Асноўныя вехі з біяграфіі Алаізы Пашкевіч
Змест
Уводзіны……………………………………………………3
I.Асноўныя вехі з біяграфіі Алаізы Пашкевіч…………...5
II.Падзеі пачатку XX стагоддзя. Іх уплыў на светапогляд Цёткі…………………………………………….…………..8
III.Публіцыстычная лірыка Цёткі………………………..11
IV.Ідэйная і асветніцкая роля публіцыстычнай спадчыны Цёткі……………………………………………………….18
Заключэнне………………………………………………..
Спіс літаратуры…………………………………………...
Постаць паэтэсы Алаізы Пашкевіч (Цёткі) неад’емная ад агульнага развіцця гістарычных падзей і станаўлення беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя, а яе жыццёвы і творчы шлях, па сутнасці, з’яўляецца часава-прасторавай біяграфіяй усяго адраджэнскага руху, таго апантанага пакалення, што падаравала Беларусі цэлую галерэю асобаў, сярод якіх Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Максім Багдановіч, Карусь Каганец, Ядвігін Ш., Вацлаў Ластоўскі, браты Луцкевічы, Алесь Бурбіс, Канстанцыя Буйло. У гэтым шэрагу пачынальнікаў Цётка – вялікая нацыянальная паэтэса – будзіцелька, паэтэса – асветніца.
Унікальнасць асобы Цёткі ў тым, што сваімі накіраванымі дзеяннямі ў справе міжнароднага асветніца (Вільня – Пецярбург – Кракаў), міратворнасці і гуманізацыі грамадства наша суайчынніца засведчыла самадастатковасць, хараство і гістарычную правамоцнасць беларускай нацыянальнай ідэі.
На працягу доўгага часу асоба і творчасць Цёткі разглядаліся даследчыкамі даволі аднамерна, толькі як мастацкае ўвасабленне рэвалюцыйнага ідэалу. Аднак жа феномен Цётчынай спадчыны грунтуецца на мностве аспектаў, асэнсаваць якія можна толькі з улікам агульнаеўрапейскай літаратурнай сітуацыі, пры якой на пачатку XX стагоддзя ў шэрагу маладых літаратур пачала актывізавацца дзейнасць інтэлігентаў – адраджэнцаў. Узнікае новы тып мастака, што сацыянальна і нацыянальна быў зацікаўлены ідэяй ці гістарычнай сітуацыяй. Тагачасная літаратура ўбірала ў сябе рысы рэалізму і натуралізму, новага рамантызму і сімвалізму.
Звыклае меркаванне пра рэвалюцыйнасць грамадскага ідэалу самой Цёткі як даволі яркай прадстаўніцы бунтарнай кагорты, патрабуе ўдакладненняў і карэкцыі. Найперш варта ўлічваць умовы, што ўплывалі на фарміраванне гэтай творчай асобы. Як вядома, паэтка аддавала перавагу хутчэй сацыял – дэмакратычным, хрысціянскім і нацыянальна – вызваленчым ідэалам. Пры яе жыцці ў свет выйшлі дзве паэтычныя кніжкі: “Хрэст на свабоду” і “Скрыпка беларуская” (1906). Абодва зборнікі надрукаваны на беларускай мове ў двух шрыфтавых варыянтах.
Сёння не выклікае сумнення, што вобразная сістэма Цётчыных твораў, іх ключавая сімволіка і метафарычная змястоўнасць маюць агульную прыроду з тыпізаванай “нашаніўскай” традыцыяй. І гэта адносіцца не толькі да творчага перыяду, што адпавядаў стыхійнай хвалі 1905 – 1907 гадоў, але мае дачыненне і да тэматыкі ўсяе творчасці беларускі, у якой пераважае агульначалавечае гуманістычнае гучанне.
Адна з задач беларускага літаратуразнаўства – абагульняць творчы вопыт лепшых прадстаўнікоў беларускай літаратуры і тым самым дапамагаць беларускім пісьменнікам авалодваць майстэрствам высокаідэйнай і высокамастацкай творчасці. У гэтым плане вельмі важным з’яўляецца і зварот беларускага літаратуразнаўства да літаратурнай спадчыны. Беларуская літаратура, адлюстроўваючы сучасную рэчаіснасць, прадаўжае лепшыя традыцыі пісьменнікаў мінулага.
Мэтай дадзенай курсавой працы з’яўляецца даследванне публіцыстычнай спадчыны Цёткі. Рэалізацыя пастаўленай мэты патрабуе вырашэння наступных задач:
-- прааналізаваць крытычную літаратуру па тэме;
-- вызначыць своеасаблівасць і глыбокі змест творчай спадчыны Цёткі (вершы, апавяданні, нарысы, артыкулы і г.д.)
-- вылучыць асноўныя пытанні, якія ўздымае Цётка ў сваіх творах.
АСНОЎНЫЯ ВЕХІ З БІЯГРАФІІ
ЗНАКАМІТАЙ ЗЯМЛЯЧКІ
Нарадзілася Цётка (Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч) 3 ліпеня 1876 года ў вёсцы Пяшчына недалёка ад Ліды (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у шляхецкай сям’і.
У 1865 годзе 23 мая у Васілішкаўскім касцёле адбылося вянчанне Цётчыных бацькоў. Вянчаліся шляхціцы: Стафан Пашкевіч і Ганна Вызга. У сям’і ўсяго было восем дзяцей: чатыры дачкі і чатыры сыны. Як сведчыла вядомы бібліёграф Ю.Бібіла: “…з прычыны таго, што ў сям’і дзяцей было многа, а бацькі мусілі шмат працаваць, Алаізу разам з яе малодшым братам аддалі гадаваць дзядам Пашкевічам, якія жылі ў фальварку Тарэсін сярод густых лясоў у пяці вярстах ад бацькоў”. Маленькая Ліза адразу ж вызначылася надзвычайнай здольнасцю да навукі і даволі хутка навучылася ў бабулі пісаць па-польску. Яшчэ ў дзіцячыя гады ў душу паэтэсы пачалі западаць уражанні, што збіраліся, множыліся, каб потым даць парасткі, з якіх зацвіце паэтычная краса.
Бацька Алаізы вырашыў даць навуку дзецям, бо хацеў бачыць іх панамі, не такімі, як ён сам, а важнейшымі. Алаіза расла ў атмасферы строгай рэлігійнасці, выконваючы ўсе каталіцкія абрады.
У 1892 годзе едзе разам з братам у Вільню да старэйшай сястры. Паступае ў рускае прыватнае сямікласнае вучылішча Веры Міхайлаўны Прозаравай праз два гады. Любімым яе прадметам была матэматыка. Пасля настаўнічае. І толькі ў 1899 годзе вяртаецца ў Вільню, каб вучыцца далей.
У 1901 заканчвае вучылішча Прозаравай і зноў працуе настаўніцай. Узнікае жаданне паступіць ва універсітэт. Для гэтага збірае грошы. Але для паступлення ў Пецярбургскі універсітэт неабходна было пасведчанне аб сканчэнні гімназіі, а не вучылішча. Таму Цётка ідзе на курсы выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі, на чале якіх стаяў вядомы вучоны, прафесар Лесгафт.
У 1902 годзе падчас вучобы знаёміцца з будучым мужам, літоўцам Стэпонасам Кайрысам, які ў той час быў студэнтам трэцяга курса тэхналагічнага інстытута. У сваіх успамінах пра Цётку ён піша так пра гэты час яе жыцця: “Алаізу Пашкевічанку – Цётку пазнаў я недзе ў 1902 годзе, калі быў студэнтам. Пазнаёміліся мы ў Пецярбурзе. Алаіза пашкевічанка запісалася на вышэйшыя педагагічныя курсы прафесара Лесгафта і адразу трапіла ў самы вір усё мацнеючага рэвалюцыйнага руху акадэмічнай моладзі. Студэнцкія стачкі, дэманстрацыі, крывавыя экзекуцыі, арышты, ссыльныя канвоі ўсё часцей і мацней “калацілі” жыццё вышэйшых колаў Расіі. Студэнства тады было пульсам царскай імперыі, пульсам, што пачынаў біцца ўмё мацней. Студэнцкаму рэвалюцыйнаму руху, які ахапіў розныя ідэалагічныя плыні з розныз нацыянальных груп, было супольна адно: змаганне з манархічным царскім рэжымам. Паасобныя нацыянальныя группы звязвалі з гэтым і свае спецыфічныя заданні. У асяроддзі вось гэтай палымянай моладзі Алаіза Пашкевічанка пачулася адразу “як у сябе дома”. Вельмі чуйная на падзеі, выбуховага характару, не церпячы ніякіх кампрамісаў ані ў сабе, ані ў іншых, адкідаючы і высмейваючы ўсякія няшчырыя формы ў дачыненнях, яна паважала за свій абавязак і гонар быць усюды там, дзе так ці гэтак выяўляўся нарастаючы супраць існуючага ладу настрой. Яна наведвала сходкі, брала ўдзел у дэманстрацыях, рупілася пра арыштаваных сяброў. Адразу самавызначылася беларускаю і гэткаю засталася назаўсёды.
Незвычайна жывога характару, вельмі яркая, яна вылучалася нават у шматкалёрным студэнцкім асяроддзі, ды адразу зрабіла на мяне ўражанне “чалавека з жывой душой”.[№ 3, - с.93].
Менавіта такой убачыў Цёткі яе муж. І тут нездарма ім самім ставіцца акцэнт не на яе знешнасць (амаль нічога не сказана пра знешнія рысы, толькі пра характар), а звяртаецца ўвага на ўнутраны яе мір, на яе бунтарскі дух, якім яна запальвала ўсіх астатніх.
На той момант сярод студэнтаў Пецярбургскага універсітэта быў заснаваны “Круг прасветы і культуры беларускай”. Гэты гурток выдаваў за мяжою творы беларускай паэзіі і распаўсюджвалі іх на Беларусі. Алаіза Пашкевіч была цесна звязана з “Кругам”.
15 мая 1904 года яна здае экстэрнам экзамены за поўны курс у Аляксандраўскую жаночую гімназіі, каб мець атэстат замест таго, што атрымала ў Вільні.
У хуткім часе вяртаецца ў Вільню і прымае актыўны ўдзел у дзейнасці БСГ. Яна бачыла прыніжанай беларускую нацыю і беларускую мову, і таму заклікала да барацьбы з несправядлівасцю і абуджала нацыянальную свядомасць беларусаў.
1905 год. Цётка ў гушчы рэвалюцыйных падзей. Яна разам з сябрамі ходзіць па заводах і фабрыках, гаворыць перад рабочымі прамовы, пераконвае іх, што надышоў час, калі трэба смела выступіць супраць склаўшагася становішча. Паэзія Цёткі 1905 – 1907 гадоў -гэта паэзія барацьбы, паэзія подзвігу. Адной з асаблівасцей мастацкай формы яе паэзіі ў гэты перыяд з’яўляецца зварот да алегарычных вобразаў.
Пасля рэвалюцыйных падзей Цётка эмігрыруе за мяжу. І вабіла яе туды не толькі неабходнасць апынуцца па-за межамі паліцэйскага насілля, але таксама жаданне працягнуць вучобу менавіта там, дзе заняткі можна было межаваць з лячэннем аслабелых лёгкіх. У выніку Алаіза разам з украінскім сябрамЮ этнографам Іларыёнам Свянціцкім скіравалася ў Львоў – галічанскую сталіцу тагачаснай Аўстра-Венгерскай рэспублікі.
Нягледзячы на адарванасць Цёткі ад Беларусі, яна не губляла сувязі з роднымі ёй людзьмі. У час прабывання ў Львове, а пасля ў Кракаве (дзе яна апынулася ў 1908 годзе і працягвала вучобу на філасоўскім факультэце Ягелонскага універсітэта), яна перапісвалася з Янкам Купалам.
У 1907 годзе ў паэткі абвастрылася хвароба. На некалькі месяцаў яна была змушана выехаць на лячэнне ў Заканапэ, дзе адразу ж пачала апекавацца сям’ёй свайго літоўскага сябра – паэта Ёнаса Білюнаса.
У 1911 годзе паэтэса вярнулася на радзіму. Менавіта ў гэты час яна піша апавяданні “Асеннія лісты”, “Лішняя”, “Зялёнка”.
У канцы 1913 Цётка, стаўшы жонкай Сцяпонаса Кайрыса, назусім вяртаецца на Беларусь
У 1914 годзе Цётка ўзялася за выданне часопіса для беларускай моладзі – “Лучынка”. У гэтым жа годзе яе здароўе пагоршылася і паэтэса вымушана была паехаць у Фінляндыю.
Смерць рана абарвала поўнае кіпучай дзейнасці жыццё Цёткі, але праца яе не прапала дарма.
ПАДЗЕІ ПАЧАТКУ ХХ СТАГОДДЗЯ.
ІХ УПЛЫЎ НА СВЕТАПОГЛЯД ЦЁТКІ
Як вядома, свае вершы, празаічныя творы, нарысы, артыкулы, лісты паэтэса падпісвала дваццацю васьмю псеўданімамі, з якіх асноўныя: Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка, Мацей Крапіўка, Банадысь Асака, Тымчасовы. Усе – мужчынскія імёны і прозвішчы. Мацеё Крапіўка пачынаў газету “Наша доля” (верш да ўсёй газеты “Наш палетак”, ім жа “ створаны” сімвалічная прытча “Прысяга над крывавымі разорамі”, нататка “Разумныя ды не на дурняў напалі”). Тое, што паэтка выбірае для сваіх псеўданімаў найбольш мужчынскія імёны, паясняецца, па-першае, моцным уплывам на яе творчасць і самасвядомасць Францішка Багушэвіча і Кастуся Каліноўскага. Таксама гэта можна палічыць данінай рэвалюцыйнай эпосе, што рабіла людзей больш суровымі і часам ускладвала на жаночыя плечы нялёгкія, часта небяспечныя, мужчынскія абавязкі.
Гэтыя псеўданімы паказваюць, што за ім стаіць аўтар – просты чалавек, не пан, не вышэйшая асоба, а свой брат – мужык. Да таго ж яны гавораць аб дэмакратызме паэтэсы, аб жаданні быць зразумелай для самых шырокіх колаў працоўных мас.
Узяць, для прыкладу, яе псеўданім Мацей Крапіўка. Крапіва – агонь, дзёрзкасць і – прыкмета звычайнага беларускага краявіду. Мацей, у сэнсе псеўданіма, іпастась таксама зразумелая: гэта і просты сусед, і герой твораў. Адным словам чалавек свой, вясковы, зразумелы.
У спісе Цётчыных псеўданімаў крыху здзіўляе тое, што паэтку з Лідчыны зацікавіў Полацк. І чаму менавіта Гаўрыла? З Полацкам у пэўным сэнсе прасцей. Гэты сімвал нацыянальнай асветніцкай еўрапейскай сталіцы і асветніцкай духоўнай ідэі быў добра вядомы і ў гады Цёткі. Значыць, выбар ёй псеўданіма Гаўрыла з Полацка асабліва важны і ні ў якім разе не выпадковы. Дзяўчына, якая з маленства вывучала Евангелле і неаднойчы чула ад бабулі біблейскія апавяданні, відаць добра запомніла: арханёл Гаўрыіл – адзін з самых важных Божых служак і ў анёлскай іерархіі яму належыць месца Божага Ваяра. Як і святая Еўфрасіння, Гаўрыіл – заступнік і апякун людзей, з аднаго боку, і, з другога, - наш абаронца ад дэманаў.
Аднак абаронцам каго ічаго выступае Алаіза ў сімвале Гаўрыіла з Полацка? Што бароніць паэтка? Зрэшты, хто яны, дэманы былой Беларусі – так званага “Паўночна – Заходняга краю” пачатку XX стагоддзя?
Адказваючы на пытанне аб паходжанні псеўданіма. Выступаючы на сходах і мітынгах, Алаізе Пашкевіч трэба было хаваць сваё сапраўднае прозвішча. У той жа час усе рэвалюцыянеры мелі партыйныя мянушкі, узяла сабе партыйную клічку і яна. Пачала ўсюды называць сябе Цёткаю, прасіла, каб і таварышы па барацьбе так яе называлі. Па вясковаму беларускаму звычаю так у вёсцы звяртаюцца да простай сялянкі. Хацелася падкрэсліць партыйнаю мянушкаю свой дэмакратызм – яна не пані, а цётка, звычайная цётка, сястра працоўнай беларускай жанчыны. І мянушка вельмі хутка прыстала да яе. Алаіза Пашкевіч стала вядомая ў Вільні пад імем Цёткі – беларускі.
Упершыню Цётка іншымі вачамі глянула на беларускую вёску толькі падчас настаўніцтва. Яе ўразілі беднасць, цесната, прыніжанасць, людское гора.
Другім штуршком змянення яе светапогляду была вучоба на курсах і увогуле жыццё ў Пецярбурзе. Сам Лесгафт адкрыта абараняў рэвалюцыйныя гурткі і іх членаў. Ён меў моцны ўплыў на студэнтаў. Яны пісалі яму: “Не для атрымання сумы тых ці іншых ведаў сабраліся мы сюды. Мы павінны выпрацаваць тут пэўны светапогляд…” У план навучання на курсах уваходзілі экскурсіі на пецярбургскія фабрыкі і заводы, практыка ў школах слепаглуханямых, у прыютах для калек. Разам з урокамі па фізіялогіі і псіхалогіі даваліся ўрокі спачування чужой бядзе. Пасля такіх экскурсій перад слухачкамі раскрывалася ўся карціна жыцця Расіі пад ярмом самаўладства.
Пецярбургскі перыяд сыграў у лёсе і светапоглядзе Цёткі выключна рэвалюцыйную ролю. Менавіта ў гэты час яе нацыянальны дух мацнее. Студэнцкія дэманстрацыі, дыспуты і адкрытыя выступленні супраць рэжыму, ідэалагічныя спрэчкі, сходкі паступова фарміравалі больш моцную натуру, якая адпавядала часу.
А атмасфера, якая панавала на курсах Лесгафта, была выніка агульнага ўздыму рэвалюцыйнага руху ва ўсёй Расіі. Алаіза прымала ўдзел у сходах, мітынгах, якія наладжвалі пецярбургскія студэнты і слухачкі курсаў Лесгафта. Усё мацней усталёўвалася ў яе вера, што сацыяльны лад у Расіі павінны быць знішчаны, што рэвалюцыя непазбежна.
Рэвалюцыя 1905 – 1907 гадоў абудзіла народныя масы Беларусі не толькі да барацьбы за палітычнае і эканамічнае вызваленне, але і да барацьбы за росквіт сваёй нацыянальнай культуры і літаратуры.
Цётка з’явілася сведкай і ўдзельнікам рэвалюцыйных падзей. Рэчаіснасць, поўная пафасу вызваленчай барацьбы, стала крыніцай яе паэтычнага натхнення.
Гнеў народа, выкліканы стагоддзямі самай жорсткай эксплуатацыі, выліўся ў справядлівейшую з бітваў, і Цётка апела подзвіг народа, зрабіўшы яго героем сваіх паэтычных твораў. Цётка апела самаахвярнасць прадстаўнікоў працоўных мас, якія ішлі на смерць у імя шчасця чалавека. Рэвалюцыйная рэчаіснасць стала аб’ектам паэтычнага асэнсавання Цёткі, напоўніла яе вершы пафасам барацьбы.
Усё глыбей асэнсоўваючы рэчаіснасць, прыслухоўваючыся да голасу перадавых людзей, паэтэса прыходзіла да ўсведамлення, што існуючы грамадска – палітычны лад трэба знішчыць. Таму, калі ў Расіі пачалася рэвалюцыя, Цётка з радасцю сустрэла яе і стала не толькі яе песняром, але і актыўным удзельнікам.
Увогуле, на характар Алаізы моцна ўплывала эпоха, нелегальная літаратура, размовы ў гуртках, на сходках, дзе адкрыта гаварылася, што трэба знішчыць самаўладства. Уплывалі размовы знаёмых і незнаёмых людзей, якія ганілі існуючы парадак. Да таго ж яна сама бачыла, як жыве селянін. Усё гэта збіралася, вярэдзіла душу, клікала на барацьбу.
Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што паэтка ўключылася ў тагачасную рэвалюцыйную дзейнасць найперш таму, што спадзявалася на рэалізацыю галоўнай ідэі ўсяго свайго жыцця. І гэта ідэя – вызваленне Беларусі і пашырэнне беларускай культуры і асветы.
ПУБЛІЦЫСТЫЧНАЯ ЛІРЫКА ПАЭТКІ
Як рэвалюцыйны дэмакрат пачатку XX стагоддзя, Цётка вырашала праблемы, якія хвалявалі ўсё прагрэсіўнае грамадства Расіі, з баявых, рэвалюцыйных пазіцый. У гэтым плане яна зрабіла значны крок уперад у параўнанні з Багушэвічам.
Аднак, ідучы далей свайго папярэдніка, паэтэса абапіралася на здабыткі творчасці Багушэвіча. Працягваючы яго традыцыі, Цётка стварае вобраз чалавека працы, які пакутуе ад эксплуатацыі. Яна выступае супраць нацыянальнага прыгнёту, у абарону беларускай мовы, за развіццё нацыянальнай культуры і літаратуры.
Сваімі вершамі Цётка імкнецца абудзіць працоўны народ да свядомага палітычнага жыцця. Яна хоча, каб яе вершы з’явіліся вялікай дзейснаю сілаю, якая б клікала народ на гераічныя подзвігі, на змаганне ўвогуле:
Ах, браце, крэпка сіла ў народзе!
Добрыя весці зусюль ідуць,
Бо то мільёны разам у згодзе
Да лепшай долі смела ідуць.
(№ 3, с.66)
У гэтым вершы паэтка заклікае народ узняцца на бой, каб скінуць ланцугі рабства.
Ці напіўся крыві,
Ці накрыўдзіўся нас?
Мы з штандарам прыйшлі:
Расплаціцца ўжо час.
(№3 , с.68)
Мора злуе, крэпнуць хвілі,
З дзікім шумам бераг рвуць,
Гром грыміць за вёрсты – мілі,
З мора брызгі ў неба б’юць.
Месцам хваля стогнам рыкне,
Месцам плач сарвецца з губ,
Месцам бераг болем ікне,
Гром грыміць у тысяч труб.
Мора зробіцца палкамі,
Шум русалак разбудзіў,
Запаліўся смок агнямі,
Неба чорны гнеў пакрыў.
(№ 3, с.65)
У алегарычным вобразе мора Цётка ўвасабляе магутны рэвалюцыйны ўздым народных мас. Яна захапляецца вялікаю сілаю народа, гнеў якога выліўся з берагоў людскога цярпення і штурхнуў народныя масы на справядлівую бітву супраць эксплуататараў.
У гэтым вершы Цётка з запалам і ўзнёсласцю вітае прыход рэвалюцыі і выказвае гатоўнасць аддаць усе свае сілы, а калі спатрэбіцца, і жыццё, для канчатковай яе перамогі.
Цётка не толькі заклікала народ на барацьбу, але яшчэ і гаварыла аб неабходнасці народнай асветы. Паэтэса ў вершы ”Наш палетак” гаворыць аб гэтым. Адзначаючы, што беларускі селянін жыве ў цемнаце, што ён пазбаўлены здабыткаў чалавечай культуры, яна звяртаецца да інтэлінента з запытаннем:
Ці то глеба да нічога?
Ці то рукі ў нас слабыя,
Што не маем зерня свайго,
Што мы ходзім, як сляпыя?
(№3 , с.79)
Паэтэса заяўляе, што беларуская глеба такая ж урадлівая, як і ў іншых краінах, толькі беларуская інтэлігенцыя не хоча працаваць на ніве асветы ў сваёй краіне. Тое карыснае, што мог бы адукаваны даць свайму народу, ёе нясе за межы сваёй краіны, а на палях Беларусі расце палын, ды ляжаць каменні.
Глеба чорна, у руках сіла,
Толькі нашых гаратаеў
Некась мара ўсё звадзіла
Гэн за межы да выраяў…
Наш сявец не раз там кідаў
Залатое зерне з жмені;
Ёе не раз там плёны выдаў,
А ў нас раслі каменні.
(№ 3, с. 79)
Цётк азаканчвае верш “Наш палетак” заклікам узяцца за працу на ніве роднай. Заклікаючы апрацоўваць свае палі, хто да якой работы больш здатны – ці гароды садзіць, ці сеяць, ці араць, - Цётка ў алегарычнай форме кліча людзей усебакова развіваць беларускую культуру.
Хто араці добра зможа,
Хто разоры скора ладзіць,
Хто шчасліва сее збожжа,
Хто гароды добра садзіць, -
Жыва, жыва за работу!
(№3 , с.79)
У паэзіі Цёткі гучаць і адраджэнскія матывы. Адным з галоўных матываў яе творчасці быў заклік да барацьбы за беларускую нацыянальную ідэю. Да рашучасці клікала і надзея перавесці рэвалюцыйныя падзеі на шлях нацыянальна-вызваленчага змагання. Менавіта беларуская ідэя незалежнасці і стала самым трывалым грунтам і Цётчынай грамадскай дзейнасці, і яе творчасці.
Менавіта Цётка ўпершыню асэнсавалаі велізарнае значэнне палітычна – асветніцкай працы ў асяродку жанчын, зразумела вызначальную ролю жаночай грамадскасці ў справе барацьбы за незалежнасць роднага краю.
Цётка да таго ж разглядала пытанне ўзаемаадносін паэта і народа, паэзіі і працоўных мас. У некаторых сваіх вершах яна заяўляе, што асноўная місія паэта – быць слугою свайго народа, абараняць яго інтарэсы. Выказваючы гэту думку, Цётка гаворыць аб сваім жаданні стаць то зярном пшаніцы, каб накарміць галоднага селяніна, то быстраю рэчкаю, каб напаіць свій родны край.
Паэтэса хоча:
Прыгарнуць ўсё ў дарозе,
Каплю шчасця, долі ўліць,
Думаць усюды аб народзе,
Родны край усюды сніць…
(№ 3 , с.53)
Цётка выказвае жаданне жыць у адзінстве з народам, быць хаця б невялікай, але часцінкай яго, ніколі не губляць цеснай сувязі з ім. А таксама ёй бы вельмі хацелася:
То рассыпацца расою
Па галінках, па лісткох,
То абняцца так з зямлёю,
Каб ніхто разняць не мог!
(№ 3, с.53)
Паэтэса ў сваёй творчасці выяўляе класавы падыход да грамадства і выступае ў абарону прыгнечаных. Гэта відаць з вершаў “Лета”, “Музыкант беларускі”, “Вам, суседзі”, “Мае думкі”, “На магіле”, “Скрыпка”, “Грайка”.
На магіле ўзыду дубам,
Пачну шаптаць братнім губам
Аб іх долі, аб свабодзе,
Стану песняй у народзе!
(№ 3, с.56)
Тэма мастака і мастацтва ў класавым грамадстве таксама хвалюе яе:
Заграю на дудцы,
Вытну па гармоні,
Заплачу на скрыпцы
Аб мужыцкай долі,
(№ 3, с.78)
Цётка адкрыта заяўляе аб сваіх класавых пазіцыях. Яна гаворыць, што будзе іграць толькі для беднага мужыка. Гукі яе песні “Сыты не пачуе”, а калі і пачуе, то з пагардай паставіцца да іх:
Скрыпка хутка плача –
Аж лес лемантуе,
Толькі яе ноты
Сыты не пачуе.
Хаця ж і пачуе –
Музыканта злае:
“Глядзі, ён, хамула,
Аб роўнасці бае”.
(№ 3, с.78)
Накіроўваючы сваю песню ў курныя мужыцкія хаты, Цётка ішла рука аб руку з выдатным беларускім паэтам Янкам Купалам, які таксама голасна заявіў аб тым, да каго звернута яго паэтычнае слова і ад каго ён чакае водгуку на сваю песню.
Я не для вас, паны, о, не,
А я для бедных і загнаных,
Я з імі мучуся ў раўне,
У адных закут з імі кайданах…
…Я – для тых цёмных, нешчаслівых,
Ад іх і водгаласак мне
Прымчыцца па палях, па нівах…
(№ 3, с. 86)
Сцвярджаючы ў сваіх творах неабходнасць такога мастацва, якое служыла б працоўнаму народу, і заяўляючы, што яе творы ставяць перад сабою менавіта гэтую мэту, Цётка ў сваіх творах выступала супраць тэорыі “мастацтва для мастацтва” і “чыстага мастацтва”.
У цэнтры першай рускай буржуазна–дэмакратычнай рэвалюцыі стаяла аграрнае пытанне. Адсталае землекарыстанне, рэшткі прыгону былі тормазам для развіцця капіталізму.
Цётка як мастак асэнсавала тое становішча, у якім апынулася краіна напярэдадні рэвалюцыі і ў мастацкіх вобразах давяла неабходнасць вырашэння аграрнага пытання. Уся зямля знаходзіцца ў руках памешчыкаў. Мужыку “вузка”, “цесна”, на яго мізэрным зямельным надзеле – з горыччу заяўляе пісьменніца.
У вершы “Мужыцкая доля”, які быў напісаны Цёткай яшчэ напярэдадні рэвалюцыі паэтэса намаляваля краіну галоднага, жабрацкага жыцця беларускага селяніна, які задыхаецца ад малазямелля:
Цяжка жыць, трудзіцца,
Калі няма долі,
Жыта не радзіцца
На мужыцкім полі.
З капы умалоту
Не болей асміны,
І еш за работу
Чорны хлеб з мякіны.
(№ 3, с.75)
Цётка, паказвала шлях беззямельнаму сялянству, ідучы па якім, яно здабудзе сабе зямлю і волю. Разам з Янкам Купалам і Якубам Коласам паэтэса сцвярджала рэвалюцыю як адзіны шлях да здабыцця зямлі.
У гэтым плане вельмі важным з’яўляецца празаічны твор Цёткі “Прысяга над крывавымі разорамі”.
У ім намалявана праўдзівая карціна з жыцця беларускай вёскі ў пачатку XX стагоддзя, паказаны тыя факты, якія абумовілі сабою актыўны ўдзел сялянства ў рэвалюцыі. Вобраз Мацея, створаны ў гэтым апавяданні, тыповы вобраз беднага беларускага селяніна, які пакутуе ад малазямелля, ад рэшткаў прыгону, ад кулацкай кабалы.
У яго разважаннях гучыць вялікая туга беззямельнага селяніна, які ўсё жыццё працуе на адработках, апрацоўвае палі паноў.
ІДЭЙНАЯ І АСВЕТНІЦКАЯ РОЛЯ
ПУБЛІЦЫСТЫЧНАЙ СПАДЧЫНЫ ЦЁТКІ
Публіцыстычная спадчына Цёткі налічвае шэраг артыкулаў, нарысаў, зваротаў, заклікаў, лістоў да пэўных асоб. Вось некаторыя з іх: артыкулы “Як нам вучыцца”, “Збірайце матэрыялы аб батлейцы”, зварот “Да вясковай молодзі беларускай”, “Шануйце роднае слова”, “Газа”, аб душы маладжёжы”, зварот “Да дзяўчатак”, “Наша народная беларуская песня”, “Пералётныя птушкі”, зварот “Да школьнай моладзі”, “Папараць – кветка”, “Беларуская вечарынка ў Пецярбургу”. Шэраг лістоў да Браніслава Эпімаха – Шыпілы, К.Студзінскага, Браніслава Тарашкевіча.

- Асноўныя ідэі, матывы і вобразы паэзіі Міхася Башлакова
- Асортимент и характеристика блюд из овощей
- Асортимент іграшок
- Асортимент кондиціонерів для підтримання мікроклімату
- Асортимент лакофарбових матеріалів
- Асортимент машин для зберігання харчових продуктів на прикладі ТОВ "Фокстрот"
- Асортимент молочного питания
- А. С. Макаренко о методике педагогического воздействия
- А.С.Макаренко о поощрении и наказании. Современный взгляд на проблему
- А. С. Макаренко про роль колективу в формуванні особистості
- А.Смит – величайший английский ученый – экономист
- А.Смит и Д.Рикардо о земельной ренте
- А. Смит и его экономическое учение
- А. Смит: учение об экономической политике государства и доходах