Основные концепции образования ВКЛ

Уводзіны

   Дзяржавы пад назвай Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) не існуе ўжо шмат  гадоў. Але яна прысутнічае ў нашым штодзённым жыцці як з’ява: гістарычная, культурная. У межах ВКЛ нарадзіліся беларускі і літоўскія народы, княства адыграла важную ролю  ў фарміраванні ўкраінскага народа.  Многія стэрэатыпы грамадскіх паводзін – так званы нацыянальны  менталітэт. Нечаканую актуальнасць спадчына ВКЛ набыла ў апошняе   дзесяцігоддзе  XX ст.. Тэма  выклікае  інтарэс   і ў цяперашні час.

   Пасля абвяшчэння двяржаўнага суверэнітэту Літвы і Беларусі значна павялічыўся інтарэс да гісторыі Вялікага княства Літоўскага, у якім знайшла сваё ўвасабленне сярэдневяковая двяржаўнасць літоўцаў і беларусаў. Атрымаўшы незалежнасць  спадкаемцы  Вялікага  княства   зноў  пачалі  аглядацца на свае  вытокі. Пры гэтым, часам назіраецца спрошчаны погляд  на нацыянальную літоўскую ці нацыянальную беларускую дзяржаву. Апошні погляд сёння актыўна прапагандуе М.І. Ермаловіч [1]. Між тым, сапраўдны працэс утварэння  быў больш складаны. Мы паспрабуем ахарактарызаваць яго асноўныя моманты, абапіраючыся  на  даследаванні  Ермаловіча М. І.” Па слядах аднаго міфа”, А.К.Краўцэвіча  “Стварэнне   Вялікага  Княства  Літоўскага”.

   Асаблівасцю пісьмовых крыніц, сучасным падзеям, з'яўляецца тое, што яны асвятляюць першапачатковую гісторыю звонку: з пункту гледжання валынскіх князёў, Ноўгарада, Пскова ці Польшчы і крыжацкіх ордэнаў Прыбалтыкі. Летапісы, звязаныя з паходжаннем ВКЛ, датуюцца больш познім часам, таму іх звесткі не заўсёды дакладныя. Даследчыкі больш позніх часоў прайшлі шлях ад пераказу крыніц да іх крытычнага асэнсавання, хаця шмат пытанняў застаюцца дыскусійнымі і сёння.

  Старажытная Літва – вялікая загадка гісторыі. Яе імкнуліся разгадаць, але і сёння тут пытанняў больш, чым адказаў.

    Пытанне аб месцазнаходжанні летапіснай Літвы - адно з самых важных у даследванні. Сапраўды, дзе была тая зямля, імя якой пасля дало назву адной з найбуйнейшых дзяржаваў у Еўропе? Гэтая праблема патрабуе дэталёвага разгляду, бо з яе заблытвання найперш і пачынаецца заблытванне гісторыі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. 
 
 
 
 

Асноўныя  канцэпцыі ўтварання ВКЛ.

    Спроба  даць адказ на вышэй пастаўленае  пытанне прыводзіць да трох канцэпцый  ўтварэння Вялікага княства Літоўскага:  традыцыйная (літоўская), новая (беларуская), “умераная” (цэнтрыская).

     Першы падыход  прадстаўлены   ў традыцыйнай  гістарыяграфіі,сутнасць  яго заключаецца ў тым, што   ўтварэнне ВКЛ падавалася  выключна  як  вынік захопу  літоўцамі  заходнерускіх  зямель  і іх  гвалтоўнага  далучэння  да літоўскай  дзяржавы. Літва выступала ў якасці  варожай дзяржавы,  якая  сілай зброі захапіла рускія землі.

     Ролю аб’яднальнага цэнтра рускіх княстваў традыцыйная  гістарыяграфія  замацоўвала  за  Маскоўскім княствам, якое  знаходзілася  ў  складзе  Уладзімерскага. Тут  была  “сапраўдная” Русь, якая, памацнеўшы, уступіць  у барацьбу з  варожай  Літвой  за старажытную спадчыну.(2с.75)

      Далучэнне дробных княстваў да маскоўскіх уладанняў заўсёды лічылася  з’явай выкючна прагрэсіўнай, своеасаблівай, праявай гістарычнай заканамернасці, перавагі цэнтралізацыі над феадальнай  раздробленнасці.

Рост   тэрыторыі  ВКЛ  звычайна  даследчыкаў  засмучаў , таму  што тым самым аддзалялася здзяйсненне Масквой яе  гістарычнай місіі. Маскоўскія  князі  падаваліся  “збіральнікамі”, а літоўскія -  чужынцамі – захопнікамі, спусташальнікамі  Рускай  зямлі.(2,с.76)

        Гэты падыход адлюстроўваў навуковы погляд, стан гістарычных  крыніц  і ведаў  і быў  агульнапрынятым. Таму  шмат  хто  і сёння здзівіцца, калі дазнаецца, што для праваслаўных  жыхароў ВКЛ   рускімі былі  перш за ўсё яны  самі, і ўся Русь,  паводле іх  меркаванняў, аб’ядноўвалася  менавіта   ў Літоўска-Рускай дзяржаве. Аб гэтым  сведчаць   шматлікія  помнікі  і летапісы. Напрыклад у “Летапісе Рачынскага”   зазначана , што ў 1512г. ”князь   велікіе  московскіе  Васілій , забывші  переміря і прісягі  своё... шкоды  непріяцельскім  обычаям  чыніл”(гаворка  ішла  пра паход   князя  Васілія ў ВКЛ, на  Смаленск). Жыхароў  паўночнага  ўсходу, аб’яднаных  вакол  Масквы, прадстаўнікі  рускіх  зямель  ВКЛ  называлі  няйнакш  як  пскавічамі, маскавітамі, цверычамі, але не рускімі.(2,с.76)

        У сувязі з традыцыйнай (літоўскай)  канцэпцыяй утварэння ВКЛ узнікае  пытанне: чаму заходнія і паўднёвыя  землі Русі, якія знаходзіліся  на больш высокім узроўні цывілізаванасці,  сталі лёгкай здабычай Літоўскай  дзяржавы, прызналі палітычнае лідэрства  народа, які ў гістарычным плане  развіваўся са спазненнем на  некалькі стагоддзяў? Адказваючы  на гэтае пытанне, прыхільнікі  традыцыйнай (літоўскай) канцэпцыі называюць дзве прычыны. Першая прычына  - неадпаведнасць фаз палітычнага развіцця Літвы і рускіх зямель. Калі ўсходнія славяне мелі моцную дзяржаўнасць (пачынаючы з IX і па XI ст. уключна) Кіеўскую Русь, Літва ўяўляла з сябе шэраг асобных зямель на чале з "кунігасамі" (князямі). Дзяржава тут узнікла толькі ў XIII ст. і адразу ж пераўтварылася ў магутную палітычную і ваенную арганізацыю. Другой прычынай  называюць феадальную раздробленасць.  Для паўднёвых і заходніх зямель Русі XII - XIII стст. былі перыядам феадальнай раздробленасці, міжусобных войн, якія аслаблялі рускія княствы. Аслабленыя міжусобнымі войнамі, славянскія княствы часта не маглі вытрымліваць націск літоўцаў.   Другая прычына звязана з агрэсіяй нямецкіх феадалаў і нашэсцем татара-манголаў, што таксама аслабляла славянскія княствы.

   Адзін з тэзісаў традыцыйнай (літоўскай) канцэпцыі ўтварэння ВКЛ аб заваяванні беларускіх зямель Літвой гісторык М.І.Ермаловіч лічыць міфам. Ён   у 1966 — 1968 гг. напісаў на гэту тэму кнігу “Па слядах аднаго міфа”, якая з-за кансерватызму часткі гісторыкаў і партыйна-дзяржаўных дзеячаў не выдавалася болып за 20 гадоў. Упершыню кніга выдадзена выдавецтвам “Навука і тэхніка” ў 1989 г. У ёй найболып поўна выкладзена названая намі новая (беларуская) канцэпцыя ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. Яе таксама называюць левай, рамантычнай і нават міфалагізатарскай кан цэпцыяй.

     Звернемся да   працы М.І.Ермаловіча  “Па  слядах  аднаго  міфа”,  які  адзначае, што ў розныя гістарычныя перыяды пад Літвой разумелі не адну і тую ж тэрыторыю. Яшчэ ў канцы ХІХ ст. А.Качубінскі аспрэчваў тых вучоных, якія «сучаснае этнаграфічнае становішча Літвы ўзводзілі ў становішча дагістарычнае, ад веку непарушнае». На жаль, гэтая слушная думка была пакінута ў навуцы па-за ўвагай, і па-ранейшаму ў даследваннях і падручніках па гісторыі старажытная Літва ХІ-ХІІІ стст. (уласна Літва) атаясамліваецца з іншай гістарычнай вобласцю - Аўкштотай (Аўкштаціяй), якая займала ўсходнюю частку сучаснай Летувы(1).

   Адной з прычын атаясамлівання летапіснай Літвы і Аўкштоты з'яўляецца тое, што апошняя ва ўсходнеславянскіх летапісах не згадваецца. Таму быў зроблены вывад, што яна выступае тут пад назовам Літвы. Гэта стала агульнапрынятым, што і стрымлівала далейшае высвятленне пытання, дзе была летапісная Літва ХІ-ХІІІ стст. Даследнікі, замест таго каб уважліва прачытаць і прааналізаваць адпаведныя месцы летапісаў з мэтаю даць адказ на гэтае пытанне, бяздоказна паўтаралі: Літва - гэта Аўкштота. Аднак Літва ХІ-ХІІІ стст. - гэта зусім не Аўкштота і знаходзілася яна не там, дзе яе змяшчаюць   даследнікі.(1,с.20)

     Адказ на пытанне, дзе была летапісная Літва, даюць галоўным чынам некаторыя запісы нашых летапісцаў. Паведамленні гэтыя, як убачым далей,

пацвярджаюцца тапанімікай ды іншымі матэрыяламі. Іпацеўскі летапіс пад 1159 г. паведамляе пра тое, што менскі князь Валадар Глебавіч «ходяше под литвою в лесех», а пад 1162 г., што ён жа выступіў на свайго праціўніка «с литьвою». Адсюль бачна, што Літва знаходзілася па суседстве з Менскім княствам. Да такой сама высновы, грунтуючыся на тых жа летапісных звестках, прыйшоў і А.Насонаў.  Тэрыторыю, якая ляжала на захад ад Менска, як Літву паказвае, але ўжо з боку Новагародка (і гэта асабліва каштоўна), запіс Іпацеўскага летапісу пад 1262 г. Паведамляецца, што князь Войшалк «учини собе манастырь на реце на Немне, межи Литвою и Новымгородком». Як вядома, Войшалк заснаваў манастыр пры ўпадзенні ракі Валаўкі ў Нёман, там, дзе цяпер знаходзіцца в.Лаўрышава (на паўночны ўсход ад Наваградка). Такім чынам, згодна з летапісам, на паўночны ўсход ад Лаўрышава, за Нёманам, у кірунку Менска знаходзілася Літва, што цалкам адпавядае летапісным звесткам 1159 і 1162 гг. Калі б пад Літвой тут разумелася Аўкштота, дык летапісец ніяк не сказаў бы, што заснаваны Войшалкам манастыр быў паміж Літвою і Новагародкам, бо Аўкштота знаходзілася ад Новагародка не ў паўночна-ўсходнім, а ў паўночна-заходнім кірунку.

    Летапісная Літва была не толькі на правым, але і на левым беразе Нёмана. У 1190 г. князь Рурык Расціславіч намерыўся дапамагчы сваім родзічам - пінскім князям у барацьбе з Літвой і сабраўся ў паход на яе, але не здолеў дайсці туды, бо зрабілася цёпла і снег растаў, а ў гэтай балоцістай краіне толькі й можна ваяваць у моцныя халады. З гэтага можна зрабіць выснову, што Літва была недалёка ад Пінскай зямлі, за яе балотамі. Пра гэта таксама сведчыць Іпацеўскі летапіс пад 1246 г. Ён паведамляе пра літву, якая, зрабіўшы набег на Перасопніцу (на Валыні), вярталася праз Пінскую зямлю назад, дзе была разбітая галіцка-валынскімі князямі. У наступным годзе літва напала на Мельніцу і Лякоўню (таксама на Валыні) і зноў вярталася праз Пінскую зямлю, дзе таксама была разбітая. У 1262 г. аддзелы літвы, пасланыя Міндоўгам на валынскія гарады, адступалі: адзін - у кірунку Ясельды, а другі - да Небля, г.зн. у бок Пінскай зямлі, як і ў папярэдніх выпадках. Паколькі кожны раз зваротны шлях «літвы» праходзіў праз Пінскую зямлю, то можна зрабіць вывад, што Літва знаходзілася дзесьці па суседству з ёю. Так яно і было, што непасрэдна пацвердзіў Іпацеўскі летапіс. Пад 1253 г. у ім гаворыцца, як галіцка-валынскія князі, ідучы праз Пінск на Новагародак, сустрэлі на сваім шляху літву: «Й послаша сторожу литва на озеро Зьяте (дарэчы, у сярэдзіне ХVІ ст. пры перапісе пінскіх пушчаў яно ўжо называлася балотам) и гнаше через болото до реки Щарье». «Старожа» звычайна высылалася для аховы межаў краіны. З гэтага вынікае, што Літва знаходзілася дзесьці на вышнявіне левай прытокі Нёмана - Шчары. Дарэчы, назоў гэты балцкага паходжання, азначае «вузкая».

   Гэта Літва прыкрывала сабою Новагародскую зямлю з паўднёвага ўсходу, бо галіцка-валынскія войскі, перамогшы яе, «наутрея же плениша всю землю Новогородьскую». Пра такое ж месцазнаходжанне Літвы гаворыць і запіс Іпацеўскага летапісу пад 1255 г.: «Данилови же (Даніла Галіцкі) пошедшу на войну на литву, на Новогородок. Гэта значыць, што галіцкія войскі ішлі на Новагародак той жа дарогай, што і ў 1253 г., а менавіта праз Літву. Гэтыя факты, відаць, і мела на ўвазе Ф.Гурэвіч, калі зазначыла, што ў летапісных звестках пра Новагародак у 50-70-х гадах ХІІІ ст. «апавядаецца аб пранікненні галіцка-валынскіх князёў з Літвы ў гэты горад». У Т.Нарбута мы чытаем, што ў 1405 г. тураўскі біскуп Антоній са згоды Вітаўта хрысціў у Літве народ у праваслаўную веру. Было незразумела, чаму менавіта тураўскі біскуп хрысціў Літву, якая, калі яе атаясамліваць з Аўкштотай, знаходзілася далёка ад Турава. Але ў святле папярэдне сказанага ўсё становіцца ясным. Літва была па суседстве з Турава-Пінскай зямлёй, і таму зусім натуральна, што яе хрысціў тураўскі біскуп. (1,с.22)

    Пра такое суседства сведчаць і археалагічныя даследванні. В.Сядоў на іх падставе лічыць, што дрыгавічы далей на поўнач ад Выганаўскага балота не жылі нават у параўнальна позні час Менавіта Выганаўскае балота было прыроднай мяжой паміж Пінскай зямлёй і летапіснай Літвою. Яно ж было прычынай і таго, што дрыгавіцкая каланізацыя летапіснай Літвы значна замарудзілася і таму апошняя магла так доўга праіснаваць. У згодзе з прыведзенымі фактамі знаходзіцца і паведамленне М.Стрыйкоўскага пра літву над Нёманам, «якая жыла ў пушчах і здаўна прыслужвала Наваградскаму княству».

    Характэрна, што на тэрыторыі, якая ў летапісах выступае пад назовам Літвы, да сённяшняга дня захаваўся тапонім «Літва». Населеныя пункты з такім найменнем мы сустракаем у Слонімскім (Гарадзенская вобл.), Ляхавіцкім (Берасцейская вобл.), Уздзенскім, Стаўпецкім, Маладзечанскім (Менская вобл.) раёнах. Гэта карэнныя назовы, якія супадаюць з летапісным назовам «Літва» і ёсць толькі ў паказаным рэгіёне. Іх трэба адрозніваць ад тапонімаў тыпу «Літвінава», «Літвінавічы», «Ліцвякі» і да іх падобных, якія сустракаюцца ў іншых мясцінах Беларусі, Расеі, Украіны. З'яўленне іх там звязанае з высяленцамі ў тыя мясцовасці. Адзін з такіх тапонімаў - «Літвілішкі» - выяўлены намі на тэрыторыі Аўкштоты (былая Мукснікаўская вол. Віленскага пав.). І побач з ім - тапонім «Мінчукі». Зразумела, што яны былі заснаваныя выхадцамі з летапіснай Літвы і суседняй з ёю Меншчыны.

    Летапісныя  дадзеныя і тапаніміка даюць магчымасць збольшага акрэсліць тэрыторыю  Старажытнай Літвы. На поўначы яна  межавала з Полацкім княствам па нёманскай  Бярэзіне. (Пазней гэтую раку пераблыталі  з дняпроўскай Бярэзінай, якую і  лічылі мяжой Літвы з Руссю. Так, маскоўскія паслы, прад'яўляючы прэтэнзіі  на беларускія гарады, гаварылі паслам Вялікага Княства Літоўскага: «...а  рубеже был тем городам с Литовской  землею по Березыню). Пра сумежжа  тут літвы і крывічоў сведчаць і размешчаныя побач тапонімы «Літва» і «Палачаны» (Маладзечанскі р-н). Па гэтай жа Бярэзіне ішла паўночна-заходняя мяжа Літвы з Нальшчанамі. На ўсходзе Літва межавалася з Менскім княствам, заходні рубеж якога не ішоў далей за раку Ўсу (прыток Нёмана). На ўсходзе левабярэжжа верхняга Нёмана Літва ў глыбокай старажытнасці, відаць, суседнічала з балцкім племем лотвай, пра што сведчаць аднайменны гідронім (Капыльскі р-н) і тапонімы «Вялікая Лотва» і «Малая Лотва» (Ляхавіцкі р-н). Не выключана, што менавіта адсюль і пачалося рассяленне літвы і лотвы: першай - на паўночны захад, другой - на поўнач і паўночны ўсход. Далей мяжа Літвы пераходзіла на р.Шчару, вялікая паўднёвая лука якой і была прыродным рубяжом Літвы на паўднёвым усходзе, поўдні і паўднёвым захадзе. Прыкладна па вышнявіне р.Мышанкі і нізавіне р.Валаўкі ішоў заходні рубеж Літвы, які ў больш старажытныя часы аддзяляў яе ад яцьвягаў.(1)

        У новай (беларускай) канцэпцыі,  па-першае, літоўцаў альбо не заўважаюць, альбо памяншаюць іх ролю ва  ўтварэнні ВКЛ: былі за-ваяваны,  далучаны да Новагародка. Іншы  раз дапускаецца, што літоўцы  былі асіміляваны, абеларушаны.  Па-другое, дзяржаўнасць не разглядаецца  як палітычнае ўтварэнне, сукупнасць  палітычных інстытутаў, а зводзіцца  да тэрыторыі, мовы, этнічных прыкмет:  дзяржаўнасць беларуская таму, што  большасць насельніцтва складаў  беларускі этнас, панавала беларуская  культура, а жыхары карысталіся  беларускай мовай. На самой  справе, дзяржаўнасць — гэта не  тэрыторыя, не мова і культура, не этнас, а механізм, машына, якая  рэгулюе палітычныя, сацыяльна-эканамічныя,  культурныя і міждзяржаўныя адносіны. Гэтага некаторыя гісторыкі стараюцца не заўважаць.

     На думку некаторых навукоўцаў XIX ст., старажытная Літва знаходзілася ў міжрэччы Віліі і Нёмана, дзесьці ў раёне Вільні, Трокаў, Ліды, Гродна. Іншыя даследчыкі лічылі, што Літва займала значна болыпую тэрыторыю – ад Браслава да Мінска, ад Брэста да Жэмайціі, уключаючы ўсю Аўкштайцію. Рускія даследчыкі, якія вывучалі Паўночна-Заходні край, лічылі, што Літва XI – XIII стст. знаходзілася на захадзе ад Мінска; жыхароў гэтай гістарычнай вобласці сучаснай Беларусі называлі ліцвінамі. Напрыклад, рускі гісторык М.Надзеждзін пісаў: «Уласна ў “Літве” ёй (літоўскай мовай.-Я.Д”.) гавораць ужо вельмі нямногія, і менавіта: адно паселішча ў павеце Вілейскім, некалькі сёл у паветах Навагрулскім і Слонімскім» (Як бачна, М.Ермаловіч не з’яўляецца першым гісторыкам, які летапісную Літву шукаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.)(2, Заслуга Ермаловіча ў тым, што ён на аснове першакрыніц удакладніў межы старажытнай Літвы, якая, на яго думку, займала тэрыторыю ад Маладзечна да Заслаўя і Дзяржынска (усходняя мяжа Літвы праходзіла прыблізна ў 30 км ад Мінска), далей да сучасных Баранавіч, Ляхавіч і Слоніма. Заходняя мяжа старажытнай Літвы праходзіла прыкладна ў 20 км ад Новагародка, дзесьці ў раёне Карэліч. Па нёманскай Бярэзіне праходзіла мяжа паміж Літвой і Полацкім княствам.

   Што датычыць усходняй часткі сучаснай Літвы, то ў ХІ-ХІІІ стст. яна называлася Аўкштайціяй. Пазней у сувязі з перанясеннем сталіцы дзяржавы з Новагародка ў Вільню (каля 1323 – 1326) назва “Літва” з Верхняга Панямоння паступова пачала пераходзіць на ўсход сучаснай Літвы і замацоўвацца там. Але адначасова яна працягвала захоўвацца і на ранейшым месцы яшчэ цэлыя стагоддзі. М.І.Ермаловіч у кнізе “Па слядах аднаго міфа” (с.28 – 29) прыводзіць доказы гэтага. У Магілёўскай хроніцы пад 1695 г. гаворыцца, што літоўскае пагранічча праходзіла недалёка ад Мінска і Слуцка. Дзекабрыст А.Бястужаў, які жыў у 1821 г. на тэрыторыі сучаснага Валожынскага раёна, пецярбургскім знаёмым паведаміў такі свой адрас: “Літва, д.Выганічы, в 40 верстах от Мннска”. А.Міцкевіч (1798 – 1855), які нарадзіўся каля Навагрудка, сваю айчыну называў Літвой . Беларускі пісьменнік В.Дунін-Марцінкевіч (1807 -1884) лічыў, што ён вырас сярод ліцвінаў. Гэтак жа ўраджэнец Гродзеншчыны К.Каліноўскі, рэвалюцыйная дзейнасць якога прыпадае на 60-я гады XIX ст. і які заўсёды звяртаўся да свайго народа на беларускай мове, як правіла, называў родны край Літвой.(3,с.67)

      Прыкладна з XVI ст. тэрмінам “Літва”  пачынае абазначацца ўся тэрыторыя  сучаснай Літвы (былыя Аўкштайція  і Жэмайція), упершыню сустракаюцца  ўпамінанні аб літоўскай мове, літоўскім праве ў сённяшнім  разуменні належнасці да Літвы.  Магнаты Гедройцы, напрыклад, гаварылі  аб тым, што яны літоўцы,  а не русіны. Польскі гісторык  Я.Длугаш адзначаў, што літовец – гэта жэмайцец. І толькі на пачатку XX ст., калі завяршыўся працэс утварэння беларускай нацыі, назва “Беларусь” замацавалася за Беларускім Панямоннем, выцесніўшы адтуль назву “Літва”, якая з таго часу стала адносіцца толькі да сучаснай Літвы.

    Гісторыкі не толькі сфармулявалі новую (беларускую) канцэпцыю ўтварэння ВКЛ, удакладнілі межы старажытнай Літвы, але і, абапіраючыся на летапісы і іншыя крыніцы, выкарысталі аргументы і факты для абароны распрацаванай імі канцэпцыі.

    Якія  ж гэта аргументы і факты?

      Па-першае, прыхільнікі новай (беларускай) канцэпцыі лічаць, што ніякага  аслаблення беларускіх зямель  у XII – пачатку XIII ст. не існавала, міжусобнай барацьбы таксама  не было. Летапісы і іншыя крыніцы  не зарэгістравалі такіх фактаў. Больш таго, крыжацкая навала  яднала беларускія княствы. У  канцы XII ст. крыжакам удалося  захапіць Ніжняе Падзвінне –  Кукенойс і Герцыке – і тым  самым адрэзаць Полацкае княства  ад Балтыйскага мора. Сіл супрацьстаяць  крыжакам у палачан не хапіла, не дапамаглі ім наўгародцы  і пскавічы. Гэта аслабіла Полацкае  княства. Цэнтр грамадска-палітычнага  жыцця пачаў паступова перамяшчацца  з Падзвіння (Полацкага княства)  у Панямонне (Новагародскае княства).

     Па-другое, Літва, перш чым прыступіць да заваявання зямель заходнерусаў, рабіла паходы супраць Наўгародчыны, Пскоўшчыны, Смаленшчыны, багацела, умацоўвалася. Паходаў было шмат, гэта адзначаюць летапісы. Усе паходы, акрамя двух, закончыліся няўдачай для літоўцаў. Аб гэтым нічога не гаварылася ў дарэвалюцыйнай і савецкай гістарыяграфіі. Чаму? Таму што літоўцы быццам мелі больш дасканалую ваенную арганізацыю, чым заходнерусы; яны апошніх заваёўвалі, і ні ў якім разе не наадварот.

    Па-трэцяе, М.Ермаловіч лічыць, што галоўным пытаннем, якое паставіла ўсё з ног на галаву, было атаясамленне сучаснай Літвы са старажытнай Літвой. Апошняя была гістарычнай вобласцю Беларусі, яе трэба шукаць побач з Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі. Старажытная Літва пакінула на тэрыторыі Беларусі “аўтографы” ў выглядзе назваў вёсак “Літва” ў Слонімскім (Гродзенская вобл.), Ляхавіцкім (Брэсцкая вобл.), Уздзенскім, Стаўбцоўскім, Маладзечанскім (Мінская вобл.) раёнах. Гэтыя назвы (тапонім “Літва”) супадаюць з летапіснымі.(2,с.95)

    Есць  яшчэ і “памяркоўная” канцэпцыя  — цэнтрысцкая канцэпцыя ўтварэння  Вялікага княства Літоўскага. Яе сутнасць зводзіцца да наступнага. Вялікае  княства Літоўскае ўзнікла на працягу цэлага гістарычнага перыяду: XIII ст. — 70-я гады ХVIст., а не ў сярэдзіне XIII ст., як пішуць гісторыкі-рамантыкі. Тое, што ўзнікла ў Верхнім Панямонні пры Міндоўгу і Войшалку ў XIII ст., трэба лічыць Літоўскай дзяржавай, дзяржавай Міндоўга ці проста Новагародскім княствам. Толькі з дзейнасці Гедыміна ў пачатку XIV ст. можна разглядаць працэс утварэння Вялікага княства Літоўскага. Дзе была старажытная Літва, прыхільнікі гэтай канцэпцыі не пішуць, яны не абвяргаюць М.І.Ермаловіча, але лічаць, што Літва існавала шырэй, як пазначана ў яго працах, цягнулася аж да Вільні ( не да Маладзечна, а да Вільні!).

      Вядучай сілай ва ўтварэнні  ВКЛ сталі беларускія і літоўскія  феадалы. Але літоўскія феадалы  да сярэдзіны XV ст. адыгрывалі  рашаючую ролю ў жыцці краіны, яны ў большай колькасці былі прадстаўлены ў вышэйшым дзяржаўным органе – паны-радзе. Паводле звестак гісторыкаў, у канцы XIV ст. у паны-радзе ВКЛ літоўцаў было 84%, беларусаў – 9%, у другой чвэрці ХVст. літоўцаў – 67%, беларусаў – 17%.

     Усе князі ВКЛ былі літоўскага паходжання, у той час як гісторыкі-рамантыкі прыпісваюць ім славянскае паходжанне. Яны (Гедымінавічы) не называлі сябе русінамі, да Крэўскай уніі 1385 г. былі язычнікамі, а славяне – праваслаўнымі. Да Люблінскай уніі 1569 г. літоўскія феадалы пераважалі над беларускімі і польскімі: з 13 магнацкіх родаў 2/3 былі літоўскімі. Дзяржаўнай рэлігіяй быў каталіцызм, праваслаўных епіскапаў нават не пускалі ў паны-раду. Чаму на другім плане аказалася праваслаўе? Як гэта злучыць са сцвярджэннем гісторыкаў-рамантыкаў аб тым, што ВКЛ – гэта беларуская дзяржава?

      Вынік: Такім чым можна адзначыць, што выдзелілісь тры асноўныя накірункі звязаныя з фарміраваннем ВКЛ, кожны з якіх мае права на існаванне. Кожная з канцэпцый прадстаўляе пэўны гістарычны інтарэс для кожнага з народаў, што не можа быць не адзначана. Увогуле, кожная канцэпцыя трактуе па свойму падзеі якія апісанны ў гістарычных дакументах. 

                      
 
 
 
 
 
 
 
 

2.Працэс фарміравання тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага (друг. пал. XIII ст.).

    Працэс  утварэння Вялікага княства Літоўскага быў працяглым і меў складаны характар. Ён адбываўся больш за стагоддзе з другой чвэрці XIII ст. па трэцюю чвэрць XIV ст. У адных выпадках тэрыторыі далучаліся пры дапамозе ваеннай сілы, у другіх на аснове пагадненняў паміж рускімі і  літоўскімі князямі, у трэціх шляхам дынастычных шлюбаў. На працягу XIII - XIV стст. у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ўтварылася феадальная дзяржава Вялікае княства Літоўскае, якое ахоплівала тэрыторыю цяперашніх Літвы  і Беларусі, большую частку Украіны  і частку Расіі (Смаленскую, Тульскую, Арлоўскую і частку Маскоўскай вобласці). У перыяд свайго росквіту ў XV ст. Вялікае  княства Літоўскае распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора і  ад межаў Польшчы і Венгрыі  да Падмаскоўя, да Мажайска, што за 100 км ад Масквы. Чаму аб'ядноўваліся заходнерускія (беларускія) і літоўскія землі, а  дзяржава мела не беларускую, а літоўскую  назву? Як жа, на думку М.Ермаловіча, ішоў працэс утварэння Вялікага княства Літоўскага?

    Пачатак утварэння ВКЛ як у літоўскай, так і беларускай гістарыяграфіі звязваецца з дзейнасцю літоўскага князя Міндоўга. Першы раз яго імя ўпамінаецца ў дагаворы 1219 г., дзе ён разам з іншымі балцка-літоўскімі князямі абавязаўся перад галіцка-валынскімі князямі выступіць супраць палякаў. У 1237 і 1245 гг. Міндоўг выступаў на баку Данілы Галіцкага супраць Конрада Мазавецкага і чарнігаўскага князя Расціслава. Дзесьці ў прамежку 1245 -1246 гг. Міндоўг быў запрошаны куронамі для дапамогі ім у змаганні з немцамі. Аднак пад крэпасцю Амботэн ён пацярпеў страшэннае паражэнне і вымўшаны быў адступіць. Крыжакі напалі на яго ўладанні і хаця не ўзялі яго ўмацаванняў, аднак нанеслі вялікія спусташэнні і разбурэнні яго зямлі. Гэта не магло не прывесці да аслаблення пазіцый Міндоўга ў Літве, што і выкарысталі яго праціўнікі. У міжусобнай барацьбе, якую яны распачалі супраць Міндоўга, ён пацярпеў паражэнне і быў вымушаны ўцякаць у Новагародак. Там ён дзесьці ў канцы 1246 — пачатку 1247 г. прымае “веру хрыстіанскую от Востока со многімі своімі бояры”, што сведчыць аб тым, што Міндоўг не заваяваў Новагародак, а быў абраны князем (як у 1266 г.  перабежчык Даўмонт уцёк у Пскоў, прыняў там хрысціянскую веру і быў абраны князем). Калі б Міндоўг быў заваёўнікам, яму не трэба было б прымаць праваслаўе. Значыць, Міндоўг з’явіўся ў Новагародку не як заваёўнік, а як перабежчык, які ўцёк з Літвы разам з усім сваім родам і акружэннем (1,с.61).

     У гэты час Новагародская зямля вызвалілася з-пад залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў у першую чаргу таму, што іх зямля была спустошана мангола-татарскім нашэсцем. Суседняя Літва з прычыны ўнутраных і знешніх абставін таксама значна аслабела. Перад Міндоўгам была пастаўлена задача пашырэння тэрыторыі Новагародскага княства за кошт Літвы. У такой сітуацыі Міндоўг для новагародцаў быў добрай знаходкай: пакрыўджаны сваімі суайчыннікамі, ён быў зацікаўлены ў помсце сваёй былой радзіме. Гэты вопыт Новагародка пазней паспяхова выкарыстоўвалі полацкія і пскоўскія феадалы.

   Міндоўг прыступае да выканання задання новагародцаў — заваявання Літвы. Падгаварыўшы сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Едзівіла з іх дзядзькам Вікінтам ісці пад Смаленск, Міндоўг абяцаў аддаць ім усё, што яны захопяць у час паходу. Гэтым самым Міндоўг хітрасцю фактычна выгнаў з Літвы Таўцівіла, Едзівіла і Вікінта, “вражбою бо за ворожьство с ними Литву зане, понмана бе вся земля Литовьская”. Гэтыя словы Іпацьеўскага летапісу пацвярджаюць, што Міндоўг быў перабежчыкам у Новагародак, а не яго заваёўнікам. Бо калі б ён з Літвы заваяваў Новагародак, дык навошта яму было займаць Літву? Словы “поймана бе вся земля Літовьская” гавораць, што Міндоўг да гэтага не валодаў ніводнай часткай яе. Значыць, ён прыбыў у Новагародак, страціўшы Літву(1, С.61).

      Далей М.Ермаловіч робіць вывад,  што ўтварэнне Вялікага княства  Літоўскага пачалося не з заваявання Новагародскай зямлі Літвой, а, наадварот, з заваявання Новагародскай зямлёй Літвы. Гэту заваёву новагародскія феадалы ажыццявілі сваімі сіламі пры дапамозе пера-бежчыка з Літвы Міндоўга. Апошні, помсцячы князям Літвы за іх “ворожьство” да яго, адбіраючы “бесчисленное именне их”, дзейнічаў у інтарэсах новагародскіх феадалаў. І таму не дзіўна, што феадалы Літвы аказалі ўпартае супраціўленне Міндоўгу.

    Таўцівіл, Едзівіл і Вікінт, як і іншыя  выгнаннікі, страціўшы апору на сваёй  зямлі, звярнуліся за дапамогай да галіцка-валынскіх  князёў Данілы і Васілька, якія хацелі не дапусціць аб’яднання заходнерускіх  зямель на чале з Новагародкам. На гэту ролю прэтэндавалі самі галіцка-валынскія  князі. На працягу 1248 – 1254 гг. Новагародская  зямля стала арэнай жорсткіх баявых дзеянняў. Страшэнныя разбурэнні прынеслі ёй тры паходы галіцка-валынскага войска. Міндоўг аказаўся дрэнным палітыкам: ён пайшоў на саюз з ордэнам, з крыжакамі, прыняў каталіцтва і ў 1252 г. атрымаў  ад папы рымскага каралеўскую карону, але не спыніў галіцка-валынскага наступлення. Першая спроба заваявання Літвы Новагародскай зямлёй закончылася няўдачай.

     М.Ермаловіч сцвярджае, што роля Міндоўга ў гісторыі яўна пера-большваецца. Ён фактычна не быў стваральнікам Вялікага княства Літоўскага, як гэта да апошняга часу тлумачыцца ў літаратуры. Не ён зрабіў сваёй сталіцай Новагародак, а Новагародак выбраў яго сваім князем. Не літоўскую ўладу ажыццяўляў тут Міндоўг, а быў выканаўцам дзяржаўных імкненняў Новагародка. Таму, не апраўдаўшы надзей навагародскіх феадалаў, ён і страціў новагародскі пасад.

    Такім чынам, Новагародак напаткала няўдача. Князь-перабежчык Міндоўг яму здрадзіў.  І ўсё ж новагародскім феадалам патрэбны быў князь-ліцвін, які, захапіўшы Літву, мог бы з’явіцца там як наследны гаспадар. Такім князем стаў сын Міндоўга 32-гадовы Войшалк — тонкі палітык і дыпламат, рашучы і вераломны ў дасягненні сваіх мэт, праваслаўны фанатык, які назаўсёды звязаў свой лёс з Новагародкам. У гэтых адносінах Войшалк нагадваў нальшчанскага перабежчыка Даўмонта, які, нягледзячы на літоўскае паходжанне, верна служыў Пскову і праваслаўю, за што пасля смерці быў абвешчаны святым.

    Ад імя знясіленай і пераможанай Новагародчыны Войшалк заключыў мір з галіцка-валынскімі князямі, імкнучыся былых ворагаў перацягнуць на свой бок і на пэўны час абапірацца на іх дапамогу. Гарантыяй гэтага стала выданне дачкі Міндоўга за сына Данілы Галіцкага — Войшалк выдаў “діцерь Миндовгову и свою сестру за Шварна”. Для забеспячэння трываласці пагаднення Войшалк робіць дальнабачны палітычны ход — аддае Новагародскую зямлю разам з гарадамі “Новогородок, Вослоним, Волковыеск” і астатнімі гарадамі сыну Данілы Галіцкага – Раману. Ён канчаткова ўваходзіць у давер галіцка-валынскіх князёў, якім валоданне Новагародчынай адкрывала дарогу да літоўскіх і полацкіх зямель. Войшалк ведаў унутраныя і знешнія супярэчнасці Галіцка-Валынскай зямлі, прадбачыў яе немінучае аслабленне, у выніку якога яна не толькі не зможа ўтрымаць за сабою Новагародскую зямлю, але і сама стане аб’ектам захопу суседзямі. Ён распальвае супярэчнасці паміж сынамі Данілы Галіцкага — Шварнам і Раманам — у іх дамаганнях на Новагародскую зямлю, а жыхарам гэтай зямлі забяспечвае на пэўны час мірнае жыццё.

Основные концепции образования ВКЛ