругі, пасля завяршэння аперацыі "Вострая Брама" сканцэнтраваліся на поўдзень ад Вільні. Камендант акругі Аляксандр Кжыжаноўскі пайшоў на кантакт з кіраўніцтвам ІІІ-га Беларускага фронта для абмеркавання магчымага супрацоўніцтва. Але савецкі бок не планаваў не разглядаў Армію Краёву ў якасці саюзніка. Неўзабаве кіраўніцтва АК было запрошана на перамовы ў раён в. Багушы ля Вільні, дзе 17-18 ліпеня і было арыштавана 26 афіцэраў Віленска-Навагрудскай акругі АК [2, s. 174-175]. У той жа дзень савецкімі органамі дзяржбяспекі быў арыштаваны Кжыжаноўскі. Усяго за два дні было раззброена больш 3 тысяч салдат АК, якія былі накіраваны на пункты зборы для далейшай службы ў шэрагах Чырвонай арміі і арміі Берлінга [3, с. 37]. Тым не менш, большасць афіцэраў і салдат акругі пазбегла арыштаў і павінна было прыймаць рашэнне аб сваіх далейшых дзеяннях. З-за частых кадравых перастановак і адсутнасці рэальнага кіраўніцтва, фактычна, кожны шараговы камандзір сам вырашаў далейшы лёс свайго атрада: скласці зброю і ўступіць ў армію Берлінга, прабівацца на Захад, альбо прадоўжыць барацьбу, але ўжо супраць савецкай улады на Віленшчыне і Навагрудчыне.

З ліку апошніх, у канцы  ліпеня – пачатку жніўня фарміравалася  структура Віленска-Навагрудскай акругі АК, якую ўзначаліў Ю. Кулікоўскі ("Рынграф"). Ён прыняў рашэнне аднавіць канспірацыйную сетку АК у рэгіёне [2, s. 176]. Галоўнаму штабу акругі падначальваліся злучэнні:

а) "Поўдзень", пад  кіраўніцтвам Ч. Заянчкоўскага ("Рагнера"), дзейнічала ў Навагрудскім, Дзятлаўскім, Ляхавічскім, Лідскім і Жалудокскім  раёнах;

б) "Поўнач", пад кіраўніцтвам Я. Барысевіча ("Крысі"), дзейнічала ў Воранаўскім, Радунскім і Васілішкаўскім раёнах;

в) "Усход", пад кіраўніцтвам Я. Камінскага ("Загон", "Аркан"), дзейнічала ў Іўеўскім, Юрацішкаўскім, Ашмянскім і Лідскім раёнах.

Злучэнне "Захад", якое таксама фігуравала ў дакументах органаў дзяржбяспекі, не было адноўлена [2, s. 178]. Акрамя злучэнняў, у склад акругі ўваходзілі асобныя брыгады, рэзервовыя абводы, "пляцувкі", з якіх папаўняўся склад асноўных злучэнняў [4, с. 273].

Найбольў актыўную працу  па рэарганізацыі сіл разгарнула злучэнне "Поўдзень". Пасля вызвалення Вільні сумеснымі намаганнямі савецкіх і польскіх падпольных сіл, у ліку тых кіраўнікоў польскіх нацыянальных фарміраванняў, што пазбеглі арышту ў ліпені 1944 г., быў і Чэслаў Заянчкоўскі. Яго атрад, падчас свайго знаходжання ля Вільні, адмоўвіўся скласці зброю па закліку савецкага камандавання і, больш таго, уступіў у бой з рэгулярнай часткай Чырвонай Арміі. У выніку большая частка атрада была рассеяна [5, с. 213].

З групай найбольш правераных паплечнікаў, каля трыццаці чалавек, “Рагнер” зрабіў спробу аднавіць канспірацыйную сетку Навагрудскай акругі на тэрыторыі Лідскага павета, дзе раней дзейнічала 311 “пляцувка” АК. Вярнуўся на ўказаную мясцовасць Заянчкоўскі у канцы ліпеня – пачатку жніўня 1944 г. і адразу заступіў да актыўнай арганізацыйнай дзейнасці. На пасаду каменданта ўзброеных сіл у канспірацыі “Рагнерам” 5 жніўня 1944 г. быў прызначаны Пётр Барташ (“Рычэ”), які пазней распаўсюдзіў свой першы загад, у якім называліся імёны яго намесніка – Альфрэда Матулевіча (“Фрэда”), а таксама шэфа па спецыяльных заданнях – Ежы Баклажэца (“Пазуркевіча”) [6, а. 163].

Задачамі камендатуры, што ўзначальваў “Рычэ”, былі каардынацыя  ўсёй канспірацыйнай працы ў акрузе, ажыццяўленне кантролю над ідэйнай  працай арганізацыі, дзейнасцю ўдзельнікаў раённых кампаній, правядзенне уліку выканання загадаў і правільнасці рапартаў. Тэрыторыя злучэння падзялялася на участкі, а тыя, у сваю чаргу, на кампаніі. Злучэнне "Поўдзень" падзялялася на участкі з канспірацыйнымі назвамі "Леон", "Клера", "Амеля", шэф кожнага з якіх павінен быў мець у распараджэнні трох сувязных і падводу. Праца арганізацыі была размеркавана па наступным аддзелам: арганізацыйны, разведкі, мабілізацыі, сувязі і прапаганды, канспірацыі, экзекуцыі, легалізацыі.

Кіраўнік прапаноўваў  весці шыфраваныя дзённікі працы  аддзяленняў, кожныя 10 дзён афармляць  рапарты аб інспекцыі арганізацыі [6, а. 164].

У наступных загадах  Заянчкоўскага і Барташа ўдакладняліся  накірункі дзейнасці асобных  аддзяленняў. Так, адказны за прапаганду “Фрэд” павінен быў забяспечыць друкаванымі матэрыяламі, радыё, як удзельнікаў канспірацыі, так і насельніцтва, што непасрэдна не належала да АК. Пры аддзяленні павінны былі існаваць адказныя за грамадзянскую, ваенную прапаганду і інш. У распараджэнне “Фрэда” былі перададзены радыёапараты, акумулятары да іх, фарбы, папера капіравальная і звычайная, што меліся на тэрыторытыі злучэння. Каменданты асобных участкаў са згоды кіраўніка аддзела прапаганды ці самога “Рагнера” прызначалі участковых шэфаў прапаганды. Асаблівая ўвага надзялялася таму, каб прапагандысцкія матэрыялы былі дастаўлены ў кожную вёску на тэрыторыі злучэння. Пры надзвычайных абставінах - набліжэнні да мясцовасці савецкіх атрадаў, напрыклад, задачай аддзялення было інфармаванне аб гэтым мясцовага насельніцтва. У кожнай вёсцы меркавалася мець двух сувязных. У выпадку трывогі яны дзяжурылі цэлы дзень, а ўначы чальцы арганізацыі павінны былі выстаўляць узброены патруль. Абавязкам камандзіра кожнага ўзвода было папярэджанне акаўцаў суседніх вёсак аб набліжэнні праціўніка, інфармаванне кіраўніцтва аб колькасным і якасным складзе частак праціўніка, што знаходзяцца на тэрыторыі размяшчэння ўзвода (6, а. 164-165).

Камандзіры асобных  участкаў павінны былі да 1 кастрычніка 1944 г. прадставіць “Пазуркевічу” інфармацыю аб сваім колькасным складзе, указаць у рапартах колькасць і від узбраення па кожнай кампаніі. Новыя чальцы прымалі прысягу з дазволу каменданта кампаніі ці яго намесніка. Непасрэдна асабісты склад узброеных сілаў у канспірацыі падзяляўся на тры катэгорыі: часткі для спецыяльных заданняў, аддзелы “першай гатоўнасці”, аддзелы “другой гатоўнасці”.

Да аддзелаў “першай  гатоўнасці” адносіліся ўзброеныя  фарміраванні, што выконвалі непасрэдныя  заданні кіраўніцтва. У іх склад  уваходзілі патрулі і пасты, атрады для выканання асобных задач. Пасля задання камандзіры адпускалі салдат дахаты да атрымання загада аб наступнай аперацыі. Раз у тыдзень павінны былі праводзіцца нарады з мэтай вайсковага навучання.

Аддзелы “другой гатоўнасці”  уключалі усіх чальцоў канспірацыі нават простых прыхільнікаў АК, знаёмых з ужыццём зброі. У кожнага каменданта узвода павінны былі быць спісы мабілізаваных па вёсках. Аб размяшчэнні складоў зброі на тэрыторыі участка ведалі толькі камендант і яго намеснік.

Важкая роля адводзілася аддзяленню экзекуцыі і ваенна-палявому суду. На падставе данясенняў разведкі ці пратаколаў камендантаў “пляцувак” выносіўся прысуд, за выкананне якога адказвала аддзяленне экзекуцыі. Згодна загаду №2 ад 18.09.1944 г. пакарання смерцю заслугоўвала “невыкананне загадаў сваіх камандзіраў, здрада ці праца супраць польскага народа ці польскай дзяржавы, у адносінах да чальцоў арганізацыі, а таксама да асоб, што не з'яўляюцца яе чальцамі” [6, а. 165]. Камандзір злучэння меў права памілавання. Відавочна, што прысуды маглі выносіцца і мірным жыхарам.

Аддзяленне разведкі сваю працу мусіла сканцэнтраваць на выяўлені агентуры НКУС і асоб, што  супрацоўнічаюць з савецкай уладай.

У вышэйзгаданых загадах  адзначалася, што каменданты асобных  кампаній і ўзводаў не маюць права рэквізіцыі харчу і грошай у мясцовага насельніцтва. Усе гэтыя справы афармляе самастойна камандзір рэквізіцыйнага патруля [6, а. 164-165].

У рэгіёне, дзе дзейнічалі атрады злучэння “Поўдзень” назіралася байкатаванне мерапрыемстваў савецкай улады з боку мясцовага насельніцтва. Так, на 8 верасня 1944 г. дзяржаўныя пастаўкі эбожжа ў Лідскім раёне былі выкананы на 6%, у Шчучынскім – на 7%, у Жалудокскім – на 13%. [2, s.182]. Згодна данясенню загадчыку Палітаддзела ЦК КП(б)Б ад 9 верасня 1944 г. 362 ваеннаабавязаныя палякі ў Лідскім раёне адмовіліся прымаць павесткі [7, а. 114]. За перыяд з 2 жніўня да 14 лістапада 1944 г. у Лідскім раёне было забіта 66 і паранена 7 чалавек з ліку партыйнага і савецкага актыву  [8, а. 6].

“Рагнер” меў у сваім распараджэнні добра узброеную мабільную групу з 100-120 чалавек, якая давала магчымасць праводзіць даволі актыўную дзейнасць [9, с.25]. Так 3 верасня 1944 г. старшыня гарсавета, старшыня гарнізона і кіраўнік НКУС г. Ліды атрымалі па пошце лісты наступнага зместу: “У адказ на бесперапыння затрыманні безабароннага грамадзянскага насельніцтва, звесркія забойствы салдат Чырвонай Арміі даводжу да вас, што часткі Арміі Краёвай супрацьпаставяць сілу. З 4.09 да 9.09 затрымаем рух па чыгунцы. Калі акупацыйныя савецкія ўлады будуць працягваць тэрор у далейшым, часткі Арміі Краёвай прыступяць да дзеянняў у адказ, і кожны савецкі работнік і салдат будуць лічыцца бандытамі з выцякаючымі адсюль наступствамі. Камандзір Наднёманскага злучэння Рагнер” [8, а. 23]. Пагрозы былі выкананы на працягу наступных дзён. У ноч з 4 на 5 верасня ля Ліды быў падарваны чыгуначны мост, у ноч на 6 верасня была пашкоджана ўжо сама чыгунка, а ў адным з паравозаў на ст. Ліда выбухнула толавая шашка [8, а. 23].

Усяго на працягу жніўня-снежня 1944 г. атрады Заянчкоўскага здзейснілі 86 тэрарыстычных акцый, 6 дыверсій, 24 узброеныя напады [2, s.183].

Такім чынам, можна вылучыць некалькі галоўных накірункаў дзейнасці польскіх нацыянальных фарміраванняў у Заходняй Беларусі ў азначаны час: сабатаж  мерапрыемстваў савецкай улады (мабілізацыя ў Чырвоную Армію, пастаўкі збожжа дзяржаве і інш.), дыверсіі, тэрарыстычныя акты, вусная і пісьмовая агітацыя. На гэтых формах дзейнасці засяродзіліся удзельнікі і іншых структурных частак польскага падполля ў Заходняй Беларусі.

Так, яшчэ ў маі 1944 г. у  адмысловай інструкцыі “Асновы паводзін польскай грамадскасці ў выпадку  акупацыі паўночна-усходніх земляў савецкімі  войскамі” (май 1944)”, распаўсюджанай Бюро інфармацыі і прапаганды АК, адзначалася, што “у выпадку мабілізацыі ў савецкую армію, усе грамадзяне Рэчы Паспалітай, а таксама палякі і інш. павінны ўхіляцца ад службы ў савецкай арміі... належыць ухіляцца ад усялякіх палітычных маніфестаў, афіцыйных святкаванняў і інш.” [7, а. 72]. Сярод мясцовага насельніцтва распаўсюджваліся друкаваныя матэрыялы: газеты, пракламацыі, лістоўкі, а таксама звычайныя чуткі. Так, у Баранавіцкай вобласці ў ліпені 1944 г. распаўсюджвалася лістоўка наступнага зместу: “Палякі павінны працягнуць барацьбу за сваю Польшчу, бо ад аднаго (нямецкага) акупанта пазбавіліся, але прыйшоў больш злы і небяспечны акупант – бальшавізм. Ніякай падтрымкі ПКНВ і арміі Берлінга як бальшавіцкім агентам” [10, а. 77-78]. На Навагрудчыне распаўсюджвалася адозва ад кіраўніцтва акругі АК: “Грамадзяне! Новы ўдар спасціг нашыя атрады, нашай арміі, якая пралівала кроў у барацьбе з нямецкімі захопінікамі, дапамагала Чырвонай арміі ў перамозе. Але атрады былі падманам сабраны ў адно месца і раззброены. Большая частка нашых салдат знаходзіцца ў бальшавісціх турмах. Так бальшавікі адплацілі нам за дапамогу, аказаную па загаду нашага ўрада ў Лондане. Зараз мы не сумняемся. Ведаем, што Чырвоная армія супраць волі Англіі і Амерыкі прынесла нам цяжкую долю новай акупацыі. Чакаюць нас новыя турмы і здзекі, Сібір, рабства... За апошні час бальшавікі абвесцілі мабілізацыю. Нагласць, да якой не дайшлі нават немцы. Нас можа мабілізаваць толькі польскі ўрад у Лондане. Бальшавікі пагоняць Вас ці на самыя небяспечныя ўчасткі фронту ці на мяжу з Японіяй, у Сібір. І тое, і іншае для нас – смерць. Неабучаныя (бальшавікам няма часу навучаць) мы загінем на нямецкім фронце. На мяжы з Японіяй вас чакае галодная смерць. Мы пратэстуем супраць мабілізацыі. На тэрор бальшавікоў адкажам сілай. Мы не павінны ісці таксама і ў армію Берлінга. ведаем, што яна абараняе інтарэсы бальшавікоў, прадала палову Польшчы і хоча зрабіць тут бальшавіцкі рай. Хто ідзе ў армію Берлінга, той вораг нашага народа і дзяржавы” [11, а. 23].

У паведамленні аб ходзе  мабілізацыі ў Жабычыцкім раёне  Пінскай вобласці адзначаецца, што, “з выкліканых на прызыўныя ўчасткі 2500 чалавек не з’явілася 617, шмат з іх сышлі ў лясы, “масавая няяўка з’яўляецца вынікам варожай работы агентаў польскага лонданскага ўрада, які распускае чуткі, што нібы тэрыторыя раёна па дамоўленасці Амерыкі з Англіяй адыходзіць зноў да Польшчы… на мясцовае насельніцтва гэтая агітацыя мае даволі моцны ўплыў. На хлебаўборку ўраджая не выходзяць цэлымі вёскамі” [10, а. 77-78]. Кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці  паведамляла 30.10.1944 г., што шырокае распаўсюджванне сярод насельніцтва маюць чуткі, аб хуткім вяртанні Заходняй Беларусі ў склад Польшчы [10, а. 51]. Істотную ролю ў пасяховасці агітацыйнай работы сыграў удзел у ёй некаторай часткі каталіцкага духавенства [4, а. 279]. Не дзіўна, што і частка польскага насельніцтва рэгіёна падтрымлівала меры падполля і удзельнічала ў прапагандзе. У в. Багдзюкі Камянецкага раёна, напрыклад,  некаторыя сем’і 11 лістапада на сваіх хатах вывешвалі невялікія польскія сцяжкі з надпісам “Няхай жыве Польшча” [8, а. 9].

Акрамя агітацыі, дзеля  зрыву мабілілізацыі і іншых  дзяржаўных мерапрыемстваў, выкарыстоўвалася і іншыя меры. 3 жніўня ў 5 км. ад Васілішак  была абстраляна са станкавага кулямёта група мабілізаваных, у выніку чаго ёсць параненыя, а 32 чалавекі прапалі  без вестак. Запалохваліся і ваенныя камісары асобных раёнаў. Астравецкаму раёнваенкому, напрыклад, быў падкінуты ананімны ліст: “На днях прибудем и всех вас уничтожим” [7, а. 115]. Не дзіўна, што такія меры прыносілі плён. Па стану на 9 верасня 1944 г., у Івянецкам раёне Баранавіцкай вобласці з ліку выкліканых на прызыўныя пункты 748 чалавек ніхто не з’явіўся. У Радуньскім і Воранаўскім раёнах была сарвана мабілізацыя конскага складу [7, а. 115].  Сакратар Воранаўскага РК КП(б)Б паведамляў кіраўніцтву, што “не гледзячы на актыўную прапагандысцкую работу, падчас мабілізацыі павялічваецца колькасць дэзертыраў і ўхіленцаў. З агульнай колькасці прызваных у 1000 чал. добраахвотна з’явілася 200, 85 былі знойдзены падчас праверкі па населеным пунктам. 39 чал. збегла падчас канваіравання на пункт прызыву. У сельскія саветы выехалі групы партыйна-савецкага актыву з прадстаўнікамі абласнога ваенкамата”. Ім жа паведамляецца, што узброеныя групы пераймаюць падводы, што вяртаюцца з лесанарыхтовак, пагражаюць і збіваюць працуючых, пасля чаго ніхто не хоча ехаць і працаваць на нарыхтоўках, “што з’яўляецца галоўным тормазам па выкананню лесанарыхтовак” [12, а. 115].

Асабліва складанай  была сітуацыя ў тых раёнах Гродзенскай, Маладзечанскай абласцей, дзе польскае насельніцтва пераважала. Так у Астравецкім раёне з 1506 ваеннаабавязаных на прызыўныя пункты на 15 жніўня 1944 г. з'явілася толькі 98 (6,5%), у Свірскім з 4197 – 313 (7,5%), у  Ашмянскім з 2674 – 675 (25,2%) [13, а. 223].

Адным з галоўных накірункаў дзейнасці АК было здзяйсненнене тэрарыстычных актаў. Камендант злучэння "Поўнач" у інструкцыі ад 30.09 1944 г. для камендантаў "пляцувак" фактычна даваў поўную свабоду тэрарыстычнай дзейнасці сваім падначаленым у адносінах да партыйна-савецкага актыву, чырвонаармейцаў і мясцовых актывістаў [4, а. 285].

22 жніўня 1944 г. ля Воранава  акаўцамі быў здзейснены напад  на вайсковую машыну, у выніку  якога было забіта два салдаты  Чырвонай арміі і забрана 160 аўтаматаў, 6 станкавых кулямётаў  “Максім”, 6 супрацьтанкавых ружжаў [7, а. 116]. Акаўцамі праводзіліся аперацыі па вызваленні сваіх паплечнікаў, арыштаваных органамі дзяржаўнай бяспекі. У Свірскім раёне Вілейскай вобласці 19.8.1944 г. група з 50 чалавек напала на сельскі савет, знішчыла ўсе дакументы па ўліку насельніцтва, зямельных угоддзяў. Імі ж былі вызвалены кіраўнікі некаторых  атрадаў АК, што дзейнічалі на тэрыторыі раёна [10, а. 95].

Ад рук падпольшчыкаў  гінулі прадстаўнікі мясцовай улады. За першыя два з паловай месяцы 1945 г. у Гродзенскай вобласці зафіксавана 53 тэракты, у якіх загінула 69 асоб, а 10 паранена [14, s. 157]. У Маладзечанскай вобласці да кастрычніка 1945 г. адзначана 57 атак на сельскія саветы, калгасы і г.д. Як правіла, яны суправаджаліся спаленнем будынкаў, знішчэннем дакуметацыі, сабатажам мерапрыемстваў савецкай улады. У вобласці загінула ад рук падполля 150 асоб, у т.л. 55 партыйных функцыянераў, 64 вяскоўцаў-актывістаў. Паранена яшчэ 30 асоб [15, а. 11]. Толькі ў Сапоцкінскім раёне Гродзенскай вобласці за май 1945 г. зафіксавана 17 акцый польскага падполля, хоць за гэты ж час тут было праведзена 10 аперацый органаў бяспекі з прачэсваннем тэрыторыі раёна.  У Юрацішкаўскім раёне за першы месяц 1945 г. забіта 39 чал. з раённага актыва і работнікаў органаў НКУС і НКДБ [13, а. 107]. У Іўеўскім раёне за  20 дзён студзеня 1945 г. загінула ад антысавецкіх банд 15 чалавек партыйнага і савецкага актыву, у т.л. старшыня старшыня і сакратар райвыканкама. Да раённага цэнтра Валожын на адлегласць 5-6 км. падышлі тры шматколькасныя польскія атрады і размясціліся ў мясцовых вёсках. На працягу некалькіх дзён у раёне было забіта 12 чалавек з ліку актывістаў і супрацоўнікаў бяспекі [13, а. 109].

У такіх складаных  абставінах прадстаўнікі ўлады ў  вёсках імкнуліся пакінуць месцы  працы і перабіраліся ў райцэнтры, дзе сітуацыя была больш бяспечнай. У верасні 1944 г. у Іўеўскім раёне працавала толькі 3 сельскіх саветы з 15. Работнікі астаніх выехалі ў горад [7, а. 114].

Заключэнне. Тым не менш, баявы патэнцыял злучэнняў АК паступова згасаў. Не была завершана праца па іх арганізацыі. Кіраўнік злучэння “Поўдзень” паведамляў  аб недахопе харчавання, абмундзіравання, дэзерцірстве, дрэнным маральным стане салдат [16, а. 44]. Галоўнай жа прычынай была актыўная дзейнасць органаў дзяржаўнай бяспекі супраць польскага падполля. Імі было праведзена некалькі аперацый з мэтай ліквідацыі злучэння. Падчас адной з іх, у пачатку кастрычніка 1944 г., быў знойдены склад боепрыпасаў і штабныя дакумента “Рагнера” на тэрыторыі Лідскага раёна [7, а. 137]. 3 снежня 1944 г. ля х. Ярэмічы Лідскага раёна, быў забіты сам «Рагнер». У канцы снежня распачалася чарговая аперацыя НКУС-НКДБ, вынікам якой стаў разгром злучэння “Поўдзень” у студзені 1945 г. Было забіта больш 300 і арыштавана больш 200 удзельнікаў злучэння [1, с. 75].

У другой палове 1944 –  пач. 1945 гг. органамі бяспекі і ўнутраных спраў БССР былі ліквідаваны таксама галоўныя сілы злучэнняў “Усход” і “ Поўнач”, падчас чаго было забіта 100 і арыштаваны 171 ўдзельнік польскага падполля [1, с. 75].

Тым не менш, прынятыя меры былі толькі першымі крокамі па нармалізацыі становішча ў рэгіёне. Асабовы склад АК, які пазбег арышту ў 1944 – пач. 1945 гг., працягнуў сваю дзейнасць, перайшоўшы ў глыбокае падполле. Пасля загада аб роспуску Арміі Краёвай ад 19 студзеня 1945 г., які насіў даволі фармальны характар, адбылося частковае аднаўленне структуры АК  ў Заходняй Беларусі.

 

 

Спіс крыніц і літаратуры

1. Валаханович, И.А. Антисоветское подполье на территорин Беларуси в 1944 - 1953 гт.- Мн.: БГУ, 2002. - 148 с.

    1. Boradyn, Z. Armia Krajowa na Nowogrodczyznie i Wilenszyznie, 1941-1945/ Z. Boradyn, A. Chmielarz, H. Piskunowicz. – Warszawa, 1997. – 195 s.
    2. НКВД и польское подполье 1944 – 1945. (По "Особым папкам" Сталина.) - М.: Ин-т славяноведения и балканистики РАН, 1994. - 305 с.
    3. Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939 – 1954 гг) / С.А. Ситкевич, С.А. Силиванович, В.В. Барабаш, Н.А. Рыбак. – Гродно: ГГАУ, 2004. – 345 с.
    4. Сямашка, Яўген Армія Краёва на Беларусі /Я. Сямашка. – Мінск: Беларускае выдавецкае таварыства “Хата”, 1994. – 416 с.
    5. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Фонд 4п. – Вопіс 29. – Справа 161 
    6. НАРБ. Ф. 4п. – Воп. 29. – С. 61
    7. НАРБ. Ф. 4п. – Воп. 29. – С. 812
    8. “Ты з Ўсходняй, я з Заходняй нашай Беларусі…”/ Кн.2: Ліпень 1944 – 1956 гг. – Мн.: Беларуская навука, 2009. – 299[2] с.
    9. НАРБ. Ф. 4п. – Воп. 29. – С. 810
    10. НАРБ. Ф. 4п. – Воп. 29. – С. 56
    11. НАРБ. Ф. 4п. – Воп. 29. – С. 42
    12. НАРБ. Ф. 4п. – Воп. 42. – С. 150
    13. Ruchniewicz, Matgorzata Wies zachodniobialoruska 1944-1953. Wybrane aspekty /  Matgorzata Ruchniewicz. - Wroclaw, 2010. - 445 s.
    14. НАРБ. Ф. 4п. – Воп. 29. – С. 98
    15. НАРБ. Ф. 4п. – Воп. 29. – С. 33

 

 

 

Артыкул прысвечаны дзейнасці злучэнняў Арміі Краёвай (АК), што існавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі пасля вызвалення рэгіёна  ад фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 г. да афіцыйнага роспуску АК у студзені 1945 г. Аналізуюцца розныя формы падпольнай барацьбы злучэнняў АК, іх унутраная структура пасля арыштаў шэрага камандзіраў і афіцэраў і наступных кадравых змяненняў ў кіраўніцтве Віленска-Навагрудскай акругі АК. Вывучаецца уплыў прапагандысцкай работы польскіх фарміраванняў на мерапремствы савецкай улады: мабілізацыю ў Чырвоную Армію, пастаўкі збожжа дзяржаве і інш.   Звернута ўвага на актыўную тэрарыстычную дзейнасць атрадаў АК у дачыненні да партыйных і савецкіх работнікаў, мясцовых актывістаў. Разгледжаны захады органаў дзяржаўнай бяспекі па ліквідацыі акаўскага падполля і іх асноўныя вынікі.

 
Article is devoted to the activities of the compounds of the Home Army (AK), which existed in the territory of Western Belarus after the liberation from Nazi invaders in the region in July 1944, before the formal dissolution of the AC in January 1945.  Analyzes the various forms of resistance to compounds AK, its internal structure after the arrests of a number of commanders and officers, and subsequent personnel changes in the leadership of the Vilnius-Navahrudak County AK. The influence of advocacy groups in the Polish events of Soviet power: the mobilization of the Red Army, the supply of grain to the state and others. Attention is paid to active terrorist activities  units of AK in respect of Party and Soviet officials, local activists. Consider the measures of public authorities to eliminate  underground and their main results.

 

Скарачэнні: АК – Армія Краёва, НКУС – народны камісарыят унутраных  спраў, НКДБ - народны камісарыят дзяржаўнай бяспекі, ЦК КП(б)Б – цэнтральны камітэт камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі,

 

Ключавыя словы: Армія Краёва, польскае нацыянальнае падполле, Віленска-Навагрудская акруга, Заходняя Беларусь.


Дзейнасць злучэнняў Віленска-Навагрудскай акругі Арміі Краёвай ў Заходняй Беларусі ў ліпені 1944 – студзені 1945 гг