Берасцейская уния

Змест

Уводзiны……………………………………………………………………………………………………………..2

Глава 1

Актуальнасць праблемы………………………………………………………………………………….3-4

Глава2

Метадалагічныя падыходы да вывучэння праблемы……………………………………4-5

Глава 3

Крыніцы па праблеме……………………………………………………………………………………..5-7

Глава 4

Дакументы па гісторыі Берасцейскай царкоўнай уніі ў архівах………………………..7

Глава 5

Публікацыі крыніц па праблеме ў  ХІХ–ХХ ст………………………………………………………8

Глава 6

Вывучэнне гісторыі Берасцейскай уніі ў Расійскай імперы………………………….9-10

Глава 7

М.Каяловіч і «западно-русская» гістарыяграфічная школа

 пра Берасцейскую унію………………………………………………………………………………10-11

Глава 8

Замежнае уніязнаўства ХІХ-ХХ ст.12-14……………………………………………………...11-13

Глава 9

Перадумовы Берасцейскай царкоўнай  уніі. Унійныя тэндэнцыі 

ў Вялікім княстве Літоўскім у XV ст.14-15……………………………………………………13-14

Глава 10

Унутраныя прычыны уніі………………………………………………………………………………….15

Глава 11

Берасцейская царкоўная унія як вынік перапляцення

 еўрапейскіх рэлігійна-палітычных  адносін 60-90-х г. ХVI ст.

 усходні і заходні фактары ў яе заключэнні………………………………………………..15-16

Глава 12

Мэты суб'ектаў уніі. Артыкулы-умовы уніі …………………………………………………16-18

Глава 13

Падрыхтоўка царкоўнай уніі……………………………………………………………………….18-19

Глава 14

Уніяцкая царква ў сярэдзіне  ХVII–другой палове ХVII ст………………………………19

Глава 15

Постуніяцкая Беларусь…………………………………………………………………………………..20

Глава 16

Лёс уніяцкай царквы ў ХХ ст………………………………………………………………………20-22

Заключэнне……………………………………………………………………………………………………23

Спiс выкарыстованнай лiтаратуры……………………………………………………………...24

 

 

 

Уводзiны

     Заключаная ў 1596 г. на саборы ў Берасці і скасаваная ў 1839 г. на Полацкім саборы унія праваслаўнай і каталіцкай цэркваў з'яўляецца адной з пераломных падзей беларускай гісторыі. Яна ўцягнула ў сваю арбіту шмат якія краіны і народы, палітычныя і рэлігійныя сілы, геаграфічныя і культурныя абшары. Чатыры стагоддзі пасля 1596 г. беларускае духоўна-культурнае і грамадска-палітычнае жыццё так ці інакш было пазначана ўплывам Берасцейскай царкоўнай уніі, якая пасля хрышчэння сталапа масавасці ахопу насельніцтва і трэцяй па значнасці другой пасля распаўсюджання каталіцтва - пераломнай падзеяй усходнеславянскай канфесійнай гісторыі. За час свайго існавання уніяцтва значна пацясніла пазіцыі традыцыйных рэлігій на Беларусі і ў XVIII ст. стала канфесійнай дамінантай. Нягледзячы на шматразовую дэлегалізацыю (у 1839 г. на Беларусі, у 1875 г. на Падляшшы, у 1946 г. на Украіне), унія ў Берасці аказалася найбольш трывалай з усіх ранейшых спроб аб'яднання хрысціянства. Увабраўшы ў сябе і адлюстраваўшы многія з тых праблем і супярэчнасцяў, якімі жыло беларускае грамадства XVІ - ХІХ ст., аказаўшы істотны ўплыў на геацывілізацыйную сітуацыю ва Усходняй Еўропе, яна належыць да тых гістарычных з'яў, якія яшчэ не адышлі ў мінулае, і існуе да нашага часу.

     Вось ужо пятае стагоддзе уніяцкая праблематыка хвалюе царкоўныя і свецкія колы. Стаўшы ад свайго пачатку прадметам разладу, царкоўны новатвор 1596 г. і па сёняшні дзень выклікае спрэчкі па розных аспектах: філасофскіх, тэалагічных, культуралагічных, этнічных, палітычных, ідэалагічных і ўласна гістарычных. Мала якая з падзей беларускай мінуўшчыны можа паспаборнічаць з Берасцейскай уніяй узроўнем папулярнасці і няспынным ростам цікавасці ў айчынным і замежным даследчыцкім асяроддзі.

     За чатыры стагоддзі, што прайшлі пасля Берасцейскага сабора 1596 г., яна назапасіла цяжкаагляднае мора літаратуры ўсходнеславянскага і замежнага паходжання, улічыць і абагульніць якую намагаюцца сёння вучоныя розных краін. З'явіліся агляды ўкраінскай, польскай , заходнееўрапейскай і амерыканскай гістарыяграфіі .такой беларуска-ўкраінскай з'явы, якой ёсць Берасцейская унія. Сваё слова ў яе даследаванні сказалі беларускія навукоўцы ХІХ-ХХ ст., аднак гістарыяграфічным асэнсаваннем іх спадчыны яшчэ ніхто не займаўся. Між тым значная колькасць публікацый па праблеме і аналагічны даследчыцкі вопыт Украіны і Польшчы сведчаць, што зрабіць гэта надышоў час і ў нас, асабліва калі ўлічыць, што з 90-х гадоў тэма уніі 1596 г. перажывае другое нараджэнне ў навуцы і публіцыстыцы Беларусі, а канфесійная праблематыка і наогул выходзіць у разрад прыярытэтных у еўрапейскай гістарыяграфіі.

 

 

Глава 1

Актуальнасць  праблемы

     Берасцейская царкоўная унія 1596 г.  – гэта лакальная (рэгіянальная) унія, заключаная ў зоне ўзаемадзеяння усходняга і заходняга хрысціянства, якой з’яўляецца Беларусь, пасля правалу спроб іх глабальнага аб’яднання на аснове Ліёнскай (1274) і Фларэнційскай (1439) уній.У выніку заключэння Берасцейскай уніі была створана новая царкоўная арганізацыя – уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква і новае адгалінаванне хрысціянства – грэка-каталіцызм.Ён прызнае асноўныя каталіцкія догматы і духоўную ўладу папы рымскага пры захаванні праваслаўнай, абраднасці і царкоўнаславянскай мовы набажэнства. 

     Пасля хрышчэння Русі унія 1596 г. – гэта другая па масавасці ахопу насельніцтва і трэцяя па значнасці, пасля распаўсюджвання каталіцтва, падзея усходнеславянскай канфесійнай гісторыі.Берасцейская унія ўцягнула ў сваю арбіту шмат якія краіны і народы, палітычныя і рэлігійныя сілы, геаграфічныя і культурныя прасторы.Яна аказала істотны ўплыў на цывілізацыйную сітуацыю ва Усходняй Еўропе.Нягледзячы на шматразовую дэлегалізацыю (у 1839 г. на Беларусі, 1875 г. на Падляшшы, у 1946 г. на Украіне), унія 1596 г. аказалася найбольш трывалай з усіх ранейшых спроб аб’яднання хрысціянства.

     Берасцейская царкоўная унія стала адной з пераломных падзей беларускай гісторыі.Гэта быў пошук нашымі продкамі свайго ўласнага месца ў еўрапейскіх рэлігійна-палітычных працэсах канца XVI – першай паловы XIX ст.Берасцейская унія стала кампрамісам у сутыкненні дзвюх хрысціянскіх канфесій і цывілізацый на Беларусі, які прывёў да супярэчлівых  вынікаў - расколу грамадства, але сінтэзу культур.

     Ужо чатыры стагоддзі  аказвае ўплыў на духоўна-культурнае і грамадска-палітычнае жыццё Беларусі.За час свайго існавання яно значна пацясніла пазіцыі традыцыйных рэлігій на Беларусі і ў ХVIII ст. стала канфесійнай дамінантай.Больш таго, яно не адышло ў мінулае, але існуе да нашага часу.

Вось  ужо пятае стагоддзе неардынарная і супярэчлівая з’ява уніяцтва прыцягвае  царкоўныя і свецкія колы.З канца ХХ ст. уніяцкая праблематыка актуалізавалася ў сувязі з навуковай і грамадскай цікавасцю да канфесійнай гісторыі Беларусі, да пытання аб месцы і статусе Беларусі ў сям’і хрысціянскіх народаў.Ранейшае прыменшанне і ігнараванне уніяцтва ў этнакультурных, рэлігійна-палітычных, дзяржаватворчых працэсах мінулага  мела сваім вынікам стварэнне абедненай, няпоўнай і нават перакручанай карціны айчыннай гісторыі ХVI–ХІХ ст.  

     Берасцейская царкоўная унія для беларускай гістарыяграфіі застаецца асаблівай, дыскусійнай праблемай, па якой даследчыкі да гэтага часу так і не прыйшлі да кансэнсуса.Вялікую цікавасць да яе праяўляе апошнія 10-15 гадоў і еўрапейская навука.

        Сучасныя пошукі новых шляхоў аб’яднання хрысціянскага свету і ўзаемаразумення розных культур выклікаюць зразумелую цікавасць да гістарычнага рэгіянальнага аналага, які меў месца ў адвечна поліканфесійнай і культурна разнастайнай Беларусі.Прагматычнае выкарыстанне ўрокаў мінулага экуменічным рухам патрабуе аналізу набыткаў і выдаткаў спробы стварыць на беларускай глебе рэлігійную альтэрнатыву заходняму і ўсходняму хрысціянству.Самой Беларусі, канфесійна раз’яднанай і сёння, гэты досвед дапаможа лепей асэнсаваць сваё месца  на раздарожжы Усходу і Захаду.

      Рэлігійны «рэнесанс» канца ХХ  ст., на хвалі якога адрадзілася  і уніяцкая царква, шэраг буйных  царкоўных гадавін (1000-годдзе хрышчэння Русі,  1000-годдзе Полацкай епархіі, 400-годдзе Берасцейскай уніі, 2000-годдзе хрысціянства)  узмацнілі цікавасць да асэнсавання гістарычнага патэнцыялу розных хрысціянскіх канфесій на Беларусі.

 

Глава2

Метадалагічныя падыходы да вывучэння праблемы

     Прапанаванае канцэптуальнае асэнсаванне гісторыі уніі ў яе этнічным і культурным вымярэннях грунтуецца на прынцыпах аб’ектыўнасці і гістарызму, з якіх вынікаюць наступныя тэарэтычныя палажэнні:

     Рэлігійныя ўяўленні «развіваюцца ў кожнага народа своеасабліва, адпаведна жыццёвым умовам, што выпалі на яго долю», вырастаюць з іх і зрастаюцца з імі.

     Рэлігіі не застаюцца нязменнымі, а трансфармуюцца ў адпаведнасці з ходам гісторыі.Самаразвіццё хрысціянскіх канфесій праяўляецца ў іх практычным прыстасаванні да канкрэтных нацыянальных, грамадскіх і дзяржаўных умоў. Хрысціянства на Беларусі ў розныя гістарычныя эпохі набывала адпаведныя царкоўныя і культурныя формы.Уніяцтва было адным з этнаадаптыўных з’яў прыстасавання хрысціянскай царквы да новых гістарычных умоў функцыянавання беларускага грамадства.

     Адмова ад падзелу хрысціянскіх канфесій, што існавалі на Беларусі, на ісцінныя і памылковыя, гістарычныя і негістарычныя, а звязаныя з імі культурныя тыпы – на першасныя і другасныя;прызнанне іх штучна створанымі людзьмі веравызнаннямі і арыентацыя на гуманістычныя прынцыпы духоўнай і рэлігійнай свабоды, роўнасці вер.

     Спецыфіка гістарычнага развіцця Беларусі ў мінулым, у тым ліку ў канфесійнай сферы, у значнай ступені вызначалася яе геапалітычным становішчам.«Ваганне паміж Захадам і Усходам і шчырая непрыхільнасць ні да аднаго, ні да другога з’яўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народа».Разгляд Беларусі не як аб’екта інтарэсаў суседніх дзяржаў, а ў якасці паўнавартаснага і суверэннага суб’екта гісторыка-цывілізацыйнага працэсу, а Берасцейскай уніі – як аднаго з варыянтаў пошуку свайго канфесійнага «я» ва ўмовах супрацьстаяння і ціску Усходу і Захаду, як спробы займець сваё месца ў еўрапейскім рэлігійна-культурным хрысціянскім раскладзе.

      Культура не можа існаваць, не абнаўляючыся. Адзінства традыцыі і абнаўлення – універсальная характарыстыка любой культуры, адзін з галоўных крытэрыяў яе жыццястойкасці і прагрэсу і ў той жа час адна з супярэчнасцяў культурнага працэсу. Адкрытасць да іншых культур, пастаяннае ўзаемадзеянне з імі складаюць магутны бок любой культуры. Абсалютызацыя традыцыі, замкнёнасць вядзе да згасання стымулаў яе развіцця і да змярцвення. Намер адгарадзіць свой народ і яго культуру ад «чужых» уплываў і інавацый з добрымі мэтамі захавання веры, традыцый, звычаяў і г.д. абарочваецца ў рэальнасці духоўным збядненнем і высіленнем. Гістарычная практыка «жалезных заслонаў» паказала сваё абсалютнае банкруцтва.

     Вітаючы адкрытасць культуры і рэлігіі беларускага народа да Захаду і Усходу, не трэба абсалютызаваць уплывы звонку, калі яны навязваліся прымусова, рабілі замах на рэлігійную свабоду, вялі да дэнацыяналізацыі нашых продкаў, замаруджвалі фарміраванне іх этнічнай самасвядомасці і, ізалюючы іх ад другой часткі Еўропы, тармазілі культурны прагрэс.

 

Глава 3

Крыніцы па праблеме

     Берасцейская царкоўная унія, якая дзейнічала на Беларусі ў 1596–1839 г.,  пакінула багатую дакументальную спадчыну.«Уніятыка» складаецца з разнастайных і разнамоўных крыніц беларускага і замежнага (украінскага, літоўскага, польскага, італьянскага, расійскага, французскага і інш.) паходжання. У распараджэнні даследчыка пісьмовыя помнікі наратыўныя і дакументальныя, царкоўныя і свецкія, канфідэнцыйныя і публічныя. Іх пісалі людзі рознага сацыяльна-прафесійнага складу і канфесійнай прыналежнасці: лідэры сусветных цэнтраў  хрысціянства, кіраўнікі дзяржаў і дыпламаты, вышэйшыя саноўнікі і прадстаўнікі мясцовых свецкіх і духоўных уладаў, вучоныя, пісьменнікі і мастакі, святары і манахі, магнаты і шляхта, гараджане і, радзей, сяляне.

     Для рэканструкцыі гісторыі з’яўлення, функцыянавання  і ліквідацыі уніяцкай царквы на Беларусі выкарыстоўваюцца летапісы, заканадаўства, справаводства, мемуарыстыка, перыёдыкі і іншыя крыніцы.

     Новыя, уніяцкія тэндэнцыі ў царкоўна-рэлігійнай сферы канца ХVІ ст. знайшлі адлюстраванне ў Баркулабаўскім летапісе, у Віцебскім летапісе, пісаным уніятам С.Аверкай, і Магілёўскай хроніцы ненавісніка уніі Сурты.

     Рэлігійна-культурнае жыццё канца XVI–сярэдзіны XVII ст., канфесійную свядомасць і настроі грамадства высвечваюць палемічныя творы. На іх старонках уздымаюцца пытанні царкоўнай гісторыі і будучыні, рэлігійнай традыцыі, крытыкуюцца царкоўныя парадкі на «Русі», абмяркоўваюцца прававыя аспекты уніі. Буйныя царкоўныя дзеячы і літаратурныя аўтарытэты Пётр Скарга, Іпацій Пацей, Язэп Руцкі,  Лявон Крэуза, Антоній Сялява і інш. абгрунтоўвалі ідэю царкоўна-рэлігійнай і палітычнай кансалідацыі «рускіх» народаў ВКЛ на новай канфесійнай аснове; даказвалі, што царкоўнае адзінства - гэта даўняя традыцыя ВКЛ, якая ідзе з часоў Фларэнційскай уніі 1439 г. Пагадненне 1596 г. яны трактавалі як вяртанне да старыны і выкананне волі продкаў. Праваслаўныя палемісты Іван Вішэнскі, Хрыстафор Філалет, Захарый Капысценскі, Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч і інш. адмаўлялі патрэбу для свайго народа ў культуры і навуцы каталіцкага Захаду, расцанілі унію як параджэнне сатаны, як нацыянальную здраду. Яны даказвалі яе некананічнасць і бескарыснасць. Палемічная літаратура ў свой час фармавала грамадскую думку. 

     Вялікую навуковую цікавасць уяўляюць розныя праекты, праграмы, запіскі,  «артыкулы», якія, не маючы юрыдычнай сілы, акрэслівалі сучасны ім стан і далейшы кірунак  развіцця уніяцкай царквы, вызначалі яе лёс: умовы-артыкулы уніі, «Праект знішчэння Русі» 1717 г., складзены на запыт Кацярыны ІІ допіс харкаўскага архіепіскапа  Булгарыса «О наилучшем способе воссоединения униатов с православной церковью», запіска пратаіерэя Іосіфа Сямашкі 1827 г. з праграмай рэфармавання уніяцкай царквы, і г.д.

     Дакладнымі і інфармацыйна насычанымі крыніцамі з’яўляюцца інвентары,     Традыцыйнае ўспрыманне царкоўна-культурных падзей на Беларусі канца ХVІ – сярэдзіны ХІХ ст. істотна дапаўняюць мемуары сучаснікаў. Так, «Дыярыуш» брэсцкага ігумена Афанасія Філіповіча (30 – 40-я г. ХVII ст. ) падае Берасцейскую унію вялікім нацыянальна-рэлігійным злом. Найбольш пашанцавала ў мемуарным адлюстраванні апошняму перыяду існавання уніяцкай царквы. Дзяржаўныя чыноўнікі, якія па роду сваёй службы займаліся аправаслаўліваннем уніятаў, – Г.Дабрынін і І.Жыркевіч пакінулі ўражваючыя старонкі пра гэтыя акцыі і рэакцыю на іх сялянства. З запісак «ліквідатараў» уніяцкай царквы Іосіфа Сямашкі і Васіля Лужынскага паўстае іх дэнацыяналізатарская дзейнасць.

     Вобразы і справы буйнейшых уніяцкіх дзеячаў  І.Пацея і І.Руцкага ўвасобіліся ў іх жыццяпісах.

     Гісторыя уніяцтва пакінула багатую эпісталярную спадчыну (перапіска мітрапаліта І.Пацея з кіеўскім ваяводам К.Астрожскім і канцлерам Л.Сапегам; Л.Сапегі з І.Кунцэвічам; І.Руцкага з рымскай кангрэгацыяй прапаганды веры; лісты М.Сматрыцкага; ліставанне І.Сямашкі, В.Лужынскага і полацкага архіепіскапа Смарагда з генерал-губернатарамі і  Сінодам; і інш.).

  Апошні перыяд існавання уніяцкай  царквы знайшоў адлюстраванне  на старонках перыёдыкі. Заклік да адраджэння веры прагучаў у 1862 г. са старонак «Мужыцкай праўды».

     На дапамогу даследчыку уніі прыходзяць таксама захаваныя ў бібліятэках розных краін літургічныя тэксты, помнікі уніяцкага кнігапісання і кнігадрукавання, уцалелыя ў музеях творы сакральнага жывапісу, скульптуры, прыкладнога мастацтва, а таксама фальклор.

 

Глава 4

Дакументы па гісторыі Берасцейскай царкоўнай уніі ў архівах

Берасцейская  царкоўная унія 1596 г. і створаная ў выніку яе заключэння уніяцкая царква пакінулі багатую дакументальную спадчыну. Толькі невялікая яе частка засталася на Беларусі. Большасць дакументаў або страчаны ад часу, пажараў, войнаў, міжканфесійных звадаў і мэтанакіраванага знішчэння або месцяцца ў замежных архівах.

     Дакументы і матэрыялы па праблеме захоўваюцца ў архівасховішчах і рукапісных аддзелах бібліятэк Беларусі і краін, з якімі ў мінулым яе звязвалі  агульныя дзяржаўныя межы: у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (у Мінску) і Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі Гродне, Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу, Дзяржаўным гістарычным архіве Расійскай Федэрацыі ў Маскве, Нацыянальным гістарычным архіве Літвы,   Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве і інш.

     Найбольш кампактным, аб’ёмным і навукова значным для даследавання праблемы з’яўляецца фонд 823 Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Санкт-Пецярбургу, вядомы пад назвай «Архіў уніяцкіх мітрапалітаў». Ён утрымлівае каля 6 тысяч архіўных, якія адклаліся ў ХVII–ХІХ ст. у выніку дзейнасці мітрапалічай канцылярыі і распавядаюць пра суіснаванне хрысціянскіх канфесій, іх збліжэнне, канфлікты, змену суадносін на Беларусі. Архіў фармаваўся ў Вільні, Наваградку, Менску, дзе знаходзілася рэзідэнцыя царкоўнага галавы.

     Частка гэтага унікальнага збору была надрукавана ў  другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. ў «Актах, относящихся к истории Западной России», «Актах, относящихся к истории Южной и Западной России», «Вестнике Юго-Западной и Западной России». На мяжы ХІХ – ХХ ст. выйшла 2-томнае «Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов» з іх анатацыямі, урыўкамі, а часам і поўным тэкстам гэтых дакументаў. Рэестр тых дакументаў, якія адлюстроўваюць царкоўна-рэлігійныя справы на Беларусі, надрукаваны нядаўна ў Беларусі.

     Багаты корпус дакументаў, якія адлюстроўваюць апошнія паўстагоддзя дзейнасці уніяцкай царквы, зберагаюцца у фондзе канцылярыі віцебскага, магілёўскага і смаленскага губернатара ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску.

 

 

 

 

Глава 5

Публікацыі крыніц па праблеме ў ХІХ–ХХ ст.

     Асабліва багатыя на выданне крыніц па гісторыі Берасцейскай уніі другая палова ХІХ – пачатак ХХ ст. Аднак тэндэнцыйны падбор дакументаў, ігнараванне тых з іх, што не ўпісваліся ў тагачасныя ідэалагічныя ўстаноўкі, падмена навуковай археаграфіі палітычнай зніжаюць вартасць гэтых зборнікаў. Старонкі такіх зборнікаў былі прасякнуты апалагетыкай праваслаўя і самаўладдзя. Найбольш адыёзнымі былі  «Сборник документов, уясняющих отношение латино-польской пропаганды к русской вере и народности», «Документы, объясняющие историю Западно-русского края и его отношения к России и к Польше».

     Значнай базай крыніц для даследчыка уніі з’яўляюцца, пры ўсёй іх вялікадзяржаўна-ахавальнай накіраванасці, публікацыі Віленскай, Санкт-Пецярбургскай і Кіеўскай археаграфічных камісій («Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси», «Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею», «Акты, относящиеся к истории Западной России», «Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России»), шмат- і аднаттамовыя дакументальныя і навуковыя зборнікі: «Историко-юридические материалы», «Собрание древних актов и грамот городов Минской губернии» і інш. Шматлікія крыніцы былі тады надрукаваны ў часопісах («Вестник Юго-Западной и Западной России», «Вестник Западной России», «Литовские епархиальные ведомости» і інш.), змешчаны ў якасці дадаткаў да манаграфій  і мемуараў.

      ХХ ст. не можа паспаборнічаць з дарэвалюцыйным часам інтэнсіўнасцю абнародавання дакументаў па гісторыі уніі. Асобныя з іх надрукаваны ў зборніку «Белоруссия в эпоху феодализма». У другой палове ХХ ст. з’явіліся спецыяльныя зборнікі: «Правда про унию», «Львовский церковный собор: Документы и материалы. 1596 – 1946», «Уния в документах».  Але іх складальнікі, як правіла, абмежаваліся перавыданнем ужо вядомых дакументаў з ранейшых публікацый. Гэта адна з прычын таго, што савецкая гістарыяграфія уніі працавала па наезджанай крыніцавай “каляіне”.

Шэраг дакументаў і матэрыялаў першаступеннай важнасці надрукаваны ў Польшчы (напрыклад, “Архіў роду Сапегаў”), ЗША (творы шэрагу дзеячаў уніі: М.Сматрыцкага і інш.).

     Надзвычайную каштоўнасць для даследавання праблемы маюць дакументы, надрукаваныя ў другой палове ХХ ст. Ватыкане і пачарпнутыя з яго архіваў: «Дакументы Берасцейскай уніі», умовы-артыкулы уніі, шматтомная “Перапіска уніяцкіх мітрапалітаў” і інш. Яны адлюстроўваюць абмеркаванне пытанняў бягучага рэлігійнага жыцця Беларусі ў Рыме (інструкцыі нунцыям, у якіх акрэслівалася праграма дзеяння і мэты папства; іх справаздачы – рэляцыі, запыты, лісты і інш.). Шмат крыніц друкуе перыядычнае выданне «Запіскі ордэна св. Васіля Вялікага”. 

Глава 6

Вывучэнне гісторыі Берасцейскай уніі ў Расійскай імперыі

     Навуковая распрацоўка праблемы пачынаецца з канца ХVIII ст., калі змена рэлігійна-палітычнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне Еўропы паставіла пытанне аб далейшым лёсе уніяцкай царквы і ажывіла цікавасць да яе гісторыі.

     Паказальна, што ля вытокаў расійскай гістарыяграфіі Беларусі стаіць менавіта праца аб уніі, увага да якой абумоўлена ўдзелам Расіі ў яе лёсе. Яна была напісана ў 1794 г. па загаду Кацярыны ІІ М.Бантыш-Каменскім на аснове кампраментуючых беларускую уніяцкую царкву дакументаў Калегіі замежных спраў і прызначалася спачатку для службовага карыстання. Гэты летапіс генацыду беларускага праваслаўнага насельніцтва пад уніяцка-каталіцкім ярмом стаў навуковым падмуркам урадавага курса на «выкараненне» уніяцкай царквы, а аўтар атрымаў за яго брыльянтавы пярсцёнак як ўзнагароду. Другое выданне кнігі з’явілася ў 1864 г., калі на афіцыйным узроўні пачалася новая хваля апалагетызацыі царскай палітыкі на Беларусі. М.Мураўёў-вешальнік чэрпаў тады з яе аргументы для сваёй рэпрэсіўнай нацыянальна-рэлігійнай палітыкі. Ніякіх кніг у абарону уніі расійская цэнзура не дазваляла, статутам 1828 г. яна забараняла абмеркаванне царкоўна-рэлігійных пытанняў у друку; таму з лёгкай рукі Бантыш-Каменскага уніяцкая царква на наступныя два стагоддзі займела ў афіцыйнай гістарыяграфіі імідж ворага беларускага народа і яго культуры.

     50 гадоў пасля Бантыш-Каменскага ніхто не займаўся спецыяльным даследаваннем уніі, якая дажывала апошнія дні і ў 1839 г. была знішчана. Выдадзеная тады Сінодам брашура падавала гэта як трыумф праваслаўнай царквы над уніяцкай, якая «ўхіліліся» да Захаду і 2 стагоддзі разрывала адзіную да таго «рускую» сям’ю. Падрыхтаваны тады па заданню ІІІ аддзялення для замежнай прэсы артыкул з адказам «шматлікім нядобразычліўцам Расіі» быў выкліканы клопатам пра адпаведны міжнародны рэзананс вакол гэтага факта.

     Аднак ужо ў першай трэці ХІХ ст. спалітызаваную вялікадзяржаўную канцэпцыю гісторыі уніі падрывалі працы прафесароў Віленскага універсітэта М.Баброўскага, І.Даніловіча, І.Анацэвіча, выдатнага вучонага П.Сасноўскага, прафесара Я.Ярашэвіча , якім унія здавалася той рэлігіяй, што спрыяла захаванню Літвой-Беларуссю сваёй незалежнай пазіцыі паміж Польшчай і Расіяй. З уніяй, з захаванымі ў ёй старымі звычаямі і абрадамі яны звязвалі гістарычную і нацыянальную асобнасць сваёй Бацькаўшчыны. Пачынальнік беларускага славяназнаўства З.Я.Даленга-Хадакоўскі ў 1810–1820-я г. канстатаваў факт падтрымкі толькі ніжэйшым беларускім і ўкраінскім уніяцкім духавенствам і сялянствам даўніх звычаяў, традыцый і народнай мовы.

     У апошняй трэці ХІХ ст. пачынаецца спецыяльнае даследаванне беларускай культуры, якое не магло праігнараваць яе уніяцкую частку. Напісаныя з артадаксальных пазіцый, працы Н.Трыпольскага С.Нядзельскага, А.Мілавідава, К.Харламповіча, Мадэста , М.Далматава і інш. у негатыўным святле падаюць дзейнасць брацтваў, друкарняў, бібліятэк, школ, асоб, якія патуралі іншай ад праваслаўя веры.

     Сфармаваўшы адыёзны вобраз уніі, незлічонай колькасцю вуснаў і друкаў гістарыяграфія пануючай нацыі пры дапамозе мясцовых «западно-руссов» змагла прышчапіць яго да гістарычнай свядомасці усходнеславянскіх народаў. Паўторанае ў дзесятках манаграфій, сотнях артыкулаў, у навуковых дакладах і царкоўных пропаведзях, палажэнне аб дэнацыяналізатарскай і культурна-разбуральнай місіі уніяцтва на землях Беларусі і Украіны стала ўспрымацца як аксіёма.

 

Глава 7

М.Каяловіч і «западно-русская» гістарыяграфічная школа пра Берасцейскую унію

     «Западноруссизм» - плынь у грамадскай думцы і гістарыяграфічная школа, якая адмаўляла гістарычнасць беларусаў як самастойнай і самабытнай этнічнай адзінкі, атаясамлівала іх з велікарускім этнасам.

    “Западно-руссизм” бярэ пачатак ад тых колаў праваслаўнага і уніяцкага духавенства, што ў сваёй барацьбе з польска-каталіцкім уціскам у ХVІІІ ст. пачалі арыентавацца на Расію. “Хросным бацькам” заходнерусізма  быў літоўскі епіскап Іосіф Сямашка, які падрыхтаваў і ў 1839 г. ажыццявіў скасаванне Берасцейскай царкоўнай уніі на Беларусі.  Ідэаолагам заходнерусізма стаў вядучы дарэвалюцыйны даследчык уніяцтва, прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі Міхаіл Каяловіч. Ён аформіў яго у тэорыю у 60 – 70-я г. ХІХ ст., пасля падаўлення паўстання К.Каліноўскага.

    Даследаванне гісторыі уніі стала  справай жыцця Каяловіча, прынесла  яму прызнанне ва ўрадавых  колах Расійскай імперыі і сталічным навуковым свеце. Берасцейская унія ўяўлялася  Каяловічу тым вузлом, развязаўшы які, можна было шмат што зразумець і растлумачыць у беларускай мінуўшчыне. У лёсе уніі для яго нібы сканцэнтраваўся лёс усёй «Заходняй Расіі».

    Сваю канцэпцыю уніі Міхаіл Восіпавіч выклаў у шэрагу навуковых прац, галоўнай з якіх з’яўляецца двухтамовая «Литовская церковная уния, у доктарскай дысертацыі «История воссоединения западнорусских унитов старых времен», у публіцыстычных артыкулаў, падрыхтаваных ім да друку зборніках дакументаў, у публічных лекцыях для пецярбургскай эліты, у панегірыках “магільшчыкам” уніі І.Сямашку і В.Лужынскаму.

     Даследчык быў не бесстароннім суддзёй у рашэнні  праблемы гісторыі уніі, а выступіў хутчэй у ролі пракурора з абвінавачваннем у яе адрас. Каяловіч не імкнуўся, як ён сам прызнаваўся, да «бесплодной погони за объективной истиной». У аснову трактоўкі уніі ён паклаў славянафільскі суб’ектывізм, які грунтаваўся на прызнанні месіянскай ролі Расіі, перавагі расійскай цывілізацыі і адмаўленні за Беларуссю права на самастойны, па-за межамі Расіі, шлях нацыянальна-культурнага і рэлігійнага развіцця.

Унія, паводле Каяловіча, – адна з тых  заганных рэчаў, якія даў каталіцкі  Захад. Ён ігнараваў яе ўнутраныя  прычыны. Адзначаў, што ідэя уніі вітала ў галовах немалой колькасці людзей з духавенства, свецкай знаці, мяшчан і ўяўлялася ім справай зусім годнай, але сцвярджаў, што пайшлі на яе адны нягоднікі, якія дзейнічалі па чужых указаннях. Робячы правільную пасылку аб спалучэнні прымусу і добраахвотнасці пры распаўсюджанні уніі, аўтар там не менш падае яе выключна як жахлівы і трагічны час пакут і супраціву праваслаўных. У той жа час ён прызнае факт моцнага супраціўлення уніятаў пераводу ў праваслаўе ў канцы ХVIII – першай палове ХІХ ст.

     Паслядоўнікамі і вучнямі М.Каяловіча былі гісторыкі Іван Чыстовіч,  Юльян Крачкоўскі, Платон Жуковіч, Грыгорый Шавельскі,  Сцяпан Рункевіч і інш.  Усе яны – спецыялісты па уніяцка-праваслаўным узаемадачыненням. М.Каяловіч і П.Жуковіч у Пецярбургу, Ю.Крачкоўскі ў Вільні стварылі цэлую школу па вывучэнню праблем уніяцтва. Яна трактавала Берасцейскую унію ў духу ўвараўскай формулы «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць».  Заключэнне уніі яны падавалі з’явай выпадковай, накінутай, уніяцкую царкву – чужой і варожай беларускаму народу, паслухмянай зброяй у руках езуітаў і палякаў для яго акаталічвання і паланізацыі. Яны абсалютызавалі прымус у пашырэнні і дзейнасці уніяцкай царквы. Яе ліквідацыю лічылі актам вялікай мудрасці царызма і вяртаннем беларускага народа ў тое, нібы яму гістарычна наканаванае, адзінае з Расіяй, рэчышча духоўна-рэлігійнага і нацыянальна-культурнага развіцця, з якога прымусіла збочыць Брэсцкая унія 1596 г. Дэунізацыю канца ХVІІІ-ХІХ ст. лічылі добраахвотным актам, адмаўлялі факт рэпрэсій адносна іншадумных.

Берасцейская уния