Месные органы власти в Беларуси

Аглаўленне

Уводзіны

3

1. Мясцовые органы  дзяржаўнай улады на Беларусі ў XV-XVII ст.

5

2. Першая канстытуцыя Беларускай ССР 1919г.

15

Заключэнне

19

Спісак выкарыстанай літаратуры

21


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

УВОДЗІНЫ

 

Гісторыя дзяржавы і права з'яўляецца арганічнай часткай агульнай гісторыі народа, яго культуры, гэта навука пра жыццё і дзейнасць людзей у грамадстве і дзяржаве.

Сучаснаму беларусу неабходна  пастаянна вывучаць гісторыю сваёй  краіны, яна увесь час папаўняецца  новымі фактамі і падзеямі. Пастаяннае звяртанне чалавека да гісторыі робіць яго гістарычна адукаваным. Веданне гісторыі сваёй краіны, сваёй Бацькаўшчыны – ёсць той мінімум, якім павінен валодаць кожны адукаваны чалавек, а тым больш грамадзянін, які жадае паспрыяць развіццю той дзяржавы, дзе ён нарадзіўся і жыве.

Мясцовыя органы ўлады  на Беларусі валодалі шырокімі паўнамоцтвамі  ў вырашэнні ўсіх мясцовых спраў  і мала залежылі ад цэнтральных органаў. У сваёй дзейнасці яны кіраваліся агульнадзяржаўнымі нарматыўнымі актамі і мясцовым звычаёвым правам або актамі мясцовай адміністрацыі. Мясцовыя органы вырашалі практычна ўсе пытанні жыццядзейнасці, за выключэннем тых, што адносіліся да кампетэнцыі князя.

Асноўныя задачы кантрольнай  работы па пытанню “Мясцовыя органы дзяржаўнай улады на Беларусі ў XV-XVII”:

  1. прасачыць асноўныя этапы развіцця мясцовага кіравання;
  2. вылучыць кампетэнцыю ваяводаў і старастаў, іх узаемаадносіны з цэнтральнымі органамі ўлады і кіравання;
  3. прааналізаваць спецыфіку мясцовых органаў дзяржаўнай улады на Беларусі ў XV-XVII;
  4. разгледзець функцыі і структуру мясцовых органаў дзяржаўнай улады.

Гістарычны аналіз помнікаў права неабходны для правільнага  ўсведамленне дзеючых нормаў права. Канстытуцыя з'яўляецца адным з  найбольш значных помнікаў права  Беларусі. Гэтыя абставіны і абумоўліваюць актуальнасць разгляду Першай Канстытуцыі Беларусскай ССР 1919г..

Мэтай кантрольнай работы па гэтай тэме з'яўляецца аналіз асноўных палажэнняў Канстытуцыі.

Асноўныя задачы кантрольнай  работы па пытанню “Першая Канстытуцыя Беларусскай ССР 1919г. ”

  1. аналіз структуры Канстытуцыі;
  2. аналіз Дапаўненняў да Канстытуцыі 1919г. ;

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь складае аснову прававой сістэмы  краіны, яна з'яўляецца асноўным юрыдычным  актам.

Сучасная Канстытуцыя  Беларусі грунтуецца на трох асноўных кампанентах:

  1. рэгуляванне правоў і свабод;
  2. утанаўленне дзяржаўнага механізма;
  3. рэгламентаванне заканадаўчай сістэмы і сістэмы правасуддзя.

У рабоце выкарыстоўваецца вучэбная і гістарычная літаратура, у тым ліку працы такіх аўтараў як Р.А. Васілевіч, Т.І. Доўнар, Я.А. Юхо.

 

 

1. МЯСЦОВЫЯ ОРГАНЫ  ДЗЯРЖАЎНАЙ УЛАДЫ НА БЕЛАРУСІ Ў XV-XVII ст.

 

Мясцовыя  органы ўлады на Беларусі ў перыяд феадалізму валодалі шырокімі паўнамоцтвамі ў вырашэнні ўсіх мясцовых спраў і мала залежалі ад цэнтральных органаў. У сваей дзейнасці яны кіраваліся агульнадзяржаўнымі нарматыўнымі актамі і мясцовым звычаёвым правам або актамі мясцовай адміністрацыі. Ваяводствы Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, а таксама шмат якія паветы і воласці мелі спецыяльныя граматы, у якіх былі замацаваны іх правы. Акрамя таго, асобнае праўленне было арганізавана ў гарадах і ў прыватных уладаннях феадалаў. Усё гэта параджала разнастайнасць мясцовых органаў і адрозненне паўнамоцтваў нават у аднатыпных органах. Разам з тым усе яны валодалі і некаторымі агульнымі прыметамі [5, с. 120].

Галоўным кіраўніком у сістэме мясцовых органаў, як правіла, з'яўляўся ваявода, які ўзначальваў усю мясцовую адміністрацыю, валодаў гаспадарчымі, ваеннымі, судовымі функцыямі на тэрыторыі ваяводства. Замяніўшы ранейшых васальных князёў, ваяводы працягвалі кіраваць на месцах пры дапамозе старых органаў і службовых асобаў дзяржаўнага апарата, аднак паступова з удзелам ужо мясцовых соймікаў і мясцовых рад, куды уваходзілі найбольш уплывовыя землеўласнікі.

Прызначаліся ваяводы вялікім князем і радай пажыццёва з ліку буйных землеўласнікаў, жыхароў Вялікага княства Літоўскага. Пры прызначэннні ваяводаў у «прыслухоўваючыя» землі (Полацкае, Віцебскае і некаторыя іншыя ваяводствы) вялікаму князю і радзе неабходна было заручыцца згодай вольных жыхароў (як правіла, мясцовых землеўласнікаў) гэтых зямель адносна той ці іншай кандыдатуры на пасаду ваяводы. Апроч таго, нават пасля прызначэння ваяводы мясцовыя землеўласнікі мелі права запатрабаваць «даць па іх волі іншага ваяводу”. Залежнасць ваяводы ад мясцовых землеўласнікаў была даволі значнай і ў іншых ваяводствах. У пасадзе ваяводы спалучаліся рысы мясцовага дзяржаўнага органа, залежнага ад органаў цэнтральнага дзяржаўнага кіравання, і органа мясцовага самакіравання.

У сваіх ваяводствах ваяводы абавязаныя былі праводзіць у жыццё распараджэнні цэнтральных органаў, а таксама выяўляць інтарэсы мясцовага насельніцтва (асабліва буйных землеўласнікаў) і выказваць іх перад цэнтральнымі органамі. Адстойваць мясцовыя інтарэсы ваявода мог на радзе, членам якой ён таксама з'яўляўся, альбо на сойме, на якім ён абавязаны быў прысутнічаць. Усё гэта ставіла ваяводу як намесніка вялікага князя і адначасова кіраўніка органаў мясцовага кіравання ў асаблівыя, часам даволі складаныя адносіны з цэнтральнымі органамі і мясцовымі землеўласнікамі.

Асноўныя абавязкі ваяводы заключаліся ў падтрыманні існуючага правапарадку на тэрыторьі ваяводства, ажыццяўленні агульнага кіраўніцтва эксплуатацыяй усіх крыніцаў дзяржаўных і вялікакняжацкіх прыбыткаў, арганізацыі ўзброеных сілаў ваяводства, адпраўленні правасуддзя на тэрыторыі ваяводства. Для падтрымання парадку ваявода мог выкарыстаць падпарадкаваныя яму гарнізоны замкаў, а пры неабходнасці - склікаць шляхецкае апалчэнне. Апроч таго, у яго, як і ў усякага буйнога землеўласніка, быў атрад асабістай аховы і цэлы штат падпарадкаваных яму службовых асобаў - «вряднікаў» і «слугаў».

У гаспадарчай  дзейнасці ваявода перш за ўсё клапаціўся аб належным выкананні сельскагаспадарчай працы ў дзяржаўных маёнтках, перададзеных яму ў трыманне (дзяржанне), аб надежным і своечасовым паступленні ў дзяржаўную казну даніны і падаткаў з залежных людзей. Ён абавязаны быў ахоўваць дзяржаўны зямельны фонд ад самавольных захопаў. У яго функцыі ўваходзіў абавязак сачыць за тым, каб сяляне не сыходзілі з дзяржаўных земляў на землі прыватнаўласніцкія. Ён мог «асаджваць» вольных сялян і баяраў на пустых (незанятых) землях.

Пры ажыццяўленні правасуддзя ваявода сумесна з мясцовай кіруючай элітай разглядаў крымінальныя і грамадзянскія справы ў дачыненні да ўсіх асобаў, якія пражывалі на тэрыторыі ваяводства, за выключэннем спраў, падсудных земскаму, вялікакняжацкаму альбо духоўнаму судам.

Бліжэйшымі памочнікамі ваяводы быў падваявода (намеснік ваяводы), які з'яўляўся яго намеснікам па адміністрацыйна-судовых справах і пры адсутнасці ваяводы займаўся усімі неабходнымі справамі (старшынстваваў у судзе, кіраваў працай ваяводскай канцылярыі, падпісваў і сведчыў разнастайныя дакументы і г.д.), а таксама кашталян, які кіраваў узброенымі сіламі галоўнага замка ваяводства і апалчэннем ваеннаабавязаных асобаў, прыпісаных да дадзенага замка (ён жа быў «таварышам» ваяводы пры прадстаўленні інтарэса ваяводства ў радзе і на сойме).

Акрамя таго, важнымі службовымі асобамі ў ваяводстве былі, ключнік, у веданні якога знаходзіўся збор падаткаў; стайнік, які ажьццяўляў нагляд за гадоўляй коней для войска і дзяржаўнай стайняй у ваяводстве; гараднічы, галоўным абавязкам якога быў клопат аб рамонце і ўтрыманні замка (у адсутнасць кашталяна ён узначальваў гарнізон замка); скарбнік, які займаўся фінансамі, улікам прыбыткаў і выдаткаў ваяводства; ляснічы і лоўчы, якія ведалі ляснымі здабычамі і паляваннем, а таксама іншыя службоўцы (стольнік, чашнік, мечнік і г.д.) [2, с. 46-48].

Галавой адміністрацыі ў павеце быў староста. Прызначаўся ён гасударам і Радай з ліку буйных феадалаў. Пасада гэтая часцей за ўсё разглядалася як дадатковая крыніца даходаў буйнога феадала, а абавязкі, звязаныя з выка-наннем пасады, выконваў прызначаны старостам яго намеснікам – падстароста [5, с. 123].

Уладныя паўнамоцтвы старасты на тэрыторыі павета былі прыкладна такімі ж, як і ў ваяводы, аднак залежылі і ад іншых акалічнасцяў (радавітасці, сямейных сувязяў, спецыфікі сумяшчальных пасадаў і інш.). У феадальнай дзяржаве кожны буйны землеўласнік, як правіла, адначасова займаў некалькі пасадаў (у тым ліку мог быць і старастай іншага павета), за якія меў значныя прыбыткі.

Стараста, як і ваявода, абавязаны быў сачыць за падтрыманнем правапарадку на падведамнай тэрыторыі, здзяйсняў нагляд за гаспадарчай дзейнасцю дзяржаўных маёнткаў і за паступленнем у дзяржаўны скарб прыбыткаў, клапаціўся аб стане баявой гатоўнасці замкаў, збіраў ваеннае апалчэнне ў выпадку ваеннай небяспекі, разглядаў крымінальныя і грамадзянскія справы, сачыў за выкананнем судовых рашэнняў і шмат іншае. У сваёй дзейнасці ў галіне мясцовага кіравання старасты карысталіся шырокімі правамі і былі мала залежнымі ад ваяводаў, бо паўнамоцтвы ваявод засноўваліся, як правіла, на ранейшых традыцыях кіраўніцтва гэтымі тэрыторыямі папярэднімі васальнымі князямі [2, с. 48-49].

Адміністрацыйна-судовыя  функцыі ў павеце часцей выконваў намеснік старасты - падстараста, які пры неабходнасці замяшчаў старасту, кіраваў працай павятовай канцылярыі, дзейнасцю павятовага гродскага (замкавага) суда.

Памочнікам старасты па ваенных справах быў павятовы маршалак, які кіраваў павятовым апалчэннем шляхты. Ён жа, як правіла, старшынстваваў на пасяджэннях павятовага сойміка -агульнага схода павятовай шляхты.

Важнай была пасада павятовага харунжага - сцяганосца, вайсковага кіраўніка, які загадваў улікам усіх ваеннаабавязаных людзей дадзенага павета, а таксама іх належным зборам у выпадку ваеннай небяспекі. Яму дапамагалі павятовыя ротмістры .

У паветах захоўваліся таксама старажытныя пасады ключніка, стайніка, гараднічага, ляснічага, цівуна [3, с. 93].

Павятовыя і ваяводскія соймікі, якія узніклі ў дзяржаве паступова ў працэсе складвання саслоўна-прадстаўнічай манархіі, з'яўляліся палітычнымі прадстаўнічымі органамі шляхты ў паветах і ваяводствах, на якіх абмяркоўваліся як мясцовыя, так і агульнадзяржаўныя справы. На павятовых сойміках, якія склікаліся ў галоўных павятовых гарадах штогод або некалькі разоў на год, маглі прысутнічаць усе шляхцічы дадзенага павета. Старшынстваваў на сойміку, як правіла, найбольш паважаны па пасадзе пан альбо павятовы маршалак. На павятовых сойміках разглядаліся розныя пытанні агульна-дзяржаўнага і мясцовага значэння, абіраліся кандыдаты на судовыя і іншыя пасады, вызначаліся памеры падаткаў на патрэбы павета і г.д. Пры дапамозе соймікаў мясцовая шляхта адстойвала свае інтарэсы перад цэнтральнымі органамі дзяржавы. На сойміках выбіраліся дэпутаты на вальны (усеагульны) сойм дзяржавы, выпрацоўваліся інструкцыі і наказы дэпутатам, хадайніцтвы да вялікага князя і рады. Пасля таго, як адбываўся сойм, на сойміках слухаліся справаздачы дэпутатаў і іх інфармацыя аб падзеях і прынятых на сойме рашэннях заканадаўчых актах, вызначаліся неабходныя мерапрыемствы па рэалізацыі соймавых рашэнняў [2, с. 49-50].

Ніжэйшым звяном органаў мясцовага дзяржаўнага кіравання былі кіраўнікі дзяржаўных і вялікакняжацкіх маёнткаў (двароў і замкаў) - дзяржаўцы, якія ў больш старажытны час называліся цівунамі. У XVI ст. даволі часта дзяржаўныя маёнткі аддаваліся ва ўтрыманне буйным феадалам, а яны ад сябе прызначалі сваіх намеснікаў, якія і выконвалі функцыі гаспадарчага кіравання маёнткам і органа мясцовай улады. Яны карысталіся і правам суда над усімі простымі людзьмі, якія жылі ў дадзенай воласці. Дзяржаўцы, гэтак жа як ваяводы і старосты, неслі адказнасць за сваю дзейнасць непасрэдна перад урадам (Статут 1566 т., раздз. 4, арт. 45). Для ажыццяўлення нагляду за сялянамі старосты і дзяржаўцы прызначалі сельскіх войтаў, сотнікаў, сарочнікаў, дзесяцкіх, якія сачылі за падтрыманнем парадку ў сёлах і выкананнем феадальных павіннасцей сялянамі. Сотнікі сачылі за выкананнем тых павіннасцей, якія абавязаны былі несці сяляне ўсяго павета і здаваць у павятовы замак або цэнтральны двор павета. Сарочнікі загадвалі павіннасцямі сялян у воласці, а дзесяцкія - у асобных вёсках. Пасля правядзення валочнай рэформы 1557 г. гэтыя пасады ў шэрагу мясцовасцей былі заменены сельскімі войтамі. За сваю службу сельскі войт атрымліваў вольную ад усялякіх плацяжоў і павіннасцей і адну валоку зямлі. У яго абавязкі ўваходзіла збіраць сялян на баршчыну, наглядаць за выкананнем работ сялянамі свайго войтаўства, адвозіць «у двор» сабраныя з сялян даніны, сачыць за захаваннем зямельнага фонду і непарушэннем межавых знакаў, не дапускаць самавольнага захопу сялянскіх і дзяржаўных земляў, прысутнічаць на судзе і аказваць садзейнічанне ў вынясенні правільнага рашэння.

У тых мясцовасцях, дзе  жылі дзяржадныя сяляне і не было замкаў або дзяржаўных маёнткаў - двароў, дзейнічалі органы сялянскага самакіравання - сялянскія сходы і старцы, якія на гэтых сходах выбіраліся. На сялянскіх сходах размяркоўвалі даніны, разбіралі спрэчныя справы паміж сялянамі. Старцы наглядалі за выкананнем грамадскіх работ па будаўніцтву і рамонту замкаў, мастоў і дарог, збіралі і адвозілі даніну ў вызначанае ўладамі месца, удзельшчалі ў ажыццяўленні правасуддзя на капе [5, с. 124-125].

 

 

 

 

2. ПЕРШАЯ КАНСТЫТУЦЫЯ  БЕЛАРУСКАЙ ССР 1919г.

 

У снежні 1918г. ЦК РКП (б) прымае рашэнне аб стварэнні Беларускай ССР, у сувязі з чым Народны камісарыят па справах нацыяльнасцяў РСФСР выдае дырэктыву “Аб практычных мерапрыемствах утварэння БССР”. Аднак падпарадкоўваючыся партыйнай дысцыпліне, Аблвыкамзах склікае 30 снежня 1918г. у Смаленску VI Паўночна-Заходнюю абласную партыйную канферэнцыю РКП (б). Канферэнцыя аб'яўляе сябе I з'ездам Камуністычнай партыі (бальшавікой) Беларускай Савецкай Рэспублікі. Нараўне з вырашэннем партыйных пытанняў з'езд прымае рэзалюцыю аб абвяшчэнні БССР і пастанову аб межах рэспублікі.

У адпаведнасці з рашэннем ЦК РКП (б) і Наркамнаца ў снежні 1918г. утвараецца першы савецкі ўрад Беларусі, у склад якога ўвайшлі ў асноўным прадстаўнікі ад Абвыкамзаха і Паўночна-Заходняга абкама РКП (б). Увайшлі таксама некаторыя прадстаўнікі ад Белнацкама – камісарыята па справах беларусаў пры Наркамнацы РСФСР.

1 студзеня 1919г. у Смаленску  быў абнародаваны першы канстытуцыйны  акт урада аб абвяшчэнні Беларускай  Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі  – “Маніфест Часовага рабоча - сялянскага ўраду Беларусі”. 5 студзеня  першы ўрад БССР пераехаў у  Мінск, які і стаў сталіцай новай савецкай рэспублікі.

Дырэктыўнае абвяшчэнне БССР і не зусім ясны парадак утварэнне  ўрада, а таксама неабходнасць рашэння  шэрагу дзяржаўна-прававых пытанняў сталі  прычынамі тэрміновага склікання  з'езда Саветаў БССР. У павесцы дня I з'езда Саветаў БССР , які праходзіў 2-3 лютага 1919г. у Мінску, былі ўключаны пытанні: аб бягучым моманце, аб адносінах да іншых савецкіх рэспублік, прыняццё Канстытуцыі БССР, аб зямельнай палітыцы, выбары ЦВК БССР і інш. Я.М. Свярдлоў, які прысутнічаў на з'ездзе , зачытаў пастанову Прэзідыума ВЦВК РСФСР аб прызнанні незалежнасці БССР. Гэта было першае міжнароднае прызнанне Беларускай ССР.

3 лютага 1919г. з'езд  Саветаў БССР прымае першую  Канстытуцыю Беларускай Савецкай  Рэспублікі, якая юрыдычна замацавала ўтварэнне новай савецкай дзяржавы і яе новую назву – Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі (скарочана – ССРБ). Канстытуцыя грунтавалася на першай савецкай Канстытуцыі РСФСР 1918г. , якая служыла ўзорам канстытуцыйнага заканадаўства для ўсіх савецкіх рэспублік. У ёй замацоўваліся палажэнні аб савецкай форме ўлады і дыктатуры пралетарыяту.

Першую частку Канстытуцыі  складала, так як і Канстытуцыі  РСФСР, ленінская Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатаванага народа – сваеасаблівая прэамбула, у  якой абвяшчалася адмена прыватнай ўласнасці на зямлю і нацыяналізацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, замацоўвалася дзяржаўная ўласнасць на лясы, нетры, гаварылася аб увядзенні ўсеагульнай працоўнай павіннасці, стварэнні “сацыялістычнай Чырвонай Арміі рабочых і сялян” [4; c. 1-2].

Канстытуцыя складалася ўсяго толькі з 32 артыкулаў і ўключала ў сябе тры раздзелы: агульныя палажэнні; канструкцыя савецкай улады; аб гербе і

сцягу.

У першым раздзеле гаварылася аб асноўнай задачы савецкай дзяржавы на пераходны перыяд – “усталяванні дыктатуры гарадскога і сельскага пралетарыяту і бяднейшага сялянства ў выглядзе магутнай Савецкай улады, у мэтах поўнага падаўлення буржуазіі, знішчэння эксплуатацыі чалавека чалавекам і ўсталявання сацыялізму, пры якім не будзе ні падзелу на класы, ні дзяржаўнай улады”. У адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі ўлада ў ССРБ належыла “усяму працоўнаму насельніцтву краіны, аб'яднанаму ў гарадскіх і сельскіх Саветах”. Органамі вярхоўнай улады аб'яўляўся з'езд Саветаў Беларусі, а ў перапынках паміж з'ездамі – Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК).

У першым раздзеле Канстытуцыі  замацоўваліся таксама правы  і абавязкі грамадзян рэспублікі. Абвяшчаліся ў асноўным толькі палітычныя свабоды – свабода слова і  друку, свабода сходаў, мітынгаў, шэсцяў, а таксама свабода сумлення. Як было адзначана ў арт. 16, “кіруючыся інтарэсамі працоўнага класа ў цэлым, ССРБ пазбаўляе некаторых асоб і асобныя групы правоў,якія выкарыстоўваюцца імі на шкоду інтарэсам сацыялістычнай рэвалюцыі”. Абавязкаў грамадзян Канстытуцыя вызначала толькі два. Рэгламентаваўся ўсеагульны воінскі абавязак, аднак са зброяй у руках мелі права абараняць рэвалюцыя толькі працоўныя, а на “непрацоўныя элементы” ўскладвалася адпраўленне іншых вайсковых абавязкаў [2, с. 201-202].

Таксама ў Канстытуцыі праца абвяшчалася абавязкам ўсіх грамадзян

рэспублікі і сцвярджаўся  прынцып: “Хто не працуе, той не есць” (арт.12) [6, с. 49].

Другі канстытуцыйны  раздзел быў прысвечаны сістэме  органаў улады. Аднак чамусьці “канструкцыя савецкай улады” ўключала ў сябе толькі вышэйшыя органы ўлады: з'езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Беларусі, Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК), а таксама Малы і Вялікі Прэзідыум ЦВК. Замацаванне прававога статусу гэтых органаў было даволі недакладным. Асабліва гэта тычылася Вялікага Прэзідыума ЦВК, аб якім гаварылася,што яму належыць “агульнае кіраванне справамі ССРБ”. З гэтага палажэння вынікала, што Вялікі Прэзідыум выконвае функцыі ўрада Беларускай ССР, аднак склад яго і накірункі дзейнасці не вызначаліся. Сістэма мясцовых органаў улады ў першай Канстытуцыі БССР не знайшла свайго юрыдычнага замацавання. Заканадаўца, абвясціўшы ў першым раздзеле Канстытуцыі, што ўся ўлада ў ССРБ належыць гарадскім і сельскім Саветам, больш аб мясцовых органах улады не згадваў. Па-за ўвагай заканадаўцы засталіся і пытанні выбарчага права. Парадак ажыццяўлення выбараў у органы савецкай улады не быў замацаваны. У канстытуцыі нічога не гаварылася аб бюджэце і фінансах рэспублікі [2, с. 202].

Трэці раздзел Канстытуцыі “Аб гербе і сцягу”, меў толькі два артыкула. У артыкуле 31 было апісанне герба, які складаўся з сярпа і молата, акружанага вянком з каласоў і з надпісам: “Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь” і “Пралетарыі ўсіх краін, злучайцеся”. У апошнім 32 артыкуле зацвярджаўся сцяг ССРБ у выглядзе чырвонага палотнішча, у левым куточку якога змяшчаліся літары ССРБ, або поўная назва рэспублікі [6, с. 50].

Такім чынам, асноўнае дзяржаўна-прававое значэнне першай Канстытуцыі Беларускай ССР складалася ў замацаванні  на ўзроўні вышэйшага нарматыўнага акта нацыянальнага і дзяржаўнага самавызначэння Беларусі як вольнай сацыялістай дзяржавы [2, с. 202].

Аднак чамусьці Канстытуцыя  не ў поўнай меры ўрэгулявала сістэму  органаў ўлады новай савецкай дзяржавы, не зусім дакладна вызначыла прававыя асновы пабудовы вышэйшых савецкіх органаў улады. Засталося па-за ўвагай заканадаўцы рэгуляванне іншых сфер дзяржаўна-палітычнага жыцця Беларусі. Не зразумела, чаму заканаўца, з большага перапісаўшы некаторыя палажэнні Канстытуцыі РСФСР (з шасці раздезелаў даволі кораценька былі перапісаны тры), не звярнуў увагу на астатняе, якое было таксама вельмі важным. Увогуле звяртае на сябе ўвагу той факт, што на з'езд Саветаў у адзін і той жа дзень былі прыняты два ўзаемавыключныя канстытуцыйныя акты. Другім была дэкларацыя з'езда, у якой гаварылася аб неабходнасці аб'яднання Беларускай ССР з Літоўскай ССР у адзіную дзяржаву.

Рэчаіснасць склалася так, што новая савецкая рэспубліка праіснавала  нядоўга. 13 ліпеня 1919г. на нарадзе кіруючых работнікаў Літоўска-Беларускай ССР у Мінску І.Сталін абвясціў рашэнне ЦК РКП (б) аб ліквідацыі Літбел і перадачы ўлады на неакупіравай частцы тэрыторыі Мінскаму губернскаму рэвалюцыйнаму камітэту. Фактычна рэспубліка перастала існаваць увосень 1919г. , таму што ўрад РСФСР уступіў у непасрэдныя зносіны з буржуазным літоўскім урадам. 11 верасня 1919г. РСФСР прапанавала ўраду Літвы ўступіць у перамовы аб падрыхтоўцы і падпісанні мірнай дамовы. Пазней паміж імі быў заключаны шэраг дамоў, у тым ліку ў лістападзе 1919г. дамова аб абмене заложнікаў. Тым самым дэ-факта РСФСР прызнала існаванне незалежнай Літоўская дзяржавы.

Пасля вызвалення тэрыторыі  ад польскай акупацыі 31 ліпеня 1920г. прымаецца  Дэкларацыя аб незалежнай БССР. Такім  чынам абвяшчаецца паўторна БССР. І тады ўзнікае неабходнасць удакладніць палажэнні Канстытуцыі БССР. На другім з'ездзе Саветаў БССР, які адбыўся 13-17 снежня 1920г. , былі прыняты Дапаўненні да Канстытуцыі ССРБ 1919г. [4, с. 3].

 Асноўная сутнасць  Дапаўненняў зводзілася да стварэння  Савета Камісараў – вышэйшага органа дзяржаўнага кіравання ў рэспубліке, які быў падсправаздачны з'езду Саветаў БССР і ЦВК. Асобнымі галінамі народнай гаспадаркі кірававлі народныя камісарыяты. Усяго было створана 15 наркаматаў: замежных спраў, унутраных спраў, асветы, харчавання, працы, аховы здароўя, земляробства, народнай сувязі, сацыяльнага забеспячэнне, фінансаў, юстыцыі. На правах наркаматаў былі таксама Рабоча-сялянская інспекцыя, Савет народнай гаспадаркі і Надзвычайная камісія. Наркаматы ўзначальвалі народныя камісары, якія ўваходзілі ў склад СНК БССР. Такім чынам, упершыню ў БССР быў створаны ўрад, аналагічны ўраду РСФСР (першы савецкі беларускі ўрад быў часовым, а другі, які называўся Вялікім Прэзідыумам ЦВК, фактычна і не дзейнічаў, бо адразу ж была ўтворана Літоўска-Беларуская ССР).

Па-ранеўшаму ў Дапаўненнях  не рэгламентаваліся іншыя пытанні, якія не былі вырашаны Канстытуцыяй БССР 1919г. (аб парадку фарміравання і сістэме  мясцовых органаў улады, аб выбарчым праве і г.д.). У дачыненні да іх Дапаўненнях да Канстытуцыі БССР 1919г. мелася агаворка: “у адносінах павятовых з'ездаў, іх выканакамаў і аддзелаў, а таксама па ўсіх астатніх пытаннях савецкага будаўніцтва ў ССРБ з'езд пастанаўляе кіравацца Канстытуцыяй і пастановамі VII Усерасійскага з'езду Саветаў”. Дапаўненні нават не ўдакладняліся, якой менавіта Канстытуцыя патрэбна кіравацца, бо як бы само сабой разумелася, што кіравацца патрэбна Канстытуцыяй РСФСР 1918г. і іншымі расійскімі нарматыўнымі актамі [2, с. 203].

Усё гэта сведчыць аб тым, што пры першапачатковым вызначэнні асноў функцыяніравання Беларускай ССР заканадаўца арыентаваўся на замацаванне самых цесных адносінаў з РСФСР. Увогуле ж Канстытуцыя БССР 1919г. стала заначнай юрыдычнай падставай для далейшага развіцця беларускай савецкай дзяржаўнасці і яе канстытуцыяналізму.

 

 

 

 

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Ваяводства як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ўзнікла ў якасці ваенна-адміністрацыйнай акругі. Галоўнай асобай у сістэме  мясцовых органаў дзяржаўнай улады  быў ваявода, які выконваў адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя, судовыя функцыі на тэрыторыі ваяводства.

У ходзе выканання  кантрольнай работы былі дасягнуты  пастаўленныя задачы: вылучылі кампетэнцыю ваяводаў і старастаў, іх узаемаадносіны з цэнтральнымі органамі ўлады і кіравання, разгледзелі функцыі і структуту мясцовых органаў дзяржаўнай улады.

Такім чынам, разглядаючы  структуру мясцовых органаў улады  можна адзначыць, што яна была даволі падобная на сістэму цэнтральнага кіравання, але ў паменшаным выглядзе. Больш важныя пасады займалі ўплывовыя, багатыя шляхцічы, звычайна хрысціянскага паходжання, уражэнцы Вялікага княства Літоўскага. Пасады былі пажыццёвымі, як і ў цэнтральных органах кіравання, пазбавіцца пасады можна было толькі па суду за цяжкія крымінальныя злачынствы. Кіраўнікі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак мелі штат службовых асоб, якія надзяляліся пэўнымі функцыямі і падначальваліся кіраўніком. Акрамя таго ў ваяводствах і стараствах існавалі свае саслоўна-прадстаўнічыя органы ўлады – так званыя соймікі, якія, у сваю чаргу, мелі значны ўплыў на мясцовыя справы. Менавіта дзякуючы мясцоваму кіраванню забяспечвалася функцыянаванне краіны.

Канстытуцыя БССР 1919г. стала  значнай юрыдычнай падставай  для

далейшага развіцця беларускай савецкай дзяржаўнасці і яе канстытуцыяна-

лізму. Канстытуцыя, прынятая ў 1919 г. не вырашыла многіх праблем станаўлення беларускай дзяржаўнасці, а яе змест больш сведчыў аб тым, што Беларусь па-ранейшаму жадалі разглядаць як адміністрацыйную адзінку РСФСР. У Канстытуцыі меліся недахопы, напрыклад сістэма мясцовых органаў улады не знайшла свайго юрыдычнага замацавання. Па-за ўвагай засталіся пытанні выбарчага права, не ў поўнай меры была ўрэгулявана сістэма органаў улады новай савецкай рэспублікі, не былі ўрэгуляваны іншыя сферы дзяржаўна-палітычнага жыцця Беларусі. У Канстытуцыі нічога не гаварылася аб бюджэце і фінансах рэспублікі. Канстытуцыя БССР грунтавалася на першай савецкай Канстытуцыі РСФСР 1918г..

Для ўдаскладнення Канстытуцыі  БССР былі прыняты Дапаўненні, аднак  таксама засталося шэраг пытанняў, якія і раней не рэглямэнтаваліся Канстытуцыяй 1919 году.. Не было раздзела аб мясцовых органах улады, выбарчым праве, судовай сістэме, пракуратуры. Заставалася нязменнай уводная частка Канстытуцыі — Дэклярацыя правоў працоўнага і эксплуатаванага народа. У Дапаўненнях мелася толькі агаворка: “у адносінах павятовых з'ездаў, іх выканакамаў і аддзелаў, а таксама па ўсіх астатніх пытаннях савецкага будаўніцтва ў ССРБ з'езд пастанаўляе кіравацца Канстытуцыяй і пастановамі VII Усерасійскага з'езду Саветаў”. У Дапаўненнях нават не ўдакладнялася, якой канстытуцыяй патрэбна кіравацца, бо, вядома ж, разумелася , што кіравацца патрэбна Канстытуцыяй РСФСР 1918г.. Такім чынам, Канстытуцыя БССР была кароткай, не ўключала многіх пытанняў, якія падлягаюць канстытуцыйнаму рэгуляванню.

СПІСАК ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

 

  1. Васілевіч Р. А., Доўнар Т.І., Юхо Я.А. Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі . Мн., 2001.
  2. Доўнар Т.І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі 2-е выданне. Мн.,2008.
  3. Доўнар Т.І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн. :ДІКСТ БДУ, 2011.
  4. Доўнар Т.І. Матэрыалы круглага стала Мн., 2009.
  5. Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Дапаможнік: У 2 ч. Ч. 1. — Мн.: РІВШ БДУ, 2003.
  6. Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Дапаможнік: У 2 ч. Ч. 2. — Мн.: РІВШ БДУ, 2003.

 

 

 

 




Месные органы власти в Беларуси