Вобраз Полацка у сучаснай буларускай паэзии

 

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны”

 

Філалагічны факультэт

 

 

 

 

Кафедра беларускай літаратуры

 

 

 

“Вобраз Полацка

ў сучаснай беларускай паэзіі”

 

 

 

Курсавая работа

 

 

 

 

Выканаўца:                                                     
студэнтка групы БФ-21                                    Краўчанка Вікторыя Іванаўна

 

 

Навуковы кіраўнік:

кандыдат філалагічных навук, дацэнт                 Яцухна Віктар Іванавіч 
  

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Гомель 2014  
Змест

 

Уводзiны….…………………………………………………………....3

1. Крыніцы і гістарыяграфія………………………………………….5

2. Вобраз Полацка ў творчасці Алеся Разанава……………………11

3. Уладзімір Арлоў аб Полацку……………………………………..15

4. Полацк вачамі Ірыны Дарафейчук……………………………….22

Заключэнне…………………………………………………….……..25

Спіс выкарыстанай літаратуры……… ……………………………..26

 

 

 

Уводзiны

 

Гісторыя апісання горада Полацка ў паэтычнай літаратуры пачынаецца напачатку XX стагоддзя. У сувязі з узнікненнем нацыянальнай беларускай дзяржавы значнае развіцце атрымалі тэмы радзімы і апісанне яе месцаў сярод літаратараў-беларусаў. Палітыка бальшавікоў была накіравана на адраджэне нацыянальнай самабытнасці і прадугледжвала курс на беларусізацыю. Аднак,  пасля гэтага кароткага перыяду распаўсюджвання беларускай мовы і культуры настаў час рэпрэсій і знішчэння папярэдніх дасягненняў у гэтай сферы.

На новы этап апісанне вобраза горада Полацка выйшла пасля стварэння незалежнай Беларусі ў 90-я гады XX стагоддзя. Пры канцы ХХ стагоддзя беларускія паэты працягвалі актыўна пісаць вершы пра Полацк. Найбольшага плёну тут дасягнулі маладыя творцы. У іх вершах практычна знік пераказ полацкіх міфаў і з'явілася шмат развагі пра будучыню Полацка і элемэнты постмадэрнісцкай паэтыкі. Праўда, хто-ніхто яшчэ працягваў пісаць пра Полацак у адраджэнцкім (маладнякоўскім) ключы. Асобна ў гэтым хоры гучыць паэма ці не галоўнага мадэрніста Алеся Разанава «Ўсяслаў Чарадзей». Увогуле Алесь Разанаў у 1990-х напісаў цэлы шэраг твораў на полацкую тэматыку, але з іх яшчэ не быў складзены асобны зборнік. Значны ўклад у распрацоўку дадзенай тэмы уносяць таксама Уладзімір Арлоў і Ірына Дарафейчук.

Вывучэнне вобразна-лірычнага адлюстравання той ці іншай мясцовасці ў літаратуры з'яўляецца важным этапам развіцця нацыянальнай самасвядомасці і патрыятызму.

Мэтай гэтага даследавання з'яўляецца разгляд адметнасцей адлюстарвання вобраза горада Полацка у паэтычай творчасці Алеся Разанава, Уладзіміра Арлова і Ірыны Дарафейчук. Дзеля дасягнення гэтай мэты плануецца выканаць шэраг задач:

  • Разглядзець гісторыю развіцця паэтычнага апісання Полацка ў беларускай літаратуры;
  • Прасачыць творчы шлях Алеся Разанава і асаблівасці яго лірычнага апісання горада;
  • Азнаеміцца з асаблівасцямі вобразна-лірычнага ўвасаблення Полацка ў творчасці Уладзіміра Арлова;
  • Прааналізаваць месца Полацка сярод лірычнай спадчыны Ірыны Дарафейчук.

 

Такім чынам, выбраная тэма не з'яўляецца шырока распаўсюджанай сярод навукоўцаў.І гэта дае падставу для яе распрацавання і далейшага вывучэння.

 

 

    1. Крыніцы і гістарыяграфія

 

У суадносінах з тэмай курсавой работы для яе напісання выкарыстоўваліся працы, прысвечаныя гісторыі і апісанню горада Полацка [1, c. 125].

Так, менавіта гісторыю старажытнага горада даследавалі Г. В. Штыхаў, В. Тарасаў, М. Ермаловіч, А. Ляўко і іншыя. Працы гэтых вучоных прысвечаны гісторыі фарміравання горада, яго сацыяльна-эканамічнаму жыццю. Агульныя гістраычныя працы дапамагаюць вызначыць гістарычнае паходжанне горада, пазнаёміцца з працэсамі яго развіцця.

Упершыню горад Полацк упамінаецца ў Аповесці мінулых гадоў, што з'яўляецца першым яго ўзгадваннем і надае яму статус самага старажытнага горада Беларусі [2, с.67].  Упамінанні аб горадзе можна знайсці у шматлікіх рускіх, беларускіх і ўкраінскіх летапісах IX-XVIII ст.ст.  На працягу гэтага перыяду горад даследаваўся ў асноўным гісторыкамі і вывучаліся розныя бакі яго жыцця: культура, сацыяльна-эканамічныя працэсы, палітычнае жыццё.

З'яўленне беларускай дзяржавы абумовіла развіццё нацыянальнай навукі і паклала пачатак сістэматызацыі звестак аб горадзе. Вацлаў Ластоўскі першым вылучыў гістарычныя паданні пра Полацк з прац расійскіх гісторыкаў – Карамзіна, Ключэўскага, Салаўёва, Тацішчава. Гэтым быў пакланы падмурак уласнай канцэпцыі беларускай дзяржаўнасці.

Дзеля апісання вобразаў горада ў творчасці сучасных беларускіх паэтаў былі выкарыстаны іх уласныя творы на полацкую тэматыку: вершы У. Арлова, І. Дарафейчук і А. Разанава.

Гэта тэма цікавіла не ўсіх дзеячаў беларускага адраджэння. Так, Антон Луцкевіч пісаў няшмат аб старажытным мінулым і міфах беларускай зямлі. Росквітам беларускага краю Луцкевіч называў эпоху Вялікага Княства Літоўскага. Ластоўскі ж лічыў “залатым векам” Беларусі і часы існавання незалежнага Полацкага княства. Ен пераказваў у сваіх дзіцячых чытаннях крывічскія легенды і ў артыкулах для “Нашай Нівы”, і ў кнігах з гісторыі Бацькаўшчыны.

Нягледзячы на гэтыя старанні, тэма старажытнага Полацка не з'яўлялася актуальнай для паэтаў таго часу. Полацкія міфы ў дарэвалюцыйы перыяд яшчэ не сталі агульнанацыянальнымі і не сталі культурнай спадчынай краіны. Не было яшчэ паэтычнага ўспрымання Полацка як месца вытокаў беларускай міфалагічнай традыцыі. Не хапала таксама і інтэлігенцыі, якая б магла спецыялізавацца па вывучэнню гэтай тэматыкі.

Янка Купала і Максім Багдановіч таксама пакінулі месца ў сваёй творчай спадчыне для апісання горада з дапамогай выкарыстання міфалагічнага мінулага. Але гэта былі асобныя вершы, якія не складаліся ў паэтычныя цыклы і не мелі менавіта гэтага тэматычнага характару.

За савецкім часам першымі пачалі паэтызаваць полацкія міфы, як ні дзіўна, маладнякоўцы. Асаблівая заслуга тут належыць Алесю Дудару, каторы ў дваццацігадовым узросце праводзіў на Полаччыне беларусізацыю [3, c. 567].

У тагачасным Полацку Дудар доўгі час не мог заснаваць маладнякоўскай групоўкі, бо спаткаўся з фактам поўнай адсутнасці літаратурных беларускамоўных сіл на Полаччыне. Толькі пасля крытыкі з боку кіраўніцтва «Маладняку» Дудар здолеў прывесці ў літаратурны круг студэнтаў і вучняў, якія мелі цікавасць да літаратуры. На іх ускадвалася надзея, што ў будучыні яны стануць добрымі прапаведнікамі беларускасці. З усяго першага складу полацкай філіі, якую ўтварылі сем чалавек, толькі сам Дудар меў дачыненне да літаратуры. Дзеля такой сітуацыі Полацк амаль да канца 20-х гадоў знаходзіўся пад кантролем членаў гуртка маладнякоўцаў.

 Менавіта яны спрычыніліся да таго, што расійскамоўная мясцовая газета “Полоцкий пахарь” ператварылася ў беларускамоўную “Чырвоную Полаччыну”. Пэўны час маладнякоўцы выдавалі яе ўласнымі сіламі.

Пачынанне Алеся Дудара падтрымалі Андрэй Александровіч, Алесь Звонак, Валерый Маракоў і іншыя. Яны прыязджалі ў горад і ўдзельнічалі ў працэсы вывучэння, стварэння і распаўсюджвання яго паэтычна-міфалагічнага вобразу. Усе яны сталіся першымі савецкімі творцамі паэтычнай Полаччыны. У 20-я гады расійскамоўны Полацк патроху беларусізаваўся: з вёсак і мястэчак у горад ехала моладзь. Полацкім маладнякоўцам, якія паходзілі з навакольных мясцінаў –  Вушаччыны, Дрысеншчыны, Расоншчыны, прасцей было паверыць у вялікі горад Полацк – “сэрца Беларусі”. Для іх гэта быў вялікі незвычайны горад, які зачароўваў сваімі вуліцамі і гарадскім жыццём. Вось як апісвае свае першыя ўражанні ад тагачаснага Полацку маладняковец Тарас Хадкевіч: “Полацак – стары, але невялікі па тым часе горад – здаўся мне казачным. Брукаваныя вуліцы, каменныя дамы, гмахі колішняга кадэцкага корпусу, высока ўзьнятыя купалы і шпілі, што трапляліся мне на вочы, – выглядалі інакшымі, чым у нас у вёсцы – нібыта яны былі зусім з іншага свету. Потым у жыцці я бачыў шмат гарадоў – большых і прыгажэйшых за Полацак, – але такога ўражання яны не пакідалі”. Менавіта студэнты, найперш Полацкага пэдтэхнікуму, сталіся галоўным людскім рэсурсам для маладнякоўцаў (рабіліся чытачамі і пачаткоўцамі-літаратарамі) [4, c. 187].

 У выніку, літаральна праз год існавання, полацкая групоўка ператварылася ў адну з самых актыўных рэгіянальных структур “Маладняку”. Ужо ў 1926 годзе выходзіць першы полацкі літаратурны альманах “Наддзьвінне” (усяго выйшла тры альманахі). Полацкія маладнякоўцы надзіва паважна пісалі пра Еўфрасінню Полацкую, якую неўзабаве ў беларускім друку пачалі называць не інакш як “цемрашалкаю”, і выказвалі ў вершах антырасійскія настроі.

Алесь Звонак ва ўспамінах згадваў, што працэс беларусізацыі ў Полацку выклікаў даволі актыўнае пярэчанне старой часткі царскай чыноўнай інтэлігенцыі. Водгулле тых даўніх спрэчак чутнае ў вершах маладых паэтаў. Новаствораныя полацкія міфы выкарыстоўваліся маладнякоўцамі ў якасці аргумэнту ў гарачых дыскусіях. У лістападзе 1926-га Валерый Маракоў і Алесь Звонак у лісце з Полацку, накіраваным у ЦК “Маладняку”, пішуць: “Жывём у адной хаце калектывам цэлым, цэлым “стойлам Пэгаса”, спяваем песьні і пасылаем усіх русацяпаў к… Рыхтуемся да вечара, рыхтуем літ. дадатак да газэты і г. д. Пішам вершы” [5, с 128].

У перавыданнях сваіх твораў тыя маладнякоўцы, хто ацалеў пасля рэпрэсій 30-х, антырасійскія радкі павыключалі. Напрыклад, у вершы Алеся Звонака “Полаччыне” (у новай рэдакцыі верш атрымаў назву “Полацк”) замест вышэйпададзеных радкоў “Ворагі злосныя, хцівыя ворагі…” з'явілася:

 

Сьцежкай лясной падкрадаліся ворагі – 
Край бараніць уздымаўся твой люд: 
Рыцараў зграі заплочвалі дорага, 
Не паланіўшы чужую зямлю…[23, с.20]

 

Пасля вяртання з ГУЛАГу цалкам перапісаў сваю паэму ці нізку вершаў “Дзвіна” Андрэй Александровіч, пакінуўшы дату напісання “1926”. Крытыка разбуральных дзеянняў царскай Расіі ў справе русіфікацыі беларускіх земляў ужо выглядала крамолай. Нацыянальнае пытанне было ўвогуле забаронена да ўжытку і яго лепш было не чапаць.

Цікава, але паэты з “Узвышша” практычна не пісалі вершаў пра Полацак. Ува ўсякім разе такіх вершаў ані ў Дубоўкі, ані ў Пушчы я не знайшла.

Беларусізацыя хутка была згорнутая. У 30-х гадах вершаў пра Полацк беларускія паэты амаль не пішуць. Сёй-той ствараў “у стол”, напрыклад Язэп Драздовіч – ягоная паэма “Трызны мінуўшчыны” была ўпершыню надрукаваная толькі ў 1993-м у віцебскай газеце “Выбар”, праз 57 гадоў пасля напісання. Гэты твор практычна невядомы аматарам айчыннага прыгожага пісьменства.

У 40-х гадах сярод беларускіх паэтаў ў эміграцыі найбольш папулярным полацкім героем быў Ўсяслаў Чарадзей. Славуты князь сімвалізаваў незалежнасць, непахіснасць, трываласць, ваенны поспех. Цікава, што ўжо падчас другой сусветнай вайны беларускія савецкія, і антысавецкія паэты звяртаюцца да полацкіх міфалагічных сімвалаў [6, c. 128].

 Напрыклад, Пятрусь Броўка ў 1943 годзе піша паэму “Беларусь”, у якой згадвае Полацак. А ў адным з раздзелаў паэмы апавядаецца:

 

“Аб горадзе Полацку слава ішла –

Друкар там выдатны Георгій Скарына,

Што зоры, рассыпаў па роднай краіне

Крыштальныя словы навукі-святла…” [  ]

 

 

Наталля Арсеньева піша пра Скарыну ў нямецкім Рэгенсбургу ў 1946 годзе лібрэта опэры “Ўсяслаў Чарадзей”.

Найбольшым прыхільнікам полацкай тэмы сярод паэтаў, якія апынуліся ў эміграцыі, бадай, быў Янка Юхнавец – ці не самы таленавіты паэт-эмігрант. У ягонай паэзіі няма пераказаў пра Рагнеду, Усяслава Чарадзея, Еўфрасінню або Францішка Скарыну. Полацкая тэма прысутнічае ў ледзь прыкметных алюзіях, схаваным цытаванні. Сваю славутую паэму “Калюмбы” Янка Юхнавец прысвячае “Сыну слаўнаму народу ўслаўленага Беларускага, доктару Скарыну”. А “Гутаркі Лесасека” – гэта таксама пра Полацк, пра лесасекаў з Крывіччыны, пра казку сярод “Айчынных пушчаў”, пра драўляную крывіцкую сталіцу, якая безліч разоў ператваралася ў попел, але зноў і зноў адраджалася, як Фенікс.

Адразу пасля заканчэння другой сусветнай вайны полацкая тэма зноў вяртаецца ў вершы. Спачатку асцярожна, з дапамогай выкарыстання змененых імен – Скарыну называюць Георгіем. Затым з кожным годам усё смялей і смялей: вершаў аб Полацку станавілася больш і больш. Некаторыя паэты стварылі цэлыя вершаваныя цыклы пра старажытную крыўскую сталіцу, пра яе легенды і герояў. Змест гэтых тэматычных зборнікаў быў пераказам паэтычнай мовай асноўных полацкіх міфаў. Апагеем развіцця полацкай тэматыцы стаў верш Рыгора Барадуліна “Полацкі мэнталітэт”:

 

Ёсьць полацкі мэнталітэт –  
Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны, 
Ад той абрынутай адрыны, 
Дзе сон шукаў 
Свой сонны след.

Ён цемры пазычаў сьвятла, 
Каб стала вечнасьцю імгненьне, 
Ляцеў вышэй жаўрук зьдзіўленьня, 
Люцела рупнасьці пчала.

Ад Полацку пачаўся сьвет. 
Пра небачолых кажам: 
З нашых! 
Ёсць Беларусь, 
А гэта значыць -  
Ёсьць полацкі мэнталітэт! [с.143]

 

У 1970-1980-я гады беларускія пісьменнікі канчаткова ўзвялі Полацк у ранг першага горада Беларусі, таго самага горада, з якога пачаўся беларускі свет. Практычна кожнай станоўчай чалавечай якасці быў створаны полацкі адпаведнік: духоўнасць – Еўфрасіння Полацкая, Крыж Еўфрасінні; прыгажосць – Сафійскі сабор; ахвярнасць – Рагнеда; мудрасць – Усяслаў Чарадзей; мужнасць – Якаў Палачанін; адукаванасць – Францішак Скарына, Сімяон Полацкі; майстравітасць – Лазар Богша, дойлід Іаан і г. д. А крывічы канчаткова сталіся для беларусаў нацыястваральным славянскім племенем [7,c. 89].

Тэму Полацка ў сваей творчасці закраналі: Пятрусь Броўка – “Размова з Дзвіною”, Максім Танк – “У Татрах”, Максім Лужанін – “Як нараджаўся новы свет”, Васіль Зуёнак – “Быў знак”, Алесь Пісьмянкоў – “Палачанін”, Навум Гальпяровіч – “Дзвіной”, Віктар Леаненя – “Першая сталіца”, Пятро Ламан – “Полацкая фрэска”, Леанід Дайнека – “У Полацку над Палатою…”, Данута Бічэль – “Вершатворца Сімяон Полацкі”, Вольга Іпатава – “Выгнанне Полацкіх князёў у Бізантыю, год 1129”, Людміла Рублеўская – “Эўфрасіння”, Эдуард Акулін – “Францішак Скарына”, Алег Мінкін – “У Полацку”, Ірына Багдановіч – “Полацкай Сафіі”,, Людміла Паўлікава – “Полацкая Сафія”, Сяргей Панізнік, Генадзь Бураўкін “Полацкая баляда”, Анатоль Сыс – “У Сафіі крыж чырвоны”, Рыгор Барадулін – “Полацкі мэнталітэт” [8, c. 345].

Пры канцы ХХ стагодздзя беларускія паэты працягвалі актыўна пісаць вершы пра Полацк. Найбольшага плёну тут дасягнулі маладыя творцы. У іх вершах практычна знік пераказ полацкіх мітаў, тут чытач знойдзе іншае – развагі пра будучыню Полацку і элемэнты постмадэрнісцкай паэтыкі. Праўда, хто-ніхто яшчэ працягваў пісаць пра Полацак у адраджэнцкім (маладнякоўскім) ключы. Асобна ў гэтым хоры гучыць паэма ці не галоўнага мадэрніста Алеся Разанава «Ўсяслаў Чарадзей». Увогуле Алесь Разанаў у 1990-х напісаў цэлы шэраг твораў на полацкую тэматыку, але,  на вялікі жаль, з іх яшчэ не быў складзены асобны зборнік.

 

2 Вобраз Полацка у творчасці Алеся Разанава

 

Алесь Сцяпанавіч Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947, в. Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям'і служачых. Бацька – Сцяпан Разанаў, паходзіць з Тамбоўскай вобласці, прыехаў з геадэзічнай экспедыцыяй да вайны ў Беларусь, дзе і застаўся. У 1966 годзе А. Разанаў паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Паралельна з вучобай працаваў ліцейшчыкам на Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання. У кастрычніку 1968 года студэнты-філолагі БДУ, сярод лідараў якіх былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ, звярнуліся ў ЦК КПБ з лістом на імя П. М. Машэрава, дзе патрабавалі вяртання выкладання на беларускай мове. У выніку арганізатары падпісання ліста атрымалі ярлыкі “буржуазных нацыяналістаў”, што па тых часах магло мець благія наступствы. Пасля таго як Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Валянціна Тоўкун з'ездзілі ў Зэльву да Ларысы Геніюш, два першыя ўзімку 1969 года былі выключаны з БДУ (праз няздачу заліку па ваеннай падрыхтоўцы; да гэтага яны былі выдатнікамі вучобы). Дзякуючы падтрымцы Максіма Танка, рэктара БПІ Сяргея Гусака і загадчыка кафедры беларускай мовы і літаратуры БПІ Уладзіміра Калесніка, А. Разанаў працягнуў вучобу на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1970. У 1970-71 гадах працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе вёсцы Кругель Камянецкага р-на. З 1972 года ў Мінску; 1972-74 гадах з'яўляецца літаратурным супрацоўнікам газеты “ЛіМ” часопіса “Родная прырода”. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1972 года. У 1974-86 – рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. З 1989 – віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра [9, c. 567].

З вершамі ў друку выступіў у 1961 годзе. У першым паэтычным зборніку з адметнай для таго часу назвай “Адраджэнне” (1970), моцна пераробленым цэнзурай, пераважалі адраджэнскія настроі, услаўляліся героі беларускага мінулага, замежныя вучоныя і пісьменнікі, адкрывальнікі новага, утапісты і змагары. У кнізе пераважалі імклівыя рытмы, рамантычная ўзнёсласць, ускладненая метафарычнасць. У наступным зборніку вершаў  “Назаўжды” (1974) навідавоку яго пошукавы характар, схільнасць да паэтычнага эксперыменту, павышаная ўвага да філасофскіх праблем. 3 гэтага часу з імем Алеся Разанава звязваецца ўяўленне аб інтэлектуальнай плыні ў беларускай паэзіі. У вершаваным цыкле пад назвай “Пункціры”, якая адначасова стала і абазначэннем новага жанру, паэт прадэманстраваў сваё імкненне ахапіць шматстайныя праявы свету. Ён часцей за ўсё адштурхоўваўся ад назіранняў над канкрэтнымі, часта мімалётнымі, з'явамі і рэчамі.

Наватарскія памкненні паэта ў сферы зместу і формы выявіліся ў кнізе паэм-балад “Каардынаты быцця” (1976) і этапным зборніку “Шлях-360” (1981). Аднак эстэтычныя пошукі А. Разанава не сустракалі належнага разумення. Галоўная прычына ўскладнення творчага шляху паэта была абумоўлена сітуацыяй падцэнзурнага існавання літаратурнага жыцця ў часы грамадскага застою. Вольная мастацкая думка тады стрымлівалася і скоўвалася, савецкая паэзія была абмежавана колам дазволеных тэм, ідэй і спосабаў іх увасаблення. А. Разанаў імкнуўся да складанай вобразатворчасці, алегарычнага і сімвалічнага адлюстравання рэчаіснасці, а гэта пакідала ўражанне нейкага тайнапісу, не заўсёды зразумелага падтэксту. Ён звяртаўся да фальклорна-міфалагічных матываў, біблейскай сімволікі, традыцый нацыянальнай і сусветнай класікі. Пра напружаныя пошукі А. Разанавым свайго шляху засведчылі такія творы, як “Паэма рыбіны”, “Паэма калодзежа”, “Паэма выніку”, Паэма жніва”, “Паэма раўнавагі” і інш. Дэвізам яго творчага пошуку былі словы, выказаныя яшчэ ў 1960-я гады: “Жыве эксперымент! ” Ён прытрымліваўся ідэі дынамічнага руху, зменлівасці жыцця і вечнага ўдакладнення поглядаў на жыццё і рэчаіснасць [10, c. 324].

У філасофскай лірыцы А. Разанава адбываўся пошук “сапраўднай рэальнасці”. На ўвазе мелася рэальнасць, якая адкрываецца ў асабіста-пачуццёвай сферы, у выніку суб'ектыўнага ўспрымання і асэнсавання свету.    А. Разанаў бачыў гэтую “сапраўднасць” зямнога існавання ў адкрыцці новага, уласна “чалавечага” ў прыродзе, жыцці, вялікім космасе. Ён скіроўвае чытача ў мінулае і будучы час, да таямніц свету і чалавечага быцця. Паэт перакананы, што чалавек і яго думка павінны быць у няспынным руху наперад, і гэты працэс пазнання бязмежны, бясконцы.

Шматлікія вершаваныя тэксты А. Разанава – гэта вершы аб прадметах і рэчах, прыродных з'явах і жывых істотах. Іх назвы гавораць самі за сябе: “Камяні”, “Зброя, ” “Сякера”, “Стол”, “Цвік ”, “Барана”, “Птах”, “Маланка”, “Завея”, “Змеі”, “Лесвіца”, “Студня”, “Дрэвы”, “Ланцуг” і інш. Праз матэрыяльнае паэт імкнецца раскрыць штосьці новае: і ўласна пра рэчы-прадметы, і пра навакольную прыроду, і пра быццё чалавека, які іх успрымае. Паэт, гаворачы пра рэчы, шукае важныя сэнсы, пэўныя аналогіі, параўнанні. Так, парог, які “ўрос у зямлю”, выклікае ў паэта цэлае кола асацыяцый. Ён увасабляе падзел розных часоў, прымушае задумацца чалавека, хто ён такі на гэтым свеце. “Мінулае тоіцца ў змроку, будучыня – у светлыні”, – падагульняе аўтар у вершаказе “Парог”.

У зборніках А. Разанава апошніх дзесяцігоддзяў “Вастрыё стралы”, “У горадзе валадарыць Рагвалод”, “Паляванне ў райскай даліне”, “Рэчаіснасць”, “Гановерскія пункціры” творчыя пошукі адбываюцца пераважна ў сферы самой беларускай мовы. Паэт адкрывае багацце яе лексічных, музычных, сэнсавых магчымасцей і дэманструе амаль у кожным новым творы ідэю вобразнай невычэрпнасці нацыянальнай моўнай стыхіі. Любое слова, паняцце, назва прадмета, з явы ў навакольным свеце поўняцца для паэта асаблівым сэнсам і зместам (вершаказы “Вуліца”, “Бор”, “Рэчка і возера”, “Маланка і гром”, “Гліна”, “Срэбра і золата” і інш.) Ва ўладзе паэтавай думкі паставіць побач словы, рэчы, прадметы, раскіданыя ў часе і прасторы. Але самая вялікая загадка пры гэтым для паэта застаецца – жыццё і чалавек. Сэнс жыцця, сцвярджае Алесь Разанаў, у самім жыцці, у няспынным пошуку ісціны [11, c. 456].

У далёкую мінуўшчыну, ажно ў біблейскія часы, выпраўляецца лірычны герой паэмы А. Разанава “Гліна”. У вершах “Рагнеда”, “Стары горад”, паэтычнай кнізе “У горадзе валадарыць Рагвалод”, паэме “Усяслаў Чарадзей” А. Разанаў аддае даніну захаплення старажытнаму Полацку, у вобразе і гісторыі якога бачыць увасабленне спрадвечнага беларускага шляху.

Паэта цікавіць існаванне ў вялікім агульначалавечым свеце і загадкавым свеце нацыянальнай гісторыі. Алесь Разанаў вынаходлівы і дасціпны як у змесце, так і ў форме. Ён істотна пашырыў жанравыя межы сучаснай філасофскай паэзіі. А. Разанаў выказваецца ў сціслай форме квантэм, пункціраў, версэтаў, вершаказаў, зномаў. Яго паэтычныя тэксты часам нагадваюць фрагменты старажытных манускрыптаў без пачатку і без канца, спасціжэнне сэнсу якіх вымагае напружанай працы інтэлекту і фантазіі, здольнасці да самастойнай інтэрпрэтацыі.

Паэзія А. Разанава вылучаецца гукавымі асацыяцыямі, разбурэннем многіх традыцыйных форм і канонаў, дзёрзкай эксперыментальнасцю, сінтэзам вершаў і прозы авангардысцкага кірунку. Ён увёў у беларускую літаратуру версэты, квантэмы, вершаказы, пункціры [12, c. 256].

Версэты (утворана хутчэй за ўсё ад слова “версія”) – вершы баладнага складу, блізкія па афарыстычных роздумах да прытчаў. У іх асабістае я паэта як бы праламляецца праз “каардынаты быцця і асобы”. Аўтар аддае перавагу быційнаму, сутнаснаму. Сімволіка і ўмоўнасць у версэтах арганічна спалучаецца з канкрэтнымі рэаліямі, рытміка і рыфмоўка свабодная, раскаваная.

Квантэмы (утворана ад квант – элемент энергіі) – вершы-медытацыі, у аснове якіх “імпульс, квант паэтычнай энергіі”. Тут і словы-вобразы, і інтанацыя рытму, і колер рытму. У квантэмах няма звязанасці, прычынна-выніковай сувязі. Паміж сказамі часта адсутнічаюць знакі прыпынку, страчаны межы паміж лагічна завершанымі кавалкамі тэксту. Ствараецца ўражанне, што словы раскіданы, разбураны, існуюць паасобку.

Вершаказы – творы, паэтычныя па змесце і празаічныя па форме. Гэта ўслухоўванне ў гукавы склад слова, адшукванне асацыяцый, праз якія вымалёўваюцца межы сэнсу. Гэта і гульня са словам, абыгрыванне яго гучання і паліфанічнасці, і сур'ёзнае пранікненне ў глыбіні мовы, зварот да гукасэнсу і моватворчасці. У вершаказах побач з голасам паэта чуецца голас дрэва, каменя, маланкі, бо кожны прадмет, кожная з'ява хоча агучыцца, расказаць пра сябе. Кожная літара і кожны гук для паэта вельмі значныя, бо з іх дапамогай ён спрабуе ўзнавіць працэс узаемадзеяння чалавека з прыродай.

Пункціры – мініяцюрныя формы верша. Яны складаюцца з 3-6 радкоў. Па прызнанні самога аўтара, гэта “назіранне, думка, вобраз, тое, што заўважылася вакол сябе ў рэчаіснасці, што пастукала ў тваю душу, што блізка падступілася”. Сам вершаваны вобраз – гэта пункцір, маленькая кропка неабсяжнага жыцця [13, c. 129].

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

      1. Уладзімір Арлоў аб Полацку

 

Уладзімір Аляксеевіч Арлоў нарадзіўся 25 жніўня 1953 ў Полацку. Пасля заканчэння БДУ працаваў настаўнікам гісторыі ў Наваполацку з 1975 па 1976 гады. Пасля быў карэспандэнтам, загадчыкам аддзелам, намеснікам рэдактара гарадской газеты “Хімік” ў Наваполацку, рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЕН-цэнтра, член рады Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1986), член рэдкалегій часопісаў “Спадчына”, “Калоссе”, “Крыніца”. Жыве ў Мінску. З 1988 член БНФ, у 1989 выйшаў з КПСС. З 1992 двойчы абіраўся ў Сойм БНФ. Цяпер беспартыйны. Грэка-каталік. Жанаты, двое сыноў — Раман (былы удзельнік гурта J:Морс) і Багдан. Дэбютаваў вершамі ў студэнцкіх часопісах «Блакітны ліхтар” (Наваполацк, 1973), “Мілавіца” (Мінск, 1976). Вядомасць прынесла проза, творы гістарычнай тэматыкі. Аўтар 20 кніг прозы, паэзіі, гістарычных нарысаў і эсэ, у т.л. “Добры дзень, мая Шыпшына” (Мн., 1986), “Дзень, калі ўпала страла” (Мн., 1988), “Асветніца з роду Усяслава” (Мн., 1989), “Ордэн Белай мышы”, “Адкусі галаву вароне”, “Пока не погасла свеча” (М., 1990), “Там, за дзвярыма” (вершы ў прозе: Мн., 1991), “Цалкам сакрэтна, альбо Адзін у трох іпастасях” (Мн., 1992), “Евфросиния Полоцкая” (Мн., 1992), “Рандэву на манеўрах” (Мн., 1992), “Міласць князя Гераніма” (аповесці, апавяданні: Мн., 1993), “Таямніцы полацкай гісторыі” (Мн., 1994), “Пяць мужчын у леснічоўцы” (Мн., 1994), “Фауна сноў ” (вершы: Мн., 1995), “Божая кароўка з Пятай авеню” (Мн., 1998), “Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны” (Мн., 1998), “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” (Вільнюс, 1999; у сааўтарстве з Г. Сагановічам), “Requiem dla piły motorowej” (Рэквіем для бензапілы; Беласток, 2000), “Адкуль наш род” (Мн., 1996; Вільнюс, 2000), “Сны імператара” (апавяданні, аповесці, эсэ: Мн., 2001), “Краіна Беларусь” (Славакія: Neografia, 2003; у сааўтарстве з З. Герасімовічам), “Паром празь Ля-Манш” (вершы: Мн., 2006) і інш. Творы У. Арлова перакладаліся на 25 моў, у т.л. на нямецкую, англійскую, польскую, чэшскую, французскую, эстонскую, літоўскую, славацкую, грузінсую і інш [14, c. 325].

Аўтар сцэнарыяў навукова-дакументальных фільмаў “Ефрасіння Полацкая”, “Полацкія лабірынты”, “Сімяон Полацкі” і інш.

Уладзімір Арлоў – прадстаўнік сучаснай літаратуры, дакладней новай літаратурнай сітуацыі змены мастацкай стылістыкі. Некаторыя крытыкі лічаць яго прадстаўніком пераходнага перыяду, дзе спалучаюцца былыя і новыя формы творчасці. Менавіта ў яго паэтычнай творчасці выразна адбіваюцца стылістычныя змены. У той жа час, яго гістарычная проза працягвае рамантычныя традыцыі мінулай літаратуры. Напэўна, тут моцна дзейнічае прыцягальнасць мастацкай прасторы Уладзіміра Караткевіча [15, c. 89] .

Паэзію Арлова супрацьставяць яго прозе, або гавораць аб ёй напрыканцы, або зусім не гавораць. Не таму, што гэта – мастацтва ніжэйшага ўзроўню. Наадварот, напрыклад, некаторыя крытыкі падкрэсліваюць, што менавіта паэтычную творчасць Арлова вызначае мастацкасць, а гістарычную прозу – нацыяльная заангажаванасць: “…ягоны шлях ад гістарычнай белетрыстыкі і папулярызатарскай гістарыяграфіі да вытанчанай эсэістыкі, сучаснай актуальнай прозы ды гэтага ж эстэтычнага кшталту паэзіі” [16, c. 102].

Праўда ёсць крытыкі, якія не прымаюць (не разумеюць) паэтычных вобразаў Арлова (напэўна, усё з-за той жа заангажаванасці ўжо крытыкаў, а не аўтара). Так аднаго з крытыкаў абурыла ўвядзенне ў адзін асацыятыўны рад з божай кароўкай на замежнай вуліцы, згвалтаванай дзяўчыны і манашкі Ефрасінні Полацкай. Мне аднойчы таксама не спадабалася, калі прачытала п’есу мададой пісьменніцы, дзе Ефрасіння раптам зрабілася звычайнай жанчынай, якая марыць пра сям’ю, дзяцей. Потым прыйшло разуменне вытокаў майго абурэння. Імя Ефрасінні зрабілася ўжо сімвалам, знакам веры і Радзімы. Ефрасіння ўжо не просты чалавек – помнік. Дарэчы, да стварэння якога далучыўся сваёй пісьменніцкай дзейнасцю (прозай) і Уладзімір Арлоў (стварэння сімвала, канешне, не помніка) [17, c. 67].

Але слушна ўзнікае пытанне: колькі розніцы паміж згвалтаванай дзяўчынай, жанчынай, што не нарадзіла дзяцей і распаўсюджаным вобразам нашай паэзіі – укрыжаванай Беларуссю. Гэта ўсё пра гвалт: гістарычны, лёсавы, чалавечы, нацыянальны. А настальгічнае патрыятычнае пачуццё можа ўзнікнуць не толькі, калі бачыш нешта натуральнае ў штучным замежным гарадскім асяроддзі, але і ў больш пікантных, інтымных сітуацыях. Напрыклад, на афрыканскім пляжы. У вершы Арлова “Экспедыцыя ў Сахару” думы аб Радзіме узнікаюць менавіта на “цёплым пяску”, і патрыятычная, святая, тэма сутыкаецца зноў з жывёламі, на гэты раз экзатычнымі і далёкімі, “пільнымі скарпіёнамі” і “крылатымі вярблюдамі”. Далёкімі, як Беларусь у гэты час для паэта, ці беларускамоўны паэт для Радзімы ўжо працяглы час [18, с. 112-113].

Вобраз Полацка у сучаснай буларускай паэзии