Берасцейская уния. 2

Змест

Уводзіны

Глава 1. Ля вытокаў навуковага вывучэння  праблемы 6

Глава 2. Канцэпцыя Берасцейскай уніі М.О.Каяловіча 19

Глава 3. Заходне-руская гістарыяграфічная  школа аб царкоўным новатворы 1596 года 30

Глава 4. Трактоўка уніі ў працах прадстаўнікоў нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі (першая трэць ХХ ст.) 39

Глава 5. Фармаванне і ўсталяване ў 30-80-я гады савецкай канцэпцыі берасцейскага працэса 47

Глава 6. Берасцейская унія ў ацэнцы прадстаўнікоў беларускай дыяспары 60

Глава 7. Навуковае пераасэнсаванне  гісторыі уніі ў 90-я гады 71

Глава 8. Спроба філасофскага асэнсавання  праблемы 93

Глава 9. Публікацыі крыніц 105

Заключэнне 116

Спіс найноўшых навуковых і  публіцыстычных публікацый (1996-2001) беларускіх аўтараў па гісторыі Берасцейскай царкоўнай  уніі 120

Уводзіны

Заключаная ў 1596 г. на саборы ў Берасці і скасаваная ў 1839 г. на Полацкім саборы унія праваслаўнай і каталіцкай цэркваў з'яўляецца адной з пераломных падзей беларускай гісторыі. Яна ўцягнула ў сваю арбіту шмат якія краіны і народы, палітычныя і рэлігійныя сілы, геаграфічныя і культурныя абшары. Чатыры стагоддзі пасля 1596 г. беларускае духоўна-культурнае і грамадска-палітычнае жыццё так ці інакш было пазначана ўплывам Берасцейскай царкоўнай уніі, якая пасля хрышчэння сталапа масавасці ахопу насельніцтва і трэцяй па значнасці другой пасля распаўсюджання каталіцтва - пераломнай падзеяй усходнеславянскай канфесійнай гісторыі. За час свайго існавання уніяцтва значна пацясніла пазіцыі традыцыйных рэлігій на Беларусі і ў XVIII ст. стала канфесійнай дамінантай. Нягледзячы на шматразовую дэлегалізацыю (у 1839 г. на Беларусі, у 1875 г. на Падляшшы, у 1946 г. на Украіне), унія ў Берасці аказалася найбольш трывалай з усіх ранейшых спроб аб'яднання хрысціянства. Увабраўшы ў сябе і адлюстраваўшы многія з тых праблем і супярэчнасцяў, якімі жыло беларускае грамадства XVІ - ХІХ ст., аказаўшы істотны ўплыў на геацывілізацыйную сітуацыю ва Усходняй Еўропе, яна належыць да тых гістарычных з'яў, якія яшчэ не адышлі ў мінулае, і існуе да нашага часу.

Вось ужо пятае стагоддзе уніяцкая праблематыка хвалюе царкоўныя і свецкія колы. Стаўшы ад свайго пачатку прадметам разладу, царкоўны новатвор 1596 г. і па сёняшні дзень выклікае спрэчкі па розных аспектах: філасофскіх, тэалагічных, культуралагічных, этнічных, палітычных, ідэалагічных і ўласна гістарычных. Мала якая з падзей беларускай мінуўшчыны можа паспаборнічаць з Берасцейскай уніяй узроўнем папулярнасці і няспынным ростам цікавасці ў айчынным і замежным даследчыцкім асяроддзі.

За чатыры стагоддзі, што прайшлі  пасля Берасцейскага сабора 1596 г., яна назапасіла цяжкаагляднае мора літаратуры ўсходнеславянскага і замежнага  паходжання, улічыць і абагульніць якую намагаюцца сёння вучоныя розных краін. З'явіліся агляды ўкраінскай, польскай , заходнееўрапейскай і амерыканскай гістарыяграфіі .такой беларуска-ўкраінскай з'явы, якой ёсць Берасцейская унія. Сваё слова ў яе даследаванні сказалі беларускія навукоўцы ХІХ-ХХ ст., аднак гістарыяграфічным асэнсаваннем іх спадчыны яшчэ ніхто не займаўся. Між тым значная колькасць публікацый па праблеме і аналагічны даследчыцкі вопыт Украіны і Польшчы сведчаць, што зрабіць гэта надышоў час і ў нас, асабліва калі ўлічыць, што з 90-х гадоў тэма уніі 1596 г. перажывае другое нараджэнне ў навуцы і публіцыстыцы Беларусі, а канфесійная праблематыка і наогул выходзіць у разрад прыярытэтных у еўрапейскай гістарыяграфіі.

Глава 1

Ля вытокаў навуковага вывучэння  праблемы

Цікавасць да гісторыі Берасцейскай царкоўнай уніі, якая раней пачала выкладацца на паперы, чым была ўведзена на справе, мае ўжо 400-гадовую традыцыю. Гістарыяграфія уніі налічвае сёння многія сотні кніг і артыкулаў, вялікіх і кароткіх, самастойных і кампілятыўных, сур'ёзных і дылетанцкіх, аб'ектыўных і тэндэнцыйных, айчынных і замежных, якія з розных бакоў, у розных аспектах і планах трактуюць царкоўны саюз. Ацэнка ўплыву, ролі, вынікаў берасцейскіх падзей 1596 г. у далейшым развіцці Беларусі ў гэтых працах вар'іруецца ад непамернага ўзвялічвання да цалкам нігілістычнага стаўлення. Розніца поглядаў даследчыкаў на гэты важны факт усходнееўрапейскай гісторыі адлюстроўвае іх грамадскія, палітычныя, рэлігійныя, нацыянальныя сімпатыі і антыпатыі, тлумачыцца багаццем і рознароднасцю крыніц, што дазваляе вышукваць і высоўваць адно і абмінаць другое, і наадварот. Умоўна можна выдзеліць рэлігійны кірунак гістарыяграфіі уніі, для якога характэрна высоўванне на першы план абрадава-дагматычнага пытання, і свецкі, схільны да замоўчвання або прымяншэння канфесійнага боку.

Першы кірунак у сваю чаргу падзяляецца  на тры пункты бачання і падачы царкоўна-рэлігійнай гісторыі: праваслаўны, рыма-каталіцкі і грэка-каталіцкі, кожны з якіх імкнецца падкрэсліць лепшыя бакі сваёй веры і выпукліць недахопы іншай. Асабліва гэта характэрна для праваслаўнага і рымска-каталіцкага бачання. Грэка-каталіцкі падыход спачатку два с паловай стагоддзі на практыцы, а потым яшчэ два стагоддзі ў навуцы намагаецца сцвердзіць паўнавартасць сваёй веры сярод традыцыйных, больш "моцных" сумежных канфесій. Уласна навуковы, пазаканфесійны падыход да канфесійнай гісторыі Беларусі зараджаецца ў пачатку ХХ ст., хаця рознага роду спрашчэнні, звязаныя з тымі ці іншымі канфесійнымі прыхільнасцямі, не зжыты да нашага часу.

Ва ўсходнеславянскім уніязнаўстве склаліся тры гістарыяграфічныя  комплексы: першы аформіўся ў  канцы ХVІ - першай палове ХVІІ ст.; другі  гістарыяграфічны вузел завязаўся  ў другой палове ХІХ - першай трэці ХХ ст.; трэці аформіўся ў канцы ХХ ст.

Першыя адлюстраванні і інтэрпрэтацыі  праблемы ўзыходзяць да вытокаў Берасцейскай уніі - яны пісаліся на злобу дня і з'яўляліся тады магутнай зброяй міжканфесійнай барацьбы. Як прыхільнікі, так і апаненты уніі ўзяліся за пёры, каб бараніць або руйнаваць яе. Тагачасная палемічная літаратура высвятляе шырокую панараму рэлігійна-культурнага быцця канца XVI - сярэдзіны XVII ст., спосаб мыслення і канфесійную свядомасць, міфы і фобіі, настроі тагачаснага грамадства. Канфесійна заангажаваныя, але заклапочаныя лёсам свайго народа аўтары абодвух лагераў уздымаюць на старонках сваіх твораў пытанні яго царкоўнай гісторыі і будучыні, адносін да ўласнай духоўнай спадчыны, нацыянальнага гонару, праблемы культуры, мовы, навукі, адукацыі; падвяргаюць вострай і бескампраміснай крытыцы царкоўныя парадкі на "Русі"; абмяркоўваюць юрыдычна-прававыя аспекты уніі, яе кананічнасць. Гэтыя патынні, востра паўстаўшыя ў сувязі з радыкальнымі зменамі ў царкоўным жыцці, разглядаліся скрозь прызму тагачасных рэлігійных канфліктаў. Найбуйнейшыя царкоўныя і літаратурныя аўтарытэты беларускага і ўкраінскага паходжання - уніяцкія лідары Іпаці Пацей[3], Іосіф Руцкі[4], Леў Крэуза[5], КасьянСаковіч[6], Антон Сялява[7] і інш. гістарычнымі, тэалагічнымі, юрыдычнымі аргументамі абгрунтоўвалі ідэю царкоўна-рэлігійнай і палітычнай кансалідацыі "рускіх" народаў ВКЛ на новай канфесійнай аснове. Яны даказвалі заняпад культурна-гістарычнай і рэлігійнай традыцыі Візантыі на фоне дасканаласці багаслоўя і свецкіх навук у каталіцкім свеце, у далучэнні да якіх бачылі выхад з сітуацыі культурнага запусцення Беларусі і Украіны. Берасцейскую згоду яны трактавалі як кардынальную рэформу заняпалага праваслаўя, закліканую абудзіць духоўнае жыццё беларуска-ўкраінскага грамадства, вывесці яго са стану "невуцтва" і далучыць да дасягненняў заходнееўрапейскай культуры і навукі, зменшыць варожасць да "лацінства". Іх канцэпцыя грунтавалася на тэзе аб перавазе культуры каталіцкага свету і няздольнасці Візантыі - спадкаёміцы высокай культуры антычнай Грэцыі - аказаць ўсходнеславянскім народам дапамогу ў барацьбе з радыкальнымі рэфармацыйнымі плынямі, з абноўленым каталіцызмам, ва ўзвышэнні і развіцці духоўнасці і культуры. Перарыентоўваючы духоўна-рэлігійнае і культурнае жыццё беларуска-ўкраінскага рэгіёна на Захад, мясцовыя уніяцкія дзеячы ў той жа час стаялі за захаванне нацыянальна-культурнай самабытнасці краю. Адстойваючы тэзіс, што царкоўнае адзінства ёсць даўняя традыцыя ВКЛ, яны трактавалі Фларэнційскую унію 1439 г. як яго мадэль, а пагадненне 1596 г. - як вяртанне да даўніны і выкананне волі продкаў [8].

Не жадаючы чуць гэтых довадаў, іх апаненты - праваслаўныя палемісты, ураджэнцы Украіны і Беларусі Іван Вішэнскі[9], Клірык Астрожскі[10], Марцін Бранеўскі[11], Хрыстафор Філалет[12], Захарый Капысценскі[13], Лаўрэнцій Дрэвінскі[14], Мялецій Сматрыцкі[15], Афанасій Філіповіч[16] і інш. адмаўлялі патрэбу для свайго народа ў культуры і навуцы каталіцкага Захаду, звялі спробу кіраўніцтва Кіеўскай мітраполіі адрэгуляваць духоўныя працэсы ў грамадстве да ўзроўню куплі-продажу месц у сенаце Рэчы Паспалітай, расцанілі унію як параджэнне сатаны, як нацыянальную здраду, навязваючы масавай свядомасці думку, што тыя, хто пайшоў на унію, - "зляшыліся". Яны даказвалі яе некананічнасць, бескарыснасць, ракавы характар для сацыяльна-палітычнага і рэлігійнага жыцця Рэчы Паспалітай; ўсяляк дыскрэдытавалі унію, крытыкавалі ўсе яе новаўвядзенні, абвінавачвалі ў адмове ад культурна-рэлігійнай спадчыны продкаў, паганьбаванні нацыянальнага гонару.

Асаблівую цікавасць уяўляюць апошнія  творы М.Сматрыцкага [17], у якіх ён змяніў сваю жыццёвую пазіцыю і культурна-рэлігійную арыентацыю.

Такім чынам, ужо з канца ХVІ ст. у поглядзе на Берасцейскую унію выразна акрэсліваюцца два падыходы: апалагетычны і крытычны, або дыскрыдытацыйны. Прадстаўнікі кожнага з іх глядзелі на гэтую падзею найперш з пункту погляду адносін да культурна-рэлігійнай спадчыны продкаў: адны ратавалі за яе абнаўленне, другія - за кансервацыю. Ідэолагі кожнай з веравызнаўчых груп - праваслаўных і уніятаў - менавіта ў сваёй рэлігіі бачылі скарбніцу традыцый, элемент пераемнасці гісторыі, і менавіта на яе аснове бачылі шлях кансалідацыі канфесійна дэзынтэграванага народа.

Творцамі уніі рухала ўсведамленне пераймання задуме і справе продкаў: "…то вже и продкове наши давно промышляли…". На іх аўтарытэт спасылаліся ў саборнай грамаце 2 снежня 1594 г.: "…в которой едности … завжды продкове наши были" [18]. Сваё маральнае права вырашаць лёс усёй царквы і народа, пастаўленае пад сумнеў дарэвалюцыйнай расійскай і савецкай гістарыяграфіяй, яны засноўвалі на даўнасці унійнай традыцыі ў ВКЛ. "Гэта еднасць не ад нас пачалася, а тут у дзяржаве даўно была, але толькі злымі людзьмі затоена", - паведамляў у 1601 г. І.Пацей Л.Сапегу аб знаходцы ў Вільні і Лаўрышаве старажытных рукапісаў, што гэтую даўнасць пацвярджалі [19] .

 

Арганізатары уніі ўсведамлялі  сваю справу як выкананне гістарычнай  місіі не толькі ў межах уласнай дзяржавы - зняцце канфесійнай напружанасці, якая два стагоддзі была вызначальнай рысай жыцця Беларусі, - але і ў абсягу ўсяго хрысціянскага свету - аб'яднанне яго заходняга і ўсходняга адгалінаванняў праз "рускую" царкву. У берасцейскіх артыкулах-умовах яны агаварылі сваё права на ўдзел у будучым глабальным аб'яднанні хрысціянства, на хуткасць якога разлічвалі. Яны былі ўпэўнены ў міратворчай ролі і бяскрыўдным характары сваёй уніі, шчыра да яе імкнуліся і клапаціліся аб добрасумленных і прыстойных метадах распаўсюджвання.

На хвалі абуджаных нацыянальна-рэлігійных пачуццяў абвастраецца гістарычная  памяць грамадства, закіпелі страсці  вакол мінулага, праз прызму якога  ўзнікла патрэба асэнсаваць дамову 1596 г., каб вызначыць месца сваёй  краіны ў агульнарэлігійных працэсах. Гістарычнай аргументацыяй падмацоўвалі свае багаслоўскія, царкоўна-кананічныя і юрыдычныя выкладкі. Ідэолагі уніі націскалі на адзінства папства і патрыярхату ў часы хросту, на страту веры продкаў, якой яна была да расколу 1054 г., апелявалі да нацыянальнай гістарычнай традыцыі пераадолення аднабаковай арыентацыі на візантыйскі Усход. Асаблівыя страсці разгарэліся вакол спадчыны на "Літве і Русі" Фларэнційскага сабора 1439 г., рашэнні якога, прымальныя як для Рыма, так і для Канстанцінопаля, заснавальнікамі уніі ўспрымаліся як сведчанне самой гісторыі на карысць аднаўлення адзінства Кіеўскай мітраполіі з апостальскім прастолам. Яны заяўлялі пра сваю адданасць "духу і літары" фларэнційскага экуменізму, а сваю унію лічылі працягам спраў продкаў.

Гэты наймацнейшы аргумент павінен  быў рабіць неабыякавае ўражанне на грамадства, бо праціўнікі рэлігійнага  адзінства моцна рупіліся ў дыскрэдытацыі  падзеі паўтаравяковай даўнасці. Паслы  ад альтэрнатыўнага сабора 1596 г. заявілі  каралю, што яны рады прыступіць да уніі, але паколькі "з гісторыі відаць, што гэта святое злучэнне колькі разоў не заключалася, усякі раз і разрывалася, таму што не былі ліквідаваны ўсе перашкоды да яго, то і мы, не жадаючы больш без патрэб ствараць такія нетрывалыя справы, жадаем прыступіць да гэтай згоды абачлівей, належнымі сродкамі і шляхамі, каб яна, зацверджаная на моцнай аснове, магла быць доўга і дай бог вечна" [20]. Апазіцыя аб'яднанню цэркваў была не супраць уніі ў прынцыпе, але супраць яе рэгіянальнага характару. Яна хацела універсальнага злучэння дзвюх галін хрысціянства, а адмове ад падначалення патрыярхам і прызнанню прымату папы процістаўляла згоду, заснаваную на парытэце двух суветных хрысціянскіх цэнтраў. У брашуры "История о листрикийском, то есть о разбойническом Ферарском або Флоренском синоде, вкратце правдиво списаная" (1598 г.), заснаванай на варожых да паразумення паміж Канстанцінопалем і Рымам афонскіх і маскоўскіх пісаннях, клірык Астрожскі намагаецца давесці некананічнасць саборных пастаноў 1439 г. І.Пацей адказаў яму навуковым трактатам "Абарона сабору Фларэнційскага осьмага" (1603-1604) [21], у якім даў гістарыяграфію сабора, прааналізаваў крыніцы і на канкрэтных і аўтарытэтных сведчаннях яго рымскіх і візантыйскіх удзельнікаў даказаў яго гістарычную апраўданасць і царкоўную кананічнасць і вывеў генезіс Берасцейскай уніі з яго пастаноў. Гістарычныя выкладкі ананімнай "Перастарогі" (1605 г.) [22] і "Палінодыі" З.Капысценскага (1621 г.) [23] аб ненадзейнасці, нетраваласці, непрыняцці Фларэнційскай традыцыі на "Русі" абвяргала "Абарона царкоўнага адзінства" (Вільна, 1617 г.) [24], у якой Л.Крэуза даводзіў, што унія існавала на "Русі" заўсёды і што цяпер яна ўведзена законна і добрасумленна.

У тагачасных дыскусіях аб гістарычнай  праваце, калі адзін бок настойваў  на нікчэмнасці, а другі - на велічы даўніны, павышалася гістарычная культура грамадства: адбываўся зварот да крыніц, да пазнання і перажывання мінулага далучаліся шырокія слаі насельніцтва.

Можна лічыць І.Пацея першым беларускім гісторыкам, які працаваў з крыніцамі  і ўпершыню надрукаваў крыніцу з  айчыннай гісторыі. Гэта знойдзенае ім у 1605 г. у Крэўскай царкве "Пасланне да папы рымскага Сікста ІV" 1476 г. [25] - калектыўны ліст-заява прадстаўнікоў "рускага" духавенства і знаці ВКЛ аб падтрымцы Фларэнційскай уніі, натарыяльна засведчаны Пацеем у віленскім магістраце і тады ж надрукаваны ў старабеларускай, арыгінальнай, і польскай моўных версіях, з каментарамі, якія ўтрымліваюць элементы крыніцазнаўчага аналізу. Публікацыі папярэднічаў верш "Павучанне аднаго да сваёй Русі", які належыць пяру Пацея і выконвае ролю эпіграфа да ягонай інтэрпрэтацыі "Паслання…". Паэтычнымі радкамі аўтар дастаткова вычарпальна вымалёўвае сітуацыю ў этнакультурным жыцці "рускай" супольнасці ВКЛ і ўзнікшы ў дзяржаве культурна-рэлігійны антаганізм. Сэнс верша - абарона унійнай справы, палеміка з яе праціўнікамі:

"Няўжо ж вашы продкі памыляліся,

 

Што аб згодзе з рымлянамі пільна стараліся?

Пра гэта сведчыць той ліст іх, больш ста гадоў назад пісаны

І да Рыму імі да Сікста пасланы" [26] (пераклад з польскай - С.М.). Такім чынам, постаць аднаго з творцаў Берасцейскай уніі адкрываецца раней невядомымі гранямі - як археографа, крыніцазнаўца і паэта. Праваслаўная апазіцыя падвергла сумневу аўтэнтычнасць "Паслання", абвінаваціўшы мітрапаліта ў фальшаванні дакумента: маўляў, "в нем речь (стыль - С.М.) вся Потеева", хоць і пісаны старым почыркам і чарніламі. Найноўшае даследаванне Г.Я.Галенчанкі здымае шматсотгадовыя сумневы ў сапраўднасці гэтай крыніцы [27].

Берасцейская унія стала этапнай  з'явай у фармаванні гістарычнай  свядомасці грамадства і развіцця гістарычнай  навукі. Салідарызуемся з украінскімі  даследчыкамі І.Кійкам і С.Луканем, што з яе пачынаецца навуковая  гістарыяграфія з умелым выкарыстаннем  архіўнага матэрыялу, яго крытычнай праверкай і публікацыяй. Ля вытокаў айчыннага крыніцазнаўства і гістарыяграфіі стаяў І.Пацей. Пра значэнне гістарычных крыніц для даследчыка мінуўшчыны ён пісаў: "Калі хто апісвае якуюсьці падзею з папярэдніх стагоддзяў ... і не мае у сябе аніводнага даўняга сведчання, той хутчэй заслугоўвае кпіны і насмяяння, чым даверу" [28].

У далейшым ва уніяцкім асяроддзі  сфармавалася цэлая плеяда гісторыкаў еўрапейскага ўзроўню: Я.Суша[29] (сярэдзіна  ХVІІ ст.), І.Кульчынскі[30] (першая палова ХVІІІ ст.), І.Даніловіч (першая палова ХІХ ст.), Ю.Пелеш[31] (другая палова ХІХ ст.) і інш. Вучонага-базыльяніна Ігната Кульчынскага [32] (месцам нараджэння мяркуецца г. Гродна) маскоўскі гісторык Л.В.Аляксеяў называе першым даследчыкам беларускіх старажытнасцяў [33].

Вяртаючыся да народжанай 1596 годам  палемічнай літаратуры, трэба адзначыць, што яна яшчэ не даследавана як з'ява беларускай гістарыяграфіі і  крыніцазнаўства. Даследуючы яе, трэба  мець на ўвазе, што яна ў свой час  фармавала грамадскую думку і  ўплывала на ход падзей.

Палемічны тон першых пакаленняў уніязнаўцаў  залішыўся ў літаратуры і да нашага часу. Апаненты ўзаемна закідваюць адзін аднаго аргументамі, якія, паўтораныя ў дзесятках і сотнях прац, прымаюць нават вучоныя, часам не спыняючыся перад тым, наколькі яны абгрунтаваныя.

У другой палове ХVІІІ ст. гнеўна выступаў супраць уніі ў сваіх публіцыстычных працах магілёўскі ўладыка Георгій Каніскі[34], які даказваў яе незаконнасць на беларускіх землях і лічыў праваслаўе сімвалам іх незалежнасці ад "тлетворнага" ўплыву Захаду.

У Расійскай імперыі і СССР уніяцкай праблематыцы, якая надта ж закранала  пякучыя пытанні сучаснасці, было наканавана доўгае і сумнавядомае жыццё. Навуковая распрацоўка праблемы пачынаецца з канца ХVIII cт, калі змена рэлігійна-палітычнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне Еўропы паставіла пытанне аб далейшым лёсе уніяцкай царквы і ажывіла цікавасць да яе гісторыі, і актывізуецца з 60-х гадоў ХІХ ст., што звязана з пачаткам другога этапа буйнамаштабных рэлігійна-палітычных калізій.

Паказальна, што ля вытокаў навуковага вывучэння беларускай гісторыі як самастойнага прадмета даследавання ў Расійскай  імперыі стаіць праца пра Берасцейскую унію, цікавасць да якой абумоўлена ўдзелам Расіі ў яе лёсе. Яна  напісана ў 1794 г. па загадзе Кацярыны ІІ стацкім саветнікам М.Бантыш-Каменскім  на аснове кампраментуючых уніяцкую царкву дакументаў Калегіі замежных спраў і прызначалася спачатку для  службовага карыстання [35]. Сведчанні, што зыходзілі з уніяцкага  лагера, да ўвагі не прымаліся. Праца, якая падавала гісторыю уніі як летапіс  генацыду беларускага праваслаўнага  насельніцтва, стала навуковым падмуркам  урадавага курса на "выкараненне" уніяцкай царквы, а аўтар узнагароджаны брыльянтавым пярсцёнкам.

Другое выданне кнігі з'явілася  ў 1864 г. [36], калі на афіцыйным узроўні  пачалася новая хваля апалагетыкі  царскай палітыкі на Беларусі. Збіраючыся на пасаду віленскага генерал-губернатара, Мураўёў-вешальнік вывучаў па ёй гісторыю падпарадкаванай яму тэрыторыі, узяў яе з сабой у Вільню як настольную кнігу і чэрпаў з яе аргументы для сваёй рэпрэсіўнай нацыянальна-рэлігійнай палітыкі.

З лёгкай рукі Бантыш-Каменскага уніяцкая царква на наступныя два стагоддзі займела ў афіцыйнай гістарыяграфіі імідж ворага беларускага народа і яго культуры. Ніякіх кніг у абарону уніі расійская цэнзура не дазваляла, статутам 1828 г. яна забараняла абмеркаванне царкоўна-рэлігійных пытанняў у друку, таму палажэнні першага расійскага уніязнаўцы паволі ўплывалі на фармаванне варожых адносін да гэтай канфесіі. Яе галоўная віна бачылася ў тым, што яно скіравала Беларусь у такое рэчышча рэлігійна-культурнага развіцця, якое разышлося са шляхам расійскай народнасці. Багатая на вытрымкі з крыніц і дакументальныя дадаткі, гэтая кніга аказала вялікі ўплыў на ўсю наступную ўсходнеславянскую гістарыяграфію і да нашага часу выкарыстоўваецца ў якасці крыніцы, найперш, прадстаўнікамі дыскрэдытацыйнага кірунку гістарыяграфіі.

Такім чынам, адначасова з урадавымі рэпрэсіямі супраць уніяцтва рэпрэсіраваць яго пачалі і гісторыкі

Царская ўлада і Сінод мабілізуюць "вернападдадзеных" гісторыкаў, пачынаючы з Бантыш-Каменскага, на выпрацоўку навуковага і ідэалагічнага абгрунтавання сваёй палітыкі аправаслаўлівання уніятаў. Падпарадкаваная апраўданню палітычнай, 1772-1795 гадоў, і культурна-рэлігійнай, 1839 года, інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі, доказу справядлівасці, законнасці і "благодетельности" ліквідацыі уніяцкай царквы, уся афіцыйная гістарыяграфія імперыі канца ХVІІІ - пачатку ХХ ст. трактавала гісторыю уніі ў духу ўвараўскай формулы "праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць". Яна навязвае грамадскай свядомасці тэзіс аб выратавальнай ролі расійскага самадзяржаўя ў лёсе беларусаў і сваё разуменне этнаканфесійнай падаплёкі забароны уніяцтва. Яго сутнасць у наступным: на забраных у канцы ХVІІІ ст. землях Рэчы Паспалітай жыў рускі, ці расійскі народ, які цярпеў рэлігійны ўціск, таму Расія мела маральны абавязак прыйсці гэтаму народу на дапамогу і гістарычнае права захопу тых зямель, а ліквідацыя уніяцтва зрабіла для яго магчымым вярнуцца да веры бацькоў і аднавіць падпсаваную уніяй "рускасць". З цягам часу такую трактоўку уніі прымаюць і айчынныя гісторыкі.

Аднак у першай палове ХІХ ст. спалітызаваную вялікадзяржаўную канцэпцыю гісторыі Берасцейскай уніі падрывалі працы  прафесароў Віленскага універсітэта Міхаіла Баброўскага, Ігната Даніловіча, Ігната Анацэвіча, а таксама выдатных вучоных Платона Сасноўскага, Антона Марціноўскага. Усе яны - выхадцы з сямей прыходскіх уніяцкіх святароў, што ўжо само па сабе паказальна. Разам з прафесарам Язэпам Ярашэвічам і Тэадорам Нарбутам яны ўтварылі апазіцыйны ўрадаваму кірунак гістарыяграфіі і заклалі падмурак нацынальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі [37]. Унія здавалася ім той рэлігіяй, што спрыяла захаванню Літвой-Беларуссю сваёй незалежнай пазіцыі паміж Польшчай і Расіяй. З уніяй, з захаванымі ў ёй старымі звычаямі і абрадамі яны звязвалі гістарычную і нацыянальную асобнасць нашага краю. Калі першы гістарыяграфічны кірунак, які, у прыватнасці, прадстаўляла праца Бантыш-Каменскага, маляваў унутранае жыццё далучаных да імперыі тэрыторый пад мінулым уладаннем усялякімі змрочнымі фарбамі, то для другога, прадстаўленага віленскай прафесурай беларускага паходжання, характэрны настальгія і ідэалізацыя "старога добрага мінулага". Будучы самі царкоўнымі дзеячамі, Платон і яго бацька Антон Сасноўскія, а таксама Міхаіл Баброўскі імкнуліся захаваць беларускую плынь і стараславянскі дух ва уніяцтве, надта крытычна ацэньвалі дзейнасць базыльянскага ордэна і разглядалі мінулае сваёй Радзімы ў кантэксце мінулага і тагачаснага стану уніяцкай царквы.

Пачынальнік беларускага славяназнаўства  Зарыян Даленга-Хадакоўскі (Адам Чарноцкі) яшчэ ў 1810-1820-я гады канстатаваў факт падтрымкі ніжэйшым беларускім і ўкраінскім уніяцкім духавенствам і сялянствам даўніх звычаяў, традыцый і народнай мовы [38].

Адным з першых ураджэнцаў Беларусі, хто спецыяльна заняўся пытаннямі  царкоўнай гісторыі, быў Іван Іванавіч Грыгаровіч (паходзіць з Прапойска  Магілёўскай губерні). Вынікам яго  працы былі даведнік "Беларуская іерархія", рукапіс якога, накіраваны для ўхвалення ў Сінод, больш  за 170 гадоў праляжаў ў яго архіве [39], і першы ў беларускай навуцы археаграфічны зборнік "Белорусский архив древних грамот" [40], які ўтрымлівае каштоўныя крыніцы і па гісторыі канфесій.

З 30-х гадоў ХІХ ст. у гістарыяграфіі пашыраецца цікавасць да пытанняў нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі, з якімі цесна звязана уніяцкая праблематыка. Але дзейнасць даследчыцкіх устаноў і вучоных скіроўваецца ўрадам у раней зададзенае рэчышча самадзяржаўя, праваслаўя і русіфікацыі. Пасля Бантыш-Каменскага 50 гадоў ніхто не займаўся спецыяльным даследаваннем уніі. Доўгае маўчанне гісторыкаў тлумачыца заблытанасцю прадмета, недахопам даступнай літаратуры і крыніц, а таксама, відаць, забаронай публічнага абмеркавання пытанняў у сувязі з узятым урадам курсам на рэфармаванне уніі і звужэнне сферы яе ўплыву.

Унія дажывала свае апошнія дні  і ў 1839 г. была знішчана. Закліканая апраўдаць гэты акт і распаліць  праваслаўна-расійскі патрыятызм, прапагандысцкая  брашура, якая выйшла ў тым жа годзе  з друкарні Сінода [41], настойліва падкрэслівала, што два с паловай стагоддзі Берасцейская унія разрывала адзіную да таго ўсходнеславянскую (рускую) сям'ю. Але, хаця лідары уніяцтва "ўхіліліся" да Захаду і імкнуліся рабіць шараговых вернікаў "чужымі … прамой Бацькаўшчыне іх - Расіі", тыя "ніколі не адвыкалі называць сябе і сваю веру "рускімі" і заставаліся чужым для Польшчы племям. Відавочна, што аўтар, які застаўся для нас ананімам, свядома ігнараваў розніцу ў гістарычным і сучасным разуменні этноніма "рускі". Падрыхтаваны тады па заданні Трэцяга аддзялення імператарскай канцылярыі і змешчаны ў замежнай прэсе артыкул пра скасаванне уніі, з адказам "шматлікім нядобразычліўцам Расіі", быў выкліканы клопатам пра адпаведны міжнародны рэзананс вакол гэтага факта.

У сярэдзіне ХІХ ст. помнікі уніяцтва на Беларусі апісвалі М.Без-Карніловіч [42], Ф.Турчыновіч [43], П.Шпілеўскі [44], пазней - А.Кіркор [45] і інш. У 1862-1863 г. узяў уніяцкую царкву пад сваю абарону К.Каліноўскі, якога веравызнаўчая праблема цікавіла найперш з пазіцыі нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і самадзейнасці беларусаў. У апошніх нумарах "Мужыцкай праўды" ён асудзіў рэлігійную палітыку самадзяржаўя на Беларусі і выступіў супраць падаўлення праваслаўем уніяцтва, якое лічыў "сапраўднай верай дзядоў і прадзедаў" [46].

Сістэматычнае спецыяльнае вывучэнне  гісторыі Берасцейскай уніі пачынаецца з другой паловы ХІХ ст. На цэлую палову стагоддзя яна трывала прапісалася на старонках манаграфій і перыёдыкі.

Глава 2

Канцэпцыя Берасцейскай уніі М.О.Каяловіча

Першым беларускім гісторыкам, які  заняўся спецыяльным даследаваннем  Берасцейскай уніі, быў Міхаіл Осіпавіч Каяловіч (1828-1891) - ураджэнец мястэчка Кузніца Сакольскага павета Гродзенскай  губерні (цяпер Беластоцкае ваяводства Польшчы), выхадзец з сям'і уніяцкага  святара, у якой захаваўся стары  беларускі быт, звычаі, мова, якая, аднак, дыскамфортна адчувала сябе ў рымска-каталіцкім атачэнні і бачыла ў Расіі адзінага абаронцу ад гістарычнага польскага ўціску. Уніяцкай праблематыкай ён захапіўся падчас вучобы ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, сама атмасфера якой - барацьба за ўзвышэнне праваслаўя - штурхала да распрацоўкі гэтай тэмы. Гэта быў блізкі і родны яго сэрцу прадмет, забяспечаны найбагацейшай, яшчэ нікім не кранутай базай крыніц, але зусім не распрацаваны, які да таго ж выклікаў жывую цікавасць сучаснікаў. Мінала другое дзесяцігоддзе пасля дэнансацыі ў 1839 г. Берасцейскай уніі, а яе поўная гісторыя яшчэ не была напісана. "Историческое известие о возникшей в Польше унии" Бантыш-Каменскага - праца пяцідзесяцігадовай даўнасці - ужо не магла задаволіць тагачаснага чытача.

Прыступіў М.Каяловіч да распрацоўкі  гісторыі уніі ў той час, калі Беларусь пад знешнім спакоем і правінцыйнасцю кіпела страсцямі вакол мінулага і сучаснасці, а Пецярбург і Варшава сапернічалі, намагаючыся павесці яе менавіта па свайму шляху развіцця. Берасцейская унія ўяўлялася яму тым вузлом, развязаўшы які, можна было шмат што зразумець і растлумачыць у беларускай мінуўшчыне.

Пачынаючага даследчыка, які любіў  свой народ, але не бачыў у ім самастойнага этнаса, а разглядаў як частку рускага, і які бачыў выратаванне сваёй радзімы у саюзе з адзінавернай Масквой, вельмі хвалявала пытанне: куды - на Усход ці Захад - схіліцца ў пошуках лепшай долі "Заходняя Русь". Трэцяга шляху - шляху асобнасці - ён не дапускаў. Гэты выбар, на яго думку, напрамую залежаў ад вырашэння уніяцкага пытання: захаванне уніяцтва несла ў сабе пагрозу адрыва Белай і Малой Русі ад "традыцыйнага" расійска-праваслаўнага гістарычнага шляху развіцця; аправаслаўліванне ж беларусаў "магло зняць нацыянальныя адрозненні" з расіянамі і цясней звязаць гэты край з імперыяй. Для Міхаіла Осіпавіча, які свой талент вучонага паставіў на службу навуковага абгрунтавання вяртання свайго народа на ўсходне-праваслаўны шлях развіцця, у лёсе уніі нібы сканцэнтраваўся лёс усёй "Заходняй Расіі".

Ён так захапіўся дадзенай праблемай, што "дыхаў ёй і мроіў аб ёй у сне". З таго часу даследаванне гісторыі уніі стала любімым заняткам і справай усяго жыцця Каяловіча. Гэта праца прынесла яму прызнанне ў вышэйшых афіцыйных колах імперыі і ў сталічным навуковым свеце, зрабіла яго імя папулярным сярод славянафілаў і мясцовых "западно-руссов", дала прафесарскае званне, зрабіла прызнаным знаўцам гісторыі "Заходняй Расіі", але і спарадзіла нямала нядобразычліўцаў і крытыкаў сярод "літвінаў - патрыётаў", у беларускай нацыянальнай і польскай гістарыяграфіі, сярод расійскіх "западников". Адназначнай ацэнкі навуковай спадчыны і грамадскай дзейнасці Міхаіла Осіпавіча няма да сённяшняга дня [47].

Сваю канцэпцыю гісторыі уніі М.Каяловіч выклаў у шэрагу навуковых прац, публіцыстычных артыкулаў, падрыхтаваных  ім да друку зборніках дакументаў. Разлічаныя ў першую чаргу на расійскага чытача, пецярбургскую інтэлігенцыю, вышэйшыя колы імперыі, яго творы  з'яўляліся своеасаблівым адказам  на іх жаданне разабрацца ў заблытаным клубку беларускай гісторыі, але гэтую  гісторыю яны ўкладвалі ў расійскі кантэкт. Пецярбургская палітычная і навуковая эліта бачыла ў ім новага і самага актыўнага прадстаўніка заходнерускага грамадства, якое ў асобе М.Каяловіча заяўляла аб нянавісці да Польшчы і сімпатыі да Расіі.

Пасля выхада ў 1859 г. у свет першага  тома "Литовской церковной унии" папулярнасць 30-гадовага вучонага стала  хутка расці. З выхадам другога тома (1861 г.) [48] аўтар атрымаў званне прафесара. Намер напісаць трэці том і абнародаваць у ім даступныя аўтару дакументы уніяцкага паходжання не быў здзейснены. Прыхільна сустрэтая ў Пецярбургу, названая праца дагэтуль з'яўляецца адпраўной кропкай для ўсіх, хто займаецца гісторыяй уніі.

Паўстанне К.Каліноўскага, лозунгі якога аб адраджэнні Рэчы Паспалітай у межах да 1772 г. М.Каяловіч не прыняў, надзвычай абвастрыла для гісторыка пытанне: з кім жа быць Беларусі - з каталіцкай Польшчай або з адзінавернай Расіяй? Адказам на гэта пытанне з'явілася публікацыя ў 1864 г. яго "Лекций по истории Западной России" [49]. Шырокі рэзананс у еўрапейскай грамадскай думцы, выкліканы як самім паўстаннем, так і яго задушэннем, вымусіў расійскі ўрад тлумачыць сваю палітыку. Гэтай мэце служыла і серыя падрыхтаваных М.Каяловічам дакументальных публікацый, перадусім выдадзены ў 1865 г. "для правячых сфер Расіі і Еўропы" зборнік тэндэнцыйна падабраных "Документов, объясняющих историю Западно-русского края и его отношения к России и к Польше" [50].

У 70-я гады прафесар займаецца даследаваннем  апошняга этапа існавання уніяцтва, які завяршыўся яго скасаваннем, вывучае масу уніяцкіх спраў, перададзеных у 1839 г. у архіў Сінода. Вынікам гэтай працы стала доктарская дысертацыя "История воссоединения западнорусских униатов старых времен (до 1800 г.)"[51], нядаўна перавыдадзеная на Беларусі [52].

Каяловічаўская ацэнка 1839 года і  падзей, што да яго прывялі, знайшла  адлюстраванне ў яго шматлікіх  публікацыях з нагоды паўвекавой гадавіны Полацкага сабора і ў  першую чаргу ў працы "К предстоящему пятидесятилетию воссоединения западнорусских униатов 1839 года" [53]. З-пад пяра гісторыка выходзяць панегірыкі, прысвечаныя "ліквідатарам" уніі Іосіфу Сямашку і Васілю Лужынскаму [54]. Адыёзная (нават сярод сучаснікаў) постаць літоўскага епіскапа І.Сямашкі намаганнямі М.Каяловіча і выхаваных у духу яго прац гісторыкаў пераўбіраеца ў тогу вызваліцеля беларусаў.

Берасцейская уния. 2