Грамадзянскае права



3

 

Змест.

Уводзіны……………………………………………………………………..….3

1. Фарміраванне і развіццё заканадаўства ВКЛ у галіне

грамадзянскага права…………………………………………………………..5

2. Характарыстыка асноўных інстытутаў

грамадзянскага права……………………………………………..……10

2.1. Суб'екты і аб'екты грамадзянскага права.

Праваздольнасць суб'ектаў грамадзянскага права……………..…...10

2.2.Рэчавае права і сервітуты………………………………………….15

2.2.1.Рэчавае права: паняцце, ўмацаванне рэчавых

правоў на нерухомасць……………………………………….....15

2.2.2. Сервітуты……………………………………………….....21

2.3.Залогавае і абавязацельнае права………………………………….24

2.3.1.Залогавае права………………………………………….....24

2.3.2.Абавязацельнае  права………………………………….....29

2.4. Спадчынные права………………………………………………...34

2.5.Аценка развіцця асноўных інстытутаў грамадзянскага

права феадальнай Беларусі………………………………………...….38

Заключэнне…………………………………………………………..…..….…40

Спіс выкарыстаных крыніц………..……………………………….………...42

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Уводзіны

Адным з гістарычных этапаў станаўлення нашай дзяржавы, як у культурным, так і ў прававым жыцці быў перыяд існавання ВКЛ. Адным з самых цікавых этапаў у гісторыі Беларусі з'яўляецца перыяд Вялікага княства Літоўскага. Гэта дзяржава на працягу некалькіх вякоў была адной з самых магутных на еўрапейскім кантыненце. І было б памылкай не разгледзець і не вывучыць гэтую слаўную старонку беларускай гісторыі. У сваёй рабоце аўтар закране асноўныя гістарычныя аспекты развіцця грамадзянскіх праваадносін у Беларусі ў эпоху феадалізму. Сама гэтая эпоха - вялізны гістарычны пласт, які спарадзіў мноства цікавых працэсаў, з'яў, што прывялі да змены і далейшаму ўдасканаленню не толькі ўкладу жыцця грамадства, эканамічных, палітычных адносін, але і да рэформы ў сферы права, якая рэгулюе гэтыя грамадскія адносіны. Таму дадзеную вобласць неабходна вывучыць і асэнсаваць, каб зразумець тыя змены і навацыі, якія дыктуюць умовы сённяшняга жыцця. У апошнія гады павялічылася цікавасць айчынных навукоўцаў да гісторыі свайго народа, у тым ліку гісторыі права. У гэтай сувязі пачалося і актыўнае вывучэнне прававых крыніц беларускага права, у прыватнасці крыніц ранніх этапаў яго ўзнікнення. Аўтар дадзенай працы таксама вырашыўшы далучыцца да пошуку, не ставіць мэтай ахапіць сферу грамадзянскіх праваадносін феадальнага права цалкам, а толькі вылучыў у якасці аб'екта даследавання сферу рэгулявання грамадзянскіх праваадносін у Вялікім княстве Літоўскам у перыяд з XV па XVI ст.

Найбольш вядомымі і даступнымі для даследчыка з’яўляюцца Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гадоў, якія сталі вяршыняй сістэматызатарскай кадыфікацыйнай дзейнасці. Распрацоўкі іх вялі выдатныя вучоныя – юрысты таго часу, якія добра ведалі мясцовае звычаёвае беларускае права, гісторыю рымскага і права іншых дзяржаў, а таксама мелі багаты практычны вопыт. Сярод іх можна назваць Францыска Скарыну (Статут 1529 г); Аўгусціна Ратундуса, Пётра Ронзія, дзяка вялікакняскай канцылярыі Марціна Валадковіча, падканцлера Астафея Ваповіча (Статут 1566 г); канцлера ВКЛ Л. І. Сапегу (Статут 1588 г.) і інш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 гг. уяўлялі сабою на той момант самыя новыя і дбайна распрацаваныя зборнікі прававых норм у Еўропе. Менавіта ў гэтых прававых дакументах знайшлі адлюстраванне ідэі гуманізму, дасягненні грамадзянска-палітычнай, філасофскай, прававой думкі. У гэты перыяд увага беларускіх мысліцеляў і асветнікаў засяроджвалася на праблеме нарматыўна-прававога рэгулявання  грамадзянскага жыцця, запатрабаваннях заканадаўчай практыкі і яе тэарэтычным абгрунтаванні. Менавіта ў помніках права адлюстраваны ход гістарычнага развіцця беларускага права ад простых форм прававых актаў да больш складаных, сістэматызаваным, і характэрныя для гэтага развіцця тэндэнцыі. Таму мы маем магчымасць ацаніць узровень развіцця нацыянальнага права ў гістарычным і сучасным кантэксце і параўнаць яго з правам іншых краін і народаў. Што ж тычыцца інстытутаў грамадзянскага  права, то ў XVI стагоддзі ў гэтай вобласці адбыліся карэнныя змены ў сувязі з развіццём тавараабмену і сацыяльна эканамічных адносін.

Вывучэнню грамадзянскага права феадальнай Беларусі надаюць значную ўвагу такія знакамітыя вучоныя, як Т. І. Доўнар, І. А.Юхо і інш. Так Т. І. Доўнар у сваёй кнізе "Развiцце асноуных iнстытутаў грамадзянскага i крымiнальнага права Беларусi у XV-XVI стст.", даследуе працэс станаўлення і развіцця агульназемскага грамадзянскага і крымінальнага права феадальнай Беларусі ў ХV-ХVІ стагоддзях. Надаецца значная ўвага эвалюцыі асноўных інстытутаў грамадзянскага права: рэчаваму праву, сервітутам, абавязацельнаму, залогаваму і спадчыннаму праву.  А І. А. Юхо ў сваёй кнізе асвяшчае гістарычнае ўзнікненне і развіццё дзяржавы і права на Беларусі са старажытных часоў  і надае вялікую увагу аналізу грамадзянскага і дзяржаўнага ладу Беларусі часоў ВКЛ.

Мэтай гэтай работы:

      высвятліць асноўныя аспекты развіцця грамадзянскага права ВКЛ у XV-XVI стст.

Для дасягнення гэтай мэты аўтар усталёўвае наступныя задачы:

      разглядзець развіццё закананадаўства ВКЛ ў галіне грамадзянскага права;

      прасачыць, якія змены адбыліся ў межах інстытута грамадзянскага права ВКЛ на працягу XV-XVI стст.;

      прааналізаваць і зрабіць агульную ацэнку развіцця асноўных інстытутаў грамадзянскага права Беларусі ў XV-XVI стст.

У сваёй рабоце, для ажыцяўлення пастаўленых мэт і задач аўтар выкарыстоўвае наступныя метады:

      гістарычны;

      параўнальнага аналізу;

      сістэмны метад.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

1. Фарміраванне і развіццё заканадаўства ВКЛ у галіне грамадзянскага права

1.1.Фарміраванне і развіццё заканадаўства ВКЛ у галіне грамадзянскага права

Развіццё права феадальнай Беларусі праходзіла пад уплывам сацыяльна-эканамічных, палітычных, культурных працэсаў і з'яў. Менавіта пад уздзеяннем гэтых унутраных фактараў адбываецца паступовае прыстасаванне феадальнага права да зменлівых умоў жыцця, развіцця першым чынам эканамічных адносін. Першапачатковае звычайнае права паступова змяняецца правам агульнадзяржаўным (агульназемскім), адзіным на ўсёй тэрыторыі дзяржавы. Гэта адбывалася падчас і на аснове згуртавання беларускіх земляў у межах Вялікага княства Літоўскага і спрыяла збаўленню ад партыкулярызма ў праве і паступоваму стварэнню адзінай, сістэмы права. І у гэтай сувязі можна адзначыць вырашальную ролю ва ўзнікненні і далейшым развіцці інстытутаў грамадзянскага права: па–першае,  працэсу абагульнення і перапрацоўкі звычаёвага права асобных беларускіх земляў, па-другое, абагульненні ўласнага прававога досведу, уліку вынікаў судова-адміністрацыйнай практыкі дзяржавы і прававога досведу іншых краін.

Калі асобныя землі-княствы аб’ядноўваюцца ў агульную дзяржаву - Вялікае княства Літоўскае - некаторыя нормы звычаёвага права замацоўваюцца пісьмова, ўзнікаюць новыя, так пачынае фарміравацца агульназемскае права дзяржавы. Але гэтыя першыя нормы ўсё ж яшчэ не былі аднолькавыя для ўсіх зямель у рэгуляванні маёмасных праваадносін, аб чым нам сведчаць першыя помнікі права ВКЛ. Гэта было выклікана старадаўнімі звычаямі і правіламі былых асобных княстваў, з якімі Вялікія князі вымушаны былі лічыцца. Гэтыя прывілеі былых зямель-княтваў падцвярджавалі разнастайнымі граматамі. Такія граматы выдаваліся, напрыклад, Полацкай зямлі ў 1511, 1547, 1580, 1593, 1634гг., Віцебскай у 1503, 1509, 1561гг. і інш. Хоць маёмасныя праваадносіны ў асноўным рэгламентаваліся нормамі звычаёвага права, ўсё ж гэтыя граматы тлумачылі некаторыя грамадзянска-прававыя нормы.

Увогуле заканадаўства ВКЛ у сваім развіцці падзяляецца на два перыяды: прывілейны і статутовы. Прывiлеi  ў ВКЛ падзялялiся на ільготныя, даравальныя i ахоўныя. Былi земскiя (пашыралiся на ўсiх феадалаў), гарадам, абласныя, валасныя (толькi для пэўнай тэрыторыi), прывiлеi для асобных груп насельнiцтва. Найбольш значнымі прывілеямі ў адносінах да грамадзянскага права былі: прывiлей 02.05.1447 г. Вялiкага князя Казiмiра IV , які афарміў саслоўня правы шляхты ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у XV ст., што суправаджалася ўзмацненнем улады феадалаў над сялянамi. Ён забаранiў пераход сялян ад аднаго феадала да другога. Прывiлей вялiкага князя лiтоўскага Аляксандра 1492 г., якi вызначыў асновы адмiнiстрацыйнага, грамадзянскага, крымiнальнага права, што пасля ўвайшлi ў Статуты. Апошнiмi напярэдаднi прыняцця Статута 1529 г. сталi прывiлеi Жыгiмонта I Старога 1506 i 1522 гг., у якiх пацвярджалiся ўсе падараваныя раней правы саслоўю феадалаў у княстве. Яны нібы завяршалi першы этап развiцця дзяржаўнага права ў форме прывiлеяў.

З другой паловы XVIст. пачынаюць развівацца новыя прававыя нормы і інстытуты, якія характэрны для  капіталістычнага ладу. Так заканадаўства ВКЛ пераходзіць да новага этапу ў сваім станаўленні. Статут 1529г.  быў, па сутнасцi, зводам законаў на аснове кадыфiкацыi i сiстэматызацыi нормаў мясцовага звычаёвага права, пастаноў дзяржаўных i судовых устаноў, прывiлеяў. Пасля прыняцця Статуту 1529 г., аснову якога складалі нормы звычаёвага права, назіраецца тэндэнцыя да прывядзення, калі можна так сказаць, усяго права да ўсеагульнасці і прыярытэту пісанага закона. Рост i ўмацаванне феадальнай уласнасцi, пашырэнне правоў шляхты i антыфеадальныя выступленнi сялянства патрабавалi ў сярэдзiне XVI ст. змен у заканадаўстве, так прыйшоў час для стварэння новага Статута. У Статуце 1566 г. ужо відавочна прасочваюцца новыя прынцыпы сістэматызацыі права, якія служылі ўзорам кадыфікацыі заканадаўства для іншых дзяржаў. І, нарэшце, новае разуменне права, навуковы падыход да фармавання агульнадзяржаўнага права паслужылі асновай для стварэння Статуту 1588 г. У гэты перыяд актыўна вывучаецца права заходне-еўрапейскіх дзяржаў і рымскага класічнага права, гэта дапамагло ліквідаваць шматлікія прабелы ў праве. Такім чынам, атрымоўвалася, што шматлікія нормы іншаземнага права ўвайшлі ў склад беларускага феадальнага права, і грамадзянскага права ў тым ліку, і паслужылі свайго роду крыніцамі некаторых прававых норм нашай дзяржавы.

Пераход да новага этапу ў развіцці заканадаўства ВКЛ быў выкліканы развіццём таварна-грашовага абароту, гандлёвага капіталу, павелічэннем ролі гарадоў і гарадскога насельніцтва ў сацыяльна-эканамічным жыцці дзяржавы, складваннем адзінага дзяржаўнага рынку і інш [7, 44]. Гэта тычылася ў асноўным такіх інстытутаў, як залогавае і абавязацельнае права.

Калі заканадаўчыя нормы прывілейнага перыяду рэгулявалі невялікую колькасць грамадзянскіх правадносін, то ў Статутах грамадзянскаму праву прысвячаюцца цэлыя раздзелы. Так у Статуце 1529г. мы знаходзім раздзелы, прысвечаныя сямейнаму і спадчынаму праву (Р IV), апякунскаму (P V), залогаваму (P IX). У Статутах 1566 і 1588гг. раздзелы, прысведчаныя спадчынаму праву ("О тестаментах"), абавязацельнаму ("О записях и продажах") і інш. Некаторыя праваадносіны знайшлі адлюстраванне ў форме замацавання норм-прынцыпаў, што дазваляла вылучыць асноватворныя нормы і інстытуты грамадзянскага права ў пэўных раздзелах Статутаў, закладвала асновы далейшага развіцця галіновай структуры права [7, 44].

Такім чынам грамадзянскае права прайшло некалькі этапаў у сваім станаўленні, спачатку яно рэгламентавалася нормамі звычаёвага права, потым граматамі-прывілеямі разнастайных зямель-княстваў, і на апошнім этапе развіцця заканадаўства ВКЛ статутовымі нормамі, прычым чым больш развіваліся таварна-грашовыя адносіны, тым больш увагі заканадаўца надаваў нормам, якія рэгламентавалі грамадзянска-прававя адносіны.

Грамадзянскае права феадальнай Беларусі падзялялася на публічнае і прыватнае. Калі парушаліся нормы прыватнага права, ўзнікалі абавязацельныя праваадносіны, якія рэгламентаваліся нормамі абавязацельнага права. І ўжо калі мы суаднясем  і высвятлім межы дзеяння публічнага, прыватнага і абавязацельнага права, мы зможам падзяліць усё феадальная права па галіновай прымеце.

Для праваадносін характэрна тое, што яны не знаходзяцца ўвесь час у стане спакою, а ўстаноўліваюцца, змяняюцца, спыняюцца. Заканадаўца феадальнага перыяду не ставіць мэтай ахапіць усе бакі і віды грамадзянскіх праваадносін, а засяроджвае ўсю ўвагу на больш важных і галоўных, з яго пункту гледжання, відах праваадносін і іх элементах.

Феадальны закон звяртае асаблівую ўвагу на аб'ект права, ў першую чаргу на рэчы. Аб'ектамі рэчавага права феадальнай Беларусі былі маёнткі з залежнымі людзьмі, ворыўныя землі, лясы, лугі, азёры, рэкі, чэлядзь нявольная, рознага роду пабудовы, жывёла, прадукты сельскагаспадарчай  і рамесленай вытворчасці, лясных промыслаў і інш. Аднак трэба адзначыць, што разуменне паняцця аб'ект права адрознівалася ад сучаснага. Аб'ектам грамадзянскага права лічылася ўсё тое, што магло служыць сродкам ажыццяўлення інтарэсаў, і ў першую чаргу гэта рэчы, г. зн. прадметы матэрыяльнага свету, а таксама дзеянні іншых асоб адносна перадачы рэчаў, асабістых паслуг, ўласнай рабочай сілы.  Рэчы і чужыя дзеянні, якія складваюць эканамічныя даброты і запас такіх даброт, што знаходзяцца ў валоданні пэўнай асобы, называюцца маёмасцю - з эканамічнага пункту гледжання. З юрыдычнага ж - пад маёмасцю разумеюць сукупнасць маёмасных, г. зн. Якія належаць грашовай ацэнцы, юрыдычных адносін. Такім чынам, змест маёмасці з юрыдычнага пункту гледжання выяўляецца ў сукупнасці рэчаў, якія належаць асобе па праву ўласнасці і ў сілу іншых рэчавых правоў і ў сукупнасці правоў на чужыя дзеянні. Аднак, нават у пачатку ХХст. заканадаўца не прытрымліваўся сторогай тэрміналогіі і выкарыстоўваў слова "маёмасць" замест "рэч", а замест маёмасці гаварыў аб уласнасці.

Больш таго, для феадальнага права была характэрна недастатковая распрацаванасць прававых паняццяў. У  Статутах маёмасць носіць назву "маетнасть" або "дабро", і гэтымі фармуліроўкамі ахопліваецца як нерухомая маёмасць (зямля, маёнткі), так і рухомая (хатнія рэчы, каштоўнасці і інш.). Аб апошніх заканадаўца часам гаворыць у агульным плане - "иншие всякие добра о пожитку оного именья" [4, Р. VII, арт .22].

Тэрмін "именье" дастасоўваецца ў статутных нормах не толькі да маёнткаў, але ў першую чаргу да ўсёй нерухомай маёмасці. Адносна ж астатняй маёмасці ўжываецца слова "рэч", хоць у некаторых выпадках гэта слова выкарыстоўваецца ў значэнні прадмета. Трэба мець на ўвазе, што толькі з зараджэннем буржуазных праваадносін паняцце "рэч" паступова ўступае месца паняццю "маёмасць", пад якім разумеецца ўсё тое, чым асоба валодае. Аднак ужо ў статутны перыяд заканадаўца ў пэўнай ступені адрознівае шырокі юрыдычны сэнс слова "рэч"  (як прадмет, у якім закладзены матэрыяльныя і іншыя "добра" і якія ахоўваюцца законам), а таксама вузкі сэнс - фізічныя прадметы знешняга свету, з-за якіх могуць узнікаць спрэчкі. У гэтых адносінах рэч з'яўляецца паняццем, якое змяняецца, і толькі з развіццём тавараабароту юрыдычнае паняцце рэч перамяшчаецца на тавар, які знаходзіцца ў пастаянным абароце.

Гістарычна склаўся і падзел рэчаў на рухомыя і нерухомыя, хаця закон нават у больш позднія часы не прыводзіці адметнай адзнакі. Статуты толькі гавораць аб "маетнасці рухомай і лежачай" і вызначаюць розныя тэрміны іскавай даўнасці, а ў некаторых выпадках пералічваюць некалькі "добраў", якія належаць той ці іншай катэгорыі. Практычнае значэнне гэтага падзелу праяўлялася шмат у чым: парадку наследвання, форме здзелак, тэрмінах іскавай даўнасці і інш. Таксама і падзел рэчаў на галоўныя і  прыналежнасці. Практычнае значэнне адрознення галоўнай рэчы (г. зн. рэчы, якая мела самастойная значэнне не залежна ад іншых) ад прыналежнасці (рэчы, якая дапаўняла эканамічнае значэнне галоўнай зводзілася звычайна да агульнага рымскага правіла: лёс прыналежнасці вызначаўся лёсам галоўнай рэчы).

Спосабамі набыцця рэчавых правоў у феадальнай Беларусі XV-XVI стст. былі: акупацыя (захоп), выслуга, даўнасць, спадчына, знаходка, прырашчэнне і некаторыя іншыя. Падставай набыцця рэчавых правоў быў і дагавор, які ў адносінах да зямлі ўзнік раней інстытута падаравання ("пожалованья"). Уя'ўленне аб юрыдычным лёсе рэчаў не было яшчэ дастаткова выразным і было дапушчальным як бясконца прачяглая прыналежнасць рэчы пэўнай асобе, так і прыналежнасць яе некалькім асобам. Толькі на больш познім этапе дзяржаўнае ўмацаванне ў дзеянні, звязаныя з вызначэннем юрыдычнага лёсу рэчаў, якое выражалася ў рэгістрацыі і засведчання дагавароў, робіць гэтыя ідэі пэўнымі і надае ім характар канчатковасці. Асабліва гэта тычылася нерухомай маёмасці, адносна якой у XVI ст. праводзіцца праверка правоў на валоданне і ўтвараюцца спецыяльныя ўстановы для сведчання і рэгістраціі здзелак.

Заканадаўца феадальнай эпохі пачынае ўсведамляць і размяжоўваць фактычную, гаспадарча-спажывецкую прыроду рэчы і прыметы юрыдычнай умоўнай прыроды. Просты факт валодання рэччу пачынае супрацьпастаўляцца больш фармалізаванаму, умоўнаакрэсленаму праву ўласнасці. Апошняе разумеецца не толькі як валоданне і карыстанне маёмасццю, але і распараджэння ёю, г.зн. вызначэнне юрыдычнага лёсу рэчаў. У сувязі з гэтым заканадаўца вызначае пэўны спосаб надання правоў уладальніку маёмасці, прадугледжвае розныя дадатковыя сродкі замацавання права ўласнасці, напрыклад, дае падаравальную грамату пасля першапачатковага захопу і г.д.

Складаны дыферэнцыраваны характар правамоцтваў высвятляецца пры аналізе розных асабістых правоў на аб'екты рэчавага права, перш за ўсё на маёмасць нерухомую (спадчыную, купленую, выслужаную). Заканадаўца ў XVIст. ужо дастаткова вызначае і адрознівае такіе правы на рэч, як уласнасць,  валоданне ("дзяржанне"), залог, сервітуты.

Не ставячы мэтай усебаковага і поўнага ўрэгулявання ўсіх грамадзянскіх праваадносін, заканадаўца значную ўвагу надае здзелкам. Для юрыдычнай здзелкі (інакш юрыдычнага акта) перш за ўсё патрабавалася, каб яна праявілася знешне, прыняла адпаведную форму, па якой можна б было зрабіць вывад аб змесце. У сувязі з гэтым нават Статут 1588г. засяроджвае ўвагу на больш тыповым і агульным, і таму толькі пералічвае віды здзелак або гаворыць аб наступствах іх невыканання, аднак дастаткова падрабязна гаворыць пра форму іх здзяйснення. Закон прадпісвае часам, каб выражэнне волі асобы ажыццяўлялася ў пісьмовай форме або было яшчэ засведчана органамі ўлады. Калі ж закон не прадугледжваў больш складанай формы, то выкарыстоўвалася простая, вусная.

Заканадаўца канцэнтрыруе ўвагу не толькі на формах зделак, але на ўмовах іх законнасці, правамоцтвах бакоў, формах адказнасці і інш. Увогуле, заканадаўства ў галіне грамадзянскае права феадальнай Беларусі характэрызуецца дастатковай рэгламентацыяй праваадносін, зладжанасцю і распрацованасцю асноўных прававых інстытутаў, зразумеласцю і дакладнасцю юрыдычных фармулёвак, распрацованасцю тэрміналогіі. 

Заканадаўства ВКЛ прайшло некалькі этапаў у сваім станаўленні. Напачатку грамадзянска-прававыя адносіны рэгламентаваліся нормамі звычаёвага права, потым граматамі-прывілеямі разнастайных зямель-княстваў, і на апошнім этапе развіцця заканадаўства ВКЛ статутовымі нормамі. Статутовыя нормы дакладна рэгламентавалі ўсе староны грамадзянска прававых-адносін.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

2. Характарыстыка асноўных інстытутаў грамадзянскага права

2.1.Суб’екты і аб’екты грамадзянскага права. Правздольнасць суб'ектаў грамадзянскага права

Суб'ектам права і ў прыватнасці грамадзянскага права можа быць асоба, якая здольная ўступаць у юрыдычныя адносіны. Але ў феадальнай дзяржаве не кожны чалавек мог выступаць у якасці суб’екта права. Напрыклад, у старажытнасці рабы выступалі ў якасці аб’екта права, але паступова гэты погляд змяняецца: рабоў саджаюць на землю, там самым рабы набліжаюцца да землерабочых, і разам з тым заканадаўца абмяжоўвае крыніцы папаўнення нявольнікаў. Але тым не менш халопы ўсё роўна выступаюць у якасці аб’екта права.

Феадальны закон звяртае асаблівую ўвагу на аб'ект права ў першую чаргу на рэчы [7, 45]. У якасці аб’ектаў рэчавага права выступаюць: маёнткі з залежнымі людзьмі, ворыўныя землі, лясы, лугі, азёры, рэкі, чэлядзь нявольная, рознага роду пабудовы, жывёла, прадукты сельскагаспадарчай  і рамеслнай вытворчасці, лясных промыслаў і інш. Але паняцце аб’ект права ў той час адрозніваецца ад сучаснага паняцця аб’ект права. Аб'ектам грамадзянскага права феадальнай Беларусі лічылася ўсё тое, што магло служыць сродкам ажыццяўлення інтарэсаў. І гэтым сродкам часцей за ўсё выступалі рэчы, г. зн. прадметы матэрыяльнага свету, а таксама дзеянні іншых асоб адносна перадачы рэчаў, асабістых паслуг, прыкладванне ўласнай рабочай сілы [7, 45 ]. А маёмасцю, калі разглядаць гэта паняцце з эканамічнага пункта гледжання, ў той час выступалі рэчы і чужыя дзеянні, якія складвалі эканамічныя даброты і запас такіх даброт, што знаходзяцца ў валоданні пэўнай асобы. З юрыдычнага боку пад маёмасцю разумеюць сукупнасць юрыдычных адносін, які належаць грашовай ацэнцы.

Правы ўласнасці і іншыя маёмасныя правы на прылады і сродкі вытворчасці забяспечваліся нормамі рэчавага і абавязацельнага права. Гэтыя ж нормы забяспечвалі прававую аснову эксплуатацыі працоўных.

              Маёнткі і землі былі галоўным аб’ектам права сярод аб’ектаў права ўласнасці, а феадальна залежныя людзі і чэлядзь нявольная, якія апрацоўвалі гэтыя землі, таксама належалі да аб’екта права ўласнасці. Сярод правоў на рэч выдзялялі правы уласнасці, валодання (дзяржанне, уладанне), залог , сервітуты.

              Галоўная ўвага ў заканадаўстве  XVI ст. надавалася крыніцы набыцця ўласнасці, таму што ад іх залежыў аб’ём правамоцтваў. Для вызначэння крыніц набыцця ўласнасці ўжываліся розныя тэрміны, і гэта сведчыць аб тым, што права праватнай уласнасці на зямлю і маенткі яшчэ толькі замацоўвалася, і права феадальнай ўласнасці на зямлю паступова перарастала ў права неабмежаванай буржуазнай уласнасці [6, 233 ] .

              У феадальнай дзяржаве ўласнік нёс розныя павіннасці, якія былі ўласцівы той зямлі ці тому маёнтку, які знаходзіўся у яго трыманні, а калі правы ўласнасці пераходзілі на другую асобу, разам з імі пераходзілі і павіннасці, у тым ліку і вайсковая служба. Напрыклад, шляхціц або мяшчанін, які купіў баярскую або сялянскую зямлю, калі ён не атрымліваў вызвалення ад павіннасці, выконваў тыя павіннасці, што і яго папярэднік [6, 233]. Так, у грамаце выдадзенай у 1581г. Сымону Мацяевічу, пісалася: "А вед же с тых только кгрунтов с троих волок волности шляхетское уживатимают, которые тепер держат, а естли бы што большей кгрунтов от подданых прикупили тогды с тых кгрунтов будут повинны повинность вшелякую чинити и полнити так, яко тые подданные наши с тых кгрунтов чинили и полнили". Гэта грамата сведчыць таксама аб тым, што яшчэ ў 1581 г. меў месца продаж зямлі простымі людзьмі, што лічылася законным з'явішчам. Духоўная асоба ці мяшчане, якія куплялі шляхецкія маёнткі, павінны былі несці з гэтых маенткаў вайсковую службу (Р.2, арт.1.)

              Зямельныя ўладанні феадалаў дзяліліся ў адносінах да крыніц набыцця на: 1)вотчыну, або дзедаўшчыну; 2) маёнтак, выслужаны ці атрыманы ў карыстанне (дзяржанне) на пэўны час ("до жвота", "до воли господарской") ; 3) купляніны - маёнткі, набытыя паводле дагавора куплі- продажу навечна. Распараджэнне куплянымі маёнткамі не было нічым абмежавана, распарадженне вотчынымі ж маёнткамі было абмежавана да 1566г., іх можна было прадаць, але не больш адной тэцяй  частцы, а астатнюю частку толькі з дазволу родзячаў, і родзячы мелі права выкупіць аддаздены ў заклад (заставу) маёнтак. Выслужанымі маёнткамі ўладальнік не мог распараджацца навогул без згоды вярхоўнага ўласніка, ад якога ён атрымаў гэты маёнтак ва ўладанне.

У агульным у якасці аб'екта грамадзянска-праваых  адносін магла выступаць як рухомая, так і нерухомая маёмасць, прычым да нерухомай маёмасці былі аднесяны землі, замкі, угодзя, а таксама прылады працы і чэлядзь.

Суб'ектамі права ў феадальнай дзяржаве лічыліся: феадалы, сама дзяржава, царква, манастыры, гарады, свабодныя гаражане, сялянская грамада і свабодныя сяляне, хаця правамоцтвы апошніх паступова абмяжоўваюцца.

Заканадаўству ВКЛ не вядомы тэрміны дзеяздольнасці і праваздольнасці. Аднак размежаванне паміж імі дастаткова добра ўсведамляецца, бо здольнасць мець правы і здзяйсняць юрыдычныя дзеянні заканадаўца прызнае не за кожным чалавекам. Праваздольнасць узнікала з моманту нараджэння чалавека. На яе уплывалі такія фактары, як прыналежнасць чалавека да дзяржавы і пэўнага саслоўя, пол, узрост, стан псіхічнага і разумовага развіцця, месца жыхарства, рэлігійная прыналежнасць [7, 48].

Дзеяздолнасць перш за ўсё залежыла ад узросту асобы, ад магчымасці разумець і ацэньваць юрыдычныя дзеянні і іх наступствы. Грамадзянская дзеяздольнасць мужчын прызнавалась з 18 гадоў, а дзяўчат з 13 “…а лета мущизна маеть мети зуполные осмнадцать лет, а девка тринадцать лет.” [4, Р.6, арт.1], аднак цывільная дзеяздольнасць  залежыла не толькі ад узросту, яе паўната залежыла і ад другіх фактараў. Напрыклад, цывільная праваздольнасць удавы была большай, чым у замужняй жанчыны. Удава магла самастойна весці судзебныя справы і даручыці гэта адвакату.

              Мужчына, які не пакінуў сям’ю, амаль калі ў яго была свая сям’я, усё роўна знаходзіўся пад бацькоўскай уладай. Непаўналетнія дзеці заўсёды заставаліся пад апекай бацькоў, а ў выпадку іх смерці - апекуноў. Аднак са згоды апекуноў непаўналетнія маглі прымаць удзел у грамадзянска-прававых адносінах. [4, Р. VІ, арт. 8]

              Правы асоб, якія не здольныя былі зразумець характар сваей дзейнаці ("дурні", "шаленыя") і таму пазбаўляліся цывільнай дзеяздольнасці, абаранялі іх законныя прадстаўнікі (бацькі і блізкія родзячы) і апекуны.

              Яшчэ адным крытэрыям дзеяздольнасці была прыналежнасць асобы да дзяржавы, якое набывалася шляхам нараджэння, падаравання (дазвалення) і адпушчэння на волю халопаў. Татары, яўрэі і іншыя асобы, якія аселі ў дзяржаве, набывалі грамадзянства праз спецыяльныя даравальныя граматы (асабіста) або праз дазвол пасяліцца на пэўнай тэрыторыі ВКЛ (супольна)[7, 49]. Стаўшы падданнымі дзяржавы, яны прыраўніваліся да асабістага саслоўя, аднак у правах з рэлігійнай прыналежнасцю яны ўсё ж абмяжоўваліся. [2, Р. ХІ, арт.5; 3, Р. ХІІ, арт.4; 4, Р. ХІІ, арт.8,9]

              Прававы статус іншаземцаў адрозніваўся ад прававога статусу "ліцвіна", што замацоўвалася ў заканадаўчых актах ВКЛ. Так статутныя нормы забаранялі іншаземцам займаць службовыя пасады і  набываць нерухомую маёмасць на тэрыторыі дзяржавы ва ўласнасць: "Тэж шлюбуем и обецуем, иж в землях наших того Великого князьства земль и городов, и мест, и которых-колве дедицств, и держаня, и тэж которых-колве врадов наших або честей и достойности жадному обчому, але толко прирожоным а тубыл-цом тых земль наших Великого князьства и вышей мененого не будемъ давати, и потомки наши не будуть давати в держано и в поживане." [2, Р. ІІІ, арт. 3] "… А хотя быхмо теж кому заграничником пры границах тых верхумененых земли, именья, села и люди дали, тогды таковые мають с того служити Великому князству Литовскому. А хто бы не хотел служити - таковых привильев не маем мы и потомки нашы держати"[4, Р. ІІІ, арт. 4]. Іншаземныя купцы абмяжоўваліся ў дагаварных адносінах. Уся нерухомасць павінна была застацца ў дзяржаве, таму жанчына-ліцвінка, якая выходзіла замуж за іншаземца, як правіла атрымлівала прыданае ў грашовай суме.             

Поўната дзеяздольнасці таксама залежыла і ад стану свабоды, і ад самастойнага становішча ў сям'і. Закон абмяжоўваў правы некаторых катэгорый  асоб, а некаторых зусім пазбаўляў.  У прыватнасці, правы бенкартаў (незаконнанароджанных, пазашлюбных дзяцей) былі значна абмежаваны. Напрыклад,  бацька не мог завяшчаць сваім незаконнароджаным дзецямі ніякай маёмасці,  нават калі ён жаніўся на маці сваіх пабочных дзяцей пасля смерці законнай жонкі і яна нараджала яму новых, прычым усе дзеці разглядаліся як бенкарты і ніхто з іх не меў права на спадчыну бацькі [4, Р. ІІІ, атр. 28].

              Кожны суб’ект грамадзянска-прававых адносін валодаў большым ці меншым аб’ёмам правоў,  поўным жа аб’ёмам валодалі толькі шляхціцы, але пры ўмове добрага імя і гонару. Шляхціц, які ў судовым парадку быў пазбаўлены гонару, а разам з тым шляхецкага статусу, страчваў частку сваёй праваздольнасці. Да іх адносіліся тыя шляхціцы, якія падвяргаліся ганебнаму пакаранню (пабывалі ў руках ката) або тры разы абвінавачаныя ў злачынстве, а таксама тыя, хто займаўся рамяством і гандлем ("локтем і весами") [7, 50]. Шляхціцы, якія парушалі нормы шлюбна-сямейных адносін (уступалі ў шлюб у недазволеных ступенях роўнасці і інш) таксама ўтрачвалі пэўную колькасць сваіх правоў. Вялікі князь, як суб'ект феадальнага права, меў пэўны прававы статус, але і ён часткова абмяжоўваўся ў прыватным праве ( Вялікі князь не мог уступіць  у шлюб без дазволу сойма, распараджацца дзяржаўнай маёмасцю і інш.).

              Шляхціцы (баніты), якія былі асуджаны да выгнання за межы дзяржавы, поўнасцю пазбаўляліся ўсіх правоў, лічыліся па-за законам, іх жонкі лічыліся ўдовамі, а дзеці - сіротамі.

              На працягу XV-XVI стст. ліквідуюцца абмежаванні адносна распараджэння сярэднімі і дробнымі феадаламі нерухомай маёмасцю, у заканадаўчых актах замацоўваецца права поўнай уласнасці на зямлю і валоданне залежнымі людзьмі, тым самым павялічваецца іх дзеяздольнасць. У адпаведнасці з законам ўсе асобы,  належачыя да саслоўя шляхты, мелі аднолькавыя правы, г. зн. валодалі аднолькавай праваздольнасцю і дзеяздольнасцю, аднак усё гэта было адносна і было шмат выключэнняў з гэтага правіла. Напрыклад , буйныя феадалы валодалі большай дзеяздольнасцю, таму што ў поўнай меры могуць карыстацца ўсімі правамі і абмяжоўваць у гэтых правах дробнах феадалаў.

              Правы феадалаў павялічваюцца, і, што не дзіўна, тым самым абмяжоўваецца праваздольнасць і дзеяздольнасць людзей "простага стану". З развіццём прыгонніцкіх адносін замаццоўваюцца правы феадалаў не толькі на сялянскія землеўладанні, але і на асобу селяніна. Феадал, абмяжоўваючы правы селяніна, паважаў нормы “старыны”, але ў тых выпадках, калі гэта не закранала непасрэдна яго інтарэсаў.

Грамадзянскае права