Знешняя палітыка ВКЛ (другая палова XIII – першая палова XVI ст.)

ЗМЕСТ 

Уводзіны………………………………………………………………………..….3

1. Каранацыя  Міндоўга 1253 год……………………………………………..….4

2. Першы паход мангола-татараў на Беларусь 1258 – 1259 гг..………………..6

3. Знішчэнне нямецкіх рыцараў Давыдам Гарадзенскім………………….……8

4. Пераможная  бітва з татарамі на Сініх  Водах 1363 г………………………..10

5. Паходы  Альгерда на Маскву 1368 – 1372 гг………………………………...12

6. Крэўская  вунія 1385 г…………………………………………………………14

7. Бітва  пад Грунвальдам 1410г………………………………………………...16

8. Першая  вайна Маскоўшчыны з ВКЛ 1492г…………………………………18

Заключэнне……………………………………………………………………….21

Спіс  выкарыстаных крыніц……………………………………………………..22 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

     УВОДЗІНЫ 

     З летапісаў вядома, што прыкладна  з 1235 года недзе паміж Вяллёй і  Нёманам існавала «Літва Міндоўга». Міндоўг захапіў там уладу  ў свае рукі - «пачаў княжыці адзін  ва ўсёй зямлі Літоўскай». Крыху  пазней улада гэтага балцкага князя  пашырылася на сумежныя тэрыторыі Беларусі, найперш на Панямонне - Чорную Русь з гарадамі Новагародак (пазней Наваградак), Ваўкавыск, Горадня, Здзітаў і Слонім. Няма ніякіх сведчанняў гвалтоўнага  падпарадкавання гэтай зямлі. У  Наваградку, які стаў першай сталіцай Вялікага Княства, Міндоўг заняў  княскі пасад са згоды мясцовага  насельніцтва. У гэтым жа беларускім горадзе ён быў ахрышчаны і  каранаваны.

     Пад ціскам Тэўтонскага ордэна вялікі князь  Ягайла мусіў пайсці на хаўрус з  Польшчай. Падпісаная ў Крэве персанальная вунія (пасад вялікага князя і  караля займала адна асоба) адкрывала  просты шлях польскім уплывам на Беларусь, але яна не касавала асобнай дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага. У выніку аб'яднання сіл удалося разграміць прускіх рыцараў пад Дуброўнаю (Грунвальдам) ды спыніць нямецкую экспансію на ўсход.

     Але з усходу на дзяржаву насоўвалася вялікая небяспека. Абвясціўшы сябе ўладарамі ўсяе Русі і прыкрыўшыся дактрынай «Масква - трэці Рым», маскоўскія манархі ўзяліся ажыццяўляць свае захопніцкія планы. З канца ХV cтагоддзя Масква развязвала вайну за вайной супраць Вялікага Княства Літоўскага: 1492-1494, 1500-1503, 1507-1508, 1512-1522... Для Беларусі, землі якой цярпелі найбольш, гэтыя войны былі абарончыя. Ваенныя страты, спусташэнні, вываз мясцовых людзей у чужую няволю – усё гэта непазбежна тармазіла развіццё краіны. Цяжар самай працяглай вайны, калі цар Іван Жахлівы заняў паўночную Беларусь, падштурхнуў Вялікае Княства да яшчэ цяснейшага збліжэння з Польшчай, якое спарадзіла новыя праблемы беларускай гісторыі.

     КАРАНАЦЫЯ МІНДОЎГА 1253 

     Пасля аб'яднання летапіснай Літвы з  Новагародскім княствам і ўтварэння  такім чынам новай дзяржавы Міндоўг, хоць быў паганцам, мусіў прыняць  хрысціянства. Паводле Густынскага  летапісу, ужо ў 1246 годзе ва ўласнай  рэзідэнцыі ў Новагародку ён ахрысціўся ў праваслаўе - веру сваіх падданых - беларусаў. Аднак палітычная сітуацыя змусіла Міндоўга па якім часе яшчэ раз змяніць веравызнанне.

     У сярэдзіне ХІІІ стагоддзя Міндоўгу давялося весці барацьбу з незадаволенымі яго вярхоўнай уладай васальнымі князькамі Ердзівілам, Таўцівілам і  Вікінтам. Паўстаўшы, тыя паклікалі  сабе ў падмогу інфлянцкіх рыцараў, рыжскае арцыбіскупства і галіцка-валынскіх  князёў. Гэтак утварылася магутная кааліцыя супроць Міндоўга. Тады ён паставіў на мэце разбурыць варожы блок. Падставай для гэтага стала  суперніцтва паміж Інфлянцкім ордэнам  і Рыжскім арцыбіскупствам. Паколькі апошняе зблізілася з Таўцівілам і ахрысціла яго ў каталіцтва, Міндоўгу лёгка ўдалося знайсці  паразуменне ў Ордэне.

     За  абяцанне прыняць хрысціянства рымскага абраду і аддаць ва ўладанне інфлянцкім рыцарам частку Жамойці ў 1251 годзе  Міндоўг атрымаў падтрымку самога магістра Ордэна і перамог кааліцыю. Гэта быў грандыёзны поспех ягонай палітыкі. Ахрысціўшыся, манарх пайшоў на далейшае збліжэнне з каталіцкім светам, у прыватнасці з Рымам. Рымскі папа Інакент ІV узяўся асабіста апекавацца Міндоўгам - валадаром няхрышчанае  краіны (праваслаўныя не лічыліся праўдзівымі  хрысціянамі).

     Міндоўг стаў асаблівым сынам святога  рымскага Касцёла. Вянцом найлепшых  стасункаў з Захадам была яго  каранацыя: у 1253 годзе ў Новагародку  Міндоўг атрымаў ад рымскага папы каралеўскую карону. Афіцыйна ягонае княства рабілася каралеўствам, што  стварала падставы поўнай стабільнасці ў стасунках з эўрапейскімі дзяржавамі. У 1255 годзе рымскі папа прызнаў Міндоўгавага сына ягоным пераемнікам і дазволіў каранацыю, і гэта яшчэ больш умацавала пазіцыі нашага манарха ў хрысціянскім свеце.

     Аднак гэтакай эўрапейскай арыентацыі Міндоўг трымаўся не доўга. Ужо на пачатку 1260-х гадоў ён разарваў пагадненне з Інфлянцкім ордэнам, а потым  і з папам ды пачаў адкрытую вайну супроць сваіх былых  хаўруснікаў. Што падштурхнула Міндоўга на такі крок? Магчыма, тое, што сам  пачуваўся паганцам і ўсе супляменнікі ягоныя былі паганцы. Магчыма, штуршком была барацьба Жамойці, якую ён аддаваў  Ордэну, супроць улады нямецкіх рыцараў. У кожным разе перамогай каля возера Дурбэ ўлетку 1260 года пачынаецца напружаная барацьба Вялікага Княства Літоўскага з інфлянцкімі і тэўтонскімі  рыцарамі. 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

     ПЕРШЫ ПАХОД МАНГОЛА-ТАТАРАЎ  НА БЕЛАРУСЬ 1258 – 1259 

     Воляю гісторыі ў 1238-1241 гадах Беларусь не зведала лютасці мангола-татараў. Амаль усе расійскія, а таксама ўкраінскія землі былі спустошаныя і падпарадкаваныя ханам Батыем.

     Не  менш чым двойчы мангола-татары мелі зручную магчымасць заваяваць беларускія землі. Спачатку пад час другога этапу нашэсця, калі яны пустошылі Чарнігаўшчыну. Да Гомеля было зусім блізка, а далей – паўднёва-ўсходняя Беларусь, і шлях туды не меў асаблівых прыродных перашкодаў. Потым гэтакі момант настаў пасля захопу Кіева, у канцы 1240-пачатку 1241 года, калі татары прайшлі па поўначы Ўкраіны і стаіліся пад Уладзімірам Валынскім. Там стаяла блізу 50 тысячаў лепшага войска Батыя, якое адпачывала перад паходам на Польшчу, Вугоршчыну, Чэхію. Гэтакай ардзе трэба было жывіцца, здалёк прывозіць харч. Але нават тады татары не наважыліся пайсці на поўнач, у абшары суседняй Беларусі. Прынамсі, ніякіх верагодных звестак пра такія рэйды няма.

     Чым кіраваліся ардынцы, калі абміналі блізкія  і зусім не бедныя абшары Беларусі? Гісторыкі тлумачылі гэта рознымі  прычынамі. Найчасцей гаварылі, што  мангола-татары не дайшлі да Беларусі таму, што былі моцна аслабленыя барацьбой з расійскімі княствамі. Аднак пад Кіевам Батый меў намнога болей войска, чым пад Разанню. Яго тумены пераможна пранесліся па Еўропе, і калі б не смерць вялікага хана – невядома, чым бы ўсё скончылася.

     Гэтаксама не выклікае даверу думка, быццам татары проста не хацелі ісці ў беларускія лясы пасля ўкраінскіх прастораў: не спужалі ж іх гушчары і багна  Ўсходняй Русі.

     Такім чынам, пакуль невядома, па якіх прычынах Беларусь засталася ўбаку ад Батыевых шляхоў. Між тым гэтая акалічнасць у нашай гісторыі мела асаблівае значэнне для гістарычнага лёсу беларусаў.

     Першае  ўварванне татарскай арды на Беларусь адбылося ажно праз дваццаць гадоў  пасля Батыя. Яно было выклікана  актыўнасцю валадароў Вялікага Княства  Літоўскага на ўсходзе. Калі іх дружыны  пачалі хадзіць на Смаленшчыну, арда занепакоілася. Зімою 1258 – 1259 года на захад Беларусі рушыла вялікае татарскае войска на чале з ханам Бурундаем. Бурундай загадаў удзельнічаць у паходзе галіцка-валынскаму князю Васільку, напісаўшы: «иду на Литву, еже еси мирен – пойди со мною», і той не адмовіўся. Разам з ардой у Беларускае Панямонне ўварвалася галіцка-валынскае войска князя Васілька, а Даніла Галіцкі сам напаў на Ваўкавыск – відаць, каб не саступаць у ініцыятыве хану Бурундаю. Паводле летапісу, кааліцыя спустошыла вялізныя абшары на захадзе Беларусі. Гэтыя набегі на тэрыторыю Беларусі паўтараліся яшчэ не аднойчы. Азіяцкія наезнікі ўварваліся ў наш край у 1275 годзе – і з імі пайшлі іх галіцка-валынскія хаўруснікі, затым тое ж здарылася ў 1277 годзе, калі нагайская арда наляцела на Горадню і Новагародак па просьбе сыноў Рамана Данілавіча. Трэці паход быў у 1287 годзе. Кожнага разу татары чынілі «вялікае ліха і многа пакасці», аднак гэтыя ўварванні не пагражалі Беларусі ардынскім панаваннем. 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

ЗНІШЧЭННЕ НЯМЕЦКІХ РЫЦАРАЎ  ДАВЫДАМ ГАРАДЗЕНСКІМ

 

     Калі  рыцары Тэўтонскага ордэна паканалі прусаў, яны адразу ж рушылі на землі Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку на Беларускае Панямонне. Ужо ў 1284 годзе рыцары з'явіліся пад Гародняй, штурмам здабылі замак і спалілі горад. У 1295 крыжакі напалі на Гародню і Новагародак, у 1305 і 1306 гадах ізноў прыходзілі ваяваць у Гародню, а ў 1311 – урываліся двойчы. Пад час сваіх рэйдаў рыцары пустошылі вялікія абшары, забіралі людзей і жывёлу.

     У адказ наша дзяржава арганізоўвала  паходы на тэрыторыю Прусіі. Прыкладам, у 1311 годзе вялікі князь Віцень павёў  палкі далёка ў глыбіню ордэнскіх  уладанняў, але гэты паход скончыўся  няўдала.

     З пачатку ХІV стагоддзя націск нямецкіх рыцараў на Вялікае Княства нарастаў. Беларускае Панямонне, якое цярпела  ад іх асабліва часта, займела тады свайго абаронцу – гарадзенскага старасту Давыда. Сын славутага Даўмонта, Давыд ад прыроды быў адораны незвычайным ваенным талентам і таму стаў адным з самых блізкіх паплечнікаў вялікага князя.

     Кіруючы Гародняй, Давыд шматкроць сустракаў пад мурамі гарадзенскага замка нямецкіх рыцараў, неаднаразова граміў іх на сваёй зямлі і вадзіў дружыны ва ўладанні тэўтонцаў. Адзін з найлепшых паходаў супраць крыжакоў ён правёў у 1314 годзе.

     Таго  году тэўтонскія рыцары ажно тройчы хадзілі  на Вялікае Княства Літоўскае. Першым разам яны дасягнулі Меднікаў ды там і спыніліся нанач, нічога не прадчуваючы, калі ў начной цемры  на іхны лагер напала нашае войска і шмат нашкодзіла. За тое рыцары жорстка помсцілі – палілі вёскі, хапалі людзей і 700 чалавек павялі ў няволю.

     Нарэшце, у верасні 1314 года сам маршал Тэўтонскага  ордэна ўзначаліў буйны аддзел рыцараў, які рыхтаваўся ўварвацца ў Панямонне  праз знаёмыя гарадзенскія мясціны. З чатырохтыднёвым запасам прадуктаў крыжакі рушылі на Гародню.

     Паход ад пачатку быў надзвычай цяжкі. Ісці давялося праз балоты, шматлікія  рэчкі і непралазныя лясы. Гарадзенцы ведалі пра набліжэнне рыцараў і, калі тыя прыйшлі, замак, які абараняла  войска Давыда, быў непрыступны. Паваяваўшы ваколіцы, маршал вырашыў весці войска «ў край Крывічоў» ― на Новагародчыну. Каб мець харчы на зваротны шлях і не абцяжарваць рух аддзелу, ён загадаў скласці прадуктовыя запасы і ўсё нарабаванае ў двух месцах гарадзенскай пушчы. Ахоўваць гэтыя склады засталіся значныя сілы рыцараў.

     Як  толькі крыжакі падышлі да Новагародчыны, яны пашкадавалі, што пакінулі свае запасы ў пушчы. Край быў нібы вымерлы: мясцовыя жыхары пахаваліся ў багнах і лясах, не пакінуўшы ў вёсках нічога, чым рыцары маглі б пажывіцца.

     Новагародак быў таксама малалюдны. Без асаблівых  цяжкасцяў захапіўшы яго, раззлаваныя  крыжакі выпалілі горад дазвання і спустошылі ваколіцы. Ад Новагародка  маршал павёў рыцараў на замак  Крывіч, што стаяў над Нёманам, аднак і там яны нічога не здабылі. Залога мужна адбівалася, а крыжакі  неслі страты і цярпелі голад. Заставалася хутчэй вяртацца да схаваных запасаў.

     Які жах апанаваў нямецкае рыцарства, калі на месцы і першага, і другога  склада яны знайшлі толькі пабітую варту. У выніку захадаў Давыда Гарадзенскага ў ваколіцах таксама нельга было знайсці ніякай жыўнасці. Гэтак без бітваў вялікае крыжацкае войска было зможанае ў зямлі, на якую прыйшло ваяваць. Мала хто з рыцараў дайшоў да Прусіі. 
 

ПЕРАМОЖНАЯ  БІТВА З ТАТАРАМІ НА СІНІХ ВОДАХ 1363

 

     У 1362 годзе, калі аслаб націск крыжакоў і Вялікае Княства Літоўскае ўсталявала добрыя дачыненні з Польшчай, Альгерд выступіў супраць татарскіх ордаў. Да яго войска далучылася рушанне з Кіеўшчыны ды Валыні.

     Каб у генеральнай бітве разграміць сілы татараў, Альгерд пастанавіў ісці ўглыбкі іх уладанняў. З Беларусі ён прывёў войска ў Кіеў, які стаў базай паходу. Далей на поўдзень пачыналася тэрыторыя, падуладная Ардзе. Альгерду процістаялі злучаныя сілы трох татарскіх ордаў – Крымскай, Перакопскай і Ямбалуцкай. Глыбокай восенню харугвы Вялікага Княства пакінулі Кіеў ды накіраваліся ў заходнія землі Падоліі, насустрач татарам.

     Бітва адбылася каля ракі Сінія Воды – левае прытокі Паўднёвага Буга, што пазней стала называцца Сінюхай. Татары паставілі сваё войска ў тры палкі, якімі кіравалі султаны Кутлубук, Качыбей і Дзмітр, – «отчычы і дзедзічы Падольскай зямлі». Альгерд жа размеркаваў свае харугвы ў шэсць палкоў так, каб яны ўтваралі як мага глыбейшую лінію абароны. Галоўным было не дазволіць праціўніку скарыстаць яго тактычныя перавагі, дзякуючы якім татары звычайна перамагалі ў палявых бітвах: разбуралі шыхты цяжкіх харугваў атакай па ўсім фронце, а потым імкліва заходзілі на флангі і ў тыл, што і вызначала зыход сечы.

     Гэтым разам татары не здолелі атачыць  войска Вялікага Княства і мусілі атакаваць яго шчыльныя шыхты. Ваяры  Альгерда амаль без стратаў адбілі атаку ардынцаў. Тады ўжо князеўскія харугвы разам напалі на конніцу  султанаў і адначасова з франтальным  ударам атакавалі яе з флангаў. Татары не вытрымалі магутнага націску  ды пачалі ўцякаць.

     Арганізаваны  пераслед праціўніка давяршыў поўны  разгром татараў. Рэшткі іхнай конніцы  ўцякалі да Дуная і далей, у  Дабруджу. Вайсковая моц трох ордаў, якія валадарылі на вялізных абшарах  ад Кіева да Чорнага мора, была знішчаная ў адной бітве. Пераможцы завалодалі татарскім абозам і пайшлі яшчэ глыбей у Дзікае Поле, да вусця Паўднёвага Буга.

     Сеча  каля Сініх Водаў, у якой асабліва вызначыліся новагародцы, мела вялікае  палітычнае значэнне. Яна сталася  пачаткам вызвалення ўсходнеславянскіх  земляў ад ардынскага панавання. Падуладная татарам тэрыторыя ажно да вусцяў Дняпра, Днястра і нізавіны Паўднёвага Буга перайшла пад кантроль Вялікага Княства Літоўскага. Украінскія землі  Падолля, Валыні і Кіеўшчыны, а таксама  Чарнігаўшчына больш трывала  ўвайшлі ў склад нашай дзяржавы і, зразумела, перасталі плаціць  даніну Ардзе.

     Разгром аб'яднаных татарскіх сілаў каля Сініх Водаў стаў першай буйной перамогай  над ардынцамі ва Ўсходняй Эўропе. Яна была натхняльным прыкладам  для ўсходніх славянаў, што цярпелі  золатаардынскае ярмо. Поспех Альгерда каля Сініх Водаў падрыхтаваў  другую вялікую перамогу над татарамі – разгром хана Мамая на Куліковым полі ў 1380 годзе.

     На  жаль, папярэдніца Кулікоўскай перамогі цяпер амаль забытая. Беларусы, продкі якіх здабывалі славу першага  трыумфу над татарскай ардой, пра Сінія Воды, бадай, нічога не ведаюць. Ці не таму, што беларускія харугвы былі там з Альгердам, супернікам маскоўскага князя Дзмітра  Данскога? Альгерда ж расейскія гісторыкі  заўсёды выдавалі за «агрессора»  і «разорителя». Хоць калісьці ў  Беларусі была пра яго іншая памяць.

 
 
 
 
 
 

     ПАХОДЫ  АЛЬГЕРДА НА МАСКВУ 1368 – 1372 

     У сярэдзіне ХІV ст. залежныя ад Вільні землі на ўсходзе сягалі межаў Разанскага і Цвярскога княстваў. У вышнявіне Акі ўдзельныя Рурыкавічы добраахвотна рабіліся васаламі Альгерда. Гэта трывожыла валадароў Маскоўскага княства, якое выступіла з уласнай праграмай збірання ўсходнеславянскіх зямель. Дайшло да ваенных сутычак паміж Масквой і Вільняй. Ужо ў 1348 годзе Альгерд і вялікі князь маскоўскі памірыліся. Праз два гады мір быў замацаваны дынастычным шлюбам: князь Усевалад аддаў за Альгерда сваю дачку Ўлляну. На гэтай падставе Цвер, якая не жадала падпарадкоўвацца Маскве, зрабілася сталым хаўруснікам Вільні ды шукала ў яе абароны.

     Гэтак было ў 1368 годзе, калі маскоўскі валадар Дзмітры Іванавіч паслаў войска ваяваць у цвярскія вёскі на правым беразе Волгі, а потым запрасіў да сябе ў Маскву цвярскога князя Міхаіла, арыштаваў яго ды кінуў у вязніцу. Па вызваленні князь Міхаіл адразу паспяшаўся да Альгерда і папрасіў яго заступніцтва, тым больш што Масква пагражала нападам на Цвер.

     Рыхтуючыся  да вайны з ВКЛ, Дзмітры Іванавіч ужо ў 1367 годзе загадаў тэрмінова будаваць у Маскве «горад каменны». Толькі ўвосень 1368 года Альгерд павёў войска на Маскву. Харугвы вырушылі з Віцебска. Яны пайшлі скрытна і ціха, таму ў Маскве не адразу даведаліся пра небяспеку. Атрымаўшы звесткі, маскоўскі князь парассылаў граматы па ўсёй дзяржаве з загадам хутчэй весці да сталіцы сабраных ратнікаў. Насустрач Альгерду выйшаў ваявода Дзмітры Мінін, які кіраваў перадавым палком, сфармаваным з войска Масквы ды жыхароў бліжэйшых гарадоў. У бітве каля Волака Ламскага, недалёка ад ракі Трасны, нашыя харугвы дазвання разграмілі гэтае войска і пайшлі проста на Маскву. Не сустракаючы болей ніякіх перашкодаў, Альгерд неўзабаве з'явіўся пад мурамі крамля.

     Вялікі  князь маскоўскі з войскам  зачыніўся ў добра падрыхтаваным  да абароны крамлі. Тры дні і  тры ночы стаяў Альгерд пад  высокімі сценамі маскоўскай цвердзі, але захапіць яе было немагчыма. З  палоннымі ды ўсялякім дабром ён пакінуў  Маскву і спакойна вярнуўся ў сваю дзяржаву.

     Увосень 1370 года Дзмітры Іванавіч зноў напаў  на Цвер, спустошыў нямала гарадоў  і воласцяў. Цвярскі князь Міхаіл звярнуўся па дапамогу да Альгерда – і той рушыў у другі паход на Маскву. Разам з старым князем пайшлі яго сыны і браты, а таксама смаленскі князь Святаслаў, які вёў смаленскае войска. Шмат часу давялося змарнаваць каля Волака Ламскага, які Альгерд хацеў здабыць, таму ў Маскву харугвы прыйшлі толькі на пачатку зімы. Дзмітры Іванавіч зноў зачыніўся ў крамлі. Восем дзён доўжылася аблога, пакуль не пачаліся перамовы аб замірэнні. Як падае летапіс, вялікі князь маскоўскі прыслаў да Альгерда свайго баярына з прапановай міру, бо не мог чыніць яму адпору. Тады Альгерд пашкадаваў маскоўскага князя, «любоў сваю над ім учыніў, з Масквы яго не здабываў ды мір з ім узяў». Пасля гэтага Дзмітры Іванавіч выехаў з умацаванняў і дараваў Альгерду золата, срэбра, футры собаля ды іншыя каштоўнасці. Пад час тае сустрэчы, паводле летапісу, сказаў Альгерд: «...хачу пад горадам тваім Масквою дзіду сваю прыкланіці, і тую славу ўчыніці, што вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жамойцкі Альгерд дзіду сваю пад Масквою прыкланіў». Сеўшы на каня, ён пад'ехаў да крамля і дакрануўся да яго дзідай.

     Мірнае пагадненне было падмацаванае новым шлюбам: брат вялікага князя маскоўскага ажаніўся з Альгердавай дачкой Аленай. Аднак мір патрываў не доўга. У 1372 годзе цвярскі князь Міхаіл чарговы раз прасіў Альгерда дапамагчы яму ў барацьбе з агрэсіўнай Масквой. Улетку войска рушыла ў трэці паход на ўсход. Зноў да бітвы не дайшло. Прастаяўшы колькі дзён пад Масквой, Альгерд пагадзіўся на новае замірэнне. Якраз у тыя гады Вялікае Княства вяло цяжкую барацьбу з нямецкім Ордэнам. 

     КРЭЎСКАЯ  ВУНІЯ 1385 

     Смерць  вялікага князя Альгерда выклікала глыбокі утраны разлад у ВКЛ. Старэйшыя сыны Альгерда не пагадзіліся з тым, што віленскі пасад атрымаў Ягайла. Першым супраць гэтага выступіў Андрэй Полацкі, які стаў зацятым супернікам Ягайлы. Згодніцтва апошняга з нямецкімі рыцарамі прывяло да таго, што стары Кейстут у 1381 годзе заняў Вільню, адабраў у свайго пляменніка ўладу і арыштаваў яго, але потым адпусціў на волю. А наступным летам ужо Ягайла пры падтрымцы нямецкіх рыцараў і месцічаў Вільні зняволіў дзядзьку ды замкнуў яго ў вежы Крэўскага замка, дзе 15 жніўня 1382 года князь быў задушаны. Сын жа Кейстута, Вітаўт, здолеў уцячы з няволі і знайшоў прыстанак у крыжацкім Мальбарку.

     Захапіўшы вялікакнязеўскі пасад, Ягайла мусіў  умацоўваць сваю ўладу, бо яго не прызнавалі князі Андрэй Полацкі, Зміцер Бранскі і сама галоўны супернік – Вітаўт, які пачаў вадзіць у землі Вялікага Княства нямецкіх рыцараў. Улетку 1384 года Ягайла і Вітаўт паразумеліся. Вітаўт вярнуўся з Прусіі, атрымаў сваю Гарадзеншчыну і Берасцейшчыну. Аднак Андрэй Полацкі разам з сваёй Полаччынай аддаўся пад апеку Інфлянцкага ордэна.

     Каб умацавацца, Ягайла шукаў хаўрусу  з суседнімі дзяржавамі. Была магчымасць выбраць збліжэнне ці з Масквой, ці з Польшчай. Яшчэ ў канцы 1382 года Ягайла праз сваю маці Ўлляну правёў перамовы з Масквою і нават дасягнуў папярэдняй дамоўленасці з маскоўскім князем Дзмітрам Іванавічам. Прадугледжвалася, што Ягайла прыме хрысціянства ўсходняга абраду і ажэніцца з дачкой маскоўскага ўладара Соф'яй. Але калі Масква запатрабавала ад яго прызнаць сябе васалам князя Дзмітра Іванавіча і ахрысціць у праваслаўе «ўсю Літву», у Вільні адмовіліся ад такой перспектывы.

     Знаходзячыся  ў хісткім становішчы, Ягайла аддаў  перавагу блоку з Польшчай, з пасламі  якой вяліся перамовы яшчэ ў 1383 годзе. Вунія Вялікага Княства і Кароны тады адпавядала інтарэсам абодвух бакоў. Яна дазваляла аб'яднаць сілы абедзвюх дзяржаваў супраць агульнага ворага – крыжакоў. Нямецкая экспансія ў Польшчы дасягнула пагражальных памераў. Для палякаў важна было забяспечыць спакой сваіх межаў і з боку Вялікага Княства, бо ліцвіны толькі за адзін паход у 1376 годзе вывелі з Польшчы 23 тысячы палонных. У перспектыве польскія магнаты разлічвалі, відаць, на сваё дамінаванне ў вялікай суседняй дзяржаве. Іх асабліва вабілі абшары Валыні ды Падолля.

     У студзені 1385 года віленская дэлегацыя  правяла перамовы ў Кракаве, а  ўлетку польскія ўпаўнаважаныя прыехалі ў ВКЛ. Акт вуніі быў падпісаны 14 жніўня ў Беларусі, у князеўскай вежы Крэўскага замка. Ягайла атрымаў права ажаніцца з польскай каралеўнай Ядзвігай і стаць каралём Польшчы. Дзеля гэтага ён абавязваўся прыняць каталіцтва і ахрысціць у яго братоў, сваякоў ды іншых падданых, вызваліць палонных палякаў, заплаціць 200 000 фларынаў за зрыў пагаднення аб шлюбе Ядзвігі з Вільгельмам Габсбургам, вярнуць забраныя і назаўсёды далучыць свае землі да Каралеўства Польскага.

     Да  канчатковага зацверджання вуніі дайшло ў 1386 годзе, пасля таго як Ягайла ахрысціўся на Вавельскай катэдры ў Кракаве, узяў шлюб з Ядзвігай і 4 сакавіка ўрачыста каранаваўся. Афіцыйна ён пачаў тытулавацца  «каралём Польшчы, вярхоўным князем Літоўскім і дзедзічам Рускім».

     З юрыдычнага боку акт Крэўскай вуніі  азначаў інкарпарацыю Вялікага Княства  ў склад Польшчы. Аднак на практыцы інкарпараваць такую моцную дзяржаву было немагчыма. З прычыны палітычнай актыўнасці незадаволеных вуніяй грамадскіх колаў Вялікага Княства Літоўскага гэты план так і не стаў рэчаіснасцю. Ужо ў 1386 годзе паўстаў князь  Андрэй Полацкі, які лічыў, што калі Ягайла прыняў каталіцтва, дык ён не можа быць валадаром Вялікага Княства.  
 

     БІТВА ПАД ГРУНВАЛЬДАМ 1410 

     Войска  нямецкага Ордэна і злучаныя сілы Вялікага Княства ды Польшчы сышліся  на ўзгоркавым полі паміж тагачаснымі  прускімі мястэчкамі Грунвальд і  Танэнбэрг. Рыцары з'явіліся тут  першыя і добра падрыхтаваліся да бітвы. Вялікі магістр Ульрых фон  Юнгінген размясціў артылерыю і  арбалетнікаў, загадаў выкапаць і  прыкрыць спецыяльныя ямы супраць  конніцы непрыяцеля. Сабраныя тут  сілы Ордэна сягалі 20 тысячаў.

     Армія Вітаўта і Ягайлы была пастаўлена перад нямецкім войскам такім  чынам, што ўтварала роўны па даўжыні  фронт з праціўнікам. На правым фланзе стаялі 40 харугваў ВКЛ, каля паловы якіх прыйшлі з беларускіх земляў, – берасцейская, ваўкавыская, віцебская, гарадзенская, лідская, новагародская, пінская, полацкая, смаленская, старадубская ды іншыя. Апроч іх у складзе Вітаўтавых сілаў быў аддзел татарскай конніцы, якую прывёў хан Джэлал-ад-Дзін. Польскае войска складалася з 50 харугваў. Дапамагаць ім прыйшлі найманыя аддзелы чэхаў і мараваў. Разам хаўруснікі мелі велізарную армію  блізу 25-30 тысяч.

     Нямецкія  рыцары імкнуліся выклікаць атаку  непрыяцеля, каб яшчэ да сечы прычыніць  яму страты падрыхтаванымі ямамі  і артылерыйскім агнём. Яны нават  адвялі свае перадавыя аддзелы назад. Раніцай 15 ліпеня 1410 года харугвы Вялікага Княства першымі кінуліся на ворага – спачатку лёгкая конніца, затым цяжкая. Палякі марудзілі і ўступілі ў бой пазней. Калі Вітаўт быў сярод свайго войска і беспасярэдне кіраваў ім у сечы, а Ягайла знаходзіўся ў тыле, каля лагера, на высокім пагорку, з якога ажыццяўляў агульнае кіраванне злучанымі сіламі.

     Дзве  велізарныя арміі сутыкнуліся, і  лютая сеча закіпела па ўсёй даўжыні  фронту, аднак галоўныя сілы Ордэна на чале з маршалам Конрадам Валенродам памкнуліся на фланг Вялікага Княства. Прыкладна праз гадзіну ўпартай  бітвы харугвы Вітаўта пачалі адступленне да свайго абозу, і рыцары кінуліся ў пагоню. Гэтак пачаў здзяйсняцца вырашальны для баталіі манеўр Вітаўта, узгоднены з Ягайлам. Ягонае войска не ўцякала, як пра тое пісалі многія гісторыкі, а дзейнічала паводле вызначанага плану дзеля парушэння баявых парадкаў цяжкаўзброеных рыцараў. Іх такім чынам рассейвалі па шырокай мясцовасці.

     Толькі  смаленскія харугвы, пакінутыя Вітаўтам, прыкрывалі правы фланг палякаў  і неслі цяжкія страты. Тым часам  рыцарская конніца, якая гналася  за «ўцекачамі» да абозу арміі  Вялікага Княства, была знішчаная, і  харугвы зноў вярнуліся на поле бітвы. Яны ўдарылі з тылу па групоўцы Ульрыха фон Юнгінгена, захопленай сечай з палякамі. Неўзабаве харугвы  магістра і правы фланг войскаў  Тэўтонскага ордэна былі аточаныя і  апынуліся ў двух вялізных катлах. Пачаўся разгром крыжацкай арміі. Частка яе вырвалася з атачэння і  паспрабавала наладзіць абарону  ў сваім умацаваным абозе, аднак  хаўруснікі ўварваліся ў табар і  ў асабліва крывавай сечы давяршылі  знішчэнне галоўных сілаў Ордэна.

     Перамога  ў бітве пад Дуброўнаю (так  называюць гэтую бітву беларускія летапісы) далася дарагой цаною. У  чужую зямлю палегла палова ратнікаў, прыведзеных Вітаўтам, сярод якіх тысячы беларусаў. Але палітычнае значэнне гэтай перамогі цяжка пераацаніць. Амаль дзвюхсотгадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход была спыненая. Разгромлены Ордэн так і не змог узнавіць сваіх ранейшых сілаў ды неўзабаве знік як самастойная дзяржава. Стасунак сілаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе змяніўся на карысць славянскіх краін. Вялікае Княства змагло адмовіцца ад нявыгадных умоваў вуніі 1401 года з Польшчаю і стала больш самастойным. Нарэшце, пасля разгрому Тэўтонскага ордэна яно атрымала амаль стагоддзе параўнальна мірнага існавання – да пачатку экспансіі Маскоўскай дзяржавы. 
 

     ПЕРШАЯ  ВАЙНА МАСКОЎШЧЫНЫ З ВКЛ 1492 

     У канцы ХV ст. аб'яднаная і моцная Маскоўская дзяржава упрытык падышла да межаў Вялікага Княства Літоўскага. У зацятым процістаянні Вільня пачала страчваць ініцыятыву яшчэ на пачатку панавання Казіміра Ягайлавіча, калі той падпісаў з Масквой «вечны мір» у 1449 годзе. Паводле дамовы наша дзяржава адмаўлялася ад актыўнай ролі на сумежных землях. Вось жа дзякуючы такой пазіцыі Вільні маскоўскі валадар неўзабаве падпарадкаваў Цвер, пасля Разань. Вялікі Ноўгарад сам прасіў у Казіміра Ягайлавіча дапамогі, калі Масква яго занявольвала, але той нічога не зрабіў для падтрымкі Ноўгарада.

     У 1480-х гадах служылыя людзі Маскоўскай дзяржавы без абвяшчэння вайны пачалі пустошыць суседнія воласці ВКЛ. Маскоўскі валадар Іван ІІІ, які пасля шлюбу з Соф'яй Палеалог пераняў у візантыйскіх цэзараў і герб (двухгаловага арла), і палітычную дактрыну, адкрыта запатрабаваў ад вялікага князя Казіміра «Полацка, Віцебска, Смаленска і ўсіх іншых земляў рускіх». Масква абвяшчала сябе адзінай пераемніцай былой Русі ды бралася «збіраць» усе ўсходнеславянскія землі.

Знешняя палітыка ВКЛ (другая палова XIII – першая палова XVI ст.)