Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны.
3
Змест
Уводзіны…………………………………………………………
I. Напад Германіі на СССР. Першы этап ваенных дзеянняў: захоп Беларусі…………………………………………………………
ІІ. Арганізацыя акупацыйнага рэжыму. Дзейнасць беларускіх калабаранцкіх арганізацый…………………………………………………
ІІІ. Развіццё партызанскага руху і падпольнай барацьбы………………….….8
IV. Аперацыя “Баграціён” і вызваленне БССР…………………………….….10
V. Асноўныя паняцці па тэме…………………………………………………..13
Высновы……………………………………………………………
Спіс выкарыстанай літаратуры…………………………………………………
23 жніўня 1939 года ў Маскве паміж СССР і Германіяй быў падпісаны Дагавор аб ненападзенні тэрмінам на 10 гадоў – “пакт Молатава – Рыбентропа”. Савецкі Саюз імкнуўся такім чынам выйграць час для завяршэння мерапрыемстваў па ўмацаванні абароназдольнасці краіны.
1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна. Фашысцкая Германія разам з саюзнікамі пашырала агрэсію супраць краін Еўропы. Ужо вясной 1940 года былі захоплены такія краіны, як Данія, Нарвегія, Бельгія, Галандыя і інш. Летам і восенню Германія працягвала баявыя дзеянні: капітулявала Францыя, вялася бамбардзіроўка Англіі, нямецкія войскі занялі Румынію. Так у 1941 годзе акрамя гэтага былі захоплены Балгарыя, Грэцыя, частка Югаславіі, а на тэрыторыі Афрыкі вяліся баявыя дзеянні.
Але адначасова з планам захопа Еўропы, нямецкае ваенна-палітычнае кіраўніцтва мела накірунак на Савецкі Саюз: захоп тэрыторыі, знішчэнне і “анямечванне” народа. У дзень падпісання акта аб капітуляцыі Францыі – 22 чэрвеня 1940 года – Гітлер аддаў загад аб распрацоўцы плана нападзення на Саюз ССР. У снежні 1940 года быў зацверджаны план пад кодавай назвай “Барбароса”. Сутнасць яго – малнкавая вайна і разгром СССР за 3-4 месяцы. А ў маі 1941 года быў прыняты яшчэ адзін план па знішчэнні і каланізацыі народаў Савецкага Саюза – план “Ост”.
22 чэрвеня 1941 года прыкладна а чацвёртай гадзіне авіяцыя, ваенна-марскі флот і сухапутныя войскі фашысцкай Германіі ўварваліся на тэрыторыю Савецкага Саюза, парушыўшы такім чынам “пакт Молатава – Рыбентропа”. Нападзенне Германіі з’явілася раптоўным і нечаканым для народа і Узброенных сіл СССР. Так пачалася Вялікая Айчынная вайна.
І. Напад Германіі на СССР. Першы этап ваенных дзеянняў:
Раптоўным і нечаканым напад Германіі стаў па некалькім прычынам. Кіраўніцтва СССР памылкова лічыла, што фашысцкія войскі не здолеюць напасці на Саюз, пакуль не скончаць ваенныя дзеянні супраць Англіі, дэзінфармаванае, яно заяўляла, што галоўнай задачай Гітлера было захапіць багатыя заморскія калоніі. Таксама ў Маскве панавала думка, што пасля Англіі Германія рушыць на Блізкі Усход, багаты нафтай. Больш за тое, за тыдзень да пачатку вайны радыёвяшчанне і друк распаўсюдзілі паведамленне ТАСС: Германія выконвае ўмовы Дагавора аб ненападзенні 1939 года. А галоўнай памылкай кіраўніцтва СССР і Узбоеных сіл стаў недахоп інфармацыі – упушчэнне савецкай разведкі. Нямецкія спецслужбы мэтанакіравана займаліся дэзінфармацыяй і захаваннем сакрэтнасці наконт сваіх планаў.
Такім чынам, недастатковы прафесіяналізм кіраўнікоў савецкай разведкі, заява ТАСС ад 14 чэрвеня 1941 г., спакойны тон савецкіх СМІ, недахоп у баявой гатоўнасці савецкіх войск і незаслужана паважлівы тон да кіраўнікоў фашысцкай Германіі прывялі вялікую дзяржаву да нечаканага нападу з боку нямецкай арміі, разам з якой супраць СССР выступілі Італія, Фінляндыя, Румынія, Венгрыя, Славакія, Харватыя. Неафіцыйна аб’явілі вайну Саюзу і Іспанія, Партугалія, Турцыя, Швецыя, Данія і Нарвегія.
З першых дзён ваенных дзеянняў тэрыторыя Беларусі, як і тэрыторыі іншых прыгранічных раёнаў СССР, стала арэнай жорсткіх баявых сутычак. У першыя ж гадзіны вайны варожая авіяцыя нанесла ўдары па ваенных аб’ектах у заходняй пагранічнай паласе. Адразу была знішчана большая частка бамбардзіроўшчыкаў, якія базіраваліся на аэрадромах прыгранічных ваенных акругоў.
Па стане на 22 чэрвеня 1941 года на тэрыторыі Беларусі знаходзілася больш за 650 тысяч воінаў Заходняга фронту і Пінскай ваеннай флаціліі. Змагаліся з наступленнем ворагаў таксама пагранічнікі, лётчыкі і прадстаўнікі іншых родаў войск. У першы дзень вайны было збіта каля 100 нямецкіх самалётаў. Камандзір эскадрыллі Гастэла і члены яго экіпажа здзейснілі пад Мінскам наземны таран, направіўшы машыну на скапленне варожых танкаў. У крайне неспрыяльных умовах, несучы цяжкія страты, аказвалі рашучае супраціўленне чырвонаармейцы.
Трэба адзначыць, што гераічна трымаўся гарнізон Брэсцкай крэпасці, у склад якого ўваходзілі прадстаўнікі больш за 30 нацый і народнасцей, узначальвалі які маёр Гаўрылаў і палкавы камісар Фамін. Без сувязі, вады, харчу, медыкаментаў абаронцы крэпасці не збіраліся здавацца без бою, пастаянна наносілі контратакі. Апошнія групы змагаліся да канца ліпеня 1941 года, калі камандаванне фашыстаў планавала правесці захоп “з ходу”.
Цяжкія баі вялі палявыя войскі Чырвонай арміі каля Беластока, Гродна, Жабінкі, Маларыты. Але да канца чэрвеня стала відавочна, што савецкія войскі не ў сілах стрымаць, а тым больш разграміць атакуючыя групоўкі ворага. Таму стаўка Узброеных сіл была вымушана перайсці да стратэгічнай абароны.
Нягледзячы на мужнасць і гераізм савецкіх салдат і афіцэраў, 28 чэрвеня 1941 года нямецка-фашысцкія войскі захапілі Мінск.
Са спазненнем быў прыняты шэраг надзвычайных мер па мабілізацыі ўсіх сіл і сродкаў краіны на адпор Германіі. Пачалася дадатковая мабілізацыя ваеннаабавязаных у Чырвоную армію.
Але ў ліпені-жніўні 1941 года, калі ішлі цяжкія абарончыя баі, войскі Чырвонай арміі вымушаны былі адступаць. Савецкае камандаванне паставіла задачу стварыць лінію абароны ўздоўж Заходняй Дзвіны і Дняпра, каб не прапусціць ворагаў да Маскоўскага напрамку. Каля тыдня цягнуліся баі за Віцебск. З 4 па 27 ліпеня савецкія войскі стрымлівалі націск танкавай групы ў напрамку Магілёва, больш месяца ішлі баі за Гомель. Толькі 19 жніўня цаной вялікіх ахвяр Германіі ўдалося захапіць горад на Сожы.
Нягледзячы на гераічнае супраціўленне Чырвонай Арміі да пачатку верасня 1941 года ўся тэрыторыя Беларусі была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Але трэба адзначыць, што план маланкавай вайны “Барбароса” быў сарваны. Самаадданыя абарончыя баі савецкіх войск на тэрыторыі Беларусі далі магчымасць падрыхтаваць рэзервы для абароны Масквы і разгрому там у будучым нямецкіх войск.
ІІ. Арганізацыя акупацыйнага рэжыму. Дзейнасць беларускіх калабаранцкіх арганізацый
Акупацыйны рэжым у Беларусі – гэта сістэма палітычных, эканамічных, ваенных і ідэалагічных мер, накіраваных на ліквідацыю савецкага грамадска-дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, зняволенне і знішчэнне беларускага народа. Ідэалагічнай асновай акупацыйнай палітыкі былі чалавеканенавісніцкія тэорыі нацыстаў: аб расавай перавазе нямецкай нацыі, пашырэнні жыццёвай прасторы немцаў. Асноўным было жаданне панавання ва ўсім свеце. Немцы праводзілі палітыку генацыду – знішчэння груп насельніцтва па расавых, нацыянальных, палітычных матывах. Да верасня 1941 года Германія знішчыла дзяржаўную самастойнасць нашай краіны, а разам з ёю тэрытарыяльную цэласнасць – Беларусь была падзелена на пяць частак.
Згодна з планам “Ост”, распрацаваным нямецкай уладай у 1941 годзе за месяц да нападу на СССР, фашысты меркавалі фізічна знішчыць 75 % беларусаў, украінцаў і рускіх. Астатнія 25% планавалася анямечыць і зарабаваць.
Узброенай апорай фашысцакага рэжыму на тэрыторыі Беларусі былі акупацыйныя войскі вермахта – ахоўныя дывізіі, а таксама службы СД (служба бяспекі, галоўны орган разведкі і контрразведкі), СС (ахоўныя атрады, адборныя войскі), гестапа – паліцыя. Усяго тут было 160 тысяч чалавек ваенна-паліцэйскіх.
Тэрыторыя Беларусі пакрылася сеткай канцэтрацыйных лагероў і турмаў. Было створана больш за 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў. Людзей там трымалі пад адкрытым небам, марылі голадам, заражалі інфекцыйнымі хваробамі. Самым буйным не толькі на Беларусі, а на ўсёй прасторы СССР быў Трасцянецкі лагер смерці пад Мінскам, там было знішчана больш за 200 тысяч чалавек.
Распаўсюджанай з’явай было гета – месцы пражывання яўрэйскага насельніцтва, створаныя з мэтай знішчэння яўрэяў, якія лічыліся фашыстамі ніжэйшай расай. Адным з найбуйнейшых такіх лагераў смерці было Мінскае гета, створанае гітлераўцамі 19 ліпеня 1941 года. Тут было знішчана каля 100 тысяч чалавек яўрэйскай нацыянальнасці. Па ўсёй тэрыторыі Беларусі было больш за 100 гета.
Адной з праяў акупацыйнай палітыкі быў вываз нашага насельніцтва на прымусовыя работы ў Германію. Нават былі выпадкі, калі войскі вермахта акружалі вёскі і вывозілі ўсё насельніцтва, а калі ім аказвалі супраціўленне – расстрэльвалі ці палілі вёску.
Фашысцкімі катамі было забіта і замучана толькі ў Беларусі больш за 2,2 мільёна чалавек, гэта амаль кожны чацвёрты яе жыхар.
З-за няўдач вермахта на савецка-германскім фронце і нарастаючай барацьбы з боку акупантаў нямецкія ўлады вымушаны былі шукаць падтрымкі сярод мясцовага насельніцтва. Так з’явіліся калабарацыяністы – асобы, якія супрацоўнічалі з фашыстамі ў акупіраваных краінах, у тым ліку і на Беларусі.
У кастрычніку 1941 года была створана Беларуская народная самапомач (БНС), на чале якой стаяў кіраўнік пражскага філіяла Беларускага камітэта самапомачы. Пры кіраўніцтве БНС быў створаны Цэнтральны савет (Цэнтраль), у склад якога ўваходзіла 10 чалавек. БНС дамагалася прызнання за сабой права на самакіраванне і рабіла спробы стварыць ваенізаванае фарміраванне – Беларускі корпус самааховы (БКС). У сакавіку 1943 года на з’ездзе Цэнтральнай Рады і кіраўнікоў БНС быў выпрацаваны мемарандум, які патрабаваў у нямецкіх улад поўнай аўтаноміі Беларусі, з умовай, што тады Беларусь аддзеліцца ад СССР і аб’явіць яму вайну. Гэта ідэя не была падтрымана і 4 чэрвеня 1943 года БНС была рэарганізавана ў Беларускую самапомач, дзейнасць якой абмяжоўвалася зборам ахвярванняў, аказаннем матэрыяльнай дапамогі, вярбоўкай новых членаў.
Падчас вайны былі створаны такія арганізацыі і саюзы як Саюз беларускай моладзі (1943), Беларуская цэнтральная рада (1943), Беларуская краёвая абарона і інш.
У калабарацыяністаў на працягу вайны былі арганізаваны свае ўправы ў гарадах, агульнанацыянальныя арганізацыі, існавала свая сімволіка, адкрываліся школы, асветныя ўстановы, выдаваліся газеты і часопісы. Але ўсё гэта, безумоўна, кантралявалася гітлераўцамі.
Такім чынам, у час вайны фашысты імкнуліся выкарыстоўваць у сваіх мэтах мясцовае насельніцтва, прымушаючы яго да супрцоўніцтва. Сама назва калабарацыянізм з’явілася толькі ў 1953 годзе. З французскага гэта супрацоўніцтва. Гэты тэрмін характарызаваў здрадніцкую дзейнасць людзей, якія супрацоўнічалі з немцамі. Так у склад беларускіх калабарацыяністаў уваходзілі апазіцыянеры, простыя людзі, якія добраахвотна падпісаліся на службу да фашысцкіх захопнікаў, а былі і тыя, каго гвалтоўна прымусілі, пазбавіўшы іншага выбару.
ІІІ. Развіццё партызанскага руху і падпольнай барацьбы
Безумоўна, акрамя калабарацыяністаў, існаваў яшчэ і рух людзей, якія жадалі дапамагчы сваёй краіне і складалі большую за здраднікаў суполку. Асноўная частка насельніцтва Беларусі стала на шлях барацьбы супраць акупантаў. Барацьбу за свабоду і незалежнасць узмацняла нянавісць да фашысцкіх захопнікаў, іх акупацыйнага рэжыму.
Арганізатарамі партызанскага руху былі не толькі дзяржаўныя і партыйныя органы, але і радавыя грамадзяне. Партызанскія атрады і групы ўзнікалі на базе народнага апалчэння, знішчальных батальёнаў. У першыя ж дні вайны быў сфарміраваны і ўступіў у барацьбу з ворагам Пінскі партызанскі атрад, які ўзначаліваў Корж. У гэты ж час пачаў дзейнічаць атрад Бумажкова і Паўлоўскага ў Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці. У ліпені 1941 года дырэктар кардоннай фабрыкі Шмыроў (бацька Мінай) у пасёлку Пудаць Віцебскай вобласці сабраў атрад з рабочых. Гэта былі адні з першых прадстаўнікоў партызанскага руху на Беларусі.
Нягледзячы на тое, што Беларусь да верасня 1941 года была захоплена, тут ствараліся падпольныя цэнтры, групы і арганізацыі. Важную ролю ва ўмацаванні падпольнага і партызанскага рухаў адыгралі першыя падпольныя камітэты: Пінскі, Гомельскі, Мінскі гаркомы, Рагачоўскі, Рудзенскі, Чэрыкаўскі райкомы і інш.
Мінскае падполле, на чале якога былі Кавалёў, Казінец, Матусевіч і інш., было аднім з самых моцных прадстаўнікоў барацьбы народа з нямецкімі захопнікамі. Яны ажыццяўлялі дыверсіі на чыгунке, прадпрыемствах, у фашысцкіх установах, перадавалі зброю ў партызанскія атрады.
Паводле няпоўных данных да канца 1941 года на Беларусі налічвалася не менш за 247 партызанскіх атрадаў і падпольных груповак. Але трэба адзначыць, што ў першыя месяцы вайны партызаны не мелі дастатковай падрыхтоўкі і матэрыяльнага забеспячэння для вядзення супраціўлення.
Расла колькасць народных мсціўцаў, што дазволіла на базе асобных атрадаў ствараць буйныя партызанскія фарміраванні – брыгады і злучэнні, дзейнасць якіх каардынавалася войскамі Чырвонай Арміі. У савецкім тыле была створана спецыяльная школа для падрыхтоўкі падпольшчыкаў і партызан – Асобы беларускі збор.
Вялікае значэнне надавалася сродкам масавай інфармацыі, распаўсюджванню цэнтральных і падпольных газет і лістовак. У маі 1942 года мінскія падпольшчыкі выпусцілі першы нумар газеты “Звязда”. Усяго на акупіраванай тэрыторыі Беларусі выдавалася каля 170 падпольных часопісаў і газет, што садзейнічала ўзмацненню партызанскай барацьбы і надавала ёй больш арганізаваны характар.
Грандыёзнай па маштабах і эфектыўнай па выніках была “рэйкавая вайна” – масавы падрыў чыгунак з мэтай дэзарганізацыі ваенных перавозак для нямецкай арміі. Першы этап яе пачаўся падчас контрнаступлення савецкай арміі пад Курскам і працягваўся з пачатку жніўня па сярэдзіну верасня 1943 года. У другой палове верасня-кастрычніку прайшоў другі этап “рэйкавай вайны”, у выніку якога перавозкі для групы арміі “Цэнтр” значна паменшыліся. А трэці этап гэтай вайны праводзіўся напярэдадні і ў ходзе вызвалення Беларусі і таксама меў важнае аператыўна-стратэгічнае значэнне.
За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага з чэрвеня 1941 года па ліпень 1944 года партызаны нанеслі вялікі ўрон акупантам у тэхніцы і жывой сіле. Так былі знішчаны амаль 500 тысяч гітлераўцаў і паліцэйскіх, 11128 эшалонаў і бронепаяздоў былі пушчаны пад адхон, 29 чыгуначных станцый былі разгромлены, 18700 нямецкіх машын былі падарваны і спалены. Значную каштоўнасць складала партызанская разведка, якая збірала інфармацыю аб размяшчэнні, перамяшчэнні і планах праціўніка.
На тэрыторыі Беларусі змагаліся і прадстаўнікі іншых краін – Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі. На Палессі дзейнічала група славацкіх антыфашыстаў у партызанскім злучэнні Сабурава, на чале якой стаяў Ян Нялепка.
Партызанскі рух на Беларусі з’яўляўся сапраўды ўсенародным. Тут існавала 1255 партызанскіх атрадаў і 213 брыгад колькасцю больш за 370 тысяч чалавек. Трэба адзначыць, што касцяк партызанскага руху складалі сяляне і рабочыя – 56,1%, таксама ў ім удзельнічалі служачыя, навучэнцы і вайскоўцы. Больш за палову партызан складала моладзь, ім не было яшчэ і 25 гадоў.
Магутны партызанскі рух і гераічная барацьба падпольшчыкаў умацоўвалі веру насельніцтва ў перамогу, падрывалі і разладжвалі тыл нямецкай арміі, трымалі акупантаў у страху і напружванні. Прадстаўнікі нашай краіны складалі больш за 70% партызан, чым зараз мы можам ганарыцца!
IV. Аперацыя “Баграціён” і вызваленне БССР
Восенню 1943 года пачалося вызваленне БССР ад фашысцка-нямецкіх захопнікаў. Пасля разгрому фашысцкіх войск пад Курскам пачалося выгнанне ворага з акупіраванай тэрыторыі Беларусі. 23 верасня савецкія войскі сіламі 13-й арміі Цэнтральнага фронту вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі – г. Камарын. Затым савецкія войскі выбілі нямецкіх захопнікаў з Клімавіч, Касцюковіч, Крычава і да канца верасня падступілі да Віцебска, Рагачова, Магілёва.
Ужо ў лістападзе 1943 года Чырвоная армія здолела вызваліць прамысловы і культурны цэнтр Беларусі – г. Гомель, які да выгнання немцаў з Мінска стаў месцам знаходжання ўрада БССР. За восень-зіму 1943-1944 гг. у выніку наступлення савецкіх войск было вызвалена каля 40 раёнаў абласцей Беларусі: Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай.
Завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны пачаўся ў 1944 годзе. Ён характарызаваўся поўным выгнаннем нямецкіх захопнікаў з савецкай тэрыторыі, у тым ліку і з Беларусі. Гэта быў пачатак вызвалення народаў Еўропы. Адным з найважнейшых этапаў вызвалення Еўрапейскай прасторы ад гітлераўцаў была Беларуская наступальная аперацыя пад кодавай назвай “Баграціён”.
Да пачатку бітвы, ў чэрвені 1944 года, лінія Беларускага фронту праходзіла на ўсход ад Віцебска, Оршы, Магілёва, Бабруйска і ўяўляла сабой выступ. На працягу красавіка-мая быў дэталёва распрацаваны план аперацыі, улічваючы важнасць і складанасць задачы. Такім чынам была праведзена ўсебаковая падрыхтоўка да наступлення, савецкія войскі былі аб’яднаны ў 4 фронты і максімальна забяспечаны тэхнікай, боепрыпасамі, гаручым, медыкаментамі і харчаваннем.
23 чэрвеня 1944 года пачалася бітва за вызваленне Беларусі. 1-ы Прыбалтыйскі (камандуючы Баграмян), 2-і Беларускі (Захараў), 3-і Беларускі (Чарняхоўскі) фронты перайшлі да наступальных дзеянняў. Праз суткі да іх далучыліся войскі 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем Ракасоўскага. Да гэтага наступлення падключыліся таксама Дняпроўская флатылія, першы асобны французскі добраахвотніцкі авіяполк “Нармандыя – Нёман”, а таксама партызанскія злучэнні. Каардынацыяй дзеяння франтоў займаліся маршалы Васілеўскі і Жукаў.
Ужо на наступны дзень пасля наступлення савецкія войскі прарвалі лінію абароны праціўніка. А яшчэ праз два дні намаганнямі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў была знішчана віцебская групоўка гітлераўцаў, якая мела назву “Віцебскі кацёл”. Так быў вызвалены Віцебск. 28 чэрвеня штурмам савецкіх войск быў узяты Магілёў, тады ж быў разбіты і “Бабруйскі кацёл”. 1 ліпеня 3-і Беларускі фронт вызваліў Барысаў. Але галоўным быў бой за сталіцу Беларусі – Мінск. Камадаванне фашыстаў рабіла ўсё, каб утрымаць горад, таму тут былі сканцэтраваны 3 пяхотныя, 1 танкавая дывізіі, 3 палкі эсэсаўцаў, перавезеныя з Польшчы. 3 ліпеня пачаўся бой за вызваленне Мінска і паспяхова завяршыўся ў той жа дзень. Першым, хто ўехаў у Мінск, быў Д.Г. Фролікаў. У акружэнні апынулася больш за 100 тысяч нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта быў так званы “Мінскі кацёл”. Але ім не ўдалося вырвацца і такім чынам 70 тысяч здраднікаў былі забіты, а астатнія ўзяты ў палон. Пасля вызвалення Мінска галоўныя сілы савецкіх франтоў узялі напрамак на захад: 4 ліпеня быў вызвалены Полацк, 5 – Маладзечна, 16 – Гродна, 28 – Брэст. Да канца ліпеня немцы былі поўнасцю выгнаны з беларускай зямлі.
Такім чынам, за месяц наступлення савецкія войскі ачысцілі тэрыторыю нашай краіны працягласцю з поўначы на поўдзень больш як на 400 км і з усходу на захад – на 500 км. У выніку аперацыі “Баграціён” была вызвалена не толькі ўся Беларусь, але часткі Літвы, Латвіі, усходнія раёны Польшчы.
Разгром нямецка-фашысцкіх войск у Беларусі ўвайшоў у гісторыю як адна з важнейшых бітваў Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. Многія гісторыкі расцэньваюць паражэнне гітлераўцаў на Беларусі як катастрофу вермахта і нават канчатковае паражэнне Германіі.
Яшчэ дзевяць месяцаў пасля вызвалення Беларусі працягвалася вайна супраць нямецкіх захопнікаў, і ўвесь гэты час беларускі народ аказваў усямерную дапамогу Чырвонай арміі, напружваў усе сілы, каб адрадзіць жыццё на амаль цалкам спапялёнай тэрыторыі Беларусі.
V. Асноўныя паняцці па тэме
Армія краёва – узброеная падпольная арганізацыя, якая дзейнічала на акупіраванай нацысцкай Германіяй тэрыторыі Польшчы і частцы тэрыторыі СССР (Беларусь, Літва, Украіна), якая ставіла мэту аднаўлення Польшчы ў межах да верасня 1939 года.
Генацыд – дзеянні з мэтай поўнага ці частковага знішчэння той ці іншай нацыі (народа). Палітыку генацыду ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў праводзілі, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, нямецка-фашысцкія захопнікі.
Гета – месцы пражывання яўрэйскага насельніцтва ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, створаныя фашыстамі з мэтай масавага знішчэння яўрэяў, якіх яны адносілі да ніжэйшай расы.
Калабарацыянізм – тэрмін з’явіўся ўжо пасля вайны (1953 г.), з французскага гэта значыць супрацоўніцтва – супрацоўніцтва насельніцтва з фашыстамі ў акупіраваных краінах, у тым ліку і на Беларусі.
Рэйкавая вайна – масавае разбурэнне чыгунак партызанамі з мэтай дэзарганізацыі нямецкіх ваенных перавозак. Праводзілася у тры этапы: пачатак жніўня 1943 года, кастрычнік 1943 года (“Канцэрт”), ноч на 20 чэрвеня 1944 года. У выніку “рэйкавай вайны” перавозкі фашыстаў скараціліся на 40%.
Высновы
Разгром фашысцкай Германіі ў вайне 1939-1945 гг. мае сусветна-гістарычнае значэнне. Гэта перамога над дзяржавамі агрэсіўнага блока была атрымана ў імя міру і жыцця на Зямлі. Яна аказала вялікае ўздзеянне на ўвесь ход сусветнага развіцця ўжо тым, што аб’ектыўна з’явілася гістарычным прысудам фашызму і мілітарызму, пераканаўчым пацвярджэннем важнасці аб’яднання самых розных палітычных, сацыяльных, ідэалагічных сіл супраць ваеннай пагрозы, усякага роду рэваншызму, фашызму і неафашызму.
Важнейшым фактарам дасягнення Вялікай Перамогі быў удзел многіх дзяржаў і народаў у агульнай барацьбе супраць фашысцкага блока. Значэнне і роля баявых дзеянняў узброеных сіл ЗША, Англіі, Францыі, Кітая, намаганні і стойкасць народаў іншых краін, якія змагаліся з гітлераўскай Германіяй, несумненны і відавочны.
Звыш 300 тысяч салдат і афіцэраў – ураджэнцаў Беларусі – атрымалі ордэны і медалі. Таксама з беларусаў былі выдатныя военачальнікі, якія затым сталі маршаламі і генераламі – В.Д. Сакалоўскі, І.І. Якубоўскі, С.А. Красоўскі, А.Р. Бацюня, І.І. Гусакоўскі і інш. У складзе ваенна-паветраных сіл з ворагам змагаліся 5305, у бранятанкавых і механізаваных часцях 2490 афіцэраў з Беларусі. Таксама свой уклад у разгром фашысцкіх захопнікаў унеслі партызаны і падпольшчыкі Беларусі, якую ў гады акупацыі па праву называлі “Рэспублікай-партызанкай”.
Уклад беларускага народа ў Вялікую Перамогу, у справу разгрому фашызму атрымаў прызнанне ва ўсім свеце. Разам з усімі народамі з гонарам выканаў свой абавязак перад Радзімай і чалавецтвам беларускі народ. На алтар Вялікай Перамогі Беларусь прынесла мільёны жыццяў сваіх грамадзян. Ні адной сям’і не абышла вайна, таму нашы людзі добра ведаюць цану заваявання міру.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч.2. XIX – XX стст: Курс лекцый / П.І. Брыгадзін, У.Ф. Ладысеў і інш. Мн., 2002.
2. Гісторыя Беларусі: дап. для падрыхтоўкі да экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання / пад навук. рэд. М.С. Сташкевіча, Г.Я. Галенчанкі, І.І. Багдановіча. – 2-е выд., перапрац. Мн., 2006.
3. Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 2. / Пад рэд. Я.К. Новіка. Мн., 1998.
4. Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў – па 2008 г. Навуч. дапам. / Пад рэд. Я.К. Новіка. Мн., 2009.

- Беларусь у гады Першай сусветнай вайны
- Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII ст. – пачатак ХХ ст.).
- Белки и углеводы
- Белки. Мясные полуфабрикаты. Влияние жарки на жиры
- Белки, углеводы,липиды и другие органические вещества крови
- Белое братство
- Белое вещество полушарий. Свод и внутренняя капсула. Базальные капсулы. Твердая мозговая оболочка. Синусы
- Беларусь в ООН и других международных организациях
- Беларусь в составе ВКЛ
- Беларусь в составе Российской империи
- Беларусь в условиях геополитики первой половины XX в
- Беларусь пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года
- Беларусь пасля лютаўскай (1917 г.). Буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі
- Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны