БДУ
Инстытут
журналістыкі
Рэферат
Прадмет:
Гісторыя Беларусі
Па
тэме: «Вацлаў Ластоўскі “Кароткая
гісторыя Беларусі”. Да 100-годдзя выхаду”
Выканала:
Рак Юлія
група №5
Мінск 2009
Змест
Вацлаў
Ластоўскі. Біяграфія
Нарадзіўся
8 лістапада ў фальварку Калеснікi Дзісенскага
павета Віленскай губерні. Скончыў пачатковую
школу.
У
1902 уступіў у Польскую сацыялістычную
партыю ў Літве. У 1904-1905 слухаў лекцыі
ў Пецярбургскім універсітэце. З
1906 у Рызе, дзе далучыўся да мясцовага
беларускага руху. З 1906 года Вацлаў Ластоўскі
жыве ў Вільні, дзе становіцца сябрам беларускае
Сацыялістычнае Грамады. У 1906-1908 член БСГ.
Пачынае супрацоўнічаць з газетай “Наша
Ніва”, а ў 1909 годзе становіцца яе сакратаром.
У 1909-1914 сакратар газэты "Наша ніва".
Рэдагаваў часопіс «Саха» (1912), «Беларускі
сцяг» (1922). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі
«Хрысціянская злучнасьць» (1915).
У
1910 выдае кнігу “Кароткая гісторыя
Беларусі”, у якой упершыню спрабуе
сістэматызаваць гістарычныя веды пра
беларускі край. У 1916-1917 гадох Вацлаў Ластоўскі
рэдагаваў у Вільні грамадзка-палітычную
і літаратурную газэту нацыянальна-дэмакратычнага
кірунку "Гоман".
Псеўданімы
і крыптанімы: Власт; Włast; Юры Верашчака;
Ласт; В.Ласт.; Уласт; Арцём Музыка; Пагашчанін;
Сваяк; Ю.Сулімірскі; Veritatis; Miles; Peregrinus; В.В...;
В-...; В.Л.; В.Л-скі; В-т; Л.; Ю.В.
У
час Першай сусветнай вайны заставаўся
ў Вільні; кіраваў "Беларускай кнігарняй"
і Беларускім выдавецкім таварыствам.
Ён чынна працаваў у Беларускай Сацыялістычнай
Грамадзе, змагаючыся за нацыянальную
самастойнасьць Бацькаўшчыны. Стаў адным
з аўтараў "Мэмарандуму прадстаўнікоў
Беларусі", які адстойваў права беларускага
народу на нацыянальна-дзяржаўнае развіцьцё
і які быў прадстаўлены ў 1916 годзе на міжнароднай
канфэрэнцыі ў Лазане.
1918—19
член Віленскай беларускай рады,
у сакавіку 1918 кааптаваны ад яе
ў склад Рады Беларускай Народнай
Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні
25.3.1918 незалежнасьці БНР. У лістападзе
1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У
канцы 1918 узначаліў Беларускае прадстаўніцтва
пры Тарыбе, потым беларускае аташэ пры
літоўскім пасольстве ў Бэрліне. З 1919 член
Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў
(БПСР). З сьнежня 1919 Ластоўскі ўзначаліў
Кабінэт Міністраў Беларускай Народнай
Рэспублікі.
Арыштаваны
польскімі ўладамі 17 снежня 1919; вызвалены
ў лютым 1920; пераехаў у Рыгу, потым
у Коўна. Разам з Т. Грыбам, К. Дуж-Душэўскім,
А. Цвікевічам і іншымі ўвайшоў у Камітэт
замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Удзельнічаў у арганізацыі партызанскага
руху супраць польскіх акупантаў. 20.10.1920
на беларускай канфэрэнцыі ў Рызе пад
кіраўніцтвам Ластоўскага створаны блок
беларускіх партый для барацьбы супраць
бальшавіцкай улады і польскай акупацыі
за незалежную і непадзельную Беларусь.
У сувязі з разыходжаньнямі па пытаньнях
тактыкі Камітэта замежных груп і ЦК БПСР
(П.Бадунова, Я.Мамонька) на з’ездзе БПСР
у Менску ў снежні 1920 выключаны з партыі
беларускіх эсэраў, якія на савецкай тэрыторыі
ў гэты час падтрымлівалі савецкую ўладу.
Удзельнік Першай Усебеларускай канфэрэнцыі
ў Празе (верасень 1921). У 1920—23 наведаў Бэльгію,
Германію, Швэйцарыю, Ватыкан, Італію,
Чэхаславакію, Францыю і іншыя краіны,
выступаў за правы беларускага народа.
У
1923 годзе Вацлаў Ластоўскі адыходзіць
ад палітычнай дзейнасці, жыве на эміграцыі
ў Коўне, займаецца рэдагаваннем
часопісу “Крывіч”(1923-1927). У Коўне ён выпускае
свае знакамітыя працы "Расійска-крыўскі
(беларускі) слоўнік" і "Гісторыя
беларускай (крыўскай) кнігі".
Удзельнічаў
у арганізацыі антыпольскага
партызанскага руху. 20 красавіка 1923
падаў у адстаўку з пасады прэм'ер-міністра
БНР.
Запрошаны
Інбелкультам на акадэмічную канфэрэнцыю
па рэформе беларускага правапісу
і азбукі (лістапад 1926), на якой выступіў
прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У 1926
г. Ластоўскі быў абраны членам-карэспандэнтам
Украінскай акадэміі грамадазнаўства
ў Празе.
У
1927 годзе, паверыўшы ў лібералізацыю
Савецкай Беларусі, вяртаецца на радзіму,
дзе некаторы час працуе дырэктарам
дзяржаўнага музэю БССР. Працаваў дырэктарам
Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам
кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. Пад
ягоным кіраўніцтвам ішло плённае зьбіраньне
і дасьледваньне даўніны. Толькі адзін
прыклад: дзякуючы намаганьням Ластоўскага
была знойдзеная і перавезеная ў Менск
нацыянальная сьвятыня беларусаў - крыж
найпадобнейшай Эўфрасіньні Полацкай.
З 1928 акадэмік БелАН. Быў неадменным сакратаром
Інбелкульта.
Вызвалены
ад гэтай пасады 20 лістапада 1929. 21 ліпеня
1930 арыштаваны ДПУ БССР па справе ”Саюза
вызвалення Беларусі”.6 снежня 1930 пазбаўлены
звання акадэміка. Пастановай Калегіі
АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 высланы на
5 гадоў у Саратаў. Там ён працуе загадчыкам
адцзелу рэдкіх рукапісаў у бібліятэцы
мясцовага ўнівэрсытэту.
Паўторна
арыштаваны 20 жніўня 1937. 23 студзеня 1938
прыгавораны да расстрэлу(згодна версіі
Я. Дылы, запісанай А. Мальдзісам у 1960-х
гадах, Ластоўскі загінуў у Магадане ад
выбуху падчас пракладкі горнага тунэля
для чыгункі). Па першым прысудзе рэабілітаваны
10 чэрвеня 1988; па другім - 16 верасня 1958.
Адноўлены ў званні акадэміка АНБ у 1990.
Вацлаў
Ластоўскі як пісьменнік
Вацлаў
Ластоўскі, паплечнік Янкі Купалы і
Максіма Багдановіча, якія прысвяцілі
яму свае вершы, стаяў у самым
цэнтры беларускага нацыянальнага
руху, народжанага на хвалі рэвалюцыйнага
ўздыму 1905—1907 гг. На працягу амаль чвэрці
стагоддзя імя Власта не сыходзіла са
старонак перыядычнага друку (не кажучы
пра «Нашу Ніву», дзе з 1909 г. ён працаваў
адказным сакратаром). У тых больш чым
трох сотнях публікацый дзеяч беларускага
нацыянальна-культурнага адраджэння,
адзін з ідэолагаў утварэння незалежнай
Беларусі, Ластоўскі паўстае як выдатны
пісьменнік, крытык, публіцыст, гісторык,
мовазнаўца. Пазней Ластоўскі выявіць
сябе як паэт, філолаг, этнограф, выдавец,
перакладчык, бібліёграф.
Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся 27 кастрычніка
1883 г. паводле старога стылю,
а паводле новага 8 лістапада,
у засценку Калеснікі Задарожскай
парафіі Дзісенскага павета Віленскай
губерні (да 1982 г. хутар у Пліскім
сельсавеце Глыбоцкага раёна) у сям'і Юстына
і Ганны Ластоўскіх. У хроснай метрыцы
бацькі названы мяшчанамі, гэта значыць,
хутчэй за ўсё паходзілі з беззямельнай
шляхты. Праўда, меркаванне пра радавод
Ластоўскіх як спаконвечную шляхту бачыцца
дужа няпэўным у святле выказвання: «Мой
бацька земляроб, дзед — каваль, а прадзед
— бортнік». Так акрэсліў сямейную генеалогію
Вацлаў Ластоўскі, сам ужо будучы немаладзёнам
на выгнанні ў далёкім Саратаве, дзе працаваў
загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў
бібліятэкі Саратаўскага універсітэта.
Першую навуку чытаць-складаць
хлопчык легка адолеў дома, і
бацькі адцалі сына ў Старапагосцкую
школу (1898—1902), пра якую пазней
вучань Ластоўскі пакіне каларытныя
ўспаміны. Пасля заканчэння парафіяльнай
школкі ў 1894 г. здольны падлетак
спрабаваў, па няпэўных звестках, атрымаць
адукацыю ў Дзісенскай павятовай вучэльні.
Ці скончыў яе — невядома. Юнацтва Ластоўскага
праглядаецца пункцірна і непаслядоўна:
хлопчык на паслугах у адной з віленскіх
вінных крамак; канцылярыст нейкай казённай
установы ў Шаўлях. Але да ўсяго гэтага
душа аніяк не гарнулася. Па-ранейшаму
вабіла навука. Юнак дапяў да Пецярбурга
— найбуйнейшага культурнага асяродка
Расійскай імперыі, дзе ўладкаваўся бібліятэкарам
прыватнай студэнцкай бібліятэкі, шмат
чытаў і адначасова крадком зазіраў у
аўдыторыі універсітэта паслухаць лекцыі
славутых прафесараў. Пакрыёмасць выклікана
хутчэй за ўсё не так цяжкім матэрыяльным
становішчам, колькі адсутнасцю належнага
дыгаюма, які даваў права на паступленне
ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. У «Спісе
штатнага асабовага складу ІБК» па стане
на 20.01.1928 г. у графе «Адукацыя» Ластоўскі
занатуе коратка: «Хатняя».
Пэўнымі застаюцца два факты:
у 1902 г. дзевятнаццацігадовы юнак
стаў сябрам Польскай сацыялістычнай
партыі Літвы і Беларусі, а летам
1903 г. Вацлаў узяў шлюб з Марыяй Іваноўскай
(Іванаўскайтэ, 1872—1957), пазней вядомай
пад агульным са старэйшай сястрой Зосяй
псеўданімам летувіскай пісьменніцай
Лаздзіну Пяледай. Нейкі час маладыя жылі
на жончынай радзіме ў мястэчку Парагяй
(поўнач Летувы). Пажыў Вацлаў і ў Рызе.
Там у 1906 г. спрабаваў здаць экзамены на
атэстат сталасці, аднак, паводле ўласных
слоў, «зрэзаўся» на рускай мове. Рыжская
няўдача паклала канец безвыніковым спробам
атрымаць пацверджанне сваім ведам у выглядзе
дыплома. Хлопец моўчкі і зацята працягвае
паглыбляць веды нястомнай самаадукацыяй.
Акурат з Рыгі даслаў Ластоўскі
першы вядомы допіс у «Нашу
Ніву» («Ліст да рэдакцыі «Нашае
Нівы», у «сааўтарстве» з Эдвардам
Будзькам), апублікаваны 22 траўня 1908 г.,
з якога вынікала, што рыжскія беларусы
збіраюцца «выдаваць зборнікі пісьма
краёвага, найбольш творы нашых краёвых
пісараў». Мяркуючы па зместу, выданні
меліся выходзіць самыя разнастайныя:
«научныя, літарацкія, гістарычныя, статыстычныя»,
але ўжо тут прыкметна выявілася цяга
Ластоўскага да гістарычнага матэрыялу
(«Дужа надарылася б пісання даўнейшыя,
даўнейшых пісароў, або цяперашніх ды
ўжо старых па веку»).
Выданне кніг, па ўсяму відаць,
наладжана не было. Аднак кіпучая
энергія Ластоўскага шукала выйсця.
Вельмі лагічна, што менавітаў Вільню,
старадаўнюю сталіцу краю, а цяпер сталіцу
культурнага жыцця Беларусі-Літвы прывялі
ўрэшце Ластоўскага жыццёвыя шляхі. Ён
з'явіўся ў старажытнае места ў сакавіку
1909 г., куды быў запрошаны на пасаду сакратара
рэдакцыі «Нашай Нівы». Менавіта з пераездам
у Вільню, дзе блізка пазнаёміўся з выдаўцом
Аляксандрам Уласавым, братамі I. і А. Луцкевічамі,
С. Палуянам, звязаны пачатак сталай літаратурнай
працы. Больш за паўгода сплыло ад першай
сустрэчы, перш чым на старонках «Нашай
Нівы» мільганула публікацыя за подпісам
«Власт» — першым вядомым псеўданімам
Вацлава Ластоўскага. Гэтая затрымка ў
паўгода (з сакавіка да верасня) схіляе
да меркавання, што Ластоўскі не адразу
стаў супрацоўнікам рэдакцыі. Магчыма,
гэтыя паўгода прайшлі ў яго на гаспадарцы
ці ў арандатарскіх клопатах, пра што глуха
прыгадваў Вацлаў Іваноўскі.
Подпіс «Власт» быў пастаўлены
пад артыкулам у рэдактарскай
калонцы «З нашага жыцця». Нізку
гэтую распачаў ці не Сяргей
Палуян, дасылаючы допісы з далёкага
Кіева: «Цяпер ужо можна гаварыць і пра
нашае жыццё. Доўга мы спалі, доўга ціхімі
крокамі набліжаліся да ідэі нацыянальнага
вызвалення і ...набраліся-такі сіл для
вытварэння ўласнага нацыянальнага жыцця».
Падхопліваючы палуянаўскі пафас, малады
сакратар «Нашай Нівы» распачаў уласны
артыкул здалёк: «Прошлага месяца верасня
бургамістр сталічнага чэшскага горада
Прагі выдаў адозву да чэшскага грамадзянства,
у каторай кажа, што праз гэты месяц на
чэшскія нацыянальныя школы трэба злажыць
паўмільёна рублёў. I чэхі зложаць!»
Пачутая вестка-адозва з недалёкай
славянскай краіны ўскалыхнула
ў душы незайздросныя развагі
пра свядомасць мужыка-беларуса,
якога «доўгае паднявольнае жыццё»
давяло да дзікунства: чалавек
пачаў саромецца матчынай мовы.
Ад такой ганебнай смяротнай хваробы
належыць ратавацца што моцы: «Няхай кожны,
у кім дух народу не згас, чыя душа парвала
іржавыя нявольніцкія путы, хто перастаў
чуцца прадажным таварам, а пачувае ў сабе
дух чалавека, — няхай словам і дзелам
сведчыць цёмным братам сваім, што і яны
такія ж людзі, як і іншыя; няхай нясе сваю
бацькоўскую мову ў жыццё, у свет — вучыць
лічыць нацыянальную справу сваёй. Няхай
у кожным кутку Беларусі і на чужыне выйдуць
лепшыя сыны бацькаўшчыны нашай — выйдуць,
падобна працавітаму аратаму, на глебу
народную, няхай адвернуць непачатую скібу
і сеюць зерне свядомасці нацыянальнай,
каб тады, як і ад нас зажадаюць ахвяры
на народнае дзела, людзі аб беларусах
маглі сказаць, як мы цяпер кажам аб чэхах:
— I яны зложаць!»
19 лістапада 1909 г. «Наша Ніва»
надрукавала ягонае апавяданне-абразок
«Нарадзіны», а ў наступным нумары лірычную
замалёўку «Зайчык».
«Зайчык» — гэта не толькі
дэбют В. Ластоўскага-празаіка, але
і адзін з пачаткаў, першавыток
беларускай дзіцячай літаратуры
XX ст. Маленькаму чытачу пазней будуць
прысвечаны асобныя казкі пісьменніка
«Князь Барыс і чорт», «Дзед і ўнук», «Певень
і гуся», «Буж куртаты і мужык'багаты»
і цэлыя чытанкі, складзеныя ім пад час
кіраўніцтва Беларускім выдавецкім таварыствам
у Вільні (Knizyca dla bielaruskich dzietak dziela nawuki cytannia;
Rodnyje Ziarniaty: knizyca dla skolnaha cytannia: абедзве Wilnia,
1916).
Першыя празаічныя тэксты Ластоўскага
вылучаліся музычнай настраёвасцю,
лірызмам, пранікнёнасцю, што сведчыла
пра несумненны талент маладога
літаратара. Параўноўваючы раннюю творчасць
Власта з празаічнымі творамі Коласа,
Бядулі, Гарэцкага, Цёткі, заўважаецца,
што рэвалюцыйныя падзеі 1905—1907 гг. як
бы закранулі Ластоўскага менш за астатніх.
Пісьменнік намацаў сваю тэму — пераважна
гістарычную, хоць мог па-мастацку адгукнуцца
«на злобу дня» («Панас гуляе», «Мост у
Кутах»). Тады ж ён выступіў з польскамоўным
юбілейным гістарычным артыкулам «Гадавіна
Грунвальда» (Rocznica Grunwaldska // Litwa. 1909. № 19:
пад псеўданімам Wlast). У лепшым сваім апавяданні
«Лебядзіная песня» (1910), якое па праву
можна назваць хрэстаматыйным не толькі
ў творчым даробку Власта, пісьменнік
адным з першых у нашай літаратуры паказаў
вобраз беларуса-селяніна, што пайшоў
на заробкі ў горад, але не здолеў там прыжыцца.
У сэрцы галоўнага героя Рыгора Лежні
невылечна залягла туга па вясковых каранях,
ён не прымае меставую рэчаіснасць з конкамі
і фабрыкамі і ўсімі фібрамі душы прагне
вярнуцца дадому. I штодня вяртаецца ў
прызабытую, даўнюю, але такую яркую сялянскую
маладосць. Аднойчы салодкая мройлівасць
трагічна абарвецца.
Рост Власта як літаратара
адбываўся неверагодна шпарка. Першага
студзеня 1910 г. сваім навагоднім
нумарам «Наша Ніва» распачала
друкаваць ягоную «Кароткую гісторыю
Беларусі». У тым самым годзе,
калі Янка Купала на кватэры прафесара
Браніслава Эпімах-Шыпілы пісаў несмяротны
«Курган» і выдаў свой другі паэтычны
зборнік «Гусляр», нашаніўская «Кароткая
гісторыя Беларусі» пабачыла свет асобным
выданнем у слаўнай друкарні Марціна Кухты.
«Гісторыя — гэта фундамент, на каторым
будуецца жыццё народа. I нам, каб адбудаваць
сваё жыццё, трэба пачаць з фундаменту,
каб будынак быў моцны. А фундамент у нас
важны, гісторыя наша багата...», — сцвярджаў
у прадмове да кнігі В. Ластоўскі.
Апроч манаграфічнага выдання шырокія
звесткі пра Беларусь Ластоўскі падаваў
у сваіх публікацыях «Дзе мы жывем і колькі
нас?», «Якога мы роду-племені». Яны пазней
складуць асобнае выданне «Што трэба ведаць
кожнаму беларусу?» (1918). Гістарычнаму
мінуламу Беларусі прысвечаны шматлікія
публікацыі на старонках «Нашай Нівы»,
дзе адказны сакратар завёў спецыяльную
рэдактарскую калонку «З нашай мінуўшчыны»:
«Колькі слоў аб даўнай веры беларусаў»;
«Станы ў старой Беларусі»; «Копныя суды»;
«Гарадэльская унія»; «Наша старая слава»;
«Хлебаробства на Беларусі ў даўныя часы»
і інш. Сярод іх вылучаецца «Беларуси радавод»
(1913), у якім літаратурна апрацавана паходжанне
160 «радоў нашых».
Власт, аднак, узрастаў не толькі
як «старасвецкі» даследнік. Толькі
за адзін 1910 год ён публікуе
апавяданні «Слёзы», «Апаўшыя лісці»,
«Ёсць боль», «Краскі», «Мары», «Мост у
Кутах», «Лебядзіная песня», «Панас гуляе».
Таму не дзіўна, што Максім Багдановіч
у крытычным «Аглядзе беларускай краснай
пісьменнасці 1910 г.» (падзагаловак артыкула
«Глыбы і слаі»), гаварыў выключна пра
мастацкі ўзровень Ластоўскага-празаіка,
ані не спыняючыся на бясспрэчнай «кніжцы
года» — «Кароткай гісторыі Беларусі».
Крытыка і публіцыстыка В. Ластоўскага
выразна пазнавалася на старонках
«Нашай Нівы» сваёй праніклівасцю,
пераканаўчасцю, вялікімі гістарычнымі
ведамі, бескампраміснасцю, баявітасцю
і разам з тым шчымлівым пачуццём сыноўняй
любові, прагі хутчэй пабачыць родны край
і люд не ў рабскім ярме. У канцы лютага
1914 г. В. Ластоўскі публікуе артыкул «Бяздомныя».
У ім паведамлялася аб продажы 230 беларусаў
па 80 руб. за галаву калішскай эмігранцкай
канторай у Конга (потым гэты факт Власт
паўторыць у публікацыі «Горэй не будзе»
за 7 сакавіка). А ўжо 1 мая тая самая «Наша
Ніва» друкуе верш Максіма Багдановіча
«Эміграцкая песня» — мастацкі твор, напісаны
відочна пад уражаннем артыкулаў публіцыста.
У 1912 г. Власт напісаў і апублікаваў
аповесць «Прыгоды Панаса і
Тараса». Яна выйшла ў Пінску
пад псеўданімам Арцём Музыка.
Сюжэт яе няхітры: «Нядзеляю
ў аднэй з вёсак Піншчыны
Панас і Тарас, седзячы на прызбе,
гутарылі аб тым, як дзе жывуць людзі і
аб іхніх звычаях і парадках», і вырашылі
праехацца, каб паглядзець уласнымі вачыма
на жыццё суседзяў — «мазуроў». Убачанае
імі і склала аснову твора — бліскуча,
з тонкім і добрым гумарам напісанага.
У аповесці бывалыя сяляне вучаць «бесталковых»
суседзяў, як здабываць сонца ў хату, як
замяшаць талакно, як пілаваць бэльку,
як папарыцца ў лазні. I наваг смяротныя
выпадкі, пра якія гаворыць аўтар, выходзяць
з-пад пяра празаіка бяскрыўдныя, без насміхання
і жорсткасці. Лагоднасць, міралюбнасць
і разам з тым глыбінная мудрасць прасвечваюцца
ў кожнай фразе гэтых простых людцаў. Мова
іх перасыпана трапнымі прымаўкамі, прыказкамі.
Здольнасць вызначыць не толькі
геаграфічныя, але і гістарычныя
каардынаты Бацькаўшчыны, разабрацца
ў яе складаных, часам трагічных пуцявінах-лабірынтах
Ластоўскі-празаік бліскуча прадэманстраваў
у аповесці, напісанай дзесяцігоддзем
пазней. Твор тэты павінен быў стаць этапнай
з'явай у літаратурным развіцці Беларусі,
аднак, прыглушаны больш чым паўстагоддзем
маўчання, пакуль не стаў. Аповесць называлася
«Лабірынты». Мяркуючы па перапынку ў
публікацыі на старонках часопіса «Крывіч»,
можна зрабіць выснову, што твор і быў
напісаны ў 1923 г. Прынамсі, дапісваўся,
дапрацоўваўся адначасова з публікацыяй.
Гэта самая яркая мастацкая рэч у літаратурнай
спадчыне В. Ластоўскага. Апавяданне ў
ім вядзецца ад аўтарскага імя. «Ад некалькіх
гадоў стала ў мяне звычаем выязджаць
на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі
для пазнання роднае старасвеччыны», —
так пачатковым сказам акрэсліў Ластоўскі
галоўнае захапленне свайго героя. Яно
і прыводзіць няўрымслівага шукальніка
сівой даўніны ў старажытны Полацк, дзе
ён знаёміцца з сябрамі так званай Археалагічнай
Вольнай Контэрфратэрніі — заўзятымі
аматарамі роднай старасветчыны. З характарыстык
іх можна меркаваць, што падзеі ў творы
адбываюцца ў канцы XIX — пачатку XX ст. Прынамсі,
у дарэвалюцыйныя часы. Сярод манускрыптаў,
апраўленых ў шырокія, драўляныя, абцягнутыя
скурай пераплёты, нібыта захаваліся і
летапіс Полацкага княства, пісаны рукой
Св. Ефрасінні, і «праўдзівы экземпляр
«Аповесці мінулых часоў», і «ўласнаручныя
пісанні братоў Кірыла і Мяфодзія, Візантыйскія
хранографы...»
Сустракаючы ў лабірынтах роднай
мінуўшчыны далёкіх папярэднікаў,
міжволі ўзмацняешся вераю, што дзесь
у падзямеллях шчыруюць прашчуры. «Працуюць,
чакаючы часу, калі ім прыйдзецца зноў
выйсці да свайго народа». Гістарычна-фантастычны
сюжэт «Лабірынтаў» дазваляў аўтару шырока
спалучыць падзеі сівой мінуўшчыны і рэаліі
апошніх гадоў вялікай імперыі. Рэальнае
і фантастычнае тут настолькі пластычна
і непрыкметна пераплецены, што міжвольна
ўзнікае пачуццё, што ўсе падзеі з галоўным
героем адбыліся на самай справе. Твор,
насычаны нястрымнай гістарычнай фантазіяй,
— бясспрэчная вяршыня творчасці Ластоўскага-празаіка.
Такім чынам, феномен Уладзіміра Караткевіча
ў беларускай літаратуры быў запраграмаваны
і праз дзесяцігоддзі ўвасобіўся.
Новае, што наогул прынёс Ластоўскі
ў беларускую літаратуру, — глыбокае
веданне айчыннай гісторыі, распрацоўка
гістарычных сюжэтаў («Каменная труна»,
«Разбойнік», «Князёўна Рагаеда», «Часы
былі трывожныя», «Векавечная мяжа», «Бяздоннае
багацце»). Гістарычныя рэмінісцэнцыі
моцна гучаць у шматлікіх творах Ластоўскага:
«Беларуси радавод», «Паншчына», «Мікалай
Галубовіч», «Троцкі замак», «Брацкія
кнігі». Багацтва задум і тэм, якія ўводзіў
ва ўжытак Ластоўскі, узбагачвала іншыя
жанры айчыннага мастацтва. Пачынаючы
драматург Францішак Аляхновіч на падставе
апавядання «Каменная труна» (1917) стварыў
гістарычную драму «Бутрым Няміра», якая
не адно дзесяцігоддзе мела вялікі поспех
на сцэне.
У кастрычніку 1918 г. В. Ластоўскі выдаў
1-ы нумар часопіса «Крывічанін» (Kriwicanin.
Bielaruski palitycna-literaturny miesiacnik), на першай старонцы
якога красаваўся «Памятнік» М. Багдановіча
(«пераклад з Гарацыя асклепідаўскім вершам.
На жаль, 1-ы нумар «Крывічаніна» стаў і
адзіным. Наогул канец 1910 — пачатак 1920-х
гадоў у творчым даробку Власта малаплённы:
за два гады (1920—1921) за Ластоўскім лічацца
ўсяго дзве публікацыі: артыкул «Вялікі
патрыёт — Васіль Цяпінскі» (Часопісь.
1920. № 1) і апавяданне «Вішанька» (Еднасць.
1921. 15 жн.). Аднак артыкул пра Цяпінскага
папярэдне друкаваўся ў «Беларускім календары
на 1919 год». Аўтарства ж апавядання спрэчнае
(яно апублікавана пад псеўданімам «Вацлаўскі»).
У гэты перыяд пісьменнік шчыраваў на
пасадзе прэм'ер-міністра Беларускай Народнай
Рэспублікі (1919—1923).
Сам
Ластоўскі да паэтычнай творчасці
звярнуўся амаль у 40 гадоў. Перад
тым ён паэзіяй не займаўся і, можна
смела сцвярджаць, нават не захапляўся.
Найбольшае, што ён мог, — прызнаваць
яе існаванне. Але, звярнуўшыся да паэзіі,
выявіў сябе нетрадыцыйным майстрам
вершатэхнікі. I ў ёй працягваў сцвярджаць
ідэю змагання за незалежную Беларусь.
Ластоўскіпаэт дэбютаваў на пачатку 1922
г., у першым нумары часопіса «Беларускі
сцяг»:
Наперад, змагарна наперад!
Да волі цярэбячы троп,
Штодзённа ўскіпаем мы гневам
I помету шлюбуем па гроб!
Нахрапнаю крыўдай не ўздзержыць
Вам вольны ў кайданах прастор:
З дум горкіх, з сэрц нашых
гартоўны
Скуем мы з праклёнам тапор.
Часопіс «Крывіч», выдаваны ім
у Коўна — тагачаснай сталіцы
Летувы, — таксама неаднойчы аздаблялі
вершы нястомнага сейбіта беларушчыны
ў далёкай эміграцыі. У паэзіі, як і ва
ўсёй яго літаратурнай творчасці, скразным
лейтматывам праходзіць ідэя служэння
роднай Бацькаўшчыне. Толькі ў гэтым сэнс
творчасці, толькі ў гэтым магчымасць
выйсця на сусветныя торныя шляхі:
Паэт, ты вольнага Пегаса
ў прыгожых дум ярмо ўпрагай
і тучны чарназём
мінуўшчыны радзімай
у скібы стройныя складай!
Бо толькі гэта глеба
дасць нам жаданы агняквет,
якім крывіцкі геній
счаруе свет.
Бо толькі родны чарназём,
цяплом духовым абагрэт,
здалее даць пітомнае красы
прадзіўны квет.
Вершаў у творчым даробку Ластоўскага
параўнаўча няшмат — каля чатырох
дзесяткаў. Але ўсе яны пазначаны пячаткай
адмысловасці, арыгінальнасці. Наватарства
матываў, настрою і літаратурных прыёмаў
абумоўлена мастацкім крэдам В. Ластоўскага.
Апошняе можна афарыстычна выказаць радком
ягонага верша: «Новым імкненням даць
новыя формы... стаўлю я мэтай».
У Коўна В. Ластоўскі працягваў
выдаваць падручнікі і школьныя
дапаможнікі. На гэтай дзялянцы
нечакана выявіліся філалагічныя
схільнасці пісьменніка. Найперш
у сааўтарстве з К. Душ-Душэўскім
ён выдаў «Слоўнік геаметрычных
і трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў»
(1923), а праз год выйшаў «Падручны расійска-крыўскі
(беларускі) слоўнік» памерам каля 17 тыс.
слоўнікавых артыкулаў. Некаторыя з іх
мелі не толькі перакладны, але і этымалагічны
і энцыклапедычны характар.
Ластоўскі раскрываўся і як фалькларыст,
і як этнофаф, і як мовазнаўца. Паводле
ўласнага прызнання, як мовазнаўца ён
бярэ пачатак «ад 1902 году», калі стаў занатоўваць
«цікавыя» словы. Напачатку запісвае іх
для сябе, бо вельмі ж «асабіста цікава
было слова само па сабе». На жаль, адсутнасць
спецыяльнай філалагічнай адукацыі адбілася
на слоўнікавай структуры. Толькі прыроджанае
моўнае чуццё і яркія літаратурныя здольнасці
Вацлава дапамаглі яму стварыць даведнік
шмат у чым аўтарскі, з выразнымі індывідуальна-творчымі
рысамі. Калі ў «здаровай народнай стыхіі»
не знаходзілася адпаведнікаў, курс браўся
на наватворы. Пераважна з-за іх да «Падручнага
расійска-крыўскага слоўніка» як нарматыўнага
сёння належыць падыходзіць умоўна. З
адваротнага боку, кіруючыся сучаснымі
лексікаграфічнымі параметрамі, у ковенскім
даведніку бачыцца цэлы комплекс перакладных
і тэрміналагічных слоўнікаў. Пасля асноўнага
лексічнага масіву ў 760 старонак ідзе руска-беларускі
слоўнік асабовых імён — «Крыўскі (беларускі)
іменнік», слоўнік арніталагічных тэрмінаў
«Назовы птахаў» і батанічных — «Іменнік
расцін». Пры канцы пададзены слоўнік
беларускай вайсковай тэрміналогіі «Вайсковая
каманда».
Працуючы над беларускімі перакладнымі
слоўнікамі, Ластоўскі і сам шмат
перакладаў. Яшчэ ў 1910-я гады ў ягоным
перакладзе выйшлі: «У зімовы вечар: Сцэна
з сялянскага жыцця» Э. Ажэшкі, апавяданне
К. Тэтмаера «Спалгіны», «жарт» Л. Валодскага
«Як яны жаніліся» (усе з польскай мовы)
і інш. Не ведаючы еўрапейскіх моў, пісьменнік
тым не менш уводзіў у сілавое поле роднай
літаратуры здабыткі сусветнай культуры.
Маем на ўвазе перакладзеныя ім казкі
Г. Андэрсена «Свінапас», «Каралеўна на
гарошыне», стараісландскую легенду «Страхапалох»
(усе апублікаваны ў газ. «Гоман» за 1916
г.), апавяданне Р. Кіплінга «Мы ўсе трое
— адно» (Крывіч, 1923). Наогул у перакладчыцкім
актыве пісьменніка значацца пераклады
(найчасцей адаптаваныя) з ангельскай,
дацкай, «індыйскай», ісландскай, польскай,
рускай, фінскай, эстонскай моў. Усе пералічаныя
вышэй пераклады — празаічныя. На пачатку
1920-х гадоў Ластоўскі звярнуўся і да паэзіі.
З'явіліся паэтычныя пераклады вершаў
А. К. Талстога «Борывой», «Чужое гора»;
польскай гістарычнай паэмы XVII ст. «Лісоўшчыкі»
і інш.
У сталым узросце Вацлаў Ластоўскі
апроч іпастасі паэта і перакладчыка
раскрыў сябе і як мемуарыст. Ягоныя каларытныя
ўспаміны пра ўласнае маленства і вучобу
жыва і ярка дапаўняюць воблік беларускага
мястэчка канца XIX ст., даносяць шматлікія
звычаі, абрады, якія цяпер не захаваліся
(«Старабеларуская вясковая школа» (1923),
«Успаміны з нядаўняй мінуўшчыны» (1925)).
Літаратурныя ўспаміны пра Янку Купалу
і М. Багдановіча ўзнаўляюць нам ужо легендарную
атмасферу, у якой працаваў калектыў «Нашай
Нівы». Жывой паўстае з-пад пяра Власта
постаць вялікага Купалы («Успаміны пра
Янку Купалу»). Загадка Максіма Багдановіча
набліжаецца да нас ва ўсёй велічы таленавітага
паэта («Мае ўспаміны аб М. Багдановічу»).
Сам В. Ластоўскі як кніжны
летапісец здолеў пазначыць і
«вынесці на шырокі свет» шляхі
беларускай рукапіснай і друкаванай
кнігі, вярнуць у гісторыю Бацькаўшчыны
выданні, занесеныя ў чужыя аналы. Складзены
ім пад адной вокладкай агляд «звыш 1000
важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных
кніг з пачатку зараджэння беларускага
пісьма (X ст.) аж да XIX стагоддзя» выйшаў
у Коўна ў 1926 г. як капітальнае даследаванне
— «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».
Зразумела, як і ў выпадку са слоўнікам,
матэрыялы да якога збіраліся на працягу
20 гадоў, так і падрыхтоўцы «крыўскай»
кнігі Ластоўскі аддаў не адно дзесяцігоддзе
свайго неспакойнага жыцця. Перад тым
ім былі напісаны шматлікія грунтоўныя
нарысы пра айчыннае кнігадрукаванне.
Пры гэтым ягоны позірк як даследчыка
быў куды шырэй. Яго цікавілі аналагічныя
працэсы ў суседніх культурах («350-летняя
гадаўшчына друку ў Маскоўшчыне»; «10-летні
юбілей літоўскага друку», «Рухомыя друкарні
на Беларусі і Украіне»). Ён стаў першым
аўтарам-беларусам, хто ў XX ст. уводзіў
у літаратурны ўжытак імёны Паўлюка Багрыма,
Кастуся Каліноўскага, Ц. Бычкоўскага
і інш. Як піянер-даследчык Ластоўскі ярка
паўстае з артыкула «Памажыце!» (1913), у
якім у асноўных рысах намаляваў карціну
літаратурнага руху на Беларусі мінулага
стагоддзя («Аказваецца, што праз усё XIX
сталецце беларускія пісьменнікі не зводзіліся:
людзі пісалі і працавалі над развіццём
беларускай літаратуры, над утрыманнем
беларускай свядомасці»), распрацаваў
праграму па ратаванні рукапіснай спадчыны,
кінуў кліч збіраць неацэнныя рукапісныя
творы, што яшчэ захоўваліся па глухіх
засценках ды ваколіцах, падаўшы падрабязны
пералік прозвішчаў айчынных літаратараў.
Тады, на пачатку XX ст., яны прагучалі як
сапраўднае адкрыццё. Наогул, Власт-кніжнік
быў перакананы, што «адзін з найцэннейшых
скарбаў, які паасобны народ можа ўнесці
ў агульналюдскую скарбніцу, гэта ёсць
яго літаратура» («Па сваім шляху»). Таму
ён так нястомна адкрываў, даследаваў
старабеларускую літаратуру («Леў Сапега
аб перакладзе Статуту В. Кн. Літоўскага
на беларускую мову», «Крыўскі варыянт
быліны аб Іллі Мурамцы», «Смаленская
легенда аб св. Меркурыі», «Новагорадская
аўтакефальная мітраполія», «Побыт Іероніма
Пражскага ў Беларусі»).

