Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII ст. – пачатак ХХ ст.).

УВОДЗІНЫ

 

Адрэзак часу з канца  ХVIII ст.да 1917г. – перыяд знаходжання беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі. Гэта адментны, непаўторны, разам з тым складаны і супярэчлівы этап айчыннай гісторыі. Яго складанасць і супярэчлівасць абумоўлівалася дзвюма буйнамаштабнымі акалічнасцямі.

Па-першае, Беларусь у  выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у  канцы ХVIII ст. вызвалілася з улоння гэтай магнацка-шляхецкай рэспублікі і апынулася ў складзе зусім іншай дзяржавы – абсалютысцкай Расійскай імперыі.

 Аднак яшчэ на працягу доўгага часу тутэйшае грамадства заставалася носьбітам пэўных палітычных, сацыяльных, духоўных, культурна-цывілізацыйных каштоўнасцей, якія сфарміраваліся ў папярэднія стагоддзі ў значнай меры пад уплывам агульнаеўрапейскіх працэсаў. Такім чынам, Беларусь аказалася месцам гістарычнай сустрэчы і ўзаемадзеяння еўрапеізаваных норм жыцця з тымі сацыяльна-палітычнымі і культурнымі стандартамі, што панавалі ў еўрапейска-азіяцкай імперыі Раманавых. З гэтага часу асноўнай тэндэнцыяй стала паступовая пераарыентацыя Беларусі з заходняга на ўсходні вектар развіцця. Вядома, уніфікацыя царызмам беларускіх зямель з агульнаімперскай сацыякультурнай прасторай не была аднамомантным актам. Гэта быў доўгі, супярэчлівы, шмат у чым драматычны працэс, які фактычна працягваўся да 1917 г., што і прадвызначыла адну з найважнейшых асаблівасцей беларускай гісторыі ў ХIX – пачатку XX ст.

Па-другое, у адзначаны перыяд у  Беларусі дасягнуў апагею крызіс традыцыйнага феадальна-прыгонніцкага грамадства і пачалася яго трансфармацыя  ў прынцыпова новую якасць – індустрыяльную цывілізацыю. Як і паўсюдна, працэс мадэрнізацыі выклікаў тут глыбокія структурныя зрухі ў сацыяльна-эканамічнай сферы, суправаджаўся кардынальнымі мадыфікацыямі грамадска-палітычных адносін, духоўнага жыцця, маралі, побыту людзей. Але паколькі Расійская імперыя ўвасабляла сабой даганяючы тып мадэрнізацыі, гэта не магло не адбіцца на тэмпах, формах і выніках дадзенага глабальнага працэсу на беларускіх землях.

Прычыны падзелаў Рэчы Паспалітай заключаліся, перш за ўсё, ва ўнутрыпалітычным становішчы самой дзяржавы. Яно характарызавалася як палітычны крызіс або бязладдзе. Такі стан стаў вынікам злоўжывання шляхецкімі вольнасцямі. На пасяджэннях сойма яшчэ з другой паловы XVI ст. дзейнічала права “ліберум вета” (ад лацінскага “не дазваляю”). Згодна з ім, калі хоць адзін дэпутат сойма выступаў супраць, то рашэнне не прымалася, а пасяджэнне сойма спынялася. Аднагалоссе было галоўнай ўмовай прыняцця пастановы сойма. У выніку гэтага абсалютная большасць соймаў была сарвана. Такім чынам, бяззладзю ў Рэчы Паспалітай садзейнічала тое, што значная частка шляхты лічыла права “ліберум вета” сведчаннем сваёй шляхецкай вольнасці і выкарыстоўвала яго на практыцы для адхілення (непрыняцця) непажаданых пастаноў. Дзяржаўнае кіраванне характарызавалася ўсеўладдзем магнатаў і шляхты і слабасцю каралеўскай улады ў асобе апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764 – 1795 гг.). Фактычна накіраваным каралём на тэрыторыі ВКЛ з’яўляўся нясвіжскі магнат Караль Радзівіл (па мянушцы “Пане Каханку”), які з’яўляўся у дачыненні да Станіслава Аўгуста: “Я – такі пан, табе ж яшчэ трэба такім стаць”.

Рэч Паспалітая стала “заезным дваром і карчмой” для іншаземных войск. Такі стан, які польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч назваў “патопам”, дазволіў суседнім дзяржавам умешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Такім чынам, палітычная анархія (бязладдзе) унутры краіны, адсутнасць моцнай цэнтральнай улады ў асобе караля (яго пасада была выбарнай і цалкам залежыла ад вольнасцей магнатаў і шляхты), а таксама ўмяшанне ва ўнутраныя справы з боку суседніх дзяржаў прывялі да тэрытарыяльных падзелаў Рэчы Паспалітай.

Такім чынам, Рэч Паспалітая, з якой больш за два стагоддзі  быў паяднаны лёс беларускага  народа, у выніку трох падзелаў гэтай  дзяржавы (1772, 1793 і 1795), зробленых Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй, спыніла сваё існаванне. Беларускія землі з насельніцтвам каля 3 млн чалавек адышлі да Расійскай імперыі.

Акт падзелу Рэчы Паспалітай быў вынікам знешняй агрэсіі  замежных дзяржаў, якая стала магчымай дзякуючы ўнутранаму аслабленню Рэчы Паспалітай, што было выклікана цэнтрабежнымі тэндэнцыямі ў палітычным, эканамічным, этнічным і рэлігійным жыцці дзяржавы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

1. Уваходжанне Беларусі ў Расійскую  імперыю 

 

1.1. Беларускія губерні ў складзе Расіі

 

3 канца XVIII ст. пачынаецца новы  этап беларускай гісторыі, цесна  звязаны з гісторыяй Расійскай  дзяржавы. Расійскі ўрад адразу  ажыццявіў шэраг мер па ўзмацненні  свайго ўплыву на далучаных  землях. Для аховы новых заходніх  межаў будаваліся крэпасці ў Дынабургу, Полацку, Відзах, Рагачове і іншых месцах.

На беларускія землі распаўсюджваліся агульныя прынцыпы расійскага кіравання. У сувязі з гэтым у 1796 г. праведзена адміністрацыйная рэформа. На тэрыторыі  Беларусі былі створаны губерні: Беларуская (у яе склад увайшлі Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы) з губернскім горадам Віцебскам і насельніцтвам каля 1,5 млн чалавек; Мінская з губернскім горадам Мінскам і насельніцтвам каля 800 тыс. чалавек; Літоўская (у яе ўвайшлі існаваўшыя Слонімская і Віленская губерніі) з Губернскім горадам Вільняй і насельніцтвам каля 1,6 млн чалавек.

У 1801 г. у выніку ўдасканальвання  адміністрацыйнага дзялення Бела-руская губерня была разбіта на Магілёўскую і Віцебскую, якія ўвайшлі ў склад Беларускага генерал-губернатарства; Літоўская губерня – на Гродзенскую і Віленскую, якія разам з Мінскай склалі Літоўскае генерал-губернатарства.

Выканаўчая ўлада ў губернях перадавалася губернатарам. У губернскіх цэнтрах пачыналі дзейнічаць органы адміністрацыйнага кіравання па расій-скаму ўзору: губернскія ўправы, казённыя палаты, прыказы і г.д. Кацярына II у наказе губернатарам у якасці першай задачы адзначыла "сохранение тишины и покоя..."

Усё насельніцтва беларускіх губерняў на працягу месяца пасля выхаду ўказа  аб іх уключэнні ў склад Расіі прыводзілася да прысягі. Асобам, што не згодны былі прысягнуць новай уладзе, дазвалялася ў трохмесячны тэрмін выехаць за мяжу, прадаць за гэты час сваю нерухомасць, у адваротным выпадку па сканчэнні тэрміну маёмасць пераходзіла ў казну. Магнаты і шляхта, заспакоеныя абяцаннямі Кацярыны II не парушаць іх правоў у большасці сваёй прынеслі прысягу царскай уладзе, бо не хацелі губляць уласнасць.

Складаная ўнутрыпалітычная абстаноўка ў беларускіх, украінскіх і літоўскіх губернях прымусіла  расійскае кіраўніцтва шукаць шляхі ўмацавання тут сваіх пазіцый. Пры гэтым даводзілася лічыцца з гістарычнымі адрозненнямі ў характары і ўзроўні развіцця феадальных адносін у Расіі і яе заходніх губернях. Хаця аснова эканамічнага ладу – феадальная ўласнасць на землю –  была і там і там аднолькавая, у Расіі узровень развіцця вытворчых адносін быў вышэйшым. Цэнтральная ўлада ва унітарнай дзяржаве не пакідала шмат функцый феадалам, замацоўвала за сабой права суда і кантролю за ўзроўнем феадальнага прыгнёту сялян.

Беларусь, Літва і Украіна  ў складзе Рэчы Паспалітай развівалі  свае феадальныя адносіны ва ўмовах дэцэнтралізаванай  дзяржавы і таму практычна не ведалі такога рэгулявання. Тут яно насіла эпізадычны характар.

 

1.2. Шляхта Рэчы Паспалітай

 

На Беларусі сяляне фактычна знаходзіліся ў поўнай уласнасці феадалаў і амаль не мелі магчымасці апеляваць да дзяржавы. У феадала было шмат палітычных, эканамічных і іншых правоў, каб ахаваць сябе ад дзяржаўнага кантролю. Трымаючы ўласныя войскі, феадальныя маёнткі станавіліся "дзяржавамі ў дзяржаве". Гэта не толькі ўзмацняла прыгнёт, але і перашкаджала эканамічнаму развіццю Рэчы Паспалітай, зараджэнню капіталістычных адносін.

На Беларусі раней  склалася дваранская манаполія на зямлю. Яна зафіксавана ў Статутах ВКЛ  ужо ў XVI ст. У Расіі дваранская манаполія зацверджана толькі ў сярэдзіне XVIII ст. пасля ліквідацыі ў 1754 г. сістэмы недваранскага землеўладання.

Феадальная зямельная  ўласнасць на Беларусі раней страціла сваю залежнасць ад нясення ваеннай  службы. 3 пачатку XVIII ст. "паспалітае рушэнне", удзел у якім лічыўся неабходнай умовай для валодання шляхтай землямі, ужо не склікалася. У Расіі ж толькі маніфест Пятра III у 1762 г. вызваліў дваранства ад абавязковага нясення дзяржаўнай службы.

Былі адрозненні і  ў формах дваранскага землеўладання. Расія не ведала такой сацыяльнай групы землеўладальнікаў, як дробная шляхта. Адносны працэнт феадальных уласнікаў быў там значна ніжэйшы, чым у заходніх губернях. У Расіі збяднелыя памешчыкі гублялі свае правы і прывілеі і служылі ў якасці дзяржаўных чыноўнікаў. На Беларусі ж збяднелая шляхта паводле прававога статуса не адрознівалася ад магнатаў.

Розніца ў прававым становішчы дваранства ў Расіі і заходніх губернях была вялікая ўвогуле. У  Рэчы Паспалітай шляхта мела вялікія правы, а ўлада караля была занадта слабой. Ён быў пазбаўлены заканадаўчых паўнамоцтваў і з'яўляўся ўсяго толькі вярхоўнай выканаўчай уладай. Дзейнасць вышэйшага заканадаўчага органа ў краіне была паралізавана "залатымі шляхецкімі вольнасцямі".

Шляхта мела правы  на канфедэрацыі (вайсковыя саюзы для абароны сваіх правоў) і мела магчымасць законна падымаць бунт (рокаш) супраць караля. Гэты палітычны плюралізм і прывёў да практычнай некіруемасці дзяржаўнага жыцця Рэчы Паспалітай.

Усе адзначаныя моманты  дазвалялі феадалам далучаных губерняў адчуваць сябе дастаткова трывала і паспрабаваць заняць незалежную пазіцыю ў дачыненні да новай дзяржаўнай улады, нягледзячы на тое, што традыцыі палітычнага жыцця ў Расіі, дзе панавала абсалютная манархія, былі зусім іншыя.

Па гэтых прычынах палітыка царскага ўрада ў дачыненні да мясцовых феадалаў на першым этапе была вельмі памяркоўная. Шляхта заходніх губерняў захоўвала практычна ўсе ранейшыя правы і прывілеі. Адзінае, што ўрад рашуча ліквідаваў, дык гэта бескантрольную самастойнасць феадалаў, якая падрывала асновы дзяржавы. Шляхта згубіла правы на канфедэрацыі, на ўтрыманне прыватнага войска і ўласных крэпасцяў. Усе астатнія правы засталіся.

Акрамя гэтага, у "Жалаванай  грамаце" 1775 г. Кацярына II абвясціла, што "каждое состояние (сословие) из жителей присоединенных земель вступает с самого сего дня во все оному свойственные выгоды по всему пространству империи Российской". Дваранству і купецтву беларускіх зямель у 1773 г. было дазволена выбіраць дэпутатаў для выпрацоўкі праекта новага, агульнадзяржаўнага Улажэння. У 1777 г. на Беларусі адбыліся выбары павятовых і губернскіх прадвадзіцеляў дваранства, створаны павятовыя і губернскія дваранскія сходы.

Асноўная частка шляхты засталася задаволенай сваім  новым становішчам і нават  паднесла расійскаму ўраду адрас, у якім разам з іншым было сказана: «Живя не в Польше, мы чувствуем себя как бы в Польше и даже лучше, чем в настоящей Польше».

 

1.3. Каталіцкае  веравызнанне. Канфіскацыі маёнткаў

 

У адносінах да каталіцкай царквы спачатку таксама праводзілася асцярожная палітыка. Дазволена было вольна выконваць каталіцкія абрады. Маёмасць касцёлаў, кляштараў заставалася недатыкальнай. А згодна з даравальнай граматай Кацярыны II ад 1774 г., была заснавана Беларуская каталіцкая епархія, што адпавядала інтарэсам польскіх і апалячаных беларускіх феадалаў. Аднак каталіцкаму духавенству катэгарычна забаранялася хрысціць у сваю веру праваслаўных. Ва ўсякім выпадку, такога рэлігійнага прэсінгу, як праваслаўная царква ў Польшчы, каталіцкая рэлігія не адчувала. Значная частка акаталічанага насельніцтва паступова пачала вяртацца ў праваслаўе.

На гарады Беларусі былі распаўсюджаны прынцыпы, абвешчаныя Кацярынай II у "Даравальнай грамаце  гарадам" 1785 г. Да прыкладу, у гарадах  адмянялася юрысдыкцыя свецкіх ці духоўных феадалаў. Шматлікія прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі былі выкуплены ўрадам. Кіраванне гарадскім жыццём канцэнтравалася ў прадстаўнічым органе – думе, якая выбіралася з гарадскіх саслоўяў.

Купецтва атрымала права  на стварэнне гільдый, як гэта было ў Расіі. "Даравальная грамата гарадам" служыла ўжо інтарэсам новага класа - буржуазіі.

Спецыяльныя ўказы ўрада  датычыліся і яўрэйскага насельніцтва. Указам ад 23 чэрвеня 1794 г. устанаўлівалася  мяжа яўрэйскай аселасці на тэрыторыі  беларускіх, літоўскіх і часткова ўкраінскіх губерняў. У гарадах гэтых губерняў яўрэям дазвалялася сяліцца, займацца рамяством і гандлем (займацца земляробствам ці набываць землі ім не дазвалялася). Яны маглі запісвацца ў мяшчанскія і купецкія саслоўі з умовай, што будуць плаціць дзяржаўныя падаткі ў двайным памеры ў параўнанні з хрысціянскім насельніцтвам.

На беларускія губерні  была распаўсюджана і расійская  падатковая сістэма. Уніфікаваліся  розныя дзяржаўныя зборы з насельніцтва: уводзіўся падушны падатак і  земскі збор. Аднак, улічваючы запушчаны стан беларускіх зямель (выяўлены ў час перапісу насельніцтва пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай), расійскі ўрад на два гады вызваліў усё насельніцтва ад выплаты дзяржаўных падаткаў. На працягу наступных 10 гадоў падушны падатак збіраўся ў палавінным памеры ў параўнанні з расійскімі падаткаплацельшчыкамі.

Што датычыцца заканадаўства, то расійскі ўрад стараўся паказаць, што  не мае намеру замахвацца на прававыя нормы, здаўна ўстаноўленыя на тэрыторыі  заходніх губерняў. Асноўным заканадаўчым кодэксам аж да 1840 г. заставаўся Статут ВКЛ 1588 г. Мясцовая ж адміністрацыя стваралася па расійскаму ўзору і была строга падсправаздачна цэнтральнай уладзе.

Як бачна, на першым часе ўрад у беларускіх і іншых далучаных  губернях імкнуўся падладкоўвацца пад  шляхту ды іншыя слаі насельніцтва, спрабаваў мякка зняць апазіцыйныя настроі. Асцярожнасць у адносінах да Беларусі і іншых далучаных зямель, характэрная для палітыкі Кацярыны II і яе паслядоўнікаў, безумоўна, дыктавалася тактычнымі меркаваннямі, хаця ў тайных наказах сваім намеснікам царыца выказвала пажаданні, каб паміж Беларуссю і Расіяй "исчезла грань инородная". Але як гэта зрабіць, яна не мела яшчэ поўнай яснасці. У сакрэтным наказе князю Вяземскаму яна ў 1764 г. пісала аб "заходніх правінцыях", што "парушаць прывілеі іх усе адразу вельмі непрыстойна было б, аднак і называць іх чужаземнымі і абыходзіцца з імі на гэткай аснове ёсць болыш як памылка, а можна сказаць з пэўнасцю, што глупства...", каб яны "абруселі і да далучэння прывыклі", трэба пасылаць туды для вярхоўнага кіраўніцтва людзей паважаных, ад дзейнасці якіх "выходило бы взаимное уважение".

Аднак рост незадаволенасці  значнай часткі шляхты каталіцкага  веравызнання і каталіцкага духавенства  прымусіў царызм дзейнічаць больш актыўна. Першым крокам у гэтым напрамку з'явілася ўвядзенне на Беларусі землеўладання расійскага дваранства за кошт дзяржаўнага фонду. Асноўная частка дзяржаўных зямель разам з сялянамі была раздадзена Кацярынай II у Заходняй Беларусі расійскім дваранам ды чыноўнікам. 3 750 тыс. чалавек мужчынскага полу, якія пражывалі на далучаных землях, 140 тыс. перайшло да расійскіх памешчыкаў і дзяржаўных чыноўнікаў. Усяго на далучанай да Расіі тэрыторыі Беларусі з 1772 па 1796 г. Кацярына II перадала расійскім дваранам 150 550 душ. Павел І на працягу 1796 – 1801 гг. аддаў 51 памешчыку яшчэ каля 28 тыс. сялянскіх душ мужчынскага полу. У 1773 – 1795 гг. ва ўсходняй частцы Беларусі (Магілёўская і Віцебская губерні) атрымалі ваўласнасць буйныя маёнткі 85 расійскіх памешчыкаў. У Мінскай губерні ў гэты ж час было падаравана розным асобам 42 290 душ мужчынскага полу, у Гродзенскай –  33052, у Віленскай – 5319.

У выніку гэтых дараванняў удзельная вага расійскіх памешчыкаў у сярэдзіне XIX ст. склала на Беларусі 1 %, а плошча іх землеўладання - 21,7 % (2,1 млн дзесяцін прыватнай зямельнай уласнасці).

Пасля 1801 г. раздача маёнткаў на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай  Украіне была спынена ўрадам Аляксандра І з-за ўзросшага супраціўлення  пераводу дзяржаўных сялян у памешчыцкія  з боку саміх сялян.

Наступным крокам, які павінен быў умацаваць пазіцыі царызму ў далучаных губернях, з'яўлялася паступовае абмежаванне правоў мясцовага дваранства. Да апазіцыйна настроенай шляхты быў выкарыстаны такі сродак, як канфіскацыя маёнткаў за ўдзел у антыўрадавай дзейнасці. У Рэчы Паспалітай пакаранні за палітычныя злачынствы ў выглядзе выгнання з краіны і канфіскацыі маёмасці таксама дапускаліся. Але прымяняліся яны толькі ў выключных выпадках да кіраўнікоў мяцяжоў, а не да радавых удзельнікаў. Прычым, як правіла, вінаваты каяўся і атрымліваў памілаванне. Такі лёс спасціг буйнейшага магната Кароля Радзівіла, які двойчы падымаў зброю супраць караля, але абодва разы дабіваўся зняцця секвестру і вяртання сваіх уладанняў.

Змены асоб на прастоле ў  выніку частых палацавых пераваротаў у XVIII ст. суправаджаліся буйнымі канфіскацыямі маёнткаў у набліжаных да папярэдняга цара. Гэтыя маёнткі дараваліся асобам з акружэння новага самадзержца. Удзельнікі змовы, якая прывяла да ўлады Кацярыну П, атрымалі 18 тыс. прыгонных. Былі прыменены канфіскацыі і ў дачыненні да апазіцыйнай шляхты Беларусі і Літвы.

Канфіскацыі праводзіліся не аднойчы. У 1773 – 1775 гг. яны былі накіраваны супраць тых магнатаў і шляхціцаў, што пасля далучэння не захацелі прынесці прысягу расійскаму манарху, а пазней – супраць удзельнікаў паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Да 1800 г. на Беларусі, а таксама ў Невельскім і Себежскім паветах усяго канфіскавана 26 маёнткаў з 36 050 сялянамі (маюцца на ўвазе толькі асобы мужчынскага полу). У 1812 – 1813 гг. пачалася новая хваля канфіскацый. Урад адбіраў маёнткі ў калабарацыяністаў, якія супрацоўнічалі з войскам Напалеона.

 

2. Беларусь  у вайне 1812 г.

 

2.1. Баявыя дзеянні  на тэрыторыі Беларусі і іх  вынікі

 

Сітуацыя напярэдадні  Айчыннай вайны 1812 г. склалася наступная. Пасля перамогі Францыі над Прусіяй у 1807 г. Напалеон і Аляксандр І дамовіліся ў Тыльзіце аб утварэнні Варшаўскага княства, што мела прапагандысцкі характар: Напалеон клапаціўся пра Польшчу, бо яна служыла яму плацдармам для нападу на Расію. Урад Расіі ў процівагу Напалеону таксама вёў прапаганду, абяцаючы аднавіць Рэч Паспалітую і Вялікае княства Літоўскае. У лютым 1811 г. высокі расійскі саноўнік А.Чартарыйскі па прапанове Аляксандра І ездзіў у Варшаву, каб дамовіцца з польскімі дзеячамі аб іх пераходзе на бок Расіі. Аднак гэта місія поспеху не мела. У канцы 1811 – пачатку 1812 г. група ўраджэнцаў Беларусі (М.К.Агінскі, Ф.К.Любецкі і інш.) падрыхтавала праект аб адраджэнні Вялікага княства Літоўскага пад пратэктаратам Расіі па прыкладу Фінляндыі.

24 чэрвеня 1812 г. 450-тысячная армія Напалеона перайшла граніцу з Расіяй. У склад яе ўвайшла значная колькасць польскіх вайскоўцаў (каля 60 - 70 тыс. чалавек). Быў сфарміраваны корпус пад камандаваннем князя Ю.Панятоўскага, які актыўна змагаўся на баку напалеонаўскай арміі супраць Расіі. Князь Дамінік Радзівіл за свой кошт сфарміраваў уланскі полк.

28 чэрвеня 1812 г. французская  армія заняла Вільню. Напалеон  разлічваў, што шляхта Беларусі  будзе да яго больш прыхільнай, калі ён абвесціць аб аднаўленні  Вялікага княства Літоўскага. 3 гэтай мэтай у Вільні па распа-раджэнні Напалеона быў утвораны Часовы ўрад пад назвай "Камісія Вялікага княства Літоўскага". Дзейнасць Камісіі распадсюджвалася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць. Для Віцебскай і Магілёўскай губерняў было вызначана асобнае, т. зв. "польскае праўленне". Але гэтыя марыянетачныя ўрады павінны былі перш за ўсё забяспечваць усім неабходным і папаўняць рэкрутамі французскую армію. Рускі герб быў заменены на аднагаловага арла. У хуткім часе ранейшае адміністрацыйнае дзяленне было заменена на французскі лад, галоўныя пасады занялі французскія военачальнікі і інтэнданты.

Шляхта, якая толькі што  прысягала на вернасць Расійскай  імперыі, амаль усюды сустракала французскія войскі як вызваліцеляў ад расійскіх захопнікаў. Просты ж беларускі народ у асноўным стаў на шлях партызанскай вайны з французамі. Велізарнаму войску Напалеона ў межах Літвы, Беларусі і Паўноч-най Украіны ў чэрвені 1812 г. супрацьстаялі тры рускія арміі: 1-я – генерала М.Б. Барклая дэ Толі, 2-я – генерала П.І. Баграціёна, 3-я – генерала А.П. Тармасава.

Каб перакрыць французам  шлях на Кіеў, 3-я армія была пакінута ў Валынскай губерні. А 1-й і 2-й  арміям патрэбна было злучыцца, каб  пазбегнуць разгрому паасобку. У ліпені 1812 г. вызначылася немагчымасць злучэння 1-й і 2-й армій у раёне Віцебска. Чарговым пунктам сустрэчы рускіх армій быў прызначаны Смаленск.

3 16 ліпеня да 1 жніўня 1812 г. Напалеон знаходзіўся ў  Віцебску. Наступленне яго арміі  было прыпынена. Ён вырашаў,  што рабіць далей. Галоўны план Напалеона – разграміць рускую армію на Беларусі –  не быў выкананы. У гэтых умовах Напалеон меў намер пачаць перагаворы з Аляксандрам І у Віцебску. Але ад гэтага плана французскаму імператару давялося адмовіцца. Яго армія, складзеная з прадстаўнікоў заваяваных краін, пачала на вачах развальвацца: зніжалася дысцыпліна, пашыраліся марадзёрства, дэзерцірства. Напалеон разумеў, што толькі новыя перамогі могуць выратаваць яго армію ад дэмаралізацыі.

22 ліпеня 1812 г. арміі  Баграціёна і Барклая дэ Толі  злучыліся пад Смаленскам, а 2 – 5 жніўня адбылася Смаленская бітва, у якой Напалеон страціў больш за 14 тыс. чалавек. Пасля Смаленска рускую армію ўзначаліў М.І. Кутузаў. 26 жніўня адбылася генеральная бітва ля в.Барадзіно. Сфарміраваныя на Віцебшчыне чатыры палкі 3-й пяхотнай дывізіі абаранялі на Барадзінскім полі вядомыя Баграціёнавы флешы. 24-я пяхотная дывізія, складзеная з ураджэнцаў Мінскай губерні, гераічна змагалася каля батарэі Раеўскага.

Кутузаў з мэтай захавання  арміі загадаў пакінуць Маскву, якую неўзабаве занялі французы. Не дачакаўшыся адказу Аляксандра І на прапановы аб міры, Напалеон у пачатку кастрычніка 1812 г. пачаў адступаць з Масквы на Смаленск па спустошанай мясцовасці.

7 кастрычніка 1812 г.  рускія войскі вызвалілі Полацк, 26 кастрычніка – Віцебск, 4 лістапада – Мінск.

Завяршальны ўдар быў  нанесены рускімі войскамі па французах  пры іх пераправе праз Бярэзіну каля в.Студзёнка, што недалёка ад Барысава. 30 тыс. іншаземных захопнікаў знайшлі  тут сваю гібель. Пасля гэтага напалеонаўская армія фактычна перастала існаваць.

У гонар перамогі рускай арміі над войскамі Напалеона  ў Айчыннай вайне 1812 г. пастаўлены памятныя знакі ў Віцебску, Полацку, Кобрыне, в.Студзёнка (каля Барысава), в. Клясціца (Расонскі р-н Віцебскай вобл.), в.Салтанаўка (каля Магілёва) і інш.

Вайна прынесла беларускаму  народу вялікія бедствы. Многія гарады і вёскі былі разбураны і знішчаны. Голад, хваробы прывялі да масавай  гібелі людзей. У гарадах Беларусі колькасць насельніцтва зменшылася ў 2 – 3 разы. Прыйшла ў заняпад  сельская гаспадарка. Амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы.

Цяжкія вынікі вайны  для беларускага народа ўзмацняліся  палітыкай царызму. Сяляне аказаліся  падманутымі ў сваіх спадзяваннях атрымаць вызваленне ад прыгоннай няволі пасля разгрому арміі Напалеона.

3. Грамадска-палітычны рух

 

У адносінах да беларускай арыстакратыі царскі ўрад быў больш  асцярожным. 3 аднаго боку, ён хацеў  прылашчыць па-сепаратысцку настроеную шляхту. Таму, напрыклад, Камінскі, які  ўзначальваў створаную Напалеонам "Камісію Вялікага княства Літоўскага", захаваў пасаду старшыні ў мінскім галоўным судзе, В.Гецэвіч, член савета ў Вільні, стаў мінскім віцэ-губернатарам і г.д. Але, з другога боку, царызм жорстка пакараў многіх з тых, хто ў час вайны супрацоўнічаў з Налалеонам. Хваля канфіскацый маёмасці калабарацыяністаў пракацілася па Беларусі.

Наступная хваля канфіскацый  мела месца ў 1830 –  1831 гг. У выніку яе на Беларусі канфіскаваны 62 маёнткі  ў 51 уладальніка.

30-я гады XIX ст. сталі  пераломнымі ў царскай палітыцы  ў дачыненні да заходніх губерняў: яна прыняла болыш жорсткі характар. На гэта паўплывалі дзве прычыны: рост апазіцыйных грамадска-палітычных настрояў і рухаў, а таксама працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкага ладу, які перарастаў у яго крызіс.

У другім дзесяцігоддзі XIX ст. на Беларусі, як і ў іншых заходніх губернях, значна ўзмацніўся грамадска-палітычны рух. Ён развіваўся пад уплывам рэвалюцыйных падзей у Заходняй Еўропе, расійскай рэвалюцыйнай думкі і польскіх нацыянальна-вызваленчых ідэй.

 

3.1. Паўстанне дзекабрыстаў і тайныя таварыствы на Беларусі

 

Знайшлі падтрымку на Беларусі і  ідэі дзекабрыстаў аб ліквідацыі самадзяржаўя і прыгоннага права. Дзекабрысты  сачылі за развіццём польскага нацыянальна-вызваленчага руху, імкнуліся наладзіць з ім сувязь для сумеснай барацьбы супраць царызму. У 1821 – 1822 гг. некаторыя актыўныя ўдзельнікі руху дзекабрыстаў знаходзіліся на Беларусі. М. Мураўёў, кіраўнік "Паўночнага таварыства", у Мінску ў 1821 г. напісаў свой першы варыянт канстытуцыі. А. Бястужаў, адзін з кіраўнікоў "Паўночнага таварыства", калі жыў у Мінску, устанавіў сувязі з некаторымі мясцовымі грамадскімі дзеячамі ў Полацку. У Мінску, Лідзе, Ружанах бывалі дзекабрысты М. Нарышкін, З. Чарнышоў, М. Лунін, Я.Абаленскі. У Віцебску жыў і вучыўся вядомы дзекабрыст, сябра "Таварыства аб'яднаных славян" І. Гарбачэўскі.

У 1822 г. у Кіеве вяліся перамовы паміж кіраўнікамі "Паўднёвага таварыства" дзекабрыстаў (П.Пестэль) і прадстаўнікамі польскага “Патрыя-тычнага таварыства” аб наладжванні сувязей для вядзення сумесных дзеянняў. 3 гэтай мэтай у Вільню прыязджалі М.Бястужаў-Румін і С.Мураўёў-Апостал. Увосень па ініцыятыве апошняга быў распрацаваны план арышту цара ў час прыезду ў Бабруйскую крэпасць. Аднак план не быў ажыццёўлены, бо яго не падтрымалі ў цэнтры "Паўднёвага таварыства".

Вялікае значэнне як дзекабрысты, так  і польскія рэвалюцыянеры надавалі прапагандзе сярод салдат і афіцэраў Асобнага літоўскага корпуса, размешчанага ў Гродзенскай губерні. Пад іх уплывам на пачатку 1825 г. у гэтым  корпусе ўзнікла "Таварыства ваенных сяброў" на чале з капітанам К.Ігельстромам. Таварыства ўстанавіла сувязі з тайнымі гурткамі мясцовай моладзі. 24 снежня 1825 г., праз 10 дзён пасля паўстання дзекабрыстаў на Сенацкай плошчы ў Пецярбургу, сябры таварыства спрабавалі падбухторыць салдат Літоўскага корпуса, але былі арыштаваны. Няўдачай скончылася і спроба сяброў "Таварыства аб'яднаных славян" у лютым 1826 г. падняць паўстанне ў Палтаўскім палку ў Бабруйску.

Падавіўшы паўстанне  дзекабрыстаў, расійскі ўрад разграміў  і тайныя таварыствы на Беларусі. Шмат іх удзельнікаў было арыштавана.

У 1824 – 1825 гг. урад, улічваючы, што цэнтрам тайных таварыстваў  былі навучальныя ўстановы, прыняў меры па ўзмацненні нагляду за навучэнцамі. У адпаведнасці з указам Аляксандра І жыхарам Беларусі і Літвы  забаранялася адпраўляць дзяцей на вучобу ў замежныя універсітэты. Стаў больш жорсткім агульны нагляд за навучальнымі ўстановамі. Праводзілася пералюстрацыя лістоў.

Аднак гэта не спыніла грамадска-палітычны  рух у заходніх губернях. Перадавая  грамадскасць Беларусі і Літвы была цесна звязана з польскім вызваленчым рухам. У лістападзе 1830 г. у Варшаве апазіцыйная шляхта ўзняла нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Незадаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай, парушэнне царызмам польскай канстытуцыі 1815 г. былі галоўнымі прычынамі паўстання. Аднак тыя рэвалюцыйныя сілы Польшчы, якія адстойвалі ідэі буржуазна-дэмакратычных пераўтварэнняў, не змаглі ўзначаліць паўстанне. Польскім арыстакратам удалося захапіць кіраўніцтва паўстаннем і выкарыстаць яго для барацьбы за аднаўленне Польшчы ў межах 1772 г.

Царскі ўрад імкнуўся прадухіліць  пашырэнне паўстання на тэрыторыі  Беларусі, Літвы і Украіны. Тут  было ўведзена ваеннае становішча. Аднак ужо на пачатку красавіка 1831 г. дзеянні паўстанцаў ахапілі  ўсю Літву і Паўночна-Заходнюю Беларусь (Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісенскі і Вілейскі паветы). Падрыхтоўку да яго ажыццяўлялі дваране, афіцэры, каталіцкае і уніяцкае духавенства, якія жылі на Беларусі, а таксама эмісары з Царства Польскага. Ядро паўстанцаў склалі шляхта, навучэнцы, афідэры-палякі –  каля 10 тыс. чалавек. Вузкія палітычныя мэты –  аднаўленне шляхецкай Польшчы ў межах 1772 г. –  абумовілі той факт, што паўстанне не атрымала падтрымкі сярод шырокіх колаў насельніцтва.

У жніўні 1831 г. паўстанне было падаўлена  на ўсёй тэрыторыі Беларусі і Літвы, а ў верасні – і ў Польшчы. Але і пасля гэтых падзей палітычнае браджэнне на Беларусі і ў Літве не сціхла. У другой палове 30-х гадоў XIX ст. тут зноў пачалі ўтварацца тайныя суполкі. У 40 – 50-я гады на Беларусі, як і ў Расіі, у асяроддзі, апазіцыйным да ўлады, усё больш актыўную ролю адыгрывалі рэвалюцыянеры-дэмакраты. Ідзе фарміраванне новага пакалення рэвалюцыянераў з ліку дробных чыноўнікаў, духавенства, мяшчан, шляхты. Да яго належаў Ф. Савіч, які быў ініцыятарам стварэння ў 1836 г. пры Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі найбольш радыкальнай з тайных суполак – "Дэмакратычнага таварыства". Яно працягвала развіваць традыцыі філаматаў і дзекабрыстаў. У 1837 г. Ф.Савіч наладзіў сувязь з Пінскай і Слуцкай ячэйкамі тайнага таварыства "Садружнасць польскага народа", якім кіраваў польскі рэвалюцыянер-дэмакрат Ш.Канарскі. Прапаганда і дзейнасць "Дэмакратычнага таварыства" набылі сацыяльную накіраванасць. У статуце "Дэмакратычнага таварыства" абвешчаны ідэі сацыяльнай роўнасці, вызвалення сялян і надзялення іх зямлёй, права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць. У 1838 г. "Дэмакратычнае таварыства" было разагнана. Але грамадска-палітычны рух у краі развіваўся далей.

Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII ст. – пачатак ХХ ст.).