Асноўныя ідэі, матывы і вобразы паэзіі Міхася Башлакова

 


 


Рэферат

 

 

Курсавая работа мае 41 старонку. Выкарыстана 26 крыніц. Аб’ектам даследавання з’яўляецца творчасць Міхася Башлакова, а іменна яе ідэйна-вобразны свет. Былі выяўлены асноўныя ідэі, матывы і вобразы яго паэзіі. Увага была скіравана таксама і на ўжыванне паэтам мастацкіх сродкаў. Даволі часта выкарыстоўваліся эпітэты, параўнанні, метафары, крыху менш – метанімія, гіпербала, перыфраза. Спыніліся таксама і на паэтычным сінтаксісе. Адзначылі цікавыя выпадкі ўжывання антытэзы, ампліфікацыі, анафары, падваення.

Мэта курсавой работы – сцверджанне глыбіні, значнасці мастацкіх пошукаў М.Башлакова, непаўторнасці яго паэтычнага свету.

Задачы курсавой работы:

    1. Даследаванне творчасці Міхася Башлакова. 
    2. Асэнсаванне крытычнай літаратуры па тэме.
    3. Аналіз вершаваных радкоў Міхася Башлакова.
    4. Асэнсаванне ролі творчасці паэта ў сучаснай беларускай літаратуры.

Метады даследавання:

    1. Аналітычны
    2. Сістэмны
    3. Параўнальна-тыпалагічны

Крытычная значнасць атрыманых вынікаў: вынікі работы могуць быць выкарыстаны ў працэсе далейшага вывучэння творчасці Міхася Башлакова ў беларускай літаратуры, пры выкладанні літаратуры ў ВНУ і школе, пры напісанні курсавых і дыпломных работ.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Змест

 

Уводзіны 3

1 Асноўныя ідэі, матывы і вобразы  паэзіі Міхася Башлакова 5

1.1 Грамадзянска-патрыятычная скіраванасць лірыкі творцы 5

1.2 Вобраз маці ў вершах аўтара 10

1.3 Пейзажная лірыка ў творчасці  паэта 12

2 Мастацкія сродкі і адметнасці  іх увасаблення ў паэтычнай  сістэме аўтара 15

2.1 Простыя тропы 17

2.1.1 Месца параўнання ў паэзіі  Міхася Башлакова 17

2.1.2 Эпітэт 21

2.2 Складаныя тропы ў лірыцы  Міхася Башлакова 24

2.2.1 Метафара 24

2.2.2 Адухаўленне. Персаніфікацыя 26

2.2.3 Метанімія ў творчасці Міхася  Башлакова 28

2.2.4 Перыфраза ў вершаваных радках  Міхася Башлакова 29

2.2.5 Роля гіпербалы ў творах паэта 30

3 Сродкі паэтычнага сінтаксісу  і іх роля ў тэкстах пісьменніка 32

3.1 Ампліфікацыя 32

3.2 Анафара  33

3.3 Падваенне ў творах паэта 34

3.4 Кальцо 36

3.5 Антытэза як актыўны спосаб  увасаблення парадаксальнасці аўтарскай  думкі 37

Заключэнне 39

Спіс выкарыстаных крыніц 40

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Уводзіны

 

 

На працягу ўсёй сваёй гісторыі беларуская літаратура была голасам народа, люстрам яго жыцця, выразнікам імкненняў і спадзяванняў, мастацка-эстэтычнага самавыяўлення. Яна пранесла праз стагоддзі самыя запаветныя думкі і пачуцці народа, яго непахіснае імкненне да свабоды і шчасця. Развіваючыся ў няпростых, часта вельмі неспрыяльных умовах, яна захавала вернасць высокім ідэалам, настойліва прапагандавала ідэі сацыяльнай справядлівасці, патрыятызму, павагі да іншых народаў.

Амаль тысячагадовы, а калі мець на ўвазе і фальклорныя, вусна-паэтычныя формы бытавання мастацкага слова, то і больш доўгі перыяд развіцця творчасці ў слове выяўляе неаспрэчную здольнасць беларускага народа тварыць сваю арыгінальную духоўную, мастацкую культуру, сведчыць пра яго таленавітасць, паэтычнасць яго светаадчування.

З кожным годам зменьваецца кола беларускіх пісьменнікаў. Адны сталеюць, пакідаюць нас, на змену ім прыходзяць новыя імёны. Адным з сучасных беларускіх паэтаў з’яўляецца Міхась Захаравіч Башлакоў.

Міхась Захаравіч Башлакоў нарадзіўся на Гомельшчыне – адным з самых прыгожых і паэтычных куткоў Беларусі. Пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага універсітэта доўгі час настаўнічаў. Цяпер працуе ў Дзяржаўным камітэце Рэспублікі Беларусь па друку. М.Башлакоў з’яўляецца аўтарам кніг паэзіі “Касавіца”(1979), “Начны паром”(1987), “Дні мае залатыя”(1993), “Як слёзы горкія Айчыны”(1999), “Матчыны грыбы перабіраю”(2000), “Пяро зязюлі падніму”(2001), “Палын.Чарнобыль”(2005). Разам з Міхасём Барздыка выдаў у 2004 годзе кнігу “Нетры”, якая на Франкфурцкім кніжным кірмашы – 2005 увайшла ў лік ста лепшых кніг свету.

Паэзіі М.Башлакова характэрны панарамнасць, поліфанія, тонкі лірызм, шчымлівая і задумлівая інтанацыя, выключная эмацыянальнасць, шчырасць і адкрытасць. На вершы паэта напісаны музычныя творы.

Мэта курсавой работы – сцверджанне глыбіні, значнасці мастацкіх пошукаў М.Башлакова, непаўторнасці яго паэтычнага свету.

Задачамі курсавой работы з’яўляюцца даследаванне творчасці М.Башлакова, асэнсаванне крытычнай літаратуры па тэме, аналіз вершаваных радкоў паэта. У рабоце звернем увагу на ідэйна-вобразны свет яго паэзіі. Засяродзімся на праблемах, ідэях, матывах яго творчасці. Вялікая ўвага будзе скіравана на вобразны свет вершаў паэта, таму што кожны лірычны твор - гэта мысленне вобразамі, якое выражаецца пры дапамозе тропаў. Ідэал кожнага літаратурнага твора - вобразна-мастацкая мова. Менавіта яна выяўляе спецыфіку мастацкіх твораў, з'яўляецца важным канструктыўным элементам арганізацыі тэксту, адрознівае паэзію ад навуковых твораў, дакументаў канцылярскай перапіскі. Як сродак моўнай вобразнасці тропы ў вершах з'яўляюцца найбольш пашыранымі. Праблема выкарыстання тропаў у мове паэзіі да гэтага часу не даследавалася ні ў лінгвістыцы, ні ў літаратуразнаўстве. Праўда, такія даследчыкі як Бузук Н.П., Вольф А.Б., Гаўрош Н.В., Дзянісаў У.С. і іншыя заўсёды падкрэслівалі значнасць найважнейшых мастацка-выяўленчых сродкаў, базавых кампанентаў вобразатворчасці, тых мікраэлементаў, якія вызначалі ступень яе мастацкасці. Аднак, па сутнасці, вывучэнне абмяжоўвалася простай канстатацыяй, агульнымі назіраннямі ці вельмі прыблізнымі высновамі. Не ажыццяўлялася тыпалогія тропаў, фігур, што выкарыстоўваліся ў паэтычнай спадчыне Беларусі ХІХ-ХХ стст., іх канкрэтная семантычная і функцыянальная разнастайнасць, ступень іх кантэкстуальнай дастасаванасці, унутранай будовы, лагічнай завершанасці і цэласнасці.

Крыху ўвагі звернем на сродкі паэтычнага сінтаксісу, таму што яны з’яўляюцца неабходнай арганізуючай часткай структуры любога мастацкага тэксту. Сродкі сінтаксісу, якія дапамагаюць стварэнню пэўнага мастацка-вобразнага ўражання, па-рознаму ў кожнага з паэтаў удзельнічаюць у абмалёўцы названых аб’ектаў. Можна, такім чынам, гаварыць аб індывідуальна-аўтарскай характарыстыцы выкарыстання выяўленчых магчымасцей сінтаксічных сродкаў. Пры гэтым індывідуальнае нельга зводзіць толькі да адхіленняў ад агульнага. Індывідуальнае часцей за ўсё праходзіць скрозь прызму самой катэгорыі агульнага: амаль усякі выдатны пісьменнік індывідуальна выкарыстоўвае ўсе сродкі мовы, якія самі па сабе з’яўляюцца агульным набыткам людзей, якія размаўляюць на гэтай жа мове.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

1 Асноўныя ідэі, матывы  і вобразы паэзіі Міхася Башлакова

 

 

М.Башлакоў – паэт-лірык. Яго вершы кранаюць чытача высокім пафасам, праўдзівасцю мастацкіх абагульненняў, глыбінёй і шчырасцю лірычных перажыванняў; западаюць у душу, становяцца спадарожнікамі на ўсё жыццё.

Лірыка М.Башлакова тэматычна багатая і разнастайная. Яна ахоплівае сабою жыццё, працу, побыт, абрады і звычаі народа, свет прыроды, пачуцці чалавека.

Грамадзянска-патрыятычная лірыка М.Башлакова пранізана болем за лёс народа і роднай зямлі. Аўтар вельмі перажывае за тое, што беларускі народ адракаецца ад сваёй мовы, топіць сваю Радзіму ў “гарэлкавай скрусе”.Да грамадзянска-патрыятычнай лірыкі адносім таксама і вершы пра Чарнобыль. Па той прычыне, што М.Башлакоў быў удзельнікам ліквідацыі аварыі на ЧАЭС, шмат яго вершаў было скіравана на адлюстраванне чарнобыльскай трагедыі і яе вынікаў. Паэта ў першую чаргу хвалюе лёс беларусаў пасля чарнобыльскай катастрофы.

Шмат сваіх вершаў М.Башлакоў прысвячае маці – самаму дарагому чалавеку. Вобраз маці ўвабраў у сябе самае дарагое і запаветнае, ён ўвасабляе самае светлае, добрае, што існуе ў жыцці чалавека.

Не малое месца ў лірыцы паэта адводзіцца і пейзажным вершам. З замілаваннем і любоўю аўтар падае пейзажы родных мясцін. Часта ў вершах творцы любоў да прыроды зліваецца з пачуццём любові да Радзімы.

Такім чынам, такі шырокі абсяг лірычных перажыванняў паэта, і гэта пераважна грамадзянскія перажыванні, звернутыя да душы народа.

 

 

 

1.1 Грамадзянска-патрыятычная скіраванасць лірыкі творцы

 

 

Лірыка М.Башлакова адухоўлена глыбокім пачуццём любові да Радзімы, непахіснай верай у яе шчасце. Аўтар моцна адчувае сваю еднасць з роднай зямлёй, яе гісторыяй, традыцыямі, мовай, нацыянальнай культурай. Бацькаўшчына – самае дарагое ў яго жыцці. З ёю звязаны ўсе надзеі паэта, ён сам адчувае сябе яе неадлучнай часцінай:

“Вандроўнік”

 Ад Радзімы,

Якой ні была б,

Не адракуся ніколі я… (1, с.55)

У вершы “Пачні адраджэнне” паэт глыбока перажывае за будучыню Беларусі. Ён гаворыць, што згубіў беларускі народ свае звычаі, песні. Паэт параўноўвае людзей з дрэвамі: так як дрэвы не могуць жыць без каранёў, так і народ без сваёй даўніны:

“Пачні адраджэнне”

 Ні звычаяў даўніх, ні песень  далёкіх.

Няма ўжо ў народзе тых моцных асноў.

Не можа жыць дрэва без каранёў.

Знікае рака, калі нішчаць вытокі… (1, с.63)

У гэтым вершы М.Башлакоў узнімае і праблему п’янства на Беларусі:

“Пачні адраджэнне”

 Цябе ўтапілі ў гарэлкавай скрусе.

Жывеш, як апошні жабрак на Русі. (1, с.63)

Галоўная думка верша такая: пакуль жыве мова – жыве народ, бо мова – ёсць выяўленне духоўнасці народа, яго сілы і непераможнасці. У канцы верша мы чуем заклік паэта да адраджэння Айчыны праз родную мову – неацэнны духоўны скарб народа:

“Пачні адраджэнне”

 Пачні адраджэнне славянскай  душы

З глытка хоць гаючага роднага слова… (1, с.63)

Любоў да Радзімы з маленства напаўняе глыбокім сэнсам чалавечае жыццё, і трэба даражыць гэтым пачуццям, быць адданым яму. Не на чужым, далёкім полі, а на роднай зямлі, дзе нарадзіўся і вырас, заклікае паэт шукаць шчасце-долю і зберагчы родную зямлю для сваіх паслядоўнікаў:

“Не будзьце раўнадушнымі ніколі”

 Не забывайце матчыных вы слоў.

Айчыну зберажыце для сыноў… (1, с.76)

Выдатным узорам патрыятычнай лірыкі М.Башлакова з’яўляецца верш “Размова з Янкам Купалам”. У ім выказана шчырае, сардэчнае пачуццё любові да роднай мовы. Лірычнае перажыванне гучыць як споведзь. Яно раскрываецца ў форме размовы паэта з Янкам Купалам. Міхась Башлакоў параўноўвае сучасны стан беларускай мовы з тым станам, калі жыў Янка Купала. М.Башлакоў, як і некалі Іван Дамінікавіч у сваім зборніку вершаў “Жалейка”, гаворыць аб заняпадзе роднай мовы:

“Размова з Янкам Купалам”

 Усё паўтараецца…

Чуеце,

Там дзесь

Далёка-далёка

Ваша жалейка плача?

Божа высокі,

Божа высокі,

Мы звар’яцелі, няйначай…

Што ж мы кідаемся

Матчынай мовай,

Нібы апошнія грэшнікі?... (1, с.65-66)

Але у сучасным грамадстве беларускую мову ўлады не забараняюць, ад яе адракаюцца самі людзі, яе саромяюцца. Аднак М.Башлакоў у канцы верша “Размова з Янкам Купалам” усё ж гаворыць аб тым, што родная мова – гэта “светлы раўчук” і спадзяецца на тое, што яна пракладзе сабе шлях у будучыню:

“Размова з Янкам Купалам”

 …Уецца, струменіцца

Звонкай падковай

Светлы раўчук

Між алешніку… (1, с.66)

Тэма роднай мовы, яе лёсу, і будучыні, бадай, адна з самых хвалюючых на працягу ўсёй творчасці М.Башлакова. Гэта абумоўлена тым, што для кожнага сапраўднага беларуса, мова – найсвяцейшая з усяго святога, а М.Башлакоў з’яўляецца сапраўдным беларусам. Верш М.Башлакова “Жменька сцёртых і выцвілых слоў” – адзін з многіх яго вершаў аб заняпадзе роднай мовы. Паэт нібы накіроўвае чытача да гісторыі для таго, каб ён ўзгадаў пра тых дзеячах, якія змагаліся за адраджэнне беларускай мовы. Гэтых людзей зараз няма, з імі памірае і наша мова.

“Жменька сцёртых і выцвілых слоў”

 Колькі іх – і вялікіх, і слынных,

Колькі верных дачок і сыноў

Тут ляжаць, на пагостах Айчыны,

З жменькай сцёртых і выцвілых слоў.

Тут ляжыць беларуская мова…

Той, хто ведаў – няма даўно…

А жывыя?..

Што ім да слова?

Ім, як мёртвым, усё адно… (1, с.64)

Даследуючы творчасць М.Башлакова мы заўважаем, што ён вельмі любіць сваю малую Радзіму. Месца дзе ён нарадзіўся і вырас – Палессе. У многіх вершах паэт узнёсла паведамляе аб сваёй Бацькаўшчыне, ён захапляецца ёю. У вершы “Дзяўчынка з вядзерцам духмяных суніц” аўтар гаворыць аб тым, што ён ніколі не забудзе Палессе. М.Башлакоў нават у простых рэчах знаходзіць напамін аб дзіцячых гадах. Яго сэрца імкнецца ў родную вёску:

“Дзяўчынка з вядзерцам духмяных суніц”

 Там сцежкі мае зараслі  ўсе травою,

Слядоў не відаць за густой лебядою.

Паехаць бы зноўку, хоць трохі пабыць…

Дзяўчынка з вядзерцам духмяных суніц. (1, с.4)

Любоў да Бацькаўшчыны – самае высокае і дарагое пачуццё – становіцца глыбокім лірычным перажываннем паэта. Яно напаўняе змест верша. Успамін аб роднай, любай з маленства зямлі выклікае радасць. Такім чынам паэт нібы пабыў у роднай вёсцы:

“Дзяўчынка з вядзерцам духмяных суніц”

 Нібы адбылося з мінулым  спатканне.

Гляджу на дзяўчынку з замілаваннем.

Яна ж чырванее, яна ўся гарыць,

Дзяўчынка з вядзерцам духмяных суніц… (1, с.4)

Верш гучыць урачыста, перадаючы нам настрой аўтара. Мы амаль фізічна адчуваем пах гэтых суніц, нібы бачым дзяўчынку з вядзерцам перад сабою.

Вельмі ўражвае сваім зместам верш М.Башлакова “Асенні цягнік”. Гэты твор прысвячае паэт сыну Андрэю. На мой погляд верш “Асенні цягнік” адносіцца да грамадзянска-патрыятычнай лірыкі з элементамі філасофскага роздуму аб сэнсе жыцця. У ім гаворыцца аб любові да родных мясцін, а менавіта да вёскі Церуха. Верш гучыць з пачуццём жальбы і смутку па днях маленства. Гэта надае яму выразнасць:

“Асенні цягнік”

 Я помню дні маленства  залатыя,

Пах бульбы і цяпло начных кастроў.

Мурожнымі сцяжынамі ляснымі

Блукае рэха даўніх тых гадоў. (1, с.17)

М.Башлакоў моцна адчувае сваю еднасць з роднай зямлёй, яе гісторыяй, традыцыямі, мовай, нацыянальнай культурай. Бацькаўшчына – самае дарагое ў яго жыцці. Любоў да родных мясцін з маленства напаўняе глыбокім сэнсам чалавечае жыццё, і трэба даражыць гэтым пачуццём, быць адданым яму. Асноўная ідэя верша “Асенні цягнік” гучыць нібы наказ сыну: не забываць сваю Радзіму, а таксама сваіх бацькоў.

“Асенні цягнік”

 І хоць мяне ніхто там  не чакае.

І хоць чужы агеньчык там гарыць,

У Церуху да бэзавага мая

Асенні мой цягнік загрукаціць… (1, с.17)

Паэзія заўсёды адгукаецца на самыя балючыя праблемы жыцця. Самай балючай тэмай для беларускіх пісьменнікаў стала тэма Чарнобыля. Яна ў пэўным сэнсе адлюстроўвае нашу нацыянальную трагедыю, фізічнае і духоўнае вынішчэнне нацыі. Гэта праблема планетарнага маштабу. Ці не стане чарнобыльская бяда ракавой, апошняй для беларусаў? Гэта пытанне робіцца эпіцэнтрам у творчасці многіх паэтаў.

М.Башлакоў таксама звяртаецца да чарнобыльскай трагедыі. Ён выдае цэлы зборнік вершаў “Палын. Чарнобыль”, які прысвечаны чарнобыльскай катастрофе і яе вынікам. Прарочыя словы святога Іаана Багаслова пра зорку палын: “Трэці Анёл затрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарэла быццам свяцільня, і ўпала на трэцюю частку рэк і на крынічныя воды. Назва гэтай зоркі Палын; і трэцяя частка водаў зрабілася палыновай, і многія людзі памерлі, таму што воды сталі горкімі”.(З “Ісціны святога Іаана Багаслова”), лейтматывам праходзяць праз усю кнігу, знітоўваючы ў адзінае цэлае яе структуру і змест.

М.Башлакоў з’яўляўся ўдзельнікам ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС, таму яго вершы – гэта своеасаблівая споведзь, якая ўяўляе сабой не толькі напамін аб жахлівай трагедыі, але і веру ў тое, што чалавечыя пакуты, колькі б яны не доўжыліся, у рэшце рэшт спасылаюць нам надзею і любоў…

У пачатку верша “Скруха” паэт паказвае прадчуванне страшэннай трагедыі – выбуху на ЧАЭС:

“Скруха”

 Усё лета вятры

Прадзімалі Айчыну

Над пакутнай зямлёй

Ані кропелькі дожджыку…

Скруха чорная –

Ў чорным адзенні жанчына

Ў руках сваіх несла

Мёртвага вожыка. (2, с.54)

Старыя людзі разумелі, што гэта нейкае прароцтва і:

“Скруха”

 Саступалі дарогу

Спалохана людзі.

І казалі старыя

Што знак, ой, нягожы…

Зона мёртвая тут,

Зона мёртвая будзе… (2, с.54)

Верш напоўнены прадчуваннем трагедыі, сумам і болем за Айчыну.

Уражвае сваім зместам верш “Хроніка аднаго перасялення”, у якім аўтар параўноўвае чарнобыльскую трагедыю з вайной “сорак першага года”. У гэтым вершы таксама прысутнічаюць элементы прадчуванне бяды. Гэта і крык птушкі ўночы, і знікнавенне вады ў калодзежы. Аўтар дэталёва паказвае нам як з забруджаных вёсак перасяляліся людзі, пакідаючы свае хаты, жывёлу. М.Башлакоў імкнецца паказаць як цяжка было ў гэтую хвіліну людзям. Вакол мітусня, эвакуацыя. Людзі не ведалі, што такое зона адчуджэння, а зараз яны гэта бачаць вакол. З тым, што ўзялі пад паху, яны пакідаюць родную вёску.

“Хроніка аднаго перасялення”

 Ні пажыткаў, ні клункаў.

Толькі ў хустачку дакументы

Ды са сцен паздымалі

Партрэты –

Памяць гэта…

Бабкі ж неслі іконы.

У іх, вядома, свае законы. (2, с.50)

Старыя наогул не хацелі пакідаць родныя мясціны:

“Хроніка аднаго перасялення”

 Дзед Мікіта, былы ваяка,

Не саромеўся, плакаў

І казаў:

“Нікуды не паеду

Ад роднай зямлі,

Ад магіл…

Перад смерцю

Бадзяцца па свету?

Не паеду…

Мала сіл

Засталося…” (2, с. 50)

У вершы “Чарнеюць рамонкі за матчынай хатай…” чытач бачыць малюнак атручанай, засыпанай стронцыям і цэзіям беларускай зямлі. Трагічная безвыходнасць чуецца ў наступных радках:

“Чарнеюць рамонкі за матчынай хатай…”

 Нябачна струменіцца стронцый  і цэзій.

Няма на зямлі маёй болей паэзіі…

Самотна-самотна зязюля кувае,

Відаць,напаследак… Мой край памірае… (2, с.91)

Слова “Чарнобыль” ужо стала для нас сінонімам слоў “бяда”, “трагедыя”, “смерць”. Вобраз Чарнобыля ў сучаснай паэзіі зрабіўся той галоўнай дамінантай, праз якую надзвычай шматгранна высвечваецца наша цяперашняя рэчаіснасць. Радыяцыя – страшнае гора, якое абрушылася не толькі на нашу краіну. Чарнобыль – злая зорка. Чарнобыль – горкі палын. У вершы “Цвіце палын…” аўтар выкарыстоўвае сінонім слову Чарнобыль – палын. Па сваім азначэнні палын – гэта горкая трава. Чарнобыль, таксама як і палын, такі ж горкі. У гэтым вершы паэт часта выкарыстоўвае азначэнне горкі: горкая зорка, горкая доля, горкі прыпамін, горкі дым. Увесь верш “Цвіце палын…” пранізаны сумам, тугою, адчаем і болем за будучыню Радзімы.

У М.Башлакова трапяткое сэрца, настеж адчыненая і спагадная на людскае гора душа. І таму зусім не выпадкова пасля чарнобыльскай катастрофы ён апынуўся ў эпіцэнтры падзей. Усюды поўнае замяшанне. Ад недахопу інфармацыі, ад недаацэнкі таго, што здарылася, разгубленасці і панікі. Паэт каротка і ёміста, усяго двума радкамі, характарызуе тое становішча:

“Тураўскае гарадзішча”

 I толькi заставалася малiцца,

Але была зачынена царква... (1, с.62)

Такім чынам, аналізуючы грамадзянска-патрыятычную лірыку М.Башлакова мы выявілі, што ў яго вершах цэнтральнае месца займаюць тэмы народнага жыцця, радзімы, лёс беларускай мовы, тэма Чарнобыля. Паэтычная мова Міхася Башлакова багатая і выразная. Яна ўвабрала ў сябе лепшыя моўныя каштоўнасці, створаныя народам.

 

 

1.2 Вобраз маці ў вершах аўтара

 

 

Бадай што ў кожнага паэта знойдзем вершы, прысвечаныя самаму дарагому чалавеку на зямлі — маці. У многіх лірыкаў гэты вобраз скразны ў творчасці. Аднак вершы М.Башлакова пра маці раскрываюць цэлы свет — неабдымны, шматгранны, шматфарбны, з якога паэт чэрпае, у якім адкрывае невядомае, прыгожае, добрае ўсё жыццё. Самае дарагое і запаветнае для Міхася Башлакова ўвабраў у сябе вобраз маці. Ён увасабляе самае светлае, добрае, што існуе ў жыцці чалавека.

З верша “Касавіца”, на мой погляд, можна дазнацца пра факты з біяграфіі пісьменніка. Хутчэй за ўсё паэт вырас без бацькі. Міхась жыў разам з маці і братам. У вершы “Касавіца” маці М.Башлакова паўстае як працавітая сялянка, якая спазнала шмат гора на працягу свайго жыцця. Аўтар параўноўвае яе з касой:

“Касавіца”

 Маці, нібы каса-дзевятуха,

Купін бачыла шмат на вяку. (1, с.5)

Тое, што паэт жыў без бацькі даказваюць нам наступныя радкі, у якіх гаворыцца аб тым, што маці клепле касу, а гэта справа мужчыны:

“Касавіца”

 Клепле маці касу каля  ганка,

Ходзіць бойка па клёпе рука. (1, с.5)

У аснове лірычнага перажывання ў гэтым вершы – пачуццё захаплення жыццём, працай сялян і асабіста працай маці, якая ўсё робіць дзеля сваіх дзяцей. Вобразныя і інтанацыйна-меладычныя сродкі верша перадаюць рамантычную настраёвасць, радасць, святочную ўрачыстасць самага “моманту чаканага свята” – касавіцы.

“Касавіца”

 І няўцям мне тады было  з братам,

Калі двор сенам радасна пах,

Што матуля нам гэтае свята

Носіць ношкамі на плячах… (1, с.6)

Простая сялянская жанчына хоць і паказваецца ў звычайных абставінах вясковага побыту, але паўстае як увасабленне ўсяго самага цудоўнага, пяшчотнага і добрага. Матуля – адзіны чалавек, які дзеля сваіх дзяцей гатовы на ўсё.

Вельмі падабаюцца мне вершы “Дарога” і “Маці”. У зборніку вершаў “Матчыны грыбы перабіраю” яны стаяць побач, і на мой погляд, другі верш нібы з’яўляецца працягам першага. У вершы “Дарога” перад намі - вобраз пастарэлай маці, якая чакае сына дадому. Маці ведае, што яе сын павінен прыехаць дамоў і нават ноччу не спіць, чакаючы яго прыезду.

У М.Башлакова як сімвал паглыбленасці ва ўнутраны свет чалавека, сімвал роздуму над бясконцасцю і вечнасцю Сусвету, як крытэрый маральна-этычнай патрабавальнасці, чалавечай дабрыні ўзыходзяць матчыны вочы.

“Дарога”

 Сівая маці выйдзе з хаты  – 

Угледзіцца ў далячынь.

І паплыве над цёмным садам

Вачэй засмучаных цяплынь. (1, с.14)

У гэтым творы маці знаходзіцца ў стане чакання свайго сына, у вершы “Маці” адбываецца сустрэча маці і сына. У гэтым вершы пульсуе ідэя сыноўняга абавязку перад самым дарагім чалавекам – маці. Аўтар падсвядома гаворыць сабе аб тым, што трэба любіць маці, пяшчотна да яе адносіцца і тады яна будзе маладзець душою:

“Маці”

 За плечы ціхенька крану

Сівую маці,

Яе ласкава прыхіну:

“Не трэба плакаць…”

Слязу змахне яна рукой

І пасвятлее.

І ўся – і тварам, і душой

Памаладзее… (1, с.15)

Яшчэ адзін верш “Пажоўклае фота” М.Башлакоў прысвячае сваёй маці. Перабіраючы фотаздымкі, аўтару трапіўся здымак яго маці ў маладосці. На фота маці выглядае бесклапотнай і маладой. Гэта той час, калі не было яшчэ страшэннай вайны. Перажыўшы яе, у душы кожнага чалавека застаецца незагойная рана. Вайна – вялікая трагедыя, перажыванні, пасля якіх застаюцца маршчыны ля вачэй і густая сівізна. У канцы верша лірычны герой разумее, што гэта ён пастарэў, а маці, якая б яна не была, для яго гэта вечны ідэал чалавечнасці, дабрыні і пяшчоты.

“Пажоўклае фота”

 Дык няўжо пастарэла так мая маці?!.

Я на фота глядзеў і адно зразумеў:

Не, не маці мая…

Гэта я пастарэў… (1, с.26)

Як бачым, шмат можна сказаць праз звычайныя дэталі, успаміны, калі яны сагрэты шчырай любоўю!

Такім чынам, паэзія М.Башлакова прысвечаная маці тоіць у сабе невычэрпныя магчымасці першаадкрыцця. Кожны раз яна разгортвае новы абсяг думак, выяўляе шчодрасць пачуццяў, па-новаму ўзбагачае чытача сваёй духоўна-эмацыянальнай энергіяй.

 

 

 

1.3 Пейзажная лірыка ў творчасці паэта

 

 

З замілаваннем і любоўю М.Башлакоў падае пейзажы, адзначаючы новыя і новыя штрыхі ў абліччы родных мясцін. Часта ў творах паэта любоў да прыроды зліваецца з пачуццём любові да Радзімы, напаўняецца эмоцыямі і перажываннямі. Прырода паўстае як жывая ва ўсёй сваёй красе. Пейзажы Башлакова скіраваны да духоўнага свету чалавека, сагрэтыя пачуццём любові да Бацькаўшчыны. Пейзажныя малюнкі паэта канкрэтна-адчувальныя, багатыя на зрокавыя і слыхавыя вобразы. У іх раскрываецца прывабны свет беларускай прыроды, ціхай, ласкавай, задуменнай, поўнай сонечнага хараства.

Прырода ў вершах М.Башлакова жыве сваім асобным жыццём у вечным руху і абнаўленні і заўсёды ў адзінстве з жыццём чалавека. Паэт адчувае сэрцам кожны яе подых, слухае яе галасы, спевы, музыку.

Як жывыя паўстаюць у лірыцы М.Башлакова прыгожыя краявіды Палесся, незабыўныя малюнкі вясны з яе раўчукамі, светлай пары лета, сумнай, тужлівай восені. Разам з паэтам мы любуемся прыволлем шырокіх палёў, веліччу векавых дубоў-волатаў, прыгажосцю бароў; разам з ім чытаем найцікавейшую кнігу прыроды; спасцігаем яе красу, чуем шум бору, спеў начной цішыні.

“Палессе”

 На бярвеннях ля хат уздыхаюць  гармоні.

І плыве над зямлёй маладзік малады.

Цішыня… Цішыня…

Дзе сустрэнеш такую? (1, с.29)

Прырода для М.Башлакова не толькі крыніца хараства, сузірання, але і сімвал свабоды, вечнай маладосці жыцця. Самая радасная, шчаслівая, незабыўная яе пара – вясна – сімвал вечнага абнаўлення жыцця, калі:

“Музыка вясны”

 Усё ў хор зліваецца,

Звініць, Пераклікаецца,

Ліецца, Сонца славячы… (1, с.23)

У гэтым жа вершы “Музыка вясны” ў гомане ракі паэту чуецца песня свабоды:

“Музыка вясны”

 Ільдзінамі-аковамі

Грыміць рака раскутая.

І поймаю шырокаю

Паводка разліваецца. (1, с.23)

У вершы “Журба” вобраз асенняй прыроды гарманіруе з душэўнымі перажываннямі лірычнага героя, навявае смутак, задуменнасць, жаданне хоць на момант спачыць душою. На мой погляд, у вершы М.Башлакоў параўноўвае свайго лірычнага героя з журавамі, якія адлятаюць восенню ў вырай. Але як бы добра не было на чужыне, а дома – лепей.

“Журба”

 Будзе сонца ім, сонца ім

На чужыне свяціць…

Але ўспомніцца, успомніцца

Журавіна бясконцая

На Палессі гарыць… (1, с.45)

Верш “Восень” пераклікаецца з вершам “Журба”. Лірыка М.Башлакова – гэта лірыка чалавечай душы, настрояў і пачуццяў, яна прасякнута душэўнымі перажываннямі. У вершы “Восень” лірычны герой перажывае аб нечым, таму асенні пейзаж агорнуты смуткам, жалем і тугой.

“Восень”

 І мне сумна, я журуся.

І ахвота мне згадаць,

Калі зноў на золку гусі

Ля Чачоры пракрычаць. (1, с.14)

Вобраз самотнага жураўля, пералётнай птушкі, укаранёны ў беларускай паэзіі, не раз з’яўляецца і ў творчасці М.Башлакова. Гэта вершы “Журавель”, “Журба”, “Калодзежны журавель”, “Асенні птах”.

Асноўныя ідэі, матывы і вобразы паэзіі Міхася Башлакова