Знешняя палітыка Полацкага княства ў перыяд з 1021 па 1101 гады

 


 


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Знешняя палітыка Полацкага княства ў перыяд з 1021 па 1101 гады


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

                                                                      

2014 г

 

 

 

 

 

Змест

 

 

 

 

Уводзіны

 

 

Старажытны перыяд гісторыі Беларусі займае вельмі важнае месца ў развіцці беларускіх зямель. Менавіта ў гэты час на тэррыторыі Беларусі афармляюцца першыя княствы – з’яўляецца беларуская дзяржаўнасць. Становішча гэтых княстваў неаднаразова змяняецца. Але як самастойныя, так і ў складзе Кіеўскай Русі, яны вядуць складаную знешнепалітычную дзейнасць. Усё гэта не можа не цікавіць цяпер сапраўднага патрыета Рэспублікі Беларусь, які жадае ведаць гісторыю сваёй краіны з пачатку ўзнікнення дзяржаўнасці.

Між тым, як справядліва адзначае П. Дзмітрачкоў, праблема знешнепалітычных умоў развіцця беларускіх зямель, у тым ліку і ў перыяд ранняга сярэднявечча, у вучэбнай і навуковай літаратуры раскрыта недастаткова. У асноўным аддаецца ўвага міжусобнай барацьбе, а таксама адносінам князёў з Кіевам і Ноўгарадам. І гэта неабгрунтована, таму што старажытныя княствы праводзілі больш складаную і разнастайную знешнюю палітыку.

Справа ўскладняецца тым, што гісторыя Беларусі Полацкага перыяду не мае адной ці некалькіх пэўных крыніц. Уласныя летапісы, якія вяліся ў Полацку, а таксама ў Менску і Тураве, не захаваліся. Таму для вывучэння матэрыялу па гісторыі старажытнай беларускай дзяржавы мы звяртаемся да летапісных крыніц, якія пісаліся ў Кіеве, Ноўтарадзе, Уладзіміры-Валынскім, Чарнігаве і іншых гарадах. Гэта такія летапісы, як Іпацьеўскі, Ноўгарадскі 1-шы летапіс, якія ўтрымліваюць «Аповесць мінулых часоў», «Павучэнне» Уладзіміра Манамаха (утрымліваецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе), Цвярскі летапіс, Маскоўскі летапісны звод XV ст., Радзівілаўскі летапіс і інш. Важнымі і цікавымі з'яўляюцца для нас таксама звесткі В.Тацішчава, які трымаў у руках і рабіў выпіскі з арыгінальнага полацкага летапісу (так званы летапіс Яропкіна, які загінуў, як мяркуюць, у 1812 г.). Першакрыніцай з'яўляецца таксама «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латыша, якая ахоплівае падзеі 1186 — 1225 гг. і фрагментарна распавядае пра барацьбу палачан з крыжакамі. Да першакрыніц таксама адносяцца гандлёвыя дагаварныя граматы Полацка, Смаленска, Віцебска з Рыгаю, ганзейскімі гарадамі першай паловы XIII ст.

З усімі гэтымі крыніцамі для мяне магчыма было азнаеміцца праз цытаты з іх у гістарычнай літаратуры сучаснага перыяду. Гэта манаграфія Л.Аляксеева, прысвечаная Полацкай зямлі, кнігі Э.М. Загарульскага, М. Ермаловіча, артыкул  
П. Дзмітрачкова  і некаторыя іншыя матэрыялы з падручнікаў і энцыклапедый.

 

 

1. Геапалітычнае становішча  беларускіх зямель

 

 

У IX ст. на тэрыторыі, заселенай старажытнымі славянскімі супольнасцямі, пачалі фарміравацца раннефеадальныя княствы. У іх былі свае княжанні, якія складаліся з валасцей, былых радавых абшчын.

Развіццё земляробства і жывёлагадоўлі, гарадоў, рамяства і гандлю, а таксама неабходнасць аб'яднання для абароны славянскіх зямель ад набегаў хазараў, печанегаў, полаўцаў і іншых ваяўнічых качэўнікаў прывялі да ўтварэння вялікай і магутнай дзяржавы, якая называлася Кіеўскай Руссю.

Кіеўская Русь - гэта раннефеадальная дзяржава-манархія. Сучасныя гісторыкі пішуць аб адносна адзінай дзяржаунай структуры Кіеўскай Русі ў канцы X—XI стагоддзяў, якая ў першай палове XII стагоддзя канчаткова распалася на самастойныя княствы. Яна характарызуецца як сярэднявечная федэрацыя з пэўным саюзам адносін паміж князямі на пачатках сюзеранітэта-васалітэта. 3 пункту гледжання дзяржаўнай арганізацыі Кіеўская Русь складалася з розных тэрытарыяльных адзінак. Гэтыя ўтварэнні вядомы пад назвай «воласць», «зямля», «вобласць».

Якое ж было становішча беларускіх зямель у складзе Старажытнарускай дзяржавы?

На тэрыторыі Беларусі самымі значнымі былі Полацкае і Тураўскае княствы. Летапісы ўпамінаюць княствы з меншай тэрыторыяй: Віцебскае, Аршанскае, Друцкае, Мсціслаўскае, Пінскае, Мазырскае, Мінскае, Новагародскае і інш.

Самым магутным і значным княсвам з усіх, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў X—XIII стст., з’яўлялася Полацкая зямля, гістарычным ядром якой было племя иное княжанне крывічоў-палачан больш ранніх часоў.

Полацкая зямля размяшчалася ў паўночнай Беларусі, уключаючы Віцебскую вобласць і паўночную палову Менскай. На паўночным захадзе ўладанні полацкіх князёў прасціраліся па ніжняму цячэнню Заходняй Дзвіны (Даугавы), дзе знаходзіліся гарады Кукенойс і Герсіка, да Рыжскага заліва.

Падчас ўтварэння Полацкай зямлі вялікая роля належала геаграфічнаму, этнічнаму і сацыяльна-эканамічнаму фактарам. Паўночнае Прыдзвінне, дзе ў VIII —X стст. ішлі дзяржаваўтваральныя працэсы і фарміравалася ядро Полацкай зямлі, мае шэраг геаграфічных асаблівасцяў. У першую чаргу да іх адносяцца разгалінаваная рачная сетка, вялікая колькасць азёр і хваёвыя лясы. Ворныя землі на месцы гэтых лясоў былі асабліва ўрадлівымі. Акрамя таго, у гэтай зоне значна цяплей і больш вільготна, снежнае покрыва з’яўляецца пазней і, наадварот, на 15 —20 дзён раней, чым на іншых беларускіх землях, сыходзіць снег і на 7 —12 дзён раней пачынаюцца сельскагаспадарчыя работы1.

Кіеў і Ноўгарад сапернічалі паміж сабой за аб’яднанне ўсходнеславянскіх зямель, пры гэтым Полацку надавалася важнае значэнне.

Мяркуючы па летапісных крыніцах, Полацкае княства ўтварылася ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны ў IX - X стст., займала ўсю Паўночную Беларусь i межавала на поўначы з Ноўгарадскай зямлёй, на ўсходзе — са Смаленскай, на поўдні — з Турава-Пінскай, на захадзе — з землямі літоўска-латышскіх плямён. Паводле сучаснага адміністрацыйнага падзелу, у Полацкую зямлю ўваходзілі цалкам Віцебская вобласць, паўночная частка Мінскай і паўночна-заходняя частка Магілёўскай.

Полацкае княства было адным з буйнейшых дзяржаўных феадальных утварэнняў, якое не ўступала памерамі падобным утварэнням у Заходняй Еўропе — Баварскаму герцагству і Партугальскаму каралеўству. Яму не пагражала палавецкая небяспека, а вялікі гандлёвы шлях у Заходнюю Еўропу, які праходзіў праз яго тэрыторыю, спрыяў узбагачэнню баярства і росту тэндэнцый да незалежнасці.

У летапісе Полацк залічаны да гарадоў, дзе «седяху велиции князи, под Олгом суще» ў апавяданні пра яго паход на Канстанцінопаль у 907 годзе. Упамінанне тут пра Полацк пацвярджае, што полацкая знаць і мясцовыя князі дзейнічалі, абапіраючыся на кіеўскага князя2.

Полацк у пачатку X стагоддзя можна разглядаць як саюзніка Кіева. Горад на рэчцы Палата ў перыяд фарміравання старажытнарускай дзяржавы падтрымліваў кантакты з Кіевам. Даніна, што ішла ў Полацк ад грэкаў, выкарыстоўвалася на ўтрыманне полацкай дружыны, якая прымала ўдзел у гэтым удалым паходзе.

У апошняй трэці X ст. у Полацку сядзеў незалежны ад Кіева і Ноўгарада князь Рагвалод. Яго зусім выключнае становішча сярод іншых княстваў летапісец падкрэсліў словамі «трымаў Полацкую зямлю і правіў ей»3.

Гэта сведчыць пра самастойнасць Полацка. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што Полацк з сваёй воласцю з’яўляўся горадам-дзяржавай. Горадам-дзяржавай таксама называюць Тураў4

Адносіны паміж Кіевам і Полацкам часта ўскладняліся ў XI ст. Полацк сапернічаў з Ноўгарадам і Смаленскам за суседнія раёны. Калі ў першай палове XI ст. кіеўскія князі яшчэ стрымлівалі імкненне полацкага князя да адасаблення, дык у другой палове становішча змянілася і полацкі князь зрабіўся асноўным сапернікам Кіева.

Свайго апагея барацьба паміж кіеўскімі Яраславічамі (нашчадкамі Яраслава Мудрага) і полацкімі Ізяславічамі (нашчадкамі Уладзіміра і Рагнеды, Рагвалодавымі ўнукамі) дасягнула ў перыяд княжання Усяслава (1044 — 1101).

Пакуль быў яшчэ жывы Яраслаў Мудры, Усяслаў не думаў аб аддзяленні Полацкага княства ад Кіеўшчыны.

3 60-х гадоў XI ст зноў разгараецца барацьба Полацка з Кіевам, якая не сціхае да самай смерці Усяслава. Усяслаў аблажыў Пскоў, а ў наступным годзе ўзяў Ноўгарад, забраўшы як вайсковы здабытак царкоўную маёмасць з Сафійскага сабора. У адказ тры браты – Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад – аб’ядналіся і выступілі супраць Усяслава. Першым горадам, які апыніўся на іх шляху, быў Мінск. Горад быў абложаны і ўзяты. Кіеўскія князі павялі свае войскі далей па Нямизе и тут сустрэліся з войскамі Усяслава. Маленькая рэчка 3 сакавіка 1067 г. «бачыла» на сваіх берагах страшную бітву. Аўтар «Слова пра паход Ігаравы» пісаў: «На Немизе снопы стелют головами, молотят цепами булатными, на току жнзнь кладут, веют душу от тела. Немиги кровавые бреги не житом были посеяны, а костьми сынов русских»5. Рэчкі Нямігі цяпер няма. Па яе рэчышчы праходзіць вуліца Няміга ў Мінску.

Полацкія князі настойліва намагаліся пашырыць свае ўладанні, у першую чаргу, за кошт выгадна размешчаных тэрыторый, здаўна заселеных крывічамі. Перыядычныя спробы паўднёварускіх князёў прымусіць Полацк і Менск падпарадкоўвацца ўладзе Кіева прыводзілі да ваенных сутычак.

3 канца 70-х гадоў XI ст. у барацьбу з полацкімі князямі ўключыўся Уладзімір Манамах. У яе выніку моцна пацярпелі полацкія гарады. Пасля смерці Усяслава Полацкая зямля была падзелена паміж яго сынамі (іх было 6), якія потым сталі надзяляць валасцямі сваіх дзяцей. З’явіўся шэраг асобных княстваў: Полацкае, Мінскае, Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагойскае, Стрэжаўскае, Гарадзецкае. Прастол у Полацку лічыўся галоўным. Гэты горад працягваў заставацца найважнейшым палітычным цэнтрам.

 

Другім буйным раннефеадальным княствам на тэрыторыі Беларусі было Тураўскае, якое ўтварылася ў канцы IX ст. Першы летапісны князь - Тур.

Пасля княжання Святаполка Акаяннага (988—1015), як называлі яго летапісцы, Тураўскае княства было ўключана Яраславам Мудрым у склад Кіеўскай Русі. Уладзімір Манамах, знаходзячыся ў Кіеве з 1113 да 1125 года, трымаў Тураў у залежнасці ад сябе і вёў бараць-бу з Менскім князем Глебам.

У XII ст. Тураўская зямля разам з Кіевам пераходзіла то да суздальскіх, то да валынскіх князёў. У 50-ыя гады XII ст. Тураў выйшаў з падпарадкавання Кіеву, і ў ім усталявалася самастойная княская дынастыя. Гарады Мазыр і Брагін заставаліся за Кіевам. Тураўская зямля сама падзялілася на ўдзельныя княствы — Тураўскае, Пінскае, Клецкае, Слуцкае і іншыя. Дробныя княствы трапілі ў залежнасць ад галіцка-валынскіх князёў.

На пачатку XII ст. Старажытнаруская дзяржава распалася на асобныя княствы і феадальныя рэспублікі. У гэты перыяд Кіеўская Русь ужо не ўяўляла сабой адзінага палітычнага цэлага і складалася з шэрага асобных зямель — княжанняў. Землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, Пінскага, Новагародскага і часткова Смаленскага, Чарнігаўскага, Кіеўскага і Уладзіміра-Валынскага княстваў. Першае, пасля смерці Усяслава, распалася Полацкае княства. У другой палове ХІІ ст. амаль адразу пасля вылучэння з Кіеўскай дзяржавы распалася Тураўскае княства. У выніку на пачатку ХІІІ ст. на беларускіх землях існавала больш за 20 незалежных дзяржаўных утварэнняў. Некаторыя з іх былі даволі моцныя. Так, у 60 –70 гг. ХІІ ст. Полацкае і Віцебскае княствы трапілі ў залежнасць ад Смаленскага. Бярэсце і землі Панямоння залежалі ад галіцка-валынскага князя.

Працэс палітычнага драблення на пачатку XIII ст. пайшоў яшчэ хутчэй.

 

У XII ст. вялікае значэнне набывае Мінскае княства. Першы мінскі князь Глеб Усяславіч у 1116 г. захапіў частку тэрыторыі дрыгавічоў. Уладзімір Манамах разам з чарнігаўскім, смаленскім, пераяслаўскім князямі пачаў паход на Мінскае і Друцкае княствы. Оршу і Копысь Манамах перадаў Смаленску. У 1119 г. яму ўдалося захапіць Мінск і на некаторы час прылучыць да велікакняжацкіх уладанняў. Паланёны Глеб Усяславіч быў адпраўлены ў Кіеў.

У сярэдзіне XII ст. спробу аб’яднаць Мінскае і Полацкае княствы зрабіў мінскі князь Расціслаў Глебавіч, запрошаны полацкім вечам на княжанне ў Полацк. Свайго князя Рагвалода палачане адправілі ў Мінск, дзе яго ўтрымлівалі ў «вялікае патрэбе». Але Рагвалод здолеў уцячы, яму ўдалося вярнуць сабе Друцк. У самім Полацку ўспыхнуў мяцеж гараджан супраць Расціслава і яго людзей. Даведаўшыся пра змову, Расціслаў уцёк у Мінск, а палачане зноў паклікалі да сябе Рагвалода. Вайна паміж Расціславам і Рагвалодам не прывяла да перамогі ніводнага з іх, аб'яднаць княствы не ўдалося.

У сучаснай гістарычнай літаратуры выказваюцца новыя погляды па пытаннях феадальнай раздробленасці. Так, М. Ермаловіч лічыць, што раз’яднанасць беларускіх, у прыватнасці полацкіх, зямель у XIII ст. не трэба перабольшваць, што феадальная раздробленасць, якая была вынікам феадальнага спосабу вытворчасці, з'явілася на той час не толькі заканамерным, але і прагрэсіўным этапам гістарычнага развіцця. Справа ў тым, што ў нетрах самой феадальнай раздробленасці выспявалі ўмовы для ўмацавання беларускіх зямель. Ствараліся лепшыя магчымасці для асваення зямель і прыродных рэсурсаў, росту гарадоў, развіцця земляробства і рамёстваў. А гэта садзейнічала таварнай вытворчасці, вяло да эканамічнага і палітычнага збліжэння паасобных зямель. У якасці прыкладу Ермаловіч прыводзіць Полацкую зямлю. «Менавіта ў Полацкай зямлі, — сцвярджае ён, — раней пачаўся працэс феадальнай раздробленасці, ён раней і закончыўся»6.

Тэндэнцыя да збліжэння з іншымі беларускімі землямі назіралася таксама ў Турава-Пінскім княстве. I хоць на тэрыторыі Турава-Пінскай зямлі пасля яе выхаду з-пад уплыву Кіева (1158) узнік шэраг асобных удзелаў, князі іх дзейнічалі згуртавана. У пачатку XIII ст. Турава-Пінская зямля ўсё больш і больш звязвае свой лёс з Новагародскай зямлёй у барацьбе супраць агульнага ворага — галіцка-валынскіх князёў. Аб гэтым сведчыць тое, што ў 1228 г. новагародцы ўдзельнічалі на баку Расціслава Пінскага ў яго барацьбе з Данілам Галіцкім.

Аб росце згуртаванасці, а не раздробленасці беларускіх зямель сведчыць, на думку М.Ермаловіча, узвышэнне Новагародскай зямлі, на долю якой «выпала гістарычная роля стаць у другой палове XIII ст. ядром аб'яднання беларускіх і балцка-літоўскіх зямель у адзіную дзяржаву».

У Верхнім Панямонні найбольш старажытнымі гарадамі з’яўляюцца Наваградак (Навагрудак) і Ваўкавыск, жыццё ў якіх зарадзілася ў канцы X стагоддзя. Амаль адначасова на правым беразе Немана пры вусці Гараднічанкі ўзнік пасёлак, відаць, ваеннага прызначэння, які паклаў пачатак гораду Гародня (Гродна). Тут існавалі яшчэ гарады Слонім, Турыйск, магчыма, Вавярэск Такім чынам, у Верхнім Панямонні (так званая «Чорная Русь») узніклі Гарадзенскае, Наваградскае, Ваўкавыскае, Слонімскае ўдзельныя княствы. У летапісе названа яшчэ Свіслацкае княства.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

2. Эканамічныя і культурныя  сувязі беларускіх зямель з замежнымі краінамі

 

2.1. Развіцце гандлю

 

 

3 даўнейшых часоў  Русь падтрымлівала палітычныя  і гандлёвыя сувязі з многімі  краінамі Еўропы, у тым ліку  і з Германіяй. Правіцелі Русі  і Германіі абменьваліся пасольствамі; рускія купцы гандлявалі ў  нямецкіх гарадах, нямецкія часта бывалі ў Ноўгарадзе, Кіеве, Смаленску, Луцку, Полацку.

Паміж насельніцтвам паўночна-заходніх зямель Русі і мяжуючымі балцкімі плямёнамі існавалі даўнія палітычныя, эканамічныя, культурныя і этнічныя сувязі. 3 рускіх абласцей у Прыбалтыку траплялі традыцыйныя прадметы экспарту: футра, воск, шыферныя прасліцы, вырабы са шкла, металічныя ўпрыгажэнні (бронзавыя грыўны, бранзалеты)7.

Шырокі гандлёвы абмен вёўся з паўднёварускімі гарадамі, найперш з Кіевам, куды амаль з паўсвету сцякаліся тавары іншаземных купцоў. Развіццю гандлю ў значнай ступені садзейнічала раз вітая   сістэма   рэк,   якія   з’яўляліся   асноўнымі   сродкамі 'зносін.  Былі і сухапутныя дарогі.

У XII ст. у Ноўгарад сістэматычна прыязджалі полацкія купцы, якія, як і смаленскія, павінны былі плаціць «по две гривны кун от берковъска вощанаго»8. Гэта плата была болыш высокая, чым тая, якую плацілі мясцовыя купцы — жыхары Ноўгарада і Ноўгарадскай зямлі. Гэтым, трэба думаць, ліквідавалася канкурэнцыя. Шмат тавараў (жыта, пшаніца, агародніна, віна, прыправы) дастаўляліся ў Ноўгарад праз Полацк і Віцебск транзітам. Вядомы выпадкі, калі наўмысная іх затрымка ставіла Ноўгарад у цяжкае становішча: у 1141 г., напрыклад, на працягу дзевяці месяцаў «ни жито к ним не идще ни откуда же»; у 1167 г. «съложишася на Новъгородъ Андреи съ смолняны и съ полоцяны, и пути заяша, и сълы изъимаша новгродъския вьсьде, вести не дадите Кыеву»9.

Значным гандлёвым цэнтрам быў і старажытны Менск. Шлях па р. Свіслач, Бярэзіна і Днепр звязваў яго з Кіевам. 3 паўночнага захаду блізка да горада падыходзілі прытокі Віліі, якая ўпадала ў Нёман. Са шматлікімі гарадамі Менск злучалі сухапутныя дарогі. Невыпадкова тут у час раскопак пластоў XI — XIV стст. былі знойдзены ўпрыгажэнні з бурштыну, што здабываўся на берагах Балтыкі, прасліцы з  ружовага шыферу,   вытворчасць якіх была сканцэнтравана ў ваколіцах Оўруча на Валыні, а таксама розныя вырабы кіеўскіх майстроў: флаконы і кубкі, шкляныя бранзалеты, пярсцёнкі, абломкі царкоўнага звана, некаторыя прадметы ўзбраення і інш.

Тураў таксама меў шырокія гандлёвыя сувязі з Кіевам, Паўночным      Прычарнамор'ем, Блізкім Усходам, Сярэдняй Азіяй, Прыбалтыкай і Валынню, быў адным з важнейшых культурна-рамесніцкіх цэнтраў, дзе паспяхова развіваліся жалезаапрацоўчае, ювелірнае, кастарэзнае, дрэваапрацоўчае. шавецкае, ганчарнае рамёствы.

Тураў размяшчаўся на Прыпяці, якая з'яўлялася водным шляхам на Захад, Заходні ўплыў адчуваўся ў Тураве дзякуючы такім рэкам, як Заходняя Дзвіна, Нёман і Прыпяць.

На тэрыторыю Беларусі траплялі рамесныя вырабы з іншых зямель і гарадоў. Волжскім шляхам прывозіўся для вырабу грэбняў самшыт, які расце ў лясах Каўказа. Пісьмовыя крыніцы паведамляюць аб дастаўцы з Полацка ў Ноўгарад воску10.

Да сярэдзіны XIII ст. па Дняпры і яго прытоках адзначана рэгулярнае паступленне ў Заходнюю Русь вырабаў кіеўскіх шкларобаў: посуду, аконнага шкла, шкляных бранзалетаў, белаглінянага посуду, пакрытага зялёнай палівай.

3 Кіева ж прывозіліся  і розныя нрадметы, звязаныя з  хрысціянскім культам: энкалпіёны (крыжы-складзені), каменныя і розныя нацельныя іконкі. Кіеўскія ювелірныя майстэрні пастаўлялі каштоўныя, пакрытыя эмаллю ўпры-гожанні з золата і серабра.

3 Валыні прывозілі шыферныя прасліцы для верацён. У адным толькі Мінску іх знойдзена звыш тысячы. У Тураве выяўлены прывазныя чырвонашыферныя саркафагі11.

Сродкамі знешняга гандлю задавальнялася патрэба ў каляровым металс. 3 Прыбалтыкі паступаў бурштын і некаторыя вырабы з бронзы.

Вырабы паўднёварускай вытворчасці прадстаўлены знаходкамі шкляных бранзалетаў (хаця некаторая іх частка выраблялася і ў гарадах Беларусі — Полацку, Віцебску, Друцку), пацерак, пярсцёнкаў, посуду. 3 паўночнага Прычарнамор'я даходзілі на Беларусь амфары з віном і алеем. Вялікая колькасць гэтага посуду сабрана ў Навагрудку, ёсць ён у Мінску, Полацку, Віцебску, Брэсце і інш12.

3 Каўказа па  волжска-дняпроўскаму шляху прывозілі  грэцкі арэх і самшыт, грэбені  з якога знойдзены ў многіх  старажытных гарадах Беларусі.

Купцы з беларускіх зямель падтрымлівалі шырокія гандлёвыя сувязі не толькі з суседнімі, але і з больш далёкімі краінамі. Праз Русь праходзіў, як вядома, вялікі водны шлях «з вараг у грэкі» (Балтыйскае мора — Нява — Ладажскае возера — Волхаў — возера Ільмень — Ловаць — Днепр — Чорнае мора). Вядомы арабскі географ XI ст. Ібн Хордадбег пісаў: «Русы — купцы, — а яны са славянскіх плямён, прыбываюць з вельмі далёкіх абласцей Склаба (краіны славян) да Румскага мора, а таксама да Хазарскай сталіцы Іціль, да Багдада і тут прадаюць скуры бабра, чорнай лісіцы, а таксама мячы». На Русь прывозіліся дарагія самацветы, прадметы раскошы, перац, лаўровы ліст, фарбы і інш13.

3 далёкіх краін у гарады наступалі каляровыя і высакародныя металы, неабходныя для рамесніцкіх вырабаў. У IX—X стст. імпарціраваліся арабскія манеты-дырхемы, а ў XI ст. асноўным экспарцёрам манетнага серабра — дынарыяў — былі Германія і Англія.

Для феадальнага двара з Візантыі і Бліжняга Усходу зрэдку дастаўляліся прадметы раскошы — каштоўныя каляровыя тканіны (павалокі), шкляныя пасудзіны тонкай мастацкай работы, распісаныя золатам і эмаллю, грэцкія арэхі. Фаянсавы посуд прывозіўся з Персіі. Фрагмент шыкоўнай шоўкавай вопраткі, вышытай залатымі ніткамі, знойдзены ў Мінску. Нават з далёкага Індыйскага акіяна траплялі на Беларусь рэчы. Гэта ракавінкі кауры, што ішлі на аздобу маністаў. Яны знойдзены ў Гродне, Полацку і Віцебску. Цікавая знаходка выяўлена ў Ваўкавыску — рэшткі касцей паўліна, знойдзеныя ў пласце XII ст. Радзімаю гэтых дзівосных істот з’яўляюцца астравы Цэйлон і Суматра. Несумненна, што такая рэдкая для нашых краёў птушка магла належаць вельмі заможным людзям — князю або знаці14.

Магчыма, з Ноўтарада або з Прыбалтыкі ці праз Польшчу ў гарады Беларусі тралілі тавары заходнееўрапейскай вытворчасці. Так, у Навагрудку знойдзены бронзавы кубак XII ст., які паходзіць з Самбіі, і залаты пярсцёнак з лацінскім надпісам (XIII—XIV стст.). У Гродне сярод старажытнасцей Барысаглебскай царквы выяўлены бронзавы рукамыйнік-вадалей у выглядзе ўзброенага конніка (Ніжняя Саксонія, першая палова XIII ст.). У Ваўкавыску знойдзена наверша з косці маржа ў выглядзе галавы льва, які паглынае чалавека (Паўднёвая Германія, другая палова XII ст.), у Мінску — абломак касцяной лыжачкі для прычасця ў выглядзе фігуркі святога з рогам (Францыя, XII ст.), зброя скандынаўскага паходжання (мячы, шлем) знойдзена ў некаторых гарадах Панямоння і ў Полацку15.

У Візантыю і Заходнюю Еўропу гарады Беларусі пастаўлялі найперш дарагія футры (куніцы, собаля, вавёркі), мёд, воск, смалу, лён і вырабы з яго, зброю, замкі, разную косць, вырабы са срэбра, жывёлу і рабоў, захопленых у час войнаў, пра што іншым разам згадваюць пісьмовыя крыніцы. Каляровыя і высакародныя металы траплялі ў Беларусь толькі прывазным шляхам у выніку гандлёвага абмену. Пра добра наладжаны гандаль сведчаць знаходкі ў гарадах і ў некаторых пахаваннях ручных вагаў, бязменаў, гірак-разнаваг. У Мінску знойдзены бязмен, якім можна ўзважыць грузы да 8 пудоў16.

У цэлым гандаль у IX —XIII стст. развіваўся ва ўмовах абмежаванай патрэбнасці ў прывазных таварах.

 

2.2 Культурныя сувязі

 

Культурныя сувязі беларускіх зямель азначанага перыяду перш за ўсё характэрызуюцца распаўсюджаннем на іх тэрыторыі хрысціанства.

Хрысціянства на Старажытную Русь прыйшло з Візантыі. Пры ўсёй складанасці станаўлення ранняга хрысціянства ў Рымскай імперыі яно ўсё ж такі развівалася ў накірунку ад нізоў да вярхоў, урада, эліты. У славянскім грамадстве хрысціянства наладжвалася зверху — ад эліты да народа. Кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч у 988 г. сам перайшоў у хрысціянскую веру і пачаў хрышчэнне Русі. Неадкладна місіянеры, аб’яднаныя з воінскімі аддзеламі, павялі хрыстовыя паходы на язычніцтва па ўсіх старажытных землях. Следам за Кіевам падпадала пад абрад хрышчэння насельніцтва двух іншых важных цэнтраў — ІІолацка і Ноўгарада. Хрысціянства прыйшло сюды у гатовым выглядзе, з адшліфаванымі за дзевяць стагоддзяў свайго існавання формуламі, са Старым і Новым запаветамі, з літаратурай айцоў царквы, культамі Хрыста і Багародзіцы, са стараславянскай мовай, прынесенай першымі місіянерамі з Візантыі17.

Ужо ў X ст. ісландская епіскапская «Сага аб хрышчэнні» распавядае аб місіянеры Торвальдзе па прозвішчы Вандроўнік, які, прайшоўшы паломніцкі шлях у Палесціну, вярнуўся да сябе на радзіму праз Полаччыну. У Полацку, паводле звестак, ён заснаваў манастыр у гонар Іаана Прадцечы, дзе памёр і быў пахаваны.

Адным з вынікаў прыняцця хрысціянства стала з’яўленне на беларускіх землях манументальнага дойлідства. Грэчаскія майстры прынеслі ва Усходнюю Еўропу сістэму крыжова-купальнага храма, у аснову якой быў закладзены квадрат, падзелены чатырма слупамі так, што ў плане ён уяўляў сабой крыж. Найбольш слынным з мураваных збудаванняў на нашых землях стаў Сафійскі сабор у Полацку, пабудаваны пры Усяславе Чарадзеі (1044–1066).

З ХІ ст. пад візантыйскім і заходнееўрапейскім уплывам на Беларусі пачынае развівацца манументальны жывапіс (фрэскі), іканапіс, кніжная мініяцюра. Надзвычай рана на Беларусі з'явілася пісьменнасць. Першым датаваным надпісам на ўсёй тэрыторыі Усходняй Еўропы з’яўляецца надпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава. Імя князя перададзена так званымі кірылічнымі літара-мі, але ў грэчаскім гучанні — «Ізяславос» і ў гэтым няма нічога дзіўнага. Справа ў тым, што знакаміты балгарскі асветнік Кірыла Салунскі прыдумаў азбуку-глаголіцу ў 60-я гг. IX ст., якая зусім не падобная на існуючую. Яго вучні, у тым ліку архіепіскап Ахрыдскі Клімент, адаптавалі сучасныя ім грэчаскія літары пад славянскую фанетыку. У гэтым выглядзе і трапілі да нас з Балгарыі першыя перакладныя кнігі і кніжнае пісьмо18.

Такім чынам, Беларуская культура ІХ–ХІІІ стст. развівалася ў межах сусветных культурна-гістарычных тэндэнцый. Значны ўплыў на яе аказала прыняцце хрысціянства, якое стала штуршком у развіцці культурных працэсаў. У той жа час на гэтым этапе быў закладзены падмурак фарміравання беларускага этнасу і адметнай культуры нашага народа.

 

 

3. Барацьба з іншаземнымі захопнікамі. Крыжацкая пагроза

 

 

Паўночна-заходнімі суседзямі Полацкай зямлі з даўнейшых часоў былі шматлікія прыбалтыйскія плямёны — яцвягі, літоўцы, аўкштайты, земгалы, лівы і інш. Славяне сутыкнуліся з імі яшчэ ў VI — VII стст. н. э. Падчас славянскай каланізацыі балты адступілі на поўнач і захад, частка іх была асімілявана.

 У пачатку XIII ст. гэтыя мірныя адносіны парушыліся. Летапісцы ў розных гарадах засведчылі трывожныя звесткі: нямецкія рыцары высадзіліся ў вытоках Заходняй Дзвіны і заснавалі тут крэпасць Рыгу (1201), якая стала апорай нямецкай агрэсіі ў зямлю балтаў. Неўзабаве датчане напалі на эстонскае ўзбярэжжа, разбурылі старажытную крэпасць Калывань (Талін) і заснавалі сваю - Рэвель (1209).

Якім чынам нямецкія рыцары апынуліся ў Прыбалтыцы, каля рускіх межаў?

3 канца XI ст. каралі, графы, князі Францыі, Англіі, Германіі і іншых еўрапейскіх краін імкнуліся захаваць багатае ўзбярэжжа Міжземнага мора, неаднойчы адпраўляліся ў крывавыя паходы супраць Егіпта, Сірыі. Гэтыя войны падтрымлівала каталіцкая царква, якая выступіла арганізатарам крыжовых паходаў. Яна аб'явіла іх мэтай вызваленне ад мусульман Палесціны і «гроба гасподня». У войсках крыжакоў ствараліся асобныя манашаска-рыцарскія арганізацыі: іх звалі духоўна-рыцарскімі ордэнамі. Уступаючы ў opдэн, рыцар заставаўся воінам, але даваў зарок манаства: не мог мець сям’і. 3 гэтага часу ён пакорліва слухаў галаву ордэна - гросмайстра, ці вялікага магістра.

Першым быў створаны ў 1119 г. ордэн тампліераў (храмоўнікаў), другім - ордэн шпітальераў-янітаў (сваю назву атрымаў ад шпіталя Святога Яна, які дапамагаў хворым пілігрымам — вандроўнікам). У канцы XII ст. стварыўся трэці ордэн — Тэўтонскі, які пазней перасяліўся з Палесціны ў Прусію. У 1202 г. рыжскі епіскап Альберт Буксгаўдэн, жадаючы абярнуць у хрысціянства насельніцтва Прыбалтыкі, заснаваў рыцарскі Ордэн мечаносцаў. Новыя рыцары насілі белы плашч з чырвоным мячом і крыжам, замест якога пазней сталі нашываць зорку19.

Пацярпеўшы цяжкае паражэнне ў вайне з арабамі, нямецкія князі ў канцы XII ст. вырашылі перанесці вайну ў Прыбалтыку і Русь, заваяванне якіх ім абяцала новыя землі і прыбыткі.

Атрымліваючы вялікую дапамогу людзьмі, зброяй і грашыма з боку нямецкіх феадалаў і паўночнагерманскіх гарадоў, рыцары-крыжакі пашыралі занятыя тэрыторыі, узводзячы магутныя замкі.

Паўночная небяспека з боку нямецкіх крыжацкіх ордэнаў была хітра замаскіравана місіянерскай дзейнасцю. Першыя нямецкія місіянеры з’явіліся ў Прыбалтьпцы ў канцы XII ст. У 1186 г. полацкі князь Уладзімір (Вальдэмар, паводле заходніх хронік) дазволіў немцу Мейнарду весці хрысціянізатарскую дзейнасць сярод падуладных Полацку ліваў. «В Полоцке, правители которого были заняты местными распрями и взаимоотношениями с политическими группировками других земель, по-видимому, не отнеслись серьезно к данному предприятию, не поняли первоначально тех опасностей, которые оно за собой влекло», - піша Л. Аляксееў20.

 «Але язычнікі-балты не надта імкнуліся пад духоўную ўладу папы рымскага і наступнага прапаведніка, Бартольда, забілі ў 1190 г. Дарэчы, гэта быў амаль звычайны лёс для большасці першых хрысціянскіх прапаведнікаў, пачынаючы з Апосталаў Хрыстовых»21.

Але ў даным выпадку курыя была зацікаўлена не толькі і не столькі ў выратаванні «аблудных» душ, колькі ў далучэнні да сваёй улады новых зямель і атрыманні з іх новых прыбыткаў. Крыжакі ставілі перад сабой высакародную мэту – хрысціць Прыбалтыйскія землі. Іх войскі былі адносна невялікія, але даволі дысцыплінаваныя. На самай справе галоўнай мэтай крыжакоў было падпарадкаванне новых зямель і мясцовага гандлю.

Знешняя палітыка Полацкага княства ў перыяд з 1021 па 1101 гады