Аграрная рэформа Сталыпіна і яе асаблівасці на Беларусі. 2

Аграрная  рэформа Сталыпіна і яе асаблівасці  на Беларусі

У рэвалюцыі 1905-1907 гг. своеасаблівую  вастрыню набыў сялянскі рух і  аграрнае пытанне. Таму ўрад прапанаваў свой шлях яго вырашэння - праз аграрную рэформу. Яе ажыццяўленне было звязана з імем прэм'ер-міністра Расійскай імперыі П. Сталыпіна.       

 Сталыпін не раз  назіраў за жыццём нямецкіх  хутароў у Прыбалтыцы. Поспехі  прускай сельскай гаспадаркі  ў тыя гады былі вельмі добра  вядомы, бо яна захоўвала памешчыцкае  землеўладанне. Да таго ж стаўка  рабілася на тое, каб разбіць адзіны агульнасялянскі фронт супраць памешчыкаў, раскалоць вёску, паскорыць стварэнне класа буржуазіі з ліку заможнага сялянства.

Мэты рэформы:

  • забяспечыць умовы шпаркага развіцця эканомікі 
    краіны;
  • разбіць агульнасялянскі фронт супраць памешчыкаў, раскалоць веску, паскорыць стварэнне класа сельскай буржуазіі з ліку заможнага сялянства, прыцягнуць яго на бок царскага ўрада і такім чынам паставіць перашкоду на шляху рэвалюцыйнага руху.

Сродкі дасягнення мэт рэформы:

  • Разбурэнне сялянскай абшчыны і перадача зямлі ў асабістую сялянскую ўласнасць.
  • Стварэнне хутароў і адрубоў (хутар - адасобленая  сялянская  сядзіба  на  зямельным  участку індывідуальнага ўладання; водруб - зямельны участак, вылучаны з абшчыннай зямлі ў аднаасобную сялянскую маемасць без пераноса сядзібы).
  • Перасяленне беззямельных і малазямельных сялян у Сібір і іншыя ўскраінныя раёны імперыі.

Усе гэтыя меры азначалі пераход ад прускай да амерыканскай мадэлі землекарыстання.

Рэформа ажыццяўлялася  ў два этапы. Першы пачаўся з Указа ад 9 лістапа-

да 1906 г. Згодна з ім кожны  селянін мог выйсці з абшчыны  і замацаваць свой надзел у прыватную  ўласнасць. (Нагадаем, што абшчыннае землекарыстанне захавалася на Беларусі ў Віцебскай і Магілёўскай гумернях). Санкцыю на гэта павінен быў даць агульны сход сельскай грамады на працягу аднаго месяца. Калі сход не задавальняў просьбу, то канчаткова вырашаў пытанне земскі начальнік. Дазвалялася ствараць хутары, што садзейнічала ліквідацыі цераспалосіцы.       

 Другі этап пачынаецца  з Указа ад 29 мая 1911 г. Землеўпарадкавальныя камісіі атрымалі права прымусова - у мэтах ліквідацыі цераспалосіцы - выдзяляць сялянам зямлю ў адным участку і такім чынам штурхаць іх да перасялення на хутары. Да 1915 г. у Магілёўскай губерні выйшлі з абшчыны 56,8% гаспадароў, а ў Віцебскай губерні - 28,9%.

На Беларусі рэформа мела шэраг асаблівасцей. У заходніх раёнах (Гродзенская, Мінская, Віленская губерні) сялянская абшччына была ліквідавана ўжо даўно. У Магілёўскай і Віцебскай губернях устарэлую абшчынную форму землеўладання трэба было разбурыць.

Важным сродкам  ажыццяўлення новай аграрнай палітыкі стаў сялянскі зямельны банк, дзейнасць  якога спрыяла стварэнню хутароў  і адрубоў. Ён аказваў шмат паслуг памешчыкам у продажы іх зямлі. Неабходна  падкрэсліць, што ажыццяўленне реформы суправаджалася інтэнсіўным насаджэннем рускага землеўладання. Адлюстраваннем такой палітыкі з'явілася арганізацыя "асабістага фонду для стварэння рускіх перасяленняў ў Паўночна-Заходнім краі", які ўтварыўся за кошт ліквідацыі казённых зямель. Рускія перасяленцы мелі пераважнае права на атрыманне гэтых зямель.

Асаблівасцю рэформы на Беларусі было і стварэнне тут земстваў. Земскія ўправы садзейнічалі развіццю мясцовай гаспадаркі, стваралі кааператыўныя таварыствы, сельскагаспадарчыя гурткі. Земствы адыгрывалі прыкметную ролю і ў развіцці адукацыі і аховы здароўя насельніцтва.

З мэтай інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, павышэння культуры земляробства і жывёлагадоўлі землеўпарадкавальнымі  камісіямі і земствамі прымаліся  меры па ўзмацненню агранамічнай, заатэхнічнай, ветэрынарнай службаў, арганізацыі пунктаў продажу і пракату сельскагаспадарчых машын і прылад, супрацьпажарнай бяспекі.       

  Можна вызначыць наступныя вынікі рэформы. За 1906-1915 гг. на Беларусі было створана 12,8 тыс. хутароў (12% ад агульнай колькасці гаспадарак). Паскорыўся працэс распаду феадальнай і рост буржуазнай зямельнай уласнасці. Дваране, чыноўнікі, афіцэры прадавалі сваю зямлю. Пераважная большасць гэтых зямель пераходзіла ў рукі сялян-прадпрымальнікаў, якія стваралі гаспадаркі фермерскага тыпу. У той жа час больш за 40 тыс. двароў сялян-беднякоў і сераднякоў не змаглі наладзіць гаспадарку і былі вымушаны прадаць сваю зямлю.       

 Істотна ўзрасла  тэхнічная ўзброенасць памешчыцкіх  і пэўнай часткі заможных сялянскіх  гаспадарак. У 1910 г. на адзін памешчыцкі маёнтак прыпадала ў сярэднім па 5 жалезных плугоў і па 5,5 розных сельскагаспадарчых машын. Колькасць малатарань і веялак павялічылася да 32,4 тыс. у гаспадарках заможных сялян. Затое сеялкі, жняяркі і сенакасілкі ў іх амаль не сустракаліся. Назіраўся рост сельскагаспадарчай вытворчасці, пасяўныя плошчы пашыраліся за кошт пасеваў тэхнічных і кармавых культур.

 Сталыпінская рэформа  была цесна звязана з рэформай 1861 года і з’яўляецца яе працягам, другім крокам на шляху пераўтварэння самадзяржаўнай Расіі ў буржуазную манархію. Яна ўзмацніла вясковую буржуазію, пашырыла магчымасці для развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы, але так і не вырашыла аграрнага пытання, не змагла прадухіліць выспяванне новай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі. 

У выніку сталыпінскай аграрнай рэформы  заможная частка насельніцтва ў беларускай вёсцы да 1914г. павялічалася да 12% двароў, у той час як бедната складала не менш за 68% двароў. У сацыяльным расслаенні вёскі знаходзіў сваё ўвасабленне працэс развіцця капіталізму, які павінен быў

 ператварыць сялян у сельскагаспадарчых рабочых, пралетарыяў, а заможных

сялян – у сельскую буржуазію.

Але галоўным гаспадаром у весцы, як і раней, заставаліся памешчыкі. Сталыпінская рэформа насіла кампрамісны характар. Яна не была выканана ў поўнай меры і не зняла аграрнае пытанне, не змагла прадухіліць абвастрэння сацыяльных супярэчнасцей у краіне.

Сталыпінская аграрная рэформа не атрымала свайго лагічнага завяршэння і была спынена. Забойства прэм'ер-міністра і пачатак Першай сусветнай вайны не далі магчымасці рэалізаваць паступовы пераход да амерыканскай мадэлі развіцця сельскай гаспадаркі.

Беларускае  нацыянальнае адраджэнне: газета " Наша ніва". Культура Беларусі 1907-1917гг.

Гэты  перыяд у гісторыі культуры Беларусі называюць нацыянальным адраджэннем. “Гістарычны вопыт беларускага ды іншых славянскіх народаў засведчыў, што за ўпадкам ці застоем этнічнай і нацыянальнай культуры ў спрыяльных гістарычных умовах наступае паскоранае развіццё, якое і з’яўляецца крытэрыем нацыянальнага Адраджэння. Яго ядром і зыходным імпульсам з'яўляюцца памяць народа і яго духоўнае самавыяўленне ў роднай мове, нацыянальнай гісторыі, этнічных формах культуры, у народных сімвалах і святах... Яно звычайна пачынаецца з асвяшчэння роднай мовы найвялікшай каштоўнасцю і святыняй народа” (У. Конан).

Нацыянальнае адраджэнне — гэта: 1) адраджэнне гістарычнай свядомасці народа (“даць народу асвету, азнаёміць яго з айчыннай гісторыяй” — так была сфармулявана задача нацыянальнага адраджэння ў адной з пракламацый Беларускай рэвалюцыйнай грамады); 2) адраджэнне беларускай дзяржаўнасці, стварэнне ўласных формаў дзяржаўна-палітычнага жыцця; 3) адраджэнне нацыянальнай культуры і мовы, выданне кніг, газет і часопісаў на беларускай мове, стварэнне нацыянальнага тэатра.

Асабліва магутны імпульс нацыянальна-культурным руху дала народная рэвалюцыя 1905 —1907 гг. Яна аказала вырашальны ўплыў на беларускую культуру. “Калі ў памятны 1905 г. зрабілася завіруха,— пісаў Янка Купала,— калі ў Расіі ў кожнага чалавека стала будзіцца душа да новага жыцця, да новага шчасця, то і ў беларуса будзіцца стала пачуццё свайго «я», стала лунаць доўга дрэмлючая думка, што і мы людзі” .

Яшчэ  зусім нядаўна, усяго толькі напярэдадні 1905 г., роднае слова на тэрыторыі Веларусі не магло трапляць у друк, бо не мела права. А тут сталі выходзіць газеты, з'яўляцца літаратурныя зборнікі, альманахі “Мала-дая Беларусь” (3 кнігі, Пецярбург, 1912 —1913), календары “Нашай нівы” (з 1909 да 1915 гг.). Пачалі выдавацца часопісы “Лучынка”, “Саха”, газета “Беларус”. Важную ролю ў развіцці беларускай літаратуры адыграла выдавецкае таварыства “Загляне сонца і ў наша аконца” (Пецярбург, 1906 —1914). Друкарня Марціна Кухты ў Вільні выпусціла ў свет творы Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Цёткі, Францішка Багушэвіча.

У выніку дэмакратычных  заваёў рэвалюцыі 1905 г. была знята афіцыйная забарона з беларускага друку. І восенню 1906 г. пачалі выходзіць дзве беларускія легальныя газеты  “Наша доля”  і “Наша ніва”. Роля гэтых газет у гісторыі грамадскай думкі і культуры была надзвычайная. Легальны беларускі друк стаў трыбунай народа. 

Акрамя “Нашай долі” і “Нашай нівы”, гэтую пачэсную справу выконвалі таксама беларускія газеты “Гоман” і “Дзянніца”. літаратурны альманах “Маладая Беларусь”, часопіс для моладзі “Лучынка” і іншыя выданні на беларускай мове.

Арганізатары  і кіраўнікі беларускага нацыянальнага адраджэння ставілі перад сабой задачу “з цэлым народам гутарку весці” (Янка Купала). А гэта можна было здзейсніць толькі пры дапамозе друкаванага слова. Спачатку беларускія дзеячы выдавалі паасобныя зборнікі, а 1(14) верасня 1906 г. з'явілася беларуская штотыднёвая газета “Наша доля”.

Першы нумар яе сярод іншых матэрыялаў прынёс чытачам апавяданне Цёткі “Прысяга над крывавымі разорамі” — адзін з класічных твораў нашай літаратуры перыяду рэвалюцыі, верш “Наш родны край”,

падпісаны нікому тады яшчэ невядомым імем Якуб Колас.

Газета, аднак, прыйшлася не даспадобы царскай цэнзуры і амаль кожны яе нумар канфіскоўваўся. Пабачыла свет усяго толькі шэсць нумароў штотыднёвіка.

“Наша ніва” — сцяганосец нацыянальнага, культурнага і літаратурнага адраджэння. Зусім задушыць беларускае друкаванае слова ўжо не ўдалося. У лістападзе таго ж 1906 г. начала выходзіць другая беларуская штотыднёвая газета — “Наша ніва”, якой суджана было адыграць ні з чым не параўнальную ролю ў гісторыі беларускага народа. Дзесяцігоддзе, з 1906 па 1915 гт., калі выходзіла газета, атрымала назву «нашаніўскага перыяду». Гэта быў час канчатковага ўсведамлення беларусамі сябе самабытнай нацыяй, змагання за месца, каб заняць «свой пачэсны пасад між народамі» (Янка Купала).

Штотыднёвая грамадска-палітычная газета “Наша ніва” выдававася ў Вільні з 10 лістапада 1906 да 7 жніўня 1915 года, калі была зачыненая ў сувязі з падзеямі Першай сусветнай  вайны.  Арганізавалі выданне і кіравалі ім лідэры Беларускай Сацыялістычнай Грамады Іван і Антон Луцкевічы і Аляксандр Уласаў, які са снежня 1906 года быў афіцыйным рэдактарам. У сакавіку 1914 года яго змяніў на гэтай пасадзе Янка Купала.

“Наша ніва” адыграла выключную ролю ў нацыянальным абуджэнні беларусаў, у згуртаванні і выхаванні нашай інтэлігенцыі, у барацьбе за грамадскае прызнанне самога факта існавання беларускага народа і яго роўнасці з іншымі народамі, у развіцці беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы. На старонках газеты публікаваліся творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Вацлава Ластоўскага і іншых пісьменнікаў.

Пры рэдакцыі газеты, дзякуючы намаганням Івана Луцкевіча, стварыўся Беларускі нацыянальны музей.

У 30-х  гадах бальшавіцкія ідэолагі ацанілі “Нашу ніву” як кулацкае, буржуазна-ліберальнае, нацыяналістычнае выданне і фактычна выкрэслілі з гісторыі. А пазней некаторыя савецкія “гісторыкі” нават далучылі яе да чарнасоценна-акцябрысцкага лагера. На самой справе газета была цэнтрам беларускага нацыянальнага руху, заклала падмурак адраджэння нашай дзяржаўнасці. «Наша ніва» змагла адыграць ролю абуджальніка народа і падрыхтаваць найбольш актыўныя і свядомыя сілы Беларусі да барацьбы за яе нацыянальныя інтарэсы ў пазнейшых выпрабаваннях.

Той факт, што творчая інтэлігенцыя ў  гэты вызначальны для будучыні Беларусі час мела свой друкаваны орган — сапраўдную трыбуну беларускага слова, адыграў рашаючую ролю для развіцця літаратуры, выпрацоўкі яе класічнага фонду. Плённа на карысць нацыянальнай культуры папрацавалі пецярбургская выдавецкая суполка “Загляне сонца і ў наша аконца” і Беларус-

кае выдавецкае таварыства ў Вільні.

Многіх  мясцін Беларусі дасягнула хваля культурнага адраджэння. Ствараліся бібліятэкі, арганізоўваліся культурна-асветныя гурткі, узніка-лі калектывы мастацкай самадзейнасці. У многіх населеных пунктах Беларусі і за яе межамі ставіліся спектаклі на беларускай мове. Пачынаючы з 1905 г. Ігнат Буйніцкі пастаянна праводзіў вечарыны самадзейных акцёраў, спевакоў. У выніку ўтварылася прафесійная трупа, аматарскі тэатр. У 1910 г. трупа папоўнілася таленавітымі акцёрамі, стала сапраўды прафесійнай, атрымала назву Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. У рэпертуары былі песні, танцы, пастаноўкі п'ес. Выкарыстоўваліся пераклады твораў Ажэшкі, Чэхава, Крапіўніцкага. Адзіная п'еса беларускага аўтара — “Модны шляхцюк” Каруся Каганца. Уласна беларускага рэпертуару па сутнасці не магло быць, бо п'есы з'явяцца крыху пазней.

Беларускі глядач надзвычай любіў тэатральныя пастаноўкі. Гэта было сапраўднае свята. А рэпертуар п'ес тэатра Буйніцкага якраз і быў разлічаны на масавага гледача, улічваў яго інтарэсы. Сам Ігнат Буйніцкі звычайна вёў рэй у спектаклях, ён быў цудоўным акцёрам, паспяхова выступаў у драматычных творах, выдатна чытаў прозу і дэкламаваў вершы, спяваў сола і ў хоры, па-майстэрску, з высокім прафесіяналізмам танцаваў. Менавіта яго тэатр упершыню паказаў са сцэны сапраўдную прыгажосць народнага танца, які быў узняты да ўзроўню высокага майстэрства. Тэатр Буйніцкага аб'ездзіў з гастролямі літаральна ўсю Беларусь, спрыяў актывізацыі творчай актыўнасці таленавітых прадстаўнікоў беларускай нацыі. Недарэмна Ігната Буйніцкага яшчэ пры жыцці называлі “бацькам беларускага тэатра”. Справу І. Буйніцкага падтрымалі многія дзеячы беларускай культуры. Аднак матэрыяльныя цяжкасці вымусілі ў 1913 годзе закрыць тэатр.

У пачатку 20-га стагоддзя рабіліся спробы збору  этнаграфічнага  і

фальклорнага  матэрыялу. Заснавальнікам беларускай філалогіі і мовазнаўства лічыцца Яўхім Фёдаравіч Карскі. Яго пяру належаць капітальныя працы па дыялекталогіі, сучаснай беларускай літаратурнай мове, фальклору. Карскі – аўтар фундаментальнага трохтомнага даследавання “Беларусы”, у першым томе якога змешчана “Этнаграфічная карта беларускага племя”, якую ён пабудаваў на навуковых фактах. Усе вывады этнографаў і фалькларыстаў у 1905-1922 гг. былі апублікаваны ў гэтым трохтомніку (7 кніг).

Дастаткова  шматгранным было музычнае жыццё беларускіх гарадоў. З вялікім поспехам гастраліравалі рускія і украінскія музычна-драматычныя і харавыя калектывы, якія знаёмілі беларускую публіку з лепшымі творамі айчынных і замежных кампазітараў. Нязменным поспехам карысталася харавая капэла Агрэнева-Славянскага, якая ўключала ў сваю праграму і беларускія песні. Вялікую ролю ў развіцці прафесійнай музыкі адыграў А. Рагоўскі – аўтар сюіты для сімфанічнага аркестра. Гэта быў, бадай, першы музычны твор беларускай музыкі, выкананне якога карысталася папулярнасцю ў Вільні і Варшаве.

Змяненне эканамічнага жыцця прывяло да хуткага росту  гарадоў (асабліва тых, што знаходзіліся на чыгунцы).  У выніку будаўніцтва ў цэнтральных частках з’явіліся плошчы і бульвары, быў праведзены водаправод, электрычнае святло, будаваліся шматпавярховыя дамы. 
 У дойлідстве Беларусі склаўся нэарамантычны стыль, найбольш вядомым помнікам якога з’яўляецца Чырвоны касцёл Сымона і Алены ў Мінску, пабудаваны ў 1908 годзе. Храм мае асімітрычную кампазіцыю з трыма вежамі: дзвюма маленькімі і адной высокай. У яго дэкаратыўным афармленні выкарыстоўваліся элементы готыкі (вялікае акно – ружа, арнаменты і інш.) Яшчэ адным знакамітым помнікам той пары з’яўляецца царква ў Шклове.

Як від мастацтва  з пачатку 20-га стагоддзя  вылучаецца мастацкае фота.  Вядомым аўтарам той пары з’яўляецца Майсей Напельбаўм (1869 - 1958), які адкрыў  яшчэ ў 1895 г. фотоатэлье ў Мінску і праявіў сябе ў гэтай працы як мастак. Ён выкарыстоўваў  падмалёўку фону на негатыве, дабаўляючы неабходныя плямы. Сярод найбольш вядомых партрэтаў –

А. Блок, А. Ахматава, Б. Пастэрнак, М. Горкі, дзеячы рэвалюцыі – у тым ліку і Леніна.

Такім чынам, можна сказаць, што пачатак дваццатага стагоддзя апраўдана многія гісторыкі лічаць перыядам “Новага Адраджэння”.

Першая  Сусветная вайна на Беларусі:

асаблівасці сацыяльна-эканаміч нага развіцця.  Бежанства.

Ідучы па сусветным  шляху эканамічных пераўтварэнняў, расійскі капіталізм на рубяжы XIX-XXстст. уступіў у імперыялістычную стадыю. Эканоміка Беларусі, якая з’яўлялася часткай народна-гаспадарчага комплексу Расійскай імперыі, развівалася па тых жа эканамічных законах. Ішоў працэс канцэнтрацыі вытворчасці, выцяснення дробных прадпрыемстваў буйнымі капіталістычнымі фабрыкамі і заводамі. Так, калі колькасць цэнзавых прадпрыемстваў за I900-I9I3 гг. павялічалася на 61,2%, то дробных – усяго на 17%. Адпаведна валавая прадукцыя буйной прамысловасці ўзрасла на 229, 6%, а дробнай – на 110%. Тым не менш у 1913 г. вытворчасць дробнай і саматужнай прамысловасці Беларусі склала 53,5%, а буйной - 46,5% усёй валавай прадукцыі. У 1913г. вядучымі эаставаліся харчовая прамысловаць, удзельная вага якой складала 26% ад аб'ёму буйной прамысловасці, лесанарыхтоўкі і сплаў – 16,8, дрэваапрацоўчая – 16,1, папяровая – 7, чыгуначная і рамонтныя майстэрні – 5,8, шкляная – 5,7, тэкстыльная – 4,8, гарбарна-абутковая – 4,1,  металаапрацоўчая – 3,8, запалкавая – 2,9 і г. д.

Эканамічны  ўздым стварыў спрыяльныя ўмовы  для замежных інвестыцый. Іншаземны  капітал стаў актыўна пранікаць  у розныя галіны прамысловасці. Так, буйная нямецкая фірма "Фрыц Шульц" (Лейпцыг) вяла лесараспрацоўку  ў Бабруйскім павеце. Таварыства руска-амерыканскай вытворчасці абутку пабудавала ў Мінску абутковую фабрыку "Арол". Руска-бельгійскае акцыянернае таварыства пабудавала льнопрадзільную фабрыку "Дзвіна" ў Віцебску, на якой працавала 1,5 тыс. рабочых і г.д. Аб'ём вытворчасці на прадпрыемствах, якія належылі замежным уласнікам і замежным акцыянерным таварыствам за I900 – 1913гг. павялічыўся ў 11,6 раза.

Але аблічча  асноўных галін прамысловасці Беларусі на момант Сусветнай вайны вызначалі толькі фабрыкі і заводы.  Многія фабрыкі і заводы з-за адсутнасці паліва, сыравіны, попыту на прадукцыю скарачалі сваю вытворчасць, увогуле закрываліся. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын  былі мабілізаваны і адпраўлены на фронт. На абаронныя работы (капанне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог і г.д.) прымусова пасылалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы.

Інвесцыйныя прадпрыемствы  таксама прыйшлося закрыць. Колькасць цэнзавых прадпрыемстваў у гады вайны зменшылася на 65%. Разам з тым прадпрыемствы, якія выконвалі ваенныя заказы, хутка павялічвалі прыбыткі.      

Прычынамі першай сусветнай вайны, якая пачалася 19 ліпеня (1 жніўня) 1914 г., сталі прэтэнзіі Германіі на перадзел ужо падзеленага міру, імперскія амбіцыі краін Траістага саюза і Антанты. Галоўнай была супярэчнасць паміж старой каланіяльнай Англіяй і маладым драпежнікам-германскім мілітарызмам, суперніцтва паміж Германіяй і Расіяй з-за ўплыву на Балканах, а таксам спрэчкі з-за таго, што Германія хацела адарваць ад Расіі і захапіць Польшчу, Фінляндыю, Беларусь і Украіну. У канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. утварыліся два саюзы краін: Германія - Італія - Аўстра-Венгрыя (Траісты саюз) і Англія - Францыя - Расія (Антанта).       

 Падставай для развязвання вайны з'явілася забойства ў Сербіі наследніка аўстра-венгерскага трона Франца Фердынанда. Сусветная вайна працягвалася 4 гады і 4 месяцы і дорага абышлася чалавецтву. Паводле няпоўных звестак, было забіта, паранена і скалечана 30 млн. чалавек. У вайне ўдзельнічала 38 краін з насельніцтвам звыш 1,5 млрд. чалавек, г. зн. 75% усяго насельніцтва зямнога шара.

Але ж з любога пункту гледжання гэта была захопніцкая вайна.

Беларусь заставалася галоўнай тэатральнай арэнай вайны. На пачатку вайны ў беларускіх губернях было ўведзена ваеннае становішча. Тут знаходзілася стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, штаб Мінскай ваеннай акругі, штаб Заходняга фронту. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання расійскіх войскаў знаходзілася спачатку ў Баранавічах, а потым у Магілёве. Вярхоўным галоўнакамандуючым спачатку быў блізкі сваяк цара, а потым сам цар. У Мінску кватараваў штаб Заходняга фронту, месціліся іншыя штабы.

З лета 1915 г. значная частка Беларусі стала арэнай баявых дзеянняў. У кастрычніку фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск — Паставы - Баранавічы - Пінск. Каля паловы тэрыторыі апынулася пад нямецкай акупацыяй, у тым ліку Гродна, Ашмяны, Смаргонь, Ліда, Слонім, Кобрын, Пінск, Навагрудак, Баранавічы, Ваўкавыск, Пружаны. Гарады і мястэчкі былі перапоўнены штабамі, шпіталямі, складамі і майстэрнямі па рамонту зброі. Афіцэры і салдаты, пакліканыя з усёй Расіі, складалі большую частку дарослага мужчынскага насельніцтва Беларусі. Яны цяпер уплывалі на лёс гэтага краю.

Вайна прынесла бедствы беларускаму народу. Гінула мірнае насельніцтва, руйнаваліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. У сувязі з наступленнем германскіх войскаў велізарная колькасць бежанцаў пацягнулася на ўсход. З Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі рушыла ў бежанцы больш за 1 млн. 700 тыс. чалавек. Да восені 1915 г. бежанцы запоўнілі ўсю ўсходнюю частку Беларусі. Становішча гэтых людзей было надзвычай цяжкім. Яны ператварыліся ў масу жабракоў, галодных і бяздомных, пазбаўленых сродкаў існавання.   

Пачатак даследавання праблематыкі бежанства пакладзены падчас Першай сусветнай вайны. Супрацоўнікі розных арганізацый па аказанні дапамогі бежанцам у справаздачах аб дзейнасці імкнуліся прааналізаваць прычыны з'яўлення бежанства, акрэслівалі ўмовы і абставіны сваёй працы. Калі чыноўнікаў, служачых, іх сем'і і праваслаўных святароў эвакуіравалі па папярэдне распрацаваных палажэннях, то высяленне большасці грамадзян адбывалася на падставе загадаў і распараджэнняў, якія былі выдадзены непасрэдна падчас правядзення эвакуацыйных мерапрыемстваў.

 Ва ўмовах  адступлення рускай арміі летам-восенню  1915 г. адбывалося масавае прымусовае высяленне насельніцтва з заходніх губерняў у тым ліку з рэгіёну Беларусі. Армейскае кіраўніцтва імкнулася спыніць нямецкае наступленне любой цаной, таму пайшло на такую надзвычайную меру, як стварэнне на ўласнай тэрыторыі паласы спусташэння. Прадугледжвалася высяленне мужчынскага насельніцтва ваеннаабавязанага ўзросту, а таксама вываз ці знішчэнне ўсякай маёмасці і прадуктаў харчавання. Як вынік, колькасць бежанцаў узрасла да вялізных памераў. Яна павялічвалася за кошт мірных жыхароў Беларусі, якія ў пошуках выратавання ад жахаў вайны па ўласнай ініцыятыве накіроўвалася на Усход. Павелічэнне колькасці бежанцаў летам 1915 г. да пагражальных памераў прымусіла органы дзяржаўнай улады звярнуць пільную ўвагу на забеспячэнне патрэб гэтай катэгорыі пацярпелых ад вайны. У тэрміновым парадку да вырашэння праблемы масавага бежанскага руху былі прыцягнуты як спецыяльна створаны інстытут Галоўнаўпаўнаважаных па ўладкаванні бежанцаў, так і губернскія і павятовыя адміністрацыі.

Міністэрства  ўнутраных спраў (МУС) выступіла ў якасці галоўнага кіруючага органа па справах уладкавання бежанцаў і распрацавала закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў» ад 30 жніўня 1915г. (па старым стылі). Закон прызнаваў бежанцамі амаль усе катэгорыі насельніцтва, якія прымусова ці добраахвотна высяляліся ва ўнутраныя рэгіёны імперыі, за выключэннем падданых ваюючых з Расіяй дзяржаў і палітычна нядобранадзейных грамадзян. Актывізацыі дзейнасці па аказанні дапамогі бежанцам садзейнічала рашэнне дзяржавы фінансаваць гэту справу сродкамі з казны. Была створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў пры МУС для каардынацыі дзейнасці дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый .

Павышаную цікавасць да ўдзелу ў аказанні дапамогі бежанцам праявілі недзяржаўныя арганізацыі. Актыўную дзейнасць па забеспячэнні патрэб бежанцаў разгарнулі Усерасійскі земскі саюз (УЗС), Усерасійскі саюз гарадоў (УСГ) (аб'яднаныя ўстановы саюзаў атрымалі назву Земгор) і Таццянінскі камітэт, а таксама дабрачынныя арганізацыі, пабудаваныя па нацыянальных, тэрытарыяльных ці рэлігійных прынцыпах.

 Акупацыйны рэжым прынёс беларусам гвалт, грабяжы, дэспатызм. Пацярпела і прамысловасць: тое, што не разбурылі, вывезлі ў Германію. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася з 829 да 297. Значна ўзрасла вытворчасць швейнай, абутковай, металаапрацоўчай, хлебапякарнасухарнай прадукцыі. У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі былі мабілізаваны і адпраўлены на фронт. Так як  у цэлым па Беларусі  ў той час  было характэрна пераважнае размяшчэнне прамысловасці ў сельскай мясцовасці – бліжэй да крыніц сыравіны і таннай рабочай сілы, то пацярпела ўся прамысловасць. Цяжкім ярмом для сялян Беларусі з'яўляліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. Цэны на прадукты харчавання і адзенне на Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 5-8 разоў у параўнанні з 1913 г.  

 У 10-мільённай арміі Расіі, куды было прызвана прыкладна 650 тысяч беларусаў, пачынаецца дэзерцірства. За перыяд вайны адбыліся 62 салдацкія

выступленні. Вайна  прывяла да вострага эканамічнага і  палітычнага крызісу.

Такім чынам, першая сусветная  вайна абвастрыла ўсе супярэчнасці ў

краіне, прывяла  да вострага эканамічнага і палітычнага крызісу. Новая рэвалюцыя ў краіне стала непазбежнай і з пункту гледжання вырашэння нацыянальнага пытання.

      Дайце вызначэнні наступных паняццяў:

адруб, земства, таццянінскі камітэт

АДРУБ. Указ Мікалая II ад 9 лістапада 1906 г. паклаў пачатак рэформе. Сялянам дазвалялася выйсці з абшчыны і атрымаць свой 
надзел у прыватную ўласнасць без пераноса сядзібы. Зямлі селянін аб'ядноўваў у адно поле-адруб (яго можна было перадаць па нашчадству). Тут жа будавалася сядзіба селяніна — атрымліваўся хутар. Сялянам аказвалася дапамога ў куплі зямлі праз Сялянскі банк. 

ЗЕМСТВА. Земская рэформа 1864 г. уводзіла земствы, першыя адзіныя выбарчыя органы ўлады Расіі, што кіравалі мясцовай гаспадаркай, народнай адукацыяй, медыцынскім абслугоўваннем. Яны не мелі функцый выканаўчай улады і павінны былі звяртацца да ўрадавага адміністрацыйна-паліцэйскага апарату. Выбарчая сістэма земстваў будавалася па курыях (землеўладальніцкая, гарадская, сялянская). Земствы былі своеасаблівым апазіцыйным цэнтрам буржуазна-ліберальнага і ліберальна-народніцкага накірункаў.

ТАЦЦЯНІНСКІ КАМІТЭТ. У 1914 годзе праз тры тыдні пасля таго, як пачалася вайна, ствараецца арганізацыя “Таццянінскі камітэт”,  якая бярэ на сябе клопат пра бежанцаў. З ініцыятывай яе стварэння выступіла 16-гадовая княжна Таццяна, дачка Мікалая ІІ.  У задачы Камітэта ўваходзіла аказанне матэрыяльнай дапамогі бежанцам, іх  размяшчэнне, уладкаванне  на працу, арганізацыя  для іх прытулкаў.

 Бежанцаў  сустракалі адразу на вакзале,  рэгестыравалі, раздавалі талоны на ежу, прадастаўлялі часовы прытулак на 5-10 дзён, затым размяшчалі ў іншых гарадах і вёсках. Камітэт сачыў за ваеннымі дзеяннямі і наладжваў сувязь паміж роднымі і ваеннаслужачымі.

 

Спіс  выкарыстанай літаратуры:

  1. Адамушко В. Без срока давности // Беларуская думка. – 2008. - № 11.
  2. Казбярук У. На хвалі беларускага адраджэння// Роднае слова. - 1998
  3. Касцюк У.Ф. Ісаенка, Г.В. Штыхаў і інш. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. – Мн.: Беларусь, 1995.
  4. Конан У. Наша ніва // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. Т.4. - Мн.: БелСЭ, 1987.
  5. Лапановіч С.Ф. Аказанне дапамогі бежанцам у Беларусі // Весці БДПУ.-2008.- № 3.
  6. Мiкалаевiч А. Бежанцы першай сусветнай вайны // Спадчына. -1994.-№3.
  7. Селіванаў П. Першая сусветная вайна, 1914-1918 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.5. - Мн.: БелЭн, 1999.
  8. Коўкель І.І. Гісторыя Беларусі, ХІХ – пачатак ХХІ ст.- Мн., 2006
  9. http://.encspb.ru
  10. http://lib.zbsb.org
  11. http://be.wikipedia.org

Аграрная рэформа Сталыпіна і яе асаблівасці на Беларусі. 2