Беларуская сатыра ваеннага перыяду (1941-1945)



Змест                                                       

     Уступ.......................................................................................................3

 

Раздзел 1. Характар сатырычнай прозы  перыяду Вялікай 

Айчыннай вайны.........................................................................................6

 

1.1.Асноўныя сатырычныя выданні  і развіццё перыядычнага друку

ў гады Вялікай Айчыннай вайны..............................................................8

 

1.2. Вытокі сатырычнай прозы перыяду Вялікай Айчыннай вайны і

яе ідэйна-тэматычная накіраванасць........................................................12

  

1.3. Мова і мастацкія  сродкі сатырычнай прозы перыяду  1941-

1944 гадоў...................................................................................................25

 

Раздзел 2. Асаблівасці  сатырычнай паэзіі перыяду Вялікай

Айчыннай вайны........................................................................................31

    

2.1.  Вытокі сатырычнай  паэзіі 1941-1945 гадоў.....................................31

    

2.2. Ідэйна-тэматычная  накіраванасць твораў.........................................36

    

2.3. Мастацкія сродкі і мова  сатырычных твораў перыяду Вялікай

      Айчыннай  вайны..................................................................................50

 

     Заключэнне............................................................................................59          

 

     Спіс выкарыстаных  крыніц..................................................................62

 

 

 

 

Уступ

Сярод шматлікіх відаў  мастацтва сатырычная літаратура займае асобае месца. Яна з даўнейшых  часоў з’яўляецца важнейшым сродкам  грамадскага ўздзеяння. Дасціпны жарт, меткі верш, выкрывальны фельетон, востры под-піс пад малюнкам – гэта якраз тыя творы, якія заўсёды выклікаюць у чытача вялікую цікавасць, і да якіх ён ніколі не застаецца абыякавым. Сатырычнае слова, прызначанае выкрываць і біць, заўсёды дасягае сваёй мэты.

Мы выбралi ў якасцi тэмы дыпломнай працы «Беларуская сатыра ваеннага перыяду (1941-1945) ».   Гэтую тэму мы вырашылi ўзяць для вывучэння таму, што лiчым вельмi важнай. Маладое пакаленне мала ведае пра тыя  часы, цяжкія не толькі для творчых людзей таго часу, але і ўсяго свету ўвогуле. А проза і паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны – гэта своеасаблівы крык душы пісьменнікаў, якія сваімі вачамі бачылі жахі вайны.   

 Мэтай дыпломнай працы з’яўляецца раскрыццё характару беларускай сатыры ваеннага перыяду, асаблiва яе антыфашысцкай накіраванасцi, адзначэнне агульначалавечых матываў у творах перыяду ВАв.

Пастаўленая мэта дасягаецца пры вырашэнні наступных задач:

     1. Ахарактарызаваць асноўныя сатырычныя выданні і працэс развіцця перыядычнага   друку ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

      2. Вызначыць вытокі сатырычнай прозы перыяду Вялікай Айчыннай                вайны і яе ідэйна-тэматычную накіраванасць.

      3.  Разгледзець  мову і мастацкія сродкі сатырычнай  прозы перыяду                1941-1945 гадоў.

      4. Вызначыць  вытокі сатырычнай паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай                вайны і яе ідэйна-тэматычную накіраванасць.

       5.  Разгледзець мову і мастацкія  сродкі сатырычнай прозы перыяду                1941-1945 гадоў.

        Перад тым, як прыступіць да раскрыцця тэмы дыпломнай працы лічым неабходным звярнуць увагу і спыніцца на ролі сатырычнай лiтаратуры.

Беларуская сатырычная літаратура мае свае традыцыі, якія глыбокімі карэннямі ўваходзяць у гісторыю вуснай народнай паэтычнай  творчасці.

Беларуская сатыра расла  і выхоўвалася на баявых традыцыях рускай прагрэсіўнай сатырычнай літаратуры. Яна заўсёды насіла рэвалюцыйны характар. Яе вастрыё заўсёды было накіравана супраць іншаземных і мясцовых прыгнятальнікаў. Сатырычная літаратура іграла вялікую ролю ў рэвалюцыйнай барацьбе беларускага народа за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, за сваю мову, звычаі, культуру, за аб’яднанне з братнім рускім народам.

Савецкая літаратура прыняла ў спадчыну найлепшыя  традыцыі дарэвалюцыйнай сатыры. Разам з тым яна набыла шматлікія рысы і якасці, абумоўленыя новымі грамадскімі адносінамі, новымі мэтамі, задачамі і ўмовамі жыцця.

Пры напiсаннi дыпломнай працы вывучана і выкарыстана 35 літаратурных крыніц. Самай значнай працай з’яўляецца кніга А.П.Багровай “Беларуская сатырычная літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны”. У ёй разглядаецца сатырычная творчасць буйнейшых беларускіх пісьменнікаў: Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, К.Крапівы, М.Танка, П.Глебкі, П.Броўкі і інш. у гады Вялікай Айчыннай вайны, аналізуюцца ідэйна-тэматычная накіраванасць і характэрныя асаблівасці ўсёй беларускай сатыры ваеннага часу, а таксама асвятляюцца ўзнікненне, характар і роля асноўных беларускіх сатырычных выданняў, раскрыты псеўданімы і аўтарства непадпісаных твораў. Таксама значнай крыніцай з’яўляецца кніга Сачанкі І.І. “Публіцыстыка беларускіх пісьменнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны”. У гэтай кнізе аўтар робіць спробу даследаваць публіцыстычную спадчыну беларускіх пісьменнікаў перыяду вайны. У гісторыка-сацыялагічным і эмацыянальна-эстэтычным планах разглядаюцца асноўныя напрамкі разнастайнай і плённай творчасці паэтаў і празаікаў Беларусі ў друку таго суровага часу. Але ў асноўным пытанні сатыры ваенных гадоў разглядаюцца ў асобных артыкулах С.Квіценя, З.Падліпскай, П.Шчэрбы, Н.Янкоўскага і інш.

Наша дыпломная праца складаецца з уступу, асноўнай часткi i заключэння. У асноўнай частцы мы паспрабуем  раскрыць i вырашыць пастаўленыя задачы ў наступных раздзелах: “Характар сатырычнай прозы перыяду Вялікай Айчыннай вайны”, “Асаблівасці сатырычнай паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай вайны”.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Раздзел 1. Характар сатырычнай прозы перыяду Вялікай  Айчыннай

                                                          вайны

Адной з найбольш цікавых  і значных старонак гісторыі савецкай сатыры з’яўляецца сатырычная літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Ваенная сатыра стала важнай састаўной часткай у агульным працэсе мастацкай творчасці савецкіх пісьменнікаў, якія ва ўмовах смяротнай барацьбы з ворагам узялі на сябе вялікую і адказную задачу – дапамагчы Камуністычнай партыі падняць і павесці народ на ворага.

Сатыра – надзвычай  выразны, даходлівы і найбольш эфектыўны  ў сэнсе хуткага ўздзеяння  на чытача від мастацтва. Яна здольна  адклікацца на самыя надзённыя і  неадкладныя патрабаванні сучаснасці. У яе распараджэнні мноства жанраў, сродкаў, прыёмаў. Аднак спецыфіка сатырычнай літаратуры патрабуе ўмелага выкарыстання закладзеных у ёй магчымасцей. Толькі своечасова ўзнятая на вастрыё сатыры тэма, правільна абраная форма твора, адпаведны тон і патрэбная інтанацыя, поўны ўлік патрабаванняў, якія прад’яўляюць да сатыры жыццё і чытач, толькі спалучэнне ўсяго гэтага робіць сатыру дзейснай, здольнай аказаць уздзеянне на шырокага чытача.

Гісторыя сусветнай літаратуры паказвае, што найбольшага росквіту сатыра дасягае ў эпоху абвастрэння класавай барацьбы.

З першых дзён фашысцкага нашэсця  савецкія пісьменнікі разам з  народам мужна ўступілі ў смяротны бой з ворагам. Кожны пісьменнік быў гатоў усе свае сілы, вопыт, талент, сваё жыццё аддаць справе свяшчэннай вайны супраць ворагаў нашай Радзімы. Яны стварылі многа выдатных мастацкіх твораў, якія трывала ўвайшлі ў скарбніцу здабыткаў нашай культуры. Іх мужнае і праўдзівае слова даходзіла да шырокіх народных мас. Яно гучала са старонак газет “Правда”, «Известия», «Красная звезда», «Труд», «За Советскую Беларусь», «За свободную Беларусь», “Савецкая Беларусь”, “Раздавім фашысцкую гадзіну” і інш.

Вобразы і тэмы літаратурных твораў перыяду вайны знаходзіліся ў  цеснай сувязі з падзеямі, якія адбываліся ў той грозны час. Беларускія паэты  і празаікі адлюстроўвалі гераічную барацьбу савецкага народа з фашысцкімі захопнікамі на франтах Айчыннай вайны і ў тыле ворага.

Пачуццё нянавісці да ворагаў, пачуццё  кіпучага гневу да гітлераўскіх забойцаў-катаў, а таксама аптымістычныя настроі  з асаблівай сілай былі выказаны ў шматлікіх фельетонах, памфлетах, байках і іншых сатырычных творах. Разумеючы сатыру як дзейсны сродак барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, да яе звярталіся многія беларускія пісьменнікі – Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Міхась Лынькоў, Пятро Глебка, Максім Танк, Пятрусь Броўка, Анатоль Астрэйка і інш.

      Каб уплываць на чытача, знайсці з ім поўнае ўзаемаразуменне, пісьменнікам прыходзілася ўвесь час шукаць такія тэмы, вобразы, жанры, формы і мастацкія сродкі, якія найлепш адлюстроўвалі б падзеі, адпавядалі агульнаму настрою, адказвалі б на пытанні чытача, накіроўвалі яго і вялі па шляху да перамогі. Вось чаму беларуская сатыра часоў Вялікай Айчыннай вайны вылучаецца ў гісторыі нашай літаратуры не толькі адметнай тэматыкай, звязанай з ваеннымі падзеямі, але і той своеасаблівай эвалюцыяй форм і жанраў, якую яна прайшла на працягу ваенных год, багаццем вобразаў і прыёмаў.

Сатырычная творчасць  беларускіх пісьменнікаў перыяду Вялікай  Айчыннай вайны прадстаўляе сабою вялікую цікавасць. Гэта з’ява значная як з пункту гледжання вывучэння гісторыі беларускай літаратуры наогул, так і з пункту гледжання больш глыбокага знаёмства з творчымі біяграфіямі асобных аўтараў. Даследаванні творчасці многіх пісьменнікаў не могуць лічыцца поўнымі, калі ў іх не асветлена дзейнасць гэтых аўтараў у час Вялікай Айчыннай вайны, менавіта як сатырыкаў.

У працы аналізуюцца агульная ідэйна-тэматычная накіраванасць і асноўныя, найбольш характэрныя асаблівасці беларускай сатыры ваеннага часу; адзначаюцца асобныя факты сатырычнай дзейнасці пісьменнікаў Беларусі: Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Петруся Броўкі, Максіма Лужаніна і інш.; асвятляюцца характар і роля асноўных беларускіх сатырычных выданняў разглядаемага перыяду.

1.1.  Асноўныя сатырычныя выданні і развіццё перыядычнага друку

ў гады Вялікай  Айчыннай вайны

Беларуская сатыра ў  гады Вялікай Айчыннай вайны распаўсюджвалася галоўным чынам праз сатырычны лісток “Партызанская дубінка” і асабліва праз сатырычную газету “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Тут была надрукавана пераважная большасць фельетонаў, жартаў, баек, сатырычных вершаў беларускіх пісьменнікаў, напісаных у той час.

Газета “Раздавім  фашысцкую гадзіну” пачала выдавацца  з самага пачатку вайны. Некалькі нумароў газеты выйшла на рускай мове, таму, што першапачаткова выдавалася пры газеце “Звязда”, якая таксама друкавалася на рускай мове. Спачатку газета “Раздавім фашысцкую гадзіну” выходзіла ў Гомелі. Тут выйшла яе трынаццаць нумароў. Затым для беларускага друку быў арганізаваны цягнік-друкарня, які 17 жніўня 1941 года выехаў на Маскву. Супрацоўнікі рэдакцыі працавалі над выпускам газеты, выкарыстоўваючы для гэтага кожны зручны момант. Яны ў часе свайго вымушанага падарожжа распаўсюджвалі газету самі. Мясцовыя камсамольцы і актывісты дапамагалі ім: яны расклейвалі газету, чыталі яе па хатах, перадавалі з рук у рукі, з вёскі ў вёску, выконваючы такім чынам указанне рэдакцыі: “Прачытай і перадай другому”.

З прыездам у Маскву газета “Раздавім фашысцкую гадзіну” становіцца самастойным выданнем. У склад рэдакцыі ўвайшоў вядомы беларускі сатырык Кандрат Крапіва і стаў яе кіраўніком.

Першыя нумары газеты як па афармленню, так і па змесце нагадвалі ілюстраваную адозву, плакат. На старонках газеты змяшчаліся выразныя эмацыянальныя малюнкі плакатнага тыпу, якія суправаджаліся лозунгамі і кароткімі вершаванымі подпісамі, што заклікалі чытача быць пільным, ісці ў апалчэнне, у партызаны, стаяць грудзьмі за свае родныя гарады і вёскі.

Літаратурныя творы, якія друкаваліся ў газеце на першым этапе вайны, не маглі вызначацца ні багаццем жанраў, ні разнастайнасцю тэматыкі, ні дасканаласцю мастацкай апрацоўкі. Аднак злабадзённасць матэрыялу, яго ідэйная насычанасць і грамадзянскі пафас забяспечылі поспех газеты.

Большасць сатырычных тэкстаў, якія друкаваліся ў газеце “Раздавім фашысцкую гадзіну” і ў іншых выданнях, асабліва ў пачатку вайны, была напісана вершамі. На кароткія рыфмаваныя радкі ўскладалася вялікая сэнсавая нагрузка.

Спачатку сатырычны  верш з’явіўся ў газеце “Раздавім фашысцкую гадзіну” як твор плакатны. Пазней тэматыка, сюжэт, кампазіцыйная будова, знешняя форма сатырычнага верша сталі даволі разнастайнымі. Сатырычны верш выступае ўжо ў якасці кароткага подпісу пад малюнкам і як самастойны, даволі значных памераў сюжэтны твор, як зарыфмаванае, сатырычна аформленае інфармацыйнае паведамленне, як частушка і прыказка, сатырычная паэма, вершаваны фельетон і г.д.

Проза ў газеце “Раздавім  фашысцкую гадзіну” пачала друкавацца не адразу. Толькі з лютага 1942 года на старонках газеты ўсё часцей і часцей з’яўляюцца фельетоны, гумарэскі, анекдоты, апавяданні, напісаныя прозай.

         Спецыяльныя карэспандэнты неаднаразова прабіраліся ў тыл ворага, каб у непасрэднай блізкасці вывучаць быт і барацьбу партызан, асвятляць іх гераічныя справы праз сваю газету. Спецкоры ў тыле былі пісьменнікамі-салдатамі ў літаральным сэнсе слова. Жывучы сярод партызан, яны былі актыўнымі ўдзельнікамі іх баявых спраў, сустракаліся з народнымі мсціўцамі ў іх штодзённым жыцці, слухалі іх апавяданні пра розныя здарэнні і прыгоды. Карэспандэнцыі, якія прысылалі спецкоры з варожага тылу, былі заснаваны на фактычным матэрыяле. Так, у аснову вядомых вершаваных апавяданняў пра партызана дзеда Міхеда, напісаных Анатолем Астрэйкам, пакладзены асабістыя назіранні аўтара і расказы яго таварышаў.

Газета “Раздавім  фашысцкую гадзіну” аказвала значны ўплыў у сэнсе афармлення і  падбору матэрыялаў на іншыя беларускія сатырычныя выданні, што выходзілі як на акупіраванай немцамі тэрыторыі, так і ў партызанскай зоне. З газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну” у іх іншы раз перадрукоўваліся карыкатуры і сатырычныя тэксты. Па яе ўзору састаўляліся асобныя нумары лістоўкі-плаката “Партызанскае слова”, якое выдавалася на Вілейшчыне, і сатырычны лісток “Партызанскае жыгала”, што выходзіў пры Мірскім райкоме партыі ў глыбокім тыле ворага.

Побач з газетай “Раздавім  фашысцкую гадзіну” ў Маскве  некаторы час выходзіла і другое значнае беларускае сатырычнае выданне  – “Партызанская дубінка”.

“Партызанская дубінка” пачала сваё існаванне ў сакавіку 1942 года. Спачатку яна выдавалася пры газеце “За свабодную Беларусь”, а пазней стала самастойным выданнем ЦК КП (б)Б. Прызначалася “Партызанская дубінка” для засылкі ў тыл ворага, да партызан. Названая “Партызанскай дубінкай” газета-лістоўка павінна  была задавальняць патрабаванні, звязаныя з жыццём і барацьбой народных мсціўцаў у тыле ворага. Трэба было, каб друкаванае слова, прысланае з-за лініі фронта, з Вялікай зямлі, раскрывала сапраўдную сутнасць фашысцкіх планаў і мерапрыемстваў, паказвала ілюзорнасць ваенных поспехаў фашысцкай арміі, накіроўвала чытачоў на актыўную барацьбу з ворагам, паведамляла жыхарам часова захопленай немцамі Беларусі аб становішчы на фронце і ў тыле.

Беларуская сатырычная літаратура распаўсюджвалася не толькі праз спецыяльныя сатырычныя выданні “Раздавім фашысцкую гадзіну”, “Партызанская дубінка”, але і іншымі шляхамі. Ужо ўпаміналіся такія выданні, як лістоўка-плакат “Партызанскае слова” і сатырычны лісток “Партызанскае жыгала”.

Дасціпныя сатырычныя творы  сустракаюцца на старонках многіх іншых падпольных выданняў, сярод якіх вызначаюцца вядомая ў партызанскім падполлі “Кніжка-малышка – фашыстам крышка”, а таксама асобныя сатырычныя лістоўкі і плакаты, што выходзілі пры раённых газетах і інш. Засылаліся да партызан асобныя нумары часопіса “Франтавая ілюстрацыя” і газеты “Фронтовой юмор”, дзе змяшчалася многа твораў беларускай сатырычнай літаратуры. Акрамя таго, пры газеце “Савецкая Беларусь” выходзіў літаратурны дадатак, у якім таксама друкавалася вялікая колькасць сатырычных вершаў, жартаў і іншых твораў беларускіх пісьменнікаў.

Сатырычныя матэрыялы, якія друкаваліся ў газеце “Раздавім  фашысцкую гадзіну”, лістку “Партызанская  дубінка”, у цэнтральных і падпольных газетах, плакатах і лістоўках, асаблівай  папулярнасцю карысталіся сярод  насельніцтва часова акупіраванай Беларусі. Яны дапамагалі партызанскім агітатарам праводзіць цікавыя гутаркі па вёсках. Многія творы жыхарамі і партызанамі завучваліся напамяць.     Безумоўна, што выданне спецыяльных беларускіх сатырычных органаў і масавае друкаванне сатыры на старонках беларускай прэсы адыграла станоўчую ролю ў справе ідэалагічнай барацьбы з ворагам, асаблівава ў яго тыле.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

1.2. Вытокі сатырычнай прозы перыяду Вялікай Айчыннай вайны і

яе ідэйна-тэматычная накіраванасць.

Нараджэнне беларускай сатыры Вялікай Айчыннай вайны прыпадае на першыя дні нападу гітлераўскай Германіі на нашу краіну. Гэта былі вельмі напружаныя, цяжкія для нас дні. Многія людзі не адразу зразумелі сутнасць становішча і свае абавязкі ў новых, выкліканых вайной абставінах. Людзі хацелі пачуць шчырае і праўдзівае слова, якое б магло падбадзёрыць, павесці за сабою, падказаць, што трэба рабіць. У такіх умовах узрасла роля камуністычнай агітацыі.

Беларуская сатырычная літаратура на першым этапе вайны  заклікана была садзейнічаць мабілізацыі ўсіх сіл і сродкаў савецкага народа для ўпартага супраціўлення нямецка-фашысцкім захопнікам і арганізацыі пераможнай вайны з імі. Увага беларускіх сатырыкаў была накіравана на тое, каб паказаць савецкаму насельніцтву ўсю глыбіню небяспекі, якая навісла над краінай. У гэты час на старонках газет і плакатаў з’явіліся выразныя сатырычныя малюнкі з подпісамі, якія заклікалі рашуча змагацца з ворагам. Гэтыя подпісы пад малюнкамі і былі першымі спробамі таго магутнага голасу, які ўзняла беларуская сатырычная літаратура супраць вераломнага і лютага ворага.

З першых дзён фашысцкага нашэсця савецкія пісьменнікі разам  з усім народам мужна ўступілі ў смяротны бой з ворагам. Кожны  пісьменнік быў гатоў усе свае сілы, вопыт, талент, сваё жыццё аддаць справе свяшчэннай народнай вайны супраць ворагаў нашай Радзімы.

Сусветна вядомыя празаікі і паэты ўвесь свой талент аддавалі публіцыстыцы. “Ад дывізіённай газеты да вялікіх артыкулаў у цэнтральнай  прэсе, - пісаў М.Ціханаў, - ад памфлета да лістоўкі, ад звароту да кароткага водгуку на ўсіх франтах і ў тыле – усю разнастайнасць публіцыстычнага жанру ўзялі на ўзбраенне пісьменнікі”.

Як байцы, прымаючы прысягу  на вернасць Радзіме, выходзілі савецкія пісьменнікі на самы перадавы рубеж  барацьбы, каб знішчальнай сілай мастацкага слова або непасрэдна куляй, гранатай, штыком біцца з ворагам не на жыццё, а на смерць.

Неабходнасць страсным мастацкім словам штодзённа клікаць  савецкі народ на барацьбу патрабавала  ад паэтаў і празаікаў непасрэднай  працы або актыўнага супрацоўніцтва ў перыядычным друку. Газеты, радыё станавіліся перадавой пазіцыяй савецкіх літаратараў.

         У памфлеце “Татальныя рызманы і анучы” адсутнічае прамы заклік М.Танка да воінаў і партызан знішчаць гітлераўскіх захопнікаў, але ён палітычна акрэслена выступае ў ідэі твора. Памфлет пачынаецца з таго, як пасля зімовага наступлення Чырвонай Арміі і вялізных страт, якія панеслі немцы на фронце, Гітлер выклікаў Гебельса і загадаў, каб той пачаў узмоцненую прапагандысцкую кампанію ў друку па збору рознага лому, старой вопраткі, рыззя, як “важнага рэзерву” сыравіны для германскай прамысловасці. Паэт едка высмейвае планы Гітлера і зазначае, што недалёка той час, калі фашысцкія збіральнікі ўтылю самі стануць утылем. Для гэтага патрэбна мабілізаваць усе духоўныя і фізічныя сілы народа, каб яшчэ мацней біць каварнага ворага, знішчаць фашызм.

Або ўспомнім памфлет  “Курская дуга”. У ім таксама паэт імкнецца сутыкнуць з канкрэтнымі  падзеямі на Усходнім фронце дзеючыя  асобы, і перш за ўсё “бітага сабаку Гітлера”. Аўтар паказвае, як трашчыць вось “Рым – Берлін”, патэнцыяльную магутнасць Чырвонай Арміі і непасбежны канец планаў Гітлера. Гэтая думка ў аўтарскіх абагульненнях вылучана на першы план і выказваецца ў творы ў форме вострага мабілізацыйнага закліку. Паэт напаўняе свой твор разгорнутай інфармацыяй аб поспехах савецкага народа ў барацьбе з фашызмам. Рознымі мастацкімі сродкамі сцвярджае веліч і сакрушальную сілу таго гневу да ворага, які становіцца ўсенародным. “Усе сілы на разгром ворага!” - заклікае паэт. І хоць гэты кліч гучыць у канцы твора, але яго ідэйны сэнс падрыхтаваны ўсёй сюжэтнай сістэмай асэнсавання аўтарам канкрэтных гістарычных падзей і як бы падводзіць апошнюю рысу памфлета.

Заклік – падтэкст М.Танка пад карыкатурамі на Гітлера, Гімлера, Гебельса, Розенберга, Кубэ, генералаў нямецкай арміі няшчадна выкрываў звярынае нутро гэтых людаедаў. У майскім нумары агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну” за 1942 год, напрыклад, на развароце змешчана мноства фотаздымкаў. Яны сведчаць аб жудасных зверствах фашысцкіх акупантаў на беларускай зямлі: трупы дзяцей, чорныя ад сажы каміны печаў замест вёсак... ніжэй падтэкстоўка-кліч Максіма Танка: “Прыгледзьцеся, таварышы, да трупаў дзяцей, да трупаў на вісельніцах, да пажарышч, свяшчэнная помста няхай гарачэй абрушыць на катаў агонь батарэй!”

Падтэкстоўкамі-заклікамі  ўдала карысталіся П.Броўка, А.Астрэйка, А.Бялевіч, П.Глебка, А.Куляшоў, В.Вітка  і іншыя паэты. Амаль у кожным нумары агітплаката “Раздавім фашысцкую  гадзіну” чытач знойдзе заклікі-падтэкстоўкі А.Астрэйкі. Іх змест прасякнуты страсным выкрыццём антычалавечай ідэалогіі гітлерызму, паказам пралетарскага інтэрнацыяналізму савецкіх людзей, страсным клічам знішчаць чалавеканенавіснікаў.

Сярод эпічных твораў беларускай сатыры ў гады вайны даволі распаўсюджанымі былі своеасаблівыя апавяданні, якія па стылю і зместу можна было б аднесці да прыгодніцкіх. Яны маюць займальную фабулу, напружанае дзеянне, героі дзейнічаюць хаця і ў жыццёва праўдзівых, але незвычайных умовах. Сатырычны эфект у іх дасягаецца шэрагам спецыяльных, уласцівых для сатыры сродкаў і прыёмаў, якія выкарыстоўваюць пісьменнікі пры замалёўцы характараў персанажаў, пры стварэнні сітуацый і г.д.

      Галоўнымі героямі такіх прыгодніцкіх сатырычных апавяданняў з’яўляліся савецкія людзі. Мужныя і вынаходлівыя, перамагаючыя сваіх ворагаў не толькі сілай зброі, але і сілай свайго розуму, высокімі маральнымі якасцямі, яны супрацьстаялі другім, адмоўным персанажам – гітлераўскім захопнікам.

На часова акупіраванай тэрыторыі карысталіся папулярнасцю “Прыгоды дзеда Дубняка Міхеда” – дванаццаць невялікіх апавяданняў, самастойных па зместу і закончаных па кампазіцыі, звязаных паміж сабой са знешняга боку наяўнасцю агульнага галоўнага героя, а ў сэнсе ўнутранай сувязі – характарам падзей, аб якіх гаворыцца ў апавяданнях. Усе яны расказваюць аб розных спосабах, якімі змагаўся і знішчаў акупантаў у час Вялікай Айчыннай вайны партызан Міхед.

Змест апавяданняў пра дзеда  Міхеда, як правіла, не мае ў сабе нічога незвычайнага, усе “прыгоды”  звязаны з кемлівасцю дзеда, з яго мужнасцю і вынаходлівасцю. Напрыклад, каб заманіць немца ў пастку, ён выпускае на дарогу ля сваёй засады гусака, на якога фрыц пападаецца, як шчупак на жыўца. [1, с.51]

         Жыццёвым матэрыялам для апісання прыгод партызана Дубняка і іншых герояў служыла і тая акалічнасць, што па ўсёй Беларусі народныя мсціўцы ўзрывалі чыгункі, масты, склады, машыны, эшалоны, грамілі гарнізоны, штабы, абозы, бралі палонных. Таму не выпадкова ў некаторых прыгодніцкіх апавяданнях мы сустракаем назвы населеных пунктаў. Напрыклад, у адным з апавяданняў аб навагодніх прыгодах дзеда Міхеда А.Астрэйка расказвае, як мужны партызан у адну ноч перабіў многа фашыстаў, хітрасцю заманіўшы іх у пастку, узарваў штаб, нібыта выпадкова абліў вадою на марозе нямецкіх салдат. У канцы аўтар робіць агаворку, якую трэба разумець як спасылку на сапраўдны факт:

                Мы ў сяле фашыстаў банду

                Добра ўзялі ў пераплёт.

                Будзе ў памяць акупантам

                Ноч ля Мінска ў Новы год. [1, с.48]

Сутнасць антычалавечых  учынкаў нямецкіх захопнікаў выкрываецца  і высмейваецца ў шматлікіх фельетонах і публіцыстычных артыкулах К.Крапівы, К.Чорнага, М.Лынькова, Я.Брыля, М.Танка, К.Губарэвіча, М.Клімковіча, М.Чаускага і інш.

Звычайна фельетоны  ў тым значэнні слова, як гэта прынята разумець, пішуцца на аснове якога-небудзь часта адзінкавага здарэння. У фабуле сапраўдныя падзеі бываюць некалькі ўтрыраваныя, у іх можа быць уведзена выдумка для дасягнення большай выразнасці і сілы выкрыцця адмоўнай з’явы. Такіх фельетонаў у ваеннай сатырычнай літаратуры было не шмат. У часе вайны адлюстраванне адзінкавага факту з дакладным указаннем мясцовасці, часу, прозвішча дзеючых асоб не мела асаблівай важнасці. Ва ўсіх абставінах захопнікі трымалі сябе прыблізна аднолькава, аднолькавы  і лёс сустракаў іх на нашай зямлі. Бывала так, што сюжэт фельетона цалкам прыдумваўся пісьменнікам, але змест твора гучаў верагодна і не губляў сваёй выкрывальнай сілы, бо ў аснову яго клалася значная і агульнавядомая падзея.

Ёсць у беларускай сатырычнай літаратуры фельетоны і публіцыстычныя артыкулы, заснаваныя і на канкрэтных фактах, з указаннем пэўных назваў, імён, здарэнняў. Дзякуючы ўмела выкарыстанаму ў іх матэрыялу гэтыя творы таксама маюць вялікае абагульняючае значэнне. У гэтым сэнсе вылучаюцца публіцыстычныя артыкулы Міхася Лынькова аб “дзейнасці” розных фашысцкіх прысцябаяў на Беларусі і фельетоны К.Чорнага, якія былі выдадзены асобнай кніжкай пад загалоўкам “Кат у белай манішцы”.

Пасля выступлення Гебельса па берлінскаму радыё аб тым, што паражэнне германскай арміі пад Масквой абумоўлена не магутнасцю ўдараў Чырвонай Арміі, а ... цяжкасцямі рускай зімы. Вось надыдзе вясна, хваліўся фашыст, і мы зноў пойдзем у наступленне. Выступленне Гебельса падкінула фашысцкім пісакам чарговую, наскрозь ілжывую авантуру, якая пачала імі ўхваляцца на самыя розныя лады.

Пісьменнікі страсна  выкрывалі гэту выдумку гітлераўцаў. Яны расказвалі ў сваіх творах пра сапраўднае становішча  на франтах. К.Чорны піша шэраг фельетонаў і  памфлетаў, нарысаў і замалёвак, у якіх рашуча выкрывае хлусню гітлераўскіх “духаўздымальнікаў”. У замалёуках “Немцы баяцца вясны”, “Не міне гадаў партызанская помста”, “Верныя сыны народа”, “Наша вясна” пісьменнік не пакідае камня на камені ад брахлівай прапаганды фашыстаў. Ён заўважае, што каб падбадзёрыць саміх сябе, сваё абшарпанае, абвашыўленае воінства, фашысты, шукаючы ратунку, занадта ўжо старанна пачалі  біць у свой адзіны звон – аб вясновым сваім выступленні. К.Чорны на канкрэтных прыкладах выкрывае “стаўку на вясеннюю кампанію” гітлераўскага камандавання, паказвае, што хлуснёй заглушыць народны гнеў не ўдасца. Аўтар сцвярджае думку пра тое, што фашысты “заскуголілі бы сабакі аб вясне”, таму што “пагібель чуюць”. І як канкрэтны працяг гэтай сваёй думкі, пісьменнік паказвае небывалы партызанскі рух на Беларусі з надыходам вясны і лета 1942 года.

Праўдзівае, палымянае  пісьменніцкае слова дапамагала беларускаму народу распазнаць сапраўдны  сэнс авантур гітлераўскіх памагатых. У легендах і паданнях народ дасціпна выказаў свае адносіны да тых, хто сваю Радзіму, родны дом, блізкіх і родных прадаў ворагу.

У артыкуле “Здраднікі”  Якуб Колас імкнуўся выкарыстаць  як мага больш мастацкіх сродкаў  і канкрэтных фактаў, каб яго твор выклікаў пагарду і нянавісць  да здраднікаў, якіх “на сметніку людскога бруду” адкапваюць гітлераўцы. Пісьменнік лічыў, што здраднікам стане і той, хто гасцінна накорміць адшчапенца, хто “жычліва” пакажа яму дарогу і прытуліць яго да сваіх грудзей. Народны пясняр іншы раз дзеля з’едлівага выкрыцця агіднага аблічча памагатых Гітлера ўмела карыстаўся простанароднай формай праклёну, з яго ярка выражанай эмацыянальнай экспрэсіяй: “Няхай аслепнуць тыя вочы, што з ласкаю глянуць на ката! Няхай адсохнуць тыя рукі і ногі, што добраахвотна памагаюць бандыту!”  Гэтыя радкі гавораць яшчэ і аб тым, як ненавідзеў народны пясняр адшчапенцаў-вылюдкаў.

Беларуская сатыра ваеннага перыяду (1941-1945)