Беларусь в составе ВКЛ

УВОДЗІНЫ.

Трынаццатае стагоддзе для ўсходняга  славянства стала адным з самых  драматычных і цяжкіх часоў, калі варожыя зграі — татара-манголы  з паўднёвага ўсходу, крыжакі —  з паўночнага захаду,— агарнулі іх землі пятлёю, якая пагрозліва заціскалася. У гэтых умовах унутрыпалітычныя супярэчнасці, бойкі адыходзілі на другі план перад пагрозай знішчэння. Ідэя кансалідацыі набывала больш і  больш прыхільнікаў, станавілася  звышактуальнай. Тыя 20 удзельных княстваў, што існавалі на тэрыторыі Беларусі ў XIII ст., шукалі ўсё больш цеснага  кантакту як у эканамічнай, так і  ў палітычнай сферах. Здаецца, Полацкае княства, якое ў свой час першым вылучылася са складу Кіеўскай Русі і мела багатыя  традыцыі незалежнага і самастойнага існавання, павінна стаць тым  аб'яднаўчым магнітам, які сцягнуў  бы ў адзіную дзяржаву змоглыя  ад феадальных усобіц і іншаземных набегаў навакольныя землі. Але  ж Полаччына XIII ст. не была ўжо настолькі  багатай і магутнай, як у папярэднія XI, XII стст., бо страта выхаду да Балтыкі, цяжкая зацяглая барацьба з крыжацкай  агрэсіяй падтачылі сілы гэтага волата. I ў сярэдзіне XIII ст. цэнтр палітычнага  жыцця на беларускіх землях пераходзіць  у Наваградак, які падчас двух вялікіх  супрацьстаянняў — з крыжакамі  і татара-манголамі — быў адносна  бяспечнай тэрыторыяй. Менавіта Наваградская зямля разам з суседнімі ёй літоўскімі стала ядром зараджэння новай дзяржавы ў верхнім і  сярэднім Панямонні.

У канцы 30-х – 40-я гг. ХІІІ ст. пачынаецца новы перыяд гісторыі Беларусі, галоўным зместам якога з’яўляецца фарміраванне на яе і суседніх тэрыторыях новай  дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Яе ўтварэнне  – заканамерны вынік сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця зямель сучасных Беларусі і Літвы ў ХІІ –  ХІІІ стст.

Становішча маладой дзяржавы было даволі хісткім у небяспечным  суседстве з магутнай Галіцкай зямлёй, Тэўтонскім і Лівонскім ордэнамі. Стабільнасць дасягалася не толькі выгадным геаграфічным становішчам, тонкай дыпламатыяй, але сілай і крывёю. Цэлае стагоддзе, нават крыху больш працягвалася пераўтварэнне Літоўскай дзяржавы ў Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Да сярэдзіны XV стагоддзя гаспадарства афіцыйна называлася Вялікім княствам Літоўскім і  Рускім, а пазней – Вялікім княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і іншых  зямель. Аднак звычайна ўжывалася  скарочаная форма: "Вялікае княства  Літоўскае", ці ўвогуле – "Літва". У Вялікім княстве Літоўскім  тэрмін "Літва" тады адносіўся  да тэрыторыі верхняга і сярэдняга  Панямоння, а пад "Руссю" разумелася верхняе Падзвінне і Падняпроўе. Сучасныя заходнія этнічна літоўскія  землі (Жмудзь) канчаткова далучыліся да Вялікага княства ў першай палове XV стагоддзя. З сярэдзіны XIII да сярэдзіны XIV ст. у склад Літоўскай дзяржавы, ўвайшлі практычна ўсе беларускія землі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

1. УТВАРЭННЕ  ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА  I УКЛЮЧЭННЕ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ЯЕ СКЛАД (СЯРЭДЗІНА XIII—XIV СТ.).

У канцы 30-х - 40-я гг. XIII ст. пачынаецца новы перыяд гісторыі Беларусі, галоўным зместам якога з'яўляецца фарміраванне на яе і суседніх тэрыторыях новай  дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (далей - ВКЛ). Яе ўтварэнне - заканамерны вынік  сацыяльна-эканамічнага і палітычнага  развіцця зямель сучасных Беларусі і  Літвы ў XII-XIII стст.

Адносіны ўсходнеславянскіх княстваў са сваімі бліжэйшымі балцкімі суседзямі  былі няпростымі. Разрозненыя землі  гістарычнай Літвы ў X-XII стст. былі аб'ектам заваёвы суседніх славянскіх дзяржаў. Полацкія князі неаднаразова выкарыстоўвалі літоўскія дружыны  для высвятлення адносін паміж  сабой і са сваімі суседзямі ў  час міжусобіц. У "Аповесці мінулых гадоў" Літва называецца ў ліку плямёнаў, якія плацілі даніну Кіеву. Частымі былі спусташальныя паходы ўсходнеславянскіх дружын і на яцвяжскія землі. У сваю чаргу ў XI - першай трэці XIII стст. літоўскія і яцвяжскія дружыны неаднаразова рабілі рабаўнічыя набегі на славянскія княствы. Але верхняе і сярэдняе Панямонне заставалася рэгіёнам балта-славянскага супрацоўніцтва, у якім актыўна і культурна дамінавалі славяне, якія з часам асімілявалі балцкіх аўтахтонаў.

У канцы XII - першай палове XIII стст. на змену цэнтрабежным тэндэнцыям прыходзіць імкненне да кансалідацыі і на беларускіх землях. З розных бакоў няўмольна  насоўваліся крыжакі і мангола-татары. У пачатку XIII ст. Полацкае княства  першае з усходнеславянскіх зямель прыняла на сябе цяжар барацьбы з  крыжакамі - ордэнам Мечаносцаў. Услед  за мечаносцамі ў Прыбалтыцы з'явіўся Тэўтонскі ордэн, які нейкі час "кватэраваў" у Трансільваніі. Тэўтонаў запрасіў мазавецкі князь Конрад, каб з іх дапамогай перамагчы суседзяў - ваяўнічых прусаў. Крыжакі заваявалі Прусію, мясцовае насельніцтва часткова загінула, часткова перасялілася на тэрыторыю сучаснай Беларусі. З Усходу прыйшла іншая бяда: у 1236-1240 гг. татара-мангольскія орды разрабавалі Паўночна-Усходнюю Русь, спалілі Кіеў. Стэпавых драпежнікаў чакалі і на Беларусі. У такіх умовах адышлі на другі план міжусобіцы ўсходнеславянскіх князёў паміж сабою і іх сваркі з даўнімі суседзямі - літвой, якія жылі на захад ад Менска. У канкрэтна-гістарычных умовах таго часу склаўся своеасаблівы славянска-балцкі ваенна-палітычны саюз. Яго пачаткам быў саюз важнейшага горада Панямоння Навагародка з літоўскім правадыром Міндоўгам. Невядома, ці сам Міндоўг прыслаў да навагародцаў прапанову злучыць свае сілы, ці навагародскія ўплывовыя людзі паслалі запрашэнне на княжанне. Такім чынам, новая дзяржава ўтваралася ў Навагародку, куды ў сярэдзіне XIII ст. перамясціўся з Полацка цэнтр палітычнага жыцця Беларусі, а першую цагліну ў яе падмурак заклаў Міндоўг.

 

У 1246 г., відаць, у момант узыходжання  на трон у Навагародку Міндоўг  прыняў праваслаўе, што было ўмовай яго абрання на пасаду князя навагародскага. У 1248 г. ён аб'яднаў землі верхняга Панямоння вакол Навагародка, што можна прыняць за пачатак ВКЛ.

Галоўным праціўнікам на шляху  пабудовы панямонскай дзяржавы ў 50-70-я  гг. XIII ст. былі галіцка-валынскія князі, якія трымалі гэту тэрыторыю пад  сваім кантролем і ўбачылі  ў саюзе літвы з Навагародкам небяспеку для сваіх пазіцый  у Панямонні. У 1252 г. вялікае войска на чале з Данілам Галіцкім, спустошыла "ўсю зямлю навагародскую", захапіла Гарадзен, пагражала задушыць працэс утварэння новай дзяржавы ў самым пачатку. З гэтага першага  цяжкага выпрабавання дзяржаву выратаваў дыпламатычны манеўр Міндоўга, якому ўдалося перацягнуць на свой бок Лівонскі ордэн згодай прыняць заходні варыянт хрысціянства. Падзякай Папы Рымскага за такі крок было прызнанне новай дзяржавы і каранацыя Міндоўга ў Навагародку ў 1253 г. каралём Літвы. У 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор з Данілам Галіцкім. Пад палітычны ўплыў ВКЛ увайшоў Полацк, куды на княжанне быў запрошаны пляменнік Міндоўга. Багатыя полацкія традыцыі дзяржаўнага і культурнага жыцця аказалі значны ўплыў на фарміраванне ўнутранага ладу ВКЛ. Забойства ў 1263 г. Міндоўга стала пачаткам унутранага крызісу ВКЛ, які працягваўся некалькі гадоў. Старэйшы сын Міндоўга Войшалк пасля ўпартай міжусобіцы пры падтрымцы навагародскай і пінскай дружын вярнуўся ў Навагародак, заняў бацькоўскі прастол і пачаў княжыць "ва ўсёй зямлі Літоўскай".

На пачатку ХIV ст. поспехам адзначалася дзейнасць вялікага князя Віценя (1293-1316), пры якім у складзе ВКЛ быў канчаткова замацаваны Полацк. Аб'яднанне адбылося на падставе "рада" - дагавора 1307 г., які гарантаваў палачанам аўтаномнасць зямлі, захаванне мясцовых законаў і суда, і са згоды полацкага баярства і багатага купецтва. Значным тэрытарыяльным прырашчэннем было далучэнне да ВКЛ Берасцейскай зямлі. Віцень увёў княжацкі герб і агульнадзяржаўную пячатку з выявай Пагоні. Пагоня з цягам часу стала гербам дынастыі вялікіх літоўскіх князёў, а з 1384 г. - дзяржаўным гербам ВКЛ.

Аб'яднаўчую палітыку славянскіх і  балцкіх зямель актыўна прадоўжыў вялікі князь Гедымін (1316-1341). Ён правіў чвэрць стагоддзя і за гэты час далёка пасунуў межы і ўплыў сваёй дзяржавы на поўдзень і ўсход. Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню, заснаваную на месцы паселішча ХІ-ХІІ стст. на Крывой (Лысай) гары. Ужо ў 1323 г. Вільня называлася ў Гедымінавых граматах "каралеўскім горадам", гэта значыць, сталіцай. Сябе ж ён называў "каралём Літвы і Русі". Падчас праўлення Гедыміна да княства далучыліся Віцебская, Менская, Тураўская землі. Ёсць падставы меркаваць, што гэты працэс насіў мірны характар. Так, менскі князь Васіль як васал Гедыміна ездзіў у складзе літоўскага пасольства ў Ноўгарад Вялікі. Гедымінаў сын Альгерд пабраўся шлюбам з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй і ў 1320 г., пасля смерці цесця, стаў спадкаемцам Віцебскага княства. Увайшлі ў склад ВКЛ таксама Падляшша і Валынь (цяпер Украіна).

Такім чынам, пры Гедыміне большая  частка сучасных беларускіх зямель апынулася  ў складзе ВКЛ. Палітычная мудрасць гаспадара праявілася ў тым, што  пры ўключэнні новых зямель ён гарантаваў ім аўтаномію і непадзельнасць тэрыторыі, дэклараваў "старыны не парушаць", захоўваў мясцовыя законы, недатыкальнасць правоў і ўладанняў  феадалаў, мяшчан, духавенства, падсуднасць  іх толькі сваім мясцовым судам, самастойнасць  пры заключэнні гандлёвых пагадненняў.

За стагоддзе свайго імклівага  росту, ад Міндоўга да Гедыміна, невялікае  княства ў Панямонні далучыла суседнія тэрыторыі, заселеныя славянамі  і балтамі, і пераўтварылася ў  Вялікае княства Літоўскае і  Рускае. Тэрмін "Літва" стасаваўся тады да верхняга і сярэдняга Панямоння, пад "Руссю" разумелася сучаснае беларускае Падняпроўе і паўночная  Украіна.

Галоўным ворагам княства быў  Тэўтонскі ордэн, асноўным тэатрам  вайны з'яўлялася Панямонне. Для  абароны княства ад уварванняў крыжакоў Гедымін узвёў першакласныя па тым  часе крэпасці ў Троках, Вільні, Медніках, Лідзе, Крэве. У барацьбе супраць Ордэна Гедымін меў выдатнага памочніка - князя Давыда Гарадзенскага, які быў старастам і каштэлянам у Гародні. Практычна ніводная перамога над крыжакамі як у абарончых, так і ў наступальных аперацыях не абыходзілася без удзелу Давыда.

 

2. БАРАЦЬБА ВКЛ  З НЯМЕЦКІМІ КРЫЖАНОСЦАМІ. ГРУНВАЛЬДСКАЯ  БІТВА.

На пачатку трынаццатага стагоддзя  ў Прыбалтыцы аселі нямецкія рыцары. Яны былі аб'яднаныя ў манаскія ордэны - вайсковыя арганізацыі рыцараў-манахаў. Ордэн крыжаносцаў, або тэўтонцаў, неабачліва запрошаны мазавецкім (польскім) князем, замацаваўся між нізавінамі Віслы і Нёмана. А ордэн мечаносцаў, або лівонцаў, на згоду полацкага  князя атабарыўся на зямлі сённяшніх  Латвіі ды Эстоніі.

Мазаўшанам рыцары абяцалі абарону  ад паганцаў-прусаў, а палачанам - даніну з паганцаў-ліваў. Акрамя таго, полацкім купцам дакляравалі выгады ад гандлю з нямецкімі партовымі гарадамі. На справе ж рыцары не толькі заняволілі не хрысціянскія балцкія і фінскія  народы Прыбалтыкі, але і пачалі наступ на ўласныя землі Беларусі і Польшчы. Гэтым распачалося  збройнае супрацьстаянне нашых продкаў  з германцамі, якое доўжылася больш  за два стагоддзі.

Пасля Крэўскай вуніі 1385 года ў Цэнтральнай  і Усходняй Еўропе склаўся магутны  альянс (гэта значыць хаўрус) дзвюх  славянскіх дзяржаў - Вялікага Княства  Літоўскага і Каралеўства Польскага. Уладанні гэтага альянсу распасціраліся ад Балтыйскага да Чорнага мора і  ад правабярэжных прытокаў Одры на захадзе да вышнявіны Волгі на ўсходзе. Вільня і Кракаў атрымалі магчымасць не толькі ўзгадняць замежную палітыку, але пры патрэбе і аб'ядноўваць  свае збройныя намаганні. А патрэба  была пільная - адпор нямецкаму рыцарству, асабліва крыжаносцам, якім ужо мала было прускай зямлі.

Крыжаносцы (або, як іх часта называюць, крыжакі) зразумелі, што гэтае аб'яднанне  небяспечнае для іх. I таму ўзяліся  гуртаваць сілы для канчатковага ваеннага паквітання. Заклікалі на дапамогу валадароў еўрапейскіх  дзяржаў, збіралі за вялікія грошы  і абяцаную будучую здабычу наймітаў-авантурыстаў. Назапашвалі зброю, харчы, рыштунак.

З свайго боку і хаўруснікі рыхтаваліся  да вялікай вайны. Каралю Уладзіславу  Ягайлу абяцалі падтрымку чэхі, нашаму вялікаму князю Аляксандру Вітаўту - сын Тахтамыша, былога хана Залатой  Арды. Наўзамен той спадзяваўся на дапамогу ў барацьбе за панаванне  над волжскімі і данскімі стэпамі. Вялікае Княства ўмацавала свае ўсходнія рубяжы, вымусіўшы Маскву ўвосень 1408 года замірыцца. А тады ўсю  ўвагу зноў скіравала на Прыбалтыку. Таму тут, з ініцыятывы Вітаўта, на пачатку 1409 года пачалося антыкрыжацкае паўстанне  жамойтаў.

Крыжакі, не чакаючы задзіночвання  каралеўскіх і вялікакняскіх  войскаў, улетку 1409 года напалі на паўночную  Польшчу і захапілі вялікія абшары. Іх даўні прыхільнік вугорскі кароль Сігізмунд Люксембургскі не мог  збройна ўмяшацца ў канфлікт. Ён спрабаваў пабурыць хаўрус, спакушаючы вялікага князя Вітаўта каралеўскай каронай. Але без поспеху. Да таго ж польскія войскі перайшлі ў наступ і адбілі шэраг гарадоў і замкаў. Праўда, абодва бакі яшчэ не падрыхтаваліся як мае быць да зацяжной вайны. Таму ўвосень было падпісанае замірэнне да наступнага лета.

 

 

 
План ваеннай кампаніі 1410 г.

Пры канцы 1409 года Вітаўт з Ягайлам  на таемнай нарадзе ў Берасці  выпрацавалі дэталёвы план будучых  ваенных дзеянняў. Усю зіму і вясну  ішла падрыхтоўка. У пушчах ладзіліся  паляванні, каб назапасіць мяса дзічыны  для шматтысячных войскаў. А ў  канцы траўня 1410 года ў Горадню  над Нёманам пачалі збірацца палкі-харугвы  з усяго Вялікага Княства - з Беларусі, паўночнай Украіны і Летувы. Да іх далучыліся загоны татарскіх вершнікаў, аддзелы іншых хаўруснікаў.

30 чэрвеня, праз шэсць дзён  пасля сканчэння замірэння, каля  Чэрвінска на Вісле нашыя войскі  злучыліся з польскімі. Іх лік  тагачасныя летапісцы падаюць  па-рознаму. Улічваючы іхную схільнасць  да перабольшвання, гісторыкі мяркуюць, што Ягайла і Вітаўт прывялі  пад сваімі сцягамі блізу 40-45 тысяч ваяроў. Уранку 6 ліпеня задзіночаныя войскі пераступілі прускую мяжу і пачалі рух углыб варожай тэрыторыі. Каля брадоў на рацэ Дрвенцы шлях ім заступілі крыжакі і нанятае еўрапейскае рыцарства.

 
Схема Грунвальдскай бітвы 1410 года

Праціўнік займаў выгоднае становішча і быў поўнасцю падрыхтаваны да бітвы. Хаўруснікам жа трэба было пад  гарматным і лучным абстрэлам  пераходзіць водную плынь, прадзірацца  праз абарончыя частаколы, мячом  здабываць плацдарм на другім беразе. Правільна ацаніўшы сітуацыю, Вітаўт і Ягайла павярнулі на ўсход, каб  перайсці раку на вышнявіне. А ўначы  з 14 на 15 ліпеня іхныя войскі былі пад  Грунвальдам (у беларускіх летапісах  гэтая вёска называецца Дуброўна), дзе ўжо размясціліся крыжацкія  сілы. I з першымі промнямі сонца  нашыя ваяры пачалі станавіцца ў  баявыя шыхты.

Паміж невялікімі вёскамі Грунвальд (у перакладзе з нямецкай - Зялёны Лес), Танэнбэрг (Ялінавая Гара) і Людвігсдорф (Ладвігова) прасціралася шырокае поле будучай бітвы. Палкі-харугвы Ягайлы і Вітаўта трыма лініямі расцягнуліся паміж Ладвіговам і далінай рэчкі. Левае крыло займала 51 харугва  каралеўскіх войскаў, складзеных у  асноўным з палякаў. Былі ў ім таксама  найміты з Чэхіі і Маравіі, а таксама некалькі харугваў з  галіцкай Украіны. Сорак харугваў Вітаўта  занялі пазіцыю праваруч ад палякаў. Сярод іх былі харугвы Віленская, Гарадзенская, Наваградская, Лідская, Полацкая, Віцебская, Ваўкавыская, Берасцейская, Пінская, Старадубская, Дарагічынская, Смаленская, Мельніцкая, Кіеўская, Крамянецкая, Ковенская, Троцкая, Медніцкая, палкі  гарадоў і ўдзельных князёў. 19 нашых харугваў летапісец не называе, але і так відаць, што бальшыня вялікакняскіх ваяроў паходзіла  з беларускіх земляў. Яны выйшлі змагацца пад сцягамі з выявай нашага старажытнага герба "Пагоня", якія вялікі князь уручыў перад бітвай трыццаці сваім палкам.

На Грунвальдскіх палях насупраць  шыхтоў Вітаўта і Ягайлы яшчэ з  ночы сталі крыжакі з сваімі памагатымі, сабранымі з усёй Еўропы. Было іх каля 30 тысяч, гэта прыкметна меней, чым нашых войскаў. Аднак яны  бралі вайсковым майстэрствам і  ўзбраеннем. Да таго ж немцы моцна  разлічвалі на артылерыю (блізу сотні  бамбардаў), якую ў палявых умовах выкарыстоўвалі ўпершыню. Спадзяваліся таксама на заслон арбалетнікаў і  на замаскаваныя воўчыя ямы, выкапаныя  перад 

пазіцыямі.

Некалькі ранішніх гадзін бітва  не распачыналася. Крыжакі не хацелі сыходзіць з узвышша. Хаўруснікі, маючы ў заплеччы лясістую мясцовасць, таксама не спяшаліся наступаць. Бо атака праз лагчыну на схілы  ўзгоркаў ставіла іх у невыгоднае становішча.

Урэшце на рашучыя дзеянні наважыліся вялікакняскія харугвы, якія выкарысталі  тактыку стэпавых ваяроў. Трэба было выцягнуць крыжакоў на сябе, парушыць іх закаваныя ў жалеззе шыхты. Таму ў першую атаку пайшлі лёгкаўзброеныя вершнікі і татары. Пад залпамі  бамбардаў, бранябойнымі джаламі арбалетных стрэлаў, праз воўчыя ямы, трацячы сотні  таварышаў, дасягнулі яны рыцарскіх  шыхтоў. I закіпела сеча. Цяжка крануліся  крыжацкія харугвы, рушылі наперад. Вялікі магістр Ордэна Ульрых фон  Юнгінген убачыў, як адступаюць пярэднія харугвы Вітаўтавага войска. I скіраваў на іх галоўны ўдар.

Рыцарскія кліны набліжаліся ўжо  да вялікакняскага абозу. Выцягнуўшыся наўскос, яны падстаўлялі свой бок  удару цэнтральнай групоўкі хаўрусных  войскаў. Аднак Ягайла пазніўся. Ён усё маліўся, мабыць спадзеючыся  на нябесны цуд. I на крыле вялікакняскага войска склалася крытычная сітуацыя. Некаторыя харугвы ўжо адступалі  па-сапраўднаму, не могучы даць рады нямецкаму  націску. Іншыя ляглі пад цяжкімі  крыжацкімі мячамі. На сутыку з польскім войскам сплывалі крывёю, але апантана секліся з ворагам смаленскі, амсціслаўскі і аршанскі палкі, узначаленыя  князем Сымонам Альгердавічам.

Вітаўт паімчаў да караля, заклікаючы распачаць наступ і польскім левым  крылом. Ягайла падаў знак сваім  ваярам. Зайгралі баявыя трубы, і наперад  рушылі каралеўскія рыцарскія харугвы. Наш вялікі князь зноў павярнуў на крыжакоў свае, хоць і парадзелыя, сілы, наносячы флангавы ўдар. У Грунвальдскай  бітве наступіла імгненне найвялікшага напружання. Як пісаў тагачасны гісторык Ян Длугаш, усчаўся такі шум і  грукат ад ламання дзідаў і ўдараў аб панцыры, нібыта бурылася нейкая вялізная будыніна, і такі моцны ляскат мячоў, што яго выразна чулі ў наваколлі  за некалькі міляў. Нага наступала на нагу, панцыры грукалі аб панцыры, і вастрыі дзідаў кіраваліся ў  твары ворагаў. Калі ж харугвы  зышліся, то нельга было адрозніць нясмелага  ад адважнага, мужнага ад баязліўца. Бо і тыя і другія згрувасціліся  ў нейкі клубок. Немагчыма было ні перамяніць месца, ні прасунуцца на які крок, пакуль пераможца, скінуўшы з каня або забіўшы праціўніка, не займаў месца пераможанага. Нарэшце, калі дзіды былі пераламаныя, шэрагі таго і другога боку і панцыры  з панцырамі гэтак шчыльна  зышліся, што выдавалі пад ударамі  мячоў і сякер страшэнны грукат, быццам молаты ў кузні. I людзі біліся, душаныя коньмі. I тады сярод змагароў самы адважны Марс (так старажытныя  рымляне называлі бога вайны) мог  быць заўважаны толькі па руцэ і  мячы.

Былі моманты, калі здавалася, што  перамагаюць ваяўнічыя тэўтонцы. Аднак нарэшце пад націскам нашых  ваяроў на пабаявішчы адбыўся пералом. Крыжакам не дапамаглі нават рэзервовыя харугвы. Амаль усе яны былі абкружаныя і знішчаныя. Частка крыжакоў спрабавала ўратавацца ва ўмацаваным вазамі лагеры. Але тут іх дастала пяхота, складзеная з польскіх і беларускіх сялян, узброеных  лукамі і сякерамі. Сяляне рыцараў  у палон не бралі, бо па завядзёнцы таго часу не мелі права атрымоўваць  за іх выкуп.

Тагачасныя гісторыкі і храністы адзначалі выдатную ролю ў бітве  нашага вялікага князя. Вітаўт, мяняючы  загнаных коней, без целаахоўнікаў, толькі з некалькімі набліжанымі, парадкаваў свае шыхты. Ён кіраваў іх на найбольш небяспечныя ўчасткі, натхняў да змагання, але паспяваў на дапамогу і польскім аддзелам.

Трэба аддаць належнае і тэўтонцам. Мала хто з іх кінуўся наўцёкі  або прасіў літасці. Секліся апантана, лічачы за лепшае страціць жыццё, чым  рыцарскі гонар. З сямі сотняў манахаў-тэўтонцаў  жывых засталося толькі пятнаццаць. Палегла большасць военачальнікаў. Сам Юнгінген, змагаючыся нароўні  з усімі, быў працяты дзідай нашага ваяра, імя якога засталося невядомым.

Крыху пазней вялікі змагар за свабоду  чэшскага народа Ян Гус пісаў: "Весткі пра перамогу і годны хвалы  мір такую радасць прынеслі майму  сэрцу, што ні пяром апісаць, ні словам сваім выказаць як мае быць не здолею. Дзе ж іх мячы, закутыя коні, людзі  ў панцырах, на якіх спадзяваліся? Дзе  незлічоныя грошы ці скарбы? Сапраўды, усё страчана".

I раней крыжакі часам цярпелі  скрышальныя паразы. Але яны заўсёды  знаходзілі сілы акрыяць ад  няўдачы і працягвалі экспансію. I менавіта да лета 1410 года Тэўтонскі  ордэн дасягнуў найбольшай магутнасці - яму, разам з хаўрусным Лівонскім  ордэнам, належала ўсё ўзбярэжжа  Балтыкі ад польскага Памор'я  да Фінскай затокі на поўначы.  Але Грунвальдская бітва аб'яднанымі  намаганнямі перш за ўсё славянскіх  народаў паклала канец германскаму  націску на ўсход. Паводле мірнай  дамовы 1411 года Ордэн траціў частку  польскіх земляў і выплочваў  вялізную кантрыбуцыю. Да Вялікага  Княства вярталася Жамойць. Праз  паўстагоддзя крыжакі вымушаныя  былі прызнаць вяршэнства польскага  караля, а ў сярэдзіне наступнага, шаснаццатага, стагоддзя пад уладную  руку Вільні папрасіліся і  землі Лівонскага ордэна.

 

3. АРГАНІЗАЦЫЯ  ДЗЯРЖАУНАГА КІРАВАННЯ I САЦЫЯЛЬНА-ПАЛІТЫЧНЫ ЛАД ВКЛ.

Сістэма кіравання краінай у  ВКЛ развівалася на аснове старажытнага права, што бытавала ў Полацкім, Менскім, Навагародскім, Тураўскім і іншых  княствах. Пасля заключэння Крэўскай уніі і ўсё большага збліжэння  з Польшчай у арганізацыю кіравання  дзяржавай сталі пераносіцца  тыя рысы і формы, якія склаліся ў  Польшчы.

Кіраўніком дзяржавы быў  вялікі князь (гаспадар), у большасці часу ён з'яўляўся адначасова каралём Польшчы. Вялікі князь з'яўляўся таксама суддзёй, адміністратарам, галоўнакамандуючым узброеных сіл краіны. Галоўным яго абавязкам была абарона ўласнасці і тэрыторыі гаспадарства. Вялікі князь меў шырокія паўнамоцтвы: права весці міжнародныя справы, уступаць у саюзы, абвяшчаць вайну і заключаць мір, ён прызначаў на дзяржаўныя пасады і распараджаўся дзяржаўнымі маёнткамі. Яму належала права заканадаўчай ініцыятывы і за яго подпісам выдаваліся ўсе найважнейшыя заканадаўчыя акты.

Вялікі князь выбіраўся з  прадстаўнікоў дома Гедымінавічаў (пазней Ягайлавічаў, ці Ягелонаў) напачатку  вузкім колам найважнейшых саноўнікаў, а з канца ХV ст. - вальным (агульным) соймам з удзелам прадстаўнікоў  усіх зямель. Інагурацыя (узвядзенне на пасаду, каранацыя) вялікіх князёў адбывалася ў Вільні, у касцёле святога  Станіслава. На галаву новаабранага гаспадара  ўскладалася мітра Гедыміна, а  потым маршалак земскі ўручаў яму  меч і скіпетр.

Ажыццяўляў свае паўнамоцтвы вялікі князь не аднаасобна, а з удзелам  Рады, сойма і службовых асоб вярхоўнага кіравання. Прававое становішча вялікага князя літоўскага было тыповым для  становішча абмежаванага феадальнага  манарха.

Дзяржаўны лад ВКЛ можна вызначыць  як парламенцкую манархію. Непасрэдны ўплыў вялікага князя, які адначасова быў і польскім каралём, на дзяржаўныя справы аслабляўся яго частымі і  працяглымі ад'ездамі ў Польшчу. У  час знаходжання ў Польшчы  князь не меў права займацца дзяржаўнымі  справамі ВКЛ. Імі займалася Рада, альбо Паны-рада. Спачатку Рада была дарадчым органам пры князю і назначалася гаспадаром па яго ўласным выбары. Паступова значэнне і моц Рады раслі, і яна замест дарадчай установы пры вялікім князю зрабілася кіруючым органам, які ўжо юрыдычна абмяжоўваў уладу гаспадара. Яна стала пастаянным выканаўча-распарадчым, заканадаўчым, кантрольным і судовым органам. З цягам часу ўстанавіўся пэўны састаў Рады. Права засядаць у ёй мелі каталіцкія біскупы, ваяводы, кашталяны, некаторыя старосты, самыя важныя службовыя асобы цэнтральнага ўпраўлення (маршалак земскі, канцлер, гетман найвышэйшы, і інш.) і некаторыя буйныя феадалы па асабістых запрашэннях. Поўны састаў Рады налічваў 45 чалавек, а пасля рэформы 1565 г. і стварэння новых ваяводстваў іх стала 65.

Кампетэнцыя Рады была такой жа шырокай, як і самога гаспадара. Яна вырашала пытанні абароны дзяржавы, міжнародных  адносін, бягучага кіравання, фінансавай дзейнасці, назначэння на вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Толькі з удзелам Рады рыхтаваліся  і прымаліся новыя заканадаўчыя акты, выдаваліся граматы і прывілеі. Рашэнні, прынятыя з удзелам Рады, не маглі быць зменены або адменены аднаасобна вялікім князем.

Агульнадзяржаўны (вальны) сойм меў важнае значэнне ў сістэме органаў дзяржаўнай улады. На яго пасяджэнні запрашаліся ўсе буйныя феадалы, што ўваходзілі ў склад Рады, службовыя асобы цэнтральнага і часткова мясцовага кіравання, вярхі каталіцкага і праваслаўнага духавенства, а таксама дэпутаты ад шляхты. Усе шляхцічы мелі права з'яўляцца на соймы, але, паколькі яны ўхіляліся ад яўкі, у 1512 г. быў прыняты закон, паводле якога павятовай шляхтай выбіраліся па 2 дэпутаты ад кожнага павета. Іншыя пласты насельніцтва сваіх прадстаўнікоў на сойме не мелі. На соймах выпрацоўваўся агульны кірунак знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы. Ён быў форумам вострай палітычнай барацьбы, абмяжоўваў уладу вялікага князя і, часткова, Рады. Інстытут вальных соймаў дазваляў сярэдняй і дробнай шляхце прымаць удзел у палітычным жыцці краіны.

Вышэйшымі службовым асобамі ў  дзяржаве былі маршалак земскі, гетман, канцлер і падскарбій. Маршалак земскі старшынстваваў на пасяджэннях сойма і Рады, абвяшчаў пастановы гаспадара і Рады на гэтых пасяджэннях, быў даглядчыкам за парадкам і этыкетам пры двары і падчас афіцыйных цырымоній, кіраваў прыёмам замежных паслоў, дапускаў да гаспадара просьбітаў са скаргамі і чалабітнымі, судзіў за злачынствы, зробленыя на сойме.

Гетман найвышэйшы камандаваў узброенымі сіламі дзяржавы, калі на чале іх не стаў сам вялікі князь. У час ваенных дзеянняў ён меў самыя шырокія паўнамоцтвы адносна ўсіх падначаленых асоб, у тым ліку права караць вінаватых. Яго намеснікам быў гетман польны, той, хто ўзначальваў войска ў паходзе.

Канцлер кіраваў дзяржаўнай канцылярыяй, пад яго наглядам ажыццяўлялася падрыхтоўка законапраектаў, прывілеяў, грамат і іншых дакументаў з дзяржаўнай канцылярыі. У яго знаходзілася вялікая дзяржаўная пячатка, без якой ніводзін закон не мог уступіць у сілу, ён падпісваў і найважнейшыя дзяржаўныя акты. Яго намеснікам быў падканцлер, які пры адсутнасці канцлера выконваў яго абавязкі. Канцлеру падпарадкоўваліся шматлікія пісары, дзякі, талмачы. У канцылярыі пісьмова на беларускай мове (з 1696 г. - на польскай) афармляліся ўсе пастановы і распараджэнні князя і Рады. Дакументы, што выходзілі з канцылярыі і прыходзілі туды, запісваліся ў асобныя кнігі, якія называліся Літоўскай Метрыкай.

Падскарбій земскі быў даглядчыкам дзяржаўнай казны і выконваў абавязкі міністра фінансаў, вёў улік дзяржаўных прыбыткаў і выдаткаў, наглядаў за спагнаннем натуральных і грашовых падаткаў і збораў. Яго намеснік - падскарбій дворны адказваў за грашовыя і матэрыяльныя сродкі, што ішлі на патрэбы гаспадарскага двара.

На ўсе вышэйшыя пасады ў дзяржаве прызначаліся толькі буйныя феадалы  некаторых найбольш знатных фамілій, толькі ўраджэнцы ВКЛ, якія мелі пэўную адукацыю ці практычны вопыт дзяржаўнай службы. Усе пасады даваліся пажыццёва, і ні гаспадар, ні Рада не мелі права  без віны адабраць іх.

Мясцовае кіраванне на беларускіх землях было складаным. Яно залежала ад гістарычнага мінулага мясцовасці, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу  і ад уладальніка тэрыторыі. Найбольш буйныя старажытныя княствы (Полацкае, Віцебскае, Берасцейскае, Навагародскае) у першай палове XVI ст. былі пераўтвораны ў ваяводствы, іншыя - у паветы, а  такія, як Слуцкае, Кобрынскае і некаторыя  іншыя, заставаліся княствамі. Асабнае  кіраванне было ў гарадах, якія атрымалі магдэбургскае права.

Галоўнай асобай у ваяводстве быў ваявода, які ўзначальваў тут адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя і судовыя органы. Назначаўся ваявода вялікім князем і Радаю пажыццёва з ліку багатых і знатных феадалаў, ураджэнцаў ВКЛ. Ваявода ўваходзіў у склад Рады і быў абавязаны прысутнічаць на пасяджэннях сойма. Бліжэйшымі памочнікамі ваяводы былі: кашталян - па ваенных справах; падваявода - па адміністрацыйна-судовых; ключнік - наглядаў за зборам даніны і чыншаў; гараднічы - камендант замка, які клапаціўся аб яго рамонце і ўтрыманні.

Беларусь в составе ВКЛ